Бітва народаў

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 1076 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

83.6%UNITED STATES UNITED STATES
7.9%BELARUS BELARUS
1.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.2%KUWAIT KUWAIT
0.5%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

Бітва народаў

 

Невялікі конь-тарпан, заляпаны балотнай тванню, спрытна сігае з купіны на купіну, прабіраецца па балоце. Хлапчына, што сядзіць вярхом на тарпане, у скураных штанах і мядзведжай шкуры. Русая маладая барада, доўгія пасмы густых валасоў выбіваюцца з-пад баявога шлема. Блакітныя вострыя вочы глядзяць пільна.

Сядло і аброць на кані з рудой, трывалай, добра выдубленай скуры. Узбраенне маладога русіча-ліцвіна простае, надзейна служыць гаспадару – дзіда ў руцэ, меч ля пояса, за плячамі лук. Твар вершніка заклапочаны – язда па бездарожжы па лясах і балотах... Па сонцы, голлі дрэваў, моху хлопец вызначае кірунак. Год таму іх атрад прайшоў па лясах і пералесках праз усю захопленую немцамі-крыжакамі Прусію. Паселішчы, да якіх ён зараз едзе, называюцца Грунвальд і Таненберг.

Крыжакі зацятыя воіны, але князь Вітаўт – непераможны, разаб’е рыцараў з дапамогай польскага караля Ягайлы. Не дарэмна да вялікага паходу падрыхтаваліся і выступілі дзве дзяржавы – Вялікае Княства Літоўскае і Польшча. У Белавежскай пушчы для войска нарыхтавалі шмат дзічыны: зуброў, ласёў, аленяў, дзікоў.

Разаб’ем крыжакоў, шырокай паласой выйдзем да Балтыйскага мора. Мора трэба для гандлю. На беразе, каля вады, знайду шмат бурштыну – прыгожых жоўтых і чырвоных каменьчыкаў, збяру сваёй каханай на каралі.

Воін спадзяецца на свайго каня; прыручаная жывёліна не падводзіць гаспадара. Перад багністымі мясцінамі ён саскоквае з тарпана і адпускае павады. Конь і гаспадар разам, дапамагаючы адзін аднаму, пераскокваюць з купіны на купіну.

На ўскраіне лесу воін спрытна ўзлез на разгалістае дрэва, пачаў узірацца ў далячынь.

Па ўсім полі паміж лясоў і невялікіх паселішчаў Грунвальд і Таненберг бялелі шатры з намаляванымі крыжамі. Земляныя валы і насыпы, трохкутнікі вершнікаў і шарэнгі пяхоты.

«Польскія князі запрасілі крыжакоў-тэўтонцаў у Прыбалтыку дарэмна», – думае воін. Хоць і дапякалі прусы і бурусы сваімі набегамі палякам, не трэба было клікаць тэўтонцаў. Адумаліся польскія каралі, ды позна. Тэўтонцы знішчылі, паняволілі бурусаў і прусаў, адцяснілі палякаў ад мора, стварылі на берагах Балтыкі ад Віслы да Нёмана дзяржаву – Тэўтонскі ордэн, Прусію. Цяпер ідуць з крыжамі на грудзях і мячамі ў руках на Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае. Захапілі Жамойцію.

Воін убачыў шацёр нямецкага магістра, вялікі крыж на сцягу. Пры ўваходзе варта – закаваныя ў жалеза рыцары. На ўзлеску, крокаў за дзвесце ад дрэва, на якім сядзеў хлопец, паўкругам ляжалі рыцары – назіралі за лесам.

«Дазор, засада», – падумаў воін і пачаў пільней узірацца. За лесам у другім баку рыцараў не было, але ў хмызняку хадзілі коні. Немцы і тут трымалі дазор.

Дазоры воіна не здзівілі. Ён іх прадбачыў, пазбягаў, нездарма ж прабіраўся нацянькі, праз балота.

Чым больш разведчык разглядаў ваенны лагер, тым больш спакайнеў. Будзе што паведаміць вялікаму князю Вітаўту, можна будзе нават намаляваць на пяску размяшчэнне крыжацкага лагера.

Воін палез вышэй на яліну, акінуў вокам усё Грунвальдскае поле, нават і лес, за якім стаяла іх войска. Той лес адсюль толькі слаба сінеў, але воін ведаў: там стаяць іхнія дазоры, на дрэвах сядзяць назіральнікі. Там польскае войска караля Ягайлы, чэшскі атрад Яна Жыжкі, тры палкі ўдзельнага мсціслаўскага князя, сорак палкоў пад агульным сцягам Пагоні князя Вітаўта. Гэта галоўная сіла – конніца князя Вітаўта. Там баяры і дзецюкі з Віленшчыны, Полаччыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Наваградчыны, Меншчыны, Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны, Піншчыны, Тураўшчыны, Смаленшчыны – з усіх зямель, якія завуцца Вялікім Княствам Літоўскім.

Воін ганарыцца, што ягоныя землякі складаюць гвардыю Вітаўта.

Ідзе з Вітаўтам і малая арда татараў пад сваім сцягам – конскім хвастом на шасце.

Воін схамянуўся. Паміж двух пагоркаў у лагчыне тэўтонцы капаюць доўгую яму і старанна ўсцілаюць яе свежым галлём.

«Воўчыя ямы-пасткі», – разведчык хацеў палічыць іх, але не мог: яны цягнуліся праз усё поле да балота. На пагорках, за пасткамі, расстаўлялі цяжкіх коннікаў. «Нялёгка тут будзе прайсці нават тарпану. Целамі коней і воінаў запоўняцца гэтыя пасткі».

З лагера выехала група коннікаў. Прыгожая кавалькада. Рыцары ў даспехах, з дарагім узбраеннем, у белых пышных плашчах з крыжамі, пер’і на шаломах, лёгка гарцуюць на рослых прыгожых конях.

«Сам магістр», – падумаў воін.

...Бой адразу пасля ўзыходу сонца, як таго жадаў магістр Ульрых фон Юнгінген, не пачаўся. Разведчыкі данеслі, што Ягайла і Вітаўт загадалі сваім воінам стаць на малітву. Кароль Ягайла і вялікі князь Вітаўт паставілі сваіх воінаў у цені дрэваў, а крыжакі млелі на пякучым сонцы. Магістр паслаў да Ягайлы і Вітаўта ганца, які павёз валадарам польскаму і літоўскаму два мячы. Гэтым магістр хацеў іх абразіць, падахвочваў як мага хутчэй пачаць бітву.

Выніку не было. Ніхто не ішоў на прыступ нямецкіх цяжкіх калонаў.

Толькі пад абед Ягайла і Вітаўт рушылі ў бой свае войскі.

Вітаўт выехаў на зыходны рубеж, дзе правае крыло войскаў, і моўчкі рухаўся адзін наперадзе. Спыніўся. Як па камандзе сталі ўсе.

Белы конь трывожна грыз кантар – вуздэчку без цугляў. Ветрык варушыў пер’е на баявым шаломе князя. Яго войска было крыху ззаду, таму рыцары маглі ўгледзецца ў пасуравелы твар і імклівыя рухі князя.

Воіны ведалі, што перад боем і ў баі Вітаўт імклівы, як ртуць. Ён жывіў у іх упэўненасць, і яны верылі свайму князю. Вітаўт ведаў, дзе які полк стаіць і ў чым магутнасць кожнага з іх.

Вораг перад палкамі Вітаўта быў мацёры. Асабліва грозна выглядалі калоны цяжкай, у браню закаванай, кавалерыі немцаў.

Але князь з вопыту шматлікіх бітваў ведаў, што няма на свеце такога войска, якое магло б супрацьстаяць ягонаму, названаму з-за сцяга пагоняй.

Яго сорак конных палкоў, укамплектаваных па зямляцтвах, малая татарская арда і тры мсціслаўскія пяхотныя палкі пад бела-чырвона-белымі сцягамі хоць па колькасці і саступалі крыжакам, але духам былі больш магутныя за варожыя, калі яшчэ прыняць пад увагу палкі брата Ягайлы – караля Польшчы.

Вітаўта непакоілі воўчыя ямы ў стане ворага, аб якіх дакладвалі разведчыкі. Князь думаў, колькі любых яго сэрцу воінаў давядзецца пакласці ў гэтыя ямы, каб і іх запрудзіць, пакуль сыдуцца ліцвіны на кароткі ўдар мяча з тэўтонцамі.

Крыжакі, як гэта ведаў Вітаўт, б’юцца зацята, і ўсё ж у іх не будзе таго ўздыму, калі кожны ліцвін узбуджаецца за дзесяцярых, калі цячэнне крыві ў жылах воінаў паскараецца ў шмат разоў, і нават слабы становіцца магутным і адважным, калі войска быццам павялічваецца ў дзесяць разоў, і тады заміж сарака палкоў у яго будзе чатырыста.

Выдатныя рыцары былі ва ўсіх палках-харугвах: Віленскім, Віцебскім, Магілёўскім, Смаленскім, Бранскім, Старадубскім, Тураўскім, Пінскім, Берасцейскім, Кіеўскім і іншых. Не было тут толькі палка жамойтаў, бо Жамойцію захапілі крыжакі.

Вітаўт глянуў на воіна, які вёз яго штандар – «Святую Пагоню». Пасадка ў сядле і масіўныя грудзі выдавалі яго вялікую сілу. Подыхі ветру былі слабыя, і штандар толькі трапятаў. Але Вітаўт ведаў, якая сіла спатрэбіцца, калі войска пяройдзе на алюр, і «Святая Пагоня», як напятая струна, павядзе воінаў у атаку, узняўшыся і разгарнуўшыся ва ўсю велічыню.

Усе сорак палкоў ідуць у гэтую гістарычную бітву за волю і Прымор’е пад яго княжацкім агульным штандарам.

Вітаўт ведаў, што яшчэ пры князю Віценю, які стаў у 1293 годзе вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага, быў устаноўлены дзяржаўны сімвал-штандар «Пагоня». Чырвонае палотнішча з белым срэбным вершнікам на белым баявым кані. Рыцар у белых рыцарскіх даспехах, у шаломе з пер’ямі, з узнятым мячом, шасціканцовым крыжам – сімвалам сонца – на шчыце. Яшчэ з язычніцкіх часоў, да прыняцця хрысціянства, прашчуры ўшаноўвалі і пакланяліся сонцу – крыніцы жыцця – і рабілі яго розныя выявы. «Пагоня» праз многія бітвы і гады стала «Святой» – гонарам і сумленнем; яна зрабілася пераемніцай старажытнага полацкага святога – сімвалам воіна-збавіцеля на кані ў махрастым крузе.

Вітаўт дакрануўся вялікімі шпорамі да мускулістых белых бакоў свайго каня; той рвануў і ўзнёс вершніка на пагорак. За ім узнёсся і воін з «Святою Пагоняй». Войска не выгуквала баявых клічаў. Гэта быў не парад, а хвіліна перад боем. Удалечыні былі відаць чужынскія калоны пад крыжамі ордэнскіх штандараў.

Беларуска-ліцвінскія воі ў каторы раз былі ўражаныя падабенствам свайго князя да выявы на «Святой Пагоні». У наспелай цішыні выразна прагучала толькі адно яго слова:

– Літва!

Меч князя імкліва паказаў у бок ворага.

– Літва!!!

Тысячы коней узняліся на дыбы ад гэтага слова, уся грозная лавіна імгненна ашчацінілася зброяй.

Конніца панеслася на ворага з пранізлівым шматгалосым крыкам.

Малады разведчык на сваім маларослым тарпане нёсся ў цэнтры лавіны. Конніца імчала на воўчыя ямы-пасткі. Так загадаў вялікі князь Вітаўт, а ён ад трох разведчыкаў ведаў пра гэтыя пасткі. Наперад, разам з усімі – наперад! Воіны спадзяваліся на сваіх коней, спадзяваліся, што тарпаны пранясуцца паміж ямаў, усё больш ахопленыя прагай бою. Спыніць іх зараз магла толькі смерць.

Тэўтонцы ўзнялі дзіды, іх рыцары нацягнулі цяжкія лукі.

Воўчыя ямы, лукі і дзіды зрабілі сваю справу. Лавіна конніцы Вітаўта прыпынілася, затапталася на месцы. Стрэлы працягвалі касіць коннікаў. Разведчык бачыў, як падалі пакалечаныя коні і воіны, запаўняючы воўчыя ямы. Ацалелыя ж аб’язджалі ямы ды ўсё імчалі, сігалі наперад.

Пасеклі слабыя шэрагі лёгкіх нямецкіх пехацінцаў. За воўчымі ямамі іх сустрэла закутая ў панцыры рыцарская цяжкая конніца. Выконваючы загад магістра, яна растаптала сваю пяхоту лучнікаў і кінулася ліквідаваць прарыў.

Вітаўт назіраў за боем з пагорка.

– Час настаў, – сказаў ён сабе. – Патрымайся князь Ягайла,– падаў знак свіце. Забілі барабаны, затрубілі трубы – вершнікі павярнулі коней. Вялікі князь без хвалявання пазіраў на адступленне сваіх войскаў. Ён узняў каня на дыбкі і віхрам памчаў да лесу. Вітаўт выводзіў свае палкі з бою, адыходзіў з-пад Грунвальда.

Магістр Ульрых фон Юнгінген кінуў у бой пяхоту. Не стала літоўскай конніцы, цяпер яны па частках даб’юць астатніх. Яны перамогуць.

Палякі і палкі мсціслаўскага князя ўступілі ў смяротную сечу з рыцарамі.

Адступае адзін фланг, другі. I сталі цэнтрам бітвы тры палкі мсціслаўскага князя. Стаялі воіны, як укапаныя. Падалі і біліся параненыя. Ніхто не прасіў літасці, ніхто не ўцякаў. Тут падрахункі ішлі на карысць крыжакоў. Мсціслаўцы сцякалі крывёю, але й іх мячы ўволю пілі варожую кроў.

Адзін полк рыцары знішчылі цалкам. Два іншыя яшчэ трымаліся.

Радзелі і галоўныя сілы немцаў.

Магістра гэта не хвалявала. Ён разумеў: пасля адыходу Вітаўта, колькі б бой ні цягнуўся, перамога дастанецца яму. Магістр загадаў адвесці войскі, перастроіць. Выканаўшы яго загад, крыжакі ўдарылі з новай сілай. Не стала і другога палка мсціслаўцаў.

Усё гучней несліся над полем воклічы крыжакоў. «Перамога!» – і магістр, прыроджаны воін і палкаводзец, адчуў: час наспеў.

— У атаку цяжкую конніцу! – загадаў Ульрых фон Юнгінген.

Магістр сам павёў у цэнтр сечы найлепшых адборных рыцараў.

«Зброя, ты адзінае, што можа цяпер пастаяць за праўду, справядлівасць і Бога, дык не выпадзі з рук, пакуль я жывы, пакуль маю сілы!» – так моляцца славяне. Гэтаксама (амаль гэтаксама) просяць Усявышняга немцы ды іхнія хаўруснікі. Перамогі над нячыстымі, паганцамі, перамогі над ворагам, і ў яго землях! Перамогі!

I ніхто не хацеў саступаць, і дрыжэла зямля, і падалі людзі паверх коней. Праціўнікі буйнымі снапамі клаліся пад булатам адзін пры адным.

«Перамогі!» – прасілі вусны на розных мовах. I не стала дня, і цёмная ноч прасцірала крылле пад яркімі промнямі сонца.

Страх і жах, удары.

Чуваць баявыя крыкі тэўтонцаў.

I не чуваць воклічаў войска Ягайлы, і дужэюць рукі немцаў. I ўсё ж падалі голас воі князя і караля.

Вітаўт не дарэмна прудзіў дарагімі сэрцу воінамі ямы-засады. Ён чакаў і тады, калі рвалася струна перамогі, калі толькі мсціслаўцы стаялі на месцы, грудзьмі сваімі памагалі перагрупавацца сябрам і паплечнікам.

Конніца Вялікага княства – меткія стрэлы, хваля стрэлаў, стральба на скаку, навучаныя коні самі хапаюць ворага, сцягваюць з сядла, цяжкія ўдары доўгага, як у пехацінца, мяча-шаблі, якім можна сячы і калоць. Вялікалітоўскай конніца-пагоня! – гэта ты расхінула межы ад Балтыкі да Чарнамор’я...

Трашчыць лес, плёхкае балота. Нячысцікамі, ваўкалакамі вылятаюць коннікі.

Магістр не мог адступіць. Развярнуўшы цяжкую конніцу і ўсе рэзервы, ён рушыў насустрач варожай лавіне. Гудзе зямля.

Цяпер ужо на шляху конніцы не было воўчых ямаў-засадаў, не было лучнікаў і кідальнікаў дзідаў. Нямецкія рыцары ўдарыліся аб лавіну, як хваля аб бераг. Нядоўга паміж кальчугаў і чорных постацяў ліцвінскіх вершнікаў віднеліся белыя плашчы з чырвонымі крыжамі.

Лязгат дзідаў і мячоў, удары конскіх капытоў, крыкі параненых і раздушаных. Працяглы гул.

Малады разведчык на маленькім тарпане ўсё бліжэй прабіваецца да магістра. Сціснуты чужынскімі коньмі, хрыпіць і, здаецца, вось-вось паваліцца малы тарпан. Тарпан кусае вялікіх коней. Уладная рука воіна сячэ рыцараў і зноў кіруе тарпана ў самую гушчу бітвы. Але вось раскалоўся шлем на галаве, русыя валасы рассыпаліся па плячах, з мядзведжай шкуры нерухома звісаюць абломкі варожых стрэлаў. Вочы яшчэ гараць агнём, як у рысі, але ўдар мяча ўжо не ўдар перуна.

Да магістра далёка, да яго не могуць прабіцца дзесяткі іншых адважных воінаў. Малады русіч-ліцвін гэтага ўжо не бачыць.

Яго меч яшчэ сышоўся з мячом сустрэтага рыцара. Той таксама паранены. Не варушыцца адна рука. На момант сустрэліся іх раз’юшаныя погляды. Усю горыч паразы ўкладвае ва ўдар мяча рыцар. Усю нянавісць да заваёўнікаў, боль па загінулых сябрах укладвае ва ўдар малады ліцвін. Вось яго меч нарэшце прайшоўся па рыцарскім шаломе. Той з трэскам зляцеў, адкінуліся чорныя доўгія валасы.

У наступны момант ліцвінскі меч адсек валасы крыжака. У тое ж імгненне быў рассечаны і чэрап магістра Ульрыха фон Юнгінгена.

...Было гэта 15 ліпеня 1410 года. Сорак тысячаў нямецкіх крыжакоў былі забітыя, пятнаццаць тысячаў узятыя ў палон.

Адсвяткаваўшы перамогу, войска князя Вітаўта вярнулася дамоў. Малады воін вылечыўся, шмат аб’ездзіў, выбіраючы ўтульную мясціну для селішча. Багата прыгожых палянаў, чыстых рэчак і люстраных азёраў сустрэлася на ягоным шляху, ды аблюбаваў ён мясціну, блізкую да месца нараджэння, спадабаўся ягонай жонцы менавіта гэты сонечны пагорак на беразе крынічнай рачулкі. Наўкола стаяў чысты бор, на сонцы ён здаваўся асабліва зялёным і свежым. На ўскрайку такога ж лесу была бітва, на ўскрайку гэтага лесу ён паселіцца. А бурштыну жонцы ён так і не сабраў на беразе мора. Было не да таго.

Тут, на зямлі продкаў, паставіў ён хату, збудаваў стайню для неразлучнага тарпана.

Потым вакол яго сяліліся сябры па войску.

Возера і селішча назвалі Грунвальд, каб увекавечваючы Вялікую Бітву Народаў.

...Вёска Грунвальд[*] ёсць у Пастаўскім раёне да сённяшняга дня.

 

Генадзь ЛАНЕЎСКІ

(Паводле кнігі «Сыны і пасынкі Беларусі». Мінск, 1996)



[*] Цяпер вядомая пад назвамі Грунвальды, Грынвальд. – «КГ».

Толькі зарэгістраваныя карыстачы могуць пакідаць каментары!
+/- Каментары

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."