Да 150-годдзя з дня нараджэння КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 521 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.6%CHINA CHINA
5.4%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5.1%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

Да 150-годдзя з дня нараджэння КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА

Пакуль народным масы Расіі і большасці славянскіх краім спалі яшчэ непрабудным сном, пакуль у гэтых краінах не было самастпойных, масавых, дэмакратпычных рухаў, шляхецкі вызваленчы рух у Польшчы набываў гіганцкае, першаступеннае значэнне з пункту гледжання дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай.

У. І. ЛЕНІН

 

У кожнага народа ёсць імёны — сінонімы словам «Воля», «Братэрства». У венграў – гэта паэт Шандар Пецёфі, у балгараў – Хрыста Боцеў, у італьянцаў – Джузэпе Гарыбальдзі, у рускіх – Герцэн, Дабралюбаў... У беларусаў такім нацыянальным героем, змагаром за волю роднага народа стаў Кастусь Каліноўскі – правадыр паўстання 1863 года на Беларусі і Літве.

125 гадоў назад, 11 сакавіка 1863 года, кіраўнік атрада паўстанцаў у Сандамірскім павеце генерал Лянгевіч пасля шэрагу паспяховых аперацый супраць царскіх войск аб'явіў сябе дыктатарам паўстання. Адзінаўладдзе, да якога генерал паспяшаўся не без націску кансерватыўнай буржуазией партыі «белых», было скіравана супраць Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве. Аднак літаральна праз тыдзень, 19 сакавіка, атрад быў разбіты; сам генерал уцёк у Аўстрыю. Гэтае паражэнне шмат у чым прадказала далейшы лёс паўстання ў Каралеўстве Польскім. На нейкі момант усе надзеі сталі ўскладацца на нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі і Літве, дзе ў шэрагі касіянераў пайшлі сяляне, местачкоўцы. Ф. Энгельс, які пільна сачыў за разгортваннем паўстання, 8 красавіка 1863 года ў лісце да К. Маркса пісаў: «...літоўскі рух цяпер самы важны, таму што ён: 1) выходзіць за межы Кангрэсавай Польшчы, 2) у ім прымаюць вялікі ўдзел сяляне...». Але ваеннае шчасце адвярнулася ад паўстанцаў. Амаль 200-тысячнае царскае войска, аддадзенае пад кіраўніцтва генералу Мураўёву, паслядоўна і жорстка душыла паўстанцкі рух. Гераічная барацьба ў лясной Беларусі не стала ў народзе такой прыцягальнай легендай, як гісторыя ўзнікнення галоўнага набата паўстання, беларускага «Колокола» – нелегальней і непадцэнзурнай газеты «Мужыцкая праўда», што не ў эміграцыі, а тут, на роднай зямлі, стала гаварыць беларускаму люду праўду. Праўду, па якой сасмяглі сялянскія душы...

27 лютага 1839 года ў Вільні быў публічна расстраляны рэвалюцыянер-дэмакрат Шыман Канарскі. Жыхары сталі сведкамі чарговай расправы царызму з рэвалюцыйным рухам у краіне. Адзін з сучаснікаў пасля пакарання Канарскага запісаў: «Патрэбен муж з сэрцам Вашынгтона і Іпсілантыя, з сілаю і розумам Напалеона. Не трэба адчайвацца: з пінскіх балот і курных хат пэўна выйдзе гэты герой».

Ён з'явіўся на свет 2 лютага 1838 года ў маленькай вёсачцы Мастаўляны Гродзенскага павета. У метрычных кнігах мясцовага парафіяльнага касцёла яго спачатку запісалі Вінцэнтам, сынам Сымона Каліноўскага і Веранікі Каліноўскай з Рыбінскіх. I толькі пазей пад двума імёнамі: Вінцэнта-Канстанціна. Юнак абраў сабе другое, якое ў старажытных рымлян азначала «непахісны», «трывалы», «цвёрды», а ў сялянскім абыходку гучала Кастусь.

Пазней, не па ўласнай волі, ён будзе мець шмат імёнаў і прозвішчаў, паэтычных і здзеклівых: Яська-гаспадар з-пад Вільні, Васіль Світка, Макарэвіч, Чарноцкі, Хам, Канстанцін Хамовіч, Хамуціус, Ігнат Вітажэнец. I ўсе яны засведчаць перад гісторыяй годнасць іх уладальніка, бо праўдзіва сказана: няма імені, якое нельга не ўславіць.

У нацыянальна-вызваленчай барацьбе Кастусь меў папярэднікаў, сяброў-паплечнікаў, але найбліжэйшым дарадчыкам і настаўнікам на шляху станаўлення Каліноўскага-рэвалюцыянера быў яго старэйшы брат Віктар, студэнт-медык Маскоўскага універсітэта, а пазней – няштатны супрацоўнік публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу, апантаны гісторык, тонкі знаўца старажытных летапісаў, «пісаных крывіцкай гаворкай». Менавіта ён, Віктар, абудзіў у хлапчуку неспатольную прагу да ведаў, і калі потым, у 1856 – 1860 гадах, Кастусь стане студэнтам камеральнага факультэта Пецярбургскага універсітэта, ён пераканаецца ў праўдзівасці братавых слоў пра тое, што найлепшым універсітэтам для чалавека з'яўляецца сумленна напісаная кніга. А для народа гэтую «акадэмію» можа замяніць праўдзівае слова. Асэнсоўваючы ў тагачаснай палітычнай атмасферы трагічны вопыт папярэднікаў, будучы правадыр антыцарскага паўстання найбольш спрыяльнае выйсце бачыў у стварэнні друкаванага органа, адрасаванага сялянскім масам. Па прыкладу Герцэна і Агарова, Каліноўскі заснаваў вольны нацыянальны друк – першую беларускую газету «Мужыцкая праўда», якая апошні раз друкавалася без выняткаў-купюр аж у 1928 годзе. (Ніжэй публікуецца поўны тэкст сямі нумароў «Мужыцкай праўды» і «Лісты з-пад шыбеніцы».) Нягледзячы на тое, што паплечнікам кіраўніка паўстання 1863 – 1864 гадоў на Беларусі і Літве ўдалося наладзіць выданне толькі 7 нумароў, у абуджэнні свядомасці беларусаў «Мужыцкая праўда» адыграла выключную ролю. У газеце Кастусь Каліноўскі выявіў незвычайны талент публіцыста, палымянага трыбуна народных дум і спадзяванняў.

Унікальнасць гэтай газеты відавочная: «Мужыцкая праўда» – ці не адзінае перыядычнае выданне сярэдзіны XIX стагоддзя ў Еўропе, непасрэдна адрасаванае селяніну, у якой так ясна былі акрэслены сацыяльная і палітычная мэта: 1) вызваліцца ад прыгнёту царскага самаўладства; 2) даць зямлю мужыку-беларусу.

«Дзецюкі! Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здатна толькі да сахі, – цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці такую праўду справядлівую, як бог на небе. О, загрыміць наша праўда і як маланка пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдай...». Так пачынаўся першы нумар першай беларускай газеты. I ці ж не з гэтага палымянага памкнення гаварыць з цэлым светам аб «сваёй мужыцкай праўдзе» вырас праграмны верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?», слушна названы «дарэвалюцыйным гімнам беларускага народа». I ці не здзейснілі тым самым беларускія дэмакраты заклік А. Герцэна, звернуты са старонак «Колокола» напярэдадні паўстання: «... быць Літве, Беларусі і Украіне з кім яны хочуць або ні з кім, абы толькі волю іх ведаць – не падробную, а сапраўдную». Громам грымела над галовамі царскіх сатрапаў адлітая ў жывыя, пякучыя словы забароненай урадам мовы «Мужыцкая праўда», бунтарная ўсёй сваёй сутнасцю, зместам, самім фактам нелегальнага выдання і распаўсюджання. Пазнаёмцеся з працамі даследчыкаў Анатоля Смірнова, Генадзя Кісялёва і вы прасочыце, як паступова, але няўхільна пашыралася геаграфія знаёмства беларускага народа з антыцарскім выданнем на сваёй уласнай гаворцы; як апостальскае вучэнне Яські, гаспадара з-пад Вільні, непісьменныя сяляне завучвалі слова ў слова ці не з аднаго разу, пачуўшы яго дзесь у карчме з вуснаў падарожнага студэнта або ў валасным праўленні ад пісара; як заляцела яна паланянкаю пры суправаджэнні паліцэйскіх рапартаў у кабінеты сумна вядомага ІІІ аддзялення Уласнай Яго Вялікасці канцылярыі; як зрабілася пры вобысках важкім рэчавым доказам, дастатковым, каб цябе і тваю сям'ю пагналі па этапах у Сібір.

У сваіх рэляцыях жандары ахрысцілі «Мужыцкую праўду» «разбуральнай газетай», вобразна і дакладна сфармуляваўшы пагрозу, якую неслі «лятучыя лісткі» (А. Герцэн) беларускай газеты царызму, яго хвалёным тром кітам – праваслаўю, самадзяржаўю і народнасці (апошняя мела на ўвазе «единую и неделимую»). Выданнем «Мужыцкай праўды» Кастусь Каліноўскі сцвердзіў права на існаванне ўласнай думкі беларускага селяніна, без чаго чалавек не можа лічыцца чалавекам. I цяпер, калі мы знаходзім некаторыя «памылковыя» погляды ў выдаўцоў «Мужыцкай праўды», то ведаем, што яны гістарычна абумоўлены. Напрыклад, крытычна ацэньваючы моцна азначаныя ў газеце рэлігійныя акцэнты («Божа Усямоцны, міласэрны ты наш Пане. Ты аб нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выгані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасць І веру нашых дзядоў і прадзедаў...»), сучасным даследчыкам нельга забываць, што палітычны пратэст пад рэлігійнай абалонкай «ёсць з'ява, уласцівая ўсім народам на пэўнай стадыі іх развіцця» (У. I. Ленін).

Для высвятлення адносін Кастуся Каліноўскага да рэлігійнага пытання варта глыбей унікнуць у гістарычныя факты. А яны сведчаць, што на зыходзе XVIII стагоддзя 80 працэнтаў вясковага насельніцтва Беларусі былі уніятамі. Ведаючы такое, мы зразумеем, чаму адзін з царскіх саноўнікаў, пасланы ў 1790-я гады Кацярынаю II для «геаграфічнага вывучэння новадалучаных абшараў» у сваёй вернападданніцкай запісцы назваў уніяцкую рэлігію «народней». Бо за яе моцна трымаўся гарапашны селянін, якому па характару сваіх будзённых заняткаў і прыроджанай філасофіі – самаадданай павагі да вопыту, звычаяў і нораваў дзядоў і прадзедаў, – кідацца з каталіцтва ў праваслаўе ці яшчэ кудысьці было не ўласціва. Магчыма, прымаўка «Чыя ўлада, тых і рэлігія» і нарадзілася колісь у плебейскім асяроддзі, але не з'яўлялася для селяніна-аратая ўзорнай. На Беларусі скасаванне уніі адбылося ў 1839 годзе – менш чым за 25 гадоў да паўстання. Скасаванне гвалтоўнае, пад посвіст казацкай нагайкі і галашэнне жанок, бы перад пагібеллю свету. I Кастусь, як вопытны рэвалюцыянер, не мог не ўлічыць рэлігійных настрояў «нізоў». Таму і прысвяціў гэтаму пытанню асобны нумар «Мужыцкай праўды» (№ 6). Знаёмячыся з ім, цяжка высветліць, верыў Каліноўскі ў Бога ці ён быў атэістам у сённяшнім сэнсе слова. Але адно бясспрэчна: Каліноўскі быў рэвалюцыянерам і рэлігійны фактар імкнуўся выкарыстаць як дадатковы магутны рычаг, каб прывесці ў рух агромністы махавік, здейсніць галоўную стратэгічную мэту – узняць масавае народнае паўстанне.

Гістарычна абумоўлена была і вера кіраўнікоў паўстання 1863 года на Беларусі і Літве ва ўзброеную падтрымку еўрапейскіх дзяржаў («цар са сваімі маскалямі не падужае мужыкоў, што падняліся ў Польшчы, і не падолее пранцуза, што за Польшчу ўступіўся... Памог бы пранцуз і нам, як памагае мужыкам у Польшчы...»), таму што немагчыма было праігнараваць крылатыя заклікі Французскай буржуазнай рэвалюцыі 1789 года «Воля! Роўнасць! Братэрства!», якія ў сярэдзіне XIX стагоддзя – у эпоху бурнага развіцця капіталізму і нараджэння нацый у Еўропе – сталі ўжо не на карысць самой буржуазіі, яе вялікасці Капіталу. Галоўным гарантам паспяховага накаплення гэтага капіталу ва ўсе часы з'яўлялася эксплуатацыя існуючых пад бокам калоній, а не раўнапраўныя братэрскія адносіны да суседняга народа.

Сумленне грамадзяніна, патрыёта, дэмакрата вяло Кастуся Каліноўскага на змаганне словам, пяром, зброяй за найдаражэйшыя ідэалы аратая-працаўніка, за здабыццё Зямлі і Волі. Пакуты роднага народа рабілі яго страсным абаронцам усіх прыгнечаных і гаротных, спялілі ў душы пачуццё гарачага інтэрнацыяналізму. Менавіта з гэтага пачуцця братэрскай узаемадапамогі, падтрымкі і пачалося паўстанне 1863 – 1864 гадоў на Беларусі і Літве. Першы водбліск яго ўспыхнуў у студзені 1863 года падчас «бранкі» – чарговага набору рэкрутаў. Як полымя па сухім лесе, перакінулася паўстанне і на беларускія абшары.

Пачуццё інтэрнацыяналізму не згасла ў сэрцы Кастуся Каліноўскага і пасля роспачнага роздуму над прычынамі паражэння паўстання (а галоўная прычына няўдачы адна: сяляне на Беларусі далека не ўсюды падтрымалі паўстанцаў). На допыце ў жандарскіх палкоўнікаў у адным са сваіх тлумачэнняў уласных поглядаў ён ясна і адназначна напіша: «Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расіі, калі яна нам дабра жадае, але праціўнік тых бедстваў, якія абрушваюцца на край наш няшчасны». I тады стане ясным, каго меў на ўвазе Каліноўскі са сваімі паплечнікамі, ужываючы слова «маскаль», «маскалі». Памятаючы тэзіс пра дзве культуры ў адной нацыі капіталістычнай фармацыі, варта яшчэ раз нагадаць адносіны У. I. Леніна да тагачаснай палітыкі Польшчы, выказаныя ім у «Прамове па нацыянальнаму пытанню» 29 красавіка (12 мая) 1917 года: «Палітыка Польшчы з'яўляецца поўнасцю нацыянальнай, дзякуючы доўгаму прыгнечанню Расіяй, і ўвесь народ польскі прасякнуты наскрозь адной думкай аб помсце маскалям. Ніхто так не прыгнятаў палякаў, як рускі народ. Рускі народ служыў у руках цароў катам польскай свабоды».

Так, належыць цвёрда ведаць, што існавала Расія Мікалая «Палкіна», Мураўёва – «Вешальніка», Бутурына – «Цэнзара», Расія з унтэрпрышыбеевымі ды валуевымі. Аднак была і Расія дзекабрыстаў, Чарнышэўскага, Дабралюбава. Менавіта яе, дэмакратычную Расію, спрабаваў падтрымаць Каліноўскі, калі ў сярэдзіне жніўня 1863 года – падчас самай завірухі паўстання – па просьбе рускіх рэвалюцыянераў пасылаў у Пецярбург друкарскі варштат. I не яго віна, што ў Пецярбургу на чыгунцы груз не запатрабавалі і «пасылка» вярнулася назад, у Вільню, дзе выпадкова была знойдзена ўладамі на віленскай таварнай станцыі.

Сваё крэда жыцця Каліноўскі выказаў у развітальных і да надрыву прачулых пасланнях да народа, вядомых пад назвай «Лісты з-пад шыбеніцы»: «Браты мае, мужыкі родныя. 3-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – ды не жаль згінуць за тваю праўду...». Аўтограф гэтага ліста пашчасціла адшукаць даследчыку Уладзіміру Казберуку ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве. Пад ім, пасля вядомага да болю «Твой слуга, народзе, Яська-гаспадар з-пад Вільні» (Каліноўскі слова «народзе» потым закрэсліў), маглі паставіць подпісы тысячы і тысячы паплечнікаў-змагароў. Бо гэта быў запавет усёй тагачаснай дэмакратычнай Беларусі. Сасланай і расстралянай. Хіба можна разважліва чытаць данясенні Яго Высокаблагароддзя генерала «Вешальніка», адрасаваныя Яго Імператарскай Вялікасці з бясстраснымі звесткамі: 1) асуджана на смяротную страту 128; 2) саслана на катаргу 972; 3) саслана на пасяленне ў аддаленыя месцы Сібіры 573; 4) саслана з пазбаўленнем асабістых правоў у менш аддаленыя месцы Сібіры 854; 5) прызначана ў ваенную службу радавымі 345; 6) саслана ў арыштанцкія роты 864; 7) выслана на жыхарства ўнутры імперыі 1524; 8) выслана з краю для пасялення на казённых землях 4096...

Бясконцы пералік, ад якога і праз стагоддзі грудзі застогнуць, забаліць сэрца.

Кастусю Каліноўскаму за месяц да гібелі споўнілася 26. «За такі час большасць людзей паспявае зрабіць мала. А гэты паспеў стварыць вольную беларускую прэсу, пасеяць насенне народнага гневу, узрасціць яго і зжаць пасеў», – адзначаў у артыкуле да стагоддзя з дня смерці кіраўніка паўстання 1863 – 1864 гадоў на Беларусі і Літве Уладзімір Караткевіч.

Нізкі паклон безыменнай магіле Кастуся Каліноўскага. Паклон яму ад усёй Роднай Зямлі.

 

Язэп ЯНУШКЕВІЧ,

навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры

імя Я. Купалы АН БССР,

кандыдат філалагічных навук

 

О ВОЗМУТИТЕЛЬНЫХ ВОЗЗВАНИЯХ В БЕЛОСТОКЕ.

ЛИСТ 13 ВЛОЖЕНИЯ.

ДЕЛО 1862 г. 23 143 *

№ 1. Мужыцкая праўда

Дзяцюкі!

Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здатна толькі да сахі, – цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці, і то пісаці такую праўду справядлівую як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і як маланка пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваей мужыцкай праўдай.

Пыталі і пытаюць усе, што чуваці на свеце, хто нам, бедным мужыкам, дасць вольнасць? Ды праўду кажучы, мала хто хоча сказаці так, як сумленне кажа, – па-справядлівасці. Мы, мужыкі, браты вашыя, мы вам будзем гаварыць цэлую праўду, толькі слухайце нас!

Маскалі, чыноўнікі і многа паноў будуць перапыняць пісьмо наша да вас, але знойдуцца людзі і з мужыкоў разумнейшыя, і з панскага роду, і з местачковых, што хочуць вашай свабоды, вашага шчасця – яны та вам гэта пісьмо даваці будуць, каб вы зналі, хто ваш прыяцель, а хто вораг.

Шэсць лет ужо мінула, як пачалі гаварыць пра свабоду мужыцкую. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зрабілі. А гэты маніфест, што Цар з Сенатам і з панам! для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае да чаго ён падобны, – ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці. Парабілі Канцэлярыі, зрабілі суд, як бы гэта ні ўсё роўна атрымаць у ср..у з судом ці без суда. Парабілі Пісараў, Пасрэднікаў, а ўсё за мужыцкія грошы і вялікія грошы – чорт іх ведае на што; для таго хіба, каб запісвалі ў ксёнжкі, як многа напішуць па ср...х мужыцкіх. А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і не думалі зрабіці.

Праўда, абяцалі калі-небудзь даць нам вольнасць, але як нам здаецца на наш мужыцкі розум, што хочуць ашукаці, бо калі праз шэсць год нічога не зрабілі, то праз год пэўна ж не зробяць. Могуць яшчэ напісаці і другі маніхвест, яшчэ большы ад гэтага, але з гэтага другога маніхвесту нічога добрага як і з першага не будзе.

Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся; бо яны не вольнасці, а здзерства і глуму над намі хочуць. Але не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі дзе сіла і праўда, і будзем ведаць як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзяцюкі, за рукі і трымайся разам! А калі паны хочуць трымацца з намі, дым няхай жа робяць па святой справядлівасці: бо калі іначай – дык чорт іх пабяры! Мужык пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць сваё патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе.

Гэту Мужыцную праўду пісаў і зноў пісаці будзе Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каштуе грошы 5.

№ 2. Мужыцкая праўда

Дзяцюкі!

Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў адзінакую душу, дык скуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе ды і над людзьмі збыткуе, а другі, бедны паншчыну служыць, альбо аброкі ў казну плоціць?

Кожны па-свойму талкуе, на свой бок цягне. Цар кажа, што ён добра нам думаець, а паны кажуць, што яны добра думаюць нам зрабіці, а мужык бедны ад іх дабросці як прападаў, так і прападае.

Каб расталкаваць людзям у чым праўда, я пішу пісьмо, а пісаці буду як Бог і сумленне кажа – вы аднаго мяне, такога самага мужыка як і вы, паслухайце добра.

Быў калісьці народ наш вольны і багаты. Не помняць гэтага нашыя бацькі і дзяды, але я вычытаў у старых ксёнжках, што так калісьці бывала. Паншчыны тады ніякай не было. I няма чаго таму дзіваваціся, бо было лесу шмат, поля колькі хочаш, а людзей жа мала, дык на што ж служыць паншчыну за зямлю, калі кожны мог лесу выцерабіць, хату сабе паставіць і меці сваё поле.

Але ў суседстве з намі жыў Немец і Маскаль. Аднаму і другому багацце нашае калола ў вочы – каб іх так колька хапіла, ды і хацелі нас сагнаць з нашай бацькаўшчыны. Трэба было бараніціся, дык кароль кажа, хадзем бараніціся, а тут не ўсе ідуць, ды і мала нашых пайшло. Выгналі ж Маскаля і Немца – але каб жонкі ды і дзеці гэтых, што хадзілі на вайну, мелі за чым пражыці, дык Кароль наш і напісаў такое права: Гэтыя, што не хочуць ісці бараніціся сваёй зямлі, няхай абрабляюць поле гэтым, што б'юцца за вольнасць і шчасце ўсіх. I гэтак было доўга: адны баранілі краю, усё хадзілі па войнах, а другія то аралі, то сеялі, то касілі, то жалі. 3 гэтуль і ўзялася гэта паншчына. Судзіце ж цяпер самі, ці можна было зрабіць справядлівей, як зрабіў налісьці Кароль Польскі ды Літоўскі? Але калі Маскаль з Немцам хітрасцю нас падбіў і пайшоў лад маскоўскі дык і ўсё зрабілася па-чартоўску. Стаў зараз Маскаль свой парадак уводзіць у нашым краі і кажа: Мужык давай рэкрута, Мужык давай падаткі, ды і паншчыну яшчэ служы альбо плаці аброк у казну! Дык якая ж тут ужо справядлівасць, калі ўсенька, што цяжка, звальваюць на мужыка, калі з яго дзяруць астатнюю шкуру, б'юць і плакаць не даюць! Ачунялі былі мужыкі, угледзелі, што кепска, ды давай бунтаваціся пад Касцюшкаю, а Касцюшка і кажа: калі мужыкі хочуць ужо самі бараніць свае землі, дык няхай жа не служаць паншчыну ды і не плоцяць у казну аброку за зямлю. Вось гэта дык справядлівасць! – Але што ж, калі Маскаль спыніў Маніфест Касцюшкі, каб не пабунтаваў усіх мужыкоў. Для таго і пабілі Маскалі Касцюшку, бо каб мужыкі ўсе разам былі збунтаваліся і ўхапіліся за сякеры, нажы і косы, дык Маскаль мусіў бы прапасці беззваротна і мы на векі вякоў былі б ужо вольныя.

Так з гэтага пісьма і відна: што мужыкі панскія і казённыя не павінны плаціць і ані чыншу панам, ані аброку ў казну за зямлю, бо гэта зямля да нас належыць; але калі будзе вайна з Маскалём за нашу вольнасць, то той час трэба ўсім ісці на вайну проці Маскаля. А гэта для таго, каб хутчэй прагнаць Маскаля з яго сабачым парадкам і наб ніколі, ніякай, нікому мужыкі паншчыны не служылі і ніякага ў казну аброку не плацілі і каб на векі вякоў народ наш быў вольны і шчаслівы. А калі вас хто будзе падмаўляць рабіці іначай: ці то спраўнік, ці то Акружны, ці то Лапсэсар, ці то Пан, то вы яго не слухайце, бо то пэўна ашуканства, што за царскія альбо панскія грошы вечнай вашай згубы хоча!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каштуе грошы 5.

 

ЕГО ИМПЕРАТОРСКОГО ВЕЛИЧЕСТВА СОБСТВЕННОЙ                                       КАНЦЕЛЯРИИ ОТДЕЛЕНИЕ III ЭКСПЕДИЦИИ I № 230, ЧАСТЬ 2. О                      ВОЗМУТИТЕЛЬНЫХ ВОЗЗВАНИЯХ. ЛИСТ 86.

 

№ 3. Мужыцкая праўда

Дзяцюкі!

Жывучы пад урадам маскоўскім ножны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, але мала хто добра падумаў, ці можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых? Я, Дзяцюкі, лепш знаючы ад вас уздумаў напісаці пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як перачытаеце, давайце да другой вёскі.

Чалавек ужо такую мае натуру, што альбо нічога не ведае і нічога меці не хоча, альбо калі даведаецца, то хоча зразумець добра і дастаці ўсенька, што яму належыць. Гэта вялікая праўда. Вось яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а гаварылі для таго, што нічога не ведалі і нічога меці не хацелі – а ні сягодні гэтак кажуць, калі ўжо ведаюць многа і многа хочуць? Сягодні ўсе ўжо паразумнелі, усе ўжо мужыкі талкуюць, што Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаўся з вольнасці справядлівай, і смяюцца, як гэта маглі іначай думаці. Гэта права, што робіцца разумнейшым, выходзіць ад самога Бога, а хто яму хоча супраціўляціся, таго альбо сам Бог, альбо народ па прыказу Боскаму з зямлёю змяшае!

Вы, дзяцюкі, пэўна вельмі цікавіцеся скуль гэта народ так паразумнеў? Я вам скажу скуль гэта.

Калі б пранцуз пад Свістаполем зусім пабіў маскаля, то для таго каб маскаль не меў сілы і грошы, прыказаў народу даці вольнасць, не браці рэкрутаў і вялікіх падаткаў. Маскаль згадзіўся на гэта, бо думаў, што народ дурны і патрапіць яго ашукаці! Ён жа хацеў адно перамяніць няволю, але, бачу, вельмі ашукаўся, бо хаця нам урад маскоўскі нічога за шэсць гадоў не зрабіў, але мы як пачулі, што і мужык можа быць вольны, дык пачалі пытаціся ў людзей разумнейшых і талкаваці паміж сабою, аж зразумелі, што тая вольнасць значыць. Вось адкуль гэта ўзялося, што народ паразумнеў. Мы сягодні ўсе ўжо ведаем, што чалавек вольны, гэта калі мае кусок сваей зямлі, за каторы ані чыншу і аброку не плоціць, ані паншчыны не служыць – калі плаціць малыя падаткі і то не на царскія стайні, псарні і курвы, а на патрэбу цэлага народа, калі не ідзе ў рэкруты чорт ведае дзе, а ідзе бараніці свайго краю тады толькі, калі які непрыяцель надыдзе, – калі робіць усенька, што спадабае і што не крыўдзіць бліжняга і хвалы боскай, – калі вызнае тую веру, якую вызнавалі яго бацькі, дзяды, прадзеды. Вось што вольнасць значыць. Сягодні ўжо ўрад маскоўскі нас не атуманіць, бо мы цяпер не такія дурныя, як былі ўперад, і пазналі, што нам ні маніхвестаў царскіх, а вольнасці патрэба.

Маскаль жа хітры, ён, Дзяцюкі, хоча, каб не даці нічога, а народ думаў, што ўжо мае ўсё як належыць. Мяркуйце судзіць хаця з гэтага пра яго хітрасці. Два гады ўжо таму, калі яшчэ ніякіх маніхвестаў пра вольнасць не аб'яўлялі, народ у Пецярбургу, Маскве і па цэлай Расеі пачаў вельмі крычаці, што калі ўрад не дасць яму вольнасці, то ён цэлаю грамадою 19 февраля збунтуецца. Тады Цар, бачу, збаяўся і вялеў Сенату з'ехацца, а народу аб'явіць, што ў Посьце вольнасць будзе. Народ дурны паверыў ды і разышоўся, а Цар з Сенатам паталкаваўшы, як мінула трывога, так і аб'явіў заместа вольнасці маніхвест, а ў маніхвесце прыказывае мужыкам служыць да часу паншчыну па-старому, а па-новаму заплаціць больш грошай у казну на пісараў, пасрэднікаў, ды і чорт іх ведае на што. Мяркуйце ж цяпер самі, ці не ашукваюць нас?

Але не на доўга ўдасца ім круцельства, бо, як я казаў, мы ўжо пазналі, што нам не маніхвестаў, а вольнасці патрэба – і то вольнасці не такой, якую нам цар хоча даці, але якую мы самі мужыкі паміж сабою зробім. А для таго, Дзяцюкі, каб ніхто вас не мог ашукаці цяпер ужо талкуйце паміж сабою, якой вам вольнасці патрэба і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа. Толькі, дзяцюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то і з намі ваяваці трудна, бо боская моц вялікая і народу многа.

Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Дык сейце ж, Дзяцюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, не шкадуйце працы – каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюткім свеце. Бог нам дапаможа!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каштуе грошы 5.

 

№ 4. Мужыцкая праўда

Дзяцюкі!

Няма і куска зямлі на свеце, каб людзі былі адзін ў аднаго ўсе добрыя, не хацелі жыці з крыўдаю свайго бліжняга. Для таго, каб была справядлівасць і праўда на свеце, а злыя людзі не збыткавалі і крыўды другім не рабілі, ёсць урад, што бярэ падаткі, робіць школы, навучае кожнага, каб жыў па-праўдзе, усталёўвае суд; а калі гэта не памагае і чыніцца несправядлівасць, то наймае войска і так сцеражэ кожнага ад ліха і здзерства. Вось на што ўрад патрэбны. I як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ўрад глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народу лепей. I не дзіва, бо не народ зроблены для ўраду, а урад для народу.

Гэтак, дзяцюкі, робіцца на цалюткім свеце. А калі за граніцаю ці то ў Пранцуза, ці ў Англічаніна, народ спагадае ўраду, бо ўрад слухае народу і робіць так, каб народ быў багаты і шчаслівы. А ў нас, дзяцюкі, ці гэтак? Ці у нас ёсць справядлівая навука ў школах, што вучыць жыці без крыўды другога? Ці ёсць праўда і справядлівасць у судзе? Ці можа чалавек быць пэўны, што яго ніхто не скрыўдзіць? Ці ўрад маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыці шчаслівей? Самі скажыце.

У нас, Дзяцюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе зусім перарабілі на маскаля. Суды маскоўскія – гэта воўчая яма, – дзе не разбіраюць, ці за табой праўда, ці не, а скубуць як могуць. Бяспекі пад маскалём ніякай няма, хто дужы, той і глуміць: а войска ж не для таго трымаюць, каб аберагаць кожнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не дазволіць народу нават застагнаць, калі зазнае сваю няволю, калі згледзіць, што дзяруць з яго звыш сілы. Урад маскоўскі, як той ліхі пан, што пачаўшы ад Камісара аж да Цівуна дазваляе кожнаму народ глуміць, каб як найбольш грошай ў кішэнь яго дасталася. Урад маскоўскі, Дзяцюкі, не так робіць, як рабіці трэба, не думае, каб палепшыць народу, а вымысляе адно спосабы, як абадраці і зусім людзей зглуміці.

Чаму гэтак робіцца пад урадам маскоўскім, я вам скажу – вы адно мяне паслухайце.

Урад гэта зусім таксама як чалавек. I як чалавек мае галаву на тое, каб думаў, а рукі і ногі, каб зрабіў так, як задумаў, так урад мае Цара, каб радзіў, а чыноўнікаў па ўсіх местах і мястэчках, каб рабілі, як Цар захоча. Для таго, як галава ў чалавека, калі задумае кепскае, то ногі і рукі кепскае зробяць, так ва ўрадзе, калі Цар глуму захоча, то чыноўнікі глуму наробяць. А з гэтага і відаць, што здзекі, якія ў нас вычаўпляюць, то не для таго робіцца, што ў нашым краі няма людзей здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё сваё аддаці для народа, а для таго, што Цар гэтакіх людзей у Сібір высылаў, а за нашые грошы назначаў чыноўнікаў гэткіх, што адно людзей глумяць, другім глуміць дазваляюць І Бога не баяцца. Гэтакі чыноўнік не давядзе ўжо да розуму – ён, і няма прыказу Цара, то сам выдумае спосаб, як абадраць бедны народ. I дзе ж тут шукаці праўды?

Так з гэтага пісьма і відна, што глум, здзекі і несправядлівасць выходзіць ад самаго Цара – ён та з нас выбірае войска, ён та з нас выдзірае грошы нібы на патрэбу народа, а ўзяўшыся з усімі гіцлямі за рукі, адно нас прыгнятае, трымае у няволі. Але прыходзіць яму ужо канец, бо мужык пачуў вольнасць – а мужыка вольнасць, гэта ўсё роўна, што шыбеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народа. Для таго цар спыняе вольнасць мужыцкую і спыняць будзе для таго, што калі ў паноў сто раз пытаў, якую яны хочуць даці вольнасць мужыкам, у мужыкоў і разу не спытаў, якой яны хочуць вольнасці. Ён знае, якая тая вольнасць мужыцкая, ён ведае, што мужык хоча, каб ніхто не смеў драці з нікога – і для таго, як мы яго ўраду, так ён нашай вольнасці баіцца.

Дзяры з нас, Цар, дзярыце з нас, чыноўнікі ягоныя, хаця да астатняй скуры; але памятайце, што і на вас прыйдзе пара, памятайце, што калі мужык разгуляецца, то як свет шырокі, кроў ваша пальецца!

Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каштуе грошы 5.

 

Ліст 86/3

№ 5. Мужыцкая праўда

Дзяцюкі!

Мала таго, што з мужыка дзяруць на ўсякія падаткі астатнюю кашулю, мала таго, што ніколі не можаш дабіціся да куска хлеба, а ўсё, што заробіш, аддаці мусіш чорт ведае каму, і чорт ведае на што, мала таго, кажу, што жыццё наша горш сабачага – але скажыце, мае міленькія, ці ёсць паміж намі хто-небудзь, каб не аплаківаў яшчэ альбо свайго сына, альбо свайго брата, альбо свайго мужа, што Цар забраў яго ў рэкруты, ды і загнаў чорт ведае дзе?

Працуе бацька цяжка на дзецеткі свае, гадуе маці сына, ночаньні не спіць, а Цар, сабачая яго вера, як гэты воўк, закраўшыся, загадвае лавіці, у дыбы скуці і гнаці ад радні далёка. А маскоўскае жыццё – горка ўжо доля. Забыці нам трэба, што ёсць у нас наша бацькаўшчына, што ёсць у нас наша радня, а аддаці жыццё не за дабро і шчасце  ўсіх, а за ліха і вечную няволю вашых братоў. Гэтакага ліха, дзяцюкі, і скаціна не знае, а вы, мае міленькія, пэўна і не падумалі, скуль яно на нас навязалася, ці гэтак было за нашых дзядоў і прадзедаў і ці гэтак мусіць быці? Усё гэта я вам расталкую, а хто мае праўду ў сэрцы і дабра хоча, той мяне паслухае.

Помняць яшчэ нашыя дзяды, паказваюць яны, што за іх часам мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, гэта праўда, але войска польскае ўсё было з шляхты, а калі мужыкі часамі захацелі ісці на вайну, дык зараз з іх здымалі мужыцтва, ды і паншчыну, давалі зямлю, а ўсю вёску рабілі шляхтаю. Стуль жа і парабіліся ў нас гэтыя аколіцы шляхецкія. Так, за тое, што чалавек ішоў на вайну, бараніў сваю бацькаўшчыну, то ўрад польскі даваў зямлю, даваў вольнасць, даваў шляхецтва, – а Маскаль ці гэтак робіць? За тое, што мы яму 25 год на войнах служым без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва, але, сабачая юха, не дае нават куска зямлі, каб мог хаця цяжка гаруючы дабіціся да спакойнай смерці. Праслужыўшы 25 год ды торбу ўзяўшы, ідзі жабраваці!

А што граху набярэшся перад Богам, спрыяючы Маскалям, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе Пранцуз даваці вольнасць мужыкам, бунтуюцца местачковыя, ды і маладзёж за сваю і нашу вольнасць і веру, а мы ж даём рэкрута, і нашымі грудзьмі Цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунт, і запрагае нас усіх у вечную няволю. Таго, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем, – і ці ж не грэшна перад Богам, ды не стыдна перад цэлым светам, самі скажыце?

Праўда, што мы былі дурныя і як гэтыя авечкі нічога не зналі, ды, здаецца, пара ужо паразумнець, угледзець праўду. Вы ведаеце, дзяцюкі, добра, што Пранцуз прыказаў не даваці ужо больш Маскалям рэкрута, для таго, калі цар захоча ўзяці, дык цэлымі грамадамі згаварыўшыся, нідзе яму не давайце. Ён цяпер хоча ўзяць 5 з тысячы, але як мы яму дамо 5, то ён пазней захоча ўзяці 10, і знову пойдзе па-старому. Цяпер мы яму аддамо гіцляў, але пазней трэба будзе аддаці і сваіх сыноў.

Так для таго, дзяцюкі, талкуйце добра і не давайце ашуківаць. За мужыцкую крыўду стойце смела, усе разам, і калі хто захоча крыўдзіць вас, выцягаці рэкрута, то хто б ён ні быў, ці то Старшына, ці Акружны, ці хоць сам Губернатар, то вы яго таўчэце мужыцкай рукою, а будзе вольнасць і рэкрута не будзе, і Бог нам дапаможа!

Так, дзяцюкі, па дабросці да ладу не дойдзем!

Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Паказываюць, што мужыкі каля Варшавы збунтаваліся і не далі рэкрута. Тады Цар паняволі мусіў дараваці.

Так пытаю вас, дзяцюкі, — што ж нам трэба зрабіці?

Каштуе грошы 5.

 

Ліст 93/3

№ 6. Мужыцкая праўда

Дзяцюкі!

Ці мая праўда горка, ці яна салодка, я пісаў заўсюду і пісаці буду – вучыў я вас, як рабіці трэба і вучыці буду. Вы адно слухайце мяне, талкуйце добра і рабіце так, як сумленне вам скажа, а Бог злітуецца над намі і дасць нам шчасце і дабро ў нас будзе.

Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не на тое, каб ён жыў як сабака на гэтым, а на тым свеце прападаў на век вякоў у муках пякельных, – а для таго, дзяцюкі, каб знаў закон Божы; знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў на шчасце нябеснае. Калі сын боскі, прыйшоўшы на гэты свет, устанавіў праўдзівую веру і за гэту веру цярпеў крыжовыя мукі, то не для таго, каб якіясь там цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў, выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую, але для таго, дзяцюкі, Бог найвышшы цярпеў за нас, каб закон яго быў ужо вечны, ніхто не смеў перамяніці, а мы з цэлай моцы трымаліся яго.

Але ці гэтак, дзяцюкі, робіцца ў нас, як сам Бог прыказывае, ці дзяржымася закону боскага? Самі скажыце. Ні адзін ужо, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры і ніколі ўжо не спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму, на праваслаўе, што ён сягоння, як той сабака, жыве без веры і як сабака здохне чарцям у пекла!!! О, дзяцюкі, ліха такому чалавеку! А калі мы будзем гэтак рабіці з Богам, так што ж Бог найвышшы з намі зробіць? Аддаць у пекла на вечныя мукі, будуць чэрці душу нашу на кускі рваці, а смала ў вантробах кіпеці будзе. Пазнаеш тады сваё ліха – але ў пекле па-неўчасе ўжо будзе, не перапросіш тады ўжо справядлівага Бога і мукам тваім ніколі канца не будзе. Цяпер пытаю вас, дзяцюкі, – хто ж нам гэта ліха нарабіў, і што зрабіці трэба, каб мы жылі шчаслівыя і на гэтым, і на тым свеце?

Нарабіў нам гэтага ліха, дзяцюкі, цар маскоўскі, ён то перакупіўшы многа папоў, загадаў нас у сызму запісаці, ён то плаціў грошы, каб мы толькі пераходзілі на праваслаўе і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую – уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў злітавання над намі.

Але, Божа ўсявышні, міласэрны ты наш пане, ты аб нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выгані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касцёлы, што маскаль, нячыста яго сіла, параскідаў альбо перарабіў на стайні і цэрквы, зноў заяснеюць тваёю славаю і народ у іх хваліці цябе будзе, як хвалілі нашыя продкі. Заспяваем тады ў адзін голас нашу песню святую: «Святы Божа, святы моцны, святы несмяротны – злітуйся над намі!» і Бог найвышшы злітуецца над намі, дапаможа нам у нашай працы, а на тамтым свеце дасць каралеўства нябеснае – і не будуць ужо дзеткі нашыя сваю матку праклінаці, што на свет радзіла!

Паказываюць людзі, што святы Айцец аж з Рыму прыслаў ужо да нас сваё блаславенне, (але маскаль яго спыняе) – гавораць, што прышле і ксяндзоў, што будуць прымаці ва ўніяцкую веру. Тады, дзяцюкі, хто адно верыць у Бога, яго сына і духа святога, няхай зараз пакідае сызму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў. Бо хто не пяройдзе на ўнію, той сызматыкам застанецца, той як сабака здохне, той на тамтым свеце пякельныя мукі цярпець будзе!

Дык годзе ж ужо, дзяцюкі, жыці без ніякай уцехі на свеце, калі Бог міласэрны мае літасць над намі, а ты, чалавеча, як перачытаеш альбо пачуеш гэту праўду, гавары пацеры, каб Бог усямоцны дапамог людзям, што дабра нам думаюць, што хочуць, каб мы былі вольныя, як шляхта, хвалілі Бога па-праўдзе і заслужылі на неба на тамтым свеце.

Гэтага для вас ад душы хоча, ваш брат, такі сам з дзядоў-прадзедаў мужык як і вы, але яшчэ уніяцкай веры –

Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каштуе грошы 6.

 

№ 7. Мужыцкая праўда

Доўга маўчаў я, не казаў вам нічога, бо хацеў разгледзецца добра ды разабраць, што гэта дзеецца на свеце, што б ужо спавясціць вас па-справядлівасці ды сказаць, як наказуе Бог ды сумленне, што нам цяпер трэба рабіці. Ждаць моўчкі больш ужо нязмога! Памяркуйма толькі, што думаюць цяпер зрабіць з намі. Абяцаў нам цар зямлю, – чыноўнікі, папы, ды маскалі, усе ў адзін голас дурылі нас, што цар нам шчыра думае ды дасць волю. Справядлівую волю! I слухалі мы цара. Казаў ён нам яшчэ два гады служыць паншчыну, і паншчыну мы адбывалі. Наказаў цар некрута, далі мы яму і некрута, а самі моўчкі глядзелі, як нашых сынкоў ды братоў на край света пагналі. Накінуў нам падушнага – плацілі мы падушнае за жывых і ўмерлых, за дзяцей ды за старцаў нядужых, – плацілі мы земскую павіннасць ды вялікія зборы, плацілі на пасярэдніка, на праўленне, старшынам, пісарам акружным, асэсарам – ды Бог ведае каму ні плацілі, – ды ўсё не пыталіся куды ідуць нашы грошы. Усе нас крыўдзілі, ды ўсе абдзіралі, і біў нас сільнейшы, крыўдзіў багаты – а на тое нідзе не было справядлівасці. Мы ўсё маўчалі ды слухалі, усім кланяліся, за ўсё плацілі, усё цярпелі, ждучы канца, бо спадзяваліся справядлівай вольнасці, спадзяваліся, што дадуць вольную зямельку ды і падушны справядлівы пабор будзе. – Замест таго, каб аддаць нашу зямельку ды якую ж зямлю! гэту, што з дзядоў-прадзедаў кроўнаю працаю дзесяць разоў ужо на яе зарабілі ды заплацілі. За гэтую зямлю Цар наказуе нам чынш плаціць у казначэйства. Ды які ж чынш? Які ўздумаецца пастанавіць чыноўнікам ды судовым крывапійцам, ды яшчэ з кожным годам усё большы ды большы. – Так волі нам ужо і не будзе: век цэлы плаці, ды на век нясі астатні, што б аплаціць Палаты ды Праўленні. Падмануў жа нас цар, а яго служкі папы, чыноўнікі ды маскалі падвялі нас як чорт добрую душу.

Мала таго: беручы некрута на весні, казаў цар, што больш браць не будзе – мы, як тая дзяціна, і паверылі, што не будзе, а цяпер бач! I зноў цар наказуе з кожнае воласці павярстаць па сто хлопцаў, што пойдуць у маскалі па ахвоце, а як ахвотнікаў не будзе, дык грамада прысудзіць, каму ісці ў некруты. Скруціўся хіба! што б то хто ішоў у маскалі па ахвоце. Так вось ужо ўдругі падмануў нас цар з некрутам. Узяў пяцёх з тысячы, а цяпер давай сто з воласці, а ўвосень яшчэ ж можа дзвесце або трыста захоча, бо цар са сваімі маскалямі не падужае мужыкоў, што падняліся ў Польшчы і не падолее Пранцуза, што за Польшчу ўступіўся. У Польшчы мужыкі таксама, як і мы, спадзяваліся на Цара, ды ждалі волі ад яго, – ды ж пабачылі, што цар толькі лёстачкамі душу выймае, а новымі падаткамі, некрутам ды чыншамі астатнюю сарочку з іх здзерці хоча, – от усе разам з віламі ды з косамі пайшлі дабівацца зямлі ды праўды, а іншы і святой уніяцкай веры. От і дабіліся. Выйшаў ужо Польскі маніхвест. Зямля вольна даецца ўсім мужыкам; бо гэта іхняя зямля з дзядоў-прадзедаў, за гэтую зямлю ніхто не мае адрабляць паншчыну і чыншаў ніякіх нікому плаціць; падушнага больш не будзе, а толькі падымнае, як колісь плацілі; некрута больш не будзе, а ўсе мужыкі, і паны і мяшчане, усяк адслужыць 3 гады ў сваёй зямлі і зноў сабе вольны. Уніяцнія касцёлы, што маскалі забралі, аддаюцца назад уніятам, і хто хоча, мае права хрысціць дзяцей па-уніяцку ды да ўніяцкіх ксяндзоў ісці да споведзі і па-старому Богу маліцца, як яшчэ бацькі нашы маліліся.

Але цяпер самі разбірайцеся: дзе больш праўда, ці ў польскім маніхвесце, ці ў царскім? Цар абяцаў даць вольнасць – не даў. Абяцаў не браць некрута, а цяпер ужо другога наказуе. Польскі маніхвест даў зямлю, не бярэ некрута, скінуў падушнае, павярнуў унію. Але, скажыце, браткі! хто нам лепш думае? Памог бы Пранцуз – дык што ж – цар адказвае, што ў нас мужыкі ўсім давольны, і нашае волі не хочуць, што яны любяць цара, да душы, што шлюць яму лісты, ды зносяць падаткі, ды ахвотна плоцяць чынш, а некрута пастановяць колькі цару заўгодна, а Уніі ніхто не хоча! I так нас цар падманвае, скрывіць хоча праўду, штоб нас зусім пагубіць. А Пранцуз на нас толькі ждзе і ды каму ж ён памагаць стане, калі ў нас будзе ціха. А мы, хоць нам царскія служкі зняверылісь надта, робім усё, што яны нам ні скажуць. Такім спосабам не зазнаць нам волі ды справядлівасці. Не так думалі мужыкі ў Польшчы. Служылі яны яму верна, як і мы, ды, пабачыўшы, што не выслужаць нічога, сталі дабівацца і дабіліся волі. А іх царскія служкі дурылі, як нас цяпер дураць – падмаўлялі, штоб слаць лісты да цара перапрошваючы, ды па-старому несці падаткі, ды даваць некрута, – вучылі іх, як даносіць адзін на аднаго, як лавіць ды маскалям адстанаўляць *, ды мала знайшлося такіх, што б то не баючыся Бога, ні сораму людскога служыць маскалям, бо ўжо спазналі мужыкі царскую думку. А такіх, што за грошы не пабаяліся служыць ворагам нашым, што не хацелі мужыкам зямлі, ды праўды на свеце, ды спрэчны былі ** новай вольнасці ды новаму польскаму маніхвесту, гэтакіх вешаюць, як подлых сабак, каб селішчы іх апусцелі, пайшлі з дымам іх хаты, прапала марна худоба.

Падумайце добра, ды памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашую вольнасць! Нас цар ужо не падмане – не падвядуць маскалі! Няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба – для іх мы глухі і немы – нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшыць з віламі ды з косамі там, дзе дабіваюцца волі ды праўды – а мы, іх бацькі ды жонкі нашы, сцерагчы будзем ды ўведамляць, адкуль на іх цягне нячыста маскоўска сіла, ды ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзяцюкам нашым, што за нас пайдуць біцца. – А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам і бацькам.

Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каштуе грошы 5.

Падрыхтаваў да друку Алесь ГАЎРОН

 

Да беларускага люду

Лісты з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага ***

I да нашага кутка даляцела ваша газэтка, і мы яе з увагай прачыталі; вельмі яна ўсім спадабалася, бо праўда напісана. Прыміце для таго нашу падзяку, а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на Маскалёў і паўстане польскае, чаго яны хочаць, і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць. Слова наша простае, но зато шчырае; калі яно дойдзе да ронду польскага, адкрые яму нашу грудзь, да і пакажа, што па-нашаму рабіці трэба, каб панаванню маскоўскаму не цяпер, то пазней канец ужэ палажыці.

За ўсіх старон маскалі цяпер талкуюць нам без устанку а сваём брацтве з намі. Праўдзіва дзівота, жывучы пад рондам маскоўскім гэтулькі часу, цяпер ледзь мы аб гэтым пачулі, для таго не без карысці будзе паглянуць як гэта маскоўскія браты* самі ў сябе гаспадарылі да і з намі рабілі, каб пазнаць іх шчырасць і права на брацтва нашае. Не будзем гаварыці, з якіх народаў маскалі паўсталі, брацтва там не многа найдзем, няволя манголаў да і цароў маскоўскіх заўсім забіла ў гэтым народзе ўсякую памяць а свабодзе, да і зрабіла з яго грамады людзей паганых бяз мыслі, бяз праўды, бяз справядлівасці, бяз сумлення да і бяз баязні Боскай. З гэтакім народам цары маскоўскія, што то жывуць людскою крыўдаю, падбілі зямлю нашу пад сваё панаванне, тут то мы іх і пазналі, гэтых як яны сябе называюць братоў нашых. Ронд польскі, правіўшы намі, не браў з нас рэкрута, не адрываў народу ад дзяцей, ад бацькоў, да і ад зямлі роднай і не гнаў гдзесь у канец света, каб завадзіць няволю, выціскаць слёзы і пракленства на душы нашай. Ронд польскі, калі браў з нас падымное, то не заводзіў гэтакіх стаенных падаткаў на душы нашы, што то да Бога адно належаць. Ронд польскі, маючы Бога ў сэрцу, не ўпісаў нас у сызму, у каторай адно за цара да за цара маліціся трэба, як бы ўжэ цар быў Богам на свеце, а вера да казны належала. Ронд польскі ўжо таму будзе 70 лет, выперажаючы многа суседскіх народаў, пачаў ужэ талкаваці а свабодзе мужыцкай і роўнасці братняй мужыка з шляхціцам, а енарал Касьцюшка, што то кажуць, каля Слоніма радзіўся, і а каторым народ наш спявае, што ён вельмі быў добрым і маскаля крэпка біў, высказаўся ён за вольнасць нашу, но маскаль то перашкодзіў і завёў свае ронды [парадкі]. Пагляньма ж цяпер, што ён зараз пачаў рабіці, гэты дабрадзей мужыцкі, як сам цяпер кажа: найперш, каб не магло вырабляціся сумлене народнае, пакасаваў маскаль усе сходкі людзей выбарных, усе школы нашы, а так, абабраўшы з сумленя да і з розуму, а завёўшы ў нас свой парадак маскоўскі, пазволіў кожнаму дужшаму глуміцца над бедным як толькі схоча. Паноў саўсім увольніў ад усякіх ценжараў, даў ім права завадзіць паншчыну маскоўскую, а яна то, ня тры, дай не шэсць дзён з хаты, но 6 дзён з душы рабочай. Мужыку не толькі што не даў ніякага права, но яшчэ адабраў і тое права, якое ён меў ад ронду польскага; многа людзей вольных да і каралеўшчызны вялеў у паншчызну упісаць, кожнаму можна было мужыка крыўдзіць, а чыноўнікі маскоўскія не рабілі яму ніякай справядлівасці, но яшчэ, калі суд на глум  зсылаў мужыка ў Сібір, то аддаваў на вечнасць у салдаты. Калі які пан, паслухаўшы сумлення, ішоў за праўду і справядлівасць і спраціўляўся прыказу царскаму, каторы кажа: «дзяры, бяры да і маўчы», тады яго, калі не ўцёк да пранцуза, у турму бралі да і ў Сібір гналі, а двор з людзьмі у казну забралі, стуль то у нас і мужыкі казённыя. Пярвей яны служылі казне паншчыну, а после ў аброк іх упісалі, дай апроч аброку ганялі бяз ніякай падзякі ўсялякаму чорту на работу: то окружному, то асэсару дай кожнаму, хто адно перакупіў. Начальства ось то якое маскоўскае для мужыка, а нібы дабрадзей! няхай той сам судзіць, хто пісьмо мае чытаці будзе, я адно скажу па шчырай праўдзе: што калі нам пад рондам польскім не саўсім было добра, то як маскаль стаў намі правіць, зрабіў ён для мужыкоў чыстае пекла на свеце. Тут сказаці яшчэ трэба, што ён змусіў нас пакідаці бацькаўшчызну, ісці ў рэкруты, да і ваяваці не за прыказ Боскі, не за праўду і справядлівасць, но за глум, за няволю не раз проціў братоў да бацькоў нашых. Тут сказаці трэба, што маскаль, дабрадзей мужыцкі, зняўшы з паноў усялякія падаткі, зваліў іх адно на мужыцкае племя, аблажыў падаткамі і мужыцкую зямлю, і мужыцкія хаты, і мужыцкую душу, і мужыцкія дзеці, і мужыцкую скаціну, жывых і ўмёршых. Но не тут яшчэ канец маскоўснага дабрадзейства. – 3 дзядоў і прадзедаў была ў нас уніяцкая вера, гэта значыць, што мы, будучы грэцкай веры, прызнавалі за намеснікаў Боскіх святых айцоў, што ў Рыме. Царам маскоўскім і гэта стала завідна, для таго, скасаваўшы ў Маскве грэцкую веру, а зрабіўшы царскую, што то называецца праваслаўе. І нас адарвалі ад праўдзівага Бога і ўпісалі ў сызму пагану. Такім спосабам, абабраўшы з гроша, з рук спасобных, запраглі нас у паншчызну, і каб слёзы мужыцкія не трапілі перад трон праўдзівага Бога, забралі нам і духоўну нашу пацеху, – нашу веру ўніяцкую. Праўда, людцы, ёсць за што падзякаваці!.. А чыноўнікі то маскоўскія – яшчэ адно дабрадзейства. Чытаў я ў ксёнжках, што ёсць на свеце якась саранча, катора як гдзе пакажацца, усю худобу гаспадарску зглуміць, маем мы браткі горшую яшчэ ад той саранчы, а гэта чыноўніні маскоўскія з сваёю праўдаю і справедлівосцею, яны людзі вельмі здатныя, што то па-маскоўску «праворныя», умеюць так аблізаць чалавека, што з рук іх выйдзеш голенькі як маці радзіла – і жыві пад гэтакім рондам без суду і праўды. Зараз па вайне з пранцузам пад Севастопалем, пачалі меж намі слухі хадзіці, што маюць мужыкам даць вольнасць. Ждалі мы доўга, аж нарэшці тры леты таму, выйшаў указ царскі, – праўда, многа там было напісана, а карысці то для нас мала. Парабілі адно канцэлярыі, пасрэднікаў, старшынаў, пісараў усе за грошы мужыцкія, а паншчызну як хадзілі так і трэба было хадзіці. Дачуўшы мы гэта, сталі праціўны, і тут то і маскалі нашліся, каб прымусіць нас да мілосці Царскай, а нагайка казацкая мела скрапіць наш братні вузёл, не ведаю адно з кім: ці з панамі, ці з маскалямі. Няхай за мяне скажуць тыя, што мелі ахвоту скрапляці дабрадзеі нашыя, браты маскоўскія.

Трудна сказаць, як доўга мы бы паншчызну хадзілі, каб не паўстанне польскае. Ронд польскі, аб'явіўшы свой маніхвест, зямлю мужыцкую аддаў мужыкам на вечнасць, і мы то перасталі зараз паншчызну хадзіць. А калі Бог усемагучы павярнуў паноў да праўды і зрабіў іх паслушнымі прыказам ронду польскага, тагды маскалём настаў кепскі час, і ён мусіў па няволі прыпісаціся да нашага і жыдоўскага брацтва. Бач, які мудроны брат; аднак крыху і так ашукаўся, бо як той казаў: «I ў брата не свая хата», і брат пайшоў бы ў паўстанне, каб меў якую качаргешку ў рукі ўзяці; а жыд, хаця ж пагаворна і кажа: «што як бяда, то да жыда», не заўсягды голых прымае, тым бардзей такіх, што нажлапталіся нямала і слёз і крыві жыдоўскай. Но каб лепей пазнаць маскоўскую хітрасць, паглянь мы шчырым вокам, што цяпер маскалі выраблялі з намі, у гэту ліхую для сябе гадзіну, калі, пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаванне, да нашага брацтва хоча ўпісаціся; ронд польскі цяпер аддае нам на вечнасць зямлю нашу за нашу працу, маскаль піша дай устанаўляе якіясь там чыншы, каторым ніколі ніякага канца не будзе, як то меж мужыкамі казённымі. Калі ронд польскі дае нам вольнасць праўдзівую, маскаль, не кажу цэлымі сёламі, а цэлымі грамадамі гоніць людзей, саўсім адняўшы свабоду, у сібірскія пустыні. Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства [самакіраванне], маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах вучаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча, а ў гэтыя школы адно з другога канца света маскалёў насылаюць, што толькі ўмеюць красці, людзей абдзіраці дай служыць за грошы паганаму дзелу на глум народу. Дзікі маскаль думае, што калі можа народ абдзіраці за ўсякага дабытку, то і патрапіць кожнаму ўбіць у галаву свой дурны розум, дурны для таго, што розум маскоўскі; калі не раз харашо кажа, то ніколі па-людзку нічога не робіць, адно людзей абманывае, а перад кнутом царскім гнецца, як астатні валацуга. Трудна ўсё гэта расказаці, што мы ўжэ кроўю запісалі, так што слёзы льюцца, чытаючы беспраўе, якое маскалі рабілі дай да гэтай пары яшчэ робяць. Хто хоча дазнаць праўдзівага смаку, няхай сам пажыве пад рондам маскоўскім, то і паглядзіць, якое дабрадзейства мужыкі мелі; ось то для чаго кажам: што польскае дзело, гэта нашэ дзело, гэта вольнасці дзело.

Но не мала працы трэба, каб здабыць гэту свабоду, каторай жджэ усякі, пачаўшы ад дзіцяці да старога дзеда, бо калі маскаль гэтулькі лет упускаў свае пазуры ў грудзь нашу, так не дзіва, што трэба пацярпець доўга, каб вырвацца з-пад яго братняй апекі, для таго і не бяз карысці будзе, калі цяпер паталкуем, якія мы маем на то спасобы; гаварыць тут будзем мало, кожны ведае для чаго, бо маскаль не павінен ведаць, пераняўшы на прыпадак пісьмо гэта.

Доўга палякі ждалі памоцы з заграніцы, народы чужаземныя крычалі многа, і да гэтай пары нічога для нас не зрабілі; кажуць, што яны не маюць ніякай патрэбы сваей у польскім дзеле, каб на маскаля ісці за нас ваяваці. Двесці лет таму назад, а бацькі нашы лепей ужэ казалі: «Калі маеш Бога ў сэрцу і прыказ Яго, памагай бліжнему» і ішлі бараніць хрысьціянства ад татарскай дзічы; да гэтакай памоцы, хаця і маем права, но мы не вымагаем, няхай кожан робіць, як яму лепей здаецца. Аднак сказаці тут трэба, што калі ўсе каралі падпісалі нашу няволю маскоўскую, то яны вельмі скрыўдзілі чэсць сваю, што змыць гэтае бязчэсце не толькі патрэба, но кожан мусіць, каб мець сумленне чыстае. Для таго, знаючы як стаіць нашэ дзело за граніцай, не перастаем верыць, што мысль Боска, правёўшы векі, не дасць загінуць праўдзе і справядлівасці, калі ўжэ не найдзе для таго спосабу ў цяперашнім парадку, разарве гэты ўзёл дай паверне сілу народу куды схоча. Нам адно сільно з шчырай верай за сваё стаяці трэба, а ронд наш павінен быць на ўсё чуткі, каб мог для дабра народнага з усяго карыстаць; сілы нашы яшчэ вялікі, ваяваць з німі можам Бог ведае як доўга, но для таго трэба з аднэй стараны іх аберагаць, а з другой вырабляць што раз то новыя. I так калі паўстанне зроблена пад добрую пару, узрастае і ажыўляе народ, – не ў час марнуе сілы кожнага, аслабляе ў прастоце духа, дай разводзіць страх і няверу ў дзела наша, у моц Божу. Ронд польскі і яго чыноўнікі ведаюць гэта і для таго, каб служылі добра перад Богам і сумленнем народным, робяць не штучныя завірухі но, паняўшы духа народнага, яго патрэбы і волю, падхватываць да й разумна застаўляць полкі народныя, а развіваючы непадатлівасць у народных несканчоных бунтах, ставіць апору [адпор] маскоўскаму ў нас панаванню. Работа тут не хутка, дай непаказна, но за то пэўна, і яна нас давядзе да канца добрага. Работа тут сярмяжна, для таго каб была скутэчна [паспяховая], павінна быць так шчыра і проста, як тое сэрца, што б'е пад сярмягай, як той розум мужыцкі, што не перабірае, калі рабіць трэба. Тагды слова ронду польскага «вольнасць», «роўнасць» дай «свабода народу», пяройдзе ў кроў кожнага і цэла моц маскоўская нас не пераможа, хаця ж бы яму самое пекла памагаці стала.

Рук ахвотных і сягоння ў нас даволі, но з голымі рукамі не ісці на штыкі маскоўскія. Ронд польскі і яго чыноўнікі павінны добра над гэтым падумаць; грошы ў нас будуць бо мы знаем патрэбу таго, бо мы маем спосабы на тое. Но каб за нашы грошы мы мелі што ў рукі ўзяці. Ронд польскі гэтаму зарадзіць (паспрыяе); а калі натрапіць перашкоды, то пры памоцы Бога і свайго права, упісанага ў нашых грудзях, усё з часам пераможа. Ты, аднак, Народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну. Для цябе ўсё можна: нож, сякера, атрута; гэта твае спосабы, бо табе, як таму мужыку нявольнаму, бязпрацоўнаму не прызнаюць права самаабароны, бо табе нічога не можна. А калі народы загранічныя, з дзіва разінуўшы рот, скажуць, «шалёныя». Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім адкажы, што яны таму прычынай, што гэта на іх сумленне цяжкім грэхам ляжа.

* * *

Марыська чарнаброва, галубка мая,

Гдзе ж  падзелася шчасце і ясна доля твая?

Усё прайшло, – прайшло, як бы не бывала,

Адна страшэнна горыч у грудзях застала.

 

Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці,

Дай ў прадвечнага саду вялеў прападаці,

То мы прападзём марна, но праўды не кінем,

Хутчэй неба і шчасце, як праўду, абмінем.

 

Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,

Но прымі цяжкую кару Прадвечнага волю,

А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,

То я з таго свету табе адазвуся.

 

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,

Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.

I часам спамяні пра Яську твайго,

Што згінуў за праўду для дабра Твайго.

 

А калі слова пяройдзе ў дзела,

Тагды за праўду станавіся смела,

Бо адно з праўдай у грамадзе згодна

Дажджэш, Народзе, старосці свабодна.

 

* * *

Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і Цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – но не жаль згінуць за тваю праўду.

Прыймі, народзе, па-шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго света толькі для дабра твайго напісана.

Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тагды ён толькі магчыме жыці ў багацтве, па-праўдзе, тагды ён толькі, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць.

Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Ды пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, – адно намі як скацінай варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.

Для таго, Народзе, як толькі калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б'юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но ўхапіўшы за што зможаш, за косу, сякеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за свае чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе.

Твой слуга (народзе)

Яська-гаспадар з-пад Вільні.

 

Падрыхтаваў да друку Язэп ЯНУШКЕВІЧ

 

Зноскі:

* Тэксты «Мужыцкай праўды» (№№ 1 – 7) узяты з пэўнай адаптацыяй лексікі і правапісу з кнігі С. Агурскага «Очерки по истории революционного движения в Белоруссии (1863—1917)». Мн., 1928 г. Аўтар зазначыў, што тэксты ён атрымаў з Інбелкульта, дзе іх знялі з арыгінала жандарскіх спраў.

Севастопаль.

* Від падатку.

* Адстанаўляць – выдаваць.

** Спрэчны былі – г. зн. супраціўляліся.

*** «Лісты з-пад шыбеніцы» друкуюцца паводле выдання: Giller A. Historja powstania narodu polskiego w 1861 – 1864 rr.» Paryż, 1867. Т. 1. Апошні з лістоў мы мелі магчымасць зверыць па фотакопіі арыгінала, які захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве.

 

Ілюстрацыі:

У. КРУКОЎСКІ. Трыпціх «Памяці Каліноўскага» (1983)

Кастусь Каліноўскі. 1863.

Апошні «Ліст з-пад шыбеніцы». Аўтограф.

Арыгінал «Мужыцкай праўды». Фотакопія.