ТРАЕЦКІЯ, КУСТАВЫЯ, РУСАЛЬНЫЯ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 529 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.6%CHINA CHINA
5.4%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5.1%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
ТРАЕЦКІЯ, КУСТАВЫЯ, РУСАЛЬНЫЯ

 

303. Неверович. О праздниках, поверьях и обычаях поселян Смоленской губ. // Памятная книга Смоленской губ. на 1859 г., с. 53—54.

 

Пойдзем, дзевачкі,

Ва лугі, лужочкі

Завіваць вяночкі.

Мы заўём вяночкі

На годы добрыя,

На жыта густое,

На ячмень каласісты,

На авёс расісты,

На грэчку чорную,

На капусту белую.

 

304. Веснавыя песні, с. 183. Зап. М. Грынблат у 1967 г. у в. Каўшова Мсціслаўскага р. ад С. Вяркеевай, 1898 г. н.

 

Пойдзем, дзевачкі,

Мы ў гай гуляць,

Ай, люлі, люлі,

У гай гуляць.

У гай гуляць,

Вянкі завіваць.

Як заўём вянкі

Ды на ўсе святкі,

Ай, люлі, люлі,

Ды на ўсе святкі.

На духоўскія

I на пятроўскія.

Ой, Дух-Тройца,

Ты субор дзеўкам,

Ай, люлі, люлі,

Субор дзеўкам,

А святы Ілля —

То разгон дзеўкам,

Ай, люлі, люлі,

То разгон дзеўкам.

Разагнаў дзевак

Па чыстым полі,

Ай, люлі, люлі,

Па чыстым полі,

Па ельнічку,

Па бярэзнічку,

Ай, люлі, люлі,

Па бярэзнічку.

 

305. Гілевіч, 1973, с. 42. Зап. А. Лаўшук у в. Альсневічы Мядзельскага р. ад Марылі Хілы.

 

Пойдзем мы, дзеванькі, на луг гуляці,

Люлі, люлі, на луг гуляці.

Мы саўём вяночкі, мы саўём зялёныя,

Люлі, люлі, саўём зялёныя.

Пусцім мы вяночкі на чыстыя воды,

Люлі, люлі, на чыстыя воды.

Вяночкі, плывіце, пра долю кажыце,

Люлі, люлі, пра долю кажыце.

Ці будзем мы жывы да цёплага лета,

Люлі, люлі, да цёплага лета?

Ці спалюбяць нас хлопцы удалы,

Люлі, люлі, хлопцы удалы?

Ці павядуць нас у свае дамы,

Люлі, люлі, у свае дамы?

 

306. Шейн. Материалы, с. 186—187, № 180. Зап. у Духаўшчынскім п.

 

Не радуйся, клён да ясення,

Не к табе ідуць дзеўкі красныя,

Не табе нясуць яешні смашныя,

Гарэлку горкую, скрыпку звонкую.

Ай, люлі, ай, люлі!

Ай, люлі, люлі, люлі!

Ты радуйся, белая бяроза,

К табе ідуць дзеўкі красныя,

Табе нясуць яешні смашныя,

Гарэлку горкую, скрыпку звонкую.

Ай, люлі, ай, люлі!

Ай, люлі, люлі, люлі!

Дух да Троіца — дзеўкам зборышча,

А святы Ілля — дзеўкам разбор!

Ай, люлі, ай, люлі!

Ай, люлі, люлі, люлі!

 

307. Шейн. Материалы, с. 189—190, № 186. Зап. у Бельскім п.

 

Ну, не радуйся ты, дубняк, кленнік,

Што дубняк, кленнік, ель кудравая,

Ель кудравая, зелена сасна.

Толькі радуйся, бела бяроза,

Што ты белая да кудравая,

Ну, кудравая, малажавая,

Што к табе ідуць красны дзевіцы,

Ну нясуць табе ўсе гасцінічкі —

Усё шырыначкі да платошачкі.

А за імі ідуць стары бабушкі,

Ну нясуць табе ўсё гасцінічкі —

Усё яечніцы з драчонаю.

А за імі ідуць стары старыкі,

Табе кланяюцца, бела бяроза,

Што ты белая да кудравая,

Ну кудравая, малажавая.

 

308. А. С. Тройцин день//Мин. листок, 1886, № 18.

 

Выхвалялася бяроза,

Што ў яе лісточак зеляненек,

Што ў яе вецейкі дадолу.

Як зачуў, пачуў шэры дуб:

«Не хваліся,— кажыць,— бяроза,

Не сама бяроза развілася,

Расціў бярозу гасподзь бог,

Зеляніў лісточкі дожджычак».

Выхвалялася дзевачка,

Што ў яе спадніца дадолу.

Як учуў, зачуў дзяцінка:

— Не сама, дзевачка, спраўляла,

Спраўляла табе мамачка.

— А ў мяне касіца да пояса.

— Не сама касіцу расціла,

Расціла касіцу мамачка.

 

309. Грынблат, с. 17—18. Зап. Ф. Рубцоў у в. Жальвінец Глускага р.

 

Ці ты бывала, Тройца, ці бывала?

Ой, я й, маладая, не ўгадала,

Я і, маладая, не ўгадала...

Я і, маладая, на вуліцы не бывала.

Да й на вуліцы я й не бывала,

Эх, мяне мая мамачка не пушчала.

Мяне мая мамачка не пушчала,

Ой, да й у каморку, ой, запірала,

Да й у каморку, эх, запірала.

А ў каморачцы акенечка,

А ў каморачцы ды акенечка,

А там мне, маладой, ой, бядненечка,

А там мне, маладой, бядненечка.

А на вуліцы дымок, ох, да ідзе,

А на вуліцы дымок ідзе,

А там мой міленькі танок вядзе,

А там мой міленькі танок вядзе,

А ў левай руцэ ён вянок нясе.

 

310. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 40, сш. 4, л. 42. Зап. Г. А. Барташэвіч у 1971 г. у в. Закор'е Браслаўскага р. ад М. I. Лаўрыновіч. «Пры палатне».

 

Ой, выйду ж я за вароты —

Трава-мурава. [Кожная страфа паўтараецца.]

 

Сюды-туды гляну —

Чужа старана.

 

Ой, да выйду ж я за другія –

Там сад-вінаград.

 

А ў тым садзе-вінаградзе

Падружкі мае.

 

Вы дзевачкі-паненачкі,

Падружкі мае,

 

Як пойдзеце ў чыста поле,

Завіце мяне.

 

Як будзеце кветкі рваць,

Нарвіце і мне,

 

Як будзеце вянкі віць,

Савіце і мне,

 

Як будзеце вадой пускаць,

Пусціце і мой.

 

Усе вянкі вадой пайшлі,

А мой вот і не,

 

Усе дружкі з вайны прыйшлі,

А мой вот і не.

 

Усе дружкі на коніках,

А мой пехатой,

 

Усё дружкі у боціках,

А мой басатой.

 

311. Гарэцкі, Ягораў, с. 87, № 190. Тэкст зап. М. Гарэцкі, мелодыю — А. Ягораў у в. Багацькаўка Мсціслаўскага р. Аршанскай акр. ад Просі Гарэцкай, 66 г.

 

Вы, кумачкі-галубачкі, сястрыцы мае,

Вы, кумачкі-галубачкі, сястрыцы мае,

Як пойдзеце ў зялёны сад, гукніце й мяне,

Як пойдзеце ў зялёны сад, гукніце й мяне.

Як будзеце вы краскі рваць, нарвіце і мне,

Як будзеце вы краскі рваць, нарвіце і мне.

Як будзеце вянкі звіваць, савіце і мне,

Як будзеце вянкі звіваць, савіце і мне.

Як будзеце на галоўкі класць, ўскладзіце і мне,

Як будзеце на галоўкі класць, ўскладзіце і мне.

Як будзеце на Дунай пускаць, пусціце і мой,

Як будзеце на Дунай пускаць, пусціце і мой.

А ўсе вянкі паверх плывуць, а мой патануў,

А ўсе вянкі паверх плывуць, а мой патануў.

А ўсе дружкі з Масквы ідуць, а майго няма,

А ўсе дружкі з Масквы .ідуць, а майго няма.

 

312. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 10, сш. 1, л. 31—33, № 21. Зап. Г. А. Барташэвіч і Л. М. Салавей у 1968 г. у в. Палуж-1 Краснапольскага р. ад А. В. Бліннікавай, М. А. Ляшчовай, Г. С. Шчарбак, А. М. Палятаевай. «Вясна. Галоўная песня, як вянкі завіваюць».

 

За рэчкаю, за быстраю,

Слабодка стаіць. [Кожная страфа паўтараецца.]

 

Небальшая слабодачка —

Чатыры двары.

 

Ой, а ў той жа слабодачке

Чатыры кумы.

 

Вы кумушкі-галубушкі,

Падружкі мае,

 

Куміцеся, любіцеся,

Любіце й мяне.

 

Як будзеце ў зялён сад ісці,

Гукайце й мяне,

 

Як будзеце красачкі рваць,

Нарвіце і мне,

 

Як будзеце вяночкі віць,

Савіце і мне,

 

Як будзеце на галоўкі класць,

Кладзіце і мне,

 

Як будзеце на Дунай пускаць,

Пусціце і мой.

 

А ўсе вянкі паверх пайшлі,

А мой на дно паў,

 

А ўсе дружкі з вайны прыйшлі,

А мой запрапаў.

 

313. Сербов. Белорусы-сакуны, с. 141 — 142, № 1. Зап. I. А. Сербаў у 1911 г. у в. Жыцін Бабруйскага п. ад П. Жыцінка, 45 г. «Дзеўкі гушкаюцца і пяюць ля Тройцы”.

 

Валялём! Да на вуліцы ярловіца, валялём!

Валялём! Ой, цяжка хлопцам Пятровіца, валялём!

Валялём! Да судзі ж, божа, Пятра даждаць, валялём!

Валялём! Да Пятра даждаць, хлеба нажаць, валялём!

Валялём! Да тады пойдам у Жыцін у дзеўкі, валялём!

Валялём! У Жыціне дзеўкі харошыя, валялём!

Валялём! Ой, да ўсе ж яны багатыя, валялём!

Валялём! Даюць падаркі памятныя, валялём!

Валялём! А ў Крамку дзеўкі худобанькі, валялём!

Валялём! Даюць падаркі крапіўныя, валялём!

 

314. Gawrońska, с. 39—40, № 21. Зап. праф. Бр. Руткоўскі ў. в. Камаі Свянцянскага п.

 

Гэй, у-ля-лё! Саду мой, саду, саду зялёны, гэй, у-ля-лё!

Гэй, у-ля-лё! Саду зялёны, чаму не вясёл? Гэй, у-ля-лё!

Гэй, у-ля-лё! Раба зязюля сад весяліла, гэй, у-ля-лё!

Гэй, у-ля-лё! Сад весяліла, ў бор паляцела. Гэй, у-ля-лё!

Гэй, у-ля-лё! Двору мой, двору, двору шырокі, гэй, у-ля-лё!

Гэй, у-ля-лё! Двору шырокі, чаму не мяцён? Гэй, у-ля-лё!

Гэй, у-ля-лё! Млода Марылька двор падмятала, гэй, у-ля-лё!

Гэй, у-ля-лё! Двор падмятала і замуж пайшла, гэй, у-ля-лё!

 

315. Романов, 8, с. 146. Зап. Л. Ткачэнка ў в. Дуброўка Краснабудскай вол.

 

Ты, малодка, малодка маладая,

О-ох, ле-ле-лё, маладая!

Да чаго ты, малодачка, стара стала?

О-ох, ле-ле-лё, стара стала.

Ох ты, траўка-мураўка зялёная,

О-ох, ле-ле-лё, зялёная,

Да чаго ты, муравачка, пачарнела?

О-ох, ле-ле-лё, пачарнела.

Ці не гусі цябе сашчыпалі?

О-ох, ле-ле-лё, сашчыпалі.

Ці не маленькія гусяняткі?

О-ох, ле-ле-лё, гусяняткі.

Ці не дзеўкі цябе прытапталі?

О-ох, ле-ле-лё, прытапталі.

Да ўсё тымі чабатамі чырванымі?

О-ох, ле-ле-лё, чырванымі.

Да ўсё тымі падкоўкамі сталянымі?

О-ох, ле-ле-лё, сталянымі.

 

316. АІМЭФ, ф. 13, воп. 5, спр. 22, л. 4. Зап. А. Макарэвіч у в. Чырвонае Возера Любанскага р. ад П. I. Ганчар. «Пяюць на Тройцу”.

 

Ляцелі гусі гукаючы,

Слаўнага сяла шукаючы.

Слаўна сяло Намастырскае:

У ім юлачкі шырокія,

У іх дзевачкі харошыя,

У іх галоўкі, як маркоўкі,

Яны шчабечуць, як ластаўкі.

Ляцелі гусі гукаючы,

Брыдкага сяла шукаючы.

Брыдка сяло Восаўска:

У ім вулачкі вузенькія,

У іх дзевачкі брыдзенькія,

У іх галовішчы, як памялішчы,

Яны дзяруцца, як дзяркачышчы.

 

317. ІРЛІ, ф. 20, спр. 2, л. 7, № 7. Зап. М. Ю. Зубаў у 1906 г. у в. Мікулічы Клімавіцкага п. «Веснавая, як вянкі развіваюць».

 

Ай, не радуйся, зялёны дуб,

Ай, не радуйся, зялёны,

Не к табе ідзём вянкі развіваць,

Не к табе ідзём вянкі развіваць.

Ай, узрадуйся, бяроза,

Ай, узрадуйся, белая,

Мы к табе ідзём вянкі развіваць,

Мы к табе ідзём вянкі развіваць.

Разаўём вянкі на святкі,

Разаўём вянкі на святкі,

На гадавыя празнічкі,

На гадавыя празнічкі.

А мы вяночкі развілі,

А мы вяночкі развілі,

Мы гарэлачку папілі,

Мы гарэлачку папілі,

Мы яешаньку паелі,

Мы яешаньку паелі.

318. Булгаковский, с. 54, № 3. Зап. Д. Г. Булгакоўскі ў 1888 г. у Пінскім п. «Траецкая або на куста».

 

Тройца, Тройца, свята Багародзіца,

Пасею жыта, да няхай зародзіць.

Пасею жыта, пасею пшаніцу,

Зарадзі, божа, усяку пашніцу.

Што зародзіцца, то для майго бацюхна,

Што не зародзіцца, то для майго свёкарка.

Саладок мядок — то для маёй матанькі,

А горка гарэлка — то для маёй свякоркі.

 

319. Захарава, с. 78. Зап. Р. Кавалёва ў 1971 г. у в. Чамярын Пінскага р. ад М. К. Цудзілы, 1924 г. н., З. К. Багданавец, 1904 г. н., Е. Р. Мельнік, 1896 г. н., Н. К. Цярэшкі, 1938 г. н., і В. А. Макарскай, 1939 г. н.

 

Тройца, Тройца, святая Багародзіца,

Пасею лёна, няхай зародзіцца.

Што харошы лён, то для матанькі маёй,

А што найхарошшы, для мяне, маладой,

А што з чарыўкаю, то для свякроўкі ліхой,

Бо свякроўка не родная маці,

Будзе хадзіці да чарыўку вырываці.

 

320. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 17, сш. 2, л. 11. Зап. М. Я. Грынблат і А. I. Гурскі ў 1969 г. у в. Глінка Столінскага р. ад М. П. Рэндзаль, 68 г., В. С. Вярохі, 1915 г. н., М. І.Саўчук, 1909 г. н., Е. I. Ярашэвіч, 1929 г. н., А. Т. Ворах, 1912 г. н., Н. Г. Ярашэвіч, 1912 г. н.

 

Ой ты, Тройца, прасвятая Багародзіца,

Да пасеем жыта, да няхай зародзіцца.

Пайду я таго жыта глядзеці,

Аж вывела перапёланька дзеці.

Ой, пайду я другі раз глядзеці,

Да забралі перапёлчыны дзеці.

Да бадай таму тры гады хварэці,

Хто забраў перапёлчыны дзеці.

 

321. Zieńkiewicz, с. 103. Зап. Р. Зянкевіч у сярэдзіне XIX ст. у Пінскім п. «Куст, ідучы ў двор ці к якому-небудзь гаспадару».

 

Да чэраз сяло Багданоўскае

Шло войска ўсё ж дзявоцкае.

Да камяньчане не здзівіліся,

Што ў Багданаўцы парадзіліся.

Бог вам даў, багданавачкі,

Што ў вас кусты ўсе кляновыя,

А вяночкі ўсе ж пярловыя.

А ў нас кусты ўсе лазовыя,

А вяночкі ўсе ж беразовыя.

 

322. Веснавыя песні, с. 208. Зап. у м. Іванава Кобрынскага п. Да песні наступнае тлумачэнне: «Спяваюць куст дзяўчаты пад вокнамі выбранай імі хаты. Пасля кожнага двухрадкоўя можа быць прыпеў:

Дзе куста вадзілі,

Там пшанічанька радзіла».

 

Выйдзі, выйдзі, слаўны пане, з пакою

I звялі, дзе кустові стаці пад вішэнкою.

Вячэраці даці піражкі ў масле,

А окала куста ўсё дзевачкі красны.

Уквецілі куста з самаго клёну,

Выкінь, пане, хоць па залатому.

Уквецілі куста з самаго бэзу,

Выкінь, пане, кустові хоць на адзежу.

 

323. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 7, сш. 2, л. 35—36. Зап. М. Я. Грынблат у 1946 г. у в. Сушыцк Пінскага р. ад М. Я. Плотка, 61 г.

 

Ох, мы ж былі у харошаму й бору

I звілі куста ж із зялёнага клёну.

 

I звілі куста із зялёнага клёну

Да прывялі куста ды й да слаўнага двору.

 

Да прывялі куста ды й да слаўнага двору,

Проша пана выйці із новага ж пакою.

 

Проша нам вынесці тры барылкі гарылкі,

Мы прывялі куста да харошых тры дзеўкі.

 

Ой, у нашага куста ножанькі невялічкі,

Ой, проша вынесці да хоч на чаравічкі.

 

324. Захарава, с. 78. Зап. Р. Кавалёва ў 1971 г. у в. Чамярын Пінскага р. ад М. К. Цудзілы, 1924 г. н., З. К. Багданавец, 1904 г. н., Е. Р. Мельнік, 1896 г. н., Н. К. Цярэшкі, 1938 г. н., і В. Н. Макарскай, 1939, г. н.

 

Ой, дзень добры, да наш пане, да хаты,

Ой, ці ж вяліш нашаму кусту стаці,

Бочку мядочку прыпявалначкам даці,

Нам, маладзенькім, на ганачку пагуляці.

 

325. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 326, л. 25. Зап. У. Станкевіч у в. Пінкавічы Пінскага п.

 

Да зелен куст, да зеляненькі,

Трэба кусту піты-істы даты,

Трэба з кустом пайты пагуляты;

Трэба для куста усякая выгода

I крынічная вода.

 

326. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 326, л. 25. Зап. У. Станкевіч у в. Пінкавічы Пінскага п.

 

Убралі куста із зялёнага гаю,

Выйдзі, пані, з новага пакою

Да дай кусту хоць па залатому.

У нашага куста ножкі невялічкі,

Трэба нашаму кусту казловыя чаравічкі.

 

327. Довнар-Запольский, с. 49—50. Зап. у в. Чухава Дабраслаўскай вол.

 

Кало куста сачывычанька густа,

А кало дуба да зелена дуброва.

А хто ту дуброўку пакосіць,

Та той сабе да суконькі паносіць.

Адазваўся слаўны панічу:

— Я ж тую дуброўку пакашу,

Я ж тыя суконькі да панашу.

А хто ж тую сачывычаньку парве,

То той сабе красну панну озьме.

Красна панна паперэдочку ходыць,

Свайго кавалера за белу ручку водзіць:

— Хадзі, кавалеру, да й патанцуйма,

Сваё падвор'е ізвалацуема.

 

328. Zieńkiewicz. Зап. на Піншчыне.

 

Ой, пайду я, дзе мне весяленька,

Што лета, зіма, дзерава зеляненька,

Майго бацюхна падворца весяленька.

Пайду я, дзе мне невясёла,

Што лета, зіма, дзерава незялёна,

Майго свёкратка падворца невясёла.

 

329. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1,спр. 92а, л. 175. Зап. М. П. Гваздзёў у 1961 г. у в. Лунін Лунінецкага р. ад групы жанчын сярэдняга ўзросту. «Траецкая. Як водзяць куста».

 

Прывялі куста, зеляненькага клёна.

Дай нам, пане, хоць па залатому,

Дай нам, пане, тры барыла гарэлкі,

Прывялі куста да харошай дзеўкі.

Да не тут кусту да стоем стаяці,

Трэба кусту піці-есці даці,

Трэба кусту да добрая выгода,

Трэба кусту крынічная вода.

 

330. Zieńkiewicz, с. 262. Зап. П. Быкоўскі ў сярэдзіне XIX ст. каля Пінска. «Калі праводзяць куста з двору».

 

— На двору да халодная роса,

Не хадзі, мая мілая, боса.

— Калі ж табе, мой міленькі, жаль,

Купі чаравічкі чырвоны, як жар.

— Куплю ж табе, мілая, і трое,

Будзем хадзіць па вадзіцу абое,

Куплю табе чаравічкі, панчошкі

Да на твае белыя ножкі.

Адна пара — па вадзіцу хадзіці,

Другая пара — ў хаце дзела рабіці,

Трэця пара — да касцёла хадзіці.

 

331. Шейн. Материалы, с. 17. Зап. С. Дзем'яновіч у 1895 г. у в. Жытлін Слонімскага п.

 

Пойдзем, дзевачкі, у шчыры бор

Да зрубаема высокі клён,

Да выкалемо тры дошчачкі,

Да зробімо тры бочачкі:

У адной бочачцы — салодак мядок,

У другой бочачцы — зялёна віно,

У трэцяй бочачцы — горкае піва.

Саладок мядок — то для дзевачак,

Зялёна віно — то для малодачак,

А горкае піва — для малойчыкаў.

 

332. Zieńkiewicz, с. 103. Зап. Р. Зянкевіч у сярэдзіне XIX ст. у Пінскім п. «У двары ці ў гаспадара».

 

На гары да на новай крамяніцы

Танцавалі дзеўкі, маладзіцы.

Там ягомасць да на пэрэдачку ходзіць,

Сваю імасць да за белу ручку водзіць.

— Ты, імасць, гардуеш ты мною,

Шчо быці сто год із табою.

 

333. Бессонов, с. 26, № 40. «Куставая дзяўчыне».

 

Да кала куста сачавічанька густа,

А кала дуба дуброва зялёна.

Да па той дуброве да Агапка хадзіла.

На ёй сукня ў дробненькія хваўды,

Да любілі ж яе не нарокам, папраўды.

На ёй сукня ў дарагія пасаманы,

Да любілі яе да багатыя паны.

 

334. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 7, сш. 2, л. 37—38. Зап. М. Я. Грынблат у 1946 г. у в. Сушыцк Пінскага р. ад М. Я. Плотка, 61 г. «Куставая».

 

Ой, мы былі й у харошаму бору й,

Звілі куста із зялёнага клёну.

 

Ой, і звілі ж куста, звілі куста,

А да у нас жа сучывэнька густа.

 

Ой, да хто ж гэту сучывэньку скосіць,

Ой, да той мяне у татонька выпросіць.

 

Адазваўся казачэнька маладзенькі:

- Ой, е у мяне сэрпічок залаценькі.

 

Я ж гэту сучывэньку скошу,

Я ж цябе у татонькі выпрошу.

 

335. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 78, сш. 6, л. 12—13. Зап. В. Е. Бурносаў у 1963 г. у в. Балсуны Буда-Кашалёўскага р. ад К. Я. Болсун, 1919 г. н.

 

На Граной нядзелі

Русалкі сядзелі,

Рана-ранюсенька,

Русалкі сядзелі.

 

Русалкі сядзелі,

На дзевак глядзелі,

Ой, рана-рана,

На дзевак глядзелі.

 

— Дзевачкі-сястрыцы,

Падайце вадзіцы,

Ой, рана-рана,

Падайце вадзіцы.

 

Падайце вадзіцы

З халоднай крыніцы,

Ой, рана-рана,

З халоднай крыніцы.

 

З халоднай крыніцы

Ды з-пад той вярбіцы,

Ой, рана-рана,

Ды з-пад той вярбіцы.

 

Падайце вадзіцы

Душу прычасціці,

Ой, рана-рана,

Душу прычасціці.

 

Душа прычасціцца —

Жыццё вараціцца,

Ой, рана-рана,

Жыццё вараціцца.

 

Тады будзем з вамі

Краскі сабіраці,

Ой, рана-рана,

Краскі сабіраці.

 

Краскі сабіраці,

Песенькі пяяці,

Ой, рана-рана,

Песенькі пяяці.

 

336. Романов, 8, с. 207. Зап. Е. Р. Раманаў у 2-й пал. XIX ст. у в. Дуброўка Гомельскага п.

 

На Граной нядзелі русалкі сядзелі,

Рана-рана, русалкі сядзелі!

Прасілі русалкі ў дзевак сарочак,

Рана-рана, у дзевак сарочак!

У дзевак сарочак, ў маладзіц намётак,

Рана-рана, ў маладзіц намётак:

— Дзевачкі-сястрычкі, дайце нам сарочкі,

Рана-рана, дайце нам сарочкі!

Хоць яны пласконны, штоб былі дадонны.

Рана-рана, штоб былі дадонны!

Хоць яны таўсценькі, штоб былі бяленькі,

Рана-рана, штоб былі бяленькі!

 

337. Шейн. Материалы, с. 199, № 201. Зап. у Стара-Юркавіцкай вол. Гомельскага п.

 

На Граной нядзелі

Русалкі сядзелі,

Рана-рана,

Русалкі сядзелі.

 

Правяду русалак

Із бору да бору,

Рана-рана,

Із бору да бору.

 

Із бору да бору,

У зелену дуброву,

Рана-рана,

У зелену дуброву.

 

Штоб не ласкаталі,

У зіму не лякалі,

Рана-рана,

У зіму не лякалі.

 

У зіму не лякалі,

Улетку не пужалі,

Рана-рана,

Улетку не пужалі.

 

338. Гілевіч, 1974, с. 128. Зап. Л. Пюро ў г. п. Хойнікі ад Г. Заяц, 1920 г. н., В. Лыгач, 1925 г. н., і Ф. Назаранкі, 1918 г. н.

 

Ходзіць русалка па вуліцы,

Заве Пятрышчу к сабе на гулі:

— Хадзі, Пятрышча, ка мне на гулі.

— А не пайду я, русалачка,

Я не пайду: цёмна ночка.

А буду жыцейка пільнаваці,

Каб русалачцы не ламаці.

 

339. Романов, 8, с. 207. Зап. Е. Р. Раманаў у в. Дуброўка Гомельскага п.

 

Правяду русалку

Із бору да бору,

Рана-рана,

Із бору да бору.

 

Із бору да бору,

У зялёну дуброву,

Рана-рана,

У зялёну дуброву.

 

У зялёну дуброву,

Да й вярнусь дадому,

Рана-рана,

Да й вярнусь дадому.

 

Я назад вярнуся,

Слязьмі абаллюся,

Рана-рана,

Слязьмі абаллюся!

 

340. Гілевіч, 1974, с. 128. Зап. Л. Пюро ў г. п. Хойнікі ад Г. Заяц, 1920 г. н., В. Лыгач, 1925 г. н.

 

Правяду русалку, правяду

Да й асінкаю заламлю,

Каб тая русалка па жыце не хадзіла,

Майго жыта не ламіла.

Маё жыцейка дробнае

Да ў каласку буйнае.

Правяду русалку, правяду

Да й асінкаю заламлю.

 

341. Романов, 8, с. 206. Зап. Е. Р. Раманаў у в. Юркавічы Гомельскага п. Магілёускай губ. ад Вусці Хведаравай.

 

Правяду русалку

Із бору да бору,

Рана-рана,

Із бору да бору.

 

Із бору да бору,

У зялёну дуброву,

Рана-рана,

У зялёну дуброву.

 

У зялёну дуброву,

У ядраное жыта,

Рана-рана,

У ядраное жыта.

 

У ядраным жыце

Там русалцы жыці,

Рана-рана,

Там русалцы жыці!

 

Народны каляндар

<<  Красавіка 2017  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
     
16
24