Яўген Петрашэвіч

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 760 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

84.4%UNITED STATES UNITED STATES
7.4%BELARUS BELARUS
1.8%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.1%KUWAIT KUWAIT
0.4%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Яўген Петрашэвіч

 

Грайце, дудкі,

Грайце, горны,

і гармонік грай.

Пра цудоўны

Край наш родны,

Беларускі край.

Я. Петрашэвіч.

 

 

Яўген Петрашэвіч – ужо ў  гэтых гуках чуецца мелодыя! Але кожны можа пачуць асабістыя матывы, і гэта – права чалавека. А як пачуць сапраўднае? Як пачуць хаця б нейкую маленькую часцінку цэлага жыцця Майстра? Так, менавіта, з вялікай літары хочацца пісаць гэта імя, калі бліжэй пазнаёмішся з гэтым чалавекам, з яго творчым шляхам. Хочацца сказаць простыя, але дзіўныя словы: “Шаноўныя, добрыя людзі, я прыадкрыў для сябе асобу Яўгена Канстанцінавіча Петрашэвіча, і я вам пастараюся аб гэтым паведаміць.”

Сустрэча з добрым  чалавекам – гэта ўжо дар Божы. А калі гэта чалавек – самабытны філосаф і гумарыст, паэт і кампазітар, рэзьбяр і музыкант, – адным словам, чалавек неардынарны, то гэта вялікая радасць! Бо вялікая сярдэчная цеплыня і душэўная дабрыня хвалямі распаўсюджваюцца ад такой істоты. Менавіта такім чалавекам, адметнай асобай і ў той жа час простым і даверлівым юнаком пачуўся мне Яўген Канстанцінавіч. І нездарма сябры і прыхільнікі яго таленту называюць Петрашэвіча “чалавекам вялікага закаханага сэрца”, з апетытам на жыццё і творчасць.

А карані – недалёка, як высветлілася. У сарака кіламертах уверх па Нёману ад Гродна, у Мастоўскім раёне вельмі музычная вёсачка Падбараны, дзе іскрысты жарт, спевы і танцы заўжды былі жаданымі гасцямі. Спявалі ў полі, спявалі вечарамі дзяўчаты, хлопцы, устаўшы ў кружок. А пра маму Вольгу казалі, што яна спявала і не магла наспявацца. Яшчэ прадзед Мілашэвіч добра граў на скрыпачцы. Дзядзька Грыша – на гармоніку, бацька Косцік не даваў гармоніка ў крыўду, заўжды мог любую мелодыю вывесці. А мама Вольга Васільеўна была спявачка ад Бога, валодала цудоўным голасам. “Цягнуць мелодыю, – кажа Яўген Канстанцінавіч, – мы, малыя, навучыліся спяваць хутчэй,чым хадзіць. Мама аладкі пячэ, а мы галасы спрабуем. Ідзём са школы, – і зноў нешта гарланім з вясковага рэрертуару. І гэтыя песні засталіся ў памяці на ўсё жыццё, яны дыхаюць водарам прынёманскага краю. Я стараюся зрабіць апрацоўкі і даць ім новае дыханне.” І працягвае з натхненнем Яўген Канстанцінавіч: “Дастане Жоржык Троцкі губны гармонік, – і як дасць жару! Я таксама навучыўся граць. Так старанна дзьмуў, што губы паапухалі. А Алесь Троцкі меў бас. Дзядзька Антось з хутара быў майстра выштукоўваць  мелодыю на дудцы. І тыя дудкі рабіць мастаком быў.Я ў яго навучыўся. Збіраліся надвячоркамі вяскоўцы на беразе Нёмана і так душэўна спявалі, што падарожныя на лодках прыпыняліся, каб паслухаць. На цеплаходах “Баторый” і “Ягела” пасажыры згрудзяцца на палубе, прыветна махаюць рукамі. Далёка ў наваколлі чуліся песні, відаць, даганялі сонца, якое нібыта наўмысна прымаруджвала хаду на небасхіле. Вось дзе была яго кансерваторыя!”

Ужо ў дзіцячым узросце Яўген Петрашэвіч ствараў аркестрык з мясцовай дзетвары. Сам ён добра іграў на губным гармоніку. Так старанна дзьмуў, што губы пухлі і таму далі мянушку “Лупаты”. Сабраў здольных дзяцей на ўдарныя інструменты. Гралі, а калі прыцямнее – дарослыя танцавалі.

Успамінае Яўген: “Найграўся, прыйшоў да хаты і яшчэ граю. Бацькі кажуць, можа пара ў пасцельку, а я лёг пад коўдру і даіграў мелодыю. А пазней пачаў іграць на баяне. Менавіта вясковае аматарска–музыкальнае асяроддзе і стала для хлопчыка школай, фундаментам і зернем, якое і цяпер прарастае. Цяга да музыкі прывяла Яўгена ў 1947 годзе, у 14 гадоў у Гродзенскую музычную школу. Пасля яе паспяховага заканчэння паступіў у музычную вучэльню імя М. Глінкі ў Мінску на другі курс па класу баяна ў Э. Н.Азарэвіч

Яўген Петрашэвіч вучыўся паралельна кампазіцыі ў прафесара М. Аладава, потым у Я. Глебава. У гэты час была створана адна з першых  песень на словы А. Дзеружынскага “Нарачанскія сосны”. Гэтым творам зацікавіўся Г. Цытовіч, які ўвёў песню ў рэпертуар дзяржаўнага хора.

У Гродна Яўген Петрашэвіч вяртаецца поўны творчых планаў. Пачынаецца яшчэ і актыўная педагагічная дзейнасць у той музычнай школе, дзе сам быў вучнем. Шчыра дзеліцца сваім талентам і ведамі малады настаўнік: ён выкладае баян і кампазіцыю, адкрывае клас цымбалаў, кіруе аркестрам народных інструментаў, арганізуе інструментальны квінтэт, з якім паспяхова выступае ў Мінску і Беластоку. Сярод яго вучняў – Леанід Захлеўны, народны артыст рэспублікі Беларусь, прафесар, кіраўнік ансамбля “Бяседа”, які сказаў. “На маім  шляху трапіўся сапраўдны настаўнік, гэта вядомы гродзенскі педагог, самадзейны кампазітар Яўген Петрашэвіч. Ён здолеў захапіць мяне маім простым інструментам настолькі, што я ўжо марыў трапіць у аркестр ансамбля “Бярозка” – калісьці славуты ў СССР ансамбль танца”.

Віктар Войцік – прафесар па класу кампазіцыі Дзяржаўнай акадэміі музыкі, Уладзімір Навасадаў – выкладчык баяна Гродзенскага музычнага вучылішча, Сяргей Кануннікаў – кампазітар–аматар, Барыс Фадзін – адміністратар Гродзенскай філармоніі, – усе яны вучыліся ў класе Я. Петрашэвіча, дзе існавала заканамерная творчая логіка: “Спраўляешся з праграмай – авалодвай ігрой па слыху, затым рабі апрацоўкі і спрабуй ствараць музыку. Стань музыкантам і заставайся чалавекам у любой сітуацыі”.

Талент Я.К. Петрашэвіча нельга было не заўважыць, і яму прапануюць кіраўніцтва інструментальнай групай народнага ансамбля “Нёман”. Там ён адчувае сваё сапраўднае творчае прызванне. У гэтыя гады створаны лепшыя з яго кампазіцый: песня “Залатыя каласы” на вершы А. Астрэйкі і песня на вершы Д.Бічэль “Ой, бярозанька”. Вакальна –харэаграфічная кампазіцыя “Залатыя каласы” (харэаграфія Л.Ляшэнка) набывае шырокую вядомасць. Яна выконваецца ў розных кутках роднай Беларусі, а таксама ў многіх гарадах былога Саюза і за мяжой, зафільмавана і паказана на выстаўцы ў Монрэалі, у суседняй Польшчы. “Залатыя каласы” гучалі і на прэстыжнай сцэне Крамлёўскага Палаца з’ездаў у Маскве. Музыка гэтай кампазіцыі глыбока народная, меладычная і запамінальная. А таму яна і застаецца заўсёды з намі. Зусім нядаўна “Залатыя каласы” пачулі і ўбачылі ў Ваўкавыску на свяце “Дажынкі – 2004”. Вакальна–харэаграфічная кампазіцыя прагучала як шчырая хвала хлебу, багатаму ўраджаю і руплівым рукам хлебаробаў.

У 1987 г. Яўген Петрашэвіч стварае дзіцячы фальклорны калектыў, які ў далейшым становіцца вядомым узорным ансамблем “Гарадзенскія дударыкі”. Апавядае сам кіраўнік:

– Гэта было вяртанне ў дзяцінства, калі хочаце. У 1980 годзе я ўзяўся кіраваць аркестрам народных інструментаў у абласным Доме піянераў. І тут адчуў, што нібы праз павелічальнае шкло бачыцца маё дзяцінства, чуецца адзвон старых найгрышаў. Учапіўся, як за выратавальны круг. Зразумеў, што можна стварыць асобую фальклорную групу і адрадзіць дух народных святкаванняў, напрыклад, Каляд, Купалля, маючы “казу”, зорку, папараць– кветку. Пачаў вызначаць тых, хто мог пачуць і перадаць вясковы характар твора. Неяк правялі рэпетыцыю, і я пераканаўся, што не прагадаю. Малодшыя апякуюцца старэйшымі. Кожны мае сваю канкрэтную дзялку, як ролю ў гульні. Калісьці мая бабка Фядора не прымушала мяне сілком займацца спевамі і гармонікам, а наладжвала цэлыя спектаклі – цікава было!

У той час у мяне была групка здольных дзяцей, з якімі мы спрабавалі рабіць фальклорныя кампазіцыі – з дудачкамі, скрыпачкамі, цымбалікамі. З цягам часу гэтая групка вырасла ў мастойны ансамбль, у склад рэпертуару якога ўваходзілі песні, танцы, найгрышы, каляндарна–абрадавага цыклу. Рэпертуар складаў некалькі блокаў: калядкі, вяснянкі, купальскія песні, патрыятычны і забаўляльны блок, а таксама “інтэрнацыянальныя” песні (гэта калі мы едзем у якую краіну, то абавязкова спяваем там песню гэтай краіны), а таксама песні ўсіх нашых суседзяў.

“Гарадзенскія дударыкі” – гэта не проста ансамбль, а цэлая з’ява, якая яшчэ патрабуе свайго вывучэння. Калі ўважліва прыглядзецца, то можна зразумець, што гэта сапраўдная творчая лабараторыя, у якой спалучаліся шматрганныя віды дзейнаці.

У першую чаргу ўражвала тэатральнае дзеянне: вялікая колькасць розных фальклорных інструментаў (дудкі, жалейкі, акарына, гармонікі, цымбалы, свістулькі, берасцянкі, рог, лыжкі, скрыпкі, розныя ўдарныя і інш.), усе спяваюць, прытанцоўваюць ды прыгаворваюць. На выступленнях у Францыі ўся прэса так і адзначала: “Ансамбль – тэатр!”

Неабходна падкрэсліць, што да адпаведнага высокага выніку ў першую чаргу прывяла мэтанакіраваная музычна–педагагічная і выхаваўчая работа Яўгена Канстанцінавіча Петрашэвіча. У розны час ансамбль налічваў ад 15 да 20 чалавек, прычым большасць з іх былі хлапчукі, якія ўсе адначасова хацелі іграць на баяне або акардэоне. Трэба было мець вялікую педагагічную “хітрасць”, каб зацікавіць дзіця якімсьці іншым інстументам. Па словах самога Яўгена Канстанцінавіча, яму дапамагаў “прынцып адзінства”: спачатку навучыся сам, потым вучы дзіця.

Вызначаўся, акрамя галоўнага, дадатковы інструмент, які з цягам часу ператвараўся для канкрэтнага дзіцяці (ужо артыста) у галоўны. У працэсе станаўлення галоўнай формай вучэбных заняткаў была індывідуальная, і толькі ў нядзелю ўвесь склад збіраўся разам. Усе “артысты” звычайна музычнай падрыхтоўкі не мелі, нот не ведалі, і таму ўсё развучвалася па слыху. Бацькі, якія прыводзілі сваіх дзяцей, звычайна прысутнічалі на занятках. Гэта дапамагала “выбіць іскру зацікаўленасці”, падкрэсліць заадрасаванасць выканання слухачу і стварыць кантакт з ім. Той, хто прыйшоў першы раз, адразу ўключаўся ў творчы працэс, – яму давалі які–небудзь ударны інструмент: “Калі ты ўмееш на ім іграць, ты ўжо сапраўдны музыкант”.

Першы прынцып – заняткі без адзнакаў, другі прынцып – калі маленькі чалавек прыйшоў у ансамбль, значыць гэта яму патрэбна і цікава, трэці – ніколі не скардзіцца бацькам на іх дзіця, чацвёрты прынцып – падабраць ключык да кожнага, пяты, шосты… – такіх прынцыпаў шмат у Яўгена Канстанцінавіча, як у сапраўднай творчай асобы. А галоўнае, што з дапамогай такіх прынцыпаў і стварылася сапраўдная жывая справа. Усё гэта спрыяла паспяховым канцэртным выступленням.

Яўген Канстанцінавіч успамінае прыклады:

– Адзін хлопчык быў вельмі скованы , саромеўся сцэны. Аднойчы я яму кажу: “А ты вылезь з будкі і кажы “Гаў!”. Ён засмяяўся і з таго часу стаў адважнейшы.”

– Хлопчык Саша баяўся цемнаты. Я яму прапанавў такую гульню: заходзім у залу, я выключаю святло і лічу да пяці, а потым да дзесяці і г.д. Пасля ўключэння святла хлопчык узрадавана сказаў, што больш не баіцца цемнаты.”

– Косця вельмі баяўся сцэны і ўсяго новага. Я думаў, як яму дапамагчы, і прыдумаў вершык–замову, пасля якога ён развесяліўся і стаў смялейшы.

Страх са страху ўпаў з даху,

Зачапіўся на суку і нарабіў граху.

Людзі сталі збірацца, са страху смяяцца,

А Косцік перастаў баяцца.

– Скрыпач Саша іграе на скрыпцы з прывязанай увагай да грыфа. Кажу: “Я перарэзваю нітку, што цябе прывязвае да грыфа, і старайся “бачыць вушамі”. Пасылай гукі ўдалечыню, укладзі ўвагу як стралок у дзясятку, пастаў пячатку “на канверце” тваёй музыкі, заадрасуй!”

– Калі ў дзіцяці не атрымлівалася іграць ці спяваць, а прычынай была адсутнасць увагі, я пытаўся: “Для каго ты гэта робіш: для цвіка ці для мамы? У іншых выпадках задаваў пытанне: “Чаму ты, калі адсылаеш ліст у канверце, адрас не падпісваеш?” І дзеці вельмі добра разумелі, што ад іх патрабуецца.

– Адзін хлопчык быў вельмі руплівы, але стараннасць яму часамі шкодзіла. Аднойчы звятраюся да яго: “Ты ж зараз не стараешся хадзіць, дык і ў справе старайся не старацца, а выбірай галоўнае, старайся не старацца”. – “А як гэта разумець?” – “Ты быў малы, поўзаў, стараўся хадіць, а цяпер стараешся?” – “Не”.

Аднойчы на рэпетыцыі па сцэнарыю патрабавалася беларуская мова, але хлопчык у ролі вядучага гаварыў па–руску. Тады Яўген Канстанцінавіч пачаў перакладваць яго словы на беларускую мову. Пасля некалькіх сказаў хлопчык сказаў: “Далей я сам буду.”

Са слоў самаго Яўгена Петрашэвіча:

– Мне добра памагала мая родная сястра Ірына Канстанцінаўна, яна і выступала са мной і з дударыкамі на сцэне. Людзі пыталіся, ці гэта ўсе нашыя дзеці, бо мы не ставіліся ў позу настаўнікаў, а ўсе былі сябрамі. Мяне дзеці называлі дзядзька Яўген.

Такіх прыкладаў нетрадыцыйнага выхаваўча–педагагічнага працэсу існуе вялікая колькасць, і немагчыма іх усе пералічыць,бо гэта ёсць жывая сістэма, шматграннае Цэлае, у аснове якога існуе атмасфера творчасці. Гэтую атмасферу ў першую чаргу стварае сам кіраўнік, бо ён выступае ў ролі кампазітара і аранжыроўшчыка, хормайстра і  дырыжора, канцэртмайстра і акампаніатара, а таксама ў ролі паэта і мастака, сцэнарыста і рэжысёра, мадэльера і балетмайстра. Акрамя ўсяго, “дзядзька Яўген” яшчэ і майстар па стварэнню музычных інструментаў, і іх настройшчык, арганізатар канцэртаў і адказны “экскурсавод”. Паездкі з дзецьмі – гэта не толькі задавальненне, але і вялікая адказнасць. А аб’ехалі даволі шмат: акрамя самой Беларусі былі Літва, Польшча, Францыя, Швецыя і Нарвегія. Усе гэтыя паездкі былі плённымі і карыснымі, праходзілі ў дружалюбнай атмасферы і без выпадкаў. І адбывалася гэта дзякуючы Яўгену Канстанцінавічу Петрашэвічу як таленавітаму педагогу і выхавацелю.

За сваю плённую творчую працу ён узнагароджаны шматлікімі Ганаровымі граматамі, значком “Выдатнік адукацыі”. Яго шчыра любяць людзі, якія цэняць талент. У Яўгена Петрашэвіча зайздросны чалавечы і творчы лёс. Ён жыве з поўнай аддачай сіл, таму і выглядае молада і прыгожа, са шчырай усмешкай на твары.

І сёння Яўген Петрашэвіч актыўны ўдзельнік творчага жыцця горада. Ён з’яўляецца членам Савета гарадскога аб’яднання “Лад” і прымае актыўны ўдзел у ветэранскім хоры “Сузор’е”, заўжды адзываецца на запрашэнні для ўдзелу ў вечарынах і прэзентацыях музыкантаў, паэтаў, пісьменнікаў і мастакоў.

Шчырую сыноўнюю любоў да Беларусі пранікнённа перадае Яўген Петрашэвіч у прасякнутых лірычнай сілай паэтычных радках:

Мой родны край,

Апеты салаўямі,

Прымі паклон,

Што стрэў мяне як сына.

Мне ўнавіну з табою

Кожнае спатканне,

Пражытая з табою

Кожная хвіліна.

Няхай жа і далей нясе нам асалоду дакранання да мастацтва таленавіты самародак Гродзенскай зямлі Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч!

 


Пажаданні і падзякі

 

Аўтар нарысу выказвае вялікую падзяку Яўгену Канстанцінавічу Петрашэвічу за шчаслівыя імгненні духоўных узаемін, за цікавыя сустрэчы і дазвол расказаць пра сваё захапленне гэтым неардынарным чалавекам.

Акрамя таго, аўтар удзячны Анатолію Іванавічу Куніцкаму, які пагадзіўся прыняць шчыры ўдзел у падрыхтоўцы гэтай работы і выканаў літаратурную рэдакцыю тэкста і яго пераклад на беларускую мову.

 

ДАДАК

 

  1. “Гуканне Вясны” 1993 год. Гродна
  2. “Гарадзенскія дударыкі” 2001 год
  3. Кракаў 1992. Вавель. На месячніку Еўрапейскай культуры
  4. Семятыцкія дні культуры. Польшча
  5. На фестывалі “Аркестрына” г. Брыв. Францыя. 1995 год
  6. Нарвегія. 2001 год