ВАЛАЧОБНЫЯ ПЕСНІ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 1151 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

83.6%UNITED STATES UNITED STATES
7.9%BELARUS BELARUS
1.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.2%KUWAIT KUWAIT
0.5%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
ВАЛАЧОБНЫЯ ПЕСНІ

 

154. Бессонов, с. 1—2.

На першы дзень да на Вялікдзень

А збіраліся удалыя малойцы,

Сабраўшыся, рахаваліся,

Сабраўшыся, зрахаваўшыся,

Пайшлі ж яны ўсё дарожкаю,

Усё дарожкаю, усё шырокаю,

Усё мураўкаю, усё зялёнаю.

Сустрэлі яны госпада бога

З усімі святымі і з Прачыстаю.

Госпаду богу пакарыліся,

Пакарыліся й пакланіліся,

Слаўнага сяла да пыталіся,

Слаўнага сяла Пятроўскага,

Слаўнейшага Паўлоўскага,

А ў тым сяле слаўнага мужа,

Слаўнага мужа пана Сцяпана.

А чым жа ён уславіўся:

Ці сваім гумном, ці сваім дабром,

Ці сваёй жаной, ці сваімі дзецьмі?

Ні сваім гумном, ні сваім дабром,

Ні сваёй жаной, ні сваімі дзецьмі.

Ой, тым жа ён уславіўся,

Што ў яго на дварэ агні гараць,

Агні гараць усё ціхонькія,

А дымяць дымы ўсё сіненькія,

А вісяць катлы ўсё медзяныя,

А вараць піва ўсё пшанічнае,

А гоняць гарэлку акавітачку,

А к сяму, к таму, к святому Вялічку.

Ён к сабе гасцей спадзяваецца.

А якіх гасцей? Валачобнікаў,

Валачобнікаў з госпадам богам,

Госпада бога з усімі святымі,

З усімі святымі і з Прачыстаю.

Ці ўсе святцы пазбіраліся?

Аднаго нету — святога Іллі.

Каго абабраць па Іллю паслаць?

Пятра абабраць па Іллю паслаць.

Толькі ж Пётра да на коніка,

Да на коніка за вароцечкі —

Аж святы Ілля і сам ідзе,

Урасіўшыся, умачыўшыся.

— Дзе ж ты, Ілля, прызабавіўся?

— Па межах хадзіў, жыта радзіў,

Па бару хадзіў, пчолкі садзіў.

Радзі, божа, жыта, жыта і пшаніцу,

Жыта і пшаніцу, усякую пашніцу,

Коласам каласіста, ядром ядраніста,

Сноп ад снапа на дзве стапы,

Капа ад капы на чатыры стапы,

З аднаго коласа бочка жыта,

А з другога другая, а з трэцяга трэцяя:

Адной бочкай засяваці,

А другая — шахаваці, а трэцяя — дзеткі гадаваці.

Садзі, божа, пчолкі ў вуллі, у сасёнкі,

I расістыя, і мядзістыя.

Ото ж табе, пане гаспадару, песня спета,

Песня спета проці нова лета,

Проці новага лета і вясёлага,

Як салавейка на каліначцы!

Калі любіш гасцей, то заві ў хату,

А не любіш гасцей, кажы дар даці.

А нашы дары невялікія,

У дзверы не лезуць, у вакно як шыюць:

Пачынальнічку — чырвон злоты,

А маім пяўцам — па пяцідзесятнічку,

А музычына горкая доля —

Кварта гарэлкі дзеля пасядзелкі,

Сыр на талерку дзеля закускі,

Жытні пірог дзеля коласу,

Пшонны пірог дзеля голасу.

А нуця, братцы, не ляніціся

Госпаду богу пакарыціся,

Пану гаспадару пакланіціся

За яго сталы ўсё цісовыя,

Сталы ўсё цісовыя, абрусы шаўковыя,

За яго хлябы пытляваныя,

За яго лыжкі пасрыбраныя,

За яго талеркі фарфуровыя,

За яго кілішкі крышталёвыя.

 

155. Бессонов, с. 5—7.

 

Добры вечар, чэсны й пане,

Чэсны й пане, пан Аркадзі!

Ці пазволіш песню спеці?

У нядзельку паранюсенька

Ўзышло сонца весялюсенька,

Ўзышло яно, абутрала,

Асвяціла лугі, бары,

Лугі, бары, чыстае поле,

Чыстае поле, жыта ядраное.

Во што ў полі рана пагукаіць?

Во ці лебедзі, во ці сокалы?

Во не лебедзі, во не сокалы —

Ядраное жыта гаспадара кліча.

Патом таго, слаўны пане,

Слаўны пане, пан Аркадзі,

Пасеяў жыта, у полі не быў,

У полі не быў, не адведаваў.

Не адведаваў у корані,

Адведай хоць у коласе:

А ў корані каранісценька,

А ў коласе каласісценька.

Патом таго, слаўны пане,

Слаўны пане, пан Аркадзі,

А пайшоў жа ён у чыстае поле,

Поле паляваці, жыта аглядаці,

Пяшком пайшоў — ён не абышоў,

На кані паехаў — ён не аб'ехаў,

Сокалам ляцеў — жыта аглядзеў:

— Хвала божа, харашо жыта!

Каласок гнецца, аб зямлю б'ецца,

Ядраное жыта высыпаецца,

Колас к коласу галаву клоніць.

Патом таго, слаўны пане,

Слаўны пане, пан Аркадзі,

Ой, едзь жа ты да доманьку,

Да доманьку, да новага,

Да новага, да айцоўскага,

Да айцоўскага, да бацькоўскага,

Да краватачкі да цісовае,

Да сваёй жаны да вернае.

— Ты жана мая, ты душа мая,

Ой, быў жа ў чыстым полі

Поле паляваці, жыта аглядаці,

Хвала богу, хароша жыта!

Патом таго, слаўны пане,

Слаўны пане, пан Аркадзі,

Выйдзі жа ты да стаенкі,

Да новае, да айцоўскае.

Вазьмі каня варанейшага,

Варанейшага, што найлепшага,

Паязджай да ты да горада,

Да горада да Магілёва.

А стань жа ты на рыначку,

На рыначку, пры крамачку,

Пакупляй сярпы ўсе сталістыя,

Падзяржаначкі пазлацістыя.

Прыехаў жа ды із горада,

Із горада із Магілёва.

Чэсная пані дагадліва:

Сабрала жняёк да павён дварок,

Сорак сярпоў жыта жаці,

Сорак хлопцаў сноп'я насіці,

Сорак мужчын копы класці.

— Ты, жана мая, ты, душа мая,

Заві жняёк у хатачку.

Запалі свечы трайчастыя,

Саджай жняёк за столічак,

За столічак за цясовенькі,

За цясовенькі, за кляновенькі,

За скацеркі бірчастыя,

За талерачкі двайчастыя,

За ложачкі серабрыстыя,

За хлебцы за сітовыя,

За стравіцу за сахарную,

Пабій жа ты іх хлебам, соллю.

— Цяпер вы, жнейкі, не пышыцеся,

Госпаду богу памаліцеся,

Слаўнаму пану пакланіцеся.

Патом таго, слаўны пане,

Слаўны пане, пан Аркадзі,

Адпраўляй жняёк у чыстае поле,

Чэсную жану ва пераду

З белым сырам, з малым сынам.

Што раз разнець — то сноп нажнець,

На ступень пражнець — капу кладзець.

Часты-густы ў небе звёзды,

Часцей-гусцей ў полі копы

Слаўнага пана, пана Аркадзя.

Вялік-шырок у небе месяц,

Шырэй-вышэй у гумне стагі

Слаўнага пана, пана Аркадзя.

Перанясі, божа, во гэту пашэнку,

Во гэту пашэнку цераз асетку.

Во дай, божа, умалоціста,

А ў арудзе во насыпіста,

А з аруда невыборыста,

А у мельніцы намеліста,

А у дзежцы падыходзіста,

А у печы набуханіста,

А у столічку укроіста,

У сямейцы — міравая сыць.

Патом таго, слаўны пане,

Слаўны пане, пан Аркадзі,

Да ўжо ж госці даўно пяюць,

Слаўнаму пану весці даюць.

А мы госці недакучныя,

Год у год раз пабываем,

Вашага здароўя спытаем,

Во ў той жа дзень, у Вялікдзень.

Ой, чым жа нас дарыць будзеш:

Ці золатам, ці серабром,

Ці краснымі яечкамі,

Ці харошымі славечкамі?

Нашы дары не вялікія,

Не вялікія і не малыя:

Пачынальнічку — чырвон злоты,

Падхватнічку — паўзалатога,

Асвістаму хоць нямнога,

Хоць нямнога — каня варанога,

Каня варанога гулі вазіць.

Нашай скрыпца — мерка жытца,

Наш механош — кашэль насіць,

Кашэль насіць, сала прасіць,

Паўсланіны з самай серадзіны.

А на нашу браццю — па капе яец.

Па капе яец негдзе ўзяці,

Па дзесятачку можна даці.

А музыкава горкая доля,

Горкая доля — кварта гарэлкі,

Кварта гарэлкі, сыр на талеркі,

Пірог мяккі на закуску.

Кварта гарэлкі для смеласці,

Пірог мяккі для крэпасці,

Сыр бяленькі для голасу.

А што не вып'ець — мы дапаможам,

Як уп'ецца — спацькі паложым,

Як праспіцца, працверазіцца,

Пойдзець з намі, развесяліцца.

Патом таго, слаўны пане,

Слаўны пане, пан Аркадзі,

Да ўжо ж вам песня спета,

Песня спета проціў лета,

Проціў лета, лета краснага,

Ў добрай ласцы, ў добрай згодзе,

Ў добрай згодзе, нам пець годзе.

 

156. Шейн. Бел. песни, с. 86—92. Зап. Усакоўскі ў в. Загор'е Дзісенскага п.

Пане гаспадару, слаўны мужу,  Слаўны мужу над мужамі!

Ці ёсць у дому у свянцоным?  Ці спіш, ляжыш, ці спачываеш?

Ці з жаною маладою,  Ці з дзеткамі з малалеткамі?

Да калі спіш — бог з табою,  Калі не спіш — моў са мною.

Пане гаспадару, слаўны мужу,  Слаўны мужу над мужамі!

Устань рана-ранюсенька,  Мыйся бела-бялюсенька,

Трыся суха-сухусенька  Да ўчашыся слізюсенька.

Правай ручкай адчыні ваконца,  Адчыні ваконца на ўсход сонца

Да й паглядзі на свой дварок,  Што ў тваім дварэ да й дзеецца,

Да й дзеецца, лялеецца. Твой дварочак, як вяночак,

Тынам тынен дубовенькім, Дубовенькім, цісовенькім,

Твой дварочак мастом мошчан, Вароценькі маляваныя,

Зашчэпачкі пазлацаныя. Сярод двору шацёр стаіць

Навюсенькі, яснюсенькі, Злотым крыты, срэбрам літы,

Прыбрамачкі срэбраныя, Зашчэпачкі залаценькія.

Да ў тым шатры крэсла стаіць, Крэсла стаіць залатое,

Да ў тым крэсле сам бог сядзіць, Сам бог сядзіць, кніжку дзяржыць.

Каля яго пчолкі ляталі, мяды збіралі. Тыя пчолкі — усе святачкі,

Перад богам збіраліся, Збіраліся, рахаваліся,

Катораму святцу ўперад стаці. А Збор мовіць гаспадару:

— Слаўны мужу над мужамі! Тваё дзела — на торг ехаць,

Зялеза купляць, нарогі каваць. Аўдакею дровы сячэць,

А Саракі клады кладзець, Аляксею — сані на плот,

Сані на плот, рыба аб лёд, Лёд вадою, рыба лускою.

Благавешчанне — араты на ніву, Араты на ніву, сядун на прызбу.

Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі!

Вазьмі ж, ваша, нову сошку Да й коніка варанога,

Варанога, маладога, Едзь жа, ваша, у чыста поле,

У чыста поле заарываць З соллю, з хлебам, з белым яйцом,

З белым яйцом, з боскім слаўцом. Вярба свята — нова лета,

Вярба пасвіць у поле гнала. Дай жа, божа, гэта святца праважаці,

Свята Вялічка дажыдаці! Да й у радасці, весялосці

Тры дні святца чырвоным яечкам, Чырвоным яечкам разгаўляецца,

Малым дзеткам на вуліцу, На вуліцу, на прагулянне.

Гаспадару, слаўны мужу,  Слаўны мужу над мужамі!

Маеш сабе чаляданьку. Загадай, ваша, свайму чалядку:

Няхай возьмець златы ключы,  Златы ключы ад стаенькі,

Няхай ідзець у стаеньку, Няхай закладаець да й коніка,

Варанога, маладога, Гаспадару, слаўны мужу,

Слаўны мужу над мужамі!  Вазьмі, ваша, солі, хлеба,

Солі, хлеба, чаго трэба. Ідзі ж, ваша, да касцёлу,

Да касцёлу пасвянцаці, Да прывёзшы, спажываці.

Сядзь жа, ваша, на скам'іцу I з жаною з маладою,

I з дзеткамі маленькімі,  Шасні, бразні па скам'іцы.

Вазьмі, ваша, залаты кубак  Да й пі віно зеляное.

Віно зеляное — на сваю жану,  Жана твая — на дзетачак,

Дзеткі твае — на сямейку,  А сямейка — на чалядку,

Чаляданька — сама на сябе.  Радаўнічка — яна ў бога

Параднічка, парадзіла  Баранаваці, поле раўняці.

Стары Юрый, боскі ключнік,  Да йдзі ў поле да ў чыстае,

Адамкні зямлю, пусці расу,  Пусці расу на гэту вясну,

Да й мокрую, да й цёплую,  На гэты свет, на ўсякі цвет,

На люд вясёлы, на ўраджай.  Святы Барыс ляды паліць,

Зямлю грэець, ячмень сеець  З поўнай сявенькі, з правай жменькі.

Кінеш рэдка — дасць бог густа.  Дай жа, божа, зарадзі, божа,

Каласіста, ядраніста.  Святы Мікола, старая асоба,

Гарох сеець, па полі ходзіць,  Па полі ходзіць, жытца глядзіць.

Дзе вымакла, там падсушыць,  Дзе высахла, там падмочыць.

Святы Шоснік — аўсы шастаць.  Гаспадару, слаўны мужу,

Слаўны мужу над мужамі!  Закладай, ваша, да й коніка,

Варанога, маладога,

Вязі, ваша, ў чыста поле,  Ў чыста поле авёс сеяць.

У адной кашулі, без шапачкі,  З поўнай сявенькі, з правай жменькі.

Кінеш рэдка — дасць бог густа.  Дай жа, божа, зарадзі ж, божа,

Да й вяцвісты, ядраністы.  Святая Сёмка — позна сяўба,

Позна сяўба — грэчку сеець,  На вуліцы стучыць, гручыць,

Гнайкі возіць, папар арэць.  Дзевятушка-памяжаначка

Па межах хадзіла, жытцо абзірала,  Жытцо абзірала да й раўнавала.

Дзесятуха красу давала,  А Пяцінка красу здымала,

Красу здымала, пятку стаўляла.  Святы Іван коску правіць,

Лугі пратаць, у сцірты кідаць.  Святы Пятро — саўсім ядро,

Папар барануець, поле раўнуець,  Поле раўнуець, грунт гатуець.

Шыпілінка ў кузню ідзець,

У кузню ідзець, сярпы зубіць.  Гаспадару, слаўны мужу,

Слаўны мужу над мужамі!  Збірай, ваша, стары сярпы

Да йдзі ў кузню напраўляці.  Кузнец-маладзец, зубі сярпец!

Табе платы — чырвон злоты,  Чырвон злоты табе на боты.

Гаспадару, слаўну мужу, Слаўны мужу над мужамі!

Да йдзі ж дамоў да аддай Жане Да маладзе новы сярпок.

Няхай ідзець твая Жана Ў чыста поле жытцо жаці

З ячным блінам, з белым сырам, З белым сырам, з трэцім сынам.

Свята Ілля — старая жняя, Яна жала, не ўважала,

Што раз зажнець, то сноп звяжэць. Святыя Ганны да помачы сталі,

Вязь вязалі, копы клалі. Святы Барысе, за мешань бярыся!

Святы Спас па полі ходзіць, Копы лічыць, раскладаець:

Гэта на семя, гэта на емя!  Гаспадару, слаўны мужу,

Слаўны мужу над мужамі! Сядлай, ваша, да й коніка,

Варанога, маладога,  Едзь жа, ваша, ў чыста поле,

Ў чыста поле копы лічыць. Як на небе звёзды густы,

Гусцей таго ў полі копак.  Прачыстая да большая

Жытцо пасвянцала, засявала. Да й меншая, дык лепшая,

Дык лепшая паненачка Перад богам кланялася:

— Я ж, божа, не гуляла, Жытцо пахала, у грань паганяла,

У грань паганяла, яр збірала. А Ян-сценцель руней сцеліць.

Узвіжанне — унясі ж, божа,  Узнімі, божа, з ільном, з аўсом,

З усім дабром у гуменца. Святы Пакроў пакрыў зямлю

Жоўтым лістом, маладым сняжком, Ваду лёдам, пчалу мёдам.

Святы Зміцер — на ўсё хіцер: Салады салодзіць, піва робіць,

Сыноў жэніць, дачок выдаець. Гаспадару, слаўны мужу,

Слаўны мужу над мужамі! Ці ўслых табе наша песенька,

Наша песенька старасвецкая,  Што мы ходзім, бога просім:

— Дай жа, божа, зарадзі ж, божа,  У пуні кладам, на таку ўмалотам,

У дзяжы падходам, у печы ростам,  У печы ростам, на стале насытам.

Гаспадару, слаўны мужу,  Слаўны мужу над мужамі!

Дары гасцей, не баў, бардзей.  Нашы дары невялікія,

Невялікія — у дзверы не лезуць,  Праз аконца як шыць шыюць.

Дай мерачку за фатыгачку,  Чырвон злоты мне на боты,

Пачынальнічку — капу яек,  Братцам-памагальнікам — па дзесятачку.

Да й на дварэ ветрык веець,  Валачобнічкам ножкі млеюць;

Да й на дварэ дождж дыліць,  Валачобнічкам жывот ныіць.

Гаспадару, слаўны мужу,  Слаўны мужу над мужамі!

Прасі к сабе гасцей у хатку,  Сыр на талерку, кварту гарэлкі,

Кварту гарэлкі, пшонны пірог,  К таму пірагу місу тварагу.

Дай жа, божа, каб васьмёркай пахалі,  Васьмёркай пахалі, дзевятым ганялі,

А дзесяты падбрыківаў,  А на адзінаццатым у дружкі ездзіць.

 

157. А. Б. Воззрение белорусов на празднество Пасхи // Мин. листок, 1887, № 27.

Да на першы дзень святых Вялікадней,

Да віно ж, віно зеляно!

Сабіраліся красны малойцы,

Красны малойцы валачобнічкі.

А ішлі ж яны да гуляючы,

Слаўнага сяла да пытаючы,

А ў тым сяле слаўнага пана,

Слаўнага пана, пана Івана.

Дапытаўшыся, прыйшлі пад ваконца.

— Ой ці ж дома ты, слаўны пане,

Ці спіш, ці ляжыш, ці адпачываеш?

Калі спіш, ляжыш — дык бог з табою.

А не спіш, не ляжыш — дык гукай са мною.

Хоць і ўдома — не абзываецца —

У новай каморы прыбіраецца:

Надзяе боты слуцкай работы, |

Надзяе футру сабалёвую,

Надзяе шапку бабровую.

Паджыдае ён святых святачкаў,

Святых святачкаў — велікоднічкаў.

Першае свята — свято Вялічка,

Другое свята — свято Юр'я,

Трэцяе свята — святога Міколу.

Усе святыя пазбіраліся,

Аднаго святка ды нямашыка.

А якога святка? Святога Міколы.

— Святы Юры, божы ключнік,

Сядлай каня, едзь па Міколу.

Толькі Юрай на каня садзіцца —

Святы Мікола ідзе у вароты.

— Святы Мікола, дзе ты бываў?

Дзе ты бываў, што ты чуваў?

— Па барах хадзіў, пчолы садзіў,

Пчолкі садзіў раістыя,

Раістыя, медзяністыя;

Па межах хадзіў, жытцо радзіў,

Жытцо радзіў ядраністае,

Зярно к зярну, каласок у зямлю,

Каласок гнецца, жняі спадзяецца.

А хто ж тое жыта зажынаць будзе?

Зажынаць будзе пані гаспадыня,

Што раз разне, дык сноп нажне,

На ступень пражне, дык капу нажне.

Як на небе зоры часты-густы,

Так у полі копы часты-густы.

Ой, мы пелі, шчабяталі,

Як салавейкі ў ціхім лузе,

У ціхім лузе на каліне.

Чырвона каліна, не ўгібайся,

Слаўны пане, вазвелічайся,

Адзавіся, слаўны пане,

Ці ўслых табе наша песня,

Наша песня старасвецкая?

Калі ўслых табе — не тамі ж ты нас,

Не тамі ж ты нас — падары ж ты нас.

Выйдзі, выйдзі ды на ганачак,

Вынесь, вынесь ды падарачак,

Срэбра-злота ды не важучы,

Ды не важучы, ды не лічачы.

Срэбра-злота самі злічым,

Слаўнага пана ўзвялічым.

Слаўнаму пану песня спета,

Песня спета проці нова лета,

Проці новага і вясёлага.

Ой, жыві здароў і будзь багат

I з жаною маладою,

I з дзеткамі наймілейшымі,

I з брацелямі найкраўнейшымі,

I з суседзямі найбліжэйшымі.

Будзь здароў, як крынічна вада,

Будзь вясёл, як хароша вясна,

Будзь багаты, як сырая зямля.

 

158. Булгаковский Д. Белорусские песни // Мин. губерн. ведомости, 1868, № 23.

Да на Вялікдзень, да на першы дзень

Ішлі, пайшлі валачобнічкі,

Іграючы і спяваючы,

Слаўнага пана да пытаючы,

Слаўнага пана, пана гаспадара,

Пана гаспадара, пана Яна:

— Ці дома, дома слаўны пан?

Ох, хоць жа дома да не кажыцца,

Да не кажыцца, прыбіраецца:

Абувае боты казловыя,

Надзяець сукна атласовыя,

Надзяець шапку бабровую.

Як прыбраўся, так сеў сабе,

Так сеў сабе за столікам,

За столікам за цісовенькім.

Перад ім стаяць да тры кубачкі,

Усе тры кубачкі, усе тры залатыя,

Усе тры залатыя, усе тры поўныя.

У адным кубачку зеляно віно,

У другім кубачку саладок мядок,

У трэцім кубачку пшанічнае піва.

Зеляно віно для пана самога,

Саладок мядок для жаны яго,

Пшанічнае піва для дзетак яго.

Потым таго да бывай здароў,

Бывай здароў і будзь багат

I з жаною маладою,

I з суседамі штонайбліжэйшымі,

З прыяцелямі штонаймілейшымі.

А мы ж пану не дакучнікі —

У гадочку — перву ночку

Просім пана паслухаці,

Што мы будзем вымаўляці.

Не баў гасцей, да дары барздзей,

Наш падарунак невялічкі:

Пачынальніку — чырвон злот,

А нашым рабятам — паўкапы яец,

Паўкапы яец, каб ахвотна пець;

А музыкава горкая доля,

Горкая доля — кварта гарэлкі,

Кварта гарэлкі і сыр на талерке,

Ой, сыр белы і пірог цэлы.

 

159. Празднование праздника Пасхи у белорусов-католиков (Новоалександровский уезд) // Ковен. губерн. ведомости, 1981 [Так в публикации, 1891? – О.Л.], № 31.

 

Цераз поле шырокае, цераз межы залаценькія

Ішлі тудою валачобнікі іграючы, прыпяваючы,

Іграючы, прыпяваючы, яснага пана пытаючы.

Якога ж пана? Пана гаспадара.

— Добры дзень пану гаспадару,

Калі дома, акажыся, к святому дню прыбярыся,

К святому дню, к Вялікадню.

Халоднай вадзіцай умывайся,

Чыстым ручніком уцірайся,

У боты-лапці абувайся,

У белу світку адзявайся;

Замятай двары да павім пяром,

Усё павім пяром, залатым крылом,

Расстаўляй сталы ўсё цісовыя,

Усё цісовыя, папісаныя,

Засцілай сталы ўсё кітайкаю,

Усё кітайкаю да зялёнаю,

Стаўляй кубкі срабляныя,

Налівай кубкі зялёным віном,

Зялёным віном, чорным півам,

Чорным півам, салодкім мядком.

Зеляно віно пану гаспадару,

Чорнае піва для яго жаны,

Саладок мядок для яго дзетак.

Да чым жа пан уславіўся,

Чым пан падарыўся?

Пасаджаў святкоў па застоллейку,

Сталі святкі ўсе лічыціся.

Яны ўсё лічацца да лічацца,

Аднаго святка не далічацца,

Таго святка, святога Юр'я,

Трэба слаці Юр'я шукаці.

— Святы Ілля, сядай на каня,

Сядай на каня да топай у поле,

Да топай у поле, да шукай там Юр'я.

Не паспеў Ілля сесць на каня,

Як Юрай на двор да кулём за стол.

Не далі Юр'ю разабраціся,

Сталі ў Юр'я пытаціся,

Дзе бываў, што ён чуваў.

Святы Юрай па палях хадзіў,

Па палях хадзіў да жыта радзіў,

Дзе гара — там жыта капа,

Дзе лужок — там сена стажок,

Дзе лагчынка — там жыта сцірдзінка.

Як на небе звёзды часты, так на полі копы густы,

З каласочка жыта бочка,

Жыта бочка, рэшата мякіны.

На гумне ўмалотам, у дзяжы падходам,

А ў бохане кроем.

У хлявушках каравушкі,

А на стайні вараныя коні,

У аўчарнях авечачкі,

Па катушках усё свіначкі.

Конікі ўсё вараненькія,

Каровушкі рагастыя,

Свіначкі віхрастыя,

Авечачкі касмастыя,

Курачкі чубастыя,

Гусачкі храшчастыя.

Гаспадар ты наш з гаспадыняю,

Не тамі нас доўга, падары нас борзда,

Не вялікім скарбам, чырвоным яйцом.

Са двара пойдзем прыпяваючы,

Пана гаспадара велічаючы.

Вот і песня спета проціў лета,

Штоб гаспадару па полю хадзіці,

Жыта жаці і нас памінаці.

 

160. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 50, сш. 3, л. 32—40. Зап. М. Грынблат у 1972 г. у в. Дворышча Біруцкае Міёрскага р. ад Казіміра Даргеля, 84 г.

 

Гаспадар, добры пану,

Хрыстос, сын божы, васкрэс!

Няхай так будзіць!

А ці спіш, ляжыш, спачываеш,

Ці з жаною маладою,

Ці з дзеткамі маленькімі?

Устань рана, мыйся бела,

Мыйся бела, як папера,

Глянь у ваконца на ўсход сонца,

Што дзеецца, лялеецца:

У тваім дварку, як у вянку,

Сады цвіцяць, пчолкі звіняць.

А ў полі стаіць явар,

Явар шырок, лістамі зелен.

Пад яварам прыстол стаіць,

За прыстолам крэсла стаіць,

На тым крэсле сам бог сядзіць,

Каля яго служкі яго

Лісты пішуць, рассылаюць,

Катораму ўпярод стаці.

Перша свята — божа лета,

Святы Ізбор — вадзіцу з гор,

А Казімір дровы сячэць,

Дровы сячэць, клады кладзець.

Благавешчань зямлю сушыць,

Зямлю сушыць, жыта рушыць.

Чысты чацвер сошку правіць,

Сошку правіць, каня гладзіць.

Каня гладзіць, заворываіць,

Свята Пасха яйкі красіць,

Яйкі красіць, разгаўляіць.

— Святы Юры — боскі ключнік

Вазьмі ключы залатыя,

Пусці расу на ўсю вясну.

Радаўніца барануіць,

А Мікола — стары сявец

Ячмень сеіць, засяваіць.

Святы Іван — божы каваль

Косы пруціць, сярпы зубіць.

Святы Ілля — стара жняя

Выйшаў у поле ў чыстае

З малым сынам, з белым сырам.

Шахнець, махнець — снапок сажнець.

Святы Спасік — пільны часік

Жытцо возіць, бога просіць:

— Перанясі, божа, маё жытцо

Праз гумянцо,

Праз гумянцо да ў ваду.

Прачыстая жытцо сеіць,

А меншая ў помач стала,

Жытцо скора запахала.

Святы Звіжэнь дамоў дзвіжэць,

Святы Пакроў — саўсім дамоў

I з скацінкай і з хлябінкай.

Святы Змітры за ўсіх хітры,

Піва варыць, сыноў жэніць,

Сыноў жэніць, пасагі дзеліць:

Сыночку па канёчку,

А дачушцы па кароўцы.

Пакрывае пчалу мёдам,

Пчалу мёдам, ваду лёдам,

Дзеўку вянцом, а бабу чапцом.

 

Гаспадару, добры пану,

Масці кладку, заві ў хатку,

Не баў гасцей, заві барджэй.

Гэты госці не частыя, а гадавыя,

Рэдка ходзяць, мала просяць:

Калі ласка — канец сыра,

Калі змога — поўпірога,

Калі ласка — водкі пляшку,

А індычку на затычку.

 

161. Гілевіч, 1974, с. 83. Зап. у г. Смалявічы ад С. Ігнатовіч.

 

На первы дзень, на Вялікдзень,

Зялён явар, зялёны. [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Валачобнікі сабіраліся,

Сабіраліся, рахаваліся:

— А куды пойдзем, а куды зайдзем?

— Пойдзем, пойдзем ўсё дарогаю,

Усё дарогаю, ўсё шырокаю.

Зайдзем, зайдзем к пану Івану.

— А ці дома, дома пане Іване?

— Хоць жа ён дома — не акажыцца:

У новай каморы прыбіраецца,

Адзяе майтачкі гарнатовыя,

Адзяе боцікі ўсё казловыя,

Адзяе шубачку сабалёвую,

Адзяе шапачку ўсё бабровую,

Выводзіць каня вараненькага,

А кладзе сядло залаценькае.

Садзіцца, едзе ў роўнае поле,

У роўнае поле ды к свайму жыту.

А яго жыта ядраністае,

Ядраністае, каласістае,

К адной мяжы нахілілася,

Свайму гаспадару пакланілася.

Песенька спета напроці лета,

А будзь жа весел, як вясна красна,

А будзь жа ціхі, як ціха лета,

А будзь жа багаты, як багата восень.

А ты, гаспадынька, усё дагадайся:

Скавародку — ў печ, па яечкі — ў клець,

Кусок сала пакрышыці,

А калбаскаю абгарадзіці,

Кварту гарэлкі і сыр на талеркі,

Зялён явар, зялёны.

 

162. Гілевіч, 1974, с. 84—85. Зап. З. Кулеш у в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р. ад Яўгеніі Навумовіч.

 

Добры вечар, пане гаспадару!

Вясна красна на ўвесь свет. [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Прыйшлі мы да пана як да багача,

Хочам пана да й павітаць,

Яго панскае здароўе спытаць:

Ці здароў пан, ці вясёл пан?

Ці здарова панская жонка?

Ці здаровы панскія дзеткі?

Панская жонка будзе падвышона,

Панскія дзеткі, як у садзе кветкі,

А панскі двор, як у вянку.

На панскім ганку крэслы стаяць,

На тых крэслах сам бог сядзіць.

— Увайдзі, божа, у панскія пакоі.

— Я не пайду ў панскія пакоі,

Але пайду ў роўнае поле,

У роўнае поле па мяжах хадзіці,

Па мяжах хадзіці — жыта радзіці.

А ўсіх жыта харашусенька —

Нашага пана ўсё найлепшае,

Найлепшае, ядрынейшае.

Яно сцяблом сцяблыністае,

А коранем караністае

I коласам каласістае,

Яно пад гару пахіліўшыся.

Як пан араў — валы бушавалі,

Як пан баранаваў — конікі іржалі.

Жнуць яго жнейкі маладзенькія,

Іх сярпочкі залаценькія.

Яны самі, як ластаўкі,

Іх галоўкі, як макаўкі.

Як яны жалі — сярпы зажалі,

Як яны селі — сярпы зазвінелі,

Як яны сталі — сярпы заззялі.

Часты, густы зоры на небе —

Часцей, гусцей снапы ў полі.

Як на небе высок месяц —

Так за імі вышэй копы.

Як пан звозіў ды сваё жытцо

У цёмныя гумны да з светлага поля,

Яно ў тарпе прылежыста,

А на таку прымалоціста,

А ў арудзе прысыпіста,

А ў млыне прымеліста,

А ў дзяжы падыходзіста,

А ў печы румяніста,

А на стале, як сыр белы.

Сыр бяленькі — для коласа,

Кварту гарэлкі — для голаса.

Мы свае боты патапталі,

Пакуль пана апыталі.

 

163. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 83, сш. 4, л. 1. Зап. А. Ліс у 1970 г. у в. Востраў Зэльвенскага р. ад С. Татарына, 1903 г. н.

 

Да й на Вялікдзень, да й на першы дзень,

Да й віно ж, віно зеляно!

Да ўсе святкі да гуляць пайшлі,

Да ўсе святкі да гуляць пайшлі.

Да й віно ж, віно зеляно!

Адно адзін Юры да гуляць не йшоў,

Адно адзін Юры да гуляць не йшоў.

Да віно ж, віно зеляно!

Да й на яго матка зажурылася,

Да й на яго матка зажурылася.

Да віно ж, віно зеляно!

Не журыся, матка, не сварыся, родна,

Не журыся, матка, не сварыся, родна.

Да віно ж, віно зеляно!

Я па мяжы хадзіў да жыцечка радзіў,

Я па мяжы хадзіў да жыцечка радзіў.

Да й віно ж, віно зеляно!

— Чыё, сынку, жыта да й найлепшае,

Чыё, сынку, жыта да й найлепшае?

Да й віно ж, віно зеляно!

— Пана Лукаяна да й найлепшае жыта,

Пана Лукаяна да й найлепшае жыта.

Да й віно ж, віно зеляно!

Найлепша дзяўчына жыта зажынала,

Жыта зажынала, ў тры радочкі клала.

Да й віно ж, віно зеляно!

Першы радочак дзеля засявання,

Першы радочак дзеля засявання.

Да й віно ж, віно зеляно!

А другі радочак дзеля спажывання,

А другі радочак дзеля спажывання.

Да й віно ж, віно зеляно!

А трэці радочак гарэліцу гнаці,

Гарэліцу гнаці і сына жаніці.

Да й віно ж, віно зеляно!

Дай жа, божа, пане гаспадару,

Каб ваша дачка ўзрасла, ўскрасла

I да зялёных свят замуж пайшла.

 

164. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 80, сш. 22, л. 10. Зап. А. С. Дылейка ў 1975 г. у в. Замосце Талачынскага р. ад Р. П. Франузы, 76 г.

 

А на вуліцы на шырокай

Зялёны сад вішнёвы. [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

На мураве на зялёнай

Ляжыць брусся брусвянае.

На тым бруссі мужыкі сядзяць,

Мужыкі сядзяць, раду радзяць,

Раду радзяць, раду добрую,

Раду добрую, валачобную:

Каму ехаць папярод сеяць,

Чыя ручка шчаслівая,

Таго ніўка ўрадлівая,

Таму ехаць папярод сеяць...

Іванава ручка шчаслівая,

Яго ніўка ўрадлівая,

Яму ехаць папярод сеяць,

Зялёны сад вішнёвы.

 

165. Добровольский, 4, с. 174—175.

 

А з-за лесу, лесу цёмнага

Выхадзіла туча грозная.

Што ў тэй тучы гаварыла?

Гаварыла пчаліная матка:

— Ох вы, пчолы, пчолы ярыя,

А куды ж мы йдзём, куды пайдзём?

— Пайдзём жа мы ў тую вотчыну,

У тую вотчыну швайкоўскую,

У тэі сады зялёныя, у тэі сады Іванавы!

Пане Іван, ці ёсць у цябе,

Ці ёсць у цябе улій сколькі?

А ўлійкаў да не дастала.

— Пчолы мае, пчолы ярыя,

Садзіцеся па кошыкам!..

А кошыкаў да не дастала.

— Пчолы мае, пчолы ярыя,

Садзіцеся да па бордзікам!..

А бордзікаў толькі дастала.

— Пчолы мае, пчолы ярыя,

Садзіцеся па старых местах!

 

166. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 123, сш. 1, л. 59—60. Зап. Л. М. Салавей у 1976 г. у в. Чаросава Лепельскага р. ад Л. П. Шакута, 1908 г. н.

 

Дзень добры таму, хто ў гэтым даму, [За кожным радком прыпеў “Вясна красна зялёна”.]

Вясна красна зялёна!

А ў гэтым даму гаспадарочак,

Гаспадарочак, слічны паночак.

Ці спіш, ці ляжыш, ці спачываеш?

А калі ты спіш — бог жа з табою,

А калі не спіш — гукай са мною.

А ўстань раненька, умыйся беленька,

Умыйся беленька да й прыбярыся:

Надзень боцікі ўсё й казловыя,

Надзень шубачку да й бабровую,

Надзень шапачку — сібіраначку.

Вазьмі ліхтарок, схадзі ў хлявок,

Што ў тваім хляўку добра дзеіцца,

Добра дзеіцца, багадзеіцца:

Трыста каровак ацялілася,

А ўсе кароўкі, ўсе драмулачкі,

А ўрадзіліся ўсе цялушачкі,

Сто кабылачак ажарабілася,

Жарабілі яны па жарабочку,

Па жарабочку, па вараненькім.

Ах, вы, сыночкі, вы, сакалочкі,

А вазьміце ж вы пабротачцы,

Забрытайце ж вы па кабылачцы,

А вядзіце ж вы да коні ў поле,

А коні ў поле на Юру расу,

На Юру расу, на красну вясну.

А вы, дачушкі, да вы, шчабятушкі,

А вазьміце ж вы па даёначцы,

Падаіце ж вы па каровачцы.

 

А мы ж госці небывалыя.

Небывалыя, нехаджаныя,

Часта не ходзім, многа не просім.

 

167. ААН СССР, ф. 216, воп. 4, спр. 291, л. 5. Зап. С. Мікуцкі ў 1854 г. на Дзісеншчыне. Бессонов, с. 9.

 

А ў Сымона да на дварэ тры свіроначкі:

А ў першым свіронку жыта і пшаніца,

У другім свіронку дарагія сукні,

У трэцім свіронку золата і срэбра.

Жыта і пшаніцу спажываць будзе,

Дарагія сукні насіць будзе,

Срэбрам-золатам шафаваць будзе

I з сваёй жаной панаваць будзе,

Сваімі дзеткамі пасылаць будзе.

А ў яго на дварэ а стаіць сасна [бортнае дрэва – Заўвага склад.].

— Яравыя пчолкі, што вы думаеце?

— А мы думаем паляцеці

У шчыры бары на жоўтыя цвяты,

А прынясём сто пудоў мёду

Нашаму гаспадару на ўспамогу.

— Яравыя пчолкі, што вы думаеце?

— А мы думаем паляцеці,

Паляцім мы ў шчырыя бары,

А прынясём сто пудоў воску

Нашаму Сымонку на ўспамогу.

У яго на дварэ а зялёны явор,

На том яворы ясен сакол.

— Ясен сакол, што ты думаеш?

— А я думаю паляцеці,

А я палячу ў шведскую зямлю,

А прыганю я стада быдла

Нашаму гаспадару на ўспамогу.

— А ясен сокал, што ты думаеш?

— А я думаю паляцеці,

А палячу я ў турэцкую зямлю,

А прыганю я табун коней

Нашаму Сымонку на ўспамогу.

 

168. Материалы по этнографии Гродненской губ., 1911. вып. 1, с. 110—111. Зап. у в. Парэчча Слонімскага п.

 

Да выйдзі, выйдзі, пане гаспадару,

На сваё падвор'е вясёлае,

На сваю ніўку да шырокую!

Што на тваёй ніўцы да дзеецца,

Што дзеецца да бялеецца,

Да бялеецца да сінеецца,

Да сінеецца да рыжэецца?

Да рыжэецца буйнае жыта,

Да бялеюцца маладыя жанцы,

Да сінеюцца сталяныя сярпы.

Жанцы жалі, ў копы клалі,

У копы клалі да не рахавалі:

Дзе горачка — там копачка,

Дзе далінка — там сцірдзінка,

Дзе завірочак — там снапочак.

Ад снапочка жыта бочка,

Во з каласочка жыта мярочка,

А з капочкі жыта бочка.

Дай, пане-божа, з поля возу,

З поля возу, у старане накладу.

Ў старане накладам, на таку ўмалотам,

На таку ўмалотам, у засеку спору,

У засеку спору, у млыне намолу,

У млыне намолу, у дзяжы падходу,

У дзяжы падходу, у печы напёку,

У печы напёку, ў бохане прыбытку,

Ў бохане прыбытку, Рыгору на пажытку.

Проці лета песня спета,

Посля зімы на здароўе.

Дай жа, божа, на век доўгі,

На век доўгі, на быт добры!

Каб багаты былі да нас не забылі,

Начынальнічку рубля ў ручку,

Да маім браццям па тры злоты,

Па тры злоты нам на боты,

А мы ночкі не даспалі,

Мы боцікі патапталі,

Пана гаспадара звелічалі.

Вынесь, вынесь, пане гаспадару,

Да маіх браццяў наградзіці

Сорак яек да на паўмісак,

Каўбасою акружыці,

Белым сырам завяршыці.

 

169. Бессонов, с. 7—8.

 

А на вуліцы да на шырокай,

А на мураве да на зялёнай

Ляжыць бруссе да цясовае,

А на тым бруссі да мужы сядзяць,

Да мужы сядзяць, мужы чэсныя,

Да радзюць раду, раду добрую,

Раду добрую, валачобную:

— Да каго ж будзем абіраць войтам?

— Абяром войтам слаўнага пана,

Слаўнага пана, пана Васіля:

Ён жа ўмеіць да суды судзіць,

А суды судзіць, судавое браць —

Самому ж пану — каня варанога,

А жане яго — жоўтыя лісы,

На дзяцей яго — чорныя бобры,

Чорныя бобры, каб раслі добры.

Патом таго, слаўны пане,

Да ўжо ж вам песня спета.

А дзякуем слаўнаму пану,

Слаўнаму пану, пану Васілю,

За яго хлябы за сітовыя,

За яго страўкі за сахарныя,

За яго слоўцы за пакорныя,

А патом таго да й жане ж яго,

А патом таго да й дзецям яго,

А патом таго да й і ўсёй сям'і.

Да жыві здароў да і будзь багат,

Да не сам з сабой, да з сваім дваром,

Да з сваімі з любадзеткамі,

Да з суседзьмі і са бліжнімі,

I са бліжнімі і са дальнімі,

З пакрэўнымі да прыяцелямі.

 

170. АІМЭФ, ф 8, воп. 74, спр 83, сш. 2, л. 29. Зап. А. С Ліс у 1974 г у в. Гародзькі Валожынскага р. ад В. Кезік і М. Кезік.

 

Чый то домік на прыгорачку?

Да віно ж віно зялёнае!

Залаты тыночак, зыбкія варотцы,

Каля тыну пчолкі гудзяць,

Каля застрэшку галубкі шумяць,

А ў каморы краўцы сядзяць,

Краўцы сядзяць, шубу шыюць,

Шубу й шыюць самой пані,

Самой пані, пані гаспадыні.

Сукна многа — шуба доўга.

Наша гаспадынька расхадзілася,

Па бруку ходзе, брук падмятае,

Сваіх дзетак рана пабуджае:

— Устаньце, дзеткі, ранюсенька,

Умыйцеся бялюсенька,

Пойдзем жа мы ў новую абору.

У новай аборы яў з'явілася:

Сорак каровак ацялілася,

А йшчэ столькі пазначылася.

Як на небе зорка пакацілася,

Наша гаспадынька расхадзілася,

Шуба на апашак, у кішэні пляшак:

Сыра на талерку — запіваць гарэлку,

Скварку ў печ, па яйкі ў клець.

 

171. Federowski, 8, с. 92. Зап. на Лепельшчыне.

 

Гаспадынечка-журавіначка,

Устань раненька, мыйся беленька,

Мыйся беленька, утрыся чысценька,

Запалі свечку найяснейшую,

Збудзі служку найвярнейшую,

Няхай бярэць ліхтарок і ідзе у хлявок.

У вашым хляўку праява стала,

Праява стала, праявілася,

Дзесяць кабылак ажарабілася:

Пяць жаробачак, пяць жаробчыкаў.

Тыя жаробачкі на прыплодачкі,

А жарабочкі на паяздочкі.

Гаспадынечка-журавіначка,

Устань раненька, мыйся беленька,

Мыйся беленька, утрыся чысценька,

Запалі свечку найяснейшую,

Збудзі служку найвярнейшую,

Няхай бярэць ліхтарочак

I ідзець у хлявочак.

У вашым хляўку праява стала,

Праява стала, праявілася,

Капа каровак ацялілася:

Трыццаць бычкоў, трыццаць цялушак.

Тыя бычкі на пажытачкі,

А цялушачкі на прыплодачкі.

 

172. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 12, сш. 1, л. 31—32. Зап. Ю. Мацкевіч у 1946 г. у в. Чапялі Старобінскага р.

 

Да ў нашага пана гаспадара,

Да зялён явар, дуброва!

Сад-вінаград пазасаджаны,

Райскія птушкі папрынаджваны,

Цясовыя сталы да пазасціланы,

Зялёныя кубкі да паналіваны.

Усхадзілася шура да бура,

Сад-вінаград да паламала,

Райскія птушкі да паразганяла,

Цясовыя сталы да парассцілала,

Зялёныя кубкі да паразлівала.

Засмуціўся сам пан гаспадар,

А ў яго жонка разважліва,

Па двару ходзіць, пана разважае:

— Не смуціся, пан гаспадар,

Да калі будзем жыці да быці,

Сад-вінаград пазасаджваем,

Райскія птушкі папрынаджваем,

Цясовыя сталы да пазасцілаем,

Зялёныя кубкі да паналіваем

I з дзеткамі, і з суседкамі,

I з блізкімі да прыяцелямі.

Кварту гарэлкі паставіці,

А сыр белы да палажыці.

Кварта гарэлкі да дзеля смялосці,

А сыр белы да дзеля былосці.

 

173. АІМЭФ, .ф. 8, воп. 73, спр. 66, сш. 7, л. 22—23. Зап. А. М. Акунькова ў 1973 г. у в. Бірча Бабруйскага р. ад Ганны Бураўскай, 1913 г. н.

 

Ляцела пава ды на дварэ ўпала,

Зялёны явар кудравы.

Звіла гняздзечка, знесла яечка,

Знесла другое, знесла трэцяе.

Вывела яна тры сыночкі,

Усе — Васілёчкі.

Адзін сказаў: я отчыкам [Пчаляр (мясцовае, старажытнае) – Заўвага склад.] буду,

Мёду нагляджу к святому дню Благавешчанню.

Другі сказаў: рыбаловам буду,

Рыбы налаўлю к святому дню, Чыстаму чацвяргу.

Трэці сказаў: я пахарам буду,

Хлеба напашу к святому дню, к Вялікадню.

Первы крыкнуў у шчырым бару,

Вуллі мёду падглядаючы,

Бога на помач прызываючы.

Другі крыкнуў на быстрай рэчцы,

Сець за рыбай закідаючы,

Бога на помач прызываючы.

Трэці крыкнуў у чыстым полі,

Каня ў сошку запрагаючы,

Бога на помач прызываючы.

 

174. Бессонов, с. 9—10.

 

Стаяла верба вілаватая,

Слаўная пані чараватая.

Слаўная пані, пані Дар'я,

Зачарылася на трох сыноў,

На трох сыноў, як сакалоў.

Первы сынок — той пашнічак,

А другі сынок — той канюшок,

Трэці сынок — малады земчык.

Пашнічак бога просіць:

— Зарадзі ж, божа, да маё

Да маё жыта ў чыстым полі.

Канюшок бога просіць:

— Пасі ж, божа, маіх коні,

Маіх коні ў чыстым полі,

У чыстым полі, у Юр'евых росах,

У Юр'евых росах, у Мікольскіх травах.

Земчык у садзе бога просіць:

— А раі ж, божа, мае пчолкі,

Да мае пчолкі ў вішнёвым садзе.

Патом таго, слаўная пані,

Слаўная пані, пані Дар'я,

Да ўжо ж вам песня спета,

Песня спета проціў лета,

Проціў лета, лета краснага,

У добрай ласцы, у добрай згодзе,

У добрай згодзе нам пець годзе.

 

175. Булгаковский // Мин. губерн. ведомости, 1868, № 23.

 

Ой, у агародчыку да ў малюсенькім

Стаяла рожа чырванюсенька.

Вышла-выбегла красна паненка,

Красна паненка, тонка, бяленька,

Яна тую рожу сашчыпала,

К свайму ліцу раўнавала:

— Што б маё ліцо такое было

I румяна, і чырвона,

Не пайшла б я ні за кога —

Ні за двараніна, ні за мешчаніна,

Да пайшла б я за такога пана,

Што ў судзе сядзіць, перасуд бярэць,

Перасуд бярэць, сваёй панне шлець,

Сваёй панне шлець кунню шубу,

Кунню шубу, пярлоў венчык,

Пярлоў венчык, залаты сігнэт:

Кунню шубу — к вяселлейку,

Перлаў венчык — на залоўку,

Залаты сігнэт — вянчаціся.

Ой, за наша ўспяванне

Просім капу яек для пазнання,

Капу яек для гонару,

Па кілішку на дарожку.

Мы паненку віншуемы,

Шчасця долі зычыемы,

Бывай здарова і гуляй вясёла,

Як салавейка ў ціхім лузе,

У ціхім лузе да на калінцы.

Тонка калінка, стой не гібніся,

Красна паненка, гуляй, весяліся.

 

176. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 17, л. 2. Зап. I. Грынцэвіч у Куранецкай вол. Вілейскага п.

 

Да ў гародзе на пагодзе,

Хрыстос васкрэс, сын божы! [Паўтараецца пасля кожнага радка.]

Садзік-кусток — ружовы лісток.

Выйшла-выбегла красна паненка,

Тую ружу сашчыпала,

К свайму ліцу меркавала:

— Каб маё ліцо такое было,

Да, як ружа, чырвонае,

Не пайшла б я ні за двараніна,

Ні за двараніна, ні за мешчаніна,

Пайшла б я за такога пана,

Што з коніка не ссядаіць,

З стрэмя ножак не вымаіць,

У адным стале з каралём сядзіць,

Сеўшы за столікам, кубак налівае.

Была б я за столікам,

Налівала б тры кубачкі:

Адзін кубак — зялёнага віна,

Другі кубак — пшанічнага піва,

Трэці кубак — салодкага мёду.

Зялёна віно—пану майму,

Пшанічнае піва — дзеткам маім,

Мёд салодкі сама вып'ю.

 

177. Шырма, 3, с. 89. Зап. у 1928 г. у в. Страшава Ваўкавыскага п.

 

А ў гародзе ды на пераходзе

Стаіць ружа чырвоная,

Віно ж маё, віно зеляно! [Паўтараецца пасля кожных двух радкоў.]

Выйшла-выбегла красна паненка,

Красна паненка, на імя Аленка,

Вышчыкнула з ружы кветку

Ды меркавала к свайму лічыку.

— А дай, божа, такое лічка,

Як і з ружы гэта кветка,

То пайшла б я за садавода,

Бо садавод сады садзіць.

Першы садок — ды вішнёвы,

Другі садок — ды чарашнёвы,

Трэці садок — краснае паненкі,

Краснае паненкі, маладой Аленкі.

Гэта песня табе спета,

Песня спета проці лета,

А што, панна, за дар дасі?

Сорак яек на паўміску,

Каўбасою абкружыўшы,

Белым сырам завяршыўшы,

Віно ж маё, віно зеляно!

 

178. Шырма, 3, с. 36. Зап. у 1957 г. у в. Зялёная Дуброва Смалявіцкага р.

 

Ой, на азярыне на сіненькай,

Вясна красна на ўвесь свет!

На кладачцы ды на гібенькай,

Зялёны явар,зялёны! [Прыпевы “Вясна красна на ўвесь свет!” і “Зялёны явар, зялёны!” паўтараюцца па чарзе праз адзін радок.]

Там дзяўчына бель бяліла,

Бель бяліла, ручкі мыла,

Ручкі мыла, персцень ураніла.

Дзе бралася шчука-рыба,

З хваль нырнула, персцень праглынула.

А к той азярыне ды па лугавіне

Ішлі-брылі тры малойчыкі,

Тры малойчыкі-рыбалоўчыкі

Ішлі на нерат, неслі невад.

— Ой, мілыя мае тры малойчыкі,

Тры малойчыкі-рыбалоўчыкі,

Вы злавіце шчуку-рыбачку,

Адбярыце залаты персцень.

Я ж вам буду ў вялікай адгодзе:

Аднаму буду суседкаю,

Другому буду швагеркаю,

Трэцяму, згадаем, сама маладая.

Я да суседа агню пайду,

Я да швагра ў госці паеду,

А з каханым век жыць буду.

— Дзяўчыначка-журавіначка,

Загадаем табе сем загадак,

Адгадаеш — персцень атрымаеш,

Не адгадаеш — нас не дачакаеш.

А што шэпча без говара?

А што бяжыць без повада?

А што расце без кораня?

А што чорна не чэрнячы?

А што бела не белячы?

А што стогне без немачы?

А што ўецца паверх дрэва?

— Вецер шэпча без говара,

Вада бяжыць без повада,

Камень расце без кораня,

Снягі белы не белячы,

Воран чорны не чэрнячы,

Свіння стогне без немачы,

Хмель віецца паверх дрэва.

 

179. Карский // РФВ, 1885, т. 13, с. 268—269. Зап. у с. Бярозавец Навагрудскага п.

 

Ой, на моры, моры ды на сіненькім,

На камені ды на беленькім

Там паненка бель бяліла,

Бель бяліла, ручкі мыла,

Ручкі мыла, персня забыла.

Да прасіла свайго войчанька:

— Мой войчанька, мой родненькі,

Да паедзь, паедзь па мой персцень,

Да па мой персцень, да па залаценькі.

— Калі ж мой конь да не кованы,

Да не кованы, да не поены,

Да на белы камень да не наступе,

Залатога персня ды не дастану.

Войчанька едзе, персня не вязе,

Персня не вязе, праўды не кажа.

А на моры, моры да на сіненькім,

Да на камені да на беленькім

Там паненка бель бяліла,

Бель бяліла, ручкі мыла,

Ручкі мыла, персня забыла.

Да прасіла свайго брацетка:

— Мой брацетка, мой родненькі,

Да паедзь, паедзь па мой персцень,

Да па мой персцень, да па залаценькі.

— Калі ж мой конь да не кованы,

Да не кованы, да не поены,

Да на белы камень да не наступе,

Залатога персня да не дастану.

Брацетка едзе, персня не вязе,

Персня не вязе, праўды не кажа.

А на моры, моры ды на сіненькім

Там паненка бель бяліла,

Бель бяліла, ручкі мыла,

Ручкі мыла, персня забыла.

Да прасіла свайго мілага...

— Да мае коні падкаваны,

Падкаваны да напоены,

Да на белы камень да наступяць,

Да залаты персцень да дастану.

Міленькі едзе, персцень вязе,

Персцень вязе, усю праўданьку кажа.

 

180. АГТ, р. 4, воп. 1, клц. 20, л. 4. Зап. у 1888 г. у Вілейскім п.

 

Ляцела пава залацістая,

Спявайце, братцы, спявайце.

Пусціла пер'е закасістае.

Выйшла, ой, выйшла красна дзеўчына,

Тое перайка пасабірала,

Пасабірала, у рукаў запхала,

Панесла ж яна на высок церам,

На высок церам да к тром кавалям.

— Вы, кавальчыкі, вы, работнічкі,

Ой, скуйце, збіце мне тры вяночкі:

Адзін вяночак да з руты з мяты,

Другі вяночак з пад'яленчыку,

Трэці вяночак з чырвонай рожы;

Ой, з руты, з мяты вянок багаты,

З пад'яленчыку — то к вяселлейку,

З чырвонай рожы я сама знашу,

Я сама знашу, два двары акрашу:

Адзін дварочак — там, дзе я расла,

Другі дварочак — да дзе я пайшла.

 

181. Гілевіч, 1974, с. 113—114. Зап. М. Плыгаўка у Докшыцкім р. ад Аляксандры Плыгаўка.

 

А ў матулькі адна дочка,

Сад зялёны, вішнёвы! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Як вішанька ў садочку.

Пайшла ж яна ў садочак,

У садочак пагуляці,

Сабе грушку выбіраці.

Ды выбрала сабе грушку,

Ды такую высокую.

На ёй сучча срэбранае,

На ёй лісце залатое.

Як напалі сільны ветры —

Сучча й лісце абарвалі.

Паненачка рана ўстала,

Умылася бялюсенька,

Зачасалася слізюсенька.

Пайшла ж яна у садочак,

Гэту шкоду забачыла,

Шоўкаў платок разаслала,

Сучча, лісце пазбірала,

У пучочкі павязала.

Пайшла яна да злотнічкаў:

— Вы, злотнічкі-работнічкі,

Ды зрабіце мне тры выгоды:

Перша выгода — злоты кубак,

Друга выгода — злоты персцень,

Трэцяя выгода — злоты венец.

Злоты кубак — віно піці,

Злоты персцень — на мянянне,

Злоты венец — на вянчанне.

— Паненачка, не будзь горда,

Не будзь горда будзь пакорна,

На малойцаў агляніся,

Нам, малойцам, аддарыся:

Ці серабром неважоным,

Ці золатам незлічоным,

Добрым часам, перад кірмашам!

Серабро сваё мы зважым —

Мы паненку не зняважым,

А золата самі злічым —

Мы паненку падвялічым.

Чырван злоты — нам на боты,

Бо мы боты патапталі,

Пакуль панну дапыталі.

Паненачка, не будзь горда,

Не будзь горда, будзь пакорна,

Татку з мамкай пакланіся,

Нам, малойцам, адгадзіся.

Як не хочаш аддарыцца —

Пойдзеш з намі валачыцца.

Нашы сцежкі далёкія,

Нашы росы халодныя,

Нашы рэкі глыбокія:

Заросішся, замочышся,

Тады нам аддарышся,

Нейдзе ж нанач папросішся.

Паненачка, не будзь горда,

Не будзь горда, будзь пакорна,

На малойцаў агляніся,

Нам, малойцам, аддарыся:

Сыр на талерку, водкі бутэльку,

Пірог на стол і нас за стол.

Сад зялёны, вішнёвы!

 

182. Карский С. Пасха у белорусов Виленской губернии // Вилен. вестник, 1891, № 86.

 

А ў караля пасярод двара,

Віно да віно, гэй, віно зеляно!

Стаіць вярба караністая,

На ёй голле пазлацістае.

Наляцелі марскія пташкі,

Тыя голля зачапілі,

Тое злота абтрусілі.

Выйшла-выбегла красна паненка,

Шоўкаў платочак разаслала,

Тое злота падабрала,

Да злотнічкаў адаслала.

— Ах вы, злотнічкі, вы, работнічкі,

Вы зрабіце тры надобінкі:

Першу надобінку — злоты персцень,

Другую надобінку — руцвян вянец,

Трэцюю надобінку — залаты кубак;

Злоты персцень — на мяненнейка,

Руцвян вянец — на вянчаннейка.

Залаты кубак — на вітаннейка.

 

183. Шейн. Материалы, с. 162—163. Зап. Я. Багданоўскі ў с. Валасовічы Барысаўскага п.

 

Чэраз Дунай гібка кладка,

А зялён явар кудравы!

Маляваная, габляваная.

Па тэй кладцы ходзіць паненка,

Ходзіць паненка, малада Агапка.

Нясець яна ў правай руцэ залаты кубак,

А ў левай руцэ шалкову хусту.

За ёй ходзіць купецкі сын,

Просіць у яе залатога кубка,

Залатога кубка умываціся,

Шаўковай хустай уціраціся.

— Купецкі сын, не хадзі за мной,

Не хадзі за мной, ты не равен мне,

Не дам табе залатога кубка умываціся,

Не дам табе шаўковай хустай уціраціся.

Чэраз Дунай гібка кладка,

Маляваная, габляваная.

Па тэй кладцы ходзіць паненка,

Ходзіць паненка, малада Агапка.

За ёй ходзіць каралеўскі сын,

Просіць у яе залатога кубка умываціся,

Просіць у яе шаўковай хустай уціраціся.

— Каралеўскі сын, не хадзі за мной!

Не дам табе залатога кубка умываціся,

Не дам табе шаўковай хустай уціраціся.

Чэраз Дунай гібка кладка,

Маляваная, габляваная.

Па тэй кладцы ходзіць паненка,

Ходзіць паненка, малада Агапка,

За ёй ходзіць малады сужанька,

Просіць у яе залатога кубка умываціся,

Просіць у яе шаўковай хустай уціраціся.

— Малады сужаньку, хадзі за мной!

Дам я табе залатога кубка умываціся,

Дам я табе шаўковай хустай уціраціся.

 

184. Гілевіч, 1974, с. 105. Зап. Т. Кузьміч у в. Рудня Дзяржынскага р. ад I. Пахома, 1902 г. н.

 

Добры вечар, ды паненачка!

Зялён явар, зялёны! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Просім адамкнуць нам акеначка,

Просім пабачыць свайго каханага.

Твой жа каханы на коніку едзе,

На коніку едзе, бліжай пад'язджае,

Бліжай пад'язджае, тры падаркі мае:

Першы падарак — руцвяны вянок,

Другі падарак — залаты персцень,

Трэці падарак — срэбраны кубак.

Руцвяным вянком павянчаціся,

Срэбраным кубкам мёд, віно піці,

Мёд, віно піці — не упіваціся,

Залатым перснем абмяняціся.

Просім выйсці к нам на ганачак,

Просім вынесці нам ды падарачак:

Сыр на тарэлку — закусіць гарэлку,

Парасё з хвастом валачы на стол,

Слаўная паненка, бывай здарова,

Бывай здарова, жыві багата!

Зялён явар, зялёны!

 

185. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 37, л. 4 адв.— 5. Зап. М. Герштановіч у Крэўскай вол. Ашмянскага п.

 

Вечар добры, паненачка,

Да віно ж, віно зеляно! [Паўтараецца пасля кожнага радка.]

Чаму не адэмкніш акенечка,

Чаму не ўложыш сукеначкі,

Чаму не паглёндаш, каго жондаш.

Кавалер едзе, ён тут будзе,

Пекны, слічны, палітычны,

Не тутэйшы, загранічны.

Як ён ехаў праз Кракава,

Кракавянкі аж памлелі:

«Мы такога не відзелі».

Сам бялявы, вус чарнявы,

На ім мундзір дарагенькі,

Пад ім конік вараненькі,

Пад ім сядло залатое,

А страменца дыямэнтова.

Мы, маладзенькі, атапталіся,

Пакуль да паненкі датапталіся.

Мы, маладзенькі, абнасіліся,

Пакуль да паненкі даблудзіліся.

Даруй гасцей, не баў, бардзей,

Гэтыя госці недакучныя,

Каля акон ходзяць, дзвярэй не адчыняюць.

Не часта ходзяць, не многа просяць:

Чырвон злоты нам на боты,

Саракоўкі нам на падкоўкі,

Кварту гарэлкі для смялосці,

Гарнец мёду, то для голасу,

Сорак яек на паўмісак

Кілбасою акружыці,

Белым сырам налажыці,

Срэбным рублём завяршыці.

 

186. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 37, л. 6. Зап. М. Герштановіч у Крэўскай вол. Ашмянскага п.

 

Ой, на моры на сіненькім,

Да віно ж, віно зеляно! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Красна паненка, малада Марыя,

Бела бяліла, ручкі мыла,

Ручкі мыла, сыгнэт ураніла.

Ой, ішлі ж, прыйшлі тры лалоўнічкі,

Тры лалоўнічкі-рыбалоўнічкі.

— Рыбалоўнічкі, вы лалоўнічкі,

Закіньце ж вы шоўкаў невад,

Дастаньце мне злоты сыгнэт.

— Што ж нам, паненка, за дар дасі?

— Для аднаго — шоўкаў невад,

Для другога — злоты сыгнэт,

За трэцяга сама пайду;

Шоўкаў невад — рыбу лавіць,

Злоты сыгнэт—красавацца,

Са мной, маладой, будзем век жыць.

 

187. АІМЭФ, ф. 8, воп. 84, спр. 228а, л. 42. Зап. А. Ліс у 1984 г. у в. Першамайск Салігорскага р. ад Марыі Чадовіч, 1899 г. н.

 

На гародзе да на пераходзе

Там цвіла рожа чырвоненька,

Там хадзіла злічна паненка,

Злічна паненка, малада Аленка.

Яна тую рожу да сашчыпала,

Сашчыпала і вянок звіла,

Звіўшы вяночак, пайшла ў танок.

Як усхадзіліся буйныя ветры,

Буйныя ветры, дробныя дожджыкі.

Яны той вянок да й замачылі,

Да й замачылі, да й загубілі.

Пайшла яна рыдаючы,

Свайго вяночка шукаючы,

Сустрэла тры кукольнічкі,

Тры кукольнічкі, сваевольнічкі.

— Мілыя мае тры кукольнічкі,

Кукольнічкі, мае галубочкі,

Ці не чулі, ці не бачылі майго вяночка?

Адзін кажа: «Я й чуць не чуў»,

А другі кажа: «Я й не бачыў»,

А трэці кажа: «Я й сам там быў,

Я й сам там быў, на ручках трымаў,

На ручках трымаў, на галоўку клаў».

 

188. АГТ, р. 20, воп. 1, клц. 10, л. 68—70. Зап. у 60-я гады XIX ст. М. Дзмітрыеў на Навагрудчыне.

 

Да ляцелі да два галубочкі,

Да віно ж, віно зеляно!

Да зранілі да два жалудочкі,

З тых жалудочкаў сталі два дубочкі,

А на тых дубочках свечы гарэлі,

Свечы гарэлі, іскры сыпацелі,

А з тых іскраў сіня мора стала.

На азёры да на сіненькім,

Да на камені да на беленькім

Там дзяўчына ручкі мыла,

Ручкі мыла, персцень ураніла.

Тудэю ішлі тры малойцы,

Тры малойцы, рыбалоўцы,

Яна ж у іх прасілася:

— Вы, малойчыкі-рыбалоўчыкі,

Да закіньце вы шоўкаў невад,

Да злавіце мой золат персцень.

— Да красная паненка, што нам з таго будзе?

— Да першаму — мой золат персцень,

А другому — руцвян вянец,

А трэцяму — сама, маладая,

Сама, маладая, касіца русая.

 

189. Federowski, 8, с. 93—95. Зап. у Слонімскім п.

 

Тонка, тонка канапелька, гэй, лолам!

Танчэйшая красна панна, лолам!

Танчэйшая красна панна, гэй, лолам!

Красна панна і Маруся, лолам!

На Дунаю хусты прала, гэй, лолам!

На Дунаю хусты прала, лoлaм!

Хусты прала, бель бяліла, гэй, лолам!

Хусты прала, бель бяліла, лолам!

Злоты персцень згубіла, гэй, лолам!

Злоты персцень згубіла, лолам!

Ішлі й беглі рыбалоўцы, гэй, лолам!

Ішлі й беглі рыбалоўцы, лолам!

А мае вы рыбалоўцы, гэй, лолам!

А мае вы рыбалоўцы, лолам!

Закідайце шоўкаў невад, гэй, лолам!

Закідайце шоўкаў невад, лолам!

I злавіце ж шчуку-рыбу, гэй, лолам!

I злавіце ж шчуку-рыбу, лолам!

I злавіце й расплатайце, гэй, лолам!

I злавіце й расплатайце, лолам!

Пярсцёначка пашукайце, гэй, лолам!

Пярсцёначка пашукайце, лолам!

З шчукі-рыбы абед будзе, гэй, лолам!

З шчукі-рыбы абед будзе, лолам!

Злоты персцень узамен пойдзе, гэй, лолам!

Злоты персцень узамен пойдзе, лолам!

Песня спета проці лета, гэй, лолам!

Песня спета проці лета, лолам!

Лета не ждзі, замуж ідзі, гэй, лолам!

Лета не ждзі, замуж ідзі, лолам!

Каб мы болей не спявалі, гэй, лолам!

Каб мы болей не спявалі, лолам!

Як салаўі ў садочку, гэй, лолам! ,

Як салаўі ў садочку, лолам!

Так мы ў панны ў акеначку, гэй, лолам!

Так мы ў панны ў акеначку, лолам!

Не спі доўга, даўгюсенька, гэй, лолам!

Не спі доўга, даўгюсенька, лолам!

Уставай рана, ранюсенька, гэй, лолам!

Уставай рана, ранюсенька, лолам!

Сей льну многа, мнагусенька, гэй, лолам!

Сей льну многа, мнагусенька, лолам!

Палі чыста, чысцюсенька, гэй, лолам!

Палі чыста, чысцюсенька, лолам!

І рві хутка, хуцюсенька, гэй, лолам!

І рві хутка, хуцюсенька, лолам!

Й сцялі роўна, раўнюсенька, гэй, лолам!

Й сцялі роўна, раўнюсенька, лолам!

I тры чыста, чысцюсенька, гэй, лолам!

I тры чыста, чысцюсенька, лолам!

Прадзі ценька, цянюсенька, гэй, лолам!

Прадзі ценька, цянюсенька, лолам!

I снуй многа, мнагусенька, гэй, лолам!

I снуй многа, мнагусенька, лолам!

I тчы гладка, гладзюсенька, гэй, лолам!

I тчы гладка, гладзюсенька, лолам!

Й бялі бела, бялюсенька, гэй, лолам!

Й бялі бела, бялюсенька, лолам!

Рэж падаркі даўгусенька, гэй, лолам!

Рэж падаркі даўгусенька, лолам!

Прымай сваты гжэчнюсенька, гэй, лолам!

Прымай сваты гжэчнюсенька, лолам!

Што ж нам, панна, за дар дасі, гэй, лолам!

Што ж нам, панна, за дар дасі, лолам!

Сорак яек на паўмісак, гэй, лолам!

Сорак яек на паўмісак, лолам!

Кілбасою акружыці, гэй, лолам!

Кілбасою акружыці, лолам!

Белым сырам завяршыці, гэй, лолам!

Белым сырам завяршыці, лолам!

 

190. Бессонов, с. 23—24.

 

У чыстым полі стадоланька,

А зялёны сад вішнёвы!

У стадольцы карчоманька,

У карчомцы краватанька,

На краваці слічна паненка,

Слічна паненка, панна Ганна.

Ля яе стаяць тры малойцы,

Тры малойцы, усе тры маладыя:

Першы малойчык — пан Сымонка,

Другі малойчык — пан Халімонка,

Трэці малойчык — пан Мільянка.

Сымонка стаіць проці ручак,

Халімонка стаіць проці галоўкі,

Мільянка стаіць проці ножак.

Сымонка стаіць з зялёным віном,

Халімонка стаіць з пшанічным пірагом,

Мільянка стаіць з горкай гарэлкай.

Сымонка кажэць: «Ганулька,

Пакаштуй майго зялёна віна».

Халімонка кажэць: «З'еш

Майго пшоннага пірага».

Мільянка кажэць: «Пакаштуй

Маёй горкай гарэлкі».

Яна кажэць: «Ада ўсіх піці —

П'янай быці.

Усіх любіці — нежывой быці;

Піць не піць зялёна віна,

Любіць не любіць маладога Сымонкі!»

 

191. Романов, 8, с. 176—177. Зап. у с. Дубіна Ашмянскага п.

 

Вечар добры, паненачка,

Віном, віном зялёным! [Паўтараецца пасля кожнага радка.]

На сенажаці да на поплаві.

Там хадзіла курапат стада,

Між тых курапат — мядуначка.

Скуль браўся селязень сізы —

Ён усе курапаты паразганяў,

А чырачынку за чубок узяў.

Яна стала прасіціся,

Яна стала прасіціся,

Прасіціся-маліціся:

— Пусці ж мяне да пташачак,

Да пташачак, да грумадачак!

— А хоць пушчу, дак пазначу:

Твае пер'я пакасмачу!

У вялікім доме да на ганачку :

Там стаяла дзевак многа.

Скуль браўся кавалер слічны —

Усім дзеўкам добры дзень даў,

А маладу Мар'янку за ручку ўзяў.

Яна стала прасіціся,

Прасіціся-маліціся:

— Пусці ж мяне да дзевачак,

Да дзевачак, да паненачак!

— Хоць пушчу, дык пазначу:

Тваю коску раскасмачу,

Маладу Мар'янку для сябе зазначу!

Да дзевачак не прыстанеш —

З малодкамі паровін станеш.

Песня спета проці лета,

Проці лета, проці цёплага.

 

192. ЦНБ АН БССР, АРКіР, ф. 23, воп. 1, спр. 472, л. 17. Зап. Я. і А. Логіны ў 1914 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

Да ў кольнічку, ў агароднічку

Тудэю ішло да дзевачак танок,

Да ўсе ж яны весялюсенькі,

Адна паненка хмурнюсенька.

Красна паненка на імя Ганначка

Загневалася на айца, на матку,

Што сукенку шылі, пакарацілі,

Ядвабным шнурам да не аблажылі,

— Дзіце ж наша да міленькае,

Не гневайся, маладзенькае,

Мусіма краўцоў папрасіці

Да сукенку надтачыці,

Ядвабным шнурам аблажыці.

 

193. Е. П. [? В публикации без пояснений – О.Л.], с. 7. Зап. у Быхаўскім п.

 

А з-пад лесу, лесу зялёнага,

Вясна красна, дзень цёплы!

Выступала туча грозная.

Людзі той тучы папужаліся,

Папужаліся, паўлякаліся.

Абазваўся ацецкі сын:

— Не пужайцесь, не ўлякайцесь гэтай тучы,

Ета туча ні дажджавая, ні снегавая.

Яна морам ішла — пчолак садзіла,

Яна полем ішла — жыта радзіла,

Яна сялом ішла — статак пладзіла.

 

194. Federowski, 5, с. 682. Зап. у в. Грыневічы ля Свіслачы Ваўкавыскага п.

 

Ранні авёс — позні авёс, гэй, лолам!

Ранні авёс — позні авёс,

Найпазнейшы — зелянейшы, гэй, лолам!

Найпазнейшы — зелянейшы.

А ў тым аўсе камень ляжыць, гэй, лолам!

А ў тым аўсе камень ляжыць,

На камені змяя сядзіць, гэй, лолам!

На камені змяя сядзіць.

Туды ехаў бел малойчык, гэй, лолам!

Туды ехаў бел малойчык

На коніку вараненькім, гэй, лолам!

На коніку вараненькім,

На сядэлку залаценькім, гэй, лолам!

На сядэлку залаценькім.

Хацеў цяці голаў зняці, гэй, лолам!

Хацеў цяці голаў зняці.

Стала змяя прасіціся, гэй, лолам!

Стала змяя прасіціся:

— Не тні мяне, бел малойчык, гэй, лолам!

Не тні мяне, бел малойчык,

Стану я табе ў прыгодзе, гэй, лолам!

Стану я табе ў прыгодзе.

Пушчу сынкі ў чашнічкі, гэй, лолам!

Пушчу сынкі ў чашнічкі.

А дачушкі ў сванечкі, гэй, лолам!

А дачушкі ў сванечкі,

А старога за старосту,

Сама стара за кухарку, гэй, лолам!

Сама стара за кухарку.

Убяру сынкі ў бела злота, гэй, лолам!

Убяру сынкі ў бела золата,

А дачушкі ў аксаміты, гэй, лолам!

А дачушкі ў аксаміты,

А старога ў кажушышча, гэй, лолам!

А старога ў кажушышча,

Сама стара у раднішча, гэй, лолам!

Сама стара у раднішча.

Перавязу цераз мора, гэй, лолам!

Перавязу цераз мора,

Каб конікаў не ўтапілі, гэй, лолам!

Каб конікаў не ўтапілі,

Каб сукенак не ўмачылі, гэй, лолам!

Каб сукенак не ўмачылі.

 

195. АГТ, р. 4, воп. 1, клц. 13, л. 3. Зап. у Валожыне ў 50-я гады XIX ст.

 

Авёс зелен, позна сеян,

А ў тым аўсе да мяжа ляжыць,

Да той мяжой да куна бяжыць,

Куна бяжыць з кунаняткамі.

Выйшаў, выцек красны панічак,

Стрэліць, меціць да куну забіць.

Стала куна прасіціся:

— Не бі, не рубі мяне.

Скажу табе тры радасці:

Першая радасць — маткі слухаць,

Другая радасць — ажаніціся,

Трэцяя радасць — каралю служыці.

Маткі слухаць, то збавен будзеш,

Ажаніціся, то багат будзеш,

Каралю служыць, то славен будзеш.

 

196. Шырма, 3, с. 49—50. Зап. у 1932 г. у в. Яцкава Валожынскага п. ад Параскі Барысіхі.

 

[Вариант этой песни есть в формате MP3 под названием “Віно ж маё зеляно” на сайте www.pesniary.com – это запись с двойного концертного альбома «Песняров» 1982 г., солист В.Дайнеко – О.Л.]

 

Ой, на моры, на сінім Дунаі,

Віно ж маё зеляно! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Ляжыць кладка брусаваная,

А масточкі ўсе каваныя.

Тудой ішло семсот коней,

Усе кладачкі пазгібаліся,

А масточкі паламаліся,

Семсот коней утапілася.

Скуль узяўся красны панічык,

Красны панічык, малады Андрэйка,

Ляціць-бяжыць, гукаючы,

Свайго каня шукаючы:

— Вот не жаль жа мне семсот коней,

Вот жаль жа мне аднаго каня:

З яго рота цякло злота,

Ён капыцікам камень разбівае,

Ен хвосцікам вулку падмятае,

Ён вушкамі неба падпірае,

Ён вочкамі зорачкі шчытае,

Ён Андрэйку паненку шукае.

 

197. ЦНБ, АРКіР, ф. 23, воп. 1, спр. 472. Зап. Я. і А. Логіны ў 1914 г. у в. Моладава Навагрудскага п.

 

А ў нядзелю да параненька

Ходзіць паніч да па ганачку,

Ходзіць, ходзіць ды пахаджвае,

Сваю чаляданьку ды выклікае:

— Да ўстань, да ўстань, новая чаляданька

Да мы пойдзем да новае стаенькі,

Да мы возьмем каня варанога,

Каня варанога, сядло залатое,

Да я паеду на руннае поле

Да свае ніўкі аглядаці.

Як выехаў за вароцечка,

Сустрачае Юр'я самога.

— Ды куды едзеш, слічны панічу?

— Да еду на руннае поле

Свае ніўкі аглядаці.

— Да вярніся, слічны панічу,

Да твая ніва сей урадліва:

Да на карэнне караністая,

З сярэдзінкі да сцяблістая,

Да з каласочка каласістая...

 

198. Булгаковский // Мин. губерн. ведомости, 1868, № 23.

 

Ішла хмара да хмарыстая,

Ехала войска украінскае,

Наперад яго царыч-паніч

На вараным кані увіхаецца,

Залатым мячом укладаецца.

Едзе поле, едзе і другое,

На трэцяе ўз'язджае.

Зазывае турэцкага цара:

— Выйдзі, выйдзі, турэцкі цар,

Выйдзі ка мне ў поле ваяваці.

— Як я маю з князем ваяваці,

Лепей жа князю згоду даці:

Даці князю каня варанога,

Каня варанога, сто чырвон злот.

— Я гэта прымаю і табе не дзякую.

Пайшла хмара да хмарыстая,

Ехала войска украінскае,

Наперад яго царыч-паніч,

Царыч-паніч, малады Пятрусь,

На вараным кані увіхаецца,

Залатым мячом укладаецца.

Едзе поле і другое,

На трэцяе ўз'язджае,

Вызывае турэцкага цара:

— Выйдзі, выйдзі, да турэцкі цар,

Выйдзі ка мне ў поле ваяваці.

— Як я маю з князем ваяваці,

Лепей жа князю згоду даці:

Даці князю каня варанога,

Каня варанога, сто чырвон злот,

Сто чырвон злот і крулеўначку.

— Я гэта прымаю і табе дзякую,—

Каня варанога — паязджаці,

Чырвон злоты — купчаваці,

А крулеўначку за сябе ўзяці.

 

А мы паніча віншуемы,

Шчасця, долі жычыемы,

Патом таго да бывай здароў,

Бывай здароў да будзь багат,

Будзь багат да будзь весел,

Як салавейка ў ціхім лузе,

У ціхім лузе да на калінцы.

Тонка калінка, стой, не гібліся,

Красны панічык, гуляй, весяліся.

 

199. Гілевіч, 1974, с. 120—121. Зап. В. Сілко ў Мінскім р. ад Ганны Гладкай.

 

Добры вечар, слічны панічок!

Вясна красна на ўвесь свет! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Хоць і дома — не акажацца,

У каморы прыбіраецца.

Ён сеў сабе за столікам,

Піша пісьмы ў тры зямлі,

Піша пісьмы, размячае,

У тры зямлі раскладае:

У першую — па коніка,

У другую — па золата,

У трэцюю — да паненкі.

Па коніка пасла пашлю,

Па золата — таварыша,

Па паненку сам паеду.

На коніку пад'язджаць буду,

А золатам шахаваць буду,

А з паненкай векаваць буду.

Табе, панічок, песня спета,

Песня спета проці лета,

Лета цёплага і вясёлага,

Дай жа, божа, за рок дачакаці,

Гэтага паніча панам назваці.

Вясна красна на ўвесь свет!

 

200. Бессонов, с. 13.

 

А ў лесе, лесе да на верасе

Там хадзіла стада коней,

Між тых коней вараны конік,

Ніхто таго каня не спаймае,

Не спаймае, ані асядлае.

Абабраўся слічны паніч,

Слічны паніч, малады Міколка.

Ён таго каня і спаймае,

I спаймае, і асядлае.

Асядлаўшы да й паедзе,

I ён паедзе з гары пад гару

Напроціў турка ваяваці.

А вывеў турак варанога каня:

I ён на таго каня ані ўзгляне,

Ані ўзгляне і вачэй не падыме:

— Не хачу з туркам да гадзіціся,

А кажу з туркам ваяваціся.

А вынес турак паўмісак злота:

I ён на тыя злоты ані ўзгляне,

Ані ўзгляне і вачэй не падыме:

— Не хачу з туркам пагадзіціся,

А кажу з туркам ваяваціся.

А вывеў турак слічную панну:

I ён на тую панну, як сокал, глядзіць,

Як сокал, глядзіць і за ручку дзяржыць:

— Не кажу з туркам ваяваціся,

А кажу з туркам пагадзіціся.

 

201. Гілевіч, 1974, с. 122—123. Зап. А. Белавусава і В. Дубоўская ў в. Царковішчы Ушацкага р. ад Т. Булка.

 

У цёмным лесе стучыць, гручыць,

Вясна красна на ўвесь свет! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Мы ж думалі, што гром грыміць,

Аж моладзец борць дзяўбаіць,

Борць дзяўбаіць, пчолак садзіць,

Пчолак садзіць, бога просіць,

Каб пчолкі зляталіся.

Зляталіся, звіваліся,

Ды й малойцу асталіся —

Ды й за працу мядок насіць.

Вясна красна на ўвесь свет!

 

202. Булгаковский // Мин. губерн. ведомости, 1868, № 23.

 

Да ў паніча на падвор’і,

Ой, стаяла ложа засланая,

Засланая і ўбраная.

На той ложы паніч гожы,

Паніч гожы, паніч Кастусь.

Перад ім стаяць тры паслугачы,

Ой, просяцца яны ў тры зямлі:

У адну зямлю — крулявецкую,

А ў другую — у турэцкую,

А ў трэцюю — у падольскую.

У крулявецкай зямлі — вараны коні,

А ў турэцкай — чырвон злот,

А ў падольскай — падаляначкі;

Вараны коні — паязджаці,

Чырвон злот — купчаваці,

А падаляначкі — за сябе ўзяці.

 

203. АІМЭФ, ф. 8, воп. 84, спр. 228а, л. 40. Зап. А. Ліс у 1984 г. у в. Першамайск Салігорскага р. ад Марыі Чадовіч, 1899 г. н.

 

Да на выгане там на кургане,

Там хадзіла стада вараное,

У тым стадзе конь гаворыць:

— Да хто мяне да спаймае,

Да спаймае, да асядлае?

Абазваўся злічны панічык,

Злічны панічык, малады Іванька:

— Да я цябе, коню, сам спаймаю,

Сам спаймаю, асядлаю,

На тым коню ў тры землі з'езджу:

Першую землю, дзе я ўрадзіўся,

А другую, дзе я ахрысціўся,

А трэцюю, дзе мне жыці-быці,

Дзе княжыці — быці і бога хваліці.

 

204. АІМЭФ, ф. 8, воп. 84, спр. 228а, л. 41. Зап. А. Ліс у 1984 г. у в. Першамайск Салігорскага р. ад Марыі Чадовіч, 1899 г. н.

 

Ой, у полі, у полі пад ігрушкаю,

Там стаяла ложа і з падушкаю,

А на той ложы паніч-каралевіч.

Выскакае-выбягае каралеўна яго:

— Устань, паніч, устань, каралевіч,

Да ўжо тваё войска туркі абнялі!..

— Няхай абнімаюць, як самі знаюць:

Баляць мае ножкі, туды ходзячы,

Баляць мае ручкі, тое робячы,

Баляць мае вочанькі, тое бачачы.

 

205. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 118, сш. 2, л. 26—27. Зап. К. Каламыцава ў 1976 г. у в. Стаі Лепельскага р. ад Т. С. Быкавай, 1911 г. н.

 

А ў лесе, лесе ды, ой, на верасе

Хрыстос васкрос, сын божы! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А там Іванька ды конікаў пасець,

Яму й Манечка ды абед нясець,

Селі абедаць ды разгукаліся:

— Ці ў памяць табе, ды й мой Іванька,

Як у Пятровы дзень, ой, Дунай замёрз.

— Каму ж не ў памяць, да мая й Манечка,

А я ж там і быў ды коніка паіў,

Коніка паіў ды й Дунай прабіў.

А ў лесе, лесе ды, ой, на верасе,

А там Манечка ды каровак пасець,

А ёй Іванька ды абедаць нясець,

Селі абедаць ды разгукаліся.

— Ці ў памяць табе, ды мая Манечка,

У калядны святкі ды расцвялі цвяткі.

— Чаму ж не ў памяць, ды а мой Іванька,

А я ж там была ды й цвяткі шчыпала,

Цвяткі шчыпала ды вяночак звіла.

Песеньцы канец ды дзве пары яец.

 

206. АІМЭФ, ф. 8, воп. 78, спр. 147, сш. 2, л. 26—27. Зап. А. М. Акунькова ў 1978 г. у в. Ятра Навагрудскага р. ад Я. Г. Грыб, 1895 г. н.

 

Ясны месяц да высока свеціць,

Да віно ж, віно зялёнае! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Малады ды малойчык на коніку едзе.

За ім ідзе яго ойчанька,

Яго славамі разважае:

— Паволі, паволі, да маё дзіцятка,

Штоб твой конік не спаткнуўся,

Штоб ты, маладзенькі, не ўлякнуўся.

— Мой конь-воран, срэбрам падкован,

А я, маладзенькі, у золата адзеты.        2

Вот жа табе, красны панічык,

Песня спета проціў лета ўрадлівага,

Проціў году шчаслівага,

Штоб ты, маладзенькі, скора рос, скора ажаніўся.

 

207. Горбачевский И. Древность белорусских песен и их напевность // Витеб. губерн. ведомости, 1896, № 83. Зап. у Лепельскім п.

 

А ў полі пад вярбінкаю

Молад Барыска красак пільнуець,

Зялёны сад вішнёвы! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Пільнаваў ён ноч, пільнаваў другую,

На трэцюю ноч паймаў дзевачку.

— Сам я не знаю, не зразумею,

Што з дзевачкай учыніці:

Зняў бы венчык — ды не ўмею,

Садраў бы персцень — дык не пасмею,

Хадзі, дзевачка, ты да восені,

Калі бог судзіць, то мая будзеш.

 

208. Горбачевский // Витеб. губерн. ведомости, 1896, № 83. Зап. у Лепельскім п.

 

А ў лузе, ў лузе коні хадзілі,

Коні хадзілі да гаварылі,

Зелена елка, зелена! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Якому пану мы застанёмся,

А ці худому, а ці добраму?

Мы застанёмся пану Барыску.

Будзем жа стаяць мы на стаенцы,

Будзем жа есці траву-мураву,

Будзем жа піці крынічну ваду,

Будзець шэрстанька ўся зачэсана,

Будзець грыванька ўся заплецена,

Будуць вушанькі на стразі стаяць,

Будуць вочанькі сокалам глядзець,

Будзець хвасточак калясом хадзіць,

Будуць ножанькі дарожку біць.

 

209. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 91, сш. 2, л. 18. Зап. К. Кабашнікаў у 1974 г. у в. Бычын Бярэзінскага р. ад С. М. Голуб, М. А. Мурач.

 

А на першы дзень, на Вялікадня,

Вясна красна, дзень цёплы! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Валачобнікі валачыліся,

Па калені памачыліся,

Зайшлі к бабцы, пасушыліся.

Дала бабка усім па яечку,

А свайму ўнучку — два яечкі ў ручку.

Адной сіраце да не выйшлася,

Да не выйшлася, да не высталася.

Пайшла сірата за новыя варата,

Не падзякаваўшы да заплакаўшы.

Вярніся, сірата, цябе бог кліча,

Цябе бог кліча, табе долю дае,

Каня варанога, князя маладога.

 

210. ААН СССР, ф. 104, воп. 1, спр. 533, л. 6. Зап. Г. Пузанаў у 1890 г. у в. Шумарава Мглінскага п. Чарнігаўскай губ.

 

Ай, жыла ўдава пасярод сяла,

Хрыстос васкрос, сын божы! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Ай, тая ўдава цяром строіла,

Цяром строіла да й выпісавала,

Да й выпісавала, да й вычырчавала,

На каня села да й аб'ехала,

Аб'ехаўшы дом, заплакала,

Заплакаўшы, да й прагаварыла:

— Нашто мне цяром без мілага друга,

Без мілага друга, без хазяіна.

 

211. Гілевіч, 1974, с. 126. Зап. Т. Ціхановіч у в. Зарэчча Смалявіцкага р. ад Маланні Шутко.

 

Дзень вялік, дзень вялік,

А лустачка мала:

Не свая мамка

Лустачку давала.

У каго свая мамка,

Дык дала краюшку,

Дык дала краюшку: «Напасі цялушку!

Калі не з'ясі —

Пастушкам дасі,

А калі мала —

Дамоў пабяжы».

А мне мачыха

Дык дала скарынку,

Дык дала скарынку:

«Напасі скацінку!

Калі не з'ясі —

Дык дамоў нясі,

А калі мала —

Дык каб парвала».

 

 

 

 

Народны каляндар

<<  Траўня 2017  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
14
2324