Кастусь Каліноўскі – дзіця сусветнай рэвалюцыі

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 237 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

50.6%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
25.1%UNITED STATES UNITED STATES
9.9%BELARUS BELARUS
3.1%AUSTRALIA AUSTRALIA
1.6%CHINA CHINA
1.6%KUWAIT KUWAIT
1.3%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Кастусь Каліноўскі – дзіця сусветнай рэвалюцыі
Азначнік матэрыялу
Кастусь Каліноўскі – дзіця сусветнай рэвалюцыі
Старонка 2
Старонка 3
Старонка 4
Старонка 5
Усе старонкі

 

Кожны народ мае дзеячоў уласнай гісторыі, рэвалюцыйнага руху і культуры, якім за сваё жыццё ўдалося найбольш поўна паказаць прагрэсіўнасць думкі, мары і ажыццявіць гэта ў практычных дзеяннях. І чым паўней гэта ўдавалася таму ці іншаму прадстаўніку народа, чым паўней ён жыў інтарэсамі народных мас, удзельнічаў у барацьбе, змагаўся словам ці са зброяй у руках, тым вышэй станавілася яго роля і значэнне для гэтага народа.

 

Такім дзеячам для беларускага народа з’яўляецца палымяны рэвалюцыянер-дэмакрат, мысліцель, паэт, публіцыст, кіраўнік паўстання 1863 г. у Беларусі і Літве Кастусь Каліноўскі. Ён – гордасць, гонар і слава перш за ўсё беларускага народа, з асяроддзя якога выйшаў, хаця вынікі яго дзейнасці з’яўляюцца здабыткам усіх народаў. На такіх дзеячах нашага народа другія народы-суседзі і могуць судзіць аб беларусах, аб іх укладзе ў скарбніцу сусветнай культуры, грамадскай думкі і рэвалюцыйнага руху.

У дзейнасці К.Каліноўскага знайшлі ўвасабленне найбольш радыкальныя тэндэнцыі паўстання 1863 г. Як правадыр і тэарэтык рэвалюцыйнай дзейнасці ўвайшоў ён у гісторыю грамадскай думкі і рэвалюцыйнага руху Беларусі, Літвы і Польшчы. Дзейнасць К.Каліноўскага трэба разглядаць як адну з найбольш смелых і паслядоўных спроб ажыццявіць на практыцы і ўвасобіць у жыцці рэвалюцыйныя праграмы А.І.Герцэна, М.Г.Чарнышэўскага, М.А.Дабралюбава, Дз.Гарыбальдзі, І.Мадзыні.

Адзначаючы 150-годдзе з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага і 125-годдзе з пачатку паўстання 1863 – 1864 гг. у Беларусі і Літве, якім ён кіраваў, беларускі народ аддае даніну павагі мужнаму барацьбіту за сацыяльную і нацыянальную свабоду свайго народа, самаму шчыраму выказніку яго праў.

На ўрачыстым сходзе, прысвечаным уручэнню г. Уладзівастоку ордэна Леніна, генеральны сакратар ЦК КПСС М.С.Гарбачоў падкрэсліў: “Мы добра ведаем, якой велізарнай творчай сілай становіцца адроджанае пачуццё нацыянальнай годнасці, якую свядомую ролю адыгрывае самабытнасць народа ў яго арганічнай сувязі з другімі свабоднымі народамі. Цяпер працэс гэты… находзіцца на ўздыме… Гэта, калі хочаце, яшчэ адзін у сусветнай гісторыі перыяд адраджэння, які тоіць у сябе вялікі патэнцыял прагрэсу”.1 Гэтыя словы поўнасцю адносяццаі да разумення ролі К.Каліноўскага ў адраджэнні пачуцця нацыянальнай годнасці беларускага народа. Паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве выклікала радасць і хваляванне, прыліў энергіі і надзею на развіццё рэвалюцыйнага руху ў Еўропе ва ўсіх рэвалюцыянераў.

А.І.Герцен у “Колоколе” адстойваў правы народаў на самавызначэнне не толькі Польшчы, але Украіны і Беларусі. Ён пісаў польскаму Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту: “Што датычыцца нас, нам лёгка з вамі ісці: вы ідзяце ад прызнання правоў сялян на землю, яны яе апрацоўваюць; вы прызнаеце права ўсялякага народа распараджацца сваім лёсам. Гэта нашы асновы, гэта нашы дагматы, нашы сцягі… Скажам сумесна з палякамі: быць Літве, Беларусі, Украіне з кім яны быць хочуць, альбо ні з кім, толькі б волю іх пазнаць не падробную, а сапраўдную”.2

 

1 Правда, 1986, 28 июля

2. Герцен А.И.. Собр. соч.: В 30-и т. – Т. 16. – С. 249,254

 


 

Мы нагадаем словы У.І.Леніна, сказаныя пра Герцэна, якія характарызуюць

непасрэдныя погляды Леніна на рэвалюцыйныя падзеі 1863 г.: “Герцен выратаваў чэсць рускай дэмакратыі”. 1

Вядома, як прыхільна ставіліся да рэвалюцыйных падзей у Поьшчы, Беларусі, Літве К.Маркс і Ф.Энгельс, як яны ўсе свае творчыя сілы, энергію, свой вялікі аўтарытэт у міжнародным рэвалюцыйным руху накіроўвалі на дапамогу паўстаўшым народам, адстойвалі іх правы на самавызначэнне, арганізоўвалі збор сродкаў для паўстанцаў, кампанію салідарнасці рабочага класа еўрапейскіх краін з паўстанцамі, выкрывалі прадажніцкую палітыку еўрапейскіх краін у дачыненні да “польскіх падзей”.

На думку К.Маркса і Ф.Энгельса пры станоўчым развіцці падзей  гэта рэвалюцыя магла стаць зыходным момантам агульнаеўрапейскай рэвалюцыі. Яны разлічвалі, што рэвалюцыйныя падзеі дадуць штуршок рускай рэвалюцыі, дзе ў народных масах працягвалася рэвалюцыйнае браджэнне, выкліканае незадавальненнем рэформай 1861 г., якое, злучыўшыся з рускай рэвалюцыяй, перакінецца ў Еўропу. Яны лічылі, што ў Еўропе зноў шырока адкрылася эра рэвалюцыі. 2 Гэтыя надзеі мацнелі па меры развіцця рэвалюцыйных падзей. Асабліва ўпэўненасць прыйшла, калі за рэвалюцыйнымі падзеямі 22 студзеня 1863 г. у Польшчы, у лютым і сакавіку ў большасці месцаў Беларусі і Літвы ўспыхнула паўстанне, якое адразу набыло дэмакратычны, антыпрыгонніцкі, сапраўды масавы, сялянскі характар.

К.Маркс і Ф.Энгельс адразу звярнулі ўвагу не толькі на гераізм паўстанцкіх атрадаў Літвы і Беларусі, але ў першую чаргу на характар, мэты паўстання. Так, 8 красавіка 1863 г. Ф.Энгельс у сваім лісце да К.Маркса піша, штоЛітоўскі (К.Маркс і Ф.Энгельс, як і большасць публіцыстаў таго часу, нярэдка ўжывалі ў адносінах да Беларусі старую гістарычную назву – “Літва”) рух цяпер самы важны, бо ён выходзіць за межы кангрэсавай Польшчы, у ім прымаюць большы ўдзел сяляне, а бліжэй да Курляндыі ён набывае нават прамы аграрны характар. 3

Аналізуючы пасля поспехі і няўдачы паўстання, К.Маркс і Ф.Энгельс прыйшлі да высновы, што, нягледзячы на паражэнне, яно мела міжнароднае значэнне. Што датычыцца Расіі, то, дзякуючы гэтаму паўстанню, яна наблізілася яшчэ бліжэй да канкрэтных рэвалюцыйных пераўтварэнняў.

Самай яркай асобай у падрыхтоўцы і правядзенні паўстання быў Кастусь Каліноўскі. Ён нарадзіўся 21 студзеня (2 лютага) 1838 г. у маёнтку Мастаўляны Гродзенскага павета ў мнагадзетнай сям’і малазямельнага шляхціча, уладальніка невялічкай майстэрні льняных вырабаў. Прыкладна праз дзесяць гадоў сям’я Каліноўскіх пераехала ў вёску Якушоўку Ваўкавыскага павета. Менавіта тут на краю Белавежскай пушчы сярод беларускіх сялян і прайшлі дзіцячыя гады будучага рэвалюцыянера. З 1847 па 1852 год К.Каліноўскі вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Трэба адзначыць, што ў гімназіі існавалі тайныя таварыствы і працвітаў дух вальнадумства, што аказала станоўчы ўплыў на фарміраванне светапогляду юнага Кастуся. Адразу пасля заканчэння гімназіі Каліноўскі ў 1856 г. паехаў у Маскву, каб паступіць ва універсітэт. Але праз год разам з братам Віктарам павінен быў пераехаць

 

1. Ленін У.І. “Памяці Герцэна”// Творы. – Т. 18. –С.13 – 14.

2. Маркс К., Энгельс Ф. Соч. – 2-е изд. – Т. 30. – С.266.

3.Гл.: Маркс К., Энгельс Ф. Соч. – 2-е изд. – Т. 30. – С.276

 


 

у Пецярбург. Тут Кастусь паступае ў Пецярбургскі універсітэт на камеральнае аддзяленне юрыдычнага факультэта. У Пецярбургу К.Каліноўскі знаёміцца з рэвалюцыйнай публіцыстыкай “Современника” і “Колокола”, працамі В.Р.Бялінскага, А.І.Герцена, М.Г.Чарнышэўскага, М.А.Дабралюбава, захапляецца ідэямі класічнай нямецкай філасофіі і заходнееўрапейскага ўтапічнага сацыялізму, культурай славянскіх народаў і гісторыяй беларускага і літоўскага народаў. Актыўны ўдзел прымае К.Каліноўскі ў дзейнасці

рэвалюцыйных гурткоў Пецярбурга. У прыватнасці, ён і яго брат Віктар уваходзілі ў рэвалюцыйны гурток З.Серакоўскага, які знаходзіўся пад ідэйным уплывам М.Г.Чарнышэўскага. Каліноўскі становіцца перакананым  прыхільнікам рэвалюцыйна дэмакратычных ідэй, непрымірымым ворагам самадзяржаўя і прыгонніцтва.

У 1860 годзе К.Каліноўскі заканчвае Пецярбургскі універсітэт са ступенню кандыдата праў. У  пачатаку 1861 года вяртаецца на радзіму ў Беларусь, спрабуе паступіць на службу, але як “неблаганадзейнаму” яму адмовілі. Разам з Валерыем Урублеўскім, будучым генералам Парыжскай Камуны, стварае ў Гродне нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную арганізацыю, у якую ўвайшлі найбольш прагрэсіўныя прадстаўнікі мясцовай разначыннай інтэлігенцыі, якая ставіла сваёй мэтай падрыхтоўку сялянскага паўстання ў Беларусі і Літве. Яны наладзілі сувязь з рэвалюцыйнымі арганізацыямі ў Вільні і Варшаве. Каліноўскі і яго прыхільнікі былі ўпэўнены, што поспех паўстання будзе залежыць ад удзелу ў ім сялянскіх мас, таму яны вялі актыўную агітацыю сярод сялян у вёсках і мястэчках Гродзеншчыны, заклікалі іх на барацьбу з памешчыкамі і самаўладствам. Рыхтуючы паўстанне ў Беларусі і Літве, К.Каліноўскі падтрымліваў цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Пецярбурга і Масквы, адтуль паўстанцам перапраўлялася зброя. Разам з В.Урублеўскім Ф.Ражанскім К.Каліноўскі летам 1862 г. заснаваў нелегальную друкарню і арганізаваў выпуск першай беларускай газеты “Мужыцкая праўда”. Выйшла сем нумароў, аўтарам і рэдактарам большасці з іх быў Каліноўскі. У сваіх артыкулах, звернутых да народа, падпісаных псеўданімам “Яська – гаспадар з-пад Гродна”, упершыню на беларускай мове Каліноўскі нёс рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі ў асяроддзе сялянства, заклікаў яго да паўстання.

Яшчэ восенню 1861 г. у Вільні быў створаны “Камітэт руху”, як цэнтр падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве. Ён адмежаваўся ад памешчыцкай партыі “белых”, якая была праціўнікам узброенага паўстання, бо баялася, каб яно не было масавым, сялянскім, антыпрыгонніцкім. Прыхільнікі гэтай партыі галоўнай задачай лічылі аднаўленне незалежнасці Польшчы ў межах 1772 г. шляхам умяшання іншаземных дзяржаў, якія прымусяць царскую Расію задаволіць гэтыя патрабаванні. Улетку 1862 г. “Камітэт руху” прыняў назву Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК). Каліноўскі ўзначальвае рэвалюцыйна-дэмакратычнае крыло, ён адстойвае права Беларусі і Літвы на самавызначэнне і поўную ліквідвцыю памешчыцкага землеўладання. Будучы паслядоўным абаронцам інтарэсаў сялян, выказнікам іх імкненняў да сацыяльнай роўнасці, К.Каліноўскі добра разумеў, што толькі ўзброеннае паўстанне народных мас здзейсніць адвечныя жаданні народа. Таму ён заклікаў народ рыхтавацца да барацьбы. “Нам не маніхфестаў, а вольнасці патрэбна, – пісаў ён у “Мужыцкай праўдзе”, – і то вольнасці не такой, якую цар схоча даці, но якую мы самі мужыкі паміж сабою зробімо. А для таго, дзяцюкі, цяпер ужо талкуйце паміж сабою, якой вам вольнасці патрэбна і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа” (Мужыцкая праўда. – 1862. - № 3).

Нягледзячы на асобныя тэарэтычныя памылкі, якія былі ўласцівыя ўсяму  сялянскаму ўтапічнаму сацыялізму, нават яго лепшым прадстаўнікам, Герцэну і Чарнышэўскаму, К.Каліноўскі, малюючы карціну будучага сацыяльнага ладу, выказаў шэраг выдатных ідэй, якія былі практычна ўвасоблены ў жыццё навуковым сацыялізмам пасля перамогі Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.

Ён марыў “раздаць усю пазямельную ўласнасць сялянам”, бо “гэта зямля да нас (мужыкоў) належыць”. Каліноўскі хацеў, каб мужыкі “ніколі, ніякай, нікому паншчыны не служылі і ніякога ў казну аброка не плацілі, і каб на век вякоў народ наш быў вольны і шчаслівы”. Па сведчанню генерала В.Ф.Ратча, які збіраў звесткі і пісаў па даручэнню Мураўёва-вешальніка працу аб паўстанні 1863 г., К.Каліноўскі хацеў стварыць у Беларусі і Літве грамадства “з усегульным ураўнаваннем праў”. Гэтыя словы В.Ф.Ратча сведчаць аб тым, што беларускі рэвалюцыянер выступаў за рашучую адмову ў будучым грамадстве ўсіх класавых, нацыянальных і рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў. Вось другое сведчанне ўдзельніка паўстання з партыі “белых” К.Кашыца: “Перш за ўсё, лічыў Каліноўскі, нам трэба знішчыць гэтую гнілую і разбэшчаную касту, якую называюць дваранствам”. 1 І яшчэ, са слоў Я.Гейштара, кіраўніка партыі “белых”, адзначваў, што “народ  сам заваюе сабе незалежнасць і запатрабуе ўласнасці ў памешчыккаў. Як ласку, дазваляў шляхцічам станавіцца ў паўстанцкія шэрагі, але не ў сваіх паветах, а там, дзе іх не ведалі… Калі б яна (шляхта) і загінула, сустрэла б яе толькі заслужаная кара, і краіна ніколькі ад гэтага не пацярпела”. 2 З паслядоўна рэвалюцыйных пазіцый Каліноўскі ацэньваў і патрыятызм: “умераннасць у думках адносна саслоўяў і ўнутраных адносін прымаў за недахоп патрыятызму”. 3

Каліноўскі першым узняў пытанне ў Літоўскім правінцыяльным камітэце аб праве нацый на самавызначэнне. Ён марыў, каб Беларусь і Літва зрабіліся зноў самастойнымі і мелі сваю дзяржаўнасць – “саморондство”. Таму ён пастаянна адстойвае самастойнасць Літоўскага камітэта супраць намераў Польскага нацыянальнага камітэта ўшчамляць правы яго, умешвацца ў справы, выкарыстоўваць грашовыя сродкі і нават дзеля маральнага і палітычнага падпарадкавання змяняць яго назву і тым самым яшчэ больш падкрэслена весці вялікадзяржаўную палітыку адносна Беларусі і Літвы.

Выключна вялікае месца ў будучым грамадстве Каліноўскі адводзіў дэмакратычнай, сапраўды народнай дзяржаве. “Для таго каб была справедлівасць і праўда на свеце, – пісаў Каліноўскі ў “Мужыцкай праўдзе”, – а злыя людзі не збыткавалі і крыўду другім не рабілі е (ёсць) ронд (дзяржава, урад. – А.Б.), што бярэ падаткі, робіць школы, навучае кожнага, каб жыў па праўдзе, становіць суд: а калі гэта не памагае і робіцца несправедлівасць, то наймае войско, сцеражэ кожнога ад ліха і здзерства. От нашто ронд патрэбны, і як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскей і слухае гаспадара, так добры ронд глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць там так, як народові лепей. І не дзіво, бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу”. 4

 

1 Кісялёў Генадзь. Героі і музы. – Мн., 1982. – С. 91.

2. Кісялёў Генадзь. Героі і музы. – Мн., 1982. – С. 91.

3 Кісялёў Генадзь. Героі і музы. – Мн., 1982. – С. 91

4. Мужыцкая праўда. – 1862. - № 4.

 


 

К.Каліноўскі быў перакананы, што сапраўднай свабоды і шчасця можна дасягнуць толькі рэвалюцыйным шляхам, калі паўстанне будзе мець народны характар, а не саслоўны. Гэтага дасягнуць можна толькі сумеснай барацьбой народаў Расіі, Польшчы, Беларусі і Літвы супраць агульнага прыгнятальніка – рускага царызму. Таму Каліноўскі заклікае да рэвалюцыйнага саюза з рускім народам, ён растлумачвае сялянам, што народ маскоўскі таксама абураецца пры думцы аб нашай векавой крыўдзе, ён свабодным братам нашым, а не прыгнятальнікам хоча быць і ўсю адказнасць за няволю складвае на царызм.

У час паўстання К.Каліноўскі  накіроўвае ў Пецярбургскую арганізацыю  “Зямля і воля” свайго прадстаўніка і пастаянна падтрымлівае цесныя сувязі з рускімі рэвалюцыянерамі, пасылае па іх просьбе друкарскі станок, дапамагае грашовымі сродкамі. Ён робіць заходы, каб перанесці дзеянні паўстанцкіх атрадаў на пагранічныя вялікарускія губерні, што з’явілася б самым падбадзёрваючым прыкладам для сялян Расіі.

Калі ў Польшчы ў студзені 1863 г. успыхнула паўстанне, К.Каліноўскі ад імя Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) піша адозву: “Браты! Каралеўства паўстала!.. Кроў, што льецца за Нёманом, кліча нас да зброі”, і тут жа выпусціў маніфест, у якім абвясціў маніфест ЛПК Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і азнаёміў літоўскі і беларускі народы з маніфестам і дэкрэтам Варшаўскага ўрада ад 10 (22) студзеня. 1

Ужо ў канцы студзеня 1863 г. адбыліся першыя выступленні паўстанцкіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі. Да вясны нацыянальна-вызваленчы рух пашырыўся. Партыя “белых”, напалоханая рэвалюцыйна-дэмакратычным напрамкам паўстання ў Літве і Беларусі, вырашыла далучыцца да паўстання , каб узяць кіраўніцтва  ім у свае рукі. Пры дапамозе Варшаўскага ўрада, кіраўніцтва якога цалкам знаходзілася ў руках “белых”, у канцы лютага быў распушчаны Літоўскі правінцыяльны камітэт і створаны “Аддзел, кіруючы правінцыямі Літвы”, на чале з “белымі”. Хаця Каліноўскі і піша пратэст у адрас Варшаўскага ўрада, але гэта застаецца без рэагавання.

Толькі ў канцы сакавіка Каліноўскі атрымлівае мандат на пасаду ўрадавага камісара Гродзенскага ваяводства. Ён актыўна рыхтуе паўстанцкія атрады, робіць іх агляды непасрэдна ў лагерах.

Царскі ўрад кінуў на падаўленне паўстання ў Беларусі і Літве некалькі дывізій, у тым ліку адборныя гвардзейскія часці. Новы генерал-губернатар Мураўёў выдаў інструкцыю аб ваенна-паліцэйскім упраўленні ў краі.

Кіраўніцтва партыі “белых”  стала паспешліва пакідаць пасады ў паўстанцкай арганізацыі. З гэтай прычыны ў пачатку чэрвеня Каліноўскі быў адазваны з Гродна ў Вільню і ўведзены ў “Аддзел” у якасці кіраўніка аддзялення ўнутраных спраў. Пасля таго, як кіраўнік “белых” 31 ліпеня здаў сябе ў рукі царскай улады, кіраўніцтва паўстаннем зноў перайшло ў рукі Каліноўскага.

Кіраўніцтва “белых” добра разумела, што толькі Каліноўскі ў такі адказны, даволі цяжкі і небяспечны момант, дзякуючы сваім асабістым якасцям арганізатара і кіраўніка, сваёй смеласцю і рашучасцю, сваім розумам і аўтарытэтам зможа зноў згуртаваць разрозненыя сілы паўстанцаў, падняць яго на новую ступень, надаць яму сапраўды масавы, дэмакратычны характар.

Трэба адзначыць, што ўсе, як афіцыйныя прадстаўнікі царызму – ворагі паўстання, так і ідэйныя праціўнікі з партыі “белых”, прызнавалі высокія асабістыя якасці Каліноўскага.

 

1. Кісялёў Генадзь. З думай пра Беларусь. – Мн., 1966. – С. 138-139.

 


 

Так, афіцыйны рускі гісторык П.Д.Бранцаў параўноўваў Каліноўскага з Рабесп’ерам і сведчыў, што “Каліноўскі меў вялікі розум і незвычайную сілу волі і характару… Чалавека гэтага нельга было ні напалохаць, ні збіць з толку”. 1 Былы камісар Варшаўскага ўрада ў Вільні Аскар Авейдэ пісаў у Варшаўскай турме: “Толькі адзін рэвалюцыянер Канстанцін Каліноўскі быў камісарам Гродзенскай губерні, і таму толькі там існавала хоць нейкая адміністрацыя” .2 Кіраўнік партыі “белых” Якуб Гейштар у сваёй кнізе “Успаміны з 1857 – 1865 гадоў”  хаця варожа ставіўся да рэвалюцыйных поглядаў Каліноўскага, але прызнаваў, што “гэты чалавек адзін каштаваў сотняў”. 3 Былы член Варшаўскага ўрада Юзаф Яноўскі ў сваёй кнізе “Успаміны аб студзеньскім паўстанні” таксама сведчыць: “Быў ён адзін з самых высокародных мужоў Літвы таго часу, адукаваны, чысты, поўны сумленнасці, розуму і энергіі”. 4

Нягледзячы на гераічныя намаганні рэвалюцыянераў, царызму ўдалося задушыць паўстанне.  Паводле афіцыйных звестак, толькі ў Беларусі і Літве было пакарана смерцю 128 чалавек. Праз следчую камісію і ваенныя суды прайшло звыш 16 тыс. чалавек: 853 асуджаны на катаржныя работы, 12 483 сасланы ў Сібір, 2855 адданы пад нагляд паліцыі па месцы жыхарства. 5

28 студзеня (9 лютага) 1964 г. Каліноўскі па даносу здрадніка быў арыштаваны. Нават царскіх следчых здзіўляла тая высокая годнасць і непахіснасць, якую праяўляў Каліноўскі. На патрабаванне выдаць сваіх паплечнікаў ён адказаў: “Калі грамадская шчырасць з’яўляецца дабрачыннасцю, то шпіёнства апаганьвае чалавека… Усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншаму шляху”. Каліноўскі гераічна загінуў на царскай шыбеніцы 10 (22) сакавіка 1864 г. у Вільні. І нават у апошнія хвіліны свайго жыцця К.Каліноўскі думаў аб сваім народзе. Ён знайшоў у сабе сілы і магчымасць звярнуцца да яго з “Пісьмамі з-пад шыбеніцы”, якія і да сённяшнягя дня ўражваюць нас сваёй шчырасцю, заклапочанасцю аб лёсе народа і рэвалюцыі, аб народнай праўдзе, аб зямлі сялянам, аб волі грамадзе.  У сваіх перадсмяротных пісьмах ён застаецца верным сваёй рэвалюцыйнай праграме, ад яе ён не адракаецца, а завяшчае свайму народу здзейсніць гэтыя адвечныя мары. Натхнёныя і шчымлівыя словы яго “Пісьмаў з-пад шыбеніцы” перарасталі ў радкі верша “Марыська чорнобріва, галубка мая…”, дзе цэласна злівалася пачуццё да каханай дзяўчыны з пачуццём любові да свайго народа, да Бацькаўшчыны.

“Бывай здаровы, мужыцкі народзе,

Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе…”

І не выпадкова асобныя дакладчыкі лічаць, што гэты верш па свайму палітычнаму гучанню нагадвае “Запавет” Т.Шаўчэнкі. 6

 

1. Брянцев П.Д. Польский мятеж 1863 года. – Вильно, 1891. – С. 157.

2 Авейде О. Показания и записки о польском восстании 1863 года. – М., 1961. – С. 542.

3 Цыт па кн.: Кісялёў Генадзь. З думай пра Беларусь. – С. 198.

4 . Цыт па кн.: Кісялёў Генадзь. З думай пра Беларусь. – С. 200.

5 Гл.: Иосько М.И.К.Маркс, Ф.Энгельс и революционная Белоруссия. – Мн., 1985. – С. 73 – 74.

6 Кісялёў Генадзь. Сейбіты вечнага. – Мн., 1963. – С. 1128.

 

 

Анатоль Белы