Вакол постаці Кастуся Каліноўскага. Як гэта было

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 344 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

84.4%UNITED STATES UNITED STATES
7.4%BELARUS BELARUS
1.8%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.1%KUWAIT KUWAIT
0.5%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Вакол постаці Кастуся Каліноўскага. Як гэта было

 

У гэтым годзе 2 лютага споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага і 145 гадоў з пачатку студзеньскага паўстання 1863 года ў Беларусі.

 

Але грамадскасць рэспублікі адзначыла гэтыя падзеі даволі сціпла. За выняткам некалькіх публікацый у незалежных газетах і рэтраспектыўнай мастацкай выстаўкі на сядзібе БНФ, спехам сабранай з напісаных раней твораў мастакоў суполкі "Пагоня", нічога нельга і прыпомніць. Ці прытаміліся, ці рашылі, што такія не вельмі юбілейныя даты не варта шырока адзначаць. У Інстытуце гісторыі і літаратуры НАН Беларусі нават не захацелі праводзіць ні навуковых пасяджэнняў, ні чытанняў, ні навуковых канферэнцый, прысвечаных такім знакамітым падзеям ў гісторыі нашай краіны і нашага змагання. Мабыць вырашылі, што пара зноў, як у сталінска-брэжнеўскія часы, пераглядзець ролю паўстання 1863 года ў Беларусі і тое значэнне, якое адыграў у ім Кастусь Каліноўскі, і абвясціць, што гэта была прапольская авантура, накіраваная супраць Расіі, а К.Каліноўскі найболей яркі прадстаўнік ідэй аддзялення Беларусі ад Расіі. А куды ж нам без матухны-Расіі дзецца?

Але мая памяць захоўвае падзеі іншага грамадзянскага ўзору, калі нацыянальна-свядомая грамада рабіла ўсе намаганні, каб хоць нейкім чынам адзначыць гэтыя даты ў жыцці свайго народа, будзіць яго, вярнуць яму гістарычную памяць, каб усе мы адчулі сябе нашчадкамі герояў-паўстанцаў 1863 года. Гэта было па тым часе небяспечна, можна было паплаціцца не толькі працай, але ўсім тым, што было нажыта і напрацавана, навекі трапіць у няміласць да ўладаў, стаць ізгоем у савецка-саўковым грамадстве.

Памяць і дзённікавыя запісы клуба "Спадчына", які паўстаў у сакавіку 1884 года, вяртаюць мяне да тых, ужо гістарычных часоў.

22 студзеня 1986 года, з нагоды студзеньскага паўстання 1863 года ў Беларусі, на пасяджэнне клуба "Спадчына" быў запрошаны пісьменнік, гісторык літаратуры і даследчык дзейнасці Кастуся Каліноўскага Генадзь Васільевіч Кісялёў.

Пасяджэнне клуба адбывалася ў сутарэнні па вул. Мендзялеева, 3, ва ўтульнай зале-музеі, сярод твораў выяўленчага мастацтва, дзе шмат карцін прысвячалася падзеям 1863 года, а таксама знаходзіліся партрэты К.Каліноўскага. На пасяджэнні прысутнічала звыш 50 чалавек. Прыводжу дзённікавы запіс:

"У сувязі з набліжэннем 150-годдзя з дня нараджэння К.Каліноўскага і 125-годдзя паўстання 1863 года былі зададзены пытанні наступнага зместу: а) ушанаванне памяці К.Каліноўскага; б) стварэнне музея героям паўстання 1863 года; в) перавыданне прац К.Каліноўскага. Пасля было прынята рашэнне звярнуцца да вышэйшых партыйных і савецкіх уладаў са зваротам аб ушанаванні 150-х угодкаў з дня нараджэння К.Каліноўскага і 125-годдзя з пачатку паўстання 1863 года ў Беларусі. Так як ахвотнікаў напісаць такі зварот сярод 50 чалавек не аказалася, то ініцыятар гэтай прапановы ўзяўся сам напісаць яго і прадставіць на абмеркаванне на наступным пасяджэнні.

Вось наступны дзённікавы запіс: "5 лютага 1986 г. а 19.00 гадзіна. Сустрэча з прафесарам права Іосіфам Аляксандравічам Юхо. Прысутнічала звыш 50 чалавек. Тэма выступлення: "Раннякласавыя аб'яднанні на тэрыторыі Беларусі і Кіеўскай Русі. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага".

Усе паведамленні былі выслуханы з вялікай цікавасцю, былі зададзены шматлікія пытанні, на якія дакладчык даў грунтоўныя адказы. Пасля было зачытана пісьмо да партыйных органаў аб ушанаванні памяці К.Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863 г."

Старшыня клуба зачытаў зварот да партыйных і савецкіх уладаў, які ён падрыхтаваў. Зварот быў ухвалены ўсімі прысутнымі. Былі зроблены некаторыя заўвагі, але, галоўнае, аднагалосна было прынята рашэнне, што зварот трэба канчаткова падрыхтаваць, надрукаваць і на наступным пасяджэнні клуба ўсім калектыўна падпісаць.

19 лютага 1986 г. адбылося чарговае пасяджэнне клуба "Спадчына". Зала-музей клуба была паўнюткая. На пасяджэнні выступаў вядомы гісторык культуры Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі з навуковым дакладам на тэму: "Калекцыі культурных каштоўнасцяў у Беларусі ў XIX ст. (Радзівілы, Тышкевічы, Жыркевіч, Плятэр, Кіркор, Іван Луцкевіч і інш. Іх лёс, праблема вяртання, пошукаў)".

Зноў звяртаюся да дзённікавага запісу:

"Затым гаворка зайшла аб пісьме ў розныя інстанцыі з нагоды падрыхтоўкі да святкавання 150-годдзя з дня нараджэння К.Каліноўскага і 125-годцзя з пачатку паўстання 1863 г. у Беларусі. Абмеркаванне ішло доўга, было многа супярэчлівых думак і прапаноў, але ўсе пагадзіліся на такі ліст. Завяршылася ўсё гэта падпісаннем 16-ці лістоў-зваротаў (кожны ліст на 9 старонках). Пры падліку аказалася, што адзін ліст недзе "прапаў".

Вось такі сціслы запіс у дзённіку. Але колькі было драматызму ў тых спрэчках, якія разгарнуліся вакол ужо падрыхтаванага, надрукаванага, папярэдне ўжо ўзгодненага ліста-зварота. Цяпер я разумею, што многія проста пабаяліся самага адказнага моманту -падпісання звароту. Да гэтага часу яны не выдавалі сваёй боязні і можа спадзяваліся, што такі зварот і не з'явіцца, а калі ўсё ж ён з'явіўся, то пачалі шукаць зачэпкі, каб перарабіць яго, дакладней, адцягнуць яго падпісанне на нейкі іншы час. А калі, дзякуючы рашучасці многіх сяброў клуба, гэтае замаруджванне ім не ўдалося ажыццявіць, то некаторыя

ўдзельнікі вечарыны па нейкай надуманай прычыне адмовілія падпісаць зварот. Я ведаю, што гэта было праяўленне мімалётнай чалавечай слабасці-боязні, аб якой я ўзгадваў на пачатку гэтых успамінаў. Я не называю іх прозвішчы, тым болын, што многія з іх пасля ўвайшлі ў кіраўніцтва БНФ і там праявілі сябе сапраўднымі змагарамі. Але гэта было пазней, калі тысячы і, нават, дзесяткі тысяч шараговых удзельнікаў праявлі сябе героямі.

Усе лісты-звароты былі пакладзены ў канверты, і я асабіста разнёс іх па тых установах, да якіх мы звярталіся.

Якія ж практычныя вынікі меў наш зварот да вышэйшых партыйных і савецкіх уладаў і іншых арганізацый? На працягу многіх гадоў я адчуваў гэты ўплыў. Ён быў, але быў дваякім.

Па-першае, адабралі памяшканне ў клуба "Спадчына" і хацелі яго проста прычыніць. Але не ўдалося, таму што ён быў даволі баяздольным і жывучым.

Па-другое, былі вынікі даволі суцяшальныя. Наш зварот, праўда, у даволі скарочаным варыянце, пад загалоўкам "Напярэдадні слаўнага юбілею" надрукавала газета "Літаратура і мастацтва" у № 39 (3345) ад 26 верасня 1986г. у рубрыцы "Ліст у рэдакцьпо" і нават паставіла маё прозвішча, хаця пад лістом падпісалася каля 50 чалавек, але мой подпіс быў першым. Вось і вырашылі не паказваць калектыўнасці звароту.

Акрамя таго ўлады далі дазвол на выданне шэрагу кніг і дакументаў пра К.Каліноўскага і паўстанне 1863 г. Так што і мне ўдалося выдаць у 1988 г. дзве кнігі пра Кастуся Каліноўскага, два альбомы-каталогі з рэпрадукцыямі мастацкіх твораў пра паўстанне, К.Каліноўскага і яго паплечнікаў, надрукаваць пра гэтыя падзеі шэраг артыкулаў у шматлікіх газетах, часопісах "Беларусь" і "Роднае слова". Мне аднаму з першых пашчасціла арганізаваць у Мінску і Магілёве з творў асабістай калекцыі некалькі мастацкіх выставак, прысвечаных падзеям 1863 г. і Кастусю Каліноўскаму. Грандыёзную выстаўку ў Палацы мастацтваў змог разгарнуць Беларускі саюз мастакоў.

Той нацыянальна-патрыятычны ўздым, які панаваў у тыя гады, цяжка пераацаніць. Творчая інтэлігенцыя, якая ўвесь час адчувала сябе прыніжанай, падаўленай, зацюканай, на вачах станавілася духоўна распрыгнечанай. У часопісе "Маладосць" з'явіліся, нават, публікацыі адаптаванай газеты "Мужыцкая праўда" і "Лісты з-пад шыбеніцы". I гэта пасля доўгіх гадоў маўчання і ўтойвання, забаронаў і рэпрэсій. Я памятаю, як мяне "выхоўваў" адзін даволі "прагрэсіўны" пісьменнік, кіраўнік Беларускага фонду культуры за тое, што ў кнізе, выдадзенай пад шапкай гэтай установы і на яе грошы, я асмеліўся падаць толькі самыя цікавыя вытрымкі з усіх 7 нумароў "Мужыцкай праўды" і "Лістоў з-пад шыбеніцы". Справа нават дайшла да майго астракізму, які закончыўся хутка прымірэннем.

Але публікацыя ў "Маладосці" літаратурнай спадчыны К.Каліноўскага пакінула асабіста для мяне прыкры ўспамін. Справа ў тым, што працуючы над адной з кніг пра тыя падзеі, я вырашыў азнаёміцца з першакрыніцамі. У Нацыянальнай бібліятэцы замовіў камплект "Мужыцкай праўды" і "Лісты з-пад шыбеніцы". Доўга і настойліва займаўся адаптацыяй тэкста з лацінкі на кірыліцу і пасля выдрукаваў яго на пішучай машынцы. Я зразумеў, якое духоўнае і літаратурна-культурнае багацце ад нас доўгія гады хавалі бальшавікі. вырашыў знайсці нейкі спосаб, каб надрукаваць гэта ў газеце ці, лепей, у часопісе. 3 такой просьбай я звярнуўся да свайго прыяцеля Анатоля Клышкі. Ён працаваў тады ў часопісе "Полымя". А.Клышка згадзіўся мне дапамагчы. Ён пры мне патэлефанаваў Янку Сіпакову, які ў часопісе "Маладосць" працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела, і па добраму сяброўству папрасіў яго сустрэцца са мной і надрукаваць мае матэрыялы. Янка Сіпакоў прьшяў мяне і паабяцаў, што матэрыялы будуць надрукаваны пры першай магчымасці, пры гэтым спаслаўся, што ніколі і ні для каго не аказаў бы такую ласку, каб не сяброўская просьба Анатоля Клышкі. Радасць мая была вялікай, але занадта датэрміновай, бо калі ў "Маладосці" з'явіліся гэтыя публікацыі, то яны стаялі пад іншым прозвішчам. Я адразу звярнуўся да А.Клышкі. Ён не мог паверыць у такі непрыстойны ўчынак з боку свайго сябра, але калі пераканаўся, то толькі развёў рукамі. Праз пару дзён я быў у мастацкай майстэрні роднага брата таго літаратуразнаўца, пад прозвішчам якога былі надрукаваны гэтыя матэрыялы. На мальберце знаходзілася недапісаная карціна, здаецца, назва яе была "Пахаванне Уладзіміра Караткевіча". Сюжэт яе быў такі: паабапал стаяць самыя выбітныя дзеячы нашай гісторыі і культуры, а труну нябожчыка выносяць яго спадкаемцы - выбітныя літаратары нашага часу. I сярод іх у першых шэрагах ідзе Янка Сіпакоў. Усё было празрыста і зразумела, і ніякіх каментарыяў не спатрэбілася.

У 2006 годзе адзначаўся юбілей Янкі Сіпакова. Выдавецтва "Народная асвета" павінна было выдаць яго кнігу, але ў апошні момант адмовілася: прыйшлося шукаць іншае. Як бачым, цягне воўк, цягнуць і ваўка. Але што можна чакаць добрага ва ўзаемаадносінах паміж савецкімі пісьменнікамі? Усе яны птушаняты гнязда саўковага.

I яшчэ адзін успамін. У 1988 годзе выйшаў у свет энцыклапедычны даведнікі "Францыск Скарына". У яго падрыхтоўцы мне, па волі лёсу, прышлося браць чынны ўдзел. Справа ў тым, што ў маёй калекцыі на гэты час было да 200 мастацкіх твораў, прысвечаных нашаму першадрукару, выстаўку якіх я праводзіў у бібліятэцы АН БССР у час першых Скарынаўскіх чытанняў. У час гэтай выстаўкі да мяне звярнуўся намеснік галоўнага рэдактара БелСЭ Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч з просьбай даць дазвол на дабрачыннай аснове сфатаграфаваць творы маёй калекцыі для Скарынаўскай энцыклапедыі. За гэта на адвароце тытульнага ліста Скарынаўскай энцыклапедыі будуць змешчаны звесткі, што фотаздымкі зроблены з калекцыі Анатоля Белага. Я пагадзіўся на такую прапанову. Выйшла першае выданне энцыклапедычнага даведніка спачатку на беларускай мове, але такая абвестка не з'явілася. Алесь Петрашкевіч, нейкім чынам разумеючы сваё упушчэнне, паабяцаў, што ў другім, рускамоўным выданні, абвестка абавязкова будзе. Але і ў 1990 годзе выйшла другое выданне - і зноў без абвесткі.

Але ў 1988 годзе я яшчэ спадзяваўся на праўдзівае слова паважанага пісьменніка і выдаўца, таму і прапанаваў яму сваю наступную паслугу - паўдзельнічаць на дабрачыннай аснове ў падрыхтоўцы новага энцыклапедычнага даведніка пад умоўнай назвай "Кастусь Каліноўскі". Навуковых сіл для такога пачыну хапала, тым болын ўжо было назапашана шмат іканаграфічнага, мастацкага і літаратурнага матэрыялу. У гэты час у будынку выдавецтва "Энцыклапедыя" я праводзіў мастацкую выстаўку, прысвечаную Кастусю Каліноўскаму. Да гэтага часу ў мяне было ўжо выдадзена дзве кнігі і два альбомы-каталогі, прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму, ўвасабленню яго вобраза ў літаратуры і мастацтве. Ужо было выдадзена шмат дакументальных матэрыялаў і кніг пра К.Каліноўскага і паўстанне 1863 года другімі аўтарамі.

Алесь Петрашкевіч асабіста пераканаўся ў такой магчымасці і прапанаваў мне зрабіць для пачатку слоўнік такога даведніка, паабяцаўшы, што пасля падключыць да гэтай справы і другіх навукоўцаў.

Я з вялікім энтузіязмам прыняўся за гэтую справу. Давялося пераглядзець шмат літаратуры, ствараць картатэку на рэвалюцыянераў, удзельнікаў паўстання, пісьменнікаў, музыкантаў і мастакоў, якія ўвасаблялі вобраз К.Каліноўскага ў розных галінах творчасці, на тыя геаграфічныя мясціны, дзе адбываліся баі, сутычкі і выступленні насельніцтва супраць царскіх войскаў. Работы было шмат, і яна захоплівала, бо я спадзяваўся на яе выніковасць і вялікую патрэбу для Беларусі. Пасля некалькіх месяцаў працы я даведаўся, што ніхто з вядомых мне навукоўцаў у гэтым накірунку, як Генадзь Кісялёў, Вячаслаў Шалькевіч, Уладзімір Мархель, Мікалай Сташкевіч, нічога не ведаюць аб праекце падрыхтоўкі і стварэнне энцыклапедычнага даведніка "Кастусь Каліноўскі".

Не хочацца верыць, што такія прапановы даволі аўтарытэтнага і паважанага выдавецкага і культуралагічнага дзеяча і пісьменніка былі нейкай забаўкай ці розыгрышам чалавека, які вельмі многа прапаноўваў і мог гэтыя прапановы ажыццяўляць. Я і цяпер перакананы, каб Алесь Петрашкевіч у тыя часы праявіў сапраўды сваю волю, аўтарытэт і здольнасці і стварыў дзеяздольны навуковы камітэт па выданню энцыклапедычнага даведніка "Кастусь Каліноўскі", Беларусь на сённяшні дзень мела б неацэнны скарб -энцыклапедыю нашага змагання, энцыклапедыю пра нашых гераічных продкаў і нацыянальных герояў.

Пасля рэвалюцыйныя падзеі канца 80-х і пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя захапілі мяне і сяброў клуба "Спадчына", поўнасцю ўзялі ў свае абдымкі, з якіх мы не маглі доўга вырвацца. Перафразіруючы выказванне аднаго класіка, можна сказаць, што лепш удзельнічаць у рэвалюцыйных падзеях, чым пісаць і заклікаць народ да нацыянальнай свядомасці і імкнуцца раскрыць яму гістарычную праўду, бо народ, які паўстаў, ужо самадастаткова свядомы і абуджаны гістарычнай праўдай.

Калі-небудзь я хачу знайсці вольны час і выдрукаваць тыя матэрыялы, апісаць тыя падзеі, калі Беларусь упершыню адзначала вялікія даты сваёй гераічнай гісторыі -паўстанне 1863 года і юбілей-нараджэнне свайго славутага сына Кастуся Каліноўскага. Дзякуй Богу, што матэрыялы тых часоў я даволі пільна захоўваю ў сваім архіве.

Але аб лёсе нашага ліста-зварота ў ЦК КПБ я даведаўся значна пазней. 19 сакавіка 1992 года клуб "Спадчына" ладзіў вечар у Доме літаратара. На вечар быў запрошаны доктар гістарычных навук, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сташкевіч Мікалай Стэфанавіч, былы вядучы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Тэма яго выступлення была: "25 сакавіка 1918 года ў жыцці беларускага народа". Сабралася звыш 50 чалавек. Выступленне было надзывчай цікавым, многія яго палажэнні гучалі ўпершыню. Напрыклад, аб законнасці акта стврэння БНР. Ізноў звяртаюся да дзённіка:

"Ён (М.Сташкевіч. -А.Б.) вельмі цікава раскрываў тайны цэкоўскага двара-куратніка, дзе вырашаліся нацыянальныя пытанні, дзе забаранялася ўсё і ўся, што належала да праблем нашай нацыянальнай гісторыі, што пралівала святло на наша нацыянальнае жыццё".

I вось М.Сташкевіч нагадвае, як яго выклікаў да сябе сакратар ЦК КПБ Кузьмін Аляксандр Трыфанавіч. Ён паказаў зварот сяброў клуба "Спадчына" і запытаў: "Што будзем рабіць? I што гэта за такі клуб "Спадчына"?". Мікола Стэфанавіч прачытаў зварот, ухваліў яго , сказаў, што ў ім шмат чаго цікавага, і параіў: "Давайце, Аляксандр Трыфанавіч, сапраўды нешта ажыццявім".

Пагадзіліся, што трэба выдаць матэрыялы і дакументы аб студзеньскім паўстанні 1863 года ў Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Такую кнігу і ўзяўся напісаць Мікола Сташкевіч, і яна выйшла ў свет на рускай мове ў 1986 годзе.

Упершыню замест публічнага разгону, шальмавання і ўсчування, негалосна быў прыняты зварот клуба "Спадчына". Праўда, адказу мы не атрымалі ад партыйных і савецкіх органаў, але, як я ўжо зазначаў, што 26 верасня ў газеце "Літаратура і мастацтва" быў надрукаваны ў скарочаным варыянце наш зварот пад красамоўным назовам "Напярэдадні славутага юбілею".

Гэта была ўжо перамога, бо пасля гэтай публікацыі Саюз мастакоў мог прыняць рашэнне аб падрыхтоўцы да мастацкай выстаўкі, прысвечанай слаўнаму юбілею, Таварыства "Веды" выдала некалькі кніг. Не засталося ўбаку і Таварыства аматараў кнігі. Выдавецтвы тасама разгарнулі сваю дзейнасць у гэтым накірунку, ды і другія творчыя саюзы маглі прыступаць да ажыццяўлення сваіх праектаў, звязаных з гэтым слаўным юбілеем.

Так як гэты лёсавызначальны зварот да сённяшняга дня не надрукаваны, то прыводжу яго даслоўна, у такім выглядзе, як ён быў напісаны і пададзены ў многія партыйныя і савецкія інстанцыі і творчыя саюзы.

 

 

Анатоль Белы