да 25-годдзя клуба “Спадчына”

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 29 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

57.1%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
22.1%UNITED STATES UNITED STATES
7.3%BELARUS BELARUS
2.8%AUSTRALIA AUSTRALIA
1.8%CHINA CHINA
1.2%KUWAIT KUWAIT
1%FRANCE FRANCE

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

Мінскаму клубу “Спадчына” і надалей так трымаць кірунак! (да 25-годдзя клуба “Спадчына”)


Клуб “Спадчына” – культурна-асветны клуб. Створаны ў сакавіку 1984 года ў Мінску з мэтай прапаганды і папулярызацыі беларускай культуры і гісторыі. Кіраўніцтва ажыццяўляе рада на чале са старшынёй А.Я.Белым. На пасяджэнні запрашаюцца навукоўцы, літаратары, грамадскія дзеячы, абмяркоўваюцца іх навуковыя паведамленні і рэфераты. Члены клуба адзначаюць выдатныя падзеі ў грамадскім і культурным жыцці краіны, праводзяць мастацкія выстаўкі: “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі” (Мінск, Магілёў, 1990, 1991), “Францішак Скарына” (Мінск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), “Максім Багдановіч” (Мінск, 1993), “Уладары старажытнай Беларусі” (Мінск, 1996), “Дзеячы беларускага замежжа” (Мінск, 1994, 1996) і іншыя

 

З часу стварэння пачалася мэтанакіраваная дзейнасць клуба па ўшанаванню спадчыны нашага народа. Яна ажыццяўлялася шляхам узвядзення помнікаў выдатным дзеячам Беларусі. За гады існавання БССР улады дазволілі Міністэрству культуры паставіць толькі 8 помнікаў праслаўленым дзеячам беларускай культуры – Францыску Скарыне, Алаізе Пашкевіч (Цётцы), Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Францішку Багушэвічу, Максіму Багдановічу і Кастусю Каліноўскаму (на яго радзіме ў горадзе Свіслач), што сведчыць аб нежаданні тагачаснага кіраўніцтва спрыяць фарміраванню нацыянальнай свядомасці беларускага народа.

Сябры клуба “Спадчына” паставілі помнікі: Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі (1994, аўтар С.Вакар) і шыльда на будынку, дзе ў 1915 – 1918 гадах дзейнічаў у эвакуацыі Мінскі настаўніцкі інстытут (1995, аўтар А.Шатэрнік), Адама Багдановіча (бацькі паэта) у Халопенічах (1998, аўтар У.Лятун). У Мінску ў дворыку БДУ ўстанавілі 6 помнікаў:  Францыска Скарыны (1988, аўтар С.Адашкевіч), Міколы Гусоўскага (1998, аўтар У.Панцялееў),  “Дыспут. Сымон Буднаы і Васіль Цяпінскі” (2000, аўтар І.Голубеў), Кірылы Тураўскага (1996, аўтар А.Прохараў), Ефрасінні Полацкай (2000, аўтар І.Голубеў). Вялікую дапамогу аказаў рэктар БДУ Аляксандр Казулін.

Дзякуючы намаганням сяброў клуба ўдалося паставіць помнік Ефрасінні Полацкай у Полацку (2000, аўтар І.Голубеў), Ларысе Геніюш у Зэльве (2002, аўтар М.Інькоў); Кірылу Тураўскаму ў дворыку Мінскай праваслаўнай епархіі (1995, аўтар Ю.Платонаў). Найбольш плённай стала дзейнасць па ўстаноўцы помнікаў на сядзібе музея ў горадзе Старыя Дарогі. Старыя Дарогі – радзіма А.Я.Белага. Тут яго бацькоўскі дом, які ён прыстасаваў як памяшканне для музея.   На сённяшні дзень тут знаходзяцца дзесяткі помнікаў дзеячам нашай гісторыі, культуры, змагарам за беларускае нацыянальнае Адраджэнне. Тут упершыню ў гісторыі нашай культуры ствараецца Беларускі нацыянальны Пантэон.  Стварэнне кожнага помніка – вельмі індывідуальная справа, і кожны з іх мае сваю гісторыю. Дарэчы, усе цывілізаваныя народы Еўропы маюць распрацаваную гісторыю сваёй культуры, дзе даецца падрабязнае апісанне таго, кім і як ствараліся тыя ці іншыя помнікі.

Мэтазгодна раскрыць “кухню” стварэння помніка Ларысе Геніюш у Зэльве. А.Я.Белы неаднаразова звяртаўся ў друку з просьбай аказання дапамогі. Адгукнуліся энтузіясты. Ён звярнуўся да беларусаў, якія жывуць за межамі Беларусі. Удалося сабраць 500 долараў. Гэта хапіла толькі на адліўку помніка. Спатрэбілася яшчэ 200 долараў, якія перадала яму дачка Святлана, якая жыве ў ЗША. Камень для пастамента прывёз прадпрымальнік Віталь Каляда (маці яго была сябрам клуба “Спадчына”), калектыў мастакоў Браніслава Скрамблевіча апрацаваў камень. Віталь Каляда адвёз помнік у Зэльву. Яўген Ладуцька і Станіслаў Суднік дапамаглі ўстанавіць яго каля царквы. Трэба адзначыць дабрачынную дзейнасць скульптара Міхаіла Інькова, матэрыяльную дапамогу гісторыка Міхася Чарняўскага.

Грошы на выраб помніка Ф.Скарыне аплаціў рэдактар газеты “Частный детектив” Алесь Усеня, зямляк А.Я.Белага. Транспарціроўку помніка ажыццявіў сябра, які працаваў у адным з міністэрстваў высокім чыноўнікам. На помнік Міколу Гусоўскаму далі грошы прадпрымальнікі.

Эскіз помніка Кастусю Каліноўскаму распрацаваў мастак Анатоль Крывенка. Выразаў скульптуру народны майстар Міхась Небышынец. Транспартам забяспечыў Ігар Курыцын. Міхась Белы і Міхась Небышынец усталёўвалі помнік на 5-метровай вышыні (на франтоне музея). Усё гэта рабілася бясплатна.

Так ствараліся многія помнікі. Дабрачыннасць і ахвярнасць патрыётаў – аснова іх стварэння.

Сябар клуба, мастак Мікола Несцярэўскі стварыў каля 100 медальёнаў, на якіх змешчаны выявы ўладароў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дзеячоў беларускага Адраджэння. Усе гэтыя творы ён перадаў у музей бясплатна. На адліўку ў метале гэтых медальёнаў не пашкадавала грошай Святлана. Камяні для помнікаў расшукалі на тэрыторыі Старадарожскага раёна. Дастаўку іх ажыццявілі дырэктары старадарожскіх прадпрыемстваў і камандзіры вайсковых часцей, што размяшчаюцца ў Старых Дарогах. Устанавілі адлітыя ў метале медальёны на вялікіх камянях мой брат Міхаіл Белы і яго сын Ягор.

Улады горада Маладзечна далі дазвол на ўстаноўку ў цэнтры горада помніка славутаму гісторыку Міколу Ермаловічу. Сябры клуба “Спадчына” ўсталявалі гэты помнік на дабрачыннай аснове.

Мэтазгодна ўспомніць пра адкрыццё помніка Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі. У 1991 годзе А.Я.Белы пачаў збор сродкаў на пабудову помніка. Істотную дапамогу аказала Святлана і беларускі паэт, доктар Анатоль Бярозка з ЗША. Помнік каштаваў на той час 800 рублёў. Ён быў адліты ў чэрвені 1992 года і дастаўлены на сядзібу клуба “Спадчына” ў горадзе Мінску, па вуліцы Адоеўскага, 18. Была думка, што перавозкай помніка ў Яраслаўль зоймецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У канцы красавіка 1994 года А.Я.Белы патэлефанаваў мэру горада Яраслаўля Віктару Валанчуласу, і той сказаў, што Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ужо 6 месяцаў не вязе помнік, а 28 мая 1994 года ў Яраслаўлі будзе праводзіцца свята горада, і яраслаўцы хочуць адкрыць помнік у гэты дзень. Аказалася, што А.Я.Белага ў Міністэрстве культуры абманвалі, калі гаварылі, што ў Яраслаўлі помнік прымаць не жадаюць. А.Я.Белы ведаў, што Мінскі аўтазавод завозіць маторы з Яраслаўля і для гэтага накіроўвае туды свой транспарт, і звярнуўся да Міколы Лавіцкага, які працаваў на той час намеснікам старшыні прафкама МАЗа. Той пагадзіўся дапамагчы. І толькі тады Міністэрства культуры напісала афіцыйную просьбу да кіраўніцтва МАЗа аб дастаўцы помніка. І калі ў Яраслаўль адвозілі забракаваныя рухавікі, адначасова А.Я.Белы завёз і помнік Максіму Багдановічу. Чыноўнікі з Міністэрства культуры Беларусі прыехалі толькі на ўрачыстае адкрыццё.

Пра помнік Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі падрабязна А.Белы пісаў у альманаху “Скрыжалі “Спадчыны”, у часопісе “Полацак”, іншых выданнях.

Клуб “Спадчына” з 1994 года пачаў выдаваць альманахі навуковых, літаратурных і публіцыстычных твораў сваіх сяброў. Першы з іх меў назву “Спадчына “Спадчыны”, другі і ўсе астатнія “Скрыжалі “Спадчыны”. Выйшла пяць нумароў і тры асобныя зборнікі, дзе расказвалася пра падзеі, звязаныя з дзейнасцю клуба “Спадчына”, давалася храналогія дзейнасці клуба, імёны тых, каго Камітэт Ушанавання ўзнагароджваў медалямі, кубкамі, сярэбранымі пярсцёнкамі і ордэнам “Гонар Айчыны”, а гэта звыш 300 чалавек. Цяпер заканчваецца энцыклапедычны даведнік клуба, які называецца “Дыярыуш клуба “Спадчына”.

Клуб “Спадчына” мае свой сайт. Інтэрнэт – гэта вялікая патэнцыяльная сіла. Яе трэба выкарыстоўваць у мэтах вывучэння і прапаганды нашай нацыянальнай культуры, гісторыі, мовы. Менавіта такую задачу сябры клуба паставілі, калі ў 2005 годзе пачалі ствараць свой першы сайт “Спадчына”. У пачатку 2007 года гэты сайт быў уведзены ў Інтэрнэт. У першага сайта хосцінг быў маскоўскі: www.spadchina.narod.ru. Хутка пачалі рабіць новы сайт “Пакутнікі Беларусі”: www.pakutniki.narod.ru. Пасля яго завяршэння пачалася сумесная работа над новым сайтам “Адраджэнцы Беларусі”, дзе былі размешчаны звыш 400 біяграфій выбітных сыноў і дачок Беларусі і пададзены звесткі пра 700 мастацкіх твораў, прысвечаных гэтым дзеячам:  www.adradjency.narod.ru.  Калі ў 2008 годзе гэтая работа была завершана, у А.Я.Белага ўзнікла ідэя стварыць Беларускія вялікія Мінеі-Чэцці (кніга для паўсядзённага чытання), дзе падаваліся б на кожны дзень года біяграфіі і мастацкія партрэты ўсіх знакамітых людзей зямлі Беларускай, пачынаючы з сівой даўніны. У такі своеасаблівы каляндар трапіла звыш 600 прозвішчаў дзеячоў Беларусі. Сябры клуба “Спадчына” актыўна працуюць над гэтай праграмай. Вялікая частка сабранага матэрыялу ўжо змешчана на гэтым сайце, другая знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

Сябры клуба “Спадчына” пачалі распрацоўку сайта “Родная мова” (“Мова – душа народа”): www.rodnamova.narod.ru. Паводле задумак, гэта павінен быць сайт са своеасаблівай электроннай энцыклапедыяй роднай мовы. Яго ўжо можна наведаць: www.rodnamova.spadchyna.org/. Там змешчаны  Катэхізіс навукі аб беларускай мове, больш за 500 вершаў аб роднай мове, да 100 артыкулаў выдатных дзеячаў нашай гісторыі, культуры і літаратуры. Тут прозвішчы і біяграфіі змагароў за родную мову, мастацкія партрэты і шмат іншага. Сябры клуба мараць стварыць на гэтым сайце своеасаблівы форум усіх прыхільнікаў і змагароў за родную мову. Гэта звышзадача,  і сябрам клуба трэба яшчэ шмат працаваць.

Сайты ўжо заўважаны, і іх актыўна наведваюць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Міністэрства культуры не стварыла мажлівасці для рэпрэзентацыі выяўленчага мастацтва Беларусі ў сусветнай электроннай сетцы. Гэтую місію нясе сайт “Спадчына”, які рэпрэзентуе мастацтва нашай краіны.

Здзейснілі сябры клуба шмат, але маглі б зрабіць намнога больш, каб дапамагалі тыя, хто сёння многа гавораць, што ратуюць і дбаюць пра беларускую культуру, беларушчыну, нашу спадчыну. А калі яны былі пры ўладзе, то больш думалі пра сябе.

У Беларусі энтузіяст Анатоль Яфімавіч Белы не адзін. У вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці стварыў літаратурна-краязнаўчы музей Алесь Белакоз. У горадзе Ветка Гомельскай вобласці ў 1987 годзе заснаваны музей народнай творчасці на аснове прыватнай калекцыі Фёдара Шклярова, які стаў першым дырэктарам адкрытага ў 1987 годзе музея. Шмат помнікаў паставіў інжынер-электрык Анатоль Рогач у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Ён разам з архітэктарам Анатолем Капцюгом ушанавалі памяць многіх славутых землякоў. У горадзе Ліда Гродзенскай вобласці некалькі помнікаў зрабіў скульптар Рычард Груша. І ніхто ім грошы з дзяржаўнай казны не даваў.

А.Я.Белы даўно падштурхоўваў улады Старадарожскага раёна да стварэння ў раёне музея. Дзеля гэтага ён падарыў гораду звыш 100 твораў графікі, 17 медальёнаў, помнік Францыску Скарыне, які ўстаноўлены ў Старадарожскай гарадской бібліятэцы (скульптар С.А.Адашкевіч), а тутэйшы народны майстар Ігар Лізура – 50 сваіх твораў. І пасля такой аб’явы кіраўніцтва раёна вырашыла апярэдзіць А.Я.Белага . Кіраўніцтва раёна паехала да сястры мастака Івана Стасевіча (земляка, ужо нябожчыка), дамовілася з ёй аб перадачы твораў І.Стасевіча ў фонд будучага музея, і аддзел культуры пачаў работу па стварэнню музея. Адкрыццё раённага краязнаўчага музея адбылося на тры дні раней  даты, намечанай А.Я.Белым. На ўрачыстасці, прысвечанай яго адкрыццю, старшыня райвыканкама з нейкім асабістым гонарам сказаў А.Беламу: “А мы ўсё ж такі наш музей адкрылі раней за ваш”. А.Я.Белы адказаў: “І слава Богу. Бо каб я вас не падштурхнуў, вы б доўга яшчэ марудзілі з гэтай справай. А цяпер у горадзе будзе два музеі”.

Вялікі ўклад у дзейнасць клуба “Спадчына” ўносяць сябры Л.Акаловіч, І.Антанюк, Р.Барадулін, С.Белая, А.Валахановіч, А.Будзянок, А.Зіменка, М.Карпук, І.Кісялёва, А.Крывенка,  Я.Лаўрэль, М.Лавіцкі, У.Ліпскі, А.Ліс, І.Лойка, С.Лойка, А.Мяльгуй, М.Несцярэўскі, У.Пецюкевіч, А.Пухоўскі,  П.Русаў, М.Савіцкі, А.Саламонаў, Н.Сармант, А.Саскавец, А.Семеняка, А.Цыркуноў і іншыя.

На працягу гэтага часу ад нас пайшлі ў вечнасць вядомыя постаці, адраджэнцы, якія пакінулі значны след у гісторыі і культуры нашай Бацькаўшчыны: А.Аніська, В.Быкаў,    М.Ермаловіч, А.Лісоўская, А.Ляўковіч,  Л.Сокал-Кутылоўскі, Я.Ціхановіч, Я.Юхо.

Трэба адзначыць, што нам, сябрам клуба “Спадчына” дапамагалі і дапамагаюць вядомыя беларускія дзеячы культуры, мастацтва, настаўнікі, урачы, інжынеры, прадпрымальнікі і многія іншыя. Гэта П.Адамовіч, В.Аношка, З.Бандарэнка, А.Л.Белая, М.Белы, Г.Быкоўскі, М.Гаравы, Г.Грушавы, Г.Далідовіч, В.Ермаловіч, Л.Ермаловіч, Г.Запартыка, М.Казлоўскі, Б.Каліноўская,  А.Кобец-Філімонава, А.Крэчка, А.Марачкін, В.Мазынскі, Г.Матусевіч, У.Мелехаў, Р.Мяжуеў, С.Палівода, А.Родчанкаў, П.Садоўскі, С.Сармант, У.Слабодчыкаў, Л.Собаль, А.Фінскі, А.Ходан, В.Целеш, Л.Целеш, М.Чарняўскі, В.Чаропка, М.Шавыркін і многія іншыя.

Ёсць яшчэ адно вельмі важнае звяно ў жыцці і працы А.Я.Белага.  Гэта яго  жонка Ала Мікалаеўна Белая (Сурянінава), з якой ён пазнаёміўся ў далёкім ужо 1965 годзе ў Старых Дарогах.  Ала Мікалаеўна – сябар і дарадца А.Белага па музею, клубу, хатніх справах. Яна, як чалавек творчы, тонка разумее мастацтва не толькі музычнае, але і выяўленчае, і пры неабходнасці можа правесці экскурсію па залах музея. А.Я.Белы лічыць, што з жонкай яму проста пашчасціла, бо, будучы рускай па нацыянальнасці, яна поўнасцю раздзяляе ідэі і памкненні Беларускага Адраджэння, дапамагае іх ажыццявіць і робіць гэта шчыра і самаахвярна.

Вопыт клуба “Спадчына” яскрава сведчыць аб тым, што можна рабіць вялікія справы поўнасцю на дабрачыннай аснове. Дзеля гэтага патрэбна моцнае жаданне, самаахвярнасць, падтрымка аднадумцаў і дапамога сяброў.

Менавіта дзеля гэтага і ствараўся клуб “Спадчына”.

Вось так цесна пераплятаюцца ў адраджэнскім руху справы і сяброў клуба “Спадчына”, і старшыні клуба “Спадчына” А.Белага,  і Старадарожскага мастацкага музея!

 

Анатоль Валахановіч,

пісьменнік, гісторык,

журналіст, краязнавец.

220075     Мінск-75

вул. Сяліцкага, д. 105, кв.  443

тэл. 344-28-81

 

Наш люстрадзён

<<  Лістапада 2019  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
      1  2  3
  4  5  6  7  8  910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

 

 

 

 

Народны каляндар

<<  Лістапада 2019  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
      1  2  3
  4  5  6  7  8  910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Банеры