Выстаўкі прысвечаныя Францыску Скарыне

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 350 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

84.4%UNITED STATES UNITED STATES
7.4%BELARUS BELARUS
1.8%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.1%KUWAIT KUWAIT
0.5%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Выстаўкі прысвечаныя Францыску Скарыне

 

Выстаўкі прысвечаныя Францыску (Георгію) Скарыне, наладжаныя Анатолем Белым і сябрамі клуба “Спадчына”

І

Выстаўка “Францыск Скарына і яго час”.

Адкрыта 13 снежня 1985 г. у памяшканні галоўнага корпуса Белдзяржуніверсітэта (6 паверх).

На выстаўцы было прадстаўлена звыш 70 графічных работ. Выстаўка экспаніравалася да чэрвеня 1986 г.

Пры адкрыцці выстаўкі прысутнічала шмат студэнтаў з гістарычнага, філалагічнага і іншых факультэтаў, выкладчыкі універсітэта.

На урачыстым адкрыцці выступілі вядомыя беларускія літаратары, пісьменнік Адам Мальдзіс, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, драматург Алесь Петрашкевіч, дэкан філалагічнага факультэта, прафесар, доктар філалагічных навук, вядомы паэт і даследчык літаратуры і ў прыватнасці спадчыны Ф. Скарыны Алег Лойка, мастацтвазнавец, мастак, даследчык Ф. Скарыны Віктар Шматаў, пісьменнік, перакладчык паэмы Міколы Гусоўскага “Песьня пра зубра” Язэп Семіжон і інш.

Адкрыццё выстаўкі стала першым мерапрыемствам, прысвечаным 500-годдзю Ф. Скарыны. Яна запачаткавала “Скарынінскую пяцігодку”. І пачатак гэтай “Скарынінскай пацігодкі” быў пакладзены 13 снежня 1985 года гэтай выстаўкай у залі галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

 

ІІ

12 чэрвеня 1986 года у Палацы культуры Белсаўпрофа была разгорнута выстаўка “Да 500-годдзя Францыска Скарыны) (з калекцыі Анатоля Яўхімавіча Белага). У экспазіцыі было размешчана звыш 130 твораў жывапісу, графікі, экслібрысаў, скульптуры, медальернага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Былі падрыхтаваны і выпушчаны ў свет каталог, афіша, адмысловы запрашальны квіток.

У самую апошнюю хвіліну Мінскім гаркамам КПБ і ў прыватнасці яе сакратаром па ідэалогіі Пятром Кузьмічом Краўчанкам выстаўка была забаронена “па тэхнічным прычынам”.

Анатоль Белы паехаў шукаць абароны ад такога самаўпраўства да члена бюро ЦК КПБ, вядомага Народнага пісьменніка, дырэктара выдавецтва “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі” Івана Пятровіча Шамякіна. Ён зразумеў сітуацыю, глыбока пранікся ёю і тут жа па урадавай “вяртушцы” (тэлефоннай лініі сувязі) патэлефанаваў сакратару ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандру Трыфанавічу Кузьміну і папрасіў яго аб адмене ганебнага рашэння прынятага сакратаром Мінскага ГК КПБ Пятром Краўчанкам. У адказ мы пачулі, што сакратар ЦК КПБ ужо нічога зрабіць не можа, бо П. К. Краўчанка падключыў да гэтай справы (выстаўкі, прысвечанай Ф. Скарыне) сваіх “хлопцаў з КДБ”. Гэта было для нас такой нечаканасцю, як быццам бы ў кабінеце разарвалася бомба. Спрачацца ў той час з усемагутнымі структурамі КДБ не мог дазволіць сабе нават другі чалавек у партыйнай іерархіі рэспублікі.

Працягам гэтага вандалізму ў дачыненні да нацыянальнай культуры стала і тое, што заслужаны работнік культуры Беларусі, дэрыктар Палаца культуры Белсаўпрофа Мікалай Васільевіч Барысевіч, атрымаў службовае спагнанне і неадпаведнасць занімаемай пасады, і вымушаны быў шукаць іншую працу.

Беларуская і расейская службы радыёстанцыі “Свабода” некалькі разоў паведамілі аб скандальным акце і аб адкрытым уціску нацыянальнай культуры на Беларусі. Аб гэтых падзеях пісала беларуская прэса ў Амерыцы і Англіі. Але ўся інфармацыйная служба на Беларусі прамаўчала.

І толькі 10 кастрычніка 1986 г. у “ЛіМе” быў надрукаваны артыкул Валянціны Мікіфараўны Дышыневіч “Юбілей Скарыны. Калі ён будзе?..”, у якім асуджалася “набыўшую шырокую вядомасць недарэчнасць, калі рэспубліканскі Палац прафсаюзаў надрукаваў юбілейную афішу, запрашальныя білеты на цікавую выставу, прысвечанай калекцыі мастацкай Скарыніяны. Выстаўка па нейкіх тэхнічных прычынах не адбылася, людзі, якія прыйшлі на яе адкрыццё разышліся ў вялікім здзіўленні”. А сабралася на адкрыццё гэтай выстаўкі да 300 чалавек. Іх не пусцілі ў Палац прафсаюзаў, які наогул папярэдне зачынілі. Пасля выйшаў нейкі “у штацкім” і аб’явіў, што па тэхнічным прычынам выстаўка адмяняецца. Каментарыяў ніякіх не было, і ён тут жа скрыўся за дзвярыма.

 

ІІІ

3 кастрычніка 1986 г. у актавай залі бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі Навук БССр з нагоды Першых Скарынаўскіх чытанняў адкрылася выстаўка “Скарыніяна” (з калекцыі А, Белага), на якой было прадстаўлена каля 130 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага мастацтва, прысвечаныя беларускаму першадрукару. Выстаўка працягвалася да лістапада 1986 г.

Усе ўдзельнікі скарынаўскіх чытанняў атрымалі ад Анатоля Белага памятныя керамічныя медалі Францыска Скарыны (мастак Валянцін Прыешкін), а найбольш выдатныя даследчыкі скарыназнаўства за плённы клопат аб развіцці скарыназнаўства атрымалі яшчэ і грамату клуба “Спадчына”, якую выканаў сябра клуба мастак Алесь Цыркуноў.

Калі аб выстаўцы і ганараванні даведаліся ў Мінскім гаркаме КПБ, то пачаліся зноў уздзеянні. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР, народны пісьменнік Беларусі, віцэ-прэзідэнт АН БССР Іван Якаўлевіч Навуменка быў выкліканы ў гаркам КПБ да Пятра Краўчанкі. Пасля адпаведнага партыйна-ідэалагічнага прамывання мазгоў, вялікі дзяржаўны муж, вучоны, пісьменнік сваім скандальным загадам прыказаў вярнуць медалі і граматы ўсім удзельнікам скарынаўскіх чытанняў, а выстаўку ў бібліятэцы закрыць. Сам першы ён вярнуў А. Беламу падараваны яму медаль і грамату. Але ўсе астатнія ўдзельнікі не захацелі падпарадкавацца гэтаму бязглуздаму прыказу акадэмічнага самадура-манкурта, поўнасцю праігнараваўшы яго.

 

IV

Пасля правядзення выстаўкі “Скарыніяна” у чытальнай залі бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР, кіраўніцтва Беларускай энцыклапедыі прапанавала А. Беламу разгарнуць гэтую ж выстаўку ў памяшканні энцыклапедыі з тым, каб перасняць усе творы спрысвечаныя Ф. Скарыне для ілюстрацыі энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына”.

А. Белы прадаставіў на дабрачыннай аснове 170 мастацкіх твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага і прыкладнога мастацтва для энцыклапедычнага даведніка.

Выстаўка “Скарыніяна” функцыяніравала ў памяшканні энцыклапедыі да снежня 1986 г.

17 снежня 1986 г. Памяшканне клуба “Спадчына” зачынена, замкі ўзломаны, усе мастацкія творы з калекцыі А. Белага і мастацкая выстаўка “Сыны зямлі Беларускай” дэманціравана. Усё гэта перавезяно ў бомбасховішча па вуліцы Уральская, 9 у будынак домакіравання. Усе інструменты, мастацкі рыштунак, папера, фарбы, алоўкі — раскрадзены. Многія мастацкія творы аказаліся паломаныя і знішчаныя. Такі акт вандалізма па пастанове таго ж сакратара па ідэалогіі Мінскага ГК КПБ Пятра Краўчанкі правяла спецыяльна створаная “группа товарищей” з прадстаўнікоў Партызанскага раёна ад міліцыі, аддзела культуры, ЖЭС-23 і нават ад Палаца культуры трактарнага завода.

Усе творы беларускага мастацтва аказаліся надзейна “захаваныя” ў бомбасховішчы.

Але ў краіне ўжо пачыналася абвешчаная М. Гарбачовым перабудова, асмялела прэса, тэлебачанне, радыё. У адной з тэлеперадач паказалі сюжэт аб тым становішчы, у якім апынулася калекцыя твораў прысвечаная Ф. Скарыну. Гэта мела адпаведныя вынікі. Аднойчы да А. Белага звярнуліся з кафедры беларускай філалогіі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, які пратэндаваў на тое, каб насіць імя нашага першадрукара. Там стваралася лабараторыя-музей Францыска Скарыны. Яны бачылі перадачу па тэлебачанню і мой  заклік да яе выратавання, да вяртання яе людзям, каб тое вялікае мастацтва магло служыць нашай Бацькаўшчыне.

Так як у нашай краіне ў тыя часы, ды і цяпер таксама, заканадаўства яшчэ не распрацавала юрыдычныя нормы перадачы на дабрачыннай аснове калекцый бібліятэк, твораў мастацтва, музейных твораў, іншых каштоўнасцяў і асабліва іх наступнага захавання пасля атрымання, то была прапанавана наступная схема. Экспертная камісія мастацкага фонда БССР робіць сімвалічную расцэнку мастацкіх твораў калекцыі. На аснове якой бухгалтэрыя універсітэта праводзіць іх па сваім актам і бярэ на фінансавы ўлік. Такім чынам, творы набываюць фінансавую каштоўнасць і ўваходзяць у матэрыяльны фонд універсітэта. Кафедра, якая валодае гэтымі творамі нясе поўную фінансавую адказнасць за іх зберажэнне. Такім чынам знікае пагроза іх бесгаспадарнасці і разбазарвання, прысвойвання.

А. Белы пагадзіўся на такую прапанову.

27 чэрвеня 1989 г. А. Белы перадаў па акту сваю калекцыю з 170 мастацкіх твораў, прысвечаных Ф. Скарыну ГДУ. На аснове гэтай калекцыі музей-лабараторыя імя Ф. Скарыны ГДУ разгарнула першую ў краіне стацыянарную мастацкую выстаўку, прысвечаную вялікаму сыну нашай Бацькаўшчыны Ф. Скарыну. Гэта быў велізарны прарыў ва ўсёй галіне мастацкай дзейнасці тады яшчэ ў БССР. Такое ўсведамленне асобных але мэтанакіраваных актаў нашай дзейнасці на ніве беларускага нацыянальнага Адраджэння прыходзіць не адразу. Трэба нейкі час, каб усё адстаялася і ўляглося, каб здалёк убачыць тое, што было раней, убачыць і адэкватна асэнсаваць. Ужо няма ў жывых некаторых з тых, хто тварыў і ажыццяўляў гэтую вялікую справу. Але пасля іх застаўся музей нашаму вялікаму асветніку, зорцы, якая на небасхіле Беларусі будзе заўсёды ярка ззяць.

27 сакавіка 1990 г. у гісторыка-краязнаўчым музеі-запаведніку г. Яраслаўля ў былым будынку трапезнай Спаса-Прэабражэнскага манастыра адбылася выстаўка “Францыск Скарына — 500 гадоў” (з калекцыі А. Белага).

Каля 100 твораў графікі, экслібрысаў, медальернага мастацтва і нават скульптуры, былі прадстаўлены на выстаўцы. Экспазіцыя музея надзвычай трапна была дапоўнена першадрукамі, якія выставілі на агляд работнікі музея з яго запаснікаў. Па ўсяму гораду былі расклеяны афішы, якія абвяшчалі аб працы гэтай выстаўкі. Аб ёй пісалі Яраслаўскія газеты “Северный рабочий” ад 8 красавіка 1990 г. у артыкуле “Возвращение Скорины” і “Юность” ад 5 травеня 1990 г. у артыкуле “Спадчына” значит “Наследие”. Была зроблена тэлеперадача па Яраслаўскаму тэлебачанню, нават ТАСС зрабіла паведамленне. Толькі беларускія газеты “хронили гордое молчание”. І тым самым ужо ў які раз публічна сведчылі аб сваёй поўнай ненавясці да ўсяго свайго роднага, да сваёй культуры, да сваіх вялікіх продкаў.

Жнівень-верасень 1990 г. Старшыня клуба “Спадчына” па запрашэнню Нью-Йоркскага універсітэта знахордзіўся ў ЗША. Ён прывёз у ЗША каля 150 мастацкіх твораў на тэму “Францыск Скарына і яго час”. Гэта была першая мастацкая выстаўка з Беларусі, якая была паказана ў Амерыцы. Яна праходзіла ў новым будынку культурнага цэнтра “Полацак” у г. Кліўлендзе, штат Огайо. Выстаўка працягвалася з 1 па 30 верасня 1990 г.

Аб ёй пісалі “ЛіМ” ад 26 кастрычніка 1990 г. у артыкуле “Адраджэнне — справа агульная”, “Настаўніцкая газета” ад 21 лістапада 1990 г. у артыкуле “Кліўленд моліцца за Беларусь”, “ЛіМ” ад 9 лістапада 1990 г. у артыкуле “Паяднаныя любоўю”.

10 снежня 1999 г. у Старых Дарогах урачыста быў адкрыты музей выяўленчага мастацтва А. Белага. У 2-х залах музея было выстаўлена да 10 твораў жывапісу і графікі, прысвечаных Ф. Скарыне.

У 2001 г. быў пабудаваны новы будынак, дзе Ф. Скарыне была прысвечана цэлая галерэя мастацкіх твораў жывапісу, графікі, плаката, экслібрыса, скульптуры, медальернага і прыкладнога мастацтва. Усяго каля 100 твораў. Гэта пастаянна дзейнічаючы музей з такой багатай і разнастайнай калекцыяй твораў, якія прысвечаны аднаму з самых знакамітых сыноў нашай Бацькаўшчыны. Экспазіцыя твораў пастаянна папаўняецца.

Помнікі ў гонар Францыска (Георгія) Скарыны

Яшчэ ў 1996 г. Анатоль Белы набыў у скульптара Сяргея Адашкевіча гіпсавую скульптурную кампазіцыю “Францыск Скарына”. З майстрамі-металістамі братамі Пархменкамі з Мінскага мастацкага камбіната была замоўлена пагадненне аб тым, што яны выканаюць медную работу.

У 1998 г. работа была зроблена.

30 кастрычніка 1998 г. на свята дня заснавання Беларускага дзяржаўнага універсітэта пры кадэнцыі рэктара Уладзіслава Казуліна ўрачыста адкрылі два медныя помнікі “Францыск Скарына” (скульптар Сяргей Адашкевіч) і “Мікола Гусоўскі” (скульптар Уладзімір Панцялеяў). На адмысловых бронзавых плітках указана, што гэтыя помнікі з’яўляюцца дарам сяброў клуба “Спадчына” Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту.

Адна з гіпсавых форм (арыгінал) была падорана Міністэрству культуры і інфарматыкі, і ўстаноўлена ў вестыбюлі гэтага будынка.

Другая гіпсавая форма была завезена ў Старыя Дарогі і ўстаноўлена ў раённай бібліятэцы, як падарунак роднаму гораду Анатоля Белага.

У 2007—2009 гадах у клуба “Спадчына” з’явіліся сайты: spadchina.narod.ru, пасля spadchyna.org, дзе змешчана галерэя мастацкіх твораў прысвечаных нашаму вялікаму Асветніку доктару Францыску. Так што мастацкай Скарыніянай цяпер могуць карыстацца не толькі ў Беларусі, але ў сусветным электронным сеціве ўсе, хто пажадае наведаць гэтыя сайты. Мастацкая скарыніяна стала даступнай людзям сусвету, усім тым, хто нават не можа наведаць мастацкі музей А. Белага ў Старых Дарогах.

І ніякія цёмныя здані былога — ідэалагічна-камуністычныя сілы — ўжо не здольныя перашкодзіць нам, беларусам, паказаць сусвету ўсю веліч нашай культуры, нашай гісторыі, усяго таго, чым можа ганарыцца Беларусь і за што другія народы паважаюць нас.