Гісторыя беларускага мастацтва

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 582 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.8%UNITED STATES UNITED STATES
25.7%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

Гісторыя беларускага мастацтва

(маленькі нарыс гісторыі)

 

Перада мною ляжыць кніга 6-ты том “Гісторыя Мастацтва Беларусі”. “Навука і тэхніка”. Мн. 1990.

Вельмі паважаныя ўстановы самі павінны гаварыць за сябе і адносіцца з вялікім даверам да той інфармацыі, якую нясе гэтая кніга. І мы паспрабуем аднесціся да гэтага акадэмічнага выдання з той павагай, якая патрабуецца ад нас пры карыстанні такімі крыніцамі.

Па роду сваіх заняткаў над экспазіцыяй залы графікі ў Музеі выяўленчага мастацтва фонд Анатоля Белага, мне захацелася пераправерыць звесткі аб такой складанай падзеі, як імкненне беларускіх мастакоў, і ў  прыватнасці графікаў, звароту да нацыянальнай тэмы ў пасляваенны час. Паспрабую патлумачыць гэтую думку больш падрабязна.

У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя, калі ў краіне адбываўся працэс беларусізацыі культурнага і грамадскага жыцця, мастакі Беларусі не заставаліся ў баку ад гэтай з’явы. Можна нагадаць выдатную скульптурную выяву Максіма Багдановіча, выкананую вялікім майстрам Аляксандрам Васілевічам Грубэ, скульптурныя работы Заіра Ісакавіча Азгура: “Кастусь Каліноўскі”, “Францыск Скарына”, “Якуб Колас”, “Янка Купала”, творы Абрама Маркавіча Бразера – бюсты Францыска Скарыны, Янкі Купалы (1925) і шмат іншыя.

Але, пачынаючы з 1928 года, у час росквіту беларусізацыі, гэты працэс быў гвалтоўна спынены пад надуманым тэзісам барацьбы з буржуазным нацыяналізмам. І распачаў яго першы сакратар ЦК КПбБ Вільгельм Георгіевіч Кнорын. Менавіта, ён распачаў генеральную атаку на беларускую культуру, а разам і на доктара Францыска Скарыну, як на рэакцыйнага “сярэднявечнага манаха”, які прадстаўляе плацдарм нацмэнаў. Неўзабаве ў АН БССР быў учынены сапраўдны вандалізм – натоўп раз’юшаных “пралетарыяў” знішчыў картатэку з матэрыяламі Ф.Скарыны, затым падляглае канфіскацыі і знішчэнню нядаўна выдадзеная кніга “400-лецце беларускага друку”. Хутка былі арыштаваны многія аўтары і рэдактары гэтай кнігі на чале з У.І Пічэтам. Аб адносінах у 30-я гады ХХ стагоддзя да нацыянальных дзеячоў сведчыць нарыс беларускага пісьменніка Юркі Лявоннага “Плацдарм ваяўнічых нацдэмаў” у кнізе “Крокі пяцігодкі” пра Віцебскі культурна-гістарычны музей.

Вось некалькі радкоў з гэтага нарыса: “У памяшканні музея ніводнага партрэта правадыроў рэвалюцыі, ніводнага баявога плаката ці лозунга. І ў той жа час у канцылярыі і астатніх пакоях красаваліся творы натхніцеляў і правадыроў беларускага нацыянал-дэмакратызму. Адных бюстаў Францыска Скарыны ў музеі налічваецца чатыры. Шмат розных Цяпінскіх, Будных, Каліноўскіх”.

Пасля такіх “выкрыццяў” па старой завядзёнцы пачыналіся рэпрэсіі. З музеяў спешна здымалі экспазіцыйныя творы, якія хоць у нечым сведчылі аб прыхільнасці музейных работнікаў да нацыянал-дэмакратызму. Але і гэта не выратоўвала, бо ўсёбачнае вока такіх Юрак Лявонных бачыла крамольныя творы Віцебскага музея ўжо ў канцылярыі, а не ў зале экспазіцыі. Такая вахканалія ў дачыненні да помнікаў беларускай культуры і яе дзеячоў працягвалася ажно да да пачатку Савецка-нямецкай вайны 1941 года.

Толькі ў гады вайны, калі ад народа патрабавалася звышзмаганне не толькі ўсіх матэрыяльных, фізічных, але і духоўных сіл, падняцце яго нацыянальнай самасвядомасці і патрыятызму, калі замест тэорыі арыйскай перавагі над славянскім светам, спатрэбілася тэорыя славянскай еднасці, неабходны былі прыклады не толькі гераічнага сучаснага, але яшчэ з большай неабходнасцю патрабаваліся выдатнейшыя вобразы гераічнага мінулага беларусаў. Таму тая тэндэнцыя, якая грунтавалася на адмаўленні нацыянальнай свядомасці, славянскай еднасці, тэндэнцыя, якая праяўляла звышпільнасць і пастаянна абвінавачвала ўсіх у нацыяналізме, патрабавала толькі класавага падыходу і разгляду ўсіх грамадскіх з’яў толькі з пазіцыі класавай барацьбы і надзвычай варожа ставілася да ідэй нацыянальнай еднасці, якая замоўчвала нацыянальную годнасць народа, была на нейкі час адхілена і адкінута, як непатрэбная і варожая. У Маскве ў 1942 годзе ствараецца Усеславянскі камітэт, у які ўвайшлі і найбольш вядомыя прадстаўнікі беларускага народа.

Пачынаючы з 1943 года ў партыйным друку ў Маскве, у артыкулах і працах У.М.Перцава, М.А.Алюксютовіч і іншых пачалі ўспамінаць зноў пра Францыска Скарыну, Кастуся Каліноўскага і іншых, цяпер ужо прагрэсіўных, дзеячоў беларускай культуры. З дазволу штабу беларускага партызанскага руху, які ўзначальваў …………….  Калінін, некаторым партызанскім атрадам і брыгадам было прысвоена ганаровае званне імя Кастуся Каліноўскага. Праўда, пры гэтым той жа П.К.Панамарэнка не забыўся і на прысваенне такога ганаровага звання і сабе, таксама як праслаўленаму партыйнаму дзеячу і вялікаму палкаводцу, які ашчаслівіў і ўзбагаціў беларускі народ.

Але беларускае выяўленчае мастацтва не змагло нават і ў той час пераадолець сваю баязлівасць і той страх, які быў набыты ёю ў часы агульнай вульгарызацыі, актыўнага знішчэння працэса беларусізацыі, разбурэння народнай памяці, і таму народная тэма мінулага надоўга заставалася па-за яе ўвагаю.

Пасля вайны, калі вораг быў ужо пераможаны, ідэолагі КП пайшлі яшчэ на больш жорсткі ўціск усяго нацыянальнага. Партыя з узмоцненай сілай разгарнула барацьбу супраць усяго замежнага, нацыянальнага і буржуазнага. Быў ліквідаваны Славянскі камітэт “як арганізацыя, якая выканала сваю гістарычную місію”, разгарнулася шалёная барацьба з касмапалітызмам і буржуазным нацыяналізмам. Зноў пачаўся працэс фізічнай расправы з людзьмі, якія, быццам бы супрацоўнічалі з ворагам. У такой сітуацыі беларускім мастакам за лепшае было пісаць партрэты герояў вайны, услаўляць у сваіх карцінах непераможную Савецкую Армію, яе баявых палкаводцаў і мудрых правадыроў партыі і народа.

Зварот у той час да нацыянальнай тэмы быў проста звыклым самагубствам, таму на такі ўчынак не мог ніхто з беларускіх мастакоў адважыцца. Вы не знойдзеце ніводнай карціны, ніводнага графічнага ліста, не кажучы пра скульптурны партрэт, дзе не толькі была б прадстаўлена гістарычная тэматыка, але нават нейкі напамін на рэгіянальнасць тэматыкі, адметную этнаграфічнасць твора. Такое жаданне ў многіх беларускіх мастакоў узнікне значна пазней. Але ўсё ж пытанне заключаецца ў тым, калі гэты працэс пачаўся ў Беларусі, і хто яго распачаў.

На жаль вы не знойдзеце ў акадэмічным выданні “Мастацтва Беларусі” раскрыцця такой метафізічнай тэмы, як зварот мастакоў да рэгіянальнай, нацыянальнай тэматыкі, да сваёй гісторыі, да адлюстравання ў сваіх творах выбітных дзеячоў нацыянальнай культуры і гісторыі. Гэта па старой і “мудрай” завядзёнцы застаецца па-за даследаваннямі супрацоўнікаў ………..  Інстытута гісторыі мастацтва  АН БССР. …………. У названай вышэй кнізе вы знойдзеце і тое, хто па-мастацкі праілюстраваў таджыцкія ці татарскія казкі, хто паказаў заможнае калгаснае жыццё і самаахвярную працу на калгасных палях, на заводах, хто мужна стаіць не “страже Октября” і шмат іншага, ні адзінага слова і не паўслова пра тых, хто пачынаў фарміраваць праз мастацтва гістарычную памяць народа і праз яе нацыянальную свядомасць беларускага народа. Справа ў тым, што праблема ролі мастацтва ў грамадскім жыцці краіны яшчэ не вывучана і па-сапраўднаму не ацэнена. У свой час савецкія сацыёлагі актыўна навязвалі народу тэзіс аб тым, што роля літаратуры і мастацтва заключаецца не столькі ў праўдзівым адлюстраванні жыцця і сацыялістычнай рэчаіснасці, колькі ў тым, каб быць вучыцелем жыцця, каб на станоўчых вобразах герояў літаратурных і мастацкіх твораў пакаленне людзей магло ўслед за станоўчымі героямі пераймаць іх вопыт і нормы жыццёвых учынкаў і паводзін. Пасля 1991 года такая занадта вульгарызатарская канцэпцыя была цалкам адхілена, і на змену ёй прыйшла зусім супрацьлеглая канцэпцыя. Літаратура і мастацтва наогул не нясуць ніякай сацыяльнай нагрузкі і служаць толькі для задавальнення эстэтычных запатрабаванняў чалавека-спажыўца. Але з такой, як быццам бы смелай і радыкальнай канцэпцыяй, мне не хочацца пагаджацца па той простай прычыне, што творы мастацтва, якія адлюстроўваюць прыгожыя рэгіянальныя краявіды, прымушаюць міжволі станавіцца ўлюблённымі ў свой край. Нездарма многія праслаўленыя мастакі маглі з поўнай адказнасцю заявіць, што ў іх краявідах адлюстраваны іх лёс, жыццё народа.

Творы, дзе адлюстраваны помнікі архітэктуры, міжволі прымушаюць гледача ўспомніць старажытную гісторыю нашага краю. Я ўжо не кажу пра творы мастацтва, дзе адлюстравана наша гісторыя, выбітныя дзеячы гісторыі і культуры народа, тыя вялікія палкаводцы і князі, якія захоўвалі генафонд нацыі, каб яна фізічна не знікла, не была асімілявана больш магутнымі суседзямі. Вось чаму ўсе вялікія заваёўнікі і дыктатары імкнуліся ў першую чаргу знішчыць помнікі таго народа, які яны заняволілі. Напрыклад, ашалелы Адольф Гітлер адкрыта настойваў сваёй арміі знішчаць помнікі заваяванага народа, таму што народ, страціўшы свае гістарычныя помнікі ў два-тры пакаленні страціць сваю гістарычную памяць, без якой знікне яго нацыянальная свядомасць. Балшавікі таксама прытрымліваліся гэтай чалавеканенавісніцкай канцэпцыі, але такіх адкрытых выказванняў не рабілі. Яны вынайшлі больш моцны сродак задушэння ўсяго нацыянальнага. Вялікі падман аб ўсеагульнай класавай барацьбе імі быў узведзены да класічнага ўзроўню. Усё тое, што не ўкладвалася ў патрабаванні класавай барацьбы, падлягала знішчэнню. Безумоўна, праблема нацыянальнага развіцця народа, яго культуры не стасавалася з праблемай усеагульнай класавай барацьбы. Вось чаму праблема фарміравання нацыянальнай свядомасці, гістарычнай памяці, трактавалася як нацыяналістычная, а таму варожая самому духу пабудовы сацыялістычнага грамадства. Рабіліся ўсе намаганні, каб такія мастацкія творы не з’яўляліся, а калі дзе і з’явяцца, то іх тут жа знішчыць і пажадана рукамі саміх жа аўтараў ці іх калег па цэху.

На ўсе тэзісы – даваць прыклады і рабіць высновы і абагульненні ………………..

Вось чаму праблема звароту беларускіх мастакоў да нацыянальнай тэматыкі набывае надзвычайную актуальнасць для вывучэння не толькі гісторыі беларускага мастацтва, але ўсёй гісторыі народа, фарміравання яго філасофскіх і сацыяльных светапоглядаў развіцця яго мінулай культуры. Бо гісторыя культуры  ёсць,  у першую чаргу, гісторыя распрыгожвання народа, яго духу, яго магчымасці сцвердзіць сябе як нацыю ў сусветнай супольнасці народаў. Вось на гэты бок праблемы не звярнулі аніякай увагі “акадэмікі”, якія выдавалі гэтую кнігу, палічыўшы нацыянальную праблему таксама не істотнай у маштабах касмічнай класавай барацьбы, ці то па старой савецкай завядзёнцы пабаяўшыся яе кранаць. Калі Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР не дае адказу на гэтую актуальную тэму, то звернемся да маіх навуковых распрацовак, якія былі апублікаваны ў свой час у двух кнігах: “Каталог “Кастусь Каліноўскі і Студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі”. Збор мастацкіх твораў” (Мн. 1988) і “Францішак Скарына і яго час”.(Мн.1989).

Прашу прабачэння за доўгія цытаты, але гэта неабходна для асвятлення тэмы, якую мы ўзяліся раскрыць.

“Толькі пасля 1953 года мастакі зноў змаглі звярнуцца ў сваёй творчасці да вобраза Скарыны. Адчуўшы рэзкую змену сацыяльнага, палітычнага і культурнага жыцця ўсёй краіны, яны спакваля пачынаюць асвойваць гістарычную спадчыну. І першы, хто стварыў партрэт Скарыны ў пасляваенны час, быў С.П.Герус, які ў 1953 годзе па запрашэнню Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута прыехаў з Вільнюса для стварэння кафедры графікі і эстампнай майстэрні. Менавіта яму, не абцяжаранаму вульгарызатарскімі забабонамі, было суджана пракладваць знішчаную і забытую гістарычную тэматыку ў выяўленчым мастацтве рэспублікі. Цыкл яго графічных твораў, прысвечаных як К.Каліноўскаму, так і Ф.Скарыне, быў заўважаны. Графічны партрэт Ф.Скарыны, створаны вуглем у 1954 годзе вылучаецца дакладнасцю перадачы і глыбінёй псіхалагічнага вобраза асветніка, паказвае яго засяроджаным у час працы ў друкарні. У другім партрэце (1967), зробленым у той жа тэхніцы, мастак хаця і засяроджвае ўвагу на іканаграфічным падабенстве, але стварае свой вобраз Скарыны. Пачатак ва ўвасабленні вобраза Скарыны пасля доўгіх гадоў непрыстойнага маўчання, грамадзянскай баязлівасці і нізкай нацыянальнай свядомасці быў зроблены ўдалай рукой. І не выпадкова, што першы партрэт Скарыны ў 1975 годзе быў тыражыраваны на паліграфкамбінаце” (Францішак Скарына і яго час”.  Мн. 1989. с.14 – 15).

А цяпер звернемся да другой маёй кнігі: “...яшчэ ў 1953 г. з Вільнюса быў запрошаы ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут малады беларускі мастак графік Сямён Герус... Ён смела бярэцца за стварэнне шэрагу гістарычных партрэтаў. Графічны твор “Кастусь Каліноўскі” (1953), выкананы вуглем, адзін з найбольш удалых і лепшых у гэтай серыі. Постаць Каліноўскага паказана на фоне касіянераў-паўстанцаў. У яго вобразе падкрэслены сіла, воля, рашучасць і мужнасць. Удала выкарыстаны ў аркушы эфект асвятлення, які надае малюнку трывожны настрой. У 1965 годзе С.Герус паўтарае гэтую работу з адпаведнымі дапаўненнямі і пераапрацоўкай у лінагравюры, а ў 1985 – у аўталітаграфіі. (“Кастусь Каліноўскі і Студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі”. Мн.1989.с.8).

Як бачым, Сямён Пятровіч Герус быў не толькі першым настаўнікам студэнтаў графічнага аддялення мастацкага дакумента і вучыў сваіх пітомцаў авалоданню разнастайнай тэхнікай графічнага мастацтва – лінарытам, дрэварытам, літаграфіяй, афортам, сухой іголкай, аквацінтай  і іншым тэхнічным выкананням, але перш і важней за ўсё ён навучаў іх звяртацца да гістарычнай тэматыкі, ён фарміраваў іх нацыянальную свядомасць, праз мастацтва яны спасцігалі гістарычную праўду і ўжо ў сваіх творах неслі яе свайму народу. І нездарма яго вучань Арлен Кашкурэвіч зрабіў адзін з лепшых медалёў, прысвечаных Францішку Скарыне і графічны партрэт першадрукара. І няхай вучань пераўзышоў свайго настаўніка ў мастацкім выкананні твораў. Гэта заканамерна. Такі ход развіцця ўсёй сусветнай культуры. У выдатных настаўнікаў павінны з’яўляцца такія вучні, якія пераўзыходзяць сваіх настаўнікаў. На гэтым трымаецца ўвесь прагрэс развіцця культуры і навукі. Але першыя заўсёды застаюцца першымі, і іх творы становяцца ўзорам для наступнай генерацыі мастакоў. Гэта ўжо вышэйшая чалавечая павага да першых. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што сумесна з Сямёнам Герусам  у Мінск у гэты час прыехалі графікі Алена Георгіеўна Лось, выпускніца Вільнюскага мастацкага інстытута і Аляксандра Ануфрыеўна Паслядовіч, выпускніца Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна, якія актыўна і свядома пачалі распрацоўваць тэматыку беларускага фальклора, што з’яўлялася для тых часоў таксама найвялікшым грамадзянскім учынкам. Менавіта, усё гэта прывяло да той фенаменальнай з’явы ў развіцці культуры Беларусі, што выяўленчае мастацтва Беларусі пачало задаваць увесь тон і накірунак у культурным жыцці краіны. У 60-я – 70-я і асабліва ў пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя пачаўся бурны працэс духоўнага распрыгоньвання  як культуры, так і грамадскага жыцця. Вялікакй з’явай у працэсе сцвярджэння нацыянальнай самасвядомасці паслужылі мастацкія выстаўкі, прысвечаныя беларускай паэтцы Цётцы (Алаізе Пашкевіч) (1976), Міколе Гусоўскаму (1980), Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу (1983), 90-годдзю з дня народзінаў Максіма Багдановіча (1981), 100-годдзю з дня народзінаў Янкі Купалы і Якуба Коласа (1982), некалькі выставак Кастусю Каліноўскаму як на дзяржаўным узроўні, так і ў прыватным парадку (1986), Францыску Скарыне спачатку ў прыватным парадку (1986, 1988), а пасля і на дзяржаўным узроўні (1990).

Адбылася фенаменальная з’ява. Пачаўся некантралюемы дзяржавай працэс выставачнай дзейнасці, які кіраваўся толькі нацыянальнымі патрэбнасцямі. Гэтая з’ява ў мастацтве яшчэ не вывучанаі не апісана. Але яна адбылася і адыграла сваю пэўную станоўчую ролю ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці нашага народа. Калі беларускія літаратары яшчэ па-ранейшаму з’яўляліся “прываднымі рамянямі” для ўсёй партыйнай ідэалогіі, калі яны стваралі збронікі “Гарыць агонь Кастрычніка”, пісалі пра “сэрца камуніста”, пра тое, як “Ленін думае пра Беларусь”  і шмат якой партыйнай метафізіцы, то мастакі няспынна фарміравалі праз свае творы пачуцці нацыянальнай самасвядомасці народа, вярталі народу яго нацыянальную годнасць. Я не магу ў гэтым артыкуле больш падрабязна засяроджваць увагу на гэтай з’яве, бо гэта тэма патрабуе больш дэталёвага і больш глыбіннага навуковага агляду і асвятлення.

У 1991 годзе разваліўся СССР, паў камуністычны рэжым і ў Беларусі. Па логіцы жыцця павінна было змяніцца і тое адмоўнае стаўленне да таго мастака, які першы пачаў вялікі працэс фарміравання праз свае творы нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Але новы, як быццам дэмакратычны ўрад, аб гэтым не дбаў. Сямён Герус заставаўся ў цяні. Але самае парадаксальнае заключаецца ў тым, што тыя мастакі, якія вывучыліся як на творах свайго вялікага настаўніка, так і тэхніцы выканання графічных твораў, самі адракліся ад яго, залічыўшы яго ў шэраг ізгояў. Ну, і балота – гэтыя мастакі! Многія з іх да гэтага часу занялі вядучае становішча ў Саюзе мастакоў Беларусі, пачалі вызначаць як бы мастацкі працэс, які праходзіў у Беларусі, таму лішні напамін пра тое, што нехта быў першым у працэсе агульнанацыянальнага самавызначэння і самасвядомасці проста не пасавала. Яны самі хацелі быць першымі, і нішто не павінна было ім напамінаць аб іх другаснасці. Так калі ў 1991 годзе была закладзена пры Саюзе мастакоў Беларусі творчая мастацкая суполка “Пагоня”, якая ўрачыста абвясціла, што яна ўскладае на сябе тую ж місію, якую ў 1953 годзе дабраахвотна ўсклаў на сябе Сямён Пятровіч Герус, то адным з першых заяву падаў Сямён Пятровіч. І чым вы думаеце, шаноўныя чытачы, закончыўся разгляд заявы паважанага мастака-першапраходца ў нацыянальным накірунку? Правільна! Поўнай адмовай без усялякіх каментарыяў і матывацый у адказе. Проста падняўся другі, таксама паважаны мастак і барацьбіт за нацыянальную справу, таксама графік, Яўген Кулік і прапанаваў не прымаць С.П.Геруса ў суполку “Пагоня”. Паўтараю, матывацыі з боку Я.Куліка не было. Але яго прапанову ўсе прынялі аднагалосна. Таму і я не раблю ніякай матывацыі гэтаму факту. Няхай кожны, хто ўмее чытаць і разважаць, зробіць гэта сам.

Каб быць аб’ектыўным, каб мае погляды не выглядалі, што яны базіруюцца на чыстых эмоцыях, прывяду толькі няпоўны пералік твораў мастака, якія знаходзяцца ў экспазіцыі майго музея:

Партрэты Адама Міцкевіча, Вацлава Іваноўскага, Язэпа Варонкі, Язэпа Лёсіка, паэтэс Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш, Аляксандра Цвікевіча, Фабіяна Шантыра, рэдактара часопіса “Полацак” Святланы Белай, вялікіх князёў ВКЛ Міндоўга, Вітаўта, Казіміра Ягайлавіча, Жыгімонта ІІ Старога, карціна “Мельборк – галоўная крэпасць крыжакоў”, а таксама партрэт Янкі Купалы ў Вязынцы, Якуба Коласа (“Новая зямля”), Максіма Багдановіча ў Ялце, Якуба Коласа, да пяці партрэтаў Кастуся Каліноўскага, некалькі партрэтаў Францыска Скарыны. Пералічаных твораў хапіла б для стварэння цэлай галерэі выбітных дзеячоў беларускай гісторыі і культуры.

А творы мастака – гэта яго жыццё, яго светапогляд (так лічаць прафесіяналы).

Вось такія мы людзі, вось такія барацьбіты, якія з малаком маці ўсмакталі ўсе ідэалагічныя ўстаноўкі КП, і , самае галоўнае, усе яе прыёмы, і ўсё гэта пераліцавалі на патрэбу сённяшняга дня нашага змагання. Кожны імкнецца даказаць сваё першародства, сваю першаснасць. Так пасля прыходу ў Беларусь бальшавікі імкнуліся даказаць, што толькі з іх з’яўленнем была ўпершыню ў гісторыі беларускага народа закладзена беларуская дзяржаўнасць. Ва ўлік не бралася існаванне ні Полацкага, ні Тураўскага княстваў, ні існаванне беларускай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага, а таксама БНР. Уся раць беларускіх гісторыкаў  была заангажавана  на доказе абсурду – неіснавання дзяржавы ў Беларусі і стварэнне яе У.І.Леніным і В.І.Сталіным. Пасля 1991 года беларусы атрымалі глыток чыстага паветра. Урэшце была прынята канцэпцыя Міколы Ермаловіча. Аказалася, што беларусы мелі сваю дзяржаву з часоў Рагвалода і Тура. Але ў 1994 годзе на Беларусь прыйшоў новы мессія. Зноў пачалася свістапляска наконт дзяржаўнасці. Покуль яшчэ мала хто заўважыў , што ў айчыннай гістарыяграфіі распачаўся працэс перагляду тэрміна ўтварэння сапраўднай дзяржаўнасці. Аказваецца, што сапраўдная дзяржаўнасцьпачалася ў Беларусі толькі з 1994 года. Хто з сучасных дзяржаўных гісторыкаў гэта не ўцяміць – гэта толькі яго бяда.

Але будзем чакаць і спадзявацца, што прыдзе новы мессія і ён абвесціць, што сапраўдная дзяржаўнасць на Беларусі ўсталявалася ... з дня яго прыходу. Чакайма новых гістарычных змен, чакайма, што “прыйдзе новы, а мудры гісторык, а ён прыйдзе, ужо ён ідзе”. Ён напіша сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва, дзе будзе адведзена належнае месца і Сямёну Герусу і тым мастакам, якія падхапілі яго ідэі і пачалі клапаціцца пра паказ у творах мастацтва сапраўднай гісторыі Беларусі, яе гістарычных і культурных дзеячаў, хто стварыў цэлыя галерэі князёў, палкаводцаў, гетманаў, дзе будзе таксама праўдзіва адлюстравана дзейнасць суполкі “Пагоня”.

 

Анатоль Белы

18 жніўня 2006 г.

Старыя Дарогі. Музей выяўленчага мастацтва

Фонд А.Белага.

 

 


 

Творы Сямёна Геруса.

 


“Ларыса Геніюш”

“Наталля Арсеннева”

“Фабіян Шантыр”

“Максім Багдановіч, паэт”

“Максім Багдановіч у Ялце”

“17 верасня 1939 г.”

“Навагрудскі замак”

“Ева”

“Яблыка. Спакуса”

“Скульптар Азгур З.І.”

“Якуб Колас”

“Адам і Ева ў раі”

“Янка Купала ў Вязынцы”

289IMG3536

А.Міцкевіч (каля замка)

К.Каліноўскі (Мужыцкая...

А.Міцкевіч (на выгнанні)

Святлана Белая

“Кастусь Каліноўскі”

Вялікі князь Літоўскі

“Кастусь Каліноўскі”

“Канцлер ВКЛ Л.Сапега”

”Максім Танк”

“Язэп Лёсік”

“Аляксандр Цвікевіч”

Вялікі князь Літоўскі...

“Адам Міцкевіч”

“Кароль Літвы Міндоўг”

“Доктар Ф.Скарына”

Янка Купала (Партызаны,...

Якуб Колас...

Вялікі князь Літоўскі Вітаўт

Галоўная крэпасць...

“Кранаўшчыца”

“Вацлаў Іваноўскі”

“Язэп Варонка”