ТАЛОЧНЫЯ ПЕСНІ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 81 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

84.8%UNITED STATES UNITED STATES
6.7%BELARUS BELARUS
1.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.6%GERMANY GERMANY
0.9%KUWAIT KUWAIT
0.5%POLAND POLAND
0.4%AUSTRALIA AUSTRALIA

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
ТАЛОЧНЫЯ ПЕСНІ

 

784. Гілевіч, 1974, с. 302. Зап. Я. Ціхановіч і Д. Суднік у в. Заслаўе Лепельскага р. ад Фёклы, 1888 г. н., і Ганны Таран, 1900 г. н.

 

Талака, талака

Талачылася,

Увесь дзень па полі

Валачылася.

Мы ўвесь гнаёчак

Павыносілі,

На падводачках

Павывозілі.

Да ўвесь гнаёчак

Раскалацілі,

На ручках гнаёчак

Перадзяржалі,

Ножкамі зямельку

Перамералі.

 

785. Гілевіч, 1974, с. 302. Зап. Т. Жук у в. Трэці Гарадзец Ушацкага р. ад Алімы Віннік, 58 г.

 

Гаспадар, гаспадар,

Выхадзі з клеці,

Вынасі, вынасі

Кварту гарэлкі.

Мы твае гнаёчкі

Павывозілі,

Мы твае хлявочкі

Павычышчалі,

Мы твае нівачкі

Пазасцілалі.

 

786. Гілевіч, 1974, с. 302. Зап. Т. Шаўчук і В. Ткач у в. Пунішчы Лепельскага р. ад Ефрасіниі Ісачонак.

 

А і добра мы табе,

Татулька, зрабілі:

Мы твае хлявочкі

Папаражнілі,

Мы твае нівачкі

Пазалацілі.

Заплаці ж вознічкам

Хоць па грыўнічку,

А сваім капачам —

Па рубельчыку.

 

787. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 92, сш. 1, л. 87. Зап. Г. Барташэвіч у 1974 г. у в. Абчуга Крупскага р. ад X. Мясаедавай, 1911 г. н.

 

А мы свайму пану

А ўчынілі славу,

Славу ўчынілі:

Гнаёк павазілі,

Ніўку ўкрасілі.

Радзі ж, божа,

Жыта на навозе,

Дай, божа,

Такое і на аблозе,

Жыта ядраное,

Калоссе буйное.

 

788. Шейн. Материалы, с. 205, № 211. Зап. Е. Сакалоў у Дрысенскім п.

 

Таргуйся, таргуйся, Кірылку, з намі,

Мы тваё поленька золатам слалі,

Золатам, золатам да ўсё серабром.

Дай жа нам, Кірылка, хоць па талеру,

Вяйшцякам, вайшцякам хоць па рубялёчку,

Капачам, капачам хоць па бізуночку,

Што яны табе наругаліся,

На стайні конікі настаяліся,

У полі жоначкі напяяліся.

 

789. Горбачевский // Витеб. губерн. ведомости, 1896, № 87. Зап. у Лепельскім п.

 

Таргуйся, таргуйся, суседка, з намі,

А плаці ж, суседка, нам чырванцамі.

Мы тваё полечка ўсё разведалі,

Мы твае нівачкі пазатрасалі,

Мы твае хлявочкі павычышчалі,

Ад цябе, суседка, чэсці не зналі.

 

790. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 79, сш. 8, л. 9. Зап. Л. Гутарава ў 1963 г. у в. Бараны Глыбоцкага р. ад Тэафіліі Крывёнак, 1907 г. н.

 

У майго татулькі

Новая брама.

А з-пад той брамачкі

Тры ручаёчкі ідуць:

У адным ручайку —

Горка гарэлка,

А ў другім ручайку —

Зялёнае віно,

А ў трэцім ручайку —

Салодкі мядок.

Горкая гарэлка —

Для кідальнічкаў,

Зялёнае віно — .

Для трасеннічкаў,

Салодкі мядочак—

Для важтаечкаў.

 

791. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 87, сш. 2, л. 14. Зап. М. Грынблат у 1964 г. у в. Дамашова Сенненскага р. ад Матруны Ляхновіч, 1911 г. н.

 

Дамашэўскае поле

Задрамала стоя.

Чаго яно задрамала?

 

Разбівачкі старыя,

А вілкі дзервяныя —

Таго яно задрамала.

 

Папоўскае поле

Зазвінела стоя.

Чаго яно зазвінела?

 

Разбівачкі маладыя,

А вілкі залатыя —

Таго яно зазвінела.

 

792. Шейн. Бел. песни, с. 130, № 188. Зап. Л. Склярэнка ў в. Дубраўкі Лепельскага п.

 

Няслава, няслава, гаспадар, твая,

Не п'яна, не п'яна талака твая.

А ў хлеве, у хлеве мужчынкі п'янюсенькі,

А ў полі, у полі жоначкі цверазюсенькі.

А ў хлеве мужчынкі, як жучкі, гудзяць,

На полі жоначкі, як пчолкі, звіняць.

Да ўчыні, да ўчыні славеньку сваю,

Да ўпаі, да ўпаі талаку тваю.

 

793. Шлюбскі, с. 168—169. Зап. у 1914 г. у в. Заблудычына Віцебскага п.

 

— Ні слава, ні слава, Ярэмка, твая,

Ні п'яна, нясыта талака твая.

Хто ў цябе, Ярэмка, работу рабіў?

Хто ў цябе, Ярэмка, гарэлку папіў?

— Рабілі работку талачаначкі,

Папілі гарэлку прыхажайкі.

Трасейкам-паненкам хоць па талеру,

А гультаям-капачом — у лоб таўкачом.

 

794. Шейн. Материалы, с. 206. Зап. у м. Ветрына Лепельскага п.

 

А, знаць, наш бацюшка багата жывець,

Яго талака далёка слывець.

А ў яго талака ўсё наёмная,

Паплаціць бацюшка талачаначкам:

Маладым дзевачкам па чырвончыку,

А маладым важтайкам па рубельчыку,

А сваім кідачом паддай гарбачом:

За імі конікі настаяліся,

Малыя важтайкі нагуляліся,

У полі дзеванькі напяяліся.

 

795. Романов, 8, с. 194. Зап. Г. Неплюкоў у фальв. Ізабеліна Лепельскага п.

 

Талачу, талачу, я гарэлкі хачу!

Талака, талака, талакі не ўняць,

Не даюць гарэлкі — не буду пяяць.

А ў каго, а ў каго двор на памосце,

А ў таго, а ў таго любыя госці.

— А чаму, сусед, піва не варыш,

Ці ў цябе, сусед, ячмень не ўрадзіў?

— Не ўрадзіў ячмянёк, толькі пшоначка,

Не вяліць, не вяліць мая міла жоначка.

 

796. Сахараў, 1, с. 56. Зап. у 1933 г. у в. Мельнікі Лудзенскага п. ад Галіны Хомчанка, 1882 г. н.

 

Знаць, наша доля не такая, [Кожны радок паўтараецца.]

Наша гаспадынька скупая.

Сядзіць на палочку ў куточку,

Дзяржыць бутэлечку ў падалочку,

Ківаець, міргаець на мілога:

— Не пей, мой міленькі, гарэлку,

Кідай к заўтраму на пахмелку.

Будзем раненька ўставаці,

Сваю сямейку пахмяляці.

 

797. Горбачевский // Витеб. губерн. ведомости, 1896, № 87. Зап. у Лепельскім п.

 

— Ці ў цябе, Барыска, двор на памосце?

Ці ў цябе, суседка, любыя госці?

Чым жа нас, суседка, частаваць будзеш,

Ці віном зялёным, ці гарэлачкай?

— Я віном зялёным, салодкім мёдам.

— Ці ў цябе, Барыска, ячмень не ўрадзіў,

Што для нас, для гасцей, піва не варыў?

— А ўрадзіў жа ячмень, яшчэ й пшоначка,

Не варыла ж піва мая жоначка.

 

798. Шейн. Бел. песни, с. 139, № 208. Зап. Л. Склярэнка ў в. Дубраўкі Лепельскага п.

 

Каля месяца, каля яснага

Усё дробныя звёзды,

У нашага гаспадара кала століку

Усё любыя госці.

— А ты, Андрэйка, ты, татулькін сын,

Прыглядай жа гасцей.

А ты, чарачка пазлачоненька,

Да хадзі ж ты часцей.

 

799. Гілевіч, 1974, с. 304. Зап. Т. Жук у в. Трэці Гарадзец Ушацкага р. ад Марыі Нікалаевай, 70 г.

 

Талака, талака

Талачылася,

Таўкучы, мелючы,

Я змарылася.

Сеяла мучыцу —

Апылілася.

Выйшла на вуліцу

Скаланулася

Ды сваім суседкам

Наругнулася.

Работка мая —

Уся пыльная,

Маім суседзям

Ды й завідная.

 

800. Гілевіч, 1974, с. 304—305. Зап. Т., Шаўчук і В. Ткач у в. Слабодка Лепельскага р. ад Ірыны Кляменьцевай, 64 г.

 

Добра мне, добра

За старым дзедам:

Не маю клопату

За яго хлебам.

Пойдзець у карчомку,

А я за ім следам.

З карчомкі ідзець —

За ручку вядзець.

Прывёўшы дамоў,

Пасцельку сцелець.

Паслаўшы пасцель,

Спатачкі кладзець:

«Спі, мая мілая,

Да белага дня:

У мяне не дзесяць —

Ты ў мяне адна».

 

801. Гілевіч, 1974, с. 305. Зап. Т. Жук у в. Трэці Гарадзец Ушацкага р. ад Ганны Віннік.

 

Як сядзем мы на лавачцы,

Як вып'ем ды па чарачцы,

Як сядзем мы на роўненькай,

Як вып'ем ды па поўненькай.

А мы пілі, не ўпіваліся,

Што дамоў ішлі — не валяліся,

У вароцейках пахіліліся,

У новых сенях паваліліся.

 

802. Гілевіч, 1974, с. 306—307. Зап. В. Ляшчынская і В. Крыштаповіч у в. Лісічына Ушацкага р. ад Яўгеніі Малаш, 1914 г. н.

 

На мяне казалі:

Пасялушачка, [Кожныя два радкі паўтараюцца.]

А я ў свайго таткі

Весялушачка.

На мяне казалі:

Па сялу хаджу,

А я ў свайго таткі

Работку раблю.

На мяне казалі:

Горка п’яніца,

А я ў свайго таткі

Ды работніца.

 

803. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 57, сш. 5, л. 21. Зап. А. Ліс у 1972 г. у в. Боркавічы Верхнядзвінскага р. ад групы жанчын.

 

А ты, вуліца мяцёная, [Кожны радок паўтараецца.]

А чым вуліца ўкрашоная?

Ці дудамі, ці музыкамі,

Ці мальцамі без'языкімі?

Ні дудамі, ні музыкамі,

Ні мальцамі без'языкімі,

А тэй дзевіцай-красавіцай...

 

804. ЦНБ АН БССР, АРКІР, ф. 3, воп. 1, спр. 56, л. 146. Зап. у 80-я гады XIX ст. на Дзісеншчыне. З архіва С. П. Сахарава. Талака.

 

Коціцца-валіцца

Звёздачка з неба.

Хочацца моладзе

Белага хлеба.

Я б, малада,

Чорны хлеб ела,

Абы я, малада,

Журбы не мела.

Хоць бы я хлеб ела,

Хоць і з вадою,

Абы мне жыці

Не із бядою.

 

805. Шейн. Бел. песни, с. 140. Зап. М. Шымковіч у Лепельскім п.

 

Вы, мужове-панове!

Піце піва п'яное,

Гаварыце мужское:

А ў каго мамка стара —

У той хаце слаўна.

А чыя жонка добра —

У той хаце штодзень гульня,

У каго жонка ліха —

У хаце няціха.

 

806. АІМЭФ, ф. 8, воп. 85, спр. 229а, сш. 1, л. 87. Зап. А. Ліс у 1981 г. у в. Нача Крупскага р. ад З. Занямонец, 1921 г. н., В. Кабак, 1922 г. н., В. Блажко.

 

Людзі — суседзі мае

П’юць і ядуць у мяне,

П’юць і ядуць у мяне,

Судзяць, гавораць аба мне,

Штоб я пакінуў жану,

Штоб я пакінуў маладу.

То ж не сумленне маё,

Каб я пакінуў жану,

Каб я пакінуў маладу.

Дзеткі — пацеха мая.

Жонка — пакраса мая.

Дзеткі пацешуць у даму,

Жонка пакрасіць у піру.

 

807. Зап. А. Ліс у 1981 г. у в. Нача Крупскага р. ад З. Занямонец, 1921 г. н., В. Кабак, 1922 г. н., В. Блажко. Кірмашовая. Архіў збіральніка.

 

Пазвалі мяне ў бяседу [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

Чэраз вуліцу ды к суседу.

— А ідзі, жана, у бяседу,

Павышай людзей не садзіся,

За поўную чару не бярыся,

Дамоў ідучы, не валяйся.

Ай, жана мужа не слухала:

Павышай людзей садзілася,

За поўную чару ўхапілася,

Дамоў ідучы, валялася.

 

808. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 77, сш. 2, л. 28. Зап. К. Цвірка ў 1973 г. у в. Слудашы Шумілінскага р. ад Вольгі Касцюшовай, 72 г.

 

Бруіла вада каля каменя, [Кожны радок паўтараецца.]

Сколькі бруіўшы, ды на ніз пайшла.

Мовіла дзеўка з добрым молайцам,

Сколькі мовіла, ды ў цяром пайшла.

— Ты не йдзі ка мне позна з вечара,

А прыйдзі ка мне су паўночанькі.

Па полю ідзі ты туманейкам,

Па сялу ідзі дробным дожджыкам,

А на двор ідзі ясным месяцам,

А ў сеначкі — шэрым коцікам,

А ў хатаньку — залатым кальцом,

На краватаньку — добрым малайцом.

 

809. Романов, 8, с. 199. Зап. у в. Завулкі Дзісенскага п.

 

Лятала паванька ў саду, па саду,

Раніла пер'ейка ў зеляну траву.

Не жаль жа мне паванькі, ні пер'я яе,

Ды жаль жа сястрыцы ў чужой старане.

Як трудна рыбаньцы ў мутнай вадзе,

Так маей сястрыцы ў чужой старане.

Як трудна рыбаньцы без вады быць,

Так маёй сястрыцы без радні жыць.

Як лягу — забуду, устану — на ўме,

Што мая сястрыца ў чужой старане.

 

810. Сахараў, 4, с. 135, № 241. Зап. В. Гвозд у 1936 г. на хутары Судрабу Ілукстэнскага п. ад Уршулі Нейжборт, 72 г.

 

Ішла я, малада, быстраю ракою,

Ламала красачкі праваю рукою.

Я тыя красачкі ды пагубляла,

Я свайго татульку тры гады ждала,

Тры гады, тры гады, тры нядзелечкі,

Прыехаў татулька неспадзевачкі.

Я свайму татульку піва варыла,

Ішла я з піўніцы — завалілася,

Залата чарачка разбілася,

Я з сваім татулькам пасварылася.

 

811. Шейн. Бел. песни, с. 134. Зап. у м. Чашнікі Лепельскага п. ад Каткевічоўны.

 

Дунай з морам паспіраліся

А за дзеваньку сіроціньку.

Мора кажыць: «Я яе ўтаплю

Гэту дзеваньку сіроціньку».

Дунай кажыць: «Валной выкіну

Гэту дзеваньку сіроціньку».

Сонца кажыць: «Я яе высушу

Гэту дзеваньку сіроціньку».

Дождж кажыць: «Я яе абаллю

Гэту дзеваньку сіроціньку».

Вецер кажыць: «Я яе абадму

Гэту дзеваньку сіроціньку».

А бог кажыць: «Я ёй долю дам

Гэтай дзеваньцы сіроціньцы».

 

812. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 79, сш. 10, л. 17. Зап. А. Гурскі ў 1963 г. у в. Бараны Глыбоцкага р. ад Тафіліі Крывёнак, 1907 г. н.

 

Белая бярозка караністая,

Да папаўся мне мілы наравісты.

Пакуль я наравы яго зведала,

Не раз я слёзкамі паабедала,

Не раз я пад акном настаялася,

Рукаўком слёз наўціралася.

Не раз мне падпаветка за хатку была,

Не раз мне суседка за мамку была.

 

813. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 117, сш. 3, л. 25—27. Зап. Г. Барташэвіч у 1976 г. у в. Крыўцы Лепельскага р. ад П. Санько, 73 г.

 

Нядоля, нядоля,

Няшчасце маё, [Кожныя два радкі паўтараюцца.]

Не любіць свякроўка

Йменнечка майго,

Ні ймення, ні мяне,

Ні работачкі.

Шчэ й пятух не пяяў,

Гусак не крычаў,

Толькі адна ваўчыца

У лесе выла,

Тады мяне свякроўка

Па ваду слала.

Як стукну, як грукну,

Суды беручы,

Як крыкну, як гукну,

Па вуліцы йдучы.

Як пачуў міленькі,

Коні пасучы.

— Пастаі, мілая,

Коні напасу,

Я й коні напасу,

Ваду прынясу.

— Чарэпай, міленькі,

Суды поўныя

Ды нясі, міленькі,

Памалюсеньку,

А пастаў, міленькі,

Паціхусеньку,

Каб гэта лавачка

Не ўздрыгнулася,

Каб гэта вадзіца

Не пліхнулася,

Ліхая свякроўка

Не абачхнулася.

Вот табе, свякроўка,

З Дунаю вада,

Памыйся, напіся

З поўнага вядра.

— Я й цябе, нявеста,

Ні вады слала,

Я й цябе, нявеста,

З свету збаўляла.

 

814. Романов, 8, с. 193. Зап. у с. Болецк Гарадоцкага п.

 

Зара мая, зоранька,

Узайдзі рана, пастой позна,

Пакулька я прыбяруся,

Умяту двор мяцёлачкай,

Усцялю стол скацёрачкай.

Будуць ка мне любыя госці:

А любы госць — родны татка,

Любая госця — родная мамка.

Госці на двор — кубкі на стол,

Госці з двору — кубкі з столу.

 

815. ЦНБ АН ЛітССР, ф. 21, воп. 1, спр. 122, л. 40. Зап. Я. Драздовіч у 1930 г. у в. Антаполле Дзісенскага п. ад Ганны Міраш, 1893 г. н.

 

На вуліцы жук, жук,

На вуліцы чорна,

Натачыў норкі

Аж да чужой жонкі.

А чужая жонка,

Як асіна горка,

Свая, маладзенька,

Як мёд, саладзенька.

 

816. ЦНБ АН ЛітССР, ф. 21, воп. 1, спр. 122, л. 39. Зап. Я. Драздовіч у 1930 г. у в. Антаполле Дзісенскага п. ад Ганны Вашкель, 1880 г. н.

 

Ды жаль жа я маю ні памалу,

Што я малады не жаніўся,

Пад старыя леты валачыўся,

Узяў сабе жонку маладую,

Узяў і пасцельку мяккую.

Ды лёг жа я спаці на краваці,

Сасніўся мне сон нярадасны:

З правай рукі персцень зваліўся

Ды па белай ложы пакаціўся —

Ды знаць мая смерць недалёка,

Астанецца жонка маладая,

Астанецца пасцелька мяккая,

Астануцца да й дзеткі малыя.

 

817. Шейн. Бел. песни, с. 221. Зап. Смігельская ў Дзісенскім п.

 

Да бараначка чорненькі, чорненькі,

На ім воўна сучыцца, сучыцца —

Нам гарэлачкі хочыцца, хочыцца.

Мы бараначку стрыч будзем, стрыч будзем.

Мы бараначку астрыжом, астрыжом,

Мы гарэлачку ўсю пап'ём, усю пап'ём.

На іх воўна каротка, каротка,

Нам гарэлачка салодка, салодка.

На іх воўніца роўненька, роўненька,

Нясуць нам бутэлькі поўненькі, поўненькі.

Да наш паночак у вобрэ, у вобрэ,

Наша пані ў лісах, у лісах,

Нясець нам закускі ў місах, у місах.

 

818. Романов, 1—2, с. 275, № 20. Зап. у в. Ганчарова Сенненскага п.

 

Ішла талака з чыстага поля,

З круглае ніўкі.

— Гаспадынька, запалі свечку,

Выйдзі на сустрэчку.

Не пытаець наша гаспадынька:

Ці жывы, здаровы,

Ці крэпкі, вясёлы?

Толькі пытаець:

Ці многа ўвазілі,

Ці многа ўлажылі?

Улажылі поле нязмернае,

Увазілі вазы незлічоныя.

 

819. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 292, л. 11. Зап. у 1889 г. у Круговіцкай вол. Слуцкага п.

 

Да што ў полі шуміць-гудзе?

Талака з поля ідзе,

Талака бяленька,

Там жа ж і мая міленька.

Мая міла знакаміта:

На ёй шуба шоўкам шыта,

Сабалямі падбітая,

А кунаю абложана

I на яе ўзложана.

 

820. Романов, 1—2, с. 274. Зап. у в. Цюцькі Сенненскага п.

 

А чыя ж то жана па двару ходзіць —

Двор разлягаець?

Максімава жана па двару ходзіць —

Двор разлягаець.

На ганачак ўзойдзіць — аж ганачак гнецца,

А ў клетаньку ўвойдзець — аж клетанька ззяець,

За пляшачку возьмецца — гарэлачка льецца,

За чарачку возьмецца — гарэлачка п'ецца.

 

821. Романов, 8, с. 197—198. Зап. Д. Арлоў у Дрысенскім п. ад Шлыка.

 

Ай, жарка-то, жарка ў лозе калінцы,

Ай, жарчэй-то, жарчэй нашай гаспадыньцы.

Наша гаспадынька па двару хадзіла,

Па двару хадзіла, слядочкі драбіла.

На ганак ступіла — ганак абламіла,

У сені ступіла — сені асвяціла,

У хату ступіла — хату залаціла,

У камору ступіла — служак пабудзіла:

— Уставайце, служкі, верныя дачушкі,

Сталы засцілайце, кубкі налівайце,

Кубкі налівайце, гасцей сазывайце.

— А сталы засланыя, кубкі наліваныя,

Кубкі наліваныя, госці сазваныя.

 

822. Шейн. Бел. песни, с. 129. Зап. Смігельская ў Дзісенскім п.

 

Ці не пчолка

Зазвінела звонка,

З улля вылятая?

То ж не пчолка —

Наша гаспадынька

Па двару хадзіла,

Ключыкі насіла,

Каморы адмыкала,

Кубкі налівала,

Кубкі налівала,

Гасцей частавала.

 

823. Гілевіч, 1974, с. 303. Зап. Т. Нуждзіна ў в. Дзянісавічы Крупскага р. ад Ганны Кляшчонак, 58 г.

 

— Чыя ж гэта талака

Шчуку-рыбу валакла

А сабе на вячэру?

— Іванава талака

Шчуку-рыбу валакла

А сабе на вячэру.

Гаспадыня тужыла,

Што вяліка дружына:

Піва не набраці.

А гаспадар таму рад:

«Садзіцеся, жнейкі, у рад,

Буду частаваці».

 

824. Романов, 1—2, с. 270, № 3. Зап. Пашкевіч у в. Нямойта Сенненскага п.

 

А ў нашага пана

Як стаіць дык стаіць

Вараны конічак на стаенцы.

А каго ж нам наняць

Ды за што ж нам наняць?

Трэба молайца наняць

Варанога каня напаіць.

А ў нашае пані

Як мокра дык мокра...

Тонкія абрусы на стале.

А каго ж нам наняць

Ды за што ж нам наняць?

Трэба прачак наняць

Абрусы папаласкаць.

А ў нашага паніча

Як вісіць дык вісіць

Вострая шабелька пры боку.

А каго ж нам наняць

Ды за што ж нам наняць?

Трэба молайца наняць

Войстру шаблю шараваць.

А ў нашае паненкі

Як зарасла дык зарасла

Рута-мята ў гародзе.

А каго ж нам наняць

Ды за што ж нам наняць?

Трэба полатых наняць

Руту-мяту папалаць.

 

825. Гілевіч, 1974, с. 274. Зап. у в. Бялевічы Лідскага р. ад Ганны Вярцінскай, 1913 г.н.

 

Дажалі мы жыта

Да самай граціцы,

У нашай гаспадыні

Шырокія спадніцы.

Спадніцамі патрасець,

Нам закуску прынясець.

Плён жыта, плён са ўсіх старон!

А ў нашага гаспадара

Кудравая галава.

Ён кудрамі патрасець,

Гарэлкі нам прынясець.

Ён кудрамі пакалоціць,

Гарэлку нам пасалодзіць.

Плён жыта, плён са ўсіх старон!

 

826. ІРЛІ, ф. 163, воп. 1, спр. 39, Я° 49. З матэрыялаў Сержпутоўскага. Зап. у в. Лучын Слуцкага п.

 

— Сакол мой, саколе,

Пераляці маё поле,

Накажы маёй матцы,

Няхай ка мне жанцоў прышле,

Няхай маё жыта сажне.

— Не журыся, маладзіца,

Я к табе сама прыйду,

Я тваё жыта сажну

Да у копкі пакладу:

Дзе горка — там копка,

Дзе далінка — там сцірдзінка,

Дзе ражочак — там стажочак.

 

827. Гарэцкі, Ягораў, с. 107. Зап. у в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р.

 

Па полю сіз голуб лятаіць,

А ён свае галубкі шукаіць:

— Ай, каб мая галубка са мною,

А ўмеў ба ж я па полю лятаці,

А ўмеў ба ж я пшанічку кляваці...

Іванічка ўсё па двару ходзіць,

А ён сваю Алесечку просіць:

— Ай, каб мая Алесечка са мною,

А ўмеў ба ж я пры сталу стаяці,

А ўмеў ба ж я жнеек частаваці.

 

828. Романов, 1—2, с. 272—273. Зап. у в. Зенькава Сенненскага п.

 

Дзе ж тая барэлачка,

Што была гарэлачка?

Ці ў хаце пад лаўкай

Зарасла мураўкай,

Ці ў сенях над суднікам

Зарасла трыпутнікам,

Ці ў хаце пад загнетам

Зацвіла жоўтым цветам?

Дайце нам зелязніцу,

Адкапаем п'яніцу,

Сядзем мы на лаваньцы,

Вып'ем мы па чараньцы,

Сядзем мы на роцьніцы,

Вып'ем мы па поўніцы.

Мы людзі рабочыя —

Піць гарэлку ахвочыя.

 

829. Шейн. Материалы, с. 206. Зап. Г. Сушчынскі ў Чавускім п.

 

Ох вы, столікі мае,

Вы цясовыя мае,

Чаго ж вы стаіцё

Не засланы у мяне?

А вы, кубачкі мае,

Пазлацаныя мае,

А чаго ж вы стаіцё

Не наліты у мяне?

Ах вы, госцікі мае,

Вы любыя мае,

А чаго ж вы седзіцё

Не вясёлы у мяне?

Ці мой хмель не хмялён,

Ці мой хлеб не пушон?

Калі хмель не хмялён,

Кажу хмелю падлажыць,

Калі хлеб не пушон,

Кажу хлеб папушыць.

 

830. Шейн. Материалы, с. 206—207. Зап. Г. Сушчынскі ў Чавускім п.

 

Ах вы, столікі мае,

Вы цясовенькія!

А чаго вы стаіцё

Незасланенькія?

Ах вы, госцікі мае,

Вы любоўненькія!

А чаго вы сядзіцё

Невясёленькія?

А ці хлебушка пушон,

Ці хазяін невясёл?

Калі хлебушка пушон —

Магу выпалаць.

А хазяін невясёл —

Магу выведаць.

Кунні сабалі

На колічках вісяць,

Мужыкова наравы

На плечыках ляжаць.

Кунні сабалі

Усе сізюсенькія,

Мужыкова наравы

Усе малюсенькія.

 

831. АІМЭФ, ф. 8, воп.«85, спр. 229а, л. 104. Зап. А. Ліс у 1985 г. у в. Вузла Мядзельскага р. ад Софіі Шчарбіцкай, 1914 г. н.

 

Дачка мамцы гасцінца шле,

Дачка мамцы гасцінца шле

Садовае яблычка.

 

На тым яблычку,

На тым яблычку .

Тры слоўцы напісана:

 

Першае словечка,

Першае словечка:

«Гора мне, матулечка».

 

Другое словечка,

Другое словечка:

«Дзеткі мае маленькія».

 

Трэцяе словечка,

Трэцяе словечка:

«Мой муж наравісты».

 

— Ой, гаруй, дзіця, гаруй,

Ой, гаруй, дзіця, гаруй,

Малых дзетачак гадуй,

А як дзетак пагадуеш,

Тады гора адгаруеш.

 

832. Романов, 8, с. 197. Зап. Анікіевіч у Чэрыкаўскім п.

 

— Сілязенька, галоўка сізенька,

А крыллейка быстрынька,

Ці пераляціш шырокае поле,

Глыбокае мора?

— Не пералячу я шырокага поля,

Глыбокага мора,

Толькі пералячу імхі ды балоты

Ды вузкія валокі!

— А ты, Аўдулька, нежнае дзіцятка,

Ці перанясеш матульчыну негу

К свёкру на падвор'е?

— Толькі перанясу цяжкае ўздыханне,

Слёзнае абліванне.

 

833. Гарэцкі, Ягораў, с. 106. Зап. у 1926 г. у в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р. ад Просі Гарэцкай, 66 г.

 

Ах вы, мілы мае бабачкі, [Кожны радок паўтараецца.]

Вы пажалі маё жыцечка,

Вы пажніце маю белую яр!

Пабярыце канапелечкі,

Пакапайце мае градачкі,

Пакажыце мне парадачкі.

 

834. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 292, л. 15. Зап. у 1889 г. у Круглавіцкай вол. Слуцкага п.

 

Ой, пайду я да Дунаю

Да я стану, падумаю,

Да ў Дунаю да дно відно.

Мне ў бацюхны дабро было,

У свёкаркі пагоршала,

Работанькі пабольшала:

На постаці пераднюю,

Над жорнамі заначую.

 

835. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1,спр. 48, сш.4, л. 48—49. Зап. А. Гурскіў 1960 г. у в. Задоры Сіроцінскага р. ад Хрысціны Туманавай, 1907 г. н. Спяваюць, калі сеюць жыта на зіму.

 

Час дамоў, час дамоў, час дамоў ісці, [Кожны радок паўтараецца.]

А ў маім дамочку раёчкі ўюцца,

Усё раі, усё раі, усё не пустыя,

Ай, носюць мядочкі, а ўсё й густыя.

Хто ж тыя раёчкі аграбаць будзець?

Хто ж тыя раёчкі спажываць будзець?

Аграбаць раёчкі будзець Коленька,

Спажываць мядочкі будзець Валечка.

 

Народны каляндар

<<  Лістапада 2017  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
    2  3  4
  7  8101112
1314161819
2122232426
282930