КАЛЯДКІ І ШЧАДРОЎКІ, ПЕСНІ КАЛЯДНЫХ ІГРЫШЧАЎ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 533 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.6%CHINA CHINA
5.4%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5.1%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
КАЛЯДКІ І ШЧАДРОЎКІ, ПЕСНІ КАЛЯДНЫХ ІГРЫШЧАЎ

 

Крыніца:  http://starbel.narod.ru/15mf.htm

 

1. Гілевіч, 1974, с. 16. Зап. М. Драніца ў в. Навахросты Крупскага р.

 

А Калядачкі, а хадзіце к нам,

Ой, рана, рана, а хадзіце к нам.

А хадзіце к нам, а мы рады вам,

Ой, рана. рана, а мы рады вам.

Нашы праснічкі паламаліся,

Ой, рана, рана, паламаліся.

Верацёначкі пагубляліся,

Ой, рана, рана, пагубляліся.

Нашы пальчыкі паспрадаліся,

Ой, рана, рана, паспрадаліся.

I пярсцёначкі пасціраліся,

Ой, рана, рана, пасціраліся.

Каб вас, Калядак, нядзель дзесятак,

Ой. рана, рана, нядзель дзесятак.

Мы бы, дзевачкі, нагуляліся,

Ой, рана, рана, нагуляліся.

I Калядак наўспаміналіся,

Ой, рана, рана, наўспаміналіся.

 

2. Гілевіч, 1974, с. 13. Зап. Л. Субач у в. Асіпавічы Вілейскага р. ад Н. Субач, 76 г., і Т. Субач, 80 г.

 

Прыехала Каляда на белым кані,

Яе конічак — ясен месячык,

Яе дружачка — ясна зорачка,

Яе пужачка — ясна звёздачка,

Яе вазочак — з тоўстага лядку,

Яе кажушок — з белага сняжку.

 

3. Гілевіч, 1974, с. 13. Зап. Г. Смольская ў в. Падгорцы Капыльскага р. ад Гэлі Бернік, 1905 г. н.

 

Прыехала Каляда ў вазочку

Да на сівенькім канёчку.

Прыехала Каляда ўвечары,

Прывезла дудак рэшата.

Паставіла дудкі на стаўпе,

А сама села на куце.

Зайграйце, дудкі, тоненька,

Скачыце, дзяўчаткі, хорашанька.

А вы, хлопчыкі, пазірайце,

Сабе дзевачак выбірайце.

 

4. Гілевіч, 1974, с. 14. Зап. Р. Адзінец у в. Жорнаўка Асіповіцкага р. ад Надзеі Адзінец, 63 г.

 

Прыехала Каляда ўвечара

Да прынесла дудак рэшата.

Паставіла дудкі на стаўпе,

А сама да й села на куце.

Скінуліся дудкі з стоўпа далоў,

Круціцеся, хлопцы, к чорту дамоў.

А вы, дзевачкі, гуляйце,

Залаты персцень пускайце.

Як найдзеце — аддасцё.

— Будзе мяне маці біць, караць

Да на вуліцу не пушчаць.

 

5. Гілевіч, 1974, с. 14. Зап. у в. Верхмень Смалявіцкага р. ад Антаніны Пяршай.

 

Прыйшлі Калядкі ўвечары, ўвечары,

Прынеслі кілбаскі ў рэшаце, ў рэшаце.

Паставілі рэшата на стаўпе, на стаўпе,

Самі селі за сталом на куце, на куце.

А вы, музыкі, іграйце, іграйце,

А вы, дзеванькі, гуляйце, гуляйце.

А вы, кілбаскі, з стоўпа далоў, з стоўпа далоў.

А вы, дзеванькі, к чорту дамоў, к чорту дамоў.

А ты, красуня, астанься, астанься

I са мною звянчайся, звянчайся.

 

6. Бессонов, с. 71. Зап. у Смаленскай губ.

 

Ехала Каляда з Полацка

У маляваненькім вазочку,

На вараненькім канёчку,

Заехала к Васілю на двор.

— Васіль, падары Каляду!

— Ці пшаніцай? — Не хачу,

Хачу вечнага падарка — дзевачкі!

 

7. Гілевіч, 1974, с. 13. Зап. В. Пшыркова ў в. Дражакі Гарадоцкага р. ад Фёклы Івановай, 72 г.

 

Як пайшла Каляда

Упярод Ражаства,

Каляда, Каляда!* [*Паўтараецца пасля кожнага двухрадкоўя.]

Прынесла ж Каляда

Рэшата бліноў,

Рэшата бліноў,

Берасцень мёду.

Дзеткі блінамі

У мёд макалі,

У мёд макалі,

Каляду ўспаміналі.

 

8. Романов, 8, с. 128. Зап. у Быхаўскім п.

 

А Калядачкі,

Бліны-ладачкі!

А Калядачкі,

Нашы нежачкі,

Паўбівалі вы

Чорны сцежачкі.

Адна сцежачка

Пайшла ў гарод,

А другая —

У чыстае поле,

А трэцяя —

К быстрай рэчцы.

Што ў гарод пайшла —

То наесціся,

У чыстае поле —

Нагуляціся,

К быстрай рэчцы —

То напіціся.

 

9. РФВ, т. 13, № 1—2, с. 266. Зап. Я. Ф. Карскі ў в. Бярозаўка Навагрудскага п. Мінскай губ.

 

За сяньмі, сяньмі там за новымі,

Шчодры вечар, добры вечар!* [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Стаіць святліца нова зрублёна.

У той святліцы чатыры акенцы:

У першым акенцы — да яснае сонца,

У другім акенцы — да ясны месяц,

У трэцім акенцы — да дробныя звёзды,

У чацвёртым акенцы — да цёмная хмарка.

Яснае сонца — то жонка яго,

Ясны месяц — то сам гаспадар,

Што дробныя звёзды — то дзеткі яго,

Што цёмная хмарка — то жыта яго,

А з карэньчыка — караністае,

А з саломінкі — сцяблістае,

А з каласочка — каласістае.

А дай жа, божа, пану гаспадару,

Ой, жыці-быці, піва варыці,

Піва варыці — сыны жаніці,

Гарэлку гнаці — дочкі замуж даваці.

Шчодры вечар, добры вечар!

 

10. АІМЭФ, ф. 8, воп. 75, спр. 94, сш. 2, л. 23. Зап. А. Ляшкевіч і I. Мурашка у 1975 г. у в. Прусы Старадарожскага р.

 

Добры вечар таму, хто ў етым даму.

Добры вечар добрым людзям!

А ў етым даму сам пан гаспадар,

Шчодры вечар добрым людзям!

Сам пан гаспадар да й на покуце,

Шчодры вечар добрым людзям!

Да й на покуце ўвесь у золаце,

Шчодры вечар добрым людзям!

Ой, каля яго да й жана яго,

Шчодры вечар добрым людзям!

Ой, каля яе дзетачкі яе,

Шчодры вечар добрым людзям!

 

11. АІМЭФ, ф.8, воп. 1, спр. 99а, сш. 1, л. 43-44. Зап. Г. А. Барташэвіч у 1965 г. у в. Бокшыцы Слуцкага р. ад Марыі Шэлег, 1910 г. н.

 

Ой, у ляску, у ляску

На жоўтым пяску.

Святы вечар, святое Васілле!* [Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.]

 

Пчолкі гудуць,

Цэркаў будуюць.

 

Да збудавалі

З трыма вярхамі,

 

З трыма вярхамі,

З трыма акнамі.

 

У першым акенцы —

Ясен месячык,

 

У другім акенцы —

Ясна сонейка,

 

У трэцім акенцы —

Ясныя зорачкі.

 

Ясен месячык —

То гаспадарчык,

 

Ясна сонейка —

То гаспадынька,

 

Ясныя зорачкі —

То іх дзетачкі.

 

12. Шырма, 3, с. 258. Зап. у в. Задубенне Вілейскага п. ад вясковых жанчын.

 

Ці дома, дома

Сам пан гаспадар?

Добры вечар,

Сам пан гаспадар.

 

Ой, калі дома,

Выйдзі паслухай.

Добры вечар,

Выйдзі паслухай.

 

Выйдзі паслухай,

Што ў бары гудзе.

Добры вечар,

Што ў бары гудзе.

 

Што ў бары гудзе –

Пчолка-матка йдзе.

Добры вечар,

Пчолка-матка йдзе.

 

Пчолка-матка йдзе

I райкі вядзе.

Добры вечар,

I райкі вядзе.

 

Семяністыя

I мядзістыя.

Добры вечар,

І мядзістыя.

 

13. Moszyński, с. 311. Зап. у вв. Галубічы, Дарашэвічы Мазырскага п.

 

Чы дома ж, дома ж сам пан гаспадар?

Ой, калі не дома, адзенеш шубку,

Адзенеш шубку і выйдзі на вулку,

Паслухай таго, што ж у хмары гудзе,

У хмары гудзе — сам гаспод ідзе,

Гаспод ідзе і роенкі вядзе.

Роенкі вядзе, рэдка саджае. —

Сядзіце ж, пчолкі, усе ж у навічэнькі,

А я, старая, у старычэнькі,

Насіце ж, пчолкі, салодкі мядок,

А я ж, старая,— жоўты ашчэчак —

Сыту сыціці, сынкі жаніці,

Свечкі ж сукаці, дочкі даваці.

 

14. Зімовыя песні, с. 177—178. Зап. З. Я. Мажэйка ў 1970 г. у в. Клятная Пінскага р. ад М. П. Русак, 66 г., В. I. Вакульчык, 48 г., і Л. П. Сліж, 38 г.

 

Хадзілі-блудзілі

Семсот малайцоў.

Святы вечар! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.]

 

Семсот малайцоў

Да й каляднічкаў.

 

Прыблудзіліся

К новаму двару,

 

К новаму двару,

К пану Івану.

 

— Ой, пазволь, пане,

Поле змераці.

 

Поле змераці,

Стада згоняці.

 

Поле змераці —

На шыр шырокі.

 

Стада згоняці —

На глыб глыбокі.

 

Мы ж твайго двара

Не мінаема.

 

З святым Раждзяством

Велічаема.

 

У тваёй хаце

Усе сталы стаяць.

 

Усе сталы стаяць

Пазасціланы.

 

А кубкі стаяць

Паналіваны.

 

15. Можейко, 1983, с. 38. Зап. у 1968 г. у в. Краснае Возера Салігорскага р. ад А. Мацюкевіч, 1911 г. н.

 

Ці дома, дома сам пан гаспадар?

Святы вечар, святы Васілеў!

Ой, калі ж ты спіш — гасподзь з табою,

А калі не спіш — гавары са мною,

А не са мною — з сваей жаною,

А не з жаною — з сваімі дзеткамі,

А не з дзеткамі—то з суседкамі,

Не з суседкамі — з добрымі людзьмі,

З добрымі людзьмі, што к табе прыйшлі,

Што к табе прыйшлі, радасць прыняслі,

Да трое гасцей, трое радасцей:

Ой, первы госцік — яснае сонца,

А другі госцік — свецел месячык,

А трэці госцік — дробненькі дожджык.

Усхвалялася яснае сонца:

— Ой, як я ўзыду у нядзельку рана,

То ўзрадуецца ўвесь мір хрышчоны,

Увесь мір хрышчоны да й нараджоны.

Ой, усхваляўся свецел месячык:

— Ой, як я ўзыду ўночы-паўночы,

То зрадуецца шчука у моры,

Шчука у моры, а звер у полі,

А звер у полі, купец у дарозе.

Ой, усхваляўся дробненькі дожджык:

— Ой, як я пайду тройкай у маю,

То зрадуецца жыта-пшаніца,

Жыта-пшаніца, ўсяка пашніца.

 

16. Потебня, с. 137. Зап. А. Ф. Садоўскі.

 

Пане гаспадару, ці спіш, ці ляжыш,

Ці спіш, ці ляжыш, ці нас чуеш?

Адчыні акно, паглядзі ў гумно,

Што ў тваім гумне сам бог ходзіць,

Сцірты лічыць і цябе клічыць,

Цябе клічыць, дар табе даць:

Табе самому — сто коп жыта,

А жане тваей — шубу да долу,

Сыночкам тваім — да па коніку,

Да па коніку, да па вараненькім,

Дачушкам тваім — да па вяночку,

Да па вяночку па руцьвяненькім.

Пане гаспадару, не кажы таміць,

Не кажы таміць, проша нас дарыць!

Проша нас дарыць, наш дар невялік:

Коўш гароху, рэшата бобу,

Асьміну аўса, наверх каўбаса,

Калі другую, то падзінькую.

Пане гаспадару!

Аддаўшы нам дар, сам жыві здароў

З дзеткамі, з жаной і з усёй сям'ёй.

 

17. АГТ, р. 20, воп. 1, клц. 21, л. 34—35. Зап. у Пінскім п.

Рагатык, плашэнькі, сошнечкі, палычкі, падпалычкі, падвоічкі – часткі палескай валовай сахі.

Шталёвыя — стальныя.

Ярэмчык, кульбачкі, занозікі, ражочкі, асценчык, сушанькі – валовае ярмо і яго часткі.

 

У нашага пана,

Пана гаспадара,

Пасярод двора

Стаіць абора

Нова зрублена,

Не дарублена.

А ў той аборы

Да стаяць волы

Сівы, паловы.

 

— Стань, пане,

Пане гаспадару,

Стань, не лянуйся,

Стань, абуйся.

Пайдзі да клеці,

Вазьмі амеці,

Там у куточку

Перагні бочку.

Вазьмі ў карабочку

Да кармі ж волы

Сівы, паловы,

Залатыя волы,

Залатыя рогі.

Яго рагатык

Да ялованькі.

Яго плашанькі

Да берастовыя.

Яго сошнечкі

Да шталёвыя.

Яго палічкі

Да яловыя.

Яго падпалічкі

Да грушовыя.

Яго падвоікі

Да шаўковыя.

Яго кручочкі

Да штабовыя.

Яго ярэмчык

Буковенькі.

Яго кульбачкі,

Да дубовыя.

Яго занозікі

Да лазовыя.

Яго ражочкі

Да месанзовыя.

Яго павадочкі

Да шаўковыя.

Яго асценчык

Да чарамховы.

Яго сошанькі

З шчырага золата.

Як едзе ў поле,

Бярэ яхота.

— Судзі ж, божа,

Вясны даждаці,

Да паедземо

У поле гараці.

Да пагарэма

Горы, даліны,

Да павалачэньма

Варанымі коньмі.

Да пасеялі

Гарным насеннем

Жыта, ярыны

I ўсякай пшаніны.

Дай жа ж, божа,

Шчоб горы гараў

Да грошы набраў.

Што на гарэ —

То на вяселлі,

А што ў даліны —

То на радзіны.

Сцялі, божа, валы,

Шчоб хлеба далі.

 

Паздароў, божа,

Гаспадара і гаспадыню,

Шчоб валы даглядалі

I гаравалі.

 

18. Булгаковский, с. 45 — 46. Зап. у Пінскім п.

 

Ластаванька чарненькая

К акенечку прыпадае,

Гаспадара пабуджае.

 

Шчодры вечар, добры вечар!

Дай жа, божа,

Усім людзям на здароўе! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.]

 

— Устань, пане гаспадару,

Вазьмі сабе ліхтараньку,

Пайдзі сабе ў стаеньку.

 

У стаеньцы параданька,

Усе кабылкі пажарабіліся,

Усе конічкі парадзіліся.

 

Ластаванька чарненькая

К акенечку прыпадае,

Гаспадара пабуджае.

 

— Устань, пане гаспадару,

Вазьмі сабе ліхтараньку,

Пайдзі сабе ў абораньку.

 

У абораньцы да параданька,

Усе кароўкі пацяліліся,

Усе бычочкі парадзіліся.

 

Ластаванька чарненькая

К акенечку прыпадае,

Гаспадыньку пабуджае.

 

— Устань, пані гаспадынька,

Вазьмі сабе ліхтараньку,

Пайдзі сабе ў аўчараньку.

 

У аўчараньцы да параданька,

Усе авечкі пакаціліся,

Усё баранчыкі радзіліся.

 

Гаспадынька, годзі спаці,

Ідзі куціцы накладаці.

Гаспадынька скрута хадзіла

Да й ключы пагубіла.

Ой, там ключы на скрыні,

Там для нас ляжаць штыры сыры.

 

19. Булгаковский, с. 30—32. Зап. у Пінскім п.

 

— Ой, чые ж то пастушкі

Раненька волы пасвілі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Раненька волы пасвілі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то волы

Раненька ў полі буялі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Раненька волы буялі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то пастушкі

Гусі папасалі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Гусі папасалі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то пастушкі

Свінні папасалі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Свінні папасалі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то пастушкі

Авечкі папасалі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Авечкі папасалі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то наймічкі

Лэшкі асыпалі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Лэшкі асыпалі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то касарыкі

Рана сена касілі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Рана сена касілі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то грабільнічкі

Рана сена грабілі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Рана сена грабілі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то насільнічкі

Рана копіцы насілі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Рана копіцы насілі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то стажэльнічкі

Рана сена стажылі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Рана сена стажылі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то жэнчыкі

Рана жыта жалі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Рана жыта жалі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то вязальнічкі

Росна жыта вязалі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Рана жыта вязалі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то кладзільнічкі

Жыта ў копы клалі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Жыта ў копы клалі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

- Ой, чые ж то савачэнькі

Раненька жыта сеялі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Раненька жыта сеялі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то вазільнічкі

Рана жыта вазілі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Рана жыта вазілі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

— Ой, чые ж то малацільнічкі

Рана ў клуні жыта малацілі,

За пана бога прахалі?

— Нашага пана, пана гаспадара,

Рана ў клуні малацілі,

За пана бога прахалі:

Дай яму, божа, дай

Шчасце у полі,

Здароўя у дому,

Дай яму, дай.

 

А за тым словам

Да бувай здароў.

Дай, божа, шчоб гаспадар

Пражыў доўга на свеце

Да замышляў сваімі

Вернымі слугамі.

 

20. Романов, 8, с. 113 - 114. Зап. у м. Жлобін Рагачоўскага п.

 

Ходзіць, паходзіць

Месяц па небу.

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.]

 

Кліча, пакліча

Зоры з сабою.

 

— Ох вы, зорачкі,

Сястрыцы мае.

 

А хадзем жа мы

Пана шукаці.

 

Пана шукаці,

Пана Восіпа.

 

Сядзіць пан Восіп

За сваім сталом.

 

За сваім сталом,

У новых будынках.

 

За сталом сядзіць,

Тры кубкі дзяржыць.

 

У першым кубку —

Зеляно віно.

 

У другім кубку —

Кудрава піва.

 

У трэцім кубку —

Саладок мядок.

 

Зеляно віно —

Ля самога яго. [Верагодна, трэба: “для самога яго” – А.Л.]

 

Кудрава піва —

То дзеткам яго.

 

Саладок мядок –

То жане яго.

 

21. Зімовыя песні, с. 221—222. Зап. З. Я. Мажэйка ў 1967 г. у в. Тонеж Лельчыцкага р. ад Ефрасінні Ярмоліч, 59 г.

Валы паруе — падзяляе на пары для работы.

Коні стайлуе — расстаўляе па стайнях.

Стажкі шаруе — накідае ў вялікія стагі.

 

Пане гаспадар, бог цябе заве,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка. ]

 

Бог цябе заве, дар табе дае,

Дар табе дае, валы паруе,

Паруе валы усё палавыя,

Усё палавыя, усё вараныя.

 

Пане гаспадар, бог цябе заве,

Бог цябе заве, дар табе дае,

Дар табе дае, коні стайлуе,

Стайлуе коні на тры стайненькі,

А вараныя ды й на чатыры.

 

Пане гаспадар, бог цябе заве,

Бог цябе заве, дар табе дае,

Дар табе дае, стажкі шаруе,

Шаруе стажкі у тры шарачкі,

А пшанічныя да й у чатыры.

 

Пане гаспадар, бог цябе заве,

Бог цябе заве, дар табе дае,

Дар табе дае, сям'ю роўнюю,

Сям'ю роўнюю, ўсё маладую,

Ўсё маладую, ўсё пакорную.

 

22. Васильева // Минск. губерн. ведомости, 1878, № 5, с. 74—75. Зап. у Мазырскім п.

 

У нашага пана двор гараджоны,

[Двор гараджоны], явар саджоны.

 

На тым явары сіў сокал сядзіць,

На мора глядзіць, ён дзіва бачыць.

 

Ен дзіва бачыць: караблі плывуць,

На тых караблях па сто малайцоў.

 

Тыя ж малайцы дорага плацяць,

Дорага плацяць, па сто чырванцоў.

 

[Па сто чырванцоў], па яснай ветцы,

Па яснай ветцы, па краснай дзеўцы.

 

— Купім жа, братцы, залаты чоўнік,

Залаты чоўнік, срэбна весельца.

 

Спусцімся, братцы, да таго пана Івана,

Дай яму, божа, шчасця, здароўя ў яго даму.

 

23. Эвальд, 1979, с. 46. Зап. у 1934 г. у с. Тонеж Тураўскага р.

 

Ой, па-над морам. па-над глыбокім,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

 

Там стаяў явар тонкі, высокі.

На тым явары саколік сядзіць,

Саколік сядзіць, у мора глядзіць,

У мора глядзіць, з рыбай гаворыць:

— Ой, рыба, рыба, як ты глыбока,

Як ты глыбока, а я высока.

Табою, рыбай, гасцей вітаці,

А маім пяром лісты пісаці.

 

24. Шейн. Материалы, с. 58. Зап. А. Шурпічам — настаўнікам Меляшкевіцкага нар. вучылішча.

 

А ці дома, дома сам пан гаспадар?

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

 

Ой, нам казалі, што няма дома,

А ў новым гумне жыцечка вее.

Ой, хадзем да яго, узвесялім яго:

Ці не дасць ён нам недавеечкаў,

Недавеечкаў на гарэлачку,

На гарэлачку, на кватэрачку?

Да ці дома, дома да яго жана?

Ой, нам казалі, што няма дома,

А ў новай свяцёлцы белы кужаль чэша.

Ой, хадзем да яе, узвесялім яе:

Ці не дасць жа нам недачосачкаў,

Недачосачкаў на гарэлачку,

На гарэлачку, на кватэрачку?

Да ці дома, дома да яго дачка?

Ой, нам казалі, што няма дома,

А ў новай клеці белы хусты качае.

Ой, хадзем да яе, узвесялім яе:

Ці не дасць яна нам па хусціначцы,

Па хусціначцы па бялесенькай,

Па бялесенькай, па танесенькай?

Да ці дома, дома да яго сынок?

Ой, нам казалі, што няма дома,

А ў новай стайні каня сядлае,

Каня сядлае, з канём гаворыць:

— Ой, коню, коню! Прадам я цябе,

Прадам я цябе за сто чырвонцаў,

За сто чырвонцаў, за чатыры грошы,

За чатыры грошы, што ты не харошы.

— Ой пане, пане, уздумай прыгоду:

Калісь мы былі ў турэцкай зямлі,

За намі стрэлы, як дым, ляцелі,

За намі кулі зямлю пабілі.

 

25. Сахараў, 1, с. 7—9. Зап. у 1939 г. у в. Шушкі Шкавенскай вол. Лудзенскага п. ад В. Дамчонак.

 

Ды хадзілі, гулялі калядоўшчыкі,

Каляда, Каляда! *[Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Ды сачылі, пыталі багатага двара.

Багаты двор — Пятра дом.

Каля яго двара ўсё шаўковая трава,

Усё шаўковая трава, усё жалезны тын,

Стаўбы тачоныя, пазалачоныя, вароціткі сярэбраныя,

Падваротніцы — рыб'і костачкі, зашчэпачкі медзяныя.

На яго двары да чатыры церамы стаяць:

У першым цераму — ясен месяц,

Другі церам — ясна зара,

Трэці церам — дробны звёздачкі,

Чацвёрты церам — буён вецер.

Ясен месяц — сам гаспадар,

Ясна зара — яго жана,

Дробны звёздачкі — яго дачушкі,

Буён вецер — яго сыны.

Самаго гаспадара дома няма,

Паехаў ён у Сібір-горад.

Паехаў ён суды судзіць і рады радзіць.

Накупляў ён гасцінчыкаў:

Жане купіў кунню шубу, баброў каўнер,

Каля вората ўсё золата, падолля ўсё саболля.

Дачушкам купіў па вяночку па пярловаму,

Па платочку шаўковаму.

Сынам купіў па коніку па вараненькаму,

Па ўзды купіў па залатой.

Сабе купіў залот персцень

На праву ручку, на мізены палец.

Самаго гаспадара дома няма,

Паехаў у Тын-горад рыбку лавіць краснакрылышку.

Трахнуў-махнуў правай рукой,

Зраніў, зраніў залот персцень

З правай рукі, з мізенага пальца.

Яго жана дасужа была:

Закінула тры невады, тры шаўковых.

Не ўлавіла ж яна залот персцень,

Улавіла яна трох акунёў златапёранькіх,

Златапёранькіх, златакрыленькіх.

Павязла ж яна іх на торг таргаваці,

Торг таргаваці, акунёў прадаваці:

За адзін акунь — па сто рублёў,

За другі акунь — па тысячы,

Трэцяму акуню — цаны няма.

Яго цана ў гаспадара на масце,

У гаспадара на масце, у Пятра на стале,

На століку на дубовенькім,

На скацерці на шаўковенькай,

На талерачцы на фарфоравенькай.

Ен пакачываець, паварачываець,

Залатой казной ён пабразгіваець.

— Ты, Пётрачка, сам гаспадар.

Жана твая — гаспадыня,

Дарыце гасцей, не байце басцей.

Гэты госці не частыя, у гадочак толькі разочак.

 

Калі гаспадар не выходзіць, яму пяюць:

 

Не хочаш дарыць, пойдзем з намі

Снягі таптаць, сабак дражніць, людзей смяшыць.

 

26. Hurynowicz, с. 52—53 (187—188). Зап. у Свянцянскім п. Віленскай губ.

 

А ў нядзелю ранюсенька

Ішлі хлопцы, удалыя малойцы,

Ішлі ж яны гукаючы,

Багатага двору пытаючы,

Багатага двору да чэснага пана.

А ў нашага пана зялезны тын,

Зялезны тын, мядзяныя вароты,

Падваротнічкі — з рыб'яй костачкі.

— Пане гаспадару, адчыні аконца,

Адчыні аконца, глянь у роўна польца.

Панскае поле зрана туманіста,

Зрана туманіста, жыта каласіста.

Запрагайце коні да ўсё вараныя,

Пасаджайце жнейкі да ўсё маладыя.

Да паедзем у поле жыта зажынаці,

Як раз разнём — капу нажнём,

Другі раз'нём — сто коп нажнём.

А ў нашага пана сталы засціланы,

Сталы засціланы, кубкі наліваны.

У адным кубку — то віно зеляно,

У другім кубку — яравое піва,

У трэцім кубку — то мядок саладок.

Зеляное віно — для самога пана,

Яравое піва — для жаны яго,

То мядок саладок — для дзетак яго.

Ці ў слых табе, пане гаспадару?

Калі ў слых, даруй гасцей,

Не баў, бардзей!

Чырвень злоты — нам на боты,

Саракоўку—на падкоўку,

Гарнец водкі — для паходкі.

 

Ото ж табе, пане гаспадару,

Песня спета напроць лета.

Той рок правадзіці,

Другога дачакаці

У радасці, весялосці,

Каб багаты быў

Да нас не забыў.

 

27. Шырма, 3, с. 264. Зап. Р. Шырма ў 1935 г. на хутары Высокі Груд Пружанскага п. ад Ганны Папко. 1875 г. н.

 

Ой, ішла Каляда калядуючы праз сяло,

Зайшла ж яна да пана Сцяпана пад акно:

— Ой, пане Сцяпане, харошыя дочкі ў цябе,

А што ж твае харошыя дочкі рабілі?

— А што ж мае харошыя дочкі рабілі?

А ў стадоле ды ўсё пшанічаньку мералі.

Намералі трыццаць шынкоў і чатыры,

А тыя чатыры вам, каляднічкам, Каляда!

 

28. Чубинский, с. 440. Зап. у в. Драгічын Кобрынскага п.

Леньма-паленьма — паплывем.

 

Ой, пад вярбою, пад зеляною,

Святы вечар! *[Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Ой, там стаяла мужаў грамада,

Мужаў грамада, вяліка рада.

— Станьма мы, братцы, у вяліку раду,

Пастройма мы, братцы, залаты човен,

Леньма-паленьма да сваго пана.

А наш бо пан — слаўны багатыр,

Слаўны багатыр, дорага плаціў,

На месяц плаціў па сто чырвоных,

Па сто чырвоных, па вараным кані.

На тым кані залатое сядло,

А на тым кані залата грыва.

Залата грыва персцень укрыла.

На тым сядле пышнае дзіця,

Пышнае дзіця — малады Іванка.

 

29. Романов, 1—2, с. 446. Зап. у г. Беліца.

 

А ў пана, пана, пана Васіля

Двор гараджоны,

Бог яму даў вумную жану Арынку. *[Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Двор гараджоны, садам саджоны.

Закупіла яна да тры гарады:

А першы горад — ўсё з мужыкамі,

А другі горад — ўсё з панамі,

А трэці горад — ўсё з казакамі.

А з мужыкамі — поле пахаці,

А з панамі — суды судзіці,

А з казакамі — вайну чыніці.

 

30. Раговіч, с. 10. Зап. у 1961 г. у Століне ад В. Мельнік, 1942 г. н.

 

Добры вечар, Шчодры вечар,

Усім людзям на ўвесь вечар!

 

А ці дома пані твая?

А я бачу — яна дома.

 

Добры вечар, Шчодры вечар,

Усім людзям на ўвесь вечар!

 

Яна дома, не гуляе,

Піражочкі расчыняе.

 

Добры вечар, Шчодры вечар,

Усім людзям на ўвесь вечар!

 

А ці дома пан гаспадар?

А я бачу, што ён дома.

 

Добры вечар, Шчодры вечар,

Усім людзям на ўвесь вечар!

 

Што ён дома, не гуляе,

Чаляданьку даглядае.

 

Добры вечар, Шчодры вечар,

Усім людзям на ўвесь вечар!

 

На ім шуба шубалёва,

Прычаплёна калітачка.

 

Добры вечар, Шчодры вечар,

Усім людзям на ўвесь вечар!

 

А ў калітцы, у той новай,

Усім гасцям па златому.

 

Добры вечар, Шчодры вечар,

Усім людзям на ўвесь вечар!

 

31. Шейн. Материалы, с. 65. Зап. навучэнец Мінскай духоўнай семінарыі А. П. Ральцэвіч.

 

На палічкі — на паліку, аздобленай нашыўцы на плячах жаночай кашулі.

 

А чалом, чалом пад акенечкам,

Святы вечар пад акенечкам! * [Прыпеў “Святы вечар” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

— А ці дома, дома, пані гаспадыня?

— А няма ў доме, сядзіць у каморы,

Сядзіць у каморы, шые, вышывае.

А на рукаўцы — сівы галубцы,

А на палічкі — дробныя пташачкі.

Сівы галубцы як не паляцяць,

Дробныя пташачкі як не шчабечуць,

Малыя дзеткі як не гавораць.

 

32. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 533. Зап. Г. Пузанаў у 1890 г. у с. Шумарава Мглінскага п.

 

Ой, рана, рана каваліха ўстала,

Святы вечар добрым людзям!

Каваліха ўстала, кавалёў будзіла:

— Уставайце, кавалі, куйце тапары,

А йдзіце ў лясы, ішчыце дуб'ё,

Цяшыце брусся, масціце масты.

Чыраз тыя масты ішлі тры празнічкі:

Первы празнічак — святое Ражство,

Другі празнічак — святое Васілля,

Трэці празнічак — святое Хрышчэнне.

Святое Ражство каўбас прынясло,

Святы Васілля сватоў узнасіла,

Святое Хрышчэнне — саўсім вяселле.

 

33. Радченко, 1881, с. 15—16. Зап. у Гомельскім п.

 

Ой, у лузе, ў лузе красна каліна,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А красней таго Ганна ў таткі.

Маладая Ганначка па двару хадзіла,

Па двару хадзіла, увесь двор красіла,

У сенечкі ўвайшла — сені заззялі,

У хатачку ўвайшла — паны стаялі,

Паны стаялі, шапкі здымалі,

Шапкі здымалі, яе пыталі:

— Ці ты царэўна, ці каралеўна?

— Я не царэўна, не каралеўна,

Я Йванава дачка Ганначка.

 

34. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 533, л. 7. Зап. Г. Пузанаў у 1890 г. у с. Шумарава Мглінскага п.

 

Ля варот, варот высокі цяром,

Святы вечар добрым людзям! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А ў тым цераме дзевачка сядзіць,

Дзевачка сядзіць, кужалёк прадзець

Свайму татухну на сарочачку,

Сваёй матухні на намётачкі,

Сабе, маладзе, на падарачкі.

Яе брахненька з войска прыехаў,

Прывёз жа ён ёй тры падарачкі:

Первы падарак — пярловы вянец,

Другі падарак — залаты персцінь,

Трэці падарак — зялёны саян.

Пярловы вянец галоўку клоніць,

Залаты персцінь ручку цісніць,

Зялёны саян след замятаіць.

Яна прыбраўшысь у цэркаўку пайшла,

На ўсходцы ўзышла — сходцы абламіла,

У цэркаўку ўвайшла — цэркаўку свяціла.

Князі, баяры дзіваваліся:

— Ці царэўна йдзець, ці каралеўна?

— Я ні царэўна, ні каралеўна,

Бацькіна дачка, злічная панначка.

 

35. Раговіч, с. 17. Зап. у 1960 г. у в. Рычоў Тураўскага р. ад Мікалая Рыдзецкага.

 

У нашага пана двор гароджаны.

Добры вечар, шчодры Васілей!

Двор гароджаны, садам саджаны,

Добры вечар, шчодры Васілей!

А ў тым садзе хадзіла зверка,

Добры вечар, шчодры Васілей!

Гэта не зверка, маладая дзеўка.

Добры вечар, шчодры Васілей!

Шыла-пашыла шоўкэм кашулю,

Добры вечар, шчодры Васілей!

Шчэй на падоле — бурыя арлы.

Добры вечар, шчодры Васілей!

А на рукавах — ясны сакалы,

Добры вечар, шчодры Васілей!

Бурыя арлы хочуць сядаці,

Добры вечар, шчодры Васілей!

Ясны сакалы хочуць ляцеці,

Добры вечар, шчодры Васілей!

 

36. Шырма, 3, с. 267. Зап. у 1929 г. у в. Харкі Пружанскага п.

 

Там за садамі трава-мурава,

Шчодры вячор, багаты вячор! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

На той мураве — бела бяроза,

Натой бярозе — залаты росы,

Як узняліся буйныя ветры,

Абцерусілі залаты росы.

— Ідзі, Ганначка, пазбірай росы

I купі сабе трое надоб'е:

Перша надоб'е — медзяны кубак,

Друга надоб'е — срэбна талерка,

Трэце надоб'е — залаты персцень.

Медзяны кубак — к запіваннечку,

Срэбна талерка — к дараваннечку,

Залаты персцень — то к вянчаннечку.

 

37. Шырма, 3, с. 262—263. Зап. у 1935 г. на хутары Высокі Груд Пружанскага п. ад Ганны Папко, 1875 г. н.

Жанучы— гонячы (дыялект.).

 

Ой, рана, рана куры запелі,

Каляда, куры запелі. [Прыпеў “Каляда” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Ой, яшчэ раней Ганначка ўстала,

Ганначка ўстала, коску часала,

Коску ўчасаўшы, госцікаў ждала.

Ой, прыехала трое госцікаў,

Трое госцікаў — ўсе тры жанішкі.

Адныя сталі там за садамі,

Другія сталі за варатамі,

Трэція сталі з коньмі пад сеньмі.

Што за садамі — тым адказалі,

За варатамі — ручнічка далі,

З коньмі пад сеньмі — Ганначку ўзялі.

Ганначку ўзялі, падзенькавалі:

— Дзякуй, баценьку, за тваю дочку,

Што тонка прала і звонка ткала,

Бела бяліла, чыста хадзіла

 

38. Гілевіч, 1974, с. 23—24. Зап. В. Серчанкова ў в. Красніца Рагачоўскага р. ад П. Душкевіч, 1912 г. н.

 

А ў полі, полі ды жыта не зжата.

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А хто тое жыта ды будзе жаці?

А жала, жала маладая Валечка,

А жала, жала, ў снапы вязала.

Прыехала к ёй семсот казакоў,

Семсот казакоў, семсот малайцоў.

— Не бярыце мяне з чыстага поля,

У майго таткі тры старожачкі:

Першая старожа — сам татка на куце,

Другая старожа — братка ў парозе,

Трэцяя старожа — мамка ў каморы.

Татка ў куце кубачкі поўне,

Братка ў парозе гасцей выглядае,

Мамка ў каморы хусты качае,

Хусты качае, ў скрыні складае.

 

39. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 134, л. 7. Зап. Г. Дзмітрук у 1887 г. у в. Дубіч-Мураваная Бельскага п.

 

Ой, па мосціку, па залатому,

Каляда, Каляда! [Прыпеў “Каляда” паўтараецца пасля кожнага радка.]

Ой, стучаць, бяжаць калядоўнічкі,

Ой, пытаюцца да новага двору:

— А ў каго, у каго ты, двор новенькі,

Двор ты новенькі, сад вішнёвенькі?

А ў тым садзе тры сталы стаяць,

На тых сталах кружасты абрусы,

А на тых абрусах зялёна віно,

Зялёна віно, пшанічны хлябы.

За тымі сталамі красна панна

Чэша русу касу, просіць у бога долі,

Каб у зялёным віне выкупалася,

Салодкім мядком аблівалася,

З красным панічком павіталася.

 

40. Шырма, 3, с. 271—273. Зап. у 1928 г. у в. Шакуны Пружанскага п. ад Захвеі Хвораст.

 

Ой, рана, рана куры запелі,

Каляда, куры запелі. * [Прыпеў “Каляда” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Ой, яшчэ раней Ганначка ўстала,

Ганначка ўстала, коску ўчасала,

Коску ўчасаўшы, павы пагнала.

Павы жанучы, пер'е збірала,

Пер'е збірала, ў хвартушок клала,

З хвартушка брала, вяночак віла,

Вяночак віла, на Дунай пусціла.

— Хто вяночак пойме, той мяне возьме.

Ой, адазваўся малады Васілька:

— Я вяночак пайму, я цябе вазьму.

Як ступіў нагою — па пояс вадою,

Як ступіў другою — на дно галавою.

 

41. Булгаковский, с. 39—41. Зап. у Пінскім п.

 

Ой, у гародзе,

У частаколе,

Там хадзіла

Да танок дзевак.

Слаўная панна,

Панна Ганулька,

Перадку ходзіць,

Таночак водзіць,

Вяночак носіць.

Пярловы венчык

Галоўку клоніць,

Пазлот персцень

Пальчык ломіць.

Выйшаў да яе

Бацюхна яе:

— Хадзі, Ганулька,

Снеданне есці!

— Заждзі ж, пагадзі,

Мой жа бацюхна,

Танок даваджу,

Венчык данашу.

 

Ой, у гародзе,

У частаколе,

Там хадзіла

Да танок дзевак.

Слаўная панна,

Панна Ганулька,

Перадку ходзіць,

Таночак водзіць,

Вяночак носіць.

Пярловы венчык

Галоўку клоніць,

Пазлот персцень

Пальчык ломіць.

Выйшла ж да яе

Матанька яе:

— Хадзі, Ганулька,

Снеданне есці!

— Заждзі ж, паждзі,

Мая матанька,

Танок даваджу,

Венчык данашу.

 

Ой, у гародзе,

У частаколе,

Там хадзіла

Да танок дзевак.

Слаўная панна,

Панна Ганулька,

Перадку ходзіць,

Таночак водзіць,

Вяночак носіць.

Пярловы венчык

Галоўку клоніць,

Пазлот персцень

Пальчык ломіць.

Выйшаў да яе

Дзядзюхна яе:

— Хадзі, Ганулька,

Снеданне есці!

— Заждзі ж, паждзі,

Мой дзядзюхна,

Танок даваджу,

Венчык данашу.

 

Ой, у гародзе

У частаколе,

Там хадзіла

Да танок дзевак.

Слаўная панна,

Панна Ганулька,

Перадку ходзіць,

Таночак водзіць,

Вяночак носіць.

Пярловы венчык

Галоўку клоніць,

Пазлот персцень

Пальчык ломіць.

Выйшла ж да яе

Цёцюхна яе:

— Хадзі, Ганулька,

Снеданне есці!

— Заждзі, паждзі,

Мая цёцюхна,

Танок даваджу,

Венчык данашу.

 

Ой, у гародзе,

У частаколе,

Там хадзіла

Да танок дзевак.

Слаўная панна,

Панна Ганулька,

Перадку ходзіць,

Таночак водзіць,

Вяночак носіць.

Пярловы венчык

Галоўку клоніць,

Пазлот персцень

Пальчык ломіць.

Выйшаў да яе

Братэйка яе:

— Хадзі, Ганулька,

Снеданне есці!

— Заждзі ж, паждзі,

Мой братэйка,

Танок даваджу,

Венчык данашу.

 

Ой, у гародзе,

У частаколе,

Там хадзіла

Да танок дзевак.

Слаўная панна.

Панна Ганулька,

Перадку ходзіць,

Таночак водзіць,

Вяночак носіць.

Пярловы венчык

Галоўку клоніць,

Пазлот персцень

Пальчык ломіць.

Выйшла ж да яе

Сястрычка яе:

— Хадзі, Ганулька,

Снеданне есці!

— Заждзі ж, паждзі,

Мая сястрыца,

Танок даваджу,

Венчык данашу.

 

Ой, у гародзе,

У частаколе,

Там хадзіла

Да танок дзевак.

Слаўная панна,

Панна Ганулька,

Перадку ходзіць,

Таночак водзіць,

Вяночак носіць.

Пярловы венчык

Галоўку клоніць,

Пазлот персцень

Пальчык ломіць.

Выйшаў да яе

Дзедухна яе:

— Хадзі, унучка,

Снеданне есці!

— Заждзі ж, паждзі,

Мой дзедухна,

Танок даваджу,

Венчык данашу.

 

Ой, у гародзе,

У частаколе,

Там хадзіла

Да танок дзевак.

Слаўная панна,

Панна Ганулька,

Перадку ходзіць,

Таночак водзіць,

Вяночак носіць.

Пярловы венчык

Галоўку клоніць,

Пазлот персцень

Пальчык ломіць.

Выйшла ж да яе

Бабачка яе:

— Хадзі, унучка,

Снеданне есці!

— Заждзі ж, паждзі,

Мая бабачка,

Танок даваджу,

Венчык данашу.

 

Яе суконка

Зямліцу мяце,

Яе чаравічкі

Травіцу шчыплюць.

Гдзе ж узяўся

Да буйны вятрэц,

Вятрэц павінуў —

Венчык скінуў.

Шла ж яна маладэнька,

Як ягадэнька,

Краем, Дунаем,

Па беражэньку.

Стрэла ж яна

Тры рыбалоўцы.

— Тры рыбачэнькі,

Да закіньце мне

Да шаўковы невад,

Да паймайце ж мне

Да пярловы венчык.

Аднаму ж будзе

Пярловы венчык.

Другому будзе

Пазлот пярсценчык,

Трэцяму ж буду

Сама малода,

Як ягода.

Каляда спета

На доўгі лета.

А за тым словам

Да святкуй здарова,

Красная пані,

Пані Ганулька,

Не сама сабою...

 

42. Захарава, с. 71—72. Зап. В. Захарава і Л. Ясінская ў 1969 г. у в. Какорыца Драгічынскага р. ад М. Зіновіч, 1932 г. н.

 

Да мостам, мостам да вярбованькім,

Шчодры вечар, добры вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Ішла тудэма слічна паненка,

Несла мёд-віно ў туравым розе.

За ёю, за ёю панскі сыночак:

— Пажджы, пажджы, слічна паненка,

Дай мне мёд-віна пакаштаваці,

Віна пакаштаваці і цябе паймаці.

— Не тваё дзела, панскі сыночак,

Віно каштаваці і мяне паймаці.

Ты ж не бачыў сошкі-баронкі,

Хай табе за гэта — варона жонка.

Да мостам, мостам да вярбованькім

Ішла тудэма слічна паненка,

Несла мёд-віно ў туравым розе.

За ёю, за ёю пахарскі сыночак:

— Пажджы, пажджы, слічна паненка,

Дай мне мёд-віна пакаштаваці,

Віна пакаштаваці, цябе паймаці.

— То ж тваё дзела, пахарскі сыночак,

Віно каштаваці і мяне паймаці.

Ты і з коніка да не ссядаеш,

Буйна жыта да вырашчаеш.

 

43. Шейн. Материалы, с. 67. Зап. вучань VI кл. Слуцкай гімназіі Харламповіч у г. Слуцку.

Чэрзлосны — відаць, з чырвонага золата, бліскучы.

 

Там на рэчаньцы, там на быстранькай,

Святы вечар людзям добрым! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Стаіць перавоз слічнай паненкі,

Слічнай паненкі, панны Ганны.

Прыйшлі да яе тры браткі яе:

— Перавязі нас, слічная паненка.

— Не маю часу да перавозу.

Ужо ж мой татулька з дарогі прыехаў,

Прывёз жа ён мне тры гасцінчыкі,

Тры гасцінчыкі да тры венчыкі:

Першы гасцінчык — пярловы венчык,

Другі гасцінчык — чэрзлосны персцень,

Трэці гасцінчык — зялёна сукенка.

Пярловы венчык — на вянчаннейка,

Чэрзлосны персцень — на заручаннейка,

Зялёна сукенка — на пагуляннейка.

Пярловы венчык галоўку клоніць,

Чэрзлосны персцень ручаньку цянець,

Зялёна сукенка — то краса яе.

 

44. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 60, сш. 2, л. 24. Зап. В. I. Скідан у 1973 г. у в. Вялікі Бор Хойніцкага р. ад Евы Дземідзенка, 90 г.

Шаронка — шырынка, тут: кашуля.

 

Шыла Сонечка,

Шыла шаронку, Сонечка.

 

Сонечка-пані,

Гавары з намі сціхенька. * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

 

Ой, у падолі

Ясныя зоры, Сонечка.

 

Шыла-ўшывала,

Зоры ўкладала, Сонечка.

 

Ой, у падолі

Ясныя зоры, Сонечка.

 

А на рукаўцах —

Ясен месячка, Сонечка.

 

45. Романов, 8, с. 120. Зап. Л. М. Ткачэнка ў в. Дуброўка Гомельскага п.

 

А ў лесе, ў лесе

Стаяла святланка арэхавая,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А ў той святланцы — дзеўка Алёнка,

Дзеўка Алёнка шыла шырынку.

Першую сшыла красненькім шоўкам,

Другую сшыла беленькім шоўкам,

А трэцюю сшыла чорненькім шоўкам.

Што белым шыла — татку аддала,

А красным шыла — мацеры дала,

А чорным - то брату дала,

Золатам рубіла — то другу дала.

 

46. Бел. фальклор, с. 28. Зап. В. Ліцвінка і У. Раговіч у в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р.

 

Красна дзевачка, расці скоранька,

Святы вечар, расці скоранька!

Расці скоранька, будзь разумненька.

Прыйдзе к табе кароль у сваты,

Прывязе сукно нямеранае,

Прывязе грошы няшчытаныя,

Прывязе злота няважанае.

Красна дзевачка разумна была:

Узяла сукно перамерала,

Узяла грошы перашчытала,

Узяла злота пераважыла,

Каралевіча не ўзняважыла.

 

47. Шырма, 3, с. 261. Зап. у 1935 г. на хутары Высокі Груд Пружанскага п. ад Ганны Папко, 1875 г. н.

 

Узышло, узышло тры месяцы,

Гэй, Каляда, Каляда! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Тры месяцы, ўсе тры ясны.

Было ў маткі тры сыночкі.

Паўставалі, паўмывалісь,

Паехалі аж на места.

А на месце тры таночкі,

Тры таночкі, ўсе дзявочкі.

Адзін любіць берасцянку,

Другі любіць кабрынянку,

Трэці любіць камяньчанку.

 

48. Шейн. Материалы, с. 84—85. З Чубінскага.

 

Ці дома, дома сам пан гаспадар?

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Няма дома, у новай стайні,

У новай стайні з канём размаўляе:

— Коню, коню, прадам я цябе

За трыста злотых, за тры чырвоных.

— Пане, пане, не прадавай мяне

За трыста злотых. за тры чырвоных.

Як былі мы ў чужой зямлі,

За ньмі стрэлы, як гром, грымелі,

За намі кулі поле аралі.

Як я скочыў — мора пераскочыў,

Не замачыў я капытка,

Ні хваста свайго шаўковага,

Ні свайго пана маладзенькага,

Ні сядзелечка залаценькага.

Узялі мы ясную стрэлку —

Ясную стрэлку, красную дзеўку.

 

49. Шейн. Материалы, с. 75—76. Зап. настаўнік Рагачоўскага гарадскога вучылішча I. Аўсейц у Рагачоўскім п.

 

Ой, пад лесам да пад высокім,

Ой, там ходзіць стада коней,

Добры вечар, Шчодры вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А ў том стадзе конь гаворыць:

— Ніхто мяне не паймае, не асядлае.

Адазваўся малады малойчык:

— Я й таго каня паймаю, я й асядлаю.

Ой, паеду ў чыста поле,

Выпалюю дзевяць лісаў,

Дзевяць лісаў, дзесятую кунку

Да сваёй мамачцы на шубку.

Як пачула гэта, загневалася,

Ой, да яго міленькая.

— Ох, не гневайся, мая міла,

Ці ты ж гадавала?

Гадавала мяне родна матанька,

Цёмнай ночы не даспаўшы,

Яснай свечы не тушыўшы,

Ачэпак з ножак не спушчаўшы.

 

50. АГТ, р. 20, воп. 1, клц. 8, л. 155: Рукап. «Мінская губерня і яе народная творчасць , год жыцця беларуса ў яго народных святах, звычаях, вераваннях». Зап. А. М. Шыманоўскі.

 

Ой, рана-парану да куры запелі,

Святы вечар, да куры запелі.

Раней таго Васілька ўстаў,

Святы вечар, Васілька ўстаў,

Да рана ўстаў, тры свячы ссукаў,

Святы вечар, тры свячы ссукаў,

Да ўсё папаліў, да ўсё папаліў,

Святы вечар, да ўсё папаліў:

Да адну спаліў, абуваючыся,

Святы вечар, абуваючыся.

А другую спаліў, умываючыся,

Святы вечар, умываючыся.

А трэцюю спаліў, браткаў пабуджаючы,

Святы вечар, браткаў пабуджаючы:

— Уставайце, браткі, да хадзем на аблаву,

Святы вечар да хадзем на аблаву,

Да хадзем на аблаву да ў зялёну дубраву,

Святы вечар, да ў зялёну дубраву.

Вам, браточкі, куна ў дзераве,

Святы вечар, куна ў дзераве,

А мне ж, маладому, дзеўка ў цераме,

Святы вечар, дзеўка ў цераме.

 

51. Радченко, 1881, с. 16. Зап. у Гомельскім п.

 

Ой, як жа па мору да па Дунаю,

Саколе, саколе ясен, малодчык красен Мікола. * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Ён стружа стрэлачкі да ўсё з каліначкі,

Ён стружа, стружа, на Дунай пускае.

— Плывіце, стрэлачкі, да маёй дзевачкі,

Няхай мая дзеўка дары гатуе:

Мамцы — танок-сарпанок,

А татку — каня варанога,

Майму брату — шалковы платок,

Маёй сястрыцы — золат персцянёк,

А мне, маладому, дзеўка-паненка.

 

52. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 60, сш. 2, л. 23. Зап. В. I. Скідан у 1973 г. у в. Вялікі Бор Хойніцкага р. ад Евы Дземідзенка, 90 г.

 

Ой, за варацьмі

Крутая гара,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

 

Ой, на той гарэ —

Шаўкова трава.

 

А на той гарэ —

Стада каней ходзіць.

 

А між тых коней —

Адзін вараны,

 

Адзін вараны,

Да й не сядланы.

 

Хлопцы лавілі,

Да й не злавілі.

 

Адкуль узяўся

Малады Пецечка.

 

Як к каню прыпаў,

Так коніка ўзяў.

 

Як сеў паехаў

К новаму двару,

 

К новаму двару,

К цесцейку свайму.

 

Цесцейка кажа:

— Вон ясен сокал.

 

А дзевачка кажа:

— То не ясен сокал,

 

То не ясен сокал,

То Пецечка мой.

 

Вазьміце коніка

Да із стаенькі,

 

Маладога Пеценьку —

Да й да святланкі.

 

Дайце коніку

Сена аброку,

 

Маладому Пеценьку —

Мёду і віна,

 

Мёду і віна,

Сітняга хлеба.

 

За естым словам

Жывіце з богам.

 

Святое Ражаство

Радасць прынясло

 

Святое Васілле

Развесяліла.

 

За естым словам

Жывіце з богам.

 

53. Moszyński, с. 313. Зап. у в. Галубічы Мазырскага п. ад Матроны Ганчаровай.

 

У полі пад шатром Стасюнька з канём,

На вараном кане, на залатом сядле

У гусленькі іграе, злічна спявае.

Прыйшла ж да яго маменька яго:

— Ой, сынку ж, сынку, малады Стасюньку,

Хто ж цябе наўчыў у гусленькі граці,

У гусленькі граці, злічна спяваці?

- Да была ж у караля да адна дачка,

Да тая ж наўчыла ў гусленькі граці,

У гусленькі граці, злічна спяваці.

 

Мы ж цябе, Стасюньку, не зневажаем,

Да святым Ражаством паздраўляем...

54. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 92, ч. 1, л. 95. Зап. М. П. Гваздзёў у 1961 г. у в. Прыбыткі Гомельскага р. ад А. Лявоненка, 50 г.

 

На рэчцы, на рэчцы,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Там кладачка ляжыць,

На той кладачцы конічак стаіць,

На тым конічку Іванечка сядзіць,

Хваліцца канём перад каралём:

— Такога каня няма ў караля.

Хваліцца чабатамі перад каралямі:

— Такіх чабатоў няма ў каралёў.

Хваліцца стрэлкамі перад дзеўкамі:

— Такіх стрэлачак няма ў дзевачак,

А ў мяне, маладога, усё дарагое.

Святы вечар! Добры вечар!

 

55. Зімовыя песні, с. 310. Зап. З. Я. Мажэйка ў 1970 г. у в. Выганішча Івацэвіцкага р. ад Аўдоцці Ланец, 69 г., Праскоўі Лукашэвіч, 65 г., і Матруны Ланец, 64 г.

 

Там на Тураве, там на мураве,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Стаіць цэркаўка недарублена,

Недарублена, недавершана.

На той цэркаўцы крыжычак стаіць,

А на крыжычку галубок сядзіць.

Як выйшаў, выбег молад Іванька

Да намерыўся на яго страляці.

— Не страляй мяне, молад Іванька,

Я не так сяджу — пшаніцы гляджу.

А што на гарэ—то на вяселле,

А што ў даліне — то на радзіны.

 

56. Радченко, 1888, с. 111 — 112. Зап. у Гомельскім п.

 

А ў лузе, у лузе красна каліна,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Пад тою калінаю калодзезь цячэ,

Молад Іванька коніка поіць.

Коніка поіць, з канём гаворыць:

— Ой, коню, коню, запрадам цябе,

Запрадам цябе за дзвесце рублёў.

— Малады Іванька, не прадавай мяне,

[Не прадавай мяне], дзяржы ля сябе.

Як будзеш ты да жаніціся — памашчу масты,

Памашчу масты ўсё калінавыя,

Пастаўлю стаўбы да ўсё залатыя,

Павешу хусты ўсё шаўковыя.

Як будзеш ты дзевачку вязці,

Забражджаць масты ўсё калінавыя,

Заззяюць стаўбы ўсё залатыя,

Замашуць хусты ўсё шаўковыя.

 

57. Янчук, с. 63. Зап. у м. Юравічы Ігуменскага п.

 

А ў полі, у полі зялёная ёлачка,

Святы вечар, зялёная ёлачка. [Прыпеў “Святы вечар” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Пад тою ёлачкаю зялёная далінка.

А на той далінцы вараны конь ходзіць,

А на тым кані залатое сядзельца,

А на тым сядзельцы залатое страменца,

А на тым страменцы малады панічык,

А на тым панічыку вішнёвая шапачка,

А на той шапачцы чырвоная кветачка,

А на той кветачцы яравая пчолачка.

То ж не кветачка — яго дзевачка,

То ж не пчолачка — яго жоначка.

Мне з кветкаю толькі дзень быці,

А з жоначкаю трэба век жыці.

 

58. Зімовыя песні, с. 177. Зап. З. Я. Мажэйка ў 1972 г. у в. Клятная Пінскага р. ад Восіпа Пархуціна, 74 г.

 

Хадзіла-блудзіла семсот малайцоў,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.]

Семсот малайцоў да й каляднічкаў.

Прыблізіліся к новаму двару,

К новаму двару, к пану Івану.

— Ох, пазволь, пане, поле змераці,

Поле змераці, стада зганіці,

Стада зганіці на калінаў мост.

А калінаў мост да й уламіўся,

Вараное стада да й затанула.

Ох, не жаль жа мне варанога стада,

Толькі жаль жа мне сіўца-варанца,

Сіўца-варанца, белага капытца.

Ён капыцечкам зямліцу сячэ,

Ён хвасцічачкам слядкі замяце,

А грывенькаю ўсё поле ўкрые,

А вушыцамі ўсю роду шчуе,

А вочыцамі ўсё войска згляне.

Ўсё войска згляне, свайго пана знае,

Свайго пана знае, з войска выбаўляе.

 

59. АГТ, р. 20, воп. 1, клц. 21, л. 25. Зап. у Пінскім п. Мінскай губ.

Летаранька — ліхтар.

Ачапок — тут: прывязка да падвешанай калыскі дзеля зручнага калыхання дзіцяці.

 

Гэй, Каляда!

Ой, пелі, пеўні

Рана-раненька,

Гэй, Каляда! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.]

 

Да пабуджалі

Слаўнага пана,

 

Слаўнага пана,

Пана Васіля:

 

— Ой, устань, не спі,

Слаўны пане,

 

Слаўны пане,

Пане Васіль.

 

Запалі сабе

Да летараньку,

 

Да пайдзі сабе

Да ў стаеньку,

 

Выберы коніка,

Што нанайлепшага,

 

Што нанайлепшага,

Што найнадворнейшага.

 

Спадабаўся яму

Сівы конічак.

 

Сівы конічак,

Мал, невялічак.

 

Вялеў служанькам

Яго паймаці,

 

Хораша ўбраці

Да й асядлаці.

 

— Вазьмі хортыкі

Да на рацязі,

 

А саболікі

На белы ручыкі.

 

Да паедзь сабе

На паляванне,

 

На паляванне

Да на пагулянне.

 

Пусці хортыкі

У шчырыя бары,

 

А саболікі

У чыстае поле.

 

Хортыкі бяжаць,

Лісіка імчаць,

 

Саболі лянуць,

Утачку імчаць.

 

Лісіча шкурка —

Маці на шубку.

 

Уцяцце мясца —

Маці на юшку,

 

А пер'ечка —

На падушку.

 

Яго мілая

Даведалася,

 

Даведалася

Да й угневалася.

 

— Ой, хоць гневайся,

Хоць не гневайся,

 

Хоць гневайся,

Мая мілая.

 

Да не ты ж мяне

Гадавала,

 

Цёмнай ночкі

Недасыпала.

 

Гадавала ж мяне

Мая матанька,

 

І лілеяла

Мая родная,

 

Цёмнай ночкі

Недасыпала,

 

Яснай свечы

Не згашала,

 

Ачапок з ножак

Не спускала.

 

А за тым словам

Да святкуй здароў,

Слаўны пане,

Пане Васіль.

Не сам з сабою,

А з сваім айцом

I панею маткай,

Да і з братамі,

Да і з сёстрамі,

Да і з дзядамі, і з цёткамі,

I з дзядамі, і з бабамі,

I з суседамі акалічнымі,

I з добрымі людзьмі

Прыталічнымі.

А шчыпальнічку —

Да чырвон злоты,

А пявальнічкам—

Да і двух мала,

А механошу —

Чатыры грошы

I пірог харошы.

 

60. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 63, сш. 13, л. 5—6. Зап. I. Г. Несцяровіч у 1965 г. у в. Макарычы Слуцкага р. ад Кацярыны Лосік, 1899 г. н.

 

Добры вечар таму,

Хто ў етым даму,

Святы вечар, хто ў етым даму. [Прыпеў “Святы вечар” паўтараецца з другім радком кожнай страфы.]

 

Да й няма ж яго дома,

Паехаў на лова,

 

Паехаў на лова

Куначкі лавіць,

 

Куначкі лавіць,

Шчодрыкаў дарыць.

 

— Ой, дарыце, дарыце,

Да й нас не пазніце,

 

Бо кароткі світкі

Да памерзлі лыткі.

 

61. Шейн. Материалы, с. 86. З Чубінскага.

 

У канцы сяла стаяла гара,

Святы вечар! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А на той гарэ — шаўкова трава,

А ў той траве галубы гудуць,

Галубы гудуць — цэркаў будуюць

З трыма вярхамі, з чатырма вокнамі.

Першае ваконца — яснае сонца,

Другое ваконца — ясны месячык,

А трэцяе ваконца — ясна зорка.

У чацвёрта ваконца салавей уляцеў,

Салавей уляцеў, на прастоле сеў,

На прастоле сеў, слёзку ўраніў.

На стале слёзкі пацяклі ракой,

А на той рацэ чаўначок плаваў,

А ў том чаўначку Марцінка сядзіць,

Марцінка сядзіць, стружачкі стружа,

Стружачкі стружа і яшчэ малюе,

Яшчэ малюе і ў пучочкі вяжа,

У пучочкі вяжа, на Дунай пускае:

— Плывіце, стрэлачкі, да мае дзевачкі.

 

62. Радченко, 1888, с. 117—118. Зап. у Гомельскім п.

Кітаечка — лёгкая тканіна на сукенку.

 

Малады Іваначка рожу ссякае,

Ой, дай яму, божа, шчасця, здароўя ў яго двары! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

У хатачку ўносіць, у мамачкі просіць:

— Парадзь жа мне, мамачка, усе парадачкі,

Каму шырына, каму хусціна.

Маёй мамачцы — тонак серпанок,

Маім братачкам — па шырыначцы,

Маім сястрыцам — па кітаячцы,

Майму татачку — варанога каня,

Мне, маладому,— дзеўка паненка.

 

63. Шейн. Материалы, с. 83. Зап. наст. Рагачоўскага гарадскога вучылішча I. Аусейц у Слонімскім п.

 

Зажурылася крутая гара,

Што не парасла шаўкова трава.

Святы вечар добрым людзям! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.]

 

Не парасла шаўкова трава,

Да парос, парос зялён вінаград.

 

Што парос зялён вінаград,

Да хто ж яго будзе сцерагчы?

 

Малады Яська сцярог ночаньку,

Малады Яська сцярог другую.

 

Ох, да ён сцярог другую,

А на трэцюю сон яго змарыў.

 

А на трэцюю сон яго змарыў,

Да сільненька ён заснуў.

 

Прыйшла да яго матачка яго:

— Да ўстань, устань, сыночак мой,

 

Да ўстань, устань, сыночак мой,

Да ўжо твая стрэлачка да пылам запала,

 

Твая стрэлачка пылам запала,

Твая дзеванька між дзевачак стала.

 

— Я сваю стрэлачку з пылу падыму,

Я сваю дзеваньку між дзевачак вазьму.

 

64. Романов, 8, с. 113. Зап. у с. Хонава Быхаўскага п.

Заўв. збіральніка: «Спяваецца халастому сыну гаспадара».

 

А збегла, збегла з поля старожа,

Святы вечар, з поля старожа. [Прыпеў “Святы вечар” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Ды прыбегла к Іваньку на двор:

— Ці спіш, ці ляжыш, малады Іванічка?

— Не сплю, не ляжу, лісточкі пішу,

Лісточкі пішу да к паненцы шлю.

— Хоць шлі, хоць не шлі — не твая будзець,

Тваю паненку ў палон забралі,

У палон забралі туркі з татарамі,

Туркі з татарамі, баяр з баярамі.

— А я тых баяр мечам парублю,

А я тых турак канём патапчу,

Я сваю паненку за сябе вазьму.

 

65. Радченко, 1888, с. 113. Зап. у Гомельскім п.

 

Як задумаў Іван да жаніціся,

Саколе! Саколе ясен, малойчык красен, Іване! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Да паехаў Іван к каралю ў сваты.

Кароль дочкі не дае, варанога каня выводзіць.

Ён коніка не ўзяў, шапачкі не зняў, не скланіўся.

Выносяць яму паўмісы грошай.

Ен грошы не ўзяў, шапачкі не зняў, не скланіўся.

Вывелі яму маладую Вольгачку.

Ен Вольгачку ўзяў, шапачку зняў да й скланіўся.

 

66. Federowski, 8, с. 85.

 

Калядка йдзе, сто коні вядзе,

Каляду!

Ой, выйшаў, выбег млоды Ясенька:

Каляду!

— Пазыч, Калядка, свайго коніка,

Каляду!

Паеду сабе дзеўкі шукаці.

Каляду!

Яшчэ Ясенька дзеўкі не знайшоў,

Каляду,

А ўжо Калядка па каня прыйшла,

Каляду!

 

67. Зімовыя песні, с. 353. Зап. З. Я. Мажэйка ў 1968 г. у в. Глушкавічы Лельчыцкага р. ад Вольгі Радзілавец, 1936 г. н., і групы жанчын-даярак.

 

А ў ляску, у ляску круглае поле,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Ой, там Васілька паранінку гарэ.

Прыйшоў да яго баценька яго:

— Ой, гары, сынку, усю паранінку,

Будзем сеяці жыта-пшаніцу,

Жыта-пшаніцу, усяку пашніцу.

Будзема жаці — жанцоў наймаці,

Будзем вязаці вялікі снапы,

Будзем стаўляці частыя копы.

Ходзіш, Трахімка, паміж копкамі,

Як той месячык паміж зоркамі.

 

68. Романов, 1—2, с. 447. Зап. у Гомельскім п.

 

Ой, бегла, бегла старожа з поля,

Святы вечар! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Да й ударыла пікай у вароты:

— Ці дома, дома малады Пятрок?

— Ой, няма, няма — дзесь у караля

Суды судзіць, перасудкі бярэць

На тры гарады, як сам малады.

 

69. ААН СССР, ф. 134, воп. 2, спр. 14, л. 52. Зап. Я. і А. Логіны у в. Моладава Навагрудскага п.

 

Вароты скрыпяць, марозы чуваць,

Ой, рана-рана, марозы чуваць.

А ў цябе, Марцінко, кажушка нету.

— У мяне Марылька цяплей кажушка,

Цяплей кажушка, мякчэй падушкі.

На той кажушок з розных цялушок

Рукавец падсцеле, другім апране.

 

70. Булгаковский, с. 43—44. Зап. у Пінскім п.

 

Ой, у мястэчку,

У Берастэчку,

Свят вечар, свят! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.]

 

Там стара бабка

Хлеб расчыняла,

 

Сваго ўнучка

Да калыхала.

 

Калыбелька

Да пазлачона,

 

Яе чэпачкі

Да шаўковыя,

 

Яе ключыкі

Да месянзовыя,

 

Півіваўчык

Да шаўковенькі,

 

Яе пялешучкі

Злацені.

 

Да й калыхала:

— Да люлі, люлі ж,

 

Да люлі, люлі ж,

Маё ўнучатка.

 

Судзі ж, божа,

Пагадаваці,

Вяселля даждаці.

 

71. Гілевіч, 1974, с. 16—17. Зап. Т. Кубрак у Капыльскім р. ад А. Віаленці, 60 г.

 

Ну, ну-ну, казёл,

Ну, ну-ну, нябожа,

Не адбрыквайся,

Паварачвайся —

То на сёй бачок,

То на той бачок!

Да расхадзіся,

Развесяліся

Па ўсяму дому

Па гаспадарскаму!

Дзе казёл ходзіць —

Там жыта родзіць,

Дзе казёл туп-туп —

Там жыта сем коп.

А што ў даліне

Шуміць да гудзе?

Старая каза

Казлянят вядзе.

Ой, вядзе, вядзе

Да навучае,

Сваіх дзетачак

Да затуляе.

А на гары воўк

З ваўчанятамі,

У даліне каза

З казлянятамі.

Як прыйшоў ваўчок

За казу чок-чок,

А ваўчаняты —

За казляняты.

Як прыбег заяц,

Стаў казу лаяць:

— Ох ты, казінка,

Не гаспадынька:

Узяла б сярпок,

Нажала б снапок

I сваіх дзетачак

Да накарміла,

У ніцу лозачку

Спаць палажыла.

 

72. Шейн. Материалы, с. 38. Зап. вучань Слуцкай гімназіі Я. Копаць.

 

Паварачывайся, казел,

На капыцікі,

На срэбраныя,

На ўсе крутыя.

Дзе казёл ходзіць,

Там жыта родзіць,

Дзе прабягае,

Там вылягае.

Дзе казёл рогам,

Там жыта стогам,

Дзе казёл хвастом,

Там жыта кустом,

Дзе казёл нагою,

Там жыта капою.

Да пайшоў казёл

Па ўсіх старонах,

Да знайшоў казёл

Караля ў зямлі

З караліхаю,

З гаспадынькаю.

Да ты, гаспадынька,

Не будзь такая,

Як тая была барабаніха,

Барабаніла нашага казла,

Нашага казла не ўдарыла,

Толькі смех учыніла.

Скамароху —

Бочку гароху,

А скамарыцы —

Бочку пшаніцы

За гэту свечачку

Пайдзі ў клетачку

Да зірні ў бачок,

Дзе стаіць мачок,

Да зірні ў другі,

Дзе стаяць крупы,

Да зірні ў трэці,

Дзе вісяць лейцы.

 

73. Шырма, 3, с. 277—278. Зап. у 1928 г. у г. Пружаны ад Ганны Дудзейка.

 

На нова лета

Хай родзіцца жыта.

Шчодры вечар, багаты вечар!

Жыта, пшаніца,

Усякая пашніца!

Жадаем табе,

Слаўны гаспадару,

Піва варыці,

Сынкоў жаніці,

Пасаг збіраці,

Дочак выдаваці.

Залезь на баляску,

Дастань каўбаску,

Стань на драбункі [Так в публикации; возможно, надо «драбінкі» – О.Л.],

Дастань саланінку,

Кошычак маку

Да таго прысмаку.

Шчодры вечар, багаты вечар!

 

74. ЦДГМ, ф. 56, п-ка 27б. Зап. Я. Каханоўскі.

 

Каляда-Калядзіца,

Дайце мачку і крупіцы.

А не дасце, адкажыце,

Маіх ножак не таміце.

На расіцы, на травіцы,

Шчасці, божа, жываціну,

Старое — на пажытак,

Маладое — на прыплодак.

 

75. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 8, сш. 1, л. 10. Зап. А. I Гурскі ў 1968 г. у в. Загарэнне Краснапольскага р. ад Просі Трацяковай, 76 г.

 

Выйдзі, зорачка,

Выйдзі раненька,

Пастой позненька,

Пакуль волікі напасуцца,

Пакуль ніванькі засяюцца.

 

76. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 52, сш. 1, л. 69. Зап. Л. М. Салавей у 1972 г. у в. Кажанавічы Верхнядзвінскага р. ад Лёлі Цыры, 1930 г. н.

 

А ў заінькі тры думанькі,

Коляда! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Перша дума — лесам бегчы,

Друга дума — морам плысці,

Трэця дума — полем бегчы.

Лесам бегчы — ваўкі з'ядуць,

Морам плысці — заліешся,

Полем бегчы — стральцы заб'юць.

 

77. Романов, 8, с. 134. Зап. Ф. Сакалоўскі у Лепельскім п.

 

А ў нас сягоння сход Каляд,

Сабірайцеся, дзеўкі, у рад.

 

Адну зіму песні пяяць,

Будзем іх у рэшаты складаць.

 

А паставім іх пад дубам,

Нам к налеццю спадобяцца:

 

Не будзем жыта сеяць,

А будзем песні пяяць!

 

78. Czeczot, 1846, с. 9. Зап. на Навагрудчыне.

 

Пайшла Каляда калядуючы,

Да за ёю хлопчыкі жабруючы. Каляда!

 

Пайшла Каляда па ляду,

Рассыпала каляду. Каляда!

 

А вы, дзевачкі, не гуляйце,

Да йдзіце каляду пабірайце. Каляда!

 

79. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 94, сш. 1, л. 34. Зап. М. П. Гваздзёў у 1965 г. у в. Зубава Аршанскага р. ад Хімы Сцяпанаўны Рабенінай, 53 г.

Нямецкія — тут: нямыя.

 

Ой, Каляды-Калядачкі, бліны-ладачкі,

Бліны ржаныя — хлопцы дурныя.

Бліны ячныя — дзеўкі красныя.

Бліны пшанічныя — дзеўкі пышныя.

Бліны аўсяныя — хлопцы п'яныя.

Бліны грэцкія — хлопцы нямецкія.

 

80. Шырма, 3, с. 256. Зап. у 1932 г. ад мастака Язэпа Драздовіча з Дзісеншчыны.

 

Ішла Каляда калядуючы.

Гэй, Каляда-Калядзіца. * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Каля двору йшла ды бядуючы,

За ёй хлопчыкі ўсё жабруючы.

Прыйшла Каляда к Ляксею на двор:

— Пане Ляксею, просім не трымаць,

Кароткі світкі — сцюдзёна стаяць.

Ці ты спіш-ляжыш, ці нас не чуеш?

Пане Ляксею, дары каляду!

Калі не дасі бочкі пшаніцы,

Бочкі пшаніцы, другой — ярыцы,

Дык ты аддасі младу Марыльку!

 

81. ААН СССР, ф. 134, воп. 2, спр. 14, л. 79. Зап. Я. і А. Логіны ў 1914 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

Да я Каляду да на кут павяду,

Ой, рана, рана, да на кут павяду;

Да мне Каляда да гулянне дала,

Ой, рана, рана, да гулянне дала;

Да я Калядзе кісялю навару,

Што мне Каляда да гулянне дала,

Ой, рана, рана, да гулянне дала;

Да я Калядзе да куцці натаўку,

Што мне Каляда да гулянне дала,

Ой, рана, рана, да гулянне дала;

Да я Калядзе пірагоў напяку,

Што мне Каляда да гулянне дала,

Ой, рана, рана, да гулянне дала;

Да я Калядзе каўбасу спяку,

Што мне Каляда да гулянне дала,

Ой, рана, рана, да гулянне дала;

Да я Каляду да з кута павяду,

Што мне Каляда да гулянне ўняла,

Ой, рана, рана, да гулянне ўняла.

 

82. ААН СССР, ф. 134, воп. 2, спр. 14, л. 49. Зап. Я. і А. Логіны ў 1914 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

Пайшла Каляда калядуючы,

Каляда, да ты Калядзіца * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

За ёю хлопцы жабруючы.

Зайшла Каляда да пана Якіма:

— Чым у пана Якіма вароты завешаны?

— То стужкамі, то паяскамі —

Званке звоняць, сватэ едуць,

Аддай дачку, хоць ядыначку!

 

Пайшла Каляда калядуючы,

А за ёю хлопцы жабруючы.

Зайшла Каляда да пана Уласа:

— Чым у пана Уласа вароты завешаны?

— Каўбас лыка, пірагоў у века.

 

Або:

 

— Лапцямі, лапцямі, ўсё анучамі.

Пайшла Каляда калядуючы,

За ёю хлопцы жабруючы,

Зайшла Каляда ў Янкавы вароты,

А ў пана Янкі ды куццю таўкуць,

Куццю таўкуць, кісель вараць,

Кісель вараць, дзеці плачуць,

Дзеці плачуць, кіі скачуць.

 

83. Захарава, с. 66. Зап. В. Захарава і Л. Зэлікава ў 1968 г. у в. Бакуны Пружанскага р. ад С. Багдановіч.

 

Пайшла Каляда калядуючы,

Эй, Каляда! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А за ёю дзеўкі шчадруючы.

Пайшла Каляда ў адну хату,

А ў гэтай хаце куццю таўкуць,

Пайшла Каляда ў другую хату,

А ў гэтай хаце серабро звініць.

Пайшла Каляда ў трэцюю хату,

А ў трэцяй хаце сала шыпіць.

Пайшла Каляда ў чацверту хату,

А ў гэтай хаце сала шыпіць.

Пайшла Каляда ў пятую хату,

А ў пятай хаце золата блішчыць.

Пайшла Каляда ў шостую хату,

А ў шостай хаце каўбасу пякуць,

Каўбасу пякуць да і нам дадуць

Хоць па маленечкаму кусочку,

Каб любілі хлопцы вашу дочку.

 

84. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 313. Зап. В. Пратасевіч у 1888 г. у Старобінскай вол. Слуцкага п. ад Ірыны Русаковіч.

 

— Валадару, валадару!

— Вой, хто там кліча?

— Княжыя людзі.

— Аб чым клічаце?

— Аб княжом дзіцяці.

— А што даруеце?

— Ярыя пчолкі.

— А ‘шчэ таго мала?

— Каня пры сядле.

— А ‘шчэ таго мала,

— Руцвяны вянок.

 

— Тут будзьце, тут едзьце.

— Тут будам, тут едам...

 

85. ААН СССР, ф. 134, воп. 2, спр. 14, л. 49 адв. Зап. Я. і А. Логіны ў 1914 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

У канцы сяла да стаіць вярба,

Каляда, да ты Калядзіца!

Да на той вярбе да дзіка каза.

Прыйшоў да яе да сівы ваўчок:

— Да злезь, козка, да патанцуйма,

Да патанцуйма, да пажартуйма!

— Да не палезу, бо цябе баюся:

Калі ў цябе, воўча, вялікія вочы.

— Я ў караля быў, усю ноч свяціў,

Усю ноч свяціў, вочы павялічыў.

А ў канцы сяла да стаіць вярба,

Да на той вярбе да дзіка каза.

Прыйшоў да яе да сівы ваўчок:

— Да злезь, козка, да патанцуйма,

Да патанцуйма, да пажартуйма!

— Да не палезу, бо цябе баюся:

Калі ў цябе, воўча, вялікія лапы.

— На вяселлі быў, каравай пляскаў,

Каравай пляскаў, лапы параспляскаваў.

У канцы сяла да стаіць вярба,

На той вярбе да дзіка каза.

Прыйшоў да яе да сівы ваўчок:

— Да злезь, каза, да патанцуйма,

Да патанцуйма, да пажартуйма!

— Да не палезу, бо цябе баюся:

Калі ў цябе, воўча, галава вяліка.

— Я ў караля быў, усё судэ судзіў,

Усё судэ судзіў, галаву паклапаціў.

У канцы сяла да стаіць вярба,

Да на той вярбе да дзіка каза.

Прыйшоў да яе да сівы ваўчок:

— Да злезь, козка, да патанцуйма,

Да патанцуйма, да пажартуйма!

— Да не палезу, бо цябе баюся:

Калі ў цябе, воўча, хвост вялікі.

— Я ў караля быў, пакоі замятаў,

Пакоі замятаў, хвост размахаў,

Каляда, да ты Калядзіца!

 

86. Гілевіч, 1973, с. 31. Зап. у в. Альсевічы Мядзельскага р. ад Тэклі Хілы.

 

Ляцеў каршунішча, Каляда,

Цераз папялішча, Каляда,

А ён жа лятаіць, Каляда,

Курак выбіраіць, Каляда.

— А каб жа я ведаў, Каляда,

Якая мне будзець, Каляда.

Што белае скрылле, Каляда,

Лятучая курка, Каляда,

Што жоўтыя ножкі, Каляда,

Нясушчая курка, Каляда.

А што у чубочку, Каляда,

Тая каршуночку, Каляда.

А каб жа я ведаў, Каляда,

А што мая будзіць, Каляда,

Я б ножкамі браў бы, Каляда,

На скрылейку нёс бы, Каляда.

А нёс бы я, нёс бы, Каляда,

Аж у роўнае поле, Каляда,

У сваё гняздзечка, Каляда.

А у новых сенях, Каляда,

Там карагод дзевак, Каляда.

А ў тым карагодзе, Каляда,

Там Валодзька ходзіць, Каляда,

Дзевак выбіраіць, Каляда.

— А каб жа я ведаў, Каляда,

Якая мне будзіць, Каляда.

Што сінія вочкі, Каляда,

Драмлівая дзеўка, Каляда,

Што белыя ручкі, Каляда,

Лянівая дзеўка, Каляда.

Што чорныя броўцы, Каляда,

Рабочая дзеўка, Каляда.

А каб жа я ведаў, Каляда,

Што маею будзіць, Каляда,

У сваё падвор'е, Каляда,

На коніку вёз бы, Каляда.

А вёз бы я, вёз бы, Каляда,

Аж у роўна поле, Каляда,

Аж у роўна поле, Каляда.

 

87. ААН СССР, ф. 134, воп. 2, спр. 14, л. 51. Зап. Я. і А. Логіны ў 1913 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

Да на гары новы двор,

Іграй, гуляй, коню мой!

Да ў том двары вяселле,

Да брат сястру выдае,

I выдае, пытае:

— Што табе, сястра, наймільша?

— Мне наймільшы мой войчанька.

— О то ж, сястра, няпраўда.

Да на гары новы двор,

Іграй, гуляй, коню мой!

Да ў том двары вяселле,

Да брат сястру выдае,

I выдае, пытае:

— Што табе, сястра, наймільша?

— Мне наймільшы мой брацейка.

— О то ж, сястра, няпраўда.

Да на гары новы двор,

Іграй, гуляй, коню мой!

Да ў том двары вяселле,

Да брат сястру выдае,

I выдае, пытае:

— Што табе, сястра, наймільша?

— Мне наймільша сястрыца.

— О то ж, сястра, няпраўда.

Да на гары новы двор,

Іграй, гуляй, коню мой!

Да ў том двары вяселле,

Да брат сястру выдае,

I выдае, пытае:

— Што табе, сястра, наймільша?

— Мне наймільшы мой міленькі.

— О то ж, сястра, да й праўда.

Іграй, гуляй, коню мой!

 

88. ААН СССР, ф. 134, воп. 2, спр. 14, л. 50а. Зап. Я. і А. Логіны ў 1913 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

Скакаў гарабей да на сметнічку,

Каліна й маліна! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Прасіў дзевачак на гуляннейка,

Прасіў дзевачак ўсё й малодачак.

А ў малодачкі тры намётачкі:

Адзін намётак да на прыпечку,

Другі намётак да ў калысачцы,

Трэці намётак да й на ложачку.

Што ў калысачцы — таму цыцкі даць,

Што на прыпечку — таму кашкі даць,

Што ў ложачку — таму кіем даць,

Таму кіем даць да ісці гуляці.

 

89. Гілевіч, 1973, с. 32. Зап. у в. Альсевічы Мядзельскага р. ад Тэклі Хілы і Ганны Хілы.

 

А йшоў-перайшоў,

Каляда! * [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Месяц па небу.

А браў-перабраў

Усе звёздачкі.

А выбраў сабе

Ясней за сябе.

Рана ўсходзіць,

Позна заходзіць.

А йшоў-перайшоў

Млоды Мішачка.

А браў-перабраў

Усіх дзевачак.

А выбраў сабе

Павышай сябе.

Позна лажыцца,

Кожан дзівіцца.

Рана ўстаець,

Пятух не пяець.

 

90. Дембовецкий, с. 525. Зап. у с. Гладкова Чавускага п.

 

— Чаго ты, рожа, адна ў гародзе?

Рожа мая чырвоная.* [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

— Я тут не адна, няпраўда твая.

Што ёсць красачак, то ўсе са мной,

Аднаго нету — баравога цвету.

I дзе ж ён будзе, ка мне прыбудзе,

Ка мне прыбудзе, са мной цвісці будзе.

 

— Чаго ты, Мар'ечка, адна ў карагодзе?

— Я ж тут не адна, няпраўда твая.

Што ёсць дзевачак, то ўсе са мной,

То ўсе са мной, перада мной,

Аднаго нету — маладога Іванечкі.

I дзе ён будзе, ка мне прыбудзе,

Ка мне прыбудзе, са мной жыць будзе.

 

91. Шырма, 3, с. 271—273. Зап. у 1928 г. у в. Шакуны Пружанскага п. ад Захвеі Хвораст.

 

Там за садамі, за зялёнымі,

Каляда, за зялёнымі. [Прыпеў “Каляда” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Ой, там Андрэйка коніка пасе,

Коніка пасе, павадцом трасе.

— Ой, еш, коніку, шоўкаву траву,

Ой, пі, коніку, крынічну ваду,

Бо паедзем мы да цесценькі,

I да цесценькі, і да цёшчанькі,

I да цёшчанькі, і да Ганначкі,

Цесценька кажа: калакол звініць,

Цёшчанька кажа, што сакол ляціць,

Ганначка кажа: Андрэйка едзе,

Андрэйка едзе, падаркі вязе,

Падаруначкі — мне чаравічкі.

 

92. ААН СССР, ф. 134, воп. 2, спр. 14, л. 49 адв. Зап. Я. і А. Логіны ў в. Моладава Навагрудскага п.

 

— А дзе была, Каляда,

Ой, рана-рана, Каляда?

— У Ярузе была, Каляда.

— Да што рабіла, Каляда?

— Дзеўкі часала, Каляда.

— Да чым часала, Каляда?

— Конскім капытом, Каляда.

— Чым заплятала, Каляда?

— Лазовымі лычкамі, Каляда.

— Да дзе была, Каляда?

— У Моладаве, Каляда.

— .Што рабіла, Каляда?

— Дзеўкі часала, Каляда.

— Да й чым часала, Каляда?

— Грэбеньчыкам, Каляда.

— Чым заплятала, Каляда?

— Стужачкамі, Каляда,

Ой, рана-рана, Каляда!

 

93. Шейн. Бел. песни, с. 52, № 101. Зап. А. Ф. Лісоўская ў Быхаўскім п.

 

А пад нашым сялом, пад Слабадою

Стаялі, свяцілі месячкі чатыры:

Першы месячка — малады Васілька,

Другі месячка — малады Паўлючок,

Трэці месячка — малады Захарка,

Чацвёрты месячка — малады Іванька.

Стаялі, свяцілі зорачкі чатыры:

Першая зорка — маладая Таццянка,

Другая зорка — маладая Дар'ечка,

Трэцяя зорка — маладая Мар'юшка,

Чацвёртая зорка — маладая Хоўрачка.

Таццянка зорка — Васільку жонка,

Дар'ечка зорка — Паўлючку жонка,

Мар'юшка зорка — Захару жонка,

Хоўрачка зорка — Іваньку жонка.

 

94. АН БССР, АРКіР, ф. 23, воп. 1, спр. 472, л. 22. Зап. Я. і А. Логіны ў 1913— 1914 гг. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

Перагараджу да тынком рэчку,

Каляда, да ты Калядзіца!

Да ўсаджу барана, авечку.

Што баранко — то той Іванко,

Што авечка — яго Ганначка.

Перагараджу да тынком рэчку

Да ўсаджу лебедзя, лябёдку.

Што лебедзь — то той Мікалайка,

Што лябёдка — то яго Марылька.

 

95. Зімовыя песні, с. 479. Зап. З. Я. Мажэйка ў 1967 г. у в. Азершчына Рэчыцкага р. ад Таццяны Лапацінай, 75 г., і Марыі Пермяковай, 68 г.

 

Прала Ганначка на лёду хусткі,

На лёду, на лёду-лёду, на ледаўніцы, у крыніцы. [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Ой, яна прала да й пагубляла.

Пайшоў татачка хустак шукаці,

Татачка прыйшоў, хустак не знайшоў.

Прыйшла мамачка хустак шукаці,

Мамачка прыйшла, хустак не знайшла.

Пайшоў міленькі хустак шукаці,

Міленькі прыйшоў, хустачкі знайшоў.

 

96. Захарава, с. 69. Зап. В. Захарава і Л. Чабатар у 1969 г. у в. Какорыца Драгічынскага р. ад М. Зіновіч, 1932 г. н.

 

Ой, Калядачкі, вярніцеся,

На нас, дзевак, азірніцеся.

Мы ж вас, Калядкі,

Дажыдаць будзем,

Мы ж вас, Калядкі,

Шанаваць будзем.

Каб вас, Калядак,

Нядзель дзесятак:

А што ранейка —

То сняданнейка,

Што вячэранька —

Пагуляннейка.

 

97. АІМЭФ, ф. 13, воп. 9, спр. 8, л. 56. Зап. А. С. Емяльянаў у 1960 г. у в. Цяцерын Бялыніцкага р. ад Вольгі Андрыенка, 75 г.

 

А Калядачкі, а вярніцеся,

Ой, люлі-люлі, а вярніцеся, * [Прыпеў “Ой, люлі-люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

У майго татулькі найміцеся.

У майго татулькі трое варот,

Трое варот, усе на гарод.

У першых варотах — ясен месячык,

У другіх варотах — ярка соўнейка,

У трэціх варотах — дробныя зорачкі.

Ясен месячык — то татулька мой,

Ярка соўнейка — то мамулька мая,

Дробныя зорачкі — браты, сёстрачкі.

 

98. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 67, сш. 1, л. 23. Зап. Л. А. Малаш у 1973 г. у в. Цялуша Бабруйскага р. ад Насці Ступень, 1911 г. н.

 

Ад куту да куту ды ўсё жанішкі,

Добры вечар добрым людзям! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Сядзяць на куце ў белым кажусе.

Да прыйшла Дунячка, кажа: тут жа і мой,

Сядзіць на заслонцы, лічыць чырвонцы.

Прыйшла Аксінка, кажа: тут жа і мой,

Сядзіць на прыпечку, грае ў скрыпачку.

 

Народны каляндар

<<  Красавіка 2019  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
  1  2  3  4  5  6  7
  8  91011121314
15161718192021
22232425262728
2930