Беларуская нацыянальная ідэя і калі нам яе адзначаць?

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 20 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

57.5%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
22%UNITED STATES UNITED STATES
7.1%BELARUS BELARUS
2.9%AUSTRALIA AUSTRALIA
1.8%CHINA CHINA
1.2%KUWAIT KUWAIT
1%FRANCE FRANCE

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Беларуская нацыянальная ідэя і калі нам яе адзначаць?

Страшная кара – пазбавіцца нацыянальнай ідэі. (паводле Янкі Купалы)

Духоўнае жыццё, якое складае аснову культуры ў яе супрацьпастаўленасці натуры (прыродзе), змест мастацкіх вобразаў, іх соцыякультурны кантэкст, сэнсавыя акцэнты заўсёды з’яўляюцца адпаведнікамі рэлігійна-філасофскіх палажэнняў і падчас робяцца сімваламі тых або іншых катэгорый. Так філасофскія ідэі як бы распушчаюцца ў духоўным кантэксце, паэтычным жыцці кожнага народа, мастацкім творы, фарміруючы той змест, які ахопліваецца паняццем нацыянальнай ідэі. Не проста выдзеліць іх у чыстым выглядзе, а тым больш даць пэўную адэкватную філасофскую інтэрпрэтацыю.

Падрыхтаванае прачытанне і разуменне твораў дазваляюць зрабіць высновы аб прысутнасці ў іх “фенаменалогіі духу” і таго, што часта яны з’яўляюцца ўсвядомленай вобразнай ілюстрацыяй філасофскіх ідэй. Асвоеная рэчаіснасць, прырода, у якой жыве народ, ёсць увасабленне нацыянальнай ідэі, пра што цудоўна сказаў Якуб Колас ва ўступе да паэмы “Сымон-музыка”: “Ад гоману бароў…” ці “Зямля – аснова ўсёй айчыне.” (“Новая зямля”) – і што зафіксаваў Максім Танк і “на камні, жалезе і золаце”, і ў “паху дзёгцю, поту і старой аўчыны”. Сама мова – яе сінонім. Перафразуючы Вацлава Ластоўскага, можна сцвярджаць: “Народ жыве датуль, пакуль жыве яго мова (нацыянальная ідэя), без народнай мовы (нацыянальнай ідэі) няма народа”. Вось чаму анталогія мовы разглядаецца і з рэлігійна-філасофскага пункта гледжання і, адпаведна, нацыянальная ідэя бярэцца ў арсенал канфесійна-палітычных звадаў, адыходзячы ад навукі.

Яшчэ ў шостым стагоддзі да нашай эры ў Кітаі праз канфуцыянства была распрацавана канцэпцыя жыццядзейнасці народа як аснова нацыянальнай ідэі. Фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэі пераходзіла напачатку ХХ ст. не на пустым месцы. У ім былі даўнія традыцыі: дзяржаўныя старажытна-беларускія  Полацкае і Тураўскае княствы; культурная – асэнсаванне сваёй нацыянальнай  самабытнасці, дзякуючы выданню на беларускай мове Бібліі Францыска Скарыны [першая кніга, якая з’явілася 10 верасня 1517 (1516) г.]; прававая – адлюстраваная ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага (1529, 1566, 1588); філасофскае абгрунтаванне, зробленае ўпершыню Вінцэтам Гадлеўскім у артыкуле “Патрэба нацыянальнай ідэі” // Беларускі фронт. – Вільня. 15.08.1939 г.

Але патрэба ў беларускай нацыянальнай ідэі ўзнікае з таго моманту, як пачынаецца складвацца беларуская нацыя (другая палова ХІХ ст.). І тут вялікую ролю ў яе ўзнікненні адыгралі такія чыннікі культурнага развіцця нацыі, як заснаванне ў студзені 1906 г. у Пецярбургу выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, а таксама выхад у свет першай легальнай беларускай газеты “Наша доля” (01.09.1906 г.) у Вільні і асабліва штотыднёвай беларускай газеты “Наша ніва” (10.11.1906 г.), якая на парацягу амаль дзесяці гадоў была будзіцелем нацыі. І на сёння аніводная з газет не зможа параўнацца з тым, што дала яна для беларускага нацыянальнага Адраджэння, для фарміравання самасвядомасці народа і беларускай нацыянальнай ідэі.  

Апостал Адраджэння Янка Купала ў 1913 г. у вершы “Казка аб песьні” выказаўся на тэму біблейска-рэлігійных матываў: “… і будуць у сківіцах народа цуглі, што кіруюць у зман. А ў нас будуць песні, як у ноч свяшчэннага свята, і вясёласць у сэрцы, як у таго, хто ідзе з жалейкай на гару Гасподню, да цвярдыні ізраілевай”; “… і пяюць яны як бы песню новую…; і ніхто не мог навучыцца песні гэтай…”.

Біблейскую тэму трагізму беларускай нацыянальнай ідэі (“вольнай песні” аб поце, крыві і пылу гісторыі народа) наш паэт спавіў з маштабнай філасофіяй абсалютнай ідэі Гегеля праз паэтычны вобраз “святлянай думкі” ў іншабыцці яе гістарычнага развіцця і станаўлення “духа-яснавея” – абсалютнага духа. Дарэчы, сучасныя разважанні аб генезісе нацыянальнай  ідэі пазбаўлены менавіта філасофскай аперцэпцыі, што бракуе ім у тых метадалагічных заваёвах, якія набыла гісторыя еўрапейскай філасофіі, у прыватнасці ў распрацоўцы Гегелем развіцця ідэі наогул. Вялікі нямецкі мысляр вызначыў алгарытм абсалютнай ідэі ў трох этапах: лагічнага, калі ідэя дзейнічае ў сваім “дапрыродным” быцці і выступае як сістэма паняццяў і катэгорый, у стыхіі “чыстага мыслення” (“Навука логікі”); другога – прыроднага “іншабыцця абсалютнай ідэі”, калі прырода няздольная да развіцця ў часе (“Філасофія прыроды”); нарэшце, вышэйшай ступені самаразвіцця ў “абсалютным духу”, калі ідэя ў форме мастацтва, рэлігіі і філасофіі прыходзіць да канца свайго самапазнання (“Філасофія духу”). Вянцом дыялектычнага развіцця абсалютнай ідэі Гегель лічыць нацыянальна-дзяржаўнае  (этна-этатычнае) утварэнне (у яго – канстытуцыйная нацыянальная дзяржаўнасць).

Янка Купала – прадстаўнік народа, якога Г.Гегель, К.Маркс, и Ф.Энгельс залічылі ў “негістарычныя”, а У.І.Ленін аднёс да “мужыцкай нацыі”. Паэт узняў мінорны ключ “плачу аб старонцы” для канстатацыі фіналістычнага летаргізму духоўнага стану нацыянальнай сучаснасці і заспяваў пра патрэбу для народа ў сваёй спрадвечнай песні (усвядомленай нацыянальнай ідэі) з уласцівай ёй тэмай атрыбутыўнасці, неадменнасці “светлай веры” – хрысціянскай ідэі:

Даўно ўжо, даўно з той пары адбылой

Сталецьцяў мінула нямала, –

Між небам блакітным і чорнай зямлёй

Сьвятляная думка лунала

 

Яна аглядала бязьмежны прастор,

І пасынкаў бачыла долі,

Што рукі з зямлі прасцягалі да зор

І ў цемры каналі паволі.

                   * * *

І шкода зрабілася думцы людзей,

          Што чахлі, як чэрві ў плесені, –

І з высі сышла к ім, як дух-яснавей,

          І вольнай змянілася песьняй.

У тысячы сьветачаў, сонц залатых

          Яна разьлілася між імі,

Разьвеяла цемры, ўзьлячыла сьляпых,

          Сваё, іх праславіла імя.

Пры песельным звоне народ акрылеў,

          Зарухаўся шчасьцем, свабодай,

У бітвах браў верх і свой боль адалеў,

          Ня страх быў змагацца з прыродай.

І многа лет цешыўся, ў радасьці цьвіў

          І ў долі, і ў волі бяз меры,

Аж покуль ён песьні сваёй не ўгнявіў,

          І сьветлай ня здрадзіў ёй веры.

За ласыя словы, за золата звон

          Чужацкай шукаць стаў апекі;

Чужынцы запрэглі народ у прыгон,

          А песьню аддалі на зьдзекі.

                         * * *

 

І страшная кара пасьцігла іх лёс:

          Народ сваёй песьні забыўся.

                         * * *

З лет бегам патомкі, пасьля доўгіх бед,

          Аднекуь зноў песьню дасталі…

   Але гэта не прынесла яму шчасця

Бо думка… бо песьня… чужая была…

З ярмом даў і песьню чужынец!

Тэму “Казкі аб песьні” Янка Купала-публіцыст паўтарыў, карыстаючыся тымі ж вобразамі-тэрмінамі, у артыкуле “Незалежнасць” 1919 года: “Пасля уніі з Польшчай Вялікага Беларуска-Літоўскага княства, калі беларуская культура высока трымала свой сцяг у родным краю, – гэта культура пачала выціскацца польскім панаваннем. Беларускае баярства, за польскія шляхоцкія значкі і цёплыя каля трона месцы, пачало выракацца ўсяго свайго роднага, беларускага і перакульвацца на старану чужую, польскую. Забылася баярства на звычай і абычай беларускі, на сваю гісторыю, мову, літаратуру. Дзе больш званілі золатам, там вышэйшыя станы тагачаснага грамадства і служылі, і прадавалі сябе, свой народ, сваю бацькаўшчыну… Залежнасць ад Польшчы змянілася залежнасцю ад Масквы… А беларус стагнаў і стагнаў. З гэтага мы бачым, бачым з практыкі, вынесенай на сваёй скуры, што залежнасць дзяржаўная, ад каго б ні было, бокам залежнаму народу вылазе. І вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу”.

Сваёй мэты – увасаблення ў нацыянальнай дзяржаўнасці – беларуская іпастась абсалютнай ідэі яшчэ не дасягае ў тагачасных варунках. Два этапы развіцця абсалютнай ідэі ў гісторыі беларускага народа – адлюстраваны паэтам, трэці – уперадзе, калі мае быць цараванне абсалютнага духу ў мастацкім, рэлігійным і філасофскім асэнсаванні свайго нацыянальнага быцця. Паэт нагадвае, што “сама гісторыя пакліча на суд” нацыянальнага суб’екта. Разуменне таго, што ніякая вунія, як і пазнейшае памкненне збудаваць рай у адной асобна ўзятай краіне, не дае народу ні сапраўднай дзяржаўнасці, ні рэальнага суверэнітэту і ўмоў адэкватнага развіцця сваёй культуры, – робіцца палітычным фонам для асноўнага зместу “Казкі…”.

А філасофскім фонам на гэтым этапе застаецца ідэя верша “Кругаварот” (1906 – 1910) з тэмай анталагічнага існавання і дыялектыкі рэчаў, “дух чалавечы” якіх быў незразумелы местачковым марксістам, і які застаецца такім і сучасным палітолагам і філосафам афіцыйнага, дзяржаўнага накірунку.

Нязнанай сілай правіць светам

Пачатак, бытнасць і канец;

Народ таўпехаецца ў гэты,

Як стада згубленых авец.

Так будзе да моманту асэнсавання народам сваёй нацыянальнай мэты (беларускай акцыдэнцыі гегельянскай абсалютнай ідэі, сапраўдны філасофскі змест якой супярэчыць палітычным інтэрпрэтацыям яе самога Гегеля і яго рэвалюцыйных паслядоўнікаў аб “негістарычных народах”). Аднак песімізм не палоніць душы паэта канчаткова. У 1918 годзе ў вершы “Час…” ён заклікае спраўдзіць гістарычную мэту – збудаванне сваёй дзяржавы, а не рэвалюцыяй сцверджанага утапічнага раю на зямлі:

Час склікаці ўжо грамаду

На вялікую нараду,

          На вялікі сход!

Хай рассудзіць, хай разважаць,

Слова цьвёрдае хай скажаць.

          Скажаць сам народ

Як жыць мае, пажываці

Ў родным краю, ў роднай хаце,

          Як заводзіць лад:

Ці жыць далей у няволі,

Ці разжыцца новай доляй,

          Новы ўзнесьць пасад.

Безумоўна і відавочна выяўляецца, што алгарытм купалаўскай інтэрпрэтацыі нацыянальнай гісторыі несумненна ёсць вынік асіміляцыі Гегелеўскай філасофіі пераўтварэння абсалютнай ідэі (“святлянай думкі”) ў нацыянальнае іншабыццё (“святляную песню”), якая мусіць дасягнуць свайго развіцця ў форме нацыянальнай дзяржаўнасці, як у Гегеля – у форме прускай дзяржаўнасці. “Дык чаму ж нам, браты беларусы, не дамагацца сваёй дзяржаўнай незалежнасці?” – пытае ён у артыкуле “Незалежнасць”. У прамове на 10-годдзе літаратурнай дзейнасці паэт заклікаў: “Дык не зважайма на здраду, а пойдзем далей сваім хоць цярністым, але святляным шляхам”.

Распрацоўка тэмы спадчыны класічнай нямецкай філасофіі ў Янкі Купалы ёсць узор глыбіннага разумення апосталам беларускага нацыянальнага Адраджэння тых задач і тых патрэб беларускай нацыі, якія паўсталі перад ім на пачатку ХХ ст., якія і на сённяшні дзень не страцілі свайго значэння, а можа, нават, набываюць большую актуальнасць, чым на пачатку стагоддзя.

У свой час пад націскам народных мас і перадавой нацыянальна-свядомай творчай інтэлігенцыі дзяржава пайшла на ўступкі народу і абвясціла дзень пачатку новага навучальнага года ў школе днем беларускага пісьменства і друку. Потым сарамліва пачала забываць ужываць слова “друку”. Хутка можа дайсці, што застанецца толькі адно слова “дзень”. Дзяржава праводзіць нейкія ўрачыстасці, прэзентацыі новых кніг, канцэртныя выступленні. Усё як быццам бы прыстойна. Але на гэтыя імпрэзы ўжо даўно перасталі запрашацца носьбіты і стваральнікі сапраўды нацыянальнай культуры, прагрэсіўныя літаратары, песняры, грамадскія дзеячы. Іх месца занялі “чэсныя” літаратары і тыя, хто бліжэй да ўлады і абласканы ёй. Замест вольных “святляных” песен, там гучыць “чужая песня” або маскоўская папса.. Зрэдзь часу прарываюцца ў эфір песні на словы слынных беларускіх паэтаў, а больш за ўсё, як бы імкнучыся прытупіць пільнасць беларусаў і пагадзіцца з існуючымі адносінамі дзяржавы да нацыянальнай мовы, гучаць і закалыхваюць няўстойлівую свядомасць многіх нашых суайчыннікаў “родныя дрындушкі”. І нам, беларусам, усё гэта трэба трываць у сваёй, так бы мовіць, роднай дзяржаве. Трываць і рабіць выгляд, што ўсё добра, ухваляць тое, як дзяржава “клапоціцца” аб развіцці нашай культуры, сваёй адвечнай песні –  усвядомленай нацыянальнай ідэі.  

А можа ўжо годзе цярпець такі нацыянальны здзек? А хіба мы не можам стварыць сваё свята, свой Дзень і назваць яго больш выразнай, больш шырокай назвай, якая ўжо даўно стукаецца ў нашае нацыянальнае жыццё, якую так філасофскі і так грунтоўна апяваў апостал нацыі Янка Купала.

Нам усім, сумесна згутаваўшымся ў Дзень беларускай нацыянальнай ідэі, ёсць, што расказаць, што паказаць, што праспяваць і данесці ўсяму свету.І няхай той камітэт па арганізацыі гэтага сходу вызначыць той “час склікаці ўжо грамаду // на вялікую нараду, // на вялікі сход!”; вызначыць месца, дзе можна правесці гэты Вялікі Дзень, а самі ўдзельнікі яго данясуць усім астатнім свае думкі, намеры, пакажуць свае мастацкія творы і праспяваюць свае “святляныя” песні аб нашым нацыянальным быцці.

А. Белы, старшыня культурна-асвенага клуба “Спадчына”,

Л. Лыч, прафесар,

А. Грыцкевіч, прафесар,

А. Саламонаў, прафесар.

 

 

Наш люстрадзён

<<  Лістапада 2019  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
      1  2  3
  4  5  6  7  8  910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

 

 

 

 

Народны каляндар

<<  Лістапада 2019  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
      1  2  3
  4  5  6  7  8  910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Банеры