Вобраз Кастуся Каліноўскага ў літаратуры і мастацтве

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 475 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.6%UNITED STATES UNITED STATES
25.8%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Вобраз Кастуся Каліноўскага ў літаратуры і мастацтве
Азначнік матэрыялу
Вобраз Кастуся Каліноўскага ў літаратуры і мастацтве
Старонка 2
Старонка 3
Усе старонкі

 


Адразу ж пасля рэвалюцыі 1863 – 1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі многія застаўшыеся ў жывых удзельнікі паўстання ўзяліся за пяро, каб паведаць свету аб гераічных падзеях, якія ўскалыхнулі ўсю Еўропу, заставіўшы ўсіх рэвалюцыянераў зноў захвалявацца і пасля доўгага маўчання, абумоўленага паражэннем рэвалюцыі 1848 г., паверыць у тое, што “у Еўропе зноў шырока адкрылася эра рэвалюцый” . 1 Але гэтым надзеям не суджана было збыцца. Рэвалюцыя была патоплена ў крыві. Па трапнай заўвазе Ф.Энгельса паўстанне спусташала самыя баяздольныя сілы на доўгія гады. 2 Па афіцыйных даных, толькі ў Літве і Беларусі было пакарана 128 чалавек, і ў іх ліку Канстанцін Каліноўскі. Праз следчыя камісіі і ваенныя суды Літвы і Беларусі прайшло звыш 15 тысяч чалавек: 863 асуджаны на катаржныя работы, 12488 удзельнікаў паўстання сасланы ў Сібір, 2855 аддадзены пад надзор паліцыі па месцу жыхарства. 3

Вось чаму многім удзельнікам паўстання прыйшлося свае нататкі аб рэвалюцыйных падзеях пісаць нават у турме ці ў ссылцы. Адным гэта прыйшлося рабіць пад паліцэйскім прымусам, другім – пад уражаннем тых падзей, сведкамі якіх яны былі.

Самая першая кніга аб падзеях паўстання “Записки о польском восстании 1863 года” была напісана ў Варшаўскай турме і выдадзена абмежаваным тыражом (“для службовага карыстання”) у 1866 г. былым камісарам Варшаўскага ўрада ў Вільні Аскарам Авейдэ. У 1961 годзе кніга была перавыдадзена ў Маскве (“О.Авейде. Показания и записи о польском восстании 1863 года. М., 1961”).

Хаця аўтар быў канчаткова зломлены ў турме і павінен быў адмежавацца ад рэвалюцыйных поглядаў Кастуся Каліноўскага, але ён усё ж не адважыўся ачарніць чалавека, які ўвасабляў непахісную веру ў рэвалюцыю, з’яўляўся прыкладам адвагі для ўсіх рэвалюцыянераў. “Толькі адзін рэвалюцыянер, Канстанцін Каліноўскі, быў камісарам Гродзенскай губерні, і таму толькі там існавала хоць нейкая адміністрацыя”, – пісаў А.Авейдэ.

У наступным годзе ў Парыжы была апублікавана кніга былога прадстаўніка Варшаўскага Цэнтральнага Нацыянальнага камітэта ў Парыжы Агатона Гілера “Гісторыя паўстання народа польскага ў 1861 – 1864 гг.”. У кнізе акрамя гісторыі паўстання быў змешчаны шэраг дакументаў, адозваў кіраўніцтва паўстання.

Гэта кніга мае вялікае гістарычнае значэнне для нас, беларусаў, бо ў ёй упершыню былі змешчаны на мове арыгінала ў першым томе на старонках 326 – 337 адна з адозваў К.Каліноўскага і яго пісьмо “Ліст з-пад шыбеніцы”.        Трэба адзначыць, што ў свой час некаторыя даследчыкі выказалі сумненне ў належнасці “Пісьмаў з-пад шыбеніцы”  К.Каліноўскаму. Лічылі, што калі гэта не падтасоўка, то, мабыць, добрая перапрацоўка аўтарам кнігі.

Але ў 1980 г. беларускі даследчык Уладзімір Казбярук знаходзіць у аддзеле рукапісаў нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве сапраўдны аўтограф К.Каліноўскага яго “Пісьмаў з-пад шыбеніцы”, які быў напісаны чарнілам на тоненькай паперы, фармат яе – чацвёртая частка сённяшняга машынапіснага аркуша, прытым яшчэ складзенага ўдвая.

 

1 Маркс К., Энгельс Ф. соч. – 2-е изд. – Т.30, с. 266.

2 Маркс К., Энгельс Ф. соч. – 2-е изд. – Т.30, с. 289.

3 Иосько. К.Маркс, Ф.Энгельс и революционная Белоруссия. Мн..1985 г.

 


 

Уладзімір Казбярук прызнае, што за выключэннем некалькіх дапісаных слоў у кнізе, тэксты кнігі і тэкст аўтографа К.Каліноўскага тоесныя. Пасля гэтага ўсялякія сумненні прапалі.

У 1867 годзе у Вільні друкуюцца”Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной России” царскім генералам В.Ратчам, які па заданню генерал-губернатара Мураўёва збіраў звесткі ў Беларусі і Літве.

В.Ратч падае вельмі цікавыя факты аб К.Каліноўскім, аб яго ролі і ўдзеле ў паўстанні, яго светапоглядзе. Гэтыя звесткі настолькі зацікавілі даследчыкаў, што яны і па сённяшні дзень шукаюць неапублікаваныя матэрыялы гэтага генерала, якія раскіданы дзесьці па многіх архівах нашай краіны.

У 1868 г. у Кракаве Аляксандр Навалецкі пад псеўданімам Зыгмунд Калюмна выдае кнігу “Памятка для сямей польскіх…”, прысвечаную загінуўшым удзельнікам паўстання. У гэтай кнізе ўпершыню была змешчана бібліяграфічная даведка пра К.Каліноўскага.

У 1869 – 1875 гадах рускі рэакцыйны пісьменнік Усевалад Крастоўскі ў “антынігілістычнай” дылогіі “Кровавый пуф” (раманы “Панургово стадо” і ”Две силы”) выводзіць цэнтральным героем К.Каліноўскага пад імем Васіля Світкі, які выступае  за “літоўска-польска-славяна-рускую сацыяльна-дэмакратычную і рэспубліканскую федэрацыю”.

У Пецярбургу ў часопісе ”Русская старина” – тт. ХL, ХLІ за 1883 г.  друкуюцца ўспаміны былога чыноўніка з непасрэднага акружэння Мураўёва – А.Н.Масолава ”Виленские очерки 1863 – 1865 гг.(из воспоминаний очевидца)”. Менавіта ў сваіх успамінах аўтар сцвярджае, што “Каліноўскі быў не толькі польскім мяцежнікам, але дзіця ўсясветнай сацыяльнай рэвалюцыі”.

У 1891 г. у Вільні афіцыёзны рускі гісторык П.Д.Бранцаў выдае “Польский мятеж 1863 года”, дзе ў мэтах запалохвання абывацеля параўноўвае К.Каліноўскага з Рабесп’ерам, але павінен быў прызнаць, што “Каліноўскі меў вялікі розум і незвычайную сілу волі і характару…Чалавека гэтага нельга было ні напалохаць, ні збіць з толку…”

У Парыжы ў 1900 г. выйшла брашура Станіслава Чартынскага “Генерал Валеры Урублеўскі”, дзе прыводзіліся ўспаміны паплечніка К.Каліноўскага пра выданне і распаўсюджванне “Мужыцкай праўды”.

У 1902 г. у Кракаве выходзіць кніга польскага гісторыка  Валеры Пшыбароўскага “Дзеянні 1863 года”, дзе аўтар называе К.Каліноўскага “Літоўскім Маратам”.(Болдьшасць публіцыстаў таго часу адносна Беларусі ўжывалі старую гістарычную назву – “Літва”, тыя ж хто імкнуўся да паланізацыі краю называлі – “Польшчай”, а тыя, хто імкнуўся русіфіцыраваць Беларусь –  называлі “Северо-Западный край России”).    Хаця гісторыку зусім не па густу былі “камуністычныя тэорыі” Каліноўскага, але ён адзначае, што гэта быў “чалавек бясспрэчна чысты, вялікай энергіі і нязломнага характару”.

У 1903 г. у Львове выйшла кніга “ У саракагоддзе студзеньскага паўстання. 1863 – 1903 гг”, у якой былі надрукаваны ўспаміны аднаго з заснавальнікаў “Мужыцкай праўды” Фелікса Ражанскага – “З ваяводства Гродзенскага” пра К.Каліноўскага, пра Гродзенскую рэвалюцыйную арганізацыю 1861 – 1862 гадоў і паўстанне на Гродзеншчыне.

У час рэаалюцыйнага руху ў Вільні малады журналіст Людвіг Абрамовіч  у “Газеце Віленскай” ад 7 сакавіка 1906 г. друкуе артыкул “Канстанцін Каліноўскі”.

У 1913 г. у Вільні выходзяць мемуары былога кіраўніка партыі “белых” у Беларусі і літве і кіраўніка “Аддзела, кіруючага правінцыямі Літвы”, Якуба Гейштара. У сваёй кнізе “Успаміны з 1857 – 1966 гадоў” Гештар хаця і варожа ставіцца да рэвалюцыйных поглядаў Каліноўскага, але павінен быў прызнаць, што “гэты чалавек адзін каштаваў сотняў…”. Кніга каштоўная і тым, што ў ёй упершыню змешчаны нагрудны партрэт В.Каліноўскага.

Прыкладна ў гэты ж час пішуцца ўспаміны былога члена Варшаўскага паўстанцкага ўрада Юзафа Каэтана Яноўскага. “Успаміны аб студзеньскім паўстанні”, якія былі надрукаваны толькі пасля смерці аўтара аж праз 9 гадоў, у1 1923 г. у Львове, Ю.Яноўскі пісаў пра Каліноўскага: “Быў ён адзін з самых высакародных мужоў Літвы таго часу, адукаваны, чысты, поўны сумленнасці, розуму, энергіі…”.

Увасабленне вобраза Кастуся Каліноўскага ў выяўленчым мастацтве Беларусі мае таксама даўнюю традыцыю. Яго незвычайныя асабістыя якасці  паслужылі прыкладам для выхавання наступных пакаленняў барацьбітоў з самадзяржаўем. Ёсць звесткі, што ў аднаго з байцоў ленінскай гвардыі – Камо (С.А.Тэр-Петрасяна), якога У.І.Ленін характарызаваў “як чалавека зусім выключнай  адданасці, адвагі і энергіі”, сярод асабістых рэчаў знаходзіўся і літаграфічны партрэт Каліноўскага, які ён мусіць набыў, калі ў  1906 г. знаходзіўся праездам у Вільні” 1. На жаль, беларускім мастацтвазнаўцам на сёняшні дзень не ўдалося выявіць гэты партрэт.

Але факт з’яўлення ў дарэвалюцыйныя гады літаграфічнага партрэта К.Каліноўскага з’яўляецца яскравым сведчаннем не толькі павагі, але і дзейсным сродкам рэвалюцыйнай прапаганды і агітацыі народных мас на вобразе гераічнай асобы рэвалюцыянера.

У паслярэвалюцыйны час звесткі аб Каліноўскім трапляюць у “Гісторыю беларускай літаратуры ” Максіма Гарэцкага, які пісаў: “З беларускіх рэвалюцыянераў-паўстанцаў, напісаўшых у 60-х гадах агітацыйную літаратуру, самай выдатнай і магутнай у тым часе постаццю з’яўляецца Кастусь Каліноўскі”.

У 1928 г. беларускі гісторык С.А.Агурскі ў кнізе “Очерки по истории революционного движения в Белоруссии (1863 – 1917 гг.)”  у выглядзе дадатку змяшчае поўны тэкст “Мужыцкай праўды” № 1 – 7.

Вялікая цікавасць да К.Каліноўскага пасля рэвалюцыі была выклікана, дзякуючы з’яўленню на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра ў 1923 годзе спектакля “Кастусь Каліноўскі”. Аўтарам п’есы і яе пастаноўшчыкам быў выдатны драматург і тэатральны дзеяч Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч. Спектакль быў прысвечаны 60- гадавіне сялянскага паўстання 1863 года ў Беларусі. Вобраз Каліноўскага, створаны Уладзімірам Мікалаевічам Крыловічам, быў прасякнуты духам свабодалюбства, гордай незалежнасці. Акцёр раскрыў гатоўнасць свайго героя да подзвігу ў імя шчасця народнага, рашучасці скласці непакорную сваю галаву дзеля вялікай справы барацьбы супраць прыгнятальнікаў.

Неабходна асабліва адзначыць дэкарацыі спектакля “Кастусь Каліноўскі”, створаныя Аскарам Пятровічам Марыксам. Для іх была характэрна гістарычная дакладнасць, канкрэтнасць і разам з тым “узбуйненасць”, манументальнасць архітэктуры, яе падкрэсленасці, што дазваляла вырашыць вобраз спектакля.  Дэкарацыі спрыялі стварэнню рамантычнага настрою, выклікалі эмоцыі, адпаведныя гераічным справам Каліноўскага і яго паплечнікаў.

 

1 “Советская Літва”, 5 студзеня 1965 г.



Спектакль “Кастусь Каліноўскі” быў бясспрэчна прыняты ўсімі – ад  тэатралаў і да самых неспрактыкаваных гледачоў. Ён ацэньваўся сучаснікамі аднагалосна як выдатнае дасягненне тэатральнага мастацтва. Стварэнне гісторыка-рэвалюцыйнай драмы “Кастусь Каліноўскі” мела выключнае значэнне для ўвасаблення вобраза рэвалюцыянера ў выяўленчым мастацтве. Аб гэтым красамоўна сведчаць успаміны скульптара Аляксандра Васілевіча Грубэ (“Мастацтва Беларусі” 1985 г., № 1,2).

Ён пісаў: ” Вобраз Кастуся ў тыя часы захапіў мяне цалкам, і я па сваёй ініцыятыве, без аніякіх заказаў пачаў працаваць”. А.Грубэ стварае скульптурны партрэт, а пасля праект помніка Кастусю Каліноўскаму. “У гэтым творы скульптару “хацелася выказаць гераічную рамантыку гэтага чалавека, які змагаўся і аддаў жыццё за шматпакутны народ”. На першай Усебеларускай выстаўцы, якая адбылася ў 1925 г., быў прадстаўлены бюст і праект помніка К Каліноўскаму. Скульптурны партрэт быў рэпрадуктаваны і выпушчаны паштоўкаю.

На гэтай жа выстаўцы экспанаваўся жывапісны твор “Кастусь Каліноўскі” мастаком Валянцінам Віктаравічам Волкавым.

Мастацтвазнавец Леанід Ніканоравіч Дробаў пісаў аб гэтай карціне, што “мастак паказаў Каліноўскага і паўстанцаў на фоне беларускай пушчы ў промнях сонечнага захаду. Блакітна-ліловыя водблескі, прыглушаныя халоднымі ценямі, выразныя сілуэты дрэў, постацей людзей – усё гэта стварала ў карціне своеасаблівы каларыт, неабходны для раскрыцця сюжэта. Аднак, захапіўшыся каларыстычнымі пошукамі, мастак недастаткова раскрыў псіхалагічны стан персанажаў. Яны аказаліся пазбаўленымі эмацыянальнай выразнасці”.

Пачатак быў зроблены выдатнымі мастакамі, якія здабылі гонар беларускаму выяўленчаму мастацтву.

У 1926 годзе скльптар Міхаіл Міхайлавіч Карпенка робіць гіпсавы бюст К.Каліноўскага, але, як успамінае Заір Ісакавіч Азгур, работа была даволі слабая.

На 2-й Усебеларускай выстаўцы ў 1927 г. мастак Ян Маркавіч Кругер выставіў жывапісны партрэт К.Каліноўскага. Кастусь прадстае перад гледачамі ў нацыянальным адзенні на ўлонні беларускіх краявідаў. Твар яго спакойны, задуменны, поза статычная. Па выгляду ён больш паходзіць на тых сялянскіх дзецюкоў, да якіх звяртаўся ў сваёй газеце “Мужыцкая праўда”, чым на кіраўніка паўстання.

У гэты ж час выпускнікі Віцебскага мастацкага тэхнікума Яўген Загароўскі, Мікалай Пашкевіч ствараюць жывапісныя творы, прысвечаныя К.Каліноўскаму. Па ўспамінах З.І.Азгура, яны выстаўляліся як у Віцебску, так і ў Мінску, і выклікалі зацікаўленасць.

На вялікі жаль прыгожае пісьменства Беларусі не магло пахваліцца ў тыя часы прысвячэннем сваіх твораў К.Каліноўскаму. Нам пакуль вядомы верш Алеся Гурло “К.Каліноўскі”, змешчаны ў часопісе “Полымя” № 2, 1924 г., верш Алеся Дудара “Кастусь Каліноўскі” і таксама паэма Анатоля Вольнага “Кастусь Каліноўскі”.

У жніўні 1928 г. Беларуская кінастудыя сумесна з Ленінградскай фабрыкай “Совкино” выпусціла на экран фільм “Кастусь Каліноўскі”. Сцэнарый і рэжысура У.Гардзіна, аператары А.Акмольскі і Н.Аптэкман, мастак А.Арапаў. У ролі Каліноўскага здымаўся Мікалай Сіманаў.

Гэты фільм зноў выклікаў адпаведную зацікаўленасць да асобы кіраўніка рэвалюцыйнага руху ў беларусі. Натхнённы кінафільмам украінскі паэт Тарэнь Масенка ў 1930 г. піша верш “Кастусь Каліноўскі. Пасля кінакарціны”.

У 1929 г. адзін з пачынальнікаў беларускага гістарычнага жывапісу Міхаіл Мацвеевіч Філіповіч стварае тэматычную карціну “Паўстанне Кастуся Каліноўскага”. Карціна выдатнага беларускага мастака выклікала жывы водгук гледачоў. На вялікі жаль карціна не захавалася. не знойдзены нават яе рэпрадукцыі.

Сярод заходне-беларускіх мастакоў, якія звярталіся да вобраза Каліноўскага, трэба адзначыць выдатнага мастака і палымянага патрыёта сваёй Бацькаўшчыны Пятра Аляксандравіча Сергіевіча. У 1930-х гадах ён стварае партрэт К Каліноўскага, робіць некалькі эскізаў, а ў 1936 г. – першы варыянт тэматычнай карціны “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў”.

У 1939 г. на выстаўцы заходне-беларускіх мастакоў у Баранавічах быў выстаўлены жывапісны твор “Кастусь Каліноўскі” аўтара  М.Шыманоўскага ці Шымановіча. На шчасце карціна захавалася і цяпер знаходзіцца ў памяшканні Варшаўскага аддзялення Беларускага грамадска-культурнага таварыства.

У 1934 г. у Вільні выходзіць паэма заходне-беларускага паэта Міхася Машары “Смерць Кастуся Каліноўскага”. На вокладцы кнігі быў змешчаны партрэт Каліноўскага гравіраваны на лінолеуме П.Сергіевічам.

Паэт-камуніст Валянцін Таўлай у турме, у якой у свой час сядзеў К.Каліноўскі, у 1935 г. піша “Песню пра сухар”, дзе нагадвае падзеі 1864 г. і “атамана мужыцкай праўды”. У 1936 г. Максім Танк піша верш “Вільня”, у якім раскрывае дзеянні Каліноўскага. Верш быў надрукаваны ў кнізе “На этапах”. Праз год Максім Танк скончыў гістарычную паэму “Каліноўскі”, якая была надрукавана ў кнізе “Пад мачтай”.

Што тычыцца навуковай літаратуры, то тут таксама былі зрухі. У 1933 г. выходзіць у Вільні брашура беларускага гісторыка А.Станкевіча “Кастусь Каліноўскі. Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі”. У 1937 г. у Вільні прагрэсіўны часопіс “Беларускі летапіс”, № 10 – 11, змясціў артыкул  “Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863 года”.

Аднак з 30-х гадоў ХХ ст., калі вульгарная сацыялогія ў нашай краіне ўзяла верх ва ўсіх сферах духоўнага жыцця, увасабленне вобраза К.Каліноўскага ў выяўленчым мастацтве і літаратуры не змагло атрымаць той духоўнай, маральнай і матэрыяльнай падтрымкі, якую яно мела раней. Вульгарызатарская дзейнасць “левых” дэмаралізавала мастакоў, якія спрабавалі звяртацца да гісторыі свайго народа. Пачаліся адкрытыя шальмаванні і абвінавачванні ў нацыяналізме. К.Каліноўскага пачалі лічыць бунтаром, героем польскай шляхты.

Красамоўны факт. Скульптар З.І.Азгур у 1933 г. па заказу Этнаграфічнага музея ў Мінску вылепіў партрэт (галаву) К.Каліноўскага, які быў змешчаны ў экспазіцыі “Тыпы беларусаў” нават без указання прозвішча.

Распрацоўка і публікацыя навуковай і мастацкай літаратуры пра К.Каліноўскага прыпынілася ў рэспубліцы на дзесяцігоддзе. Яе публікацыя магла ажыццявіцца па-за межамі рэспублікі, у Маскве. Так, у 30-м томе “Большой Советской Энциклопедии” у 1937 г. быў змешчаны артыкул пра К.Каліноўскага, ды ў кнізе беларускага гісторыка Ф.Лочмеля “Очерки истории борьбы белорусского народа против польских панов”, выдадзенай у 1940 г. у Маскве, быў змешчаны нарыс аб Каліноўскім, у якім ён ацэньваўся як паслядоўнік перадавых рэвалюцыйна-дэмакратычных  ідэй Герцэна і Чарнышэўскага.

Вялікая Айчынная вайна патрабавала ад народа зверхнамагання не толькі ўсіх матэрыяльных, фізічных, але і духоўных сіл. Для падняцця нацыянальнай самасвядомасці і патрыятызму народа, неабходны былі і прыклады не толькі  гераічнага сучаснага, але яшчэ з большай неабходнасцю патрабаваліся выдатнейшыя вобразы гераічнага мінулага беларускага народа. Таму тая тэндэнцыя, якая грунтавалася на адмаўленні фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, праяўляла зверхпільнасць і пастаянна абвінавачвала ўсіх у нацыяналізме, вузасці поглядаў, якая замоўчвала нацыянальную годнасць народа, была адхілена і адкінута, як непатрэбная, непрыхільная нашаму ладу і варожая таму небяспечнаму і цяжкаму часу. Імя К.Каліноўскага з новай сілай загучала ў гады вайны ў беларускай літаратуры і мастацтве.

Слонімская мастачка Алена Мечыславаўна Бялецкая ў часы фашысцкай акупацыі ў 1943 г. да 80-годдзя з пачатку паўстання напісала па заказу дырэктара Слонімскага музея І.І.Стаброўскага партрэт Каліноўскага і зрабіла копію з карціны П.Сергіевіча “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў”. Гэта карціна заняла пачэснае месца ў адной з залаў музея, але хутка абудзіла ў немцаў непрыемныя асацыяцыі і яны загадалі знішчыць яе, а мастачка была пасаджана ў турму. Партрэт Каліноўскага і іншыя карціны захаваў І.І.Стаброўскі, яны і па сённяшні дзень знаходзяцца ў музеі г. Слоніма.

Міхась Клімковіч піша лібрэта да оперы “Кастусь Каліноўскі, Максім Лужанін – верш “Прысяга”, Пятрусь Броўка – верш “Кастусь Каліноўскі”. П’еса Е.Міровіча “Кастусь Каліноўскі” ставіцца на рускай мове ў Казахстане. Акадэмік Ул.Перцаў выступае з артыкулам “Кастусь Каліноўскі” ў часопісе “Беларусь” № 2, 1944 г., прысвечаным 80-годдзю з дня пакарання смерцю беларускага рэвалюцыянера. У 1945 г. у часопісе “Полымя” № 9 – 10 зноў друкуецца яго артыкул “Кастусь Каліноўскі”. Прозвішча Каліноўскага стала штандарам у барацьбе беларускіх партызан супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія партызанскія атрады і брыгады насілі ганаровую назву: атрад імя Кастуся Каліноўскага, брыгада імя Кастуся Каліноўскага.

У 1947 г. рускі акадэмічны тэатр оперы і балета паставіў оперу Д.Лукаса “Кастусь Каліноўскі” (лібрэта М.Клімковіча, рэжысёр С.Мардвінаў). Цудоўныя дэкарацыі былі створаны мастаком С.Мікалаевым. Партыю К.Каліноўскага выконваў М.Сярдобаў.

У пасляваенны час літаратурнае і навуковае асэнсаванне ролі Каліноўскага ў нацыянальным жыцці народа пачынаецца з асобных нагадванняў імя рэвалюцыянера ў навуковых артыкулах, ва ўрадавых і партыйных прывітаннях, прысвечаных 30-годдзю БССР, у асобных радках прывітальных вершаў пісьменнікаў з братніх рэспублік, выступленнях беларускіх пісьменнікаў у друку.

А потым з’яўляюцца і асобныя артыкулы, прысвечаныя беларускаму рэвалюцыянеру.

У 1949 г. у часопісе “Полымя” № 8 быў надрукаваны артыкул І.М.Лушчыцкага “Сацыяльна-палітычныя погляды Кастуся Каліноўскага”, а ў 1950 г. – брашура А.П.Смірнова “Константин Калиновский”, выдадзеная выдавецтвам АН БССР. У пачатку 50-х гадоў ХХ ст. у Вільнюсе, Мінску, Маскве ў партыйным друку адначасова змяшчаюцца шэраг навуковых артыкулаў, прысвечаных К.Каліноўскаму. Іх аўтарамі з’яўляюцца літоўскі гісторык Д.Файгауз, рускі філосаф А.П.Смірноў, беларускі філосаф  І.А.Лушчыцкі і літаратуразнаўца П.П.Ахрыменка.

Але беларускае выяўленчае мастацтва не змагло пераадолець сваю баязлівасць, набытую ёю ў часы вульгарызацыі, у часы, калі актыўна знішчалася народная памяць і таму гістарчная тэма мінулага надоўга зас талася па-за яе ўвагаю. Але і ў гэты час у асяроддзі беларускіх мастакоў былі людзі, чыя грамадзянская і нацыянальная свядомасць вылучаліся адметнай рысай, і голас іх многа значыў як для беларускага мастацтва, так і для духоўнага жыцця Беларусі.

Да ліку такіх мастакоў належыў Пётр Аляксандравіч Сергіевіч, чые светапогляды фарміраваліся пад уплывам нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй беларусі. У 1948 г. ён стварае другі варыянт жывапіснай карціны “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года”, у 1965 – трэці, які знаходзіцца ў Мастацкім музеі Літвы, а ў 1969 г. – “К.Каліноўскі і В.Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў”. І па сённяшні дзень гэта адна з самых яркіх і мастацкіх работ, якая вобразна раскрыла веліч К.Каліноўскага і гістарычную значнасць паўстання 1863 г.

Трэба адзначыць, што яшчэ ў 1963 г. з Вільнюса быў запрошаны ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут малады беларускі мастак-графік Герус Сямён Пятровіч. Ён стварае пры інстытуце кафедру графікі і эстампную майстэрню. Не ацяжараны вульгарызатарскімі забабонамі і адчуваючы рэзкую змену сацыяльнага жыцця ўсёй краіны ў гэты час ён смела бярэцца за стварэнне шэрагу гістарычных партрэтаў. Графічны твор “Кастусь Каліноўскі” (1963), выкананы вугалем, адзін з найбольш удалых і лепшых у гэтай серыі. Постаць Каліноўскага паказана на фоне касінераў-паўстанцаў. У яго вобразе падкрэслены сіла волі, , рашучасць і мужнасць. Удала выкарыстаны ў лісце эфект асвятлення, якія ствараюць і надаюць малюнку трывожны настрой.

С.Герус у 1965 г. паўтарае гэтую работу з адпаведнымі дапаўненнямі і перапрацоўкай у лінагравюры, а ў 1985 г. – аўталітаграфіі.

Трэба адзначыць, што ў гэты час значны ўклад ва ўвасабленне вобраза К.Каліноўскага ўнеслі польскія вучоныя і мастакі.Польскімі гісторыкамі быў знойдзены новы фотаздымак К.Каліноўскага, дзе ён быў зняты ў поўны рост.  На падставе гэтага іконаграфічнага матэрыялу мастак Эдвард Какошка стварыў для музея Войска Польскага ў Варшаве нагрудны партрэт К.Каліноўскага. У 1965 г. у Варшаве выйшла даволі грунтоўная і аб’ёмістая манаграфія “Кастусь Каліноўскі” даследчыка Віктара Кардовіча. У гэтым жа годзе ў Кракаве выйшла брашура Ота Беерсдорфа пра Каліноўскага. У 1966 г. у Вроцлаве польскі публіцыст Крыштафор Канкалеўскі ў кнізе “З сумесных рэвалюцыйных дзеянняў палякаў і рускіх у другой палове ХІХ ст.” піша артыкул “Кастусь Каліноўскі і яго выданні 1862 – 1864 гг.”.

Беларускія мастакі Раіса Уладзіміраўна Кудрэвіч і Адольф Самойлавіч Гугель у 1958 г. ствараюць тэматычную карціну “Кастусь Каліноўскі”. На местачковым кірмашы сярод простага люду на падводзе стаіць Кастусь Каліноўскі і вядзе агітацыю. У яго вобразе падкрэслены рэвалюцыйнае натхненне прамоўцы і агітатара, непахісная перакананасць у выбраным шляху, мужнасць. Постаці сялян, дынаміка іх руху, засяроджанасць твараў, увага да пранікнёных слоў павадыра дапамагаюць стварыць больш поўны вобраз рэвалюцыянера.

Адметнай падзеяй і для мастацкага жыцця Беларусі было стварэнне бюста К.Каліноўскага З.І.Азгурам у 1966 г. і ўстаноўка яго ў 1968 г. у мястэчку Свіслач на радзіме рэвалюцыянера. У 1960 г. З.І.Азгур пераводзіць першапачатковы партрэт Каліноўскага з гіпсу ў граніт, які набывае Дзяржаўны мастацкі музей Беларусі.

Устаноўка бюста К.Каліноўскага на радзіме натхніла самадзейнага гродзенскага разьбяра Аляксандра Ліпеня на стварэнне драўлянай скульптуры Каліноўскага ў 1969 г. Цяпер яна знаходзіцца ў абласным Доме народнай творчасці.

Вялікае значэнне ў асэнсаванні ролі Каліноўскага ў нацыянальным жыцці Беларусі, у фарміраванні сацыяльнай і нацыянальнай самасвядомасці народа з’явілася змяшчэнне ў многіх усесаюзных, рэспубліканскіх энцыклапедыях, энцыклапедычных даведніках і акадэмічных выданнях артыкулаў пра Каліноўскага. Менавіта па такіх вялікіх дзеячах нашага народа другія народы нашай краіны і могуць меркаваць аб беларусах, аб іх укладзе ў скарбонку сусветнай культуры, грамадскай думкі і рэвалюцыйнага руху.

Так, артыкулы пра Каліноўскага былі змешчаны ў 19-м томе другога выдання “Большой Советской Энциклопедии”, 1963 г.;  у кнізе “История политических учений”, 1960 г.; у 2-м томе “Очерков по истории философии и общественно-политической мысли народов СССР”, 1966 г.; у 2-м томе  “Истории философии”, 1967 г.; у 4-м томе  “Всемирной истории”, 1969 г.; у 1-й частцы “Очерков истории Коммунистической партии Белоруссии”, у 6-м томе “Украінскай савецкай энцыклапедыі”, у кнізе “Из истории экономической мысли народов СССР” – усе за 1961 г.; у “Истории Коммунистической партии Советского Союза”, у 2-м томе ”Философской энциклопедии”, у Лейпцыгу ў ”Новым слоўніку” Меера – усё за 1962 г.; у 1-м томе шасцітомнай ”Истории Коммунистической партии Советского Союза”, 1964 г.; у кнізе ”За нашу и вашусвободу. Герои 1863 года” (Серия ”Жизнь замечательных людей”, 1964 г); у 5-м томе дванаццацітомнай “Истории СССР”, 1964 г. і ў 6-м томе  “Советской исторической энциклопедии”,1965 г., а таксама ў 5-м томе “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”, 1972 г., у томе “Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя”, 1961 г., у 2-м томе “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”, 1985 г.

З канца 50-х – пачатку 60-х гадоў ХХ ст. пачынаецца актыўны працэс асваення гістарычнай спадчыны К.Каліноўскага, і гэты працэс падымаецца на новую якасную ступень. У 1968 г. выходзіць з друку кніга прафесара І.М.Лушчыцкага “Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палове ХІХ ст.”, у якой сабраны і даследаваны багаты матэрыял пра жыццё, рэвалюцыйную барацьбу і погляды Каліноўскага. У гэтым жа годзе гродзенскі пісьменнік С.Дрозд у часопісе “Нёман”, №.2 змяшчае артыкул “З рэвалюцыйнай дзейнасці Кастуся Каліноўскага на Гродзеншчыне”. У наступным годзе ў Мінску выходзіць кніга А.П.Смірнова “Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 года”, а ў Маскве – яго ж кніжка “Кастусь Калиновский”. У 1960 г. той жа аўтар у артыкуле “Мужыцкая праўда”, надрукаваным у кнізе  “Восстание 1963 г. и русско-польские революционные связи 60-х годов” аналізуе першую беларускую газету. У гэтым жа годзе ў кнізе М.Цікоцкага “З гісторыі беларускай журналістыкі ХІХ ст.” даследуецца месца і значэнне “Мужыцкай праўды” у гісторыі беларускай журналістыкі.

Ад доўгага застою пачынаецца прыгожае пісьменства Беларусі. У 1961 г. друкуецца верш Уладзіміра Караткевіча “Нявесце Кастуся Каліноўскага”, а ў 1962 г. верш Алеся Барскага “Каліноўскі”.

У 1963 г. грамадства Беларусі і Літвы шырока адзначае 100-годдзе з пачатку рэвалюцыйных падзей 1963 г. і 125 –годдзе з дня нараджэння К.Каліноўскага.

У лютым 1963 г. адна з вуліц у Мінску была названа імем Каліноўскага. У ліпені гэтага ж года на экраны выйшаў фільм “Кастусь Каліноўскі”, створаны Мінскай студыяй навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў (рэжысёр Пётр Шамшур, аўтар сцэнарыя Тарас Хадкевіч, аператар Уладзімір Цяслюк).

У Вільнюсе на плошчы Леніна (былой Лукішскай) 30 студзеня была ўстаноўлена мемарыяльная пліта ў гонар  К.Каліноўскага і З.Серакоўскага, пакараных на гэтай плошчы.

Увесь друк Беларусі і Літвы ўпершыню так шырока адзначаў гэтыя падзеі.

Але мастакамі Беларусі  амаль за цэлае дзесяцігоддзе не было створана ні аднаго мастацкага твора, прысвечанага К.Каліноўскамц ці падзеям 1963 года.

Затое навуковая і грамадзянская думка Беларусі ў юбілейныя дні бурна развівалася. На радзіме Каліноўскага – у Свіслачы – адбылася першая ў гісторыі рэспублікі навуковая сесія, прысвечаная 100-годдзю паўстання, арганізаваная інстытутам гісторыі АН БССР і кафедрай гісторыі Гродзенскага педінстытута.

У Мінску выходзяць з друку кнігі Генадзя Кісялёва “Сейбіты вечнага”, дзе быў змешчаны нарыс “Вялікі сын беларускага народа Кастусь Каліноўскі” і кніга А.П.Смірнова “Кастусь Каліноўскі”.

У 1964 г. газеты і часопісы Беларусі і Літвы змясцілі шматлікія артыкулы ў сувязі са стагоддзем з дня пакарання смерцю Каліноўскага. У маскве ў выдавецтве “Наука” выходзяць юбілейныя дакументы серыі “Восстание 1863 года”, дзе ў зборніку “Революционный подъем в Литве и Беларуссии в 1861 – 1862 гг.” змяшчаецца 6 нумароў “Мужыцкай праўды” і іншыя матэрыялы, звязаныя з К.Каліноўскім.

У наступным годзе ў Маскве ў зборніку  “Славянское источниковедение” быў надрукаваны артыкул Г.Кісялёва  “К характеристике революционного мировоззрения К.С.Калиновскога”, а ў Мінску пісьменнік і даследчык Сцяпан Александровіч выступіў са “Словам пра Кастуся Каліноўскага”.

У гэтым жа годзе ў часопісе “Полымя” № 2 – 6 друкуецца гістарычны раман У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Жыватворны ўплыў на развіццё як гістарычнай свядомасці свайго народа, так і глыбокага асэнсавання ролі Каліноўскага ў гісторыі і грамадскім жыцці Беларусі аказаў гэты твор, а таксама п’еса “Кастусь Каліноўскі. Смерць і неўміручасць” (1969), пастаўленая ў Віцебскім драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў 1979 г. Як асуджэнне, як заклік, як цэлая праграма, звязаная з вяртаннем народнай памяці гучалі словы У.Караткевіча, сказаныя ў рамане: “Хто згубіў сваю памяць, – згубіў усё…”, і як вялікая вера ў адраджэнне, у фарміраванне сваёй свядомасці ўспрыймаліся ў п’есе апошнія словы Каліноўскага: “Ты будзеш паміраць. Ды толькі ведай, бессмяротны ты, як фенікс, мой народ…” У 1968 г. выходзіць асобным выданнем кніга У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, якую цудоўна праілюстраваў Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч. Вобраз Каліноўскага –рэвалюцыянера пададзены рэльефна і пранікнёна. Перад намі паўстае рэвалюцыянер, засяроджаны клопатамі напярэдадні паўстання.

У гэтым жа годзе Ціхановіч Яўген Мікалаевіч стварае экслібрыс, дзе вобраз Каліноўскага-рэвалюцыянера ўзмацняецца вобразамі паўстанцаў-касіянераў, якіх ён узначальвае. У гэтым маленькім творы адчуваецца подых рэвалюцыі, змагання народных мас, іх рашучасць і мужнасць весці барацьбу за зямлю і волю, за Беларусь.

Трэба меркаваць, што творчасць У.Караткевіча аказала значны ўплыў на ўвасабленне вобраза Каліноўскага і ў беларускай літаратуры. У 1971 г. Алесь Бачыла піша верш “Роздум Каліноўскага перад пакараннем”, у 1975 г. Аркадзь Куляшоў піша драматычную паэму “Хамуціус”, якая была пастаўлена ў 1981 г. на сцэне Брэсцкага тэатра імя ленінскага камсамола Беларусі, Генадзь Бураўкін у 1977 г. – паэму “Ленін думае пра Беларусь”, дзе ўводзіць вобраз Каліноўскага, Васіль Вітка – верш “Беларуская калыханка”, Янка Сіпакоў – верш “Кастусь Каліноўскі”, Раіса Баравікова ў 1981 і 1983 гадах – верш “Кастусь Каліноўскі”, Васіль Зуёнак у 1894 г. – верш “Развітанне Каліноўскага”. У 1971 г. былі надрукаваны аповесць Алеся Якімовіча “Кастусь Каліноўскі”, а ў 1984 г. – аповесць Адама Мальдзіса “Восень пасярод вясны”, у 1983 г. – драма “Кастусь Каліноўскі” Эдуарда Скобелева на рускай мове.

Сярод твораў рускіх пісьменнікаў, прысвечаных Каліноўскаму, неабходна адзначыць гістарычную аповесць Ільі Клаза  “Подснежники” і паэтычны твор   “Кастусь Калиновский”  Г Бубнова.

З навуковых твораў, напісаных у апошнія часы беларускімі даследчыкамі неабходна вызначыць Генадзя Кісялёва “З думай пра Беларусь”, 1966 г. і “Героі і музы”, 1982 г., а таксама Вячаслава Шалькевіча “Кастусь Каліноўскі”, 1986 г.

І толькі, пачынаючы з 70- гадоў ХХ ст., мастакі ўсё больш настойліва пачалі звяртацца да вобраза Каліноўскага. Гэта было звязана з агульным фарміраваннем нацыянальнай самасвядомасці, з тым, што вырасла новая генерацыя мастакоў, якія пачалі ў сваёй творчасці шукаць гістарычныя карані свайго народа.

У 1972 г. у жывапісе ствараецца работа “Слова аб Беларусі” Уладзіміра Іванавіча Стэльмашонка, дзе побач з выдатнейшымі прадстаўнікамі Беларусі прадстаўлены і К.Каліноўскі.

У гэтым жа годзе мастачка з Гродна Налівайка Людміла Дзмітрыеўна напісала карціну “Кастусь Каліноўскі і Валерый Урублеўскі”. Яна змагла стварыць пераканаўчыя вобразы выдатных рэвалюцыянераў беларусі. Карціна звярнула ўвагу крытыкаў і мастацтвазнаўцаў.

У 1975 г. мастак Шчамялёў Леанід Дзмітрыевіч стварае карціну “Канстанцін Каліноўскі”, дзе вобраз героя прасякнуты пачуццямі рэвалюцыйнага рамантызму, гераізму, чалавечай годнасці і вялікай верай у свой народ. Вялікую ролю ў карціне адыгрывае колер, які надае ёй узнёсласць, прыгажосць. Дзівосныя знаходкі колеру і рытму, каларыстычныя кантрасты і тонкія пераходы пры захаванні цэласнасці кожнай рэчы. Усё гэта стварае звонка рамантычнае і востра паэтычнае ўспрыманне падзей, якія падае мастак у карціне. Тут мы адчуваем сувязь не толькі з гістарычнай спадчынай, але і сувязь з народным мастацтвам, побытам, лёсам, сувязь з народнай мастацкай свядомасцю.

У 1978 г. дыпломная работа маладога мастака Янушкевіча Фелікса Язэпавіча трыпціх “Кастусь Каліноўскі” выклікаў зацікаўленасць усёй мастацкай грамадскасці рэспублікі. У 1980 г. жывапісец Марачкін Аляксей Антонавіч піша партрэт “Кастусь Каліноўскі”. Шчаслівы лёс той карціны. Яна была падаравана музею, на радзіме вядомага беларускага мастака Язэпа Драздовіча ў мястэчку Гарадзец Шаркаўшчынскага р-на, які стварыў А.Марачкін разам з іншымі мастакамі-аднадумцамі. Другую карціну “Кастусь Каліноўскі” ён піша ў 1985 г. Партрэт нязломнага рэвалюцыянера паказаны буйным планам у поўны рост. У руцэ яго шабля – як напамін аб мужнасці і самаадданасці рэвалюцыянера спрадвечным ідэалам народа. За плячыма змагара паўстае аблічча маці з дзіцем на руках. Яно ўспрымаецца як святы абраз, як Беларусь. Гэта яго надзея, вера, ідэал. За яе ён аддаў сваё жыццё.

І, нарэшце, у 1987 г. Вашчанка Гаўрыла Харытонавіч стварае трыпціх “За зямлю, за волю”, прысвечаны паўстанню 1863 г., дзе ў карціне “Клятва” паказвае вобраз непахіснага рэвалюцыянера К.Каліноўскага, які дае клятву сумесна з сваімі паплечнікамі біцца за зямлю і волю свайго народа, за яго нацыянальную годнасць. Прыглушаны каларыт карціны абуджае эмацыянальны настрой трывог і заклапочанасці за лёс народа, за лёс паўстанцаў.

Плённа распрацоўвалася тэма вобраза К.Каліноўскага беларускімі графікамі. У 1976 г. Шаранговіч Васіль Пятровіч у тэхніцы каляровай літаграфіі стварае “А хто там ідзе?”, дзе ў цэнтральнай частцы побач з Янкам Купалам пададзены К.Каліноўскі. У гэтым жа годзе два выпускнікі графічнага аддзялення театральна-мастацкага інстытута, вучні В.П.Шаранговіча, Селяшчук Мікалай Міхайлавіч і Купава Мікалай Мікалаевіч прадстаўляюць для абароны дыплома серыі ілюстрацый паводле кнігі Алеся Якімовіча “Кастусь Каліноўскі” і кнігі Генадзя Кісялёва “Сейбіты вечнага”.

У 1977 г. Купава робіць станковы лінарыт “Напачатку. Кастусь Каліноўскі”. Вобраз легендарнага рэвалюцыянера награвіраваны смела, упэўненай рукой. Трактоўка галавы героя, яго адзення, грывы каня на цёмным трывожным фоне пададзена ў выглядзе языкоў полымя. Усё гэта дапамагае стварыць эмацыянальна-рамантычны настрой, адчуць подых рэвалюцыйнага гарэння. Праз год М.Купава стварае каляровы лінарыт “Кастусь Каліноўскі”.

У 1983 г.  графік Басалыга  Міхаіл Самуілавіч стварыў адну з літаграфій з нізкі “У бітвах за долю, у бівах за волю”, якую прысвяціў К.Каліноўскаму. Перад намі – кіраўнік паўстання, рашучы змагар за ідэалы народа.

У 1983 г. да 120-годдзя з дня смерці К.Каліноўскага мастак Крукоўскі Уладзімір Якаўлевіч стварае трыпціх плакатаў “Памяці Кастуся Каліноўскага”.

Трэба адзначыць, што ў 1973 г. да 100-годдзя з дня паўстання 1863 г. мастак Драчоў Пётр Мікалаевіч робіць каляровую літаграфію “Паўстанне 1863 г.”. Хаця ў гэтай станковай рабоце вобраз К.Каліноўскага аддаляецца ад цэнтральнага плана, але сам твор адыгрывае значную ролю ў трактоўцы рэвалюцыйных падзей: у накале барацьбы, у яе ахвярнасці з боку народных мас і бяздушнаці царскіх улад, планамерным, мэтанакіраваным забойстве і знішчэнні народа. Дзве варожыя сілы сталі адна супраць другой – абяздоленыя, абкрадзеныя народныя масы Беларусі і “унутраныя туркі”, на літасць якіх нельга разлічваць народу.

У 70-я гады ХХ ст. пачынаюцца першыя распрацоўкі вобраза К.Каліноўскага ў манументальным мастацтве. У 1976 г. Г.Х.Вашчанка завяршае ў рэспубліканскім Доме настаўніка насценны роспіс энкаусцікай па тынкоўцы пано “Асветнікі”, дзе побач з вобразамі выдатных дзеячоў беларускай культуры Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімеона Полацкага ўвекавечаны вобраз Кастуся Каліноўскага – рэвалюцыйнага дэмакрата, выдаўца нелегальнай газеты “Мужыцкая праўда”.

Мэтай мастака было перадаць не толькі іконаграфічнае падабенства, а выявіць у вобразах беларускіх асветнікаў галоўнае – творчы пачатак. Рысы характару Каліноўскага праяўляюцца ў дынамізме руху, ва ўпэўненасці і перакананасці сваім светапоглядам.

У 1980 г. два былыя вучні Г.Х.Вашчанкі Ціханаў Віктар Пятровіч і Барабанаў Віктар Кірылавіч у 67-й школе г. Мінска ствараюць фрэску “Сынам зямлі Беларусі прысвячаецца”, дзе таксама побач з выдатнымі дзеячамі беларускай культуры і вобраз Кастуся Каліноўскага. Ён паказаны на фоне архітэктуры старога Мінска. За яго спіной развяваюцца лісты адозваў і “Мужыцкай праўды”.  У руцэ змагар трымае першую нелегальную газету, напісаную на роднай мове, дзе сцвярджае свае рэвалюцыйныя погляды. Упэўнены крок. Мэтанакіраваны позірк, звернуты да сваіх нашчадкаў, якім завяршаецца рэвалюцыйная непахіснасць і перакананасць, высокая чалавечая годнасць, нацыянальная і сацыяльная самасвядомасць.

Вобраз Каліноўскага ў скульптуры пачаў распрацоўвацца больш плённа з канца 70-х – пачатку 80-х гадоў ХХ ст.

У 1977 г. Гумілеўскі Леў Мікалаевіч стварае партрэт К.Каліноўскага з граніту. Сам матэрыял як бы дапамагае мастаку падкрэсліць стойкасць і цвёрдасць характару героя, перадаць цэльнасць натуры, яе энергічную сабранасць, высокую духоўнасць. Гэта адзін з лепшых псіхалагічных партрэтаў Каліноўскага ў скульптуры. На наступны год скульптар стварае кампазіцыйны  партрэт К.Каліноўскага. Тут мы зноў прачытваем тую ж сілу характара героя, той жа глыбокі псіхалагізм. Па кампазіцыйнай пабудове работа ў нечым напамінае скульптуру Мікеланджела “Звязаны раб”. На наш погляд, загана заключаецца не ў запазычанасці кампазіцыі, а ў трактоўцы вобраза рэвалюцыйнага дэмакрата, непахіснага змагара і актыўнага барацьбіта, кіраўніка паўстання народных мас, звязанага як раба, які імкнецца развязаць свае путы. Новыя эпохі патрабуюць новых метафар.

У 1983 – 1986 гг. два скульптары творчай майстэрні ордэна Леніна Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску – Бандарэнка Сяргей Афанасьевіч і Вераб’ёў Уладзімір Пятровіч ствараюць як бюставыя партрэты, так і праекты помніка К.Каліноўскаму. Бандарэнка стварае конную статую рэвалюцыянера, а Вераб’ёў – статую ў поўны рост. Аўтары рознымі сродкамі сцвярджаюць вобраз рэвалюцыянера. Але кожны з іх змог пераканаўча перадаць рэвалюцыйны парыў, энергічную сабранасць, высокую мэтанакіраванасць і цэласнасць натуры Каліноўскага.

Цікавая скульптурная кампазіцыя з бронзы “На роздуме. К.Каліноўскі” і гіпсавы партрэт К.Каліноўскага стварыў у 1984 г. студэнт скульптурнага аддзялення тэатральна-мастацкага інстытута Логвін Сяргей Анатольевіч, а таксама рэльеф з сілуміна “Паўстанне 1863 г.”, дзе галоўная фігура рэльефу – К.Каліноўскі. У кожным з гэтых мастацкіх твораў Каліноўскі пададзены як рэвалюцыянер-змагар. Мы адчуваем напружанасць у хвіліны роздуму і дынамізм усёй яго постаці ў часы рэвалюцыйных падзей.

Яго аднакурснік па інстытуту ў 1983 г., Янушкевіч Валерый Язэпавіч стварае рэльеф з сілуміна “1863 год”, дзе перадаў узрушанасць народных мас у часы паўстання, іх мэтанакіраванасць і самаахвярнасць. Распрацоўка вобраза Каліноўскага ў медальерным мастацтве толькі пачынаецца. У 1980 г. скльптар Астаф’еў Эдуард Барысавіч прадставіў ў медалі з сілуміна тэму “Кіраўнік сялянскага паўстання Кастусь Каліноўскі”. На адваротным баку – вогнішча, якое сімвалізуе полымя паўстання, і дата “1863 г.”. У 1983 г. скульптар Фінскі Аляксандр Міхайлавіч стварае бронзавы медаль “Кастусь Каліноўскі. Мужыцкая праўда”. Твар “Яські-гаспадара з-пад Вільні” пададзены буйна, псіхалагічна пераканана. У 1984 г. ужо прыгаданы намі Логвін С.А.робіць бронзавую плакетку “Кастусь Каліноўскі” і ў гэтым жа годзе Дранец Алесь Валянцінавіч – бронзавы медаль “Кастусь Каліноўскі”, які вылучаецца дакладнай апрацоўкай, перакананасцю вобраза, яго глыбокім псіхалагізмам.

Падагуліўшы ўвесь пералік увасаблення вобраза Каліноўскага ў выяўленчым мастацтве, трэба прызнаць, што тут беларускае мастацтва мае свае дасягненні, але ў Беларусі пакуль няма ніводнага манументальнага помніка выдатнаму сыну зямлі беларускай.

Святкаванне юбілеяў, прысвечаных 150-годдзю з дня нараджэння  К.Каліноўскага і 125-годдзю з пачатку студзеньскага паўстання, толькі пачаліся. Шырока адзначыў гэтыя падзеі ў жыцці Беларусі ўвесь рэспубліканскі друк. Усе часопісы і газеты змясцілі артыкулы, прысвечаныя жыццю і рэвалюцыйнай дзейнасці К.Каліноўскага. У Гродна прайшла усесаюзная навуковая канферэнцыя, у Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І.Леніна навукова-літаратурныя чытанні, прысвечаныя Каліноўскаму. 1 лютага ў Доме кіно адбылася прэм’ера дакументальнага фільма аб рэвалюцыянеры. Беларускі фонд культуры правёў музыкальна-літаратурны вечар дабрачыннасці, праграма якога цалкам складалася з твораў аб змагары. Сродкі, сабраныя ад вечара, пойдуць на стварэнне помніка Каліноўскаму ў Гродне.

Даволі цікавы вечар правялі 4 лютага ў Беларускім тэхналагічным інстытуце. Перад студэнтамі і выкладчыкамі выступілі вучоныя-гісторыказнаўцы, была арганізавана экспазіцыя твораў беларускіх пісьменнікаў і вучоных аб К.Каліноўскім, а таксама разгорнута мастацкая выстаўка графікі і жывапісу з калекцыі Анатоля Белага. 4 лютага Палац мастацтва ў Мінску гасцінна запрасіў на вернісаж “За нашу і вашу волю”. Упершыню гледачы ўбачылі ўсе творы назапашаныя аб Каліноўскім у пасляваенны час, а таксама пазнаёміліся з новымі сучаснымі творамі.

Мастацтва Беларусі абагацілася новымі творамі аб беларускім рэвалюцыянеры. Яны дапоўнілі шматгранны вобраз слаўнага сына нашай зямлі, паглыбілі распрацоўку мастакамі рэспублікі гісторыю свайго народа, яго гераічнага і рэвалюцыйнага мінулага. Гэта выстаўка – вянок нацыянальнаму герою, адданаму рэвалюцыянеру, нястомнаму змагару, палымянаму публіцысту, выдатнаму асветніку і паэту.

 

 

Анатоль Белы