Вершы

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 1058 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

84%UNITED STATES UNITED STATES
7.7%BELARUS BELARUS
1.8%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.2%KUWAIT KUWAIT
0.5%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

ЛАРЫСА ГЕНІЮШ

 

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ


Калі ў бой на змаганьне з катам

выйшаў наш адважны Кастусь,

за плячамі ён меў занадта

мала вёснаў

і меў Беларусь.

 

Меў Кастусь свой адвечны, сярмяжны,

прагны шчасьця, працоўны народ.

Толькі волі жадаў недасяжнай –

нагароды з усіх нагарод.

 

Боль і путы, чужацкая цемра,

лад чужы, зьдзек чужы,

цар і пан.

Толькі ў сэрцы, як вогнішча, вера,

што народ будзе сам сабе пан.

 

Толькі сіла

у Яські з-пад Вільні

палымяных завостраных слоў

ды пад шэраю сьвіткаю крыльле

і размах, бы вясной у арлоў.

 

О свабода! Тварыла дзівосы –

змагара-каваля са слугі.

Ты вастрыла сялянскія косы

у гарніле адчаю, тугі.

 

 

УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ

 

ПАВЕШАНЫМ 1863 ГОДА

 

Калі ідуць на абардаж,

І поўніць полымя прасьцяг

Да верху мачты – экіпаж

Цьвікамі прыбівае сьцяг.

 

Даўно здалася – нават сталь, –

І толькі зараз –

мы памром

Пад сьцягам, што ў прадоньні хваль

Зьнікае разам з караблём.

 

Ў крыві краіны нашай бель,

Прыходзіць час сьмяротных сноў,

І нашай волі карабель, –

Няскораны, – ідзе на дно.

 

І сёньня ў вечны наш працяг,

У неба на сьвітаньні дня

Уздымуць нас, як волі сьцяг,

Якому й Богу нельга зьняць.

 

 

УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ

 

НЯВЕСЬЦЕ КАЛІНОЎСКАГА

 

Недзе поруч ляжалі дарогі,

Кліч каханьня ляцеў ад ніў,

Але ён не кахаў нікога,

Бо занадта Радзіму любіў.

 

Варты лепшага ў сьвеце каханьня,

Рана скончыўшы мужны палёт,

Русы хлопец золкім сьвітаньнем

На высокі ўзышоў эшафот.

 

Плач людскі барабаны крыюць,

І ад пошчаку глухне зямля.

На высокую гордую шыю

Успаўзае зьмяёю пятля.

 

З плачам жоравы пралятаюць.

Курганы і магільны жвір,

Непалітая ніва сьвятая,

Плач жанчын, эшафот і Сібір.

 

Нікні гожаю галавою,

Па нязнанай страце ўздыхай.

Дарагая, ты стала ўдавою,

Не пабачыўшы жаніха.

 

Вашы кветкі ў лугах завялі,

Месяц марна згарэў над ракой,

Ты чакала яго, а стала

І нявестай і жонкай чужой.

 

І чамусьці ў сэрцы, як рану,

Я нясу твой нязбытны лёс,

Не даруючы ўсім тыранам

Непралітых табою сьлёз.

 

 

ВІКТАР ШНІП

 

ВОЛЯ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА

 

Беларусь – не царам маскоўскім,

Беларусь – не варшаўскім панам!

Алесь Дудар

 

Што выбраць: волю ці няволю? –

Хутчэй для здрадніка пытанне.

У змагара ліхая доля,

Са смерцю вольнае каханне.

 

Чужынцам крыўская пагоня

Спакойна на дае ўладарыць,

Таму й пяюць хвалу кароне

І нішчаць вольныя штандары.

 

А хто чужы? Хто здрадзіў волі,

Сваю зямлю прадаў за словы.

А хто свае? Хто ў ратным полі

За Край паклаў свае галовы.

 

І хай разгромлена паўстанне,

І хай панішчаны штандары,

Але не можа быць пытання:

Каму Айчынаю ўладарыць?

 

 

АНАТОЛЬ СЫС

 

ВІЛЬНЯ, 1864 ГОД

(Эшафот на Лукішкаўскім Пляцы)

 

Перад сьмерцю зязюля кувае,

Перад сьмерцю жыцьця многа зычыць,

А паходня, як сонца, палае,

Ды жыцьця, як агню, не пазычыць...

 

Ты адкуль прыляцела, зязюля?

Можа, гоніць цябе па ўсім сьвеце,

Быццам ястраб, шалёная куля,

Быццам коршак, драпежны вецер.

 

Сьціхні ж, сьціхні, дурніца-птушка!

Ці не чуеш: гудуць вяругі,

Вецер шыбенікаў гушкае

І, як коршак, ірве харугвы.

 

Памаўчым... Не збылася воля,

Толькі лепшых сяброў забрала

І пакінула сярод поля

Кос ды вілаў зламаных джалы.

 

Памаўчым, але боль ня сьцішым –

Будуць помніць забойцаў раны.

Слоў і клятваў не трэба лішніх,

Шлях да волі навек абраны.

 

 

СЯРЖУК СОКАЛАЎ-ВОЮШ

 

ВЫРАК ПАЎСТАНЦКАГА СУДА

 

Чаму гэтак ціха? Ці тлустая скіба

Раты заляпіла, што голас аслаб там?

Ці нашыя бабы ў родных сялібах

Дзяцей нараджаць развучыліся раптам?

 

Ня тлустыя скібы — кавалак спакусны,

Ня бабы, што іншую долю спаткалі,

А выгук зьвярыны з забеленых вуснаў,

Што пырскалі сьлінай ды юхай сьцякалі.

 

У выгуку тым — вынішчэньне народа,

Упартых — фізічна, астатніх — маральна,

Каб мы не згадалі ні племя, ні роду

Ня тут і ня там, у зямлі Зауральнай.

 

І край затаіўся зубром у засадзе,

А ведама здаўна, што зубр — не маруда.

Вось твар Цудатворнай ў цудным абкладзе,

Маліся ж, чужак, спадзявайся на цуда!

 

А цуда ня будзе — уласнай крывёю

На сэрцы Радзімы, што сёньня ў кратах,

Шыхты касінераў, мужыцкія воі,

На сьмерць асуджаюць забойцу і ката.

 

Калі ж абароняць злачынцу нябёсы,

Ці служак-сабак незьлічоная зграя,

У дзецях прадоўжацца нашыя лёсы,

І вылюдка гэты прысуд пакарае!

 

 

РЫГОР БАРАДУЛІН

 

1863 ГОД

 

Боб-гарох не малочаны,

На ток не валочаны.

Рэкі крывавыя –

Не малочныя.

Дзе дым,

Дзе туман,

Дзе хіб валоўчыкаў?

 

Гэта ўжо кульмінацыя

Нечуванага ўціску,

Калі

Гаворыць кулямі нацыя,

Барыкадна

Падклаўшы кулі...

 

 

ЛЮДМІЛА РУБЛЕЎСКАЯ

 

1864

 

На ранішнім снезе ні следу –

дзівота!

Здаецца, ступіць –

быццам грэх сатварыць.

А чорны вярхнік

на шляху адзіноты

Па белым,

па сонечным полі імчыць.

Усё чысцінёй першароднай абнята.

Па грудзі каню –

шаргатлівы сумёт.

Да лесу спалохана

ціснуцца хаты,

А ранак празрысты звініць,

быццам лёд.

З хацінак ніхто

не выходзіць за дзверы –

А раптам пакліча

ці зойдзе вярхнік?

Прададзеным

цяжка ў свабоду паверыць,

Якую крывёй здабываюць для іх.

А хто здабывае?

З якой гэта ласкі?

Не, браце,

падмануць і тысячны раз.

Пра вымерлых волатаў

сумныя казкі

Больш блізкія,

больш дарагія для нас.

А лес набліжаецца.

Гурбы глыбеюць,

Глытаючы конніка разам з канём.

...Глухое рыданне:

«О Божа! Не вераць!»

Заціхла пад белым, як жах, дываном.

 

 

ІНСУРГЕНТ

Я пакінуў свой край, як пасечаны сад веснавы.

І пялёсткі яго, быццам раны,  душу абляпілі.

Між Усходам і Захадам – круцяцца іх жарнавы –

Перамелены лёсы, падзелены нават магілы.

Па бясконцых шляхах

я праношу сваю Беларусь,

Між пустынных пяскоў,

і вільготных лясоў нетутэйшых.

Я служу толькі ёй –

а яшчэ незямному цару.

А зямныя ніколі не ўбачаць,

як спешыцца вершнік.

Я пакінуў свой край, каб вярнуцца, як вернецца ноч

На купальскі травы;

як вернецца стрэльба за плечы.

І жыццё маё станецца вельмі малою цаной,

Калі ссечаны сад

новай квеценню

выбухне ў вечнасць.

 

Стары інсургент

 

Мы запалім пахавальныя свечкі.

Пад нагамі – футра срэбнай лісіцы.

У высокіх кубках пеніцца вечасць

З пахам верасу і свежай ігліцы.

Пад вакном – віжы, віжы – за дзвярыма,

І карэта з дзверцай закратаванай

Пад’язджае, як Атыла – да Рыму,

Да сядзібы нашай абрабаванай.

А пакуль што вогнік скача ў каміне,

Футра белае – з чырвоным адценнем,

А пакуль што любы край не загіне,

Засцянковым створаны летуценнем.

Срэбным колерам лісіцы загнанай –

Мае скроні… Колер зімняе буры…

Вып’ем келіхі свае, мая панна!

Шаблю продкаў не хаваюць у куфры.

 

*

 

Правінцыя… Непазбежная, быццам смерць.

У салоне свецкім гараць залатыя свечкі.

Тут усю Беларусь прадстаўляе адзін паэт,

Незаўважны, самотны, нібыта зімовы вечар.

Ну а што гаварыць?

Тут нават крычаць – дарма…

Менуэт, мазурка…

А потым – гуляць у фанты.

І заўсёды ў пары з іншым таньчыць Яна,

Гнуткая, быццам вярба

ля бацькоўскай хаты.

Цені слізгаюць па сценах, нібы гады,

Што правялі ў спадзеве на незалежнасць.

Воск, што калісьці ў сотах быў залаты,

Стыне лужынкай,

брудны, нібыта грэшны.

Хутка, як свечка, гэты свет аплыве.

Нібы васковыя, знікнуць сцены палаца.

Першым, вядома, на плаху пойдзе паэт.

Паэтаў, нават маўклівых, усе баяцца.

Касіянерскім лязом саржавеў той век.

Пані ў жалобе ў гародчыку песціць кветкі.

Правінцыя…След ад калёс на сухой траве….

Паэт нарадзіўся.

Але ён яшчэ маленькі.

 

 

 

ВІКТАР ШНІП

БАЛАДА ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ

(9.08.1910—7.04.1983)

 

Воля на чужыне,

На Радзіме краты.

Выбар-- невялікі,

Толькі выбар ёсць.

Вецер сумна вые,

Воўчы цень ля хаты

У зубах трымае,

Згаладалы, косць.

 

Зойдзе цень на ганак--

Не кажы нічога.

Добра што на свеце

Ёсць яшчэ сябры.

Свечка асвятляе

І крыжы, і Бога.

Свечка светла плача,

Свечка не гарыць.

 

А навокал цёмна,

Нібы ў дамавіне.

А навокал цені,

А навокал-- сон.

Толькі вецер вые.

Вецер у Айчыне

З могілак узняты

Крыламі варон.

 

І пачата споведзь

Прад людзьмі і Богам.

І пачуты словы,

І пачуты крык.

Толькі на Айчыну

Помніцца дарога,

Дзе ў руцэ Айчыны

З дыяменту цвік.

 

1.12.1993