ЗМАГАННЕ ВЁЎ ЗА ВОЛЮ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 487 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.6%UNITED STATES UNITED STATES
25.8%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

ЗМАГАННЕ ВЁЎ ЗА ВОЛЮ

(Нататкі пра літаратурна-эстэтычныя погляды Кастуся Каліноўскага)

Ён нарадзіўся сто пяцьдзесят гадоў таму назад, 2 лютага 1838 года, у сям'і малазямельнага беларускага шляхціца з вёскі Мастаўляны былога Гродзенскага павета Сымона Сцяпанавіча Каліноўскага. Маці яго, даўшы жыццё дванаццаці дзецям, памерла ў 37-гадовым узросце, калі хлопчыку споўнілася пяць гадоў. А 22 сакавіка 1864 года 26-гадовы кандыдат права Санкт-Пецярбургскага універсітэта, публіцыст і рэвалюцыянер Кастусь Каліноўскі ўзышоў на эшафот на плошчы ля Лукішскай турмы ў Вільні і быў павешаны па прыгавору ваенна-палявога суда і па загаду Мураўёва-вешальніка. Развітваючыся з віленцамі, з сябрамі па ўзброеным паўстанні, з сялянамі, што прыехалі ці прыйшлі пехатою ў Вільню, з усім светам белым, ён думаў пра будучыню Беларусі, яе культуру, родную мову, зычыў ёй светлага шчасця і добрай славы сярод народаў-братоў.

Пэўна, успамінаў незабыўны воблік маці. Памятаў бацьку, гэтага беларускага вясковага Іова, які пахаваў маладую жонку і дванаццаць дзяцей ад яе. Самы здольны і праслаўлены, Канстанцін, паміраў апошнім сярод іх. Перад самым пачаткам паўстання 1863 года памёр ад сухотаў яго брат, Віктар, настаўнік і найпершы сябра, што ў шчаслівым лёсе мог стаць выдатным вучоным і грамадскім дзеячам. Сацыяльнае і нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў 1863 годзе – адно з самых трагічных у славянскай гісторыі, а яго найбольш радыкальны кіраўнік К. Каліноўскі – адзін з самых трагічных рэвалюцыйна-дэмакратычных і народніцкіх змагароў супраць сацыяльна-эканамічных і палітычных асноў царызму.

Месца К. Каліноўскага ў нацыянальнай літаратуры не абмяжоўваецца яго публіцыстычнай і паэтычнай спадчынай (сем нумароў падпольнай газеты «Мужыцкая праўда», лірычны верш «Марыська, чарнаброва галубка мая...», запавет «Ліст з-пад шыбеніцы», маніфест «Прыказ да народа зямлі Літоўскай і Беларускай»), хоць і яна – унікальная з'ява, і не толькі ў айчыннай культуры. Без перабольшання можна сказаць: новая беларуская літаратура на сваім пачатку «хрысцілася» ў агні паўстання на чале з К. Каліноўскім. Маю на ўвазе не толькі ўдзел у ім В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча. Відавочна, што змест і танальнасць вершаў Багушэвіча ў пэўнай ступені былі ўжо «запраграмаваны» трагічнымі вынікамі паўстання 1863 – 1864 гадоў. Аднак і ўся беларуская дарэвалюцыйная літаратура адчувала на сабе гэты вялікі палітычны і псіхалагічны штуршок, вынікам якога было паскарэнне росту сацыяльнай, нацыянальнай і духоўнай самасвядомасці беларускага народа.

Урэшце, і цэнтральны вобраз беларускай класічнай літаратуры, спецыфічна нацыянальны тып селяніна-мужыка ўпершыню набыў сацыяльнае і мастацкае аблічча ў рэвалюцыйнай і літаратурнай творчасці Кастуся Каліноўскага. Ідэя «мужыцкай праўды» натхняла ўсю беларускую дэмакратычную літаратуру і публіцыстыку купалаўска-коласаўскай школы і так званай «нашаніўскай» плыні. Сацыяльна-гістарычнай перадумовай універсальнай для беларускай літаратуры «мужыцкай праўды» былі пэўныя рэальнасці ў гісторыі славянскіх народаў. Гутарка ідзе пра вольную асацыяцыю земляробаў. I хоць у сваёй закончанай, класічнай форме такі ідэальны для селяніна грамадска-палітычны лад так ніколі і не рэалізаваўся, узнікаў лакальна і спарадычна, найчасцей толькі фрагментарна, аднак жа гэтага было даволі, каб сфарміравалася ідэалогія народнай вольнасці, што грунтуецца на «мужыцкай праўдзе».

К. Каліноўскі пераконваў сялян: «Быў то калісьці народ наш вольны і багаты. Не помняць гэтага нашы бацькі і дзеды, но я вычытаў у старых ксёнжках, што так калісьці было». У такім выпадку, кажа ён далей, калі ўсе людзі роўныя ад прыроды, то «скуль жэ гэто ўзялося, што адзін марнуе да і над людзьмі збыткуе, а другі бедны паншчыну служыць або аброкі ў казну плаціць?» Праўда, пісьменніку і рэвалюцыянеру не ўдалося па-навуковаму раскрыць узнікненне сацыяльнай няроўнасці і эксплуатацыі, бо вучэнне пра класавую барацьбу дайшло да яго толькі ў рамантычнай і абстрактнай форме. Ператварэнне ўрада з выканаўцы народнай волі ў тыранію ён тлумачыў раздзелам Рэчы Паспалітай суседнімі дзяржавамі. Аднак жа для рэвалюцыянера Каліноўскага важна было даказаць працоўнаму народу, што яго цяперашняе прыгнечанае становішча не вечнае, што народная воля і мужыцкая праўда – рэальнасць мінуўшчыны і будучыні, не дзіцячая мара, якой ніколі не было ў рэальным жыцці. Адсюль упэўненасць, што працоўны чалавек можа кіраваць грамадствам на аснове мужыцкай праўды: «Мінуло ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі для сахі –цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці такую праўду справядлівую, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і як маланка пераляціць па свеці! Няхай пазнаюць, што мы можэм не толькі карміць хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдай»2.

Народная праўда, зямля сялянам і воля грамадзе – вось той ідэалагічны падмурак, які закладваўся К. Каліноўскім і які пазней стаў ідэйнай асновай беларускай класічнай літаратуры. Гэты ідэал набываў шматграннае мастацкае выяўленне красы роднага краю, і ён жа паслужыў эстэтычнай, сацыяльнай і маральнай асновай для ўсебаковай крытыкі агіднага і антыгуманнага грамадска-палітычнага ладу. Вось гэты ідэал у «Мужыцкай праўдзе» Каліноўскага: «Мы сягодня ўсе ўжо ведаем, што чалавек вольны – гэта калі мае кусок сваёй зямлі, за катору ані чыншу і аброку не плаціць, ані паньшчыны не служыць; калі плаціць малыя падаткі, і то не на царскія стайні, псярні і курвы, а на патрэбу цэлага народу; калі не ідзе ў рэкруты чорт ведае гдзе, а ідзе бараніць свайго краю...; калі робіць усенька, што спадабае і што не крыўдзіць бліжняго і хвалы боскай; калі вызнае тую веру, якую вызнавалі яго бацькі, дзеды і прадзеды»3. Паслядоўная дэмакратыя азначае паўнату народнага суверэнітэту. «I як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так і добры жонд (урад. – У. К.) глядзець павінен шчасця людзей, служыць народу і рабіць так, як народові лепей. I не дзіва, бо не народ зроблены для жонду, а жонд для народу»4.

Думка К. Каліноўскага пра максімальна поўнае выяўленне волі народа і задавальненне яго законных правоў і сёння актуальная для нас, грамадзян краін рэальнага сацыялізму і народнай дэмакратыі, дзе функцыі ўрада, іншых устаноў дзяржаўнага і грамадскага кіравання пастаўлены на службу грамадства і кожнага працоўнага чалавека асабіста.

Гэты ж паслядоўны дэмакратызм мужыцкага ідэолага з Беларусі быў не даспадобы ліберальным вярхам дваранскага кіраўніцтва паўстаннем. Вядома, што летам 1862 года амаль адначасова са стварэннем у Варшаве Цэнтральнага нацыянальнага камітэта паўстання ў Вільні ўзнік Літоўскі правінцыяльны камітэт. I калі ў лютым 1863 года кіраўніцтва паўстаннем у Варшаве і Вільні часова захапілі «белыя», то намаганнямі Каліноўскага і яго аднадумцаў – 3. Серакоўскага, А. Трусава, А. Мацкявічуса, 3. Чаховіча і іншых – удалося аднавіць беларуска-літоўскую аўтаномію. З гэтага часу К. Каліноўскі жыў на канспіратыўных кватэрах у Вільні і пад імёнамі Макарэвіча, Чарноцкага, Вітажэнца і фактычна кіраваў паўстанцкім рухам на Беларусі і ў Літве, хоць афіцыйна быў прызначаны камісарам цэнтральнага рэвалюцыйнага ўрада па Гродзенскім ваяводстве. Летам 1863 года ён публікуе прыказ «да народа зямлі Літоўскай і Беларускай», які стаў пераломным у руху паўстання на Беларусі і ў Літве да радыкальнай сялянскай рэвалюцыі. «Дзела наша, – звяртаецца да народа Каліноўскі, – не дзела панскае, а справядлівай вольнасці, якой вашыя дзеды і бацькі здаўна жадалі...»1 Ужо тады беларускі нацыянальна-вызваленчы рух набыў выразны сялянскі і антыпамешчыцкі кірунак 2.

Трагічная асоба К. Каліноўскага, неажыццёўлены літаратурны талент, самаахвяраванне жыццём дзеля народнай справы зрабілі моцны ўплыў на беларускую літаратурную думку.

Паўстанне 1863 года было адным з цэнтральных звенняў палітычнага і духоўнага адраджэння беларускага народа: без яго не адбылося б паскоранае развіццё нацыянальнай культуры ў пачатку XX стагоддзя. Але паражэнне рэвалюцыйнага руху 60-х гадоў у Расіі, Беларусі, Літве і Польшчы прыдало гэтаму духоўнаму руху ў грамадскім жыцці, у мастацтве, літаратуры і публіцыстыцы водбліск глыбокай трагічнасці. Першы прафесійны беларускі пісьменнік і тэатральны дзеяч Вінцук Дунін-Марцінкевіч (1808 – 1884), ён жа першы «доўгажыхар» сярод беларускіх літаратараў, нястомна працаваў для беларускай культуры. А яму царызм адплаціў забаронай яго твораў, ссылкай, паліцэйскім наглядам і беднасцю пад старасць, палітычнай ссылкай яго таленавітых дачок. Францішак Багушэвіч – заснавальнік рэвалюцыйна-дэмакратычнай паэзіі і публіцыстыкі ў беларускай літаратуры пражыў толькі шэсцьдзесят гадоў, з іх дваццаць гадоў, якія маглі б стаць перыядам творчага ўзлёту, правёў за межамі радзімы, працуючы справаводам, следчым, адвакатам і ніколі – прафесійным літаратарам. Дзве кніжкі паэзіі яго друкаваліся за мяжой, шмат беларускіх твораў загінула ў рукапісах, і нават праз сем гадоў пасля смерці пісьменніка царызм прыцягваў да крымінальнай адказнасці асоб, якія асмеліліся іх перадрукоўваць і распаўсюджваць. Паслядоўнік Ф. Багушэвіча паэт і фалькларыст Адам Гурыновіч (1869 – 1894) памёр у студэнцкія гады пасля арышту і паўгадовай адсідкі ў пецярбургскай турме. Янка Лучына (1851 – 1897) пражыў сорак шэсць гадоў, здольны паэт і публіцыст, які так і не дамогся права быць прафесійным літаратарам.

Трагічным змаганнем за свой народ, родную мову, мастацкую культуру было жыццё класікаў беларускай літаратуры. Янка Купала марыў пра месца бібліятэкара, каб знайсці час для самаадукацыі і літаратурнай працы, а працаваць прыходзілася на бровары; у панскіх маёнтках, ці, урэшце, узяць на сябе ўвесь груз «нашаніўскай» выдавецкай справы. Якуб Колас быў таленавітым педагогам, які пасля пяці гадоў самаадданай працы ў народных школах Палесся тры гады сядзеў у турме за ўдзел у недазволеным настаўніцкім з'ездзе. Таленавіты паэт, публіцыст і грамадскі дзеяч Алаіза Пашкевіч (Цётка), палымяна любячы свой народ і сваю радзіму, доўгі час ратавалася ад судовых праследаванняў за мяжой і памерла ў саракагадовым узросце, ратуючы сваіх аднавяскоўцаў ад тыфу. Алесь Гарун за ўдзел у рэвалюцыйным руху быў сасланы на дзесяць гадоў – на ўсю сваю кароткую маладосць – у далёкую ссылку, а вярнуўся на радзіму пасля Лютаўскай рэвалюцыі, памёр у 1920 годзе ад сухотаў на трыццаць трэцяе лета свайго жыцця. Геніяльны юнак Максім Багдановіч, які так глыбока любіў свой народ, радзіму, рэдка бачыў іх твар у твар, памёр на дваццаць шостай вясне свайго яркага жыцця. А першы беларускі кампазітар Вінцэсь Клімовіч, сялянскі сын, які толькі за сяброўства з рэвалюцыянерамі 1863 года быў сасланы «ў больш аддаленыя месцы» Сібіры, дзе і прапаў ягоны след. А беларускія жывапісцы, графікі і скульптары XIX – пачатку XX стагоддзя, што любілі свой народ, але рэдка мелі магчымасць працаваць на карысць яго духоўнай культуры. Тут асабісты трагічны лёс нашых першых пісьменнікаў і мастакоў супаў з агульнай сацыяльна-нацыянальнай трагедыяй народа, і гэта адбілася трагічным водбліскам на яго мастацкай культуры.

Пачынаючы выдаваць першую на Беларусі рэвалюцыйную газету «Мужыцкая праўда», К. Каліноўскі добра, на творча-пісьменніцкім узроўні валодаў беларускай мовай. Ці была яна яго матчынай і бацькоўскай гаворкай? 3 біяграфіі рэвалюцыянера вядома, што ён вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, пераўтворанай у павятовае вучылішча, дзе мовай выкладання былі руская і польская, але толькі не беларуская мова. У 1856 – 1860 гадах быў «казённакоштным» студэнтам Пецярбургскага універсітэта, атрымаў добрыя веды ў юрыдычных навуках, рускай і ўсеагульнай гісторыі, палітэканоміі, логіцы, псіхалогіі, архітэктуры, рускай і французскай мовах. Яго беларускае сумоўе магло адбывацца ў студэнцкім зямляцкім гуртку «Огул», дзе ён быў бібліятэкарам-кіраўніком і дзе пазнаёміўся з будучымі ўдзельнікамі паўстання Э. Вярыгам, I. Здановічам, Ф. Зянковічам, I. Ямантам і іншымі. У ліку універсітэцкіх калег К. Каліноўскага – Д. Пісараў, грузінскія пісьменнікі I. Чаўчавадзе і А. Цэрэтэлі, у Публічнай бібліятэцы ён пазнаёміўся і пасябраваў з украінскім гісторыкам М. I. Кастамаравым, а праз яго ці праз 3. Серакоўскага мог пазнаёміцца з Тарасам Шаўчэнкам. К. Каліноўскі быў на другім курсе, калі зазваніў «Колокол»1 А. I. Герцэна, і на апошнім курсе, калі ў 9-й кніжцы «Современника», палітычным кіраўніком якога быў М. Г. Чарнышэўскі, пабачыў свет артыкул М. А. Дабралюбава з вядомым прароцтвам: «Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы».

Асабісты духоўны і сацыяльны вопыт, знаёмства з рэвалюцыйным рухам у Расіі і Польшчы паўплывалі на станаўленне асобы беларускага рэвалюцыянера і публіцыста, садзейнічалі развіццю яго нацыянальнай самасвядомасці. Але нельга не ўлічыць тут і побыт беднай шляхты, да якой належала шматдзетная сям'я Каліноўскіх. Яна з той беззямельнай, дробнафальварковай беларускай шляхты, якая сваім жыццёвым узроўнем не адрознівалася ад серадняцкага сялянства, выдзялялася хіба што больш высокай адукаванасцю. Да гэтай шляхты звяртаўся Вінцук Дунін-Марцінкевіч, заклікаючы да «класавай гармоніі» паміж «дваранскімі» інтэлігентамі і беларускім сялянствам. Дарэчы, першая кніжка Дуніна-Марцінкевіча драма-ідылія «Сялянка» выйшла з друку ў 1846 годзе, калі васьмігадовы Кастусь жыў у бацькоўскім фальварку Якушоўка. А ў 1855 годзе, калі ён збіраўся паступаць у Пецярбургскі універсітэт, у асяроддзі шляхты і сялянства чыталі вершаваныя аповесці першага беларускага прафесійнага пісьменніка і тэатральнага дзеяча «Гапон» і «Вечарніцы». Гэта ўжо была пэўная нацыянальна-літаратурная традыцыя; далучыўшыся да яе, К. Каліноўскі добра валодаў роднаю мовай. Трэба  думаць, што яна была «хатняю мовай» сям’і Каліноўскіх і, безумоўна, сялян-суседзяў.

У тэарэтычных вытоках светапогляду К. Каліноўскага была філасофія і эстэтыка В. Р. Бялінскага, М. А. Дабралюбава, М. Г. Чарнышэўскага, максімальна набліжаная да штодзённых клопатаў сялянства. Маецца на ўвазе не простая зкстрапаляцыя рускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай ідэалогіі на тагачасную беларускую рэчаіснасць. У рэвалюцыйнай практыцы і публіцыстыцы Каліноўскага адчуваецца глыбокая ўкаранёнасць у шматвяковыя пласты народнай культуры. Цэнтральнай катэгорыяй яго маральна-эстэтычнай канцэпцыі было традыцыйнае ўяўленне ўсходнеславянскіх народаў пра адвечную праўду, па-мастацку ўвасобленае ў разнастайных жанрах айчыннага фальклору. Гэтай «праўдзе» ў народных уяўленнях надаваўся анталагічны, гэта значыць «быційны» статус са значэннем пластычна выяўленага адзінства Ісціны, дабра і красы. У публіцыстыцы Каліноўскага гэтая ідэя канкрэтызавалася ўсэнсе «мужыцкай праўды» і пад гэтай назвай стала зместам рэвалюцыйнай агітацыі ў яго падпольнай газецу. Адзначым, што паняцце праўды – спецыфічная катэгорыя літаратурнай, эстэтычнай і філасофскай думкі ўсходнеславянскіх народаў. Яна не мае дакладных аналогій у літаратуры і філасофіі іншых еўрапейскіх рэгіёнаў.

Даследчыкі адзначылі: у публіцыстыцы К. Каліноўскага ўжо вызначыліся асноўныя тэмы і ідэі беларускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры. Маюцца на ўвазе яе вядучыя тэмы народа, народнай волі, сацыяльнага становішча працоўнага чалавека, непрыманне буржуазна-памешчыцкага і бюракратычнага грамадства, крытыка эксплуататарскай сутнасці дзяржавы, першапачатковая цэласнасць або сінкрэтызм сацыяльнай, маральнай і эстэтычнай праблематыкі, ідэя велічы і магутнасці працоўнага народа, урэшце, пэўная кананізацыя самабытнасці і паўнаты сялянскага быцця. У агульным плане вызначана месца светапогляду К. Каліноўскага ў станаўленні беларускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі. Гісторыкі даследавалі яго светапогляд і рэвалюцыйную дзейнасць. 3 найбольшай паўнатой, на дакументальнай аснове гераічная біяграфія рэвалюцыянера раскрыта ў кніжках Генадзя Кісялёва «3 думай пра Беларусь» (1966), «Героі і музы»1 (1982). Аднак яшчэ недастаткова яго літаратурная спадчына, светапогляд і рэвалюцыйная дзейнасць упісаны ў гісторыю беларускай літаратуры і эстэтычнай думкі. Не заўсёды ўлічваецца той факт, што зварот Каліноўскага да народа на яго роднай і «мужыцкай» мове быў своеасаблівым літаратурна-эстэтычным актам размежавання з польскімі шляхецкімі рэвалюцыянерамі. З яго пачалася тая праграмуючая функцыя роднай мовы ў развіцці нацыянальнай мастацкай культуры, якая і сёння не толькі не вычарпала сябе, але апошнім часам набыла яшчэ большае актуальнае значэнне.

Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць К. Каліноўскага характарызуецца сацыяльна-крытычньм рэалізмам і рэвалюцыйным рамантызмам. Тагачасную сацыяльна-палітычную рэальнасць ён ацэньваў паняццямі агіднага і нізкага, пэўным чынам ідэалізаваў беларускую мінуўшчыну, верыў у пераўтваральную сілу асветы і мастацкай культуры, а сацыяльную гармонію і справядлівасць бачыў у «мужыцкай праўдзе». У яго творчасці выявілася трагічная супярэчнасць паміж ідэалам і рэальнасцю, рэвалюцыйна-рамантычнымі спадзяваннямі на шчасце народнае.

Газету «Мужыцкая праўда» (1862 – 1863) К. Каліноўскі выдаваў пры падтрімцы сваіх саратнікаў В. Урублеўскага і Ф. Ражанскага. «А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам і бацькам»3. На гэтай аптымістычнай ноце «Яська гаспадар з-пад Вільні» (літаратурны псеўданім К. Каліноўскага) закончыў выданне газеты. Яна сведчыць, што ідэал сацыяльнай праўды аўтар бачыў усё ж не ў даўняй «вольнасці», а ў перспектыве пераможнай рэвалюцыі.

Разумеючы гістарычнае значэнне першай газеты на беларускай мове, К. Каліноўскі нават з фармальнага боку падкрэсліваў, што чытач трымае ў руках перыядычнае выданне. У ей пазначалася цана («Каштуе пяць грошы»), хоць раздавалася і бясплатна. Яе стылістычныя сродкі, гратэскная вобразнасць, узятыя з народнай гутарковай мовы грубаватыя звароты, нават лаянка – усё разлічвалася на пачуццёва-эстэтычнае ўздзеянне. Ёсць таксама рысы стылізацыі пад простанародную гутарку («пранцузы» замест «французы», «Свістопаль» замест «Севастопаль», «некрут» замест «рэкрут» і да т. п.). Аўтар карыстаўся традыцыйным для ўсходнеславянскіх літаратур сімвалам сейбіта, які сее разумнае, добрае, вечнае: «Так сейце, дзецюкі, як прыйдзе пара, роўнаю рукой, не шкадуючы працы – каб і мужык быў чалавекам вольным!..»4

Склалася высакародная этыка і сімволіка паўстанцаў, узнёсла-гераічная эстэтыка іх паводзін і ўзаемаадносін, асабліва такіх самаахвярных, як К. Каліноўскі. Відаць, яму належыць тэкст вядомага пароля беларускіх паўстанцаў: «Каго любіш?   – Люблю Беларусь!  –  Так узаемна!»3 Паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага – гэта самастойнае ваенна-палітычнае выступленне беларускага народа за сацыяльную справядлівасць і нацыянальнае самавызначэнне.

У 1867 – 1868  гадах па заданні М. Мураўёва генерал-маёр артылерыі В.Ф.Ратч апублікаваў двухтомныя «Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России». Яны даследаваліся Г. Кісялёвым для ўдакладнення светапогляду К. Каліноўскага. Крытычны аналіз гэтых матэрыялаў дазваляе зрабіць выснову: беларускі рэвалюцыянер быў найбольш паслядоўным прадаўжальнікам рэвалюцыйна-дэмакратычнай філасофіі і эстэтыкі А. Герцэна, рэвалюцыянерам-інтэрнацыяналістам, прынцыповым абаронцам правоў беларускага і літоўскага народаў на палітычнае і культурнае самавызначэнне. Вось толькі некалькі характарыстык рэвалюцыянера ў «Сведениях» В. Ратча: Каліноўскі гаварыў «пра вялікія філасафічныя, сучасныя ідэі польскай эміграцыі, што вітаюцца і ў Расіі». Ён настойваў на стварэнні сялянскіх рэвалюцыйных арганізацый, хацеў «аддаць усю зямлю сялянам і з асяроддзя сялян выбраць асоб для выканання свайго плана». Ён жа спадзяваўся на падтрымку рэвалюцыі сялянамі велікарускіх губерняў. К. Каліноўскі энергічна выступіў супраць планаў польскіх шляхецкіх нацыяналістаў далучыць Беларусь і Літву да Польшчы на правах звычайных ваяводстваў. I ён жа адгаварыў сваіх сяброў па кіраўніцтву паўстаннем 3. Серакоўскага і Л. Звяждоўскага ад іх плана канфедэратыўнай дзяржавы ў адной непадзельнай Польшчы на карысць прадстаўлення шырокай самастойнасці для Беларусі і Літвы.

Духоўны запавет рэвалюцыянера, вядомы пад назваю «Пісьмо з-пад шыбеніцы» натхняў наступных змагароў за народнае шчасце. Ён пачынаецца з адзінага, які мы маем, верша рэвалюцыянера. У ім вобраз дзяўчыны адначасова сімвалізуе і трагічны лёс маладой рэвалюцыйнай Беларусі, і цяжкі шлях духоўнага прасвятлення кожнай творча актыўнай асобы, а яшчэ – шчымліва-балючае расставание з жыццём, з Радзімай, асветленае надзеяй на яе шчасце ў будучыні:

Марыська чарнаброва, галубка мая!

Дзе ж падзелася шчасце і ясна доля Твая?

Усё прайшло, прайшло – як бы не бывала,

Адно – страшэнна горыч у грудзях застала.

. . . . .

Бывай здаровы, мужыцкі Народзе!

Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.

I часам спамяні пра Яську свайго,

Што згінуў за праўду для дабра твайго.

У заключэнні верша паэт спадзяецца: рана ці позна «слова пяройдзе ў дзела», народ ажыццявіць ідэалы свабоды і праўды. Гэтая самаахвярная вера ў жыццёвую моц «слова» – слова са строф паэзіі, з прамоўніцкай ці літаратурнай трыбуны, з тэатральных падмосткаў, са старонак кніг, газет і часопісаў – стала зыходнай ідэяй і непахісным перакананнем беларускага рэвалюцыйна-дэмакратычнага асветніцтва на чале з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Алаізай Пашкевіч (Цёткай) і іх паслядоўнікамі. Сацыяльная рэвалюцыя плюс асвета – вось іх дэвіз. А ўпершыню ён пачуты з-пад шыбеніцы ад К. Каліноўскага: «Няма, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку... Но як дзень з ночай не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй...»3

Ён быў рэвалюцыянерам-інтэрнацыяналістам: перад смерцю зычыў шчасця Расіі, «калі яна нам дабра жадае», перасцерагаў, каб у будучыні «нашчадкі нашы не пралівалі лішняй братняй крыві». Невыпадкова, паводле слоў К. Маркса і Ф. Энгельса, рабочы рух салідарнасці з паўстаннем 1863 года стаў зыходным пунктам для ўтварэння першага Інтэрнацыянала 4.

 

Зноскі:

1 Мужыцкая праўда, 1862, № 1. 1 Тамсама.

3 Тамсама, № 3.

4 Тамсама № 4.

Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. – М., 1965, с. 29 – 30.

2 Гл.: Кісялёў Генадзь. 3 думай пра Беларусь. – Мн., 1966, с. 12В – 1Д>

Кісялёў Генадзь. 3 думай пра Беларусь, с. 103 – 115.

1 Майхрович А. С. Белорусские революционные демократы. – Мн., 1977, с. 7 —12; 32—51.

! Дорошевич Э. и Конон. Вл. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. – М,. 1972, с. 173 – 177.

3 Мужыцкая праўда, 1863, № 7.

4 Тамсама, 1862, № 3.

5 СмирновА. Кастусь Калиновский. – Мн., 1963. Эпіграф.

6 Кісялёў Генадзь. Героі і музы. – Мн., 1982, с. 86 – 117. '

1 Ратч В. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. – Вильна, 1867. Т. 1, с. 108 – 194.

2 Кісялёў Генадзь. Героі і музы, с. 103 – 107.

3 Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. – Мн., 1971, с. 180—181.

4 Маркс К. и Энгельс Ф. Соч., т. 19, изд. 2-е, с. 248.