Медалі ў гонар Скарыны

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 1092 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

84%UNITED STATES UNITED STATES
7.7%BELARUS BELARUS
1.8%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.2%KUWAIT KUWAIT
0.5%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Медалі ў гонар Скарыны

 

Публікацыя ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 11, 1991 г.


Медальерная Скарыніяна на доўгі час затрымалася ў сваёй распрацоўцы. На гэта былі свае прычыны. Некалі развітая ў серадневяковай Беларусі такая галіна выяўленчага мастацтва, як дробная пластыка, з цягам часу заняпала і пачала адраджацца толькі з 60-х гг. XX ст. Трэба адзначыць, што медальернае мастацтва не толькі ў СССР, але і ва ўсім свеце доўгімі гадамі знаходзілася ў заняпадзе. Толькі ў 1955 г. Савет Міністраў СССР устанавіў парадак стварэння і выпуску памятных і юбілейных медалёў. Тым самым была ўзаконена роля медальернага мастацтва як дзейснага сродку прапаганды. З гэтага часу пачынаецца выпуск памятных, юбілейных, сувенірных медалёў, плакетак, медальёнаў.

Развіццю медальернага мастацтва ў нашай краіне садзейнічалі ўсесаюзныя выстаўкі медальернага мастацтва (1970, 1975). У 1977 г. у Версалі (Францыя) пад эгідай Міжнароднай федэрацыі медальераў (ФІДЕМ) праходзіў міжнародны конкурс пад дэвізам “Адраджэнне медаля”. Уздыму гэтай галіны мастацтва ў рэспубліцы садзейнічалі выстаўкі, прысвечаныя юбілеям славутых дзеячаў беларускай культуры. Іх мемарыяльны характар адкрываў перад майстрамі-медальерамі самыя шырокія магчымасці. Развіццю медаля спрыяла і тое, што маладыя мастакі пачалі актыўна вывучаць мастацкую спадчыну свайго народа, забытыя віды мастацтва, старадаўнія тэхнікі і плённа распрацоўваць іх.

Штуршком для стварэння першага медаля Скарыны з'явіўся юбілей, прысвечаны 450-годдзю беларускага кнігадрукавання (1967) і прыняцце Саветам Міністраў БССР рашэння аб правядзенні конкурсаў у паліграфіі па афармленні кнігі і ўзнагароджанні пераможцаў дыпломамі і медалямі Францішка Скарыны. Першы медаль быў створаны ў 1967 г. мастаком Арленам Кашкурэвічам і адштампаваны тыражом у 820 экземпляраў са спецыяльных сплаваў бронзы. Гэты медаль стаў свайго роду мастацкім узорам для наступных пошукаў. Раней усе мастакі строга прытрымліваліся партрэтнай пабудовы вобраза Скарыны, арыентуючыся на змешчаны ў бібліі і выкананы ў анфас яго гравюрны партрэт А. Кашкурэвіч упершыню ўвёў профільнае адлюстраванне твару Скарыны. Урачыстасць і засяроджанасць вобраза нагадвае лепшыя ўзоры старадаўніх медалёў. Вобраз беларускага асветніка вылучаецца дакладнасцю і тонкасцю выканання твару, фігуры, адзення, глыбінёй раскрыцця псіхалагічнага стану.

У 1972 г. гэты медаль быў узноўлены па-іншаму. Гравёр толькі павялічыў памеры медаля і выяву самога Скарыны на 2 мм, але вобраз застаўся ранейшым. На адваротным баку змяніўся надпіс. Замест “450 год беларускага кнігадрукавання. 1517—1967” з’явіўся новы “455 год беларускага кнігадрукавання. 1517—1972”. Медаль вырабляўся з таніраванага сілуміну. Якасць яго значна зніжана — як за кошт матэрыялу і яго апрацоўкі, так і выразнасці гравіроўкі.

Зноў на доўгі час пошукі мастакоў у галіне скарынаўскага медаля спыняюцца. Толькі праз 12 гадоў пасля выпуска першага медаля Мікалай Байрачны па заказе Дзяржкамвыда БССР стварае керамічную памятную плакетку, прысвечаную ХІ Міжрэспубліканскаму конкурсу “Мастацтва кнігі”, які праходзіў у Мінску ў 1979 г. У цэнтры плакеткі — выява Скарыны, які паўтарае партрэтную і кампазіцыйную пабудову графічнай работы са скарынаўскай Бібліі.

Штуршком для развіцця Скарыніяны ў медальерным мастацтве паслужылі тыя спрыяльныя ўмовы, што пачалі складвацца з пачатку 80- гг. у выяўленчым мастацтве Беларусі. Гэта ў першую чаргу актыўныя пошукі нацыянальнай тэмы і адраджэне забытых і занядбаных відаў мастацтва. Маладыя мастакі пачалі эксперыментаваць як у форме, так і ў трактоўцы вобраза Францішка Скарыны. Так, Эдуард Астаф’еў у 1980 г. стварае тры медальерныя творы, прысвечаныя першадрукару. Мастак стараецца знайсці такую форму плакетак, якая спрыяла б вобразнаму вырашэнню, вядзе пошук у кампазіцыйнай пабудове партрэта, робіць яго анфас, з паваротам у ¾ і ў профіль.

Малады мастак Валеры Янушкевіч у пошуках выразнасці формы ідзе яшчэ далей. Ён стварае ў 1984 г. плакетку ў выглядзе ўсечанага крыжа, дзе скарына паказаны як прамоўца, у позе, што сімвалізуе тую прапаведніцкую ролю гуманіста і асветніка ў справе фарміравання нацыянальнай свядомасці свайго народа.

Арыгінальная па форме, у выглядзе барочнай аркі, плакетка маладога скульптара Алеся Дранца. Форма тут арганічна спалучаецца са зместам: вобраз самога Францішка выкананы дастаткова выразна і псіхалагічна пераканаўча. Гэта адзін з самых маладых, светлых і ўзвышальных вобразаў гуманіста ў беларускай мастацкай Скарыніяне. Перад намі паўстае малады летуценнік у росквіце сваіх сіл.

Найбольш плённымі ў медальернай Скарыніяне аказаліся 1985—1990 гг. Гэта звязана з пачаткам падрыхтоўкі да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны. Мастакі, якія звярнуліся да ўвасаблення вобразу беларускага першадрукара, імкнуліся яго па-новаму інтэрпрэціраваць. У многіх выпадках гэта ўдавалася. Гэтаму спрыяла ўвядзенне ў поле медаля сімволікі, ягоных знакаў, сігнета і рэчаў ужытку, як, напрыклад, у медалях Рыгора Іванова, Алеся Зіменкі, Святланы Гарбуновай. Іхнія медалі вылучаюцца тонкай прапрацоўкай дэталяў, выразнасцю, багаццем сэнсавай і інфармацыйнай нагрузкі.

Жаданне найбольш поўна выкарыстаць сімволіку Скарыны прыводзіць да таго, што мастачка Тамара Васюк бярэ за аснову сваёй керамічнай плакеткі ягоны герб (сонца і месяц), дзе вобраз сонца трактуецца як вобраз самога асветніка, што нясе свайму народу святло і вядзе барацьбу з цемрай. Мастак Міхась Канцавы адмовіўся ад сімволікі Скарыны і ўвёў прыём народнай стылізацыі і арнаментыкі. Ён упрыгожыў элементамі беларускага арнаменту поле медаля. Такі прыём дазволіў яму найболей поўна паказаць ролю асветніка ў гісторыі развіцця беларускага народа.

Асобныя мастакі поўнасцю адмовіліся ад ужывання аксесуараў і знакаў з жыцця Скарыны і рэчаў яго ўжытку. Такія мастакі, як Анатоль Крывенка, Галіна Гаравая, засяроджваюць сваю ўвагу толькі на вобразе Скарыны, непасрэдна на яго твары, надаюць твору вялікае абагульненне, набліжаюць пластыку лепкі да манументальнага рэльефу, спалучаюць у дробнай пластыцы прыёмы манументальнасці і ўмоўнасці. Мастак Генадзь Мурамцаў здолеў дамагчыся ў сваёй плакетцы псіхалагічнай трактоўкі вобраза гуманіста.

Перанясенне скарынаўскай графікі на мову медаля дало нечакана плённы вынік у плакетках мастака Юрася Анушкі. Выкананыя ў іншай тэхніцы і значна большых памерах, чым аўтапартрэт Францішка Скарыны, з выкарыстаннем заставак з кнігі «Песня песняў» і дадатковым уводам профільнага партрэта першадрукара, гэтыя творы набылі новае ідэйна-мастацкае гучанне. Большая плошча выкарыстанай прасторы і аб'ёмнасць надаюць ім лепшую выразнасць.

Мастацкай дасканаласцю вылучаецца медаль мастака Генадзя Асташонка. Невялікі памерам, старанна і тонка апрацаваны, ён нагадвае лепшыя ўзоры старых медалёў не толькі па форме, але і па глыбіні псіхалагічнай трактоўкі вобраза. Адліты з сілуміну і таніраваны пад старое срэбра, медаль набывае адметныя якасці, стварае своеасаблівы эфект светаценяў, надае вобразу Скарыны ўзнёсласць, адухоўленасць. Перад намі з ўсёй пераканаўчасцю паўстае выдатны дзеяч эпохі Адраджэння, які стаў у адзін шэраг з найлепшымі прадстаўнікамі еўрапейскай культуры свайго часу.

Як значны здабытак у медальернай Скарыніяне трэба адзначыць медаль Валянціна Прыешкіна, які выконваўся ім па заказе клуба «Спадчына» для ўзнагароджвання ўдзельнікаў першых Скарынаўскіх чытанняў у г. Мінску ў 1986 г. Выкананы з тэракоты, гэты медаль найбольш поўна раскрывае дабротныя якасці матэрыялу. Стараннасць і тонкасць прапрацоўкі дэталяў, класічнасць формы і вобраза Скарыны ствараюць замілаванасць і цеплыню ўспрымання яго асобы.

Павел Лук зрабіў у гіпсе (а пасля і ў бронзе) медаль «Францыск Скарына». Ён вылучаецца тонкасцю прапрацоўкі і дакладнасцю перадачы твару, адзення, псіхалагічнай трактоўкі вобраза.

У стылі падвясных старажытных пячатак зроблены з тэракоты медаль «Францыск Скарына. 500 год» Змітры Маленькага. Малыя памеры медаля (дыяметр 5 см) патрабавалі вытанчанасці малюнка.

У 1988 г. малады мастак Алесь Мірончык робіць серыю плакетак, прысвечаных дзеячам беларускага Адраджэння. Сярод іх вялікая па памеры плакетка, вылітая з сілуміну, «Францішак Скарына і Сімяон Полацкі». Два асветнікі Полацкай зямлі, якіх аб'ядноўвае не толькі геаграфічнае паходжанне, але вялікая агульная справа. Каб гэта перадаць, мастак спалучыў дзве аркі і змясціў у іх асветнікаў, кожнага з кнігай у руцэ.

Выклікае цікавасць і тое, што ў медальерную Скарыніяну ўнеслі свой уклад мастакі братніх рэспублік. Так, латышскі скульптар Янус Струпуліс у 1979 г. выканаў у бронзе медаль Скарыны з двухбаковым адлюстраваннем. На вонкавым баку змешчаны партрэт Скарыны і ўпісаны па крузе скарынаўскім шрыфтам яго імя і прозвішча, на адваротным жа баку — жнец за працай (фрагмент з гравюры кнігі «Руф»). Літоўскі скульптар Рымантас Даўгінціс у 1985 г. зрабіў з бронзы медаль Скарыны. За кампазіцыйную аснову тут узяты іканаграфічны матэрыял з Бібліі, але прыёмамі стылізацыі і ўмоўнасці аўтар стварае свой вобраз Скарыны, які нагадвае сучаснага літоўскага жыхара. Гэтым самым мастак нібы падкрэслівае глыбокую гістарычную сувязь вучонага з літоўскім народам. Па крузе на літоўскай мове ідзе надпіс: «Доктар Францыск Скарына» і гады яго жыцця: «1486—1551».

Стварэнне Таварыства беларускай мовы, якое носіць імя Францішка Скарыны, вымагала вырабу адпаведных сімвалічных знакаў. Мастак Мікола Купава распрацаваў эмблему ТБМ. На яе аснове адпаведна былі зроблены малы і вялікі знакі. Апошні нагадвае медаль. У аснове сімвалічных знакаў ТБМ — герб Скарыны (спалучэнне персанікаваных сонца і месяца).

У сувязі з 500-мі ўгодкамі з дня нараджэння Ф. Скарыны Міністэрства культуры БССР правяло конкурс на юбілейны медаль Ф. Скарыны. Быў ухвалены эскіз мастака Віктара Макарчука. Пластычнае ўвасабленне вобраза Скарыны выканаў скульптар Уладзімір Лятун. Медаль зроблены на Ленінградскім манетным двары. Гэта першая ўрадавая ўзнагарода на Беларусі пасляваеннага часу. Яна прысуджаецца за выдатныя дасягненні ў развіцці беларускай асветы і культуры. Сярод першых узнагароджаных — Алесь Белакоз, Алесь Баршчэўскі, Ніл Гілевіч і інш.

Медальерная Скарыніяна з'яўляецца самай маладой галіной у выяўленчым мастацтве рэспублікі і знаходзіцца ў няспынным развіцці. Тут маюцца ўжо адпаведныя дасягненні як па колькасці, так і па мастацкай якасці саміх твораў. На сённяшні дзень яна, бадай, не саступае медальернай Купаліяне, ужо вывучанай і апісанай у энцыклапедычным даведніку «Янка Купала». У медальернай Скарыніяне ёсць свае дасягненні і творчыя знаходкі, як у пошуках формы, тэхнікі і матэрыялу выканання, так і ў мастацкім адлюстраванні вобраза вялікага беларускага асветніка.

 

Анатоль БЕЛЫ