РАЗАМ 3 ВЯЛІКІМ КАСТУСЁМ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 41 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

38%UNITED STATES UNITED STATES
27%BELARUS BELARUS
9.2%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
5.6%AUSTRALIA AUSTRALIA
3.4%POLAND POLAND
3.3%GERMANY GERMANY
1.9%LITHUANIA LITHUANIA

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

Генадзь КІСЯЛЕЎ

РАЗАМ 3 ВЯЛІКІМ КАСТУСЁМ

 

Кожны чалавек, які ставіць перад сабой значныя грамадскія задачы, абавязкова знаходзіць сяброў-аднадумцаў. Шмат такіх паплечнікаў было і ў Кастуся Каліноўскага — палымянага рэвалюцыянера эпохі разняволення народаў ад феадальна-прыгонніцкіх путаў, чалавека, які ўвайшоў у гісторыю беларускага народа як выразнік яго думкі і культуры.

Першым яго сябрам у высокім значэнні гэтага слова быў старэйшы брат Віктар Каліноўскі (1833—1862), які ўвёў Кастуся ў шырокі свет навукі і рэвалюцыйных шуканняў. «Няма, браткі, болыыага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку»,— скажа пазней К. Каліноўскі. Многае тут — ад супольных з братам маладых захапленняў і пошукаў. У раннім духоўным станаўленні Кастуся — вялікая заслуга Віктара. Услед за братам Кастусь едзе з Якушоўкі ў Маскву, а ўлетку 1856 года — у Пецярбург. Кастусю былі блізкія навуковыя пошукі Віктара ў галіне гістарычнай навукі. Яны разам працавалі ў пецярбургскай Публічнай бібліятэцы над важнымі і каштоўнымі першакрыніцамі з гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы. Гэтыя дакументы памаглі ім яшчэ раз убачыць адметнасць гістарычнага лёсу Беларусі, яе неад'емнае права на гістарычную спадчыну продкаў і самастойнае нацыянальнае развіццё. Жыццёвы вопыт, атрыманыя веды давалі ім веру, што Беларусь з яе багатай мінуўшчынай будзе мець і цудоўную будучыню, дзеля якой варта жыць і змагацца. Віктар быў членам Віленскай археалагічнай камісіі. Памёр на трыццатым годзе жыцця ад сухотаў, незадоўга да паўстання, у фальварку Якушоўка.

Віктар пазнаёміў Кастуся з кіраўнікамі пецярбургскай рэвалюцыйнай арганізацыі — Зыгмунтам Серакоўскім і Яраславам Дамброўскім. Зыгмунт Серакоўскі (1826—1863) — блізкі сябра Чарнышэўскага, выведзены ім у рамане «Пралог». Чалавек яркай творчай натуры, вопытны і заслужаны вайсковец, ён узяў на сябе ў 1863 годзе ваеннае кіраўніцтва літоўскімі паўстанцамі.

Пра блізкія сувязі Каліноўскага і Серакоўскага сведчыць хаця б тое, што Кастусь у ліку нямногіх гасцей быў запрошаны на вяселле Зыгмунта і Апалоніі Далеўскай, якое адбывалася ў мястэчку Кейданах (Кедайняй) на Ковеншчыне прыкладна за паўгода да паўстання. Гэта была, як потым казалі, «апошняя мазурка на Літве» перад грозным часам. 3 удзельнікаў таго вяселля мала хто ацалеў, для многіх 1863 год стаў апошнім годам жыцця. Ставячы побач Каліноўскага і Серакоўскага, мы не можам не заўважыць іх ідэйную роднасць і блізкасць, але некаторыя крыніцы дазваляюць зрабіць вывад, што паміж рэвалюцыянерамі былі і пэўныя разыходжанні тактычнага парадку. Маладзейшы і вельмі чуйны Кастусь быў болып нецярплівы ў празе свабоды і сацыяльнай справядлівасці, болыы непрымірыма ставіўся да памешчыкаў і шляхты.

— Не трэба важдацца са шляхтай, народ сам заваюе сабе свабоду,— сцвярджаў Каліноўскі.

Бывалы, спрактыкаваны Серакоўскі бачыў магчымасці для болып шырокага фронту барацьбы. Лёс абодвух выдатных рэвалюцыянераў аднолькавы. Серакоўскі першы, а праз якіх восем-дзевяць месяцаў і Каліноўскі знайшлі смерць у пятлі мураўёўскага ката на Лукішскай плошчы ў Вільні. Іх памяць зберагае цяпер супольная мемарыяльная пліта на плошчы Леніна ў Вільнюсе.

Другім кіраўніком пецярбургскіх канспіратараў быў Яраслаў Дамброўскі (18361871), таксама вайсковец, афіцэр Генеральнага штаба, якога за малы рост таварышы любоўна называлі Лакатком. Свой талент палкаводца-рэвалюцыянера Дамброўскі аддаў праз некалькі гадоў Парыжскай камуне і, стоячы на чале яе армій, загінуў у баях супраць версальцаў. Сваім лёсам Яраслаў Дамброўскі засведчыў той кірунак, у якім развівалася перадавая рэвалюцыйная думка Полыпчы, Беларусі, Расіі ў той перыяд. Гэта ідэі братэрства і свабоды ўсіх народаў, барацьбы супраць сацыяльнай несправядлівасці. Нездарма ж і Каліноўскага дасведчаныя сучаснікі называлі «дзіцем сусветнай рэвалюцыі».

Шмат сяброў у Каліноўскага было сярод пецярбургскага студэнцтва. На працягу некалькіх гадоў ён узначальваў левае, радыкальнае крыло ва універсітэцкім зямляцтве выхадцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, быў прызнаным лідэрам самаахвярнай «чырвонай «моладзі, якая ў неадкладнай рэвалюцыі бачыла выратаванне ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.

Гродзенская рэвалюцыйная арганізацыя моцна здружыла Кастуся з Валерыем Урублеўскім (1836—1908). Зямляк, родам з Жалудка, Урублеўскі пасля заканчэння Пецярбургскага ляснога інстытута стаў афіцэрам корпуса ляснічых і ўзначаліў пісарскаегерскую школу ў горадзе Саколцы на сумежжы Беларусі і Полынчы. Выдатны арганізатар, чалавек яскравых байцоўскіх якасцей, трапны стралок, ён быў еапраўднай знаходкай для канспіратыўнай арганізацыі. Праз выпускнікоў школы ў яго завязаліся шырокія сувязі з народам у розных кутках заходняй часткі Беларусі. Урублеўскі падзяляў радыкальныя погляды Каліноўскага і быў яму першым памочнікам у выданні і распаўсюджванні «Мужыцкай праўды». Каліноўскі прызначыў яго ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводства. 3 усёй паўнатой яго талент раскрыўся на полі бою. Адважны кіраўнік паўстанцаў Гродзеншчыны, а потым Падляшша і Любліншчыны, ён пасля гібелі Каліноўскага панёс далей у свет ідэі роўнасці людзей і народаў, стаў, як і Дамброўскі, генералам Парыжскай камуны, членам Генеральнага Савета I Інтэрнацыянала, чалавекам, блізкім К. Марксу і Ф. Энгельсу. Астанкі вернага Кастусёвага сябра спачываюць на знакамітых могілках Пер-Лашэз у Парыжы, ля Сцяны камунараў. Яго жыццё было доўгае — усяго якіх дзевяць гадоў не дажыў ён да Вялікага Кастрычніка.

У выданні палымяных лісткоў «Мужыцкай праўды» прымаў удзел яшчэ адзін паплечнік Каліноўскага — Фелікс Ражанскі (гады нараджэння і смерці невядомыя), каморнік з вёскі Вялікая Бераставіца, якая стала адным з апорных пунктаў гродзенскай падпольнай арганізацыі. Паводле ўспамінаў сястры Каліноўскага Казіміры (вільнюскі гістарычны архіў), Кастусь быў з Ражанскім у самым блізкім сяброўстве, той літаральна дняваў і начаваў у Якушоўцы, калі Каліноўскі бываў дома. Апрача ўсяго іншага, іх збліжала, трэба думаць, любоў да літаратуры. Ражанскі выдатна валодаў народным словам, быў аўтарам баявых зухаватых беларускіх паўстанцкіх песень, папулярных сярод гродзенскіх паўстанцаў. Праз сорак гадоў пасля паўстання, ужо на пачатку нашага стагоддзя, ён апублікаваў у замежным друку ўспаміны пра Кастуся Каліноўскага і гродзенскую арганізацыю. Без гэтай каштоўнай першакрыніцы не можа абысціся цяпер ніводзін біёграф Каліноўскага.

Як вядома, акалічнасці выдання «Мужыцкай праўды» дагэтуль поўнасцю не высветлены. У ліку яго выдаўцоў крыніцы называюць яшчэ Станіслава Сангіна. Пра яго мы ведаем, на жаль, яшчэ менш, чым пра Ражанскага. Служыў чыноўнікам на Гродзеншчыне, выступаў у віленскім друку з артыкуламі на эканамічныя тэмы, быў абраны ў Віленскую археалагічную камісію, збіраў экспанаты для адкрытага ў Вільні музея старажытнасцей. Як бачым, зноў перад намі неардынарны чалавек. У выказваннях сучаснікаў знаходзім кароткія, але прынцыпова важныя звесткі аб тым, што Сангін, як і Урублеўскі, выступаў за падтрымку беларускай народнасці, стаяў на чале «літоўскай партыі» (Літвой тады, як вядома, нярэдка называлі Беларусь). Зразумела, што перад намі аднадумец Каліноўскага, чалавек вельмі блізкі яму па духу і грамадскіх памкненнях. На самым пачатку паўстання Сангін быў адным з кіраўнікоў гродзенскіх паўстанцаў, удзельнічаў у зацятай сямяціцкай бітве, у смелым захопе Пружан 1 лютага 1863 г., а праз два дні загінуў у баі з царскімі войскамі каля м. Рэчыца (цяпер Камянецкі раён). На жаль, * апрача вельмі агульных звестак, пададзеных у энцыклапедыі, пра Сангіна не напісана яшчэ ніводнага артыкула.

Цікава, што сярод паплечнікаў Каліноўскага па гродзенскай арганізацыі сустракаліся нават духоўныя асобы. Такім быў Ігнат Казлоўскі, ксёндз з той жа Вялікай Бераставіцы, дзе не раз бываў па канспіратыўных справах Каліноўскі. Гэта быў незвычайны святар. Досыць сказаць, што паходзіў ён з прыгонных беларускіх сялян. Гэта значыць беды народа ведаў не па чутках. Нарадзіўся каля 1832 года. Нейкім чынам здолеў атрымаць адукацыю — вучыўся ў Беластоцкай гімназіі і Віленскай духоўнай семінарыі. Між іншым, да Бераставіцы пабываў вікарыем і ў Ялоўцы, правіў службу ў тым самым касцёле, дзе ў свой час хрысцілі Кастуся. Як і Сангін, супрацоўнічаў з Віленскай археалагічнай камісіяй, што сведчыць пра значныя культурныя інтарэсы. Пра яго ўдзел у рэвалюцыйнай арганізацыі ўлады не ведалі, хоць быў момант, калі ён абвінавачваўся ў падмаўленні сялян не даваць паказанняў супраць паўстанцаў. Пасля паражэння паўстання Казлоўскі склаў з сябе духоўны сан і служыў настаўнікам у рускіх губернях. Вядома, што ў 1882 годзе ён быў ужо калежскім асэсарам, працаваў у Вусць-Мядзведзіцкай мужчынскай гімназіі (на Доне). Гэта апошняя звестка пра яго, якую пакуль што ўдалося адшукаць у архівах. Невялічкі жыва напісаны артыкул пра Казлоўскага змясціў П. Абрамовіч у красавіку 1970 года ў газеце «Голас Радзімы».

Новыя таварыскія і ідэйныя сувязі прынесла Каліноўскаму дзейнасць у віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Галоўным кіраўніком віленскіх «чырвоных» быў спачатку Людвік Звяждоўскі (1829—1864). Капітан Генеральнага штаба, якога чакала забяспечаная кар'ера, ён удзень, як і належала, старанна працаваў ва ўпраўленні Віленскай ваеннай акругі, лічыўся ўзорным афіцэрам, а вечарамі на канспіратыўных кватэрах абмяркоўваў самыя смелыя мары і планы рэвалюцыянераў. 3 гістарычных крыніц вядома і пра спрэчкі Каліноўскага з Звяждоўскім, і пра іх ідэйную блізкасць. Для рэвалюцыянераў былі надзвычай карыснымі шырокія сувязі Звяждоўскага ў вайсковых колах. Улады цалкам давяралі яму. Калі генералу Назімаву (папярэдніку Мураўёва на пасадзе віленскага генерал-губернатара) данеслі ўвосень 1862 года аб падазроных сувязях Звяждоўскага, ганарысты саноўнік ніяк не мог у гэта паверыць і ўсё абышлося пераводам Звяждоўскага ў Маскву. Вясной 1863 года ён тайна з'явіўся на Магілёўшчыне, узначаліў там пад імем «Тапара» ўзброенае выступленне супраць царызму, марачы перанесці паўстанне ў рускія губерні. (Несумненна сувязь яго псеўданіма з вядомым заклікам рэвалюцыянераў «К тапару клічце Русь!».) Спачатку справа пайшла як найлепш. 3 дапамогай студэнтаў ГорыГорацкага земляробчага інстытута Звяждоўскі захапіў павятовыя Горкі. Аднак сялянства Магілёўшчыны ў сваёй масе не толькі не падтрымала паўстанцаў, але сустрэла іх нават варожа. Працягваць паўстанне ва ўмовах такой своеасаблівай Вандэі значыла біцца з народам. Таму Звяждоўскі распусціў атрад і выехаў за мяжу. Пра дзеянні Тапара-Звяждоўскага на Магілёўшчыне яскрава расказаў нядаўна Уладзімір Арлоў у навеле «Пяць мужчын у леснічоўцы» (гл. яго кнігу «Дзень, калі ўпала страла»). Каліноўскі цяжка перажываў гэтую няўдачу. Была ў яго крыўда і на Звяждоўскага. Сам Кастусь лёгка знаходзіў агульную мову з народам і, магчыма, яму здавалася, што Звяждоўскі зрабіў не ўсё, што было можна. У адным з пісьмаў Каліноўскі кпіў: «Звяждоўскі пасля няўдачы на Магілёўшчыне з большай лёгкасцю трапіў за мяжу, чым у атрад, напрыклад, у Мінскім, Гродзенскім ваяводствах або на Жмудзі». (К. Калнновскнй. Нз печатного н рукоішсного наследня. Мн., 1988. С. 75). Аднак Звяждоўскі да канца выканаў свой абавязак рэвалюцыянера. Пранік у Полыпчу, смела там ваяваў, камандаваў паўстанцкай дывізіяй, быў схоплены карнікамі і павешаны ў горадзе Апатаве ў лютым 1864 г., у тыя самыя дні, калі Каліноўскі чакаў вырашэння свайго лёсу ў віленскай дамініканскай турме.

Увосень 1862 года ў Вільні Каліноўскі ўзначаліў так званы Літоўскі камітэт «чырвоных» — цэнтр падрыхтоўкі паўстання на ўсёй тэрыторыі Літвы і Беларусі. У камітэт уваходзілі розныя па характары і сацыяльным становішчы людзі. Іх усіх аб'ядноўвала нянавісць да царызму, вера, што толькі ўзброеным паўстаннем можна дамагчыся радыкальных перамен у грамадстве. Назавём некаторых з іх.

Ян Козел (1837 — 1896) — адстаўны афіцэр, адзін з заснавальнікаў мінскай арганізацыі «чырвоных». Увосень 1862 года выкліканы з Мінска ў Вільню ён стаў надзейным паплечнікам Каліноўскага. Калі пачалося паўстанне ў Польшчы і трэба было неадкладна вырашыць, што рабіць рэвалюцыянерам Беларусі і Літвы, менавіта яго, Козела, паваротлівага і ў той жа час цвёрдага (псеўданім — «Скала»), паслаў Каліноўскі ў Пецярбург і Маскву для ўзгаднення планаў выступлення з Серакоўскім і Звяждоўскім. Місія, як бачым, вельмі адказная. Вяртаючыся, Козел пабываў тады на Міншчыне і Гродзеншчыне. Потым ваяваў у паўстанцкіх атрадах на тэрыторыі Польшчы, быў у эміграцыі.

Баляслаў Длускі (1826—1905). Чалавек са значным жыццёвым вопытам, цікавай біяграфіяй. Яшчэ будучы вучнем Віленскай гімназіі, за ўдзел у рэвалюцыйных канспірацыях аддадзены ў салдаты і адпраўлены на Каўказ пад кулі горцаў. Вынес гэта, заслужыў афіцэрскія пагоны, што дало магчымасць пайсці ў адстаўку. Нейкі час вучыўся ў Пецярбургу на мастака. Потым скончыў Маскоўскі універсітэт (студэнтам, як успамінаюць сучаснікі, насіў беларускую сярмягу), стаў доктарам. Бачыў самабытнасць Беларусі і Літвы, упарта адстойваў іх правы на перагаворах з варшаўскімі рэвалюцыянерамі. На пачатку паўстання пасланы Каліноўскім на Ковеншчыну узначаліў там буйны паўстанцкі атрад. Умела выкарыстоўваючы свой каўказскі вопыт, біўся з царскімі войскамі. Потым прадстаўляў інтарэсы «чырвонага жонда» Літвы і Беларусі за мяжою, клапаціўся аб зброі для паўстанцаў. Захавалася перапіска Каліноўскага з Длускім гэтага перыяду, якая сведчыць аб поўным даверы паміж імі. Гэта Длускаму пісаў зухавата-шчымліва наш верны рыцар свабоды: «Не турбуюся не аб чым... А калі прыдзецца павіснуць, то хай будзе на пацеху ўсім літоўскім панам і прасветлай Маскве!»

Зыгмунт Чаховіч (1831 — 1907) — нязменны «экспедытар» віленскага паўстанцкага цэнтра, трымаў у памяці ўсе прозвішчы, адрасы і яўкі, кіраваў сувязямі з мясцовымі падпольнымі арганізацыямі Літвы і Беларусі. Перажыўшы катаргу і ссылку, вярнуўся на Лагойшчыну. Жыў у маёнтку Малыя Бясяды (каля в. Янушкавічы). Тут таксама яму на першым часе давялося не соладка, здаралася, не было чым скрасіць вячэру, але ён заўсёды як прадстаўнік былога паўстанцкага цэнтра «чырвоных» помніў пра даўгі паўстання, пра грошы, па-

зычаныя колісь на паўстанцкія мэты. I як толькі атрымаў спадчыну, у першую чаргу разлічыўся з гэтымі даўгамі. Паплечніку Каліноўскага Чаховічу выпала ў жыцці сустрэцца з маладым Купалам. Скупы на аўтабіяграфічныя сведчанні Янка Купала не раз з падзякай успамінаў Чаховіча і яго багатую бібліятэку ў Бясядах. Сустрэчы Купалы з Чаховічам каларытна паказаў у сваёй п'есе «Калыска чатырох чараўніц» Уладзімір Караткевіч.

У 1972 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» (за 2 чэрвеня) з'явіўся артыкул У. Яфрэмава пад характэрнай назвай «Сябра Манюшкі, паплечнік Каліноўскага, змагар парыжскіх барыкад». Размова ў ім ішла пра Ахіла Банольдзі (1821 —1871), які быў, бадай што, самым незвычайным з усіх незвычайных людзей, што акружалі Каліноўскага. Мяркуйце самі. Італьянец па паходжанні, нарадзіўся ў Іспаніі, вучыўся ў Швейцарыі. Чалавек тэмпераментны, захоплены мастацтвам, у маладыя гады апынуўся ў Вільні, як спявак і настаўнік быў заўзятым прапагандыстам музычнай культуры, усёй душой палюбіў край, які стаў для яго другой радзімай. Разам з Каліноўскім рыхтаваў паўстанне. Вымушаны ўцячы за мяжу, выконваў там важныя даручэнні правадыра паўстання. У 1871 г. памёр ад ран, атрыманых на барыкадах Парыжа. Лёс яго таксама заслугоўвае мастацкага асэнсавання.

Блізкім чалавекам Каліноўскаму быў афіцэр корпуса шляхоў зносін, інжынер-пуцеец Уладзіслаў Малахоўскі (каля 1830—1900). Адчайны, рызыкоўны, ён нават, як казалі, выцягнуў аднойчы рэвальвер у жандара, што стаяў на варце. Смела і паслядоўна вырашаў ён пытанні рэвалюцыйнай тактыкі. Будучы ў Вільні паўстанцкім начальнікам горада, улетку 1863 г. разам з Каліноўскім падрыхтаваў новы пераварот у рэвалюцыйнай арганізацыі, які завяршыўся адхіленнем ад улады «белых» і ўтварэннем «чырвонага жонда». Вымушаны выехаць у Пецярбург, выканаў там надзвычай важныя даручэнні Каліноўскага па наладжванні сувязяў з рускай рэвалюцыйнай арганізацыяй «Зямля і Воля». Лінгвісты заўважылі, што сёмы нумар «Мужыцкай праўды», выпушчаны ўлетку 1863 года пасля значнага перапынку, адрозніваецца па мове ад астатніх. У сувязі з гэтым выказваецца цікавае меркаванне: «Гэтыя разыходжанні апошняга нумара з шасцю папярэднімі гавораць за тое, што апошні напісаны кімсьці з паплечнікаў Каліноўскага, прадстаўніком паўднёвай (окаючай) гаворкі» (I. I. Крамко, А. К. Юрэвіч, А. I. Яновіч. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1968. Т. 2. С. 68). Ім якраз мог быць Малахоўскі, родам з Кобрыншчыны.

Нельга не ўспомніць у гэтым артыкуле і Ігната Здановіча (1841 —1863), юнага выпускніка сталічнага універсітэта з дыпломам кандыдата матэматычных навук, сына вядомага віленскага педагога і літаратара. Маючы вялікія матэматычныя здольнасці і зусім акрэсленую схільнасць да высокай навукі, ён ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму адмовіўся ад навуковай кар'еры і палічыў за лепшае весці касу і рахункі паўстанцкай арганізацыі. Пасля арышту нікога не выдаў. Як небяспечны вораг самадзяржаўя публічна павешаны ў Вільні 21 снежня (па старым стылі).

Нельга абмінуць у нашым мартыралогу і Цітуса Далеўскага (1840— 1863). Зусім малады яшчэ студэнт, парастак сям'і, якая дала вызваленчаму руху шмат выдатных дзеячаў. Ен — бліжэйшы памочнік Каліноўскага ў складанай і небяспечнай справе адзінаборства з царызмам — быў заўсёды пад рукой, мог і ўмеў усё. Яго расстралялі на той жа Лукішскай плошчы праз дзевяць дзён пасля гібелі Здановіча.

Столькі прынесена высакародных ахвяр, маладой любві і адвагі. Чаго вартыя адны даты: год нараджэння — саракавы, сорак першы, апошняя рыса — шэсцьдзесят трэці-чацвёрты. Можам уявіць, як цяжка перажываў смерць сяброў Каліноўскі, чалавек найвялікшага сэрца. Дый у самога тая ж сумная, трагічная «арыфметыка»: 1838—1864.

Сапраўдным штабам Каліноўскага ў Вільні была кватэра Ямантаў на Ратушнай плошчы (цяпер плошча вакол Мастацкага музея Літоўскай ССР у раёне вуліцы Дзіджойі, нядаўняя вуліца М. Горкага). Яманты добра ведалі Беларусь — бацька доўгі час служыў там у князёў Вітгенштэйнаў. Сын-студэнт Іосіф Ямант (нарадзіўся каля 1841 г., год смерці невядомы, пятля яго абмінула) быў сакратаром Каліноўскага, памагаў правадыру паўстання, «развіваючы яго сюжэты на паперы»; яны разам вялі «палеміку з Варшавай, якая не разумела мясцовых адметных умоў літоўскага краю» (вільнюскі гістарычны архіў — паказанні Яманта). У верасні 1863 года К. Каліноўскі накіраваў яго камісарам у Мінск для ўзмацнення тутэйшай рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь прасіў свайго паплечніка найперш высветліць, як можна прыцягнуць сялян да паўстання, якога характару павінны быць друкаваныя адозвы. Сястра Іосіфа Марыя была нявестай Каліноўскага. Гэта тая самая Марыська чарнабровая з развітальнага верша рэвалюцыянера. За ўдзел у паўстанні Яманты ўсёй сям'ёй былі сасланы ў Сібір, дзе ўсяляк клапаціліся пра іншых ссыльных, удзельнічалі ў тайных справах тамашніх арганізацый. Апошнім часам пра Ямантаў былі цікавыя публікацыі В. Шалькевіча ў газеце «Голас Радзімы» (1968, 7 студз., 14 ліп.).

Сярод блізкіх К. Каліноўскаму людзей нельга не ўспомніць Юзафа Каліноўскага (1835 —1907), Антанаса Мацкявічуса (1828 — 1863), Эразма Заблоцкага, Ільдафонса Мілевіча...

Мы назвалі толькі некаторых бліжэйшых сяброў і паплечнікаў Кастуся Каліноўскага. Гэта нібы маленькая, далёка не поўная галерэя людзей з яго акружэння. Верыцца — з цягам часу выдавецтва Беларуская Савецкая Энцыклапедыя наважыцца падрыхтаваць грунтоўны том — Энцыклапедычны даведнік «Кастусь Каліноўскі», дзе кожнаму яго паплечніку, сябру будзе адведзена належнае месца. Несумненна, што вывучэнне акружэння Каліноўскага шмат што дадае да незгасальнага вобраза «атамана мужыцкай праўды».

 

Зноскі:

Генадзь Васілевіч Кісялёў, вядомы беларускі гісторык і літаратуразнаўца. Нарадзіўся ў 1931 г. у Каломне Маскоўскай вобл. У 1953 г. скончыў Маскоўскі гісторыкаархіўны інстытут. Працаваў у архіўных установах Вільнюса. Захапіўся архіўнымі матэрыяламі пра Беларусь, вывучыў беларускую мову, даследаваў пытанні паўстання 1863 —1864 гг. на Беларусі і ў Літве, шмат увагі прысвяціў К. Каліноўскаму, склаў летапіс яго жыцця і дзейнасці. Напісаў кнігі «Сейбіты вечнага» (Мн., 1963), «3 думай пра Беларусь» (Мн., 1966), «Загадка беларускай Энеіды» (Мн., 1971), «Паплечнік Каліноўскага» (Мн., 1976), «Пошукі імя» (Мн., 1978), «Героі і музы» (Мн., 1982).

3 1971 г.— старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР.

 

Ілюстрацыі:

П. Герус. Кастусь Каліноўскі. Літаграфія. 1985.

3. Азгур. Бюст К. Каліноўскага. Граніт. 1960.

В. Шматаў. Кастусь Каліноўскі сярод касінераў. Палатно. Алей. 1987.

А. Марачкін. Кастусь Каліноўскі. Палатно. Алей. 1985.

С. Логвін. Бюст Кастуся Каліноўскага. Гіпс. 1984.

Л. Гумілеўскі. Бюст К. Каліноўскага. 1977.

 

// Беларуская мова і літаратура ў школе

2'89, с. 46-52