Устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 714 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

84.4%UNITED STATES UNITED STATES
7.4%BELARUS BELARUS
1.8%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.1%KUWAIT KUWAIT
0.4%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Азначнік матэрыялу
Устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”
Старонка 2
Усе старонкі

Устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”

Ад аўтара

Распачынаючы ўспаміны пра Ўстаноўчы з’езд БНФ “Адраджэньне”, мне хацелася пасля яго правядзення, калі я па свежым уражанням распавядаў у БДУ і на кафедры філфака аб ім.

Расказы былі мабыць цікавыя і загадчык кафедры Алег Антонавіч Лойка прапанаваў мне выступіць на кафедры і параіў напісаць нататкі для друку.

Але ні выступленняў, ні запісаў я не зрабіў па прычынах ад мяне не залежных. Мае нататкі не ўзяла б ніводная газета ці часопіс. У нашай прэсе ў той жа час разгарнулася лютая атака супраць з’езду БНФ. А тыя ліберальныя газеты “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена” павінны былі шукаць іншыя сродкі, каб данесці да сваіх чытачоў голас праўды аб устаноўчым з’езде БНФ.

І вось цяпер, калі я знаходжуся са студэнтамі 2-га курса філфака БДУ на сельскагаспадарчых работах па ўборцы бульбы ў калгасе “Воля” (“Свабода”) Круглянскага раёну Магілёўскай вобласці, у мяне з’явіўся вольны час.

Пачатак

Пачну свае ўспаміны з таго моманту, што прыкладна за месяц сярод актывістаў БНФ пачалі актыўна мусіравацца чуткі аб падрыхтоўцы ўстаноўчага з’езду БНФ, Але ніхто дакладна не ведаў, калі ён адбудзецца і дзе. Спачатку казалі, што з’езд можа адбыцца ў Маскве. Маўляў, маскоўская група дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР прапанавала свае паслугі ў правядзенні з’езда. Потым гаварылі пра Вільню і дапамогу літоўскага “Саюдзіса”. Дата з’езда намецілася прыкладна за два тыдні да 24 чэрвеня, хаця я памятаю, што першапачаткова вялася размова аб майскіх днях. Але ўсе актывісты разумелі, што ў Менску не ўдасца правесці з’езд. Беларуская “Вандэя” не дапусціць. Аргкамітэт вёў актыўна перамовы, шукаў магчымасць памеркавацца з прадстаўнікамі камандна-адміністратыўнай сістэмы рэспублікі. Усе мы былі ў курсе гэтых перамоваў, але з кожным днём набліжэнне ўстаноўленага тэрміну добра адчувалі марнасць намаганняў аргкамітэту. І вось урэшце за некалькі дзён было абвешчана аб канчатковай даце і месцы з’езда. Чаму гэта нас так хвалявала?

Па-першае, неакрэсленасць заўсёды стварае залішнюю заклапочанасць аб бытавых умовах (асабліва ў чужым горадзе): па-другое, аргкамітэт не мог перад гэтым вызначыць квоту прадстаўніцтва ад груп падтрымкі. Жадаючых жа паехаць было зашмат. Кожны адчуваў гістарычнасць падзеі Ўстаноўчага з’езду БНФ і жадаў прысутнічаць на ім.

Маё становішча да самага апошняга моманту таксама было не ясным. Клуб “Спадчына” адным з першых падаў заяву аб стварэнні групы падтрымкі БНФ у той жа дзень, калі стварыўся БНФ, адбылося паседжанне клуба. На ім мы ўхвалілі стварэнне БНФ, прынялі пастанову аб яго падтрымцы, падрыхтавалі сваю праграму, якую пасля накіравалі ў Аргкамітэт БНФ. Клуб “Спадчына”, а гэта 60 чалавек, (ў бібліятэцы імя Янкі Купалы выступілі прафесар І. А. Юхо і Мікола Ермаловіч з паведамленнем “Да пытання аб дзяржаўнасці на Беларусі”), абвясціў аб сваёй падтрымцы і прыхільнасці да БНФ. І вось цяпер аргкамітэт не мог вырашыць пытанняў некалькіх мандатаў для клуба “Спадчына” на ўстаноўчы з’езд. У самы апошні момант на філфак БДУ прыехаў Міхась Ткачоў і Мікола Купава. Міхась Ткачоў паведаміў мне, што менавіта на ўчарашнім паседжанні аргкамітэта зацвярджаліся кандыдатуры дэлегатам ад Мінска на з’езд. Ад Партызанскай Рады, куды ўваходзіў клуб “Спадчына” (тэрытарыяльны прынцып аб’яднання груп падтрымкі) была вылучана мая кандыдатура. Але пасля я даведаўся ад Генадзя Тумаша, які вёў гэтыя спісы, што я пакуль зацверджаны як кандыдат. Гэта значыць, што мой статус пакуль яшчэ не акрэслены. Я маю права ўдзелу ў з’езде, але з правам голасу яшчэ не ясна. Хоць гэтая акалічнасць у нейкім сэнсе прыніжала маё становішча, я ўсё ж застаўся задаволеным, пасля столькіх дзён неакрэсленасці. Г. Тумаш  папярэдзіў, што на ўстаноўчым з’ездзе БНФ, напэўна, будзе прынятае рашэнне аб пераводзе кандыдатаў у паўнамоцных дэлегатаў. Усё залежала ад забяспечанасці жыллём, бо многім гасцям з’езда і кандыдатам на нейкі час на гарантавалася жыллё, яго трэба было шукаць самому. Забягаючы наперад хачу сказаць, што гэтае пытанне ў часы з’езда ў Вільні вырашалася вельмі станоўча. Усе дэлегаты і госці былі забяспечаны адмысловым жыллём. Усе засталіся задаволеныя, ні ад каго я не чуў скаргаў на гэты конт. А пакуль, пасля такога папярэджання. Я заразу патэлефанаваў у Вільню Аляксею Анішчыку, з якім пазнаёміўся 20 сакавіка 1989 года ў Вільні, калі ўшаноўваліся 125-я ўгодкі з дня пакарання Кастуся Каліноўскага, якія праводзіў Віленскі беларускі клуб “Сябрына”. Анішчык даў згоду прыняць мяне на жытло, але папрасіў, каб праз дзенья я патэлефанаваў яшчэ раз з мэтай удакладнення. Бо нехта яшчэ да яго пасяліцца.

Сустрэліся мы з беларускім мастаком Яўгенам Куліком, ён прасіў мяне фотаздымкі падзей 30 кастрычніка 1988 года, а такса, для падстрахоўкі фотаплёнкі (у вой час у мяне засталіся 4 фотаплёнкі з гэтай падзеяй). На пярэдадні з’езда я сустрэўся з Я. Куліком на Галоўпаштамце, перадаў фотаздымкі і фотаплёнкі. Фотаздымкі ён не выкарыстаў і прысвоіў, а фотаплёнкі былі перададзены фатографу Вячаславу Дубінку, дзякуючы ім ён зрабіў адмысловыя вялізныя фотаздымкі, якія былі вывешаны на стэндах Палаца прафсаюзаў у Вільні і ўсе дэлегаты і госці ўстаноўчага з’езду змаглі бачыць фоталетапіс падзей 30 кастрычніка 1988 года, “Так званыя “Дзяды” , іх разгон і разгул беларускай “Вандэі”.

Я хацеў выступіць на з’ездзе, маўляў, падрыхтаваў даклад. Але Я. Кулік і другія заявілі, што гэта немагчыма, бо праграма настолькі перагружана, што прыйдзецца нават па ходу з’езда скарачаць ужо намечаныя выступы і мерапрыемствы. Ведаючы мой няўрымслівы характар, Я. Кулік раіў мне стрымацца, маўляў, што і ён не будзе браць слова. Я паабяцаў яму, што, таксама, калі гэта патрэбна на карысць з’езда, не буду браць слова і не буду перашкаджаць хадзе з’езда, не злоўжываць сваёй красамоўнасцю. Хачу сказаць, што добрасумленна выконваў сваё абяцанне, не аднімаў у з’езда сапраўды такі дарагі час і па-сапраўднаму абураўся, калі нехта з дэлегатаў злоўжываў магчымасцю пакрасавацца каля свабоднага мікрафона ці на трыбуне (а такіх было зашмат).

Вечарам за дзень да адкрыцця з’езда я набыў у Алеся Емельянава білет на цягнік “Чайка” у Вільню. Крыху раней атрымаў запрашальны білет дэлегата з’езда. Адным словам, усё было гатова, заставалася толькі на працы ўладкаваць пытанне аб субоце. Справа ў тым, што ў гэты час я прысутнічаў на ГЭКу і 24 чэрвеня трэба было быць на апошнім экзамене. Я дамовіўся са старшынём ГЭКа Ў. В. Гніламёдавым. Ён даў згоду. Дамовіўся з выкладчыкамі, якія далі згоду папрацаваць за мяне.  Але намеснік дэкана БДУ Пілчанка дачуўся пра маю паездку ў Вільню і тут жа запатрабаваў каб 24 чэрвеня я асабіста прысутнічаў на экзаменах.

Мае довады, што ў мяне ёсць ужо білет і за мяне будуць працаваць другія выкладчыкі не браліся ім у разлік. Тады я катэгарычна заявіў, што ўсё роўна я паеду ў Вільню, якія б спагнанні ён на мяне не наклаў.

24 чэрвеня я прачнуўся вельмі рана. Усё было ўжо сабрана і я паспяшаўся да трамвая. З першым трамваем ад трамвайнага дэпо я паехаў на чыгуначны вакзал. 17 пуць, 6 гадзін і 20 хвілін раніцы - паўсюль знаёмыя твары, гучыць беларуская мова. Настрой прыўзняты. У апошнім вагоне шмат знаёмых. Вядуцца ажыўлёныя гутаркі, пачынаюцца знаёмствы. Сярод знаёмых мне запомніліся пісьменнікі Вольга Іпатава і Павел Марціновіч, які знаёміць мяне са баптысцкім святаром з Асіповічаў, Віталем Скалабанам з БелСЭ, Трыгубовіч і Валянцін Вайтовіч з “Мастацтва Беларусі”, Вінцуком Вячоркам. У Маладзечна да нас падселі Мікола Ермаловіч і Генадзь Каханоўскі. Ехала ў цягніку і дачка Васіля Пятровіча Шаранговіча. Наташу я пазнаёміў з яе будучым начальнікам па часопісу “Спадчына” Вольгай Іпатавай.

Ажыўленне на скончылася да самой Вільні. У Вільні на станцыі высыпала мора беларусаў. Залуналі нашы бел-чырвона-белыя сцягі, лозунгі. Беларусы пачалі гуртавацца ў калону. Але мне не прышлося прымаць тут удзел. Я хуценька сеў у аўтобус і паспяшаў да Анішчыка, які ўжо чакаў мяне. Папілі гарбаты, я пераапрануўся, адзеў нацыянальную вышываную кашулю, прэзентаваў гаспадару ўзятую з сабой літаратуру: “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі”, “Францішак Скарына і яго час”, а таксама экслібрысы і візіткі БНФ “Адраджэньне”. Набраў усё гэта для знаёмых дэлегатаў і мы паехалі ў Палац прафсаюзаў на Ўстаноўчы з’езд БНФ. Мой гаспадар вёз на з’езд вялікі букет васількоў (“Букет Радзімы”, як тут не нагадаць словы нашага славутага Максіма Багдановіча).

У зале, дзе ідзе рэгістрацыя дэлегатаў, настолькі шмат знаёмых, што проста не верыцца, што ты ў Вільні. Усе ўзбуджаныя, радасныя, віншуюць адзін аднаго з урачыстым святам. Ад занадта вялікай радасці і ўзбуджанасці не раз падступаў ком да горла, а ў некаторых нават блішчаць вочы.І гэтая радасць непадробная. Тыя, каму па-сапраўднаму прышлося перанесці шмат барацьбы і пакут жза беларускасць, за сацыяльную справядлівасць, за праўду, тыя. Хто стаяў у першых шэрагах за Адраджэнне Беларусі і за БНФ, той перажываў у гэты час самыя шчаслівыя хвіліны, самыя радасныя і хвалюючыя пачуцці клаліся ў яго сэрцы, западалі ў яго душу.

У каго былі фотаапараты - фатаграфавалі дэлегатаў і гасцей. Было шмат прадстаўнікоў прэсы. Я раздаваў сваім знаёмым візіткі БНФ і клуба “Спадчына” з гербам “Пагоня” і бел-чырвона-белай паласой. Дэлегаты разглядалі мастацкую выставу, якую наладзілі маладыя мастакі. Уражвала смеласць твораў, іх палітычная завостранасць, мастацкасць, асабліва радавала карыкатура. Такое багацце, сабранае ў адной зале, мы бачылі ўпершыню. Уражваў фоталетапіс нашай барацьбы Вячаслава Дубінкі, які папрацаваў на славу.

Радасна мне было і ад таго, што тут я адчуваў і свой невялічкі ўдзел. Усё ж мае 4 фотаплёнкі са здымкамі падзей 30 кастрычніка 1988 года красамоўна адлюстроўвалі, як непахісную волю нашага беларускага народа на змаганне, так і жаданне беларускай “Вандэі” падавіць яе, запалохаць народ, нават, раздавіць яго. І таму кожны, хто прагледзіў гэтыя стэнды, адчуваў, што ўся барацьба яшчэ наперадзе.

Сярод удзельнікаў з’езда было шмат з клуба спадчына. Напрыклад, Яўген гучок, Тамара Новікава, Ганна Вашчанка, Галіна Казлова і іншыя. Свае мандаты яны атрымалі за ўзел у другіх групах падтрымкі і ў раённых радах па месцу жыхарства і працы.

І мне радасна было, што клуб “Спадчына” быў так магутна прадстаўлены на з’ездзе, хаця афіцыйна дадзены яму адзін мандат.

Вельмі магутна быў прадстаўлены на з’ездзе Саюз пісьменнікаў і Саюз мастакоў. Усе хто прымаў удзел у афармленні выстаўкі і з’езда сталі аўтаматычна дэлегатамі, нават Алесь Шатэрнік, які на сваёй машыне прывозіў экспанаты, стаў дэлегатам з’езда. Адным, каб даказаць сваё права на ўдзел у з’ездзе, патрэбна пастаянная, мэтанакіраваная барацьба, якая адбірала шмат часу і энергіі, патрабавала вялікіх высілкаў, другім – дастаткова было прыняць толькі раз удзел і тое ў самым пачэсным, каб атрымаць мандат.

Каста прывілеяваных у нашым руху была “заснавана” Зянонам Пазьняком з самага пачатку. Мастакі сталі яго асабістай гвардыяй, якой ён умела карыстаўся. У большасці гэта людзі малагаваркія, ідэалагічна “падкаваныя” слаба, зусім не ведаюць тэорыі і гісторыі рэвалюцыйнай барацьбы, як на Беларусі, так і ў Расіі, але занадта напорыстыя і даволі ваяўнічыя, без маральных тармазоў, калі патрабуе “рэвалюцыйная неабходнасць”, гатовыя выконваць любы загад, пастаўлены сваім босам, нават, калі гэты загад поўнасцю разыходзіцца з іх прынцыпамі, якія яны калісьці засвоілі, ці з іх жыццёвымі перакананнямі аб сяброўстве, таварыстве, павазе да блізкі і старэйшых.

Але бачыць Бог, я не крыўдую, я проста разважаю!

І вось зрэшты гучыць магутная музыка. Гэта Ўладзімір Пузыня сваёй сурмой склікае дэлегатаў на Ўстаноўчы з’езд БНФ. Усе спяшаюцца ў залу.

Галіна Казлова дала мне свой білет, маё месца ў зале ў цэнтры на праходзе. Гэта вельмі зручна. На сцэну паднімаюцца юнакі і дзяўчаты за ансамбля “Дзянніца” і спяваюць “Не загіне край наш родны, покі будуць людзі.”

Затым выходзіць Зянон Пазьняк і абвяшчае аб адкрыцці Ўстаноўчага з’езду БНФ. Даволі сціплы прэзідыум з’езду: Зянон Пазьняк, Юры Хадыка, Вінцук Вячорка.

Уступнае слова прамаўляе Зянон Пазьняк. Я не спыняюся падрабязна на смесце яго выступлення. Яно надрукавана ў нашым самвыдавецкім друку. Па шчырасці, яно мне запомнілася фрагментарна. Я задаю сабе пытанне: чаму не ўсё? Чаму не пакінула яркага ўражання? Можа таму, што большую частку таго, што гаварыў Зянон Пазьняк я і сам добра ведаў і для мяне гэта было не адкрыццём, а паўтарэннем пройдзенага. А можа таму, што я і іншыя дэлегаты яшчэ знаходзіліся пад мацнейшым уражаннем ад перажытых сустрэч і ад такой ап’яняючай душу атмасферы свабоды і раскаванасці, якую мы толькі маглі адчуць тут, у вільні, у Палацы прафсаюзаў на нашым устаноўчым з’ездзе.

Калі каля цябе нямала ні стукача, ні партапаратчыка, а паблізу не мазоліць вочы чырвоны аколыш савецкага паліцыянта і калі ты адчуваеш, што вакол цябе толькі твае блізкія, сябры, аднадумцы, прыхільнікі.

Упершыню я перажыў гэтыя пачуцці волі 20 сакавіка ў Вільні на ўшанаванні памяці Кастуся Каліноўскага. Такія ж глыбокія пачуцці радасці і раскаванасці ад волі я адчуў і цяпер. Гэтыя пачуцці асаблівыя, хто іх хоць раз адчуў, той ніколі не пераблытае іх з другімі. Яны больш тонкія, не адразу ты прасякаешся імі, але каля яны цябе напаткалі, то і трымаюць цябе больш працягла, чым, напрыклад, самае высокае пачуцце радасці ад сустрэчы, якая можа хутка і прайсці.

Спачатку, чалавек прызвычаіўшыся да пастаяннай забаронай і паліцыянтскіх уздзеянняў, апынуўшыся ў сапраўдным вольным асяроддзі  здзіўляецца нязвыклымі абставінамі, нават адчувае сябе трошкі няёмка, бо не чуе звычайнага рабскага вокрыку, як вонкавага, так і ўнутранага. Але спакваля ён прыглядаецца – няма назіральнікаў над табой, усе трымаюцца даволі раскавана і самае галоўнае -- натуральна. Ты таксама пачынаеш павозіць сябе раскавана і самае галоўнае натуральна, як таго хоча твая чалавечая істота, твая душа. І гэта раскаванасць, гэтая свабода паводзін міжволі адбіваецца на тваім духоўным стане, выклікае адпаведную гаму пачуццяў, якія поўнасцю захапляюць цябе.

Вось адкуль прыходзіць поўнае ап’яненне ад волі, гэтая эйфарыя свабоды. Я спадзяюся, што не толькі я, але і шмат другіх дэлегатаў і гасцей з’езда адчулі гэтую вялікую радасці волі, гэтае шчасце свабоды, знаходзіліся ў стане эйфарыі.

Мне больш запомнілася выступленне Юрася Хадыкі. Яно ўразіла мяне сваёй шчырасцю і смелым заклікам вяртання нашай веры (калі я правільна зразумеў Юрася Хадыку). Гэта я таксама чытаў у яго перадвыбарчай платформе і знаў, што за гэта на яго накінуліся яго “крытыкі”, строгія прыхільнікі бульдозернага атэізму. Але прамова яго была шчырай. Адзінае, ці прымае ў душы ён так Бога, як аб гэтым кажа? Я падзяляю яго думку поўнасцю, але я не магу заклікаць да гэтага другіх, бо са застаюся не веруючым. Я хацеў бы верыць, але  усё ж не магу. І таму я не маю аніякага права заклікаць другіх да таго, у што сам не веру. Хаця перакананы розумам, што вяртанне да сапраўднай уніяцкай царквы прынесла б больш здабыткаў нашаму народу, чым канфесійны раскол, які разрывае жывое цела беларускага народа, дзеліць яго і па сённяшні дзень на дзве веры, а па сутнасці на палякаў і рускіх.

Моцнае ўражанне пакідалі прывітанні прадстаўнікоў народных франтоў Літвы, Латвіі, Эстоніі. У гэты час я адчуваў сапраўдную інтэрнацыянальную еднасць з другімі народамі ў агульнай барацьбе супраць адзінага ворага – адмістратыўна-камуністычнай сістэмы, а дакладней. Супраць партыйна-савецкага бюракратызму, супраць яго “жалезнай хваткі” маскоўскага кіраўніцтва і ды мясцовага, рэспубліканскага таксам., бо рэспубліканскае кіраўніцтва толькі паслухмяны выканаўца волі і ўсіх жаданняў маскоўскага кіраўніцтва і знаходзіцца на кароткім ланцугу. А сабака добра адчувае волю свайго гаспадара, а таму рыкае і грызе нават без папярэдняга цкавання, кіруючыся адпаведнымі тонкімі біяпалямі, як спрактыкаваны экстрасэнс.

Да абеда першага дня Ўстаноўчага з’езда БНФ было зашмат выступленняў, прывітанняў, чыткі тэлеграм. Я памятаю, што да 12 гадзіны прыехаў Станіслаў Шушкевіч, здаецца, што і выступіў ён адразу пры ўездзе. Выступленне цікавае, але яго я ўжо некалькі разоў слухаў.

З дэпутатаў вярхоўнага савета СССР выступаў Габрусеў. Я яго слухаў упершыню і яго выступленне запала мне ў душу сваёй смеласцю, рашучасцю весці барацьбу за бюракратычнай адміністрацыйна-каманднай сістэмай. Хачу адзначыць яшчэ выступленне былога дырэктара АН БССР па атамнай энергетыцы Нікіцкага, які а свае перакананні быў пазбаўлены пасады дырэктара.

У час перапынку паміж дэлегатамі наконт яго выступлення разгарнуліся спрэчкі, адныя адносіліся з доляй недаверу да Нікіцкага, але калі даведаліся, што чалавек пацярпеў за свае прынцыповыя пазіцыі, за тое, што раскрываў сапраўдныя памеры бяды ад аварыі на Чарнобыльскай АС, то ўсе пранікліся да го павагай.

У тую ж суботу (2.IX. 89 г.) у “Комсомольской правде” быў надрукаваны артыкул “Фон” пра чарнобыльскую бяду на Беларусі. У ім было прыведзена шмат думак самога Нікіцкага і пра яго былі сказаны добрыя словы, але ні слова пра тое, што гэты чалавек пацярпеў за свае перакананні.

Перад абедам выступіў старшыня мандатнай камісіі Ўстаноўчага з’езда БНФ. Менавіта ён прапанаваў кандыдатаў у дэлегаты з’езда лічыць паўнапраўнымі дэлегатамі з адпаведным статусам. Трэба заўважыць, што калі выдавалі запрашальныя білеты, то выпісвалі іх як на паўнамоцнага дэлегата, пры рэгістрацыі ў Вільні ў Палацы прафсаюзаў, хаця ў спісках ад Партызанскай рады я лічыўся кандыдатам. Мне выдалі білет –пропуск з літарай “Д” – дэпутата. Былі літары “Г”—госць, “П”—прэса, былі асобныя білеты для дружыннікаў, якія сачылі за парадкам у палацы прафсаюзаў. Тады навошта, на маю думку, спатрэбілася аргкамітэту першапачаткова такі ўводзіць інстытут “кандыдатаў”, наўрад ці толькі спасылкай на недастатковую забяспечанасць жыллём? Тут павінны быць і іншыя падспудныя спружыны механізма фарміравання кіруючых колаў БНФ.

У першы дзень абвясцілі, што на з’езд прыбыло звыш 340 дэлегатаў ці 360, на другі дзень – звыш 400 і перад галасаваннем паведамілі, што іх ужо 430. Такая недакладнасць з колькасцю дэлегатаў выклікала ў некаторых дэлегатаў патрэбу зрабіць запыт да старшыні мандатнай камісіі. Тлумачэнне было дадзена, што не ўсе дэлегаты смаглі прыехаць у першы дзень. Гэта так, але чаму на другі дзень колькасць дэлегатаў рознілася на 40 чалавек?

На абед мы атрымалі пры рэгістрацыі талоны. Усе дэлегаты былі размеркаваны ў два рэстараны. Я трапіў у “Палангу”. Калі мы туды сабраліся ісці (а нас вёў беларус з віленскай “сябрыны”) быў яшчэ ясны дзень, але раптоўна пачалі згушчацца хмары і пры самым падыходзе да “Палангі” паліўся моцны дождж...

Абед, аплачаны аргкамітэтам БНФ,быў на тры рублі – смачны, сытны. Пасля абеду зноў пачаліся выступленні. З Баруноў у час абеду прыехаў на машыне ксёндз Ян Матусевіч. Неўзабаве ён атрымаў слова. Цікавая прапанова аб беларускасці набажэнства, аб беларускіх паэтах-ксяндзах, чытка вершаў і асабліва баек выклікала жывы водгук у зале. Але гэткія прамовы я слухаў на пасяджэннях клуба “Спадчына”.

У пасляабедзенных пасяджэннях першага дня самым цікавым выступленнем была прамова віцэ-прэзідэнта асацыяцыі савецкіх сацыёлагаў Ракіцкага. Гэта было сапраўды высокапрафесійнае, філасофскі абгрунтаванае смелае выступленне. Па смеласці і глыбіні філасофскай абгрунтаванасці да Ракіцкага не паднімаўся ніхто з кіраўнікоў БНФ. Зала неаднаразова ўзрывалася апладысментамі. Калі прамоўца ў заключэнні выгукнуў па-беларуску “Жыве Беларусь!” тысяча галасоў выбухнула: “Жыве!” і Палац прафсаюзаў ускалыхнуўся ў моцных і працяглых авацыях.

На адным з пасляабедзенных пасяджэнняў абвясцілі аб стварэнні рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы Статута БНФ “Адраджэньне”.Праект Статута БНФ, праект Праграмы руху БНФ, а таксама альтэрнатыўны праект “Закона аб мове” і выбараў у Вярхоўны Савет БССР раздаваліся дэлегатам з’езда пры рэгістрацыі, за выключэннем праекта “Закона аб мове”. У многіх дэлегатаў выклікалі законныя нараканні Статут БНФ. Па-праўдзе кажучы, глыбокага вывучэння гэтага статуту нельга было зрабіць за такі сціслы адрэзак часу. Але нават беглае прачытанне Статута БНФ сведчыла аб тым, што зроблены ён па вобразу і падабенству Статута КПСС, да якога большасць дэлегатаў адносіліся рэзка адмоўна. Цэнтралізм усім астачарцеў, ён падаўляў усю жывую думку і дзейнасць, ён быў косткай у горле жывому дэмакратычнаму руху, ён узаконьваў нязменнасць і недатыкальнасць кіраўніцтва, а гэта значыць міжволі ствараў усялякую адсутнасць крытыкі ўнутны любой структуры, тым самым дапамагай стварэнню ўсялякіх культаў і кульцікаў, нават у структуры ўзнікаючых рэвалюцыйных па духу арганізацый, якія абвяшчалі сябе шчырымі прыхільнікамі дэмакратыі, галоснасці, талерантнасці...

Вось чаму за месца ў рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы праекта Статуту БНФ адразу разгарнулася барацьба. Многія хацелі прыняць удзел у стварэння сапраўднага дэмакратычнага Статута БНФ. Урэшце камісія была створана і пайшла абмяркоўваць гэты дакумент. Я мала запомніў імёнаў, якія вылучыліся ў гэтую камісію. Але прозвішча Бурака, Кандрацьева называліся даволі часта, ды і яны неаднаразова бралі слова.

Было абвешчана, што ў 6 гадзін у касцёле Святога Міколы адбудзецца набажэнства на беларускай мове спецыяльна для дэлегатаў з’езда. Набажэнства будзе весці літоўскі святар, які добра валодае беларускай мовай.

Са святаром а. Янам Матусевічам мы селі ў машыну, якую ён арандаваў і паехалі па крывым вулачкам вільні да гэтага касцёла. Доўга адшуквалі адпаведны маршрут па якому можна даехаць туды на машыне. Але мы першымі прыехалі да касцёла, у якім ішла яшчэ служба для жыхароў Вільні. Я стаў калі помніка Вітаўту, які быў зроблены ў 30-х гадах і ўстаноўлены ў нішы касцёла з правага боку. Пачаў разглядаць яго, а таксама ўбранства касцёла, яго інтэр’р, які вылучаўся строгасцю. Тут не было вялікай раскошы, мала было абразоў і ляпніны, некалькі гарэльефаў і сціплая атрыбутыка элементаў “Сэрца Гасподняга”. А. Ян Матусевіч, зрабіўшы адпаведныя паклоны, набажэнствы, каленапрыкланенні падаўся да алтара, а затым пайшоў у бакавыя дзверы да свайго калегі.

Пасля заканчэння службы, у касцёл з харугвамі ўвайшлі дэлегаты Ўстаноўчага з’езда. Яны запоўнілі ўвесь касцёл, але да першых лаў. Я сеў на першую лаву, побач са мной быў пісьменнік Уладзімір Арлоў са сваёй жонкай.

Выйшаў літоўскі ксёндз, недзе каля дзвярэй знаходзіўся а. Ян. Матусевіч. Літоўскі ксёндз ціхім голасам папрасіў, каб удзельнікі набажэнства наблізіліся да алтара. Людзі запоўнілі ўсю прастору, якая была паміж драўлянай перагародкай каля алтара і першымі лавамі і такім чынам я апынуўся адгароджаным ад алтара шчыльнымі радамі ўдзельнікаў з’езду і беларускага набажэнства ў каталіцкім касцёле.

Я не ведаю, што аказвала на маю душу большы ўплыў – беларускае казанне святара, музыка, уся літургія, ці яднанне ўсіх, хто прысутнічаў на набажэнстве, але мне хацелася шчыра верыць, што Бог будзе літасцівым да беларусаў, ён даруе ім волю, збавіць іх ад чыноўнічага засілля. Як бы я многа аддаў бы, каб гэты цуд здзейсніўся і Бог дараваў усе мае пажаданні, бо я спадзяваўся, што гэта былі не толькі мае жаданні, гэта былі жаданні ўсіх, хто прыйшоў на гэтае незабыўнае набажэнства!

Я бачыў, як людзі, што маглі творыць малітву, моляцца, як становяцца на калені, як яны жагналіся. Побач стаяў на каленях Уладзімір Арлоў і яго жонка. Як я хацеў у гэты час верыць, але вера не запала ў гэты час у маё сэрца, не пранікла ў маю душу, халодны розум атэіста падаўляў яе. Мае вусны былі безудзельнымі, яны не маглі шаптаць малітву, бо не ведалі яе. Я проста прасіў Боа, калі ён ёсць, каб Ён зміласцівіўся на маім народам, дараваў яму шчасце, волю, вярнуў яму шчасце, волю, вярнуў яму мову, спадчыну, гістарычную памяць, даў культуру, пазбавіў бы яго чыноўнічай навалы.

Я ўспомніў радкі рэвалюцыянера і вялікага атэіста Г. В. Пляханава, які, цытуючы духоўны экстаз Льва Талстога, высакамерна заяўляў, што ў атэіста больш пераваг над веруючым.

Не, паважаны атэіст,бываюць моманты, што такіх пераваг няма, ды і ці могуць яны быць, калі душа прагне да веры, да здзяйснення цуду, да вялікай надзей, у рэшце да Бога, а халодны розум і атэістычны разлік яе не пускае да ўсяго гэтага. Як бы я хацеў духоўна зліцца з тымі сапраўды веруючымі аднадумцамі па Беларускаму народнаму фронту, але зноў жа мне гэтага не было дадзена з-за адсутнасці веры.

Пасля набажэнства я з Г. Сакаловым-Кубаем паехалі праз усю Вільню на Тураву гару, на якой стаіць Палац прафсаюзаў, дзе праходзіў наш з’езд. Геннадзь Сакалоў-Кубай – пастаянны сябра клуба “Спадчына”. Ён мне распавёў, што менавіта ён запрасіў Ракіцкага і дамовіўся на яго выступленне на Ўстаноўчым з’здзе. Ён прызнаўся, што гэта яго заслуга перад з’ездам. Я пагадзіўся, таму, што запрасіць такога выдатнага прамоўцу сапраўды поспех і гонар для з’езда. Дзесьці ў горадзе ладзілася свята Купалле, хацелася пабываць там, але патрабаванне ўнутранай дысцыпліны, а набліжаўся найбольш адказны момант, неабходна было прыняць статут БНФ з тымі папраўкамі, якія ўнесла рэдкалегія, прымушала нас ісці на паседжанне.

І вось пачынаецца вячэрняе пасяджэнне. На трыбуну паднімаецца старшыня камісіі і абвяшчае, што камісія не прыйшла да адзінай высновы па некаторым пунктам Статуту БНФ і магчымасцей пагаднення не прадбачыцца. Гэтая трывожная вестка ўспрынялася вельмі балюча, але яшчэ ёсць магчымасць знайсці кансенсус тут, паміж дэлегатамі.

Затым слова ўзяў Зянон Пазьняк. Ён шчыра гаварыў аб крызісным становішчы, у якім апынуўся з’езд БНФ. Калі не будзе дасягнутае пагадненне паміж рознымі плынямі ўдзельнікаў, то з’еўзд поўнасцю праваліцца. У нас не адведзена больш часу, чым сёння, да ночы трэба знайсці пагадненне, на заўтра іншыя праблемы неабходна вырашыць і на гэта адведзена зашмат мала часу, мы не маем магчымасцяў. Калі не будзе сёння прыняты Статут БНФ, то нельга будзе заўтра прыняць праграму БНФ, а самае галоўнае – нельга будзе выбраць кіруючыя органы БНФ, бо без зацвярджэння Статута БНФ іх выбары будуць нелегітымныя. Вось чаму трэба працаваць хоць усю ноч, шукаць агульны кампраміс, пакуль не будзе прыняты Статут БНФ. Другой магчымасці склікаць з’езд у нас няма і больш не будзе.

Менавіта ў гэты момант я і большасць тых, што прымкнуў да БНФ у першыя дні яго стварэння, адчулі не толькі ўсю адказнасць за яго лёс, , я буду гаварыць за сябе, я адчуў увесь страх паражэння, я адчуў радасць бюракратычнай сістэмы, я нават фізічна адчуў іх задаволеныя ўхмылкі і здзеклівыя кпіны, падколкі. На нейкі момант нават не ўявіў, а адчуў такое духоўнае прыніжэнне перад усёй гэтай бюракратычнай сволаччу, што міжволі камок падступіў да самага горла, спазмы на творы зрабілі сваю справу і калі ў мяне выступіла сляза, то яна была гатова скаціцца з маіх вачэй. Колькі сіл і намаганняў аддадзена барацьбе і каб усё так, не здарова жывеш, прынесці ў ахвяру той фракцыйнай рознагалосіцы, якая пачынае складвацца, тым амбіцыям асобных дэлегатаў, якія хоць і бачаць заганы Статута БНФ( а хто іх не бачыў?) і дзеля сцверджання сваёй праўды, правоў, прывілеяў, нават бюракратызацыі самой нашай арганізацыі – БНФ—гатовы кінуць яе на пагібель, гатовы давесці да скону ўвесь наш рух.

І вось я цяпер стаўляю пытанне. А ці трэба паступацца важнейшымі прынцыпамі дэмакратыі, усяго руху, арганізацыйнай структурай БНФ, каб захаваць ад расколу саму гэтую арганізацыю, зберагчы яе? Хто адкажа мне на гэтае пытанне? Я сам перажыў трывожныя моманты, сам быў у першых шэрагах тых, хто хацеў зберагчы арганізацыю, свой рух, якія стаўся для мяне кроўным, без якога я не мыслю сваё існаванне, бо веру, што толькі БНФ “Адраджэньне” здольнае прывесці да адраджэння нашай культуры, мовы, гістарычнай памяці, што толькі ён дасць магчымасць утрымацца “Спадчыне”, без яе наш клуб задавяць і ўсе мае намаганні ў культурным адраджэнні будуць марнымі.

Я магу засведчыць, што БНФ не прынёс мне ні матэрыяльных здабыткаў, ні грошай, наадварот, я яшчэ яму аказваў дапамогу, БНФ не прынёс мне заспакаення, наадварот, -- адны клопаты, не дала мне добрую працу ці пасаду, наадварот, -- адабрала лепшую, але я з БНФ да канца.

Як бы я цяпер не аналізаваў становішча, але ў той час на душы было вельмі трывожна, балюча і я адчуваў вялікую адказнасць за лёс нашага руху. Вось чаму я, як і многія другія, кінуліся ў вір падзей з’езда.

Было шмат кампрамісных прапаноў і не вельмі кожны хацеў унесці свой уклад у вырашэнне гэтай праблемы. Але па меры ўнясення прапаноў адчувалася, што вагі пачынаюць схіляцца ў той бок, каб прыняць існуючы Статут БНФ з правам на далейшую дапрацоўку, але раптоўна наступалі такія моманты, калі хтосьці з выступаючых першапачатковыя намаганні па прымірэнні зводзіў да нуля. Зянон Пазьняк стаяў на сцэне і даваў кожнаму слова, хто жадаў выступіць, як бы чакаючы ад яго паратунку ў вырашэння гэтай звышцяжкай задачы, якая навалілася на з’езд. Нарэшце, і я ўзяў слова.Мае довады зводзілася да таго, што па меры абмеркавання гэтай праблемы выразна вызначыліся два напрамкі. Першы, трэба прымаць Статут БНФ, даўшы магчымасць стварыць больш пашыраную рэдакцыйную камісію, каб яна ўлічыла ўсе заўвагі, а затым на пасяджэнні Сойму БНФ абранага з’ездам, канчаткова прыняць Статут БНФ, Пры гэтым трэба ісці на адпаведныя парушэнні самога Статута, бо права на змяненні і дапаўненні Статута належаць толькі з’езду. Але з’езд можа ўпаўнаважыць Сойм БНФ прыняць адпаведныя змяненні ў Статуце.

Другі напрамак не канструктыўны. Адмяніць прыняцце Статута БНФ да яго поўнай перапрацоўкі. У сілу таго, што другіх прапаноў дэлегаты з’езда не выпрацавалі і наўрад ці выпрацуюць, трэба ставіць гэтае пытанне на галасаванне, каб на марнаваць часу (а было ўжо за 24 гадзіны 24 чэрвеня, а дакладней наступаў ужо другі дзень з’езда – пачыналася 25 чэрвеня 1989 года) Зянон Пазьняк схіліўся да гэтай прапановы і пачаў ставіць яе на галасаванне, як нехта зноў падаў у соты раз старую прапанову, выказаную асабістымі словамі аўтара, і як у сто першы раз ён адхіляў прыняцце Статута БНФ да яго поўнай перапрацоўкі. І зноў пайшло і паехала.

І зноў жа тыя ж самыя першапачатковыя меркаванні, выказаныя асабістымі пачуццямі і намаганнямі аўтараў прапаноў, якія ў пылу палемікі не заўважалі іх паўторнасць і выказанасць другімі. Урэшце слова ў які раз бярэ Міхась Чарняўскі. Ён уносіць кампрамісную прапанову (але яна таксама была выказана раней), што з’езд прымае рашэнне стварыць заўтра пашыраную камісію, у якую можа ўвайсці любы, хто пажадае, каб яна выпрацавала на працягу адпаведнага тэрміну Статут БНФ, які трэба будзе разаслаць для абмеркавання ўсімі групамі падтрымкі. На наступны год усе дапрацоўкі з’ездам, а сёння прыняць той Статут, які ёсць з улікам таго, што праз год ён будзе істотна перапрацаваны, зменены.

Ці з вялікай стомленасці, ці з разумення таго, што другога з’езда нам сампраўды не будзе дадзена, усе дэлегаты ці дакладней большасць пагадзіліся х гэтай прапановай. Яна была пастаўлена на галасаванне.буольшасцю галасоў яна была прынята (хаця былі галасы і супраць) і пад радасныя воплескі прысутных Зянон Пазьняк абвесціў аб прыняцці гэтай ухвалы (рэзалюцыі), а значць і аб прыняцці Статута БНФ.

Да дому, на месца начлега я прыехаў на легкавой машыне да гадзіны ночы. Завёз мяне ўсё той жа беларус з “Сябрыны”, які вёў мяне ў рэстаран. Гаспадар чакаў мяне.

Так закончыўся першы дзень нашага з’езда. Хаця я быў страшэнна стомленым, але было радасна за тую перамогу, і за добрую спадзёўку, што справе нашай жыць, што марна не загіне ў спрэчках.

Ранішняе 25 чэрвеня 1989 года паседжанне другога дня ўстаноучага з’езда пачалося ў 10 гадзін па Віленскім часе, гэта значыць у 9 гадзін па Маскоускім і як заўсёды непаразуменні ў гэтай справе, але я з гаспадаром сваім прышлі ў прызначаны час, але ж многія і спазніліся на гадзіну. Пачаліся выступленні, чытка тэлеграм, прывітанні ад народных дэп'ютатаў іншых рэспублік. Запомнілася прамова прадстаўніка народнага фронта Ўзбекістана, толькі, нажаль, сваёй бязлікасцю і шэрасцю. На пытанні, што адбываецца ва Ўзбекістане, якія стаялі за гэтым дзікім разгулам, ён так і не змог толкам патлумачыць.

Затым пачалі абмяркоўваць праграму БНФ. Прыняцце яе прайшло даволі гладка, ні воднага пярэчання не было. Прыступілі ад абмеркавання альтэрнатыўнага закона “Аб выбарах у Вярхоўны Савет БССР”. З места выступіў толькі адзін дэлегат – Анатоль Сідарэвіч. Другія саслаліся, ці проста скардзіліся, што не паспелі прачытаць за недахопам часу. Калі пачалі разглядаць альтэрнатыўны закон “Аб мове”, то тут усе зашумелі, што яго нават не мелі на руках. І таму не знаёмыя з ім. Вырашылі, што на адным з Соймаў ён павінен быць разгледжаны і прыняты Соймам, зацверджаны ім і перададзены ў Вярхоўны Савет БССР для разгляду.

Пасля гэтага прыступілі да вылучэння кандыдатаў у Сойм БНФ. 55 дэлегатаў прапанаваў аргкамітэт БНФ. Зянон Пазняк зачытваў прозвішчы і імёны, даваў на кожнага характарыстыку яго працы ў БНФ, раённай Радзе, групе падтрымкі. Названы кандыдат уздымаўся з месца і дэлегаты маглі яго бачыць, запомніць ці ўспомніць па ранейшым сустрэчам. Калі былі названы 55 дэлегатаў, Зянон Пазняк прапанаваў прадстаўнікам абласцей, гарадоу. Раёнаў Мінска дапоўніць спіс да 82 чалавек., маўляў, што больш не магчыма, бо падлік будзе весці ЭВМ, якая будзе друкаваць бюлетэні, у якія можна змясціць на лісце толькі 82 прозвішчы ў 2 калонкі.