ГУКАННЕ ВЯСНЫ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 786 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

84.4%UNITED STATES UNITED STATES
7.4%BELARUS BELARUS
1.8%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.1%KUWAIT KUWAIT
0.4%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
ГУКАННЕ ВЯСНЫ

 

ВЯСНЯНКІ

 

114. Добровольский, 4, с. 99. Зап. ад вучаніцы з Магілёўскай губ. Заўв збіральніка.

Благаславі, божа,

На ўзгорачку сесці

Вясну загукаці,

Лецечка адмыкаці,

Зіму замыкаці:

Лецечка цяпленька,

Зіма сцюдзёная,

Лецечка ў каточку,

Зіма ў палазочку.

 

115. Шейн. Материалы, с. 126. Зап. у в. Савы Горацкага п.

 

Благаславі, божа, зіму замыкаці,

Зіму замыкаці, вясну загукаці.

Дай, божа, на жытачка род,

Дай, божа, на жытачка род,

На статачак плод,

Людзям на здароўе.

 

116. Шейн. Материалы, с. 126. Зап. у в. Савы Горацкага п.

 

Благаславі, божа мілы, зіму замыкаці,

Зіму замыкаці, вясну аклікаці.

Зімою ў вазочку, вясною ў чаўночку,

У цёплым леце ў карэце.

Благаславі, божа, зіму замыкаці,

Зіму замыкаці, вясну загукаці.

 

Дай, божа, на жытачка род,

На статачак плод,

Людзям на здароўе.

 

117. Веснавыя песні, с. 94. Зап. К. Кабашнікаў і I. Крук у 1978 г. у в. Струмень Кармянскага р. ад Н. Малчанавай.

 

Благаславіце, старыя дзеды,

Ой, вясну красну пагукаці,

Пагукаці,

Цёплага лета даждаці,

Даждаці.

Цёплае лета на вуліцы,

На вуліцы,

Халодная зіма ў каморачцы,

У каморачцы.

А зірну-гляну на вуліцу,

На вуліцу:

Ці ўсе вулачкі падмецены,

Падмецены,

Ці ўсе дзевачкі павенчаны,

Павенчаны?

Адна й вулачка не мецена,

Не мецена,

Адна дзевачка не венчана,

Не венчана.

 

118. Романов, 1—2, с. 263. Зап. у в. Балотня Рагачоўскага п.

 

Ці пазволіце, старыя людзі,

Нам вясну красну выгукаці,

Сцюдзёную зіму ў каморачку,

А цёплае лета на вулачку.

 

119. Гілевіч, 1974, с. 68. Зап. С. Нікіценка ў в. Купіск Навагрудскага р. ад М. Цырусь, 1904 г. н.

 

Благаславі, божа,

Вясну красну пеці

На ціхае лета,

На буйнае жыта.

Каб наша жыта

У трубы павілося,

У трубы павілося,

Набок схілілося.

На полі снапамі,

А ў гумне тарпамі,

У арудзе прысыпна,

А ў млыне прымолна,

А ў дзяжы падходна,

А ў пячы пячыста,

А на стале краіста.

Сям'і на здароўе,

Панам — безгалоўя!

 

120. Радченко, 1888, с. 1. Зап. у Гомельскім п.

 

Зіма з летам сустракаецца,

Пра здаровейка пытаецца:

— Ой, чалом, чалом, да цёплае лецейка!

— Ой, здарова была, да халодная зімачка!

— Што цябе, лецейка, узвелічаюць,

Мяне, зімачку, праклінаюць?

— Бо ты, зімачка, халодная,

Лугі, балоты памарозіла.

Ой, я, лецечка, да вясёлае,

Лугі, горы ізмачыла,

Лугі, горы ўзвесяліла.

Ой, там хлопчыкі сабіраюцца

Да на мёд, віно складаюцца:

— Ой ты, Іваначка, кладзі больш за ўсіх,

Твая Ганначка лепш за ўсіх.

 

121. Радченко, 1888, с. 1. Зап. у Гомельскім п.

 

Зіма з летам сустракалася,

Пра здаровейка пыталася:

— Ой, здарова, здарова, ты, зімачка!

— Добрае здароўе, ты, лецечка!

Ты нашто ссушыў маю дзяціну? ,

— То не я ссушыў — вясна красна,

Ссушыла вясна да тонкія кросна.

 

122. ЦНБ АН БССР, АРКіР, ф. 123, воп. 1, спр. 472, л. 6. Зап. Я. i А. Логіны ў 1914 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

Вол бушуе, вясну чуе,

Дзеўка плача, замуж хоча.

Не бушуй, воле, наарэшся,

Не плач, дзеўка, нажывешся.

Воран грача, сыра хоча,

Дзеўка плача, сына хоча.

Воран грача, сыра з'еўшы,

Дзеўка плача, сына меўшы.

Воран грача — сыр бяленькі,

Дзеўка плача — сын маленькі.

Воран грача паляцець,

Дзеўка плача — недзе дзець.

 

123. Kuba, с. 245. Благавешчанская.

 

Ты, пчолачка ярая,

Ды вылець за мора,

Ой, ляло, ляло,

Ты вылець за мора.

 

Ты вынесі ключыкі,

Ключыкі залатыя,

Ой, ляло, ляло,

Ключыкі залатыя.

 

Адамкні лецечка,

Лета цёплае,

Ой, ляло, ляло,

Лета цёплае.

 

Замкні зіманьку,

Зіму сцюдзёную,

Ой, ляло, ляло,

Зіму сцюдзёную.

 

124. Наш край, 1927, № 1 (16), с. 24. Зап. Р. Трыбулёў у Ляднянскім р.

 

Благаславі, божа,   2

Вясну заклікаці,     2

Зіму забываці.

Вясна на прыклетку,

Зіма на паветку,

А ўсе птушачкі,       2

Божа мілы, прыляцелі.

Адна засталася       2

Шэрая зязюлечка,

I тая не хочыць       2

Рана кукаваці,

Рана кукаваці,         2

Вясну заклікаці,

Вясну заклікаці,

Зіму забываці.

А ўсе дзевачкі         2

Замуж выйшлі.

Адна засталася,      2

Божа мілы, бедная,

I тая не хочыць       2

Рана ўставаці,

Рана ўставаці,         2

Вясну заклікаці,

Вясну заклікаці,     2

Зіму забываці.

 

125. Подольск. губерн. ведомости, 1895, № 26.

 

Прыйдзі, прыйдзі, вясна,

Прыйдзі, прыйдзі, красна,

К нам у таночак,

Прынясі нам збожжа,

Прынясі нам красак,

Каб нам звіць вяночак.

 

Едзіць вясна, едзіць

На залатым кані,

У зялёным саяні,

На сасе седзячы,

Сыру зямлю аручы,

Правай рукой сеючы,

А смыком скародзячы.

 

Вязець, вязець вясна,

Вязець, вязець красна

Ясныя дзянёчкі,

Частыя дажджочкі,

Зялёныя травы,

Красныя цвяточкі

Нам на вяночкі.

 

126. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 22, сш. 1, л. 11, № 37. Зап. Г. I. Цітовіч у 1948 г. у в. Гайнаўка Кобрынскага р. ад А. Р. Шпендзік, 1904 г. н. Перад Благавешчаннем.

 

— Ой ты, жаваранку, ранняя пташка,

Чаго так рана з выраю вылецеў?

— Мяне пташкі белыя з выраю ганілі:

Ляці, жаваранку, у сваю старонку,

Там табе вадзіцы па самыя крыльцы,

Там табе гарошку па самы дзюбочак,

Там табе травіцы па самы каленцы.

 

127. Гілевіч, 1974, с. 68. Зап. Н. Лабуда ў в. Бакуны Пружанскага р. ад Пстыга.

 

— Жаваранак, рання птушэчка,

Чаго так рана з выр'ю вылятаеш?

А там пры даліне — там ляжаць крыгі,

А там пры дарозе — снягі і марозы.

— А я тыя крыгі крыламі разаб'ю,

А я тыя марозы нагамі растапчу.

 

128. Веснавыя песні, с. 150. Зап. М. Лапо ў 1953 г. у в. Чорнае Дунілавіцкага р.

 

Дабравешчанніко святое,

Пашлі сонейка залатое,

Каб зямелька адышла,

Да вясна да нас прыйшла,

Каб распусціліся ветачкі,

Каб раскраснеліся кветачкі,

Каб лугі зазелянеліся,

Нашы нівачкі адзеліся.

 

129. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 325, л. 14 адв. Зап. В. Навіцкі ў Ціткавіцкай вол. Слуцкага п.

 

— Сё ж вясна, то вясна,

Да што ты нам прынясла?

— Шаўковую траву на вясну,

Буйнае жыта на лета.

Малым дзеткам па яечку,

Старым дзедам па кіёчку,

Маладым малодкам па бёрдзечку.

Дзе малыя дзеткі гуляюць,

Там яечкі качаюць,

Дзе старыя дзеды стаялі,

Там кіямі зямлю скарпалі.

 

130. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 13, сш. 12, л. 13. Зап. у 1966 г. у в. Хадоркі Івацэвіцкага р. ад П. Кульгавеня, 61 г.

 

— Вясна, вясна, што ты нам прынясла?

— Я, вясна красна,вам прынясла

Бохан хлеба, ступу солі.

Старым бабкам на прызбачцы,

Малым дзеткам на вуліцы,

А хлопчыкам па кіёчку,

А дзеўчаткам па вяночку,

Малодачкам па красёнцах.

 

131. Захарава, с. 73. Зап. Р. Кавалёва, Т. Зяневіч у 1970 г. у в. Гаравіца Драгічынскага р. ад У. Шубіч.

 

— Ой, вясна, вясна, што ты прынясла,

што ты й прынясла?

— А я прынясла цёпла лецечка,

ды й цёпла лецечка.

Старым бабачкам пасядзеці,

ды й пасядзеці,

А маладзічкам кросенцы ткаці,

ды й кросенцы ткаці,

А дзевачкам цэўкі сукаці,

ды й цэўкі сукаці.

 

132. Гілевіч, 1974, с. 71. Зап. А. Корбут у Асіповіцкім р. ад X. Музычнай.

 

— Ой, вясна ды й весенка, ды я весенка,

Што ж ты нам прынесла прынеселька?

— Маладым малодкам — па бердзечку, па бердзечку,

А дзевачкам па пранічку, па пранічку,

А малым дзеткам па яечку, па яечку,

А старым дзядкам па кіёчку, па кіёчку,

Маладым мужчынкам па плужочку, па плужочку,

А хлопчыкам па пужачцы, па пужачцы.

Маладым малодкам красёнцы ткаць,

А дзевачкам ды й палотна бяліць,

Старым дзядкам на мураўцы сядзець,

Маладым мужчынкам поле араць,

А хлопчыкам на пастку гнаць.

 

133. Federowski, 5, с. 659—660. Зап. у в. Спадвілы, каля Крынак.

 

— Да вясна красна,

Дзе ты была?

Да што ты нам прынясла?

— Прынясла хлопцам па лясачцы,

А малым дзецям па кружочку,

Малоданькам па чэпчыку,

А дзевачкам па кветачцы.

Каб хлопчыкі ў войска пайшлі,

А малыя дзеткі хутка раслі,

Малоданькі ўбраны былі,

Красны дзеўкі замуж пайшлі.

 

134. Чуркін, 1949, с. 95—96. Зап. на Магілёўшчыне.

 

— Вясна красна,

Што ж ты нам прынясла?

— З пунькі сянцо

Вынесла, вынесла,

З току саломку

Вытрасла, вытрасла,

З клеці зярно '

Вымела, вымела...

135. АІМЭФ, ф. 20, воп. 72, с. 26. Зап. С. Пятровіч у 1972 г. у в. Касенічы Крупскага р. ад М. Пульнач, 1912 г. н.

 

Вясна красна к нам у госці прыйшла, [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

У гумне сена ўсё й павынесла,

У клеці жыта ўсё й павыпарала,

Красных дзевак замуж выдала,

Малойчыкаў усіх пажаніла.

 

136. Моszyński, с. 296—297. Зап. на Мазыршчыне.

 

— Ой, вясна красна!

Да што ж ты нам прынясла?

— Ой, прынясла, прынясла,

Тры карысці ў радасці:

Першая карысць бортнічкам,

А другая й аратаму,           2

А трэцяя пастушкам.

Дзе бортнічкі барцілі,

Там трэсачкі ляжалі,

А дзе аратаі аралі,

Там сошачкі ляжалі,

А дзе пастушкі паслі,

Там пужачкі ляжалі.

Як стукне бортнічак у бару:

«Да садзі ж, божа, пчолачкі

Да новага лецечка!»

Як ксохне ратай у полі:

«Зарадзі, божа, жыцечка

Да на новае лецечка!»

Як гукне пастушок у бору:

«Спасі, божа, худобку

Да на новае лецечка!»

 

137. Сербаў // Гоман, 1918, № 88. Зап. у в. Дамановічы Мазырскага п.

 

— Ты, вясна, ты, красна,

Да што ж ты нам вынесла?

— Прынесла тры карысці-радасці:

Першая карысць — бортнічак,

Другая карысць — пастушок,

Трэцяя карысць — ратайка.

Бортнічак стукне: «Садзі, божа!»

Пастушок гукне: «Пась, божа!”

Ратай сокне: «Радзі, божа!»

Кароўка йдзе, рыкае,

Пастушок ідзе, гукае:

«Сюды, кароўка, кароўка,

Тут зялёная муроўка”.

 

138. ЦНБ АН БССР, АРКіР, ф. 23, воп. 1, спр. 472, л. 6. Зап. Я. і А. Логіны ў 1914 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

На вясну пакрасло,

А зіму панясло,

Гэй, да зіму панясло!

Да гарэшкі цвітуць,

Салавейкі пяюць.

Ой, пайду я, малада,

Да гарэшкі шчыпаць,

Салавейку слухаць.

Да гарэшкі ў карабец,

Лушпавінкі ў рукавец.

Да гарэшкі войчаньку,

Лушпавінкі свякратку.

Войчанька есць будзе —

Спамінаць будзе,

А свякратка есці будзе —

Праклінаці будзе:

— Каб табе, нявехно,

Тры смерці было:

Адна смерць нажавая,

А другая вадзяная,

А трэцяя каменная.

 

139. Шырма, 3, с. 25. Зап. у 1929 г. у в. Шакуны Пружанскага п.

 

Рынулі рэкі, рынулі

Аж да Ганначкі пад сені.

Там збіраліся малойцы,

Складалі грошы на танцы.

Адзін маладзец найбольш клаў,

Сабе дзяўчыну намаўляў:

— Ідзі, дзеванька, за мяне,

Будзеш маёю жаною,

Будзеш маёю жаною,

Маёй маценькі слугою,

Будзеш маценькі служачка,

Мне, маладому, жоначка.

 

140. Веснавыя песні, с. 149. Зап. А. Гурскі ў 1964 г. у в. Пасад Сенненскага р. ад М. Круцік, 1916 г. н., Г. Аўфяронак, 1910 г. н.

 

Ай, вясна-вясна, вясна севярыстая,

Баюся цябе: ссеверыш мяне.

Ой, лета-лета, лета жаркае,

Баюся цябе: дапячэш мяне.

Ой, зіма-зіма, зіма лютая,

Баюся цябе: змарозіш мяне.

 

141. Гілевіч, 1974, с. 70. Зап. Т. Краўчанка ў в. Сяўкі Лоеўскага р. ад Макрэны Краўчанка, 64 г.

 

Вясна красна, вясна красна наступае,

Вадой лугі, вадой лугі залівае,

Што не прайсці, што не прайсці, не праехаць,

Свайго роду, свайго роду не праведаць.

Ой, вясною, ой, вясною — за вадою,

А ў лецечку, а ў лецечку — за жнівамі,

А зімою, а зімою — за снягамі.

— Дзіця ж маё, дзіця ж маё маладое,

Ты вясною, ты вясною — на чаўночку,

Ты ў лецечку, ты ў лецечку — у нядзелечку,

А зімою, а зімою — ў палазочку

Такі ж роду, такі ж роду пераведай.

 

142. Гілевіч, 1974, с. 76. Зап. М. Кумейша ў Нясвіжскім р.

 

Была ў маткі,

Была ў маткі адна дачка.

Адсюль, адтуль,

Адсюль, адтуль сваты слалі.

Матка дачкі.

Матка дачкі не давала.

Сабе служку,

Сабе служку гадавала.

Прыйшла й вясна,

Прыйшла й вясна — дачку ўзяла.

Гарэлачкі,

Гарэлачкі не насіла.

Дачкі ў маткі,

Дачкі ў маткі не прасіла.

— Дзіця ж маё маладое,

Дзе мне дары,

Дзе мне дары падзяваці?

Ці мне дубы,

Ці мне дубы абвязаці?

Што й дубочак,

Што й дубочак — то й сваточак.

Што й бярозка,

Што й бярозка — то й сватачка.

Што грушачка,

Што грушачка — той й дружачка.

 

143. Веснавыя песні, с. 148—149. Зап. К. Кабашнікаў у 1978 г. у в. Кляпіна Кармянскага р.

 

А вясна, вясна, вясеначка,

Вясеначка,

Развесяліла ўсе вулачкі,

Усе вулачкі.

Да ўсе вулачкі-праталачкі,

Праталачкі.

Да дзе хлопчыкі збіраліся,

Збіраліся,

На мёд-гарэлку складаліся,

Складаліся.

— Кладзі, дзяцінка, болей за ўсіх,

Болей за ўсіх,

Твая дзевачка луччы за ўсіх,

Луччы за ўсіх:

Яна беленька, румяненька,

Румяненька,

На работачку слухмяненька,

Слухмяненька.

Яна свёкарку паслухае,

Паслухае,

Возьме вядзерца пастукае.

 

144. Сербаў // Гоман, 1918, № 88. Зап. у м. Кульшычы Быхаўскага р.

 

Ой, вясна мая вясёлая,

Развесяліла ўсе горачкі,

Усе горачкі, усе горачкі-даліначкі,

Даліначкі, дзе парабачкі збіраліся,

Збіраліся, на мёд-гарэлачку складаліся,

Складаліся, аб помсце пану змаўляліся.

 

145. Веснавыя песні, с. 139. Зап. П. Альхімовіч у 1973 г. у в. Папоўшчына Кіраўскага р. ад Н. Скуднай, 1891 г. н.

 

— Вясна ж мая, вясеначка,

Дзе твая дачка-паненачка?

— Мая й дачка ў садочку

Шые сарочку ілляную

Свайму міламу, каханаму,

Шые сарочку пласконную

Свайму мілому бяздольнаму.

 

146. Веснавыя песні, с. 144. Зап. у в. Асмолічы Рагачоўскага р.

 

— Ой, вясна, вясна, вясеначка,

Дзе твая дачка-паненачка?

Паненачка.

— Пагнала бычкоў у ліпачкі,

У ліпачкі,

За ёю хлопцы ў скрыпачкі,

У скрыпачкі,

А Васілёчкі ў галасочкі,

Ў галасочкі,

А Іванчыкі ў барабанчыкі.

 

147. Чуркін, 1949, с. 95. Зап. у Дзісенскім п.

 

Дзякуй богу,

Што вясна прыйшла.

 

Я, малада,

Каля жыта пайшла.

 

— Расці, жыта,

Караністае,

 

Караністае,

Пушыстае,

 

Каб у трубы

Пакачалася,

 

Каб я, малада,

Нажалася

 

I снапочкаў

Нанасілася.

 

148. Сербов. Белорусы-сакуны, с. 134 — 135. Зап. у в. Жыцень Бабруйскага п. ад Пелагеі Жыцінка.

 

Ой, прыйшла вясна красна,

Чужыя малодкі ткуць кросна.

А я, маладзенькая, не прала,

Пад лёд кудзелькі пускала.

— Плывіце, кудзелькі, валакном,

Ка мне, маладзенькай, палатном!

Да ўсе дзевачкі смяюцца,

Як тыя кудзелькі прадуцца.

Да ўсе людзечкі дзівяцца,

Чые то кудзелькі беляцца.

Да гэта ж тае гультайкі,

Да што стаяла ля пелькі.

 

149. Косич, № 3—4, с. 11.

 

Стаптана трава зеляная,

Хто ж тую траву стаптаў?

Стаптаў траву дзяціначка,

Стаптаў траву маладзенькі.

Й ён да дзевачкі хадзіў,

Перапёлачак лавіў,

Не ўлавіў карасьцелькі,

А ўлавіў дзяўчоначку

Да й за правую ручачку,

За залаты персцянёчак,

За шаўковы паясочак.

 

150. Киркор. Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Этнограф. сб., 1858, вып. 3, с. 92.

 

Зязуля куе, лецечка чуе,

Ой, рана-рана, лецечка чуе.

Марыся плача, замуж не хоча,

Ой, рана-рана, замуж не хоча.

Яе матанька цешыць, не ўцешыць:

— Не плач, дзіцятка, маё радненька,

Ой, рана-рана, маё радненька,

Не аддам я цябе далёка ад сябе.

Ой, рана-рана, далёка ад сябе.

Аддам блізенька, праз поле вузенька,

Ой, рана-рана, праз поле вузенька,

Будзеш хадзіці што дзянёк да мяне,

Ой, рана-рана, што дзянёк да мяне.

Будзеш часаці русу косу ў мяне,

Ой, рана-рана, русу косу ў мяне.

 

151. Гілевіч, 1974, с. 78. Зап. Н. Рытус у в. Стайкі Ушацкага р. ад Ганны Качан, 62 г.

 

Сярод Дуная дзевачка сядзіць,

Дзевачка сядзіць, красачкі рве,

Красачкі рве, вяночкі ўе.

Адзін савіла — на бярозу ўшчапіла,

Другі савіла — на галовачку,

Трэці савіла — у Дунай пусціла.

А там жа ехаў удалы маладзец,

Удалы маладзец жаніцца.

Прывязаў каня к белай бярозе,

К белай бярозе, к бітай дарозе.

— Удалы маладзец, падай мне на вянец.

Удалы маладзец палез па вянец.

Ступіў жа раз — па пояс увяз,

А другі ступіў — і сам паплыў.

— Бяжы ж ты, кося, бітай дарогай,

К таму сялу, к татульку майму.

Выйдзе з хаты родная маці,

Цябе рассядлае і спытае:

«Скажы, канёк, што мойсынок?»

Не кажы, кося, што я ўтапіўся,

А кажы, кося, што я жаніўся:

Мае дружкі — круты беражкі,

Мая сваціца — рыба-плаціца.

Мая жонка — глыбока вада —

Маёй матульцы да веку бяда.

152. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 54, сш. 1, л. 11 — 12. Зап. С. Асташэвіч у 1972 г. у в. Лакісава Верхнядзвінскага р. ад Фёклы Снапок. Вясенняя.

 

— Ой, бору мой, бору мой, [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

Чаму, бору, не вясёл?

— Як я маю вясёл быць,

Калі ў мяне пташак нет.

Адна й была зязюля,

Тую арлы задралі.

Арлам яна й на мяса,

А й сокалу на пер'я.

— Ай, двору мой, двору мой,

Чаму, двору, не мяцён?

— Як я маю мяцён быць,

Калі ў мяне дзевак нет.

Адна была Танечка,

Тую сваты забралі.

Сватам яна на гульню,

А Мішачку на ўвесь век.

 

153. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 50, сш. 2, л. 9—10. Зап. М. Я. Грынблат у в. Шатрова Верхнядзвінскага р. ад Паліны Тварановіч, 74 г., Аўгінні Бужынскай, 78 г., Пелагеі Гейшын, 75 г., Ксеніі Бужынскай, 56 г.

 

Маладзіца маладая [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

Ў поле гусей праганяла,

Яна к гусям прамаўляла:

— Гусі мае вы шэрыя,

Прывыкайце к майму полю,

К майму полю шырокаму,

К майму полю далёкаму,

К майму ніўю шырокаму,

Як я, млода, прывыкала

I к свёкарку, і к свякроўцы,

I к дзеверу, і к залоўцы.

 

Народны каляндар

<<  Ліпеня 2017  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
     
20