Галасы пра Грунвальдскую бітву

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 51 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

84.1%UNITED STATES UNITED STATES
7.6%BELARUS BELARUS
1.8%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1.2%KUWAIT KUWAIT
0.5%LITHUANIA LITHUANIA
0.4%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

Галасы пра Грунвальдскую бітву

 

У гісторыі й літаратуры аб бітве пад Грунвальдам (або Танэнбэргам) прынята пісаць, а часта й гаварыць як аб самай буйной еўрапейскай бітве сярэднявечча. У сапраўднасці пачалася яна й вялася праз некалькі гадзінаў у трыкутніку й нават за трыкутнікам Танэнберг – Ладвігова – Грунвальд. Адлегласць паміж гэтымі вёскамі была каля трох кіламетраў.

Найбольш інфармацыі аб Грунвальдскай бітве знаходзім у Яна Длугаша, польскага гісторыка. Нарадзіўся ён пяць гадоў пасля гэтай гістарычнай бітвы, але яго бацька й дзядзька былі пад Грунвальдам і нешта расказалі маладому Длугашу.

Апісваючы бітву пад Грунвальдам, Длугаш рабіў гэта не толькі з апавяданняў бацькі й дзядзькі, але, як духоўная асоба й навуковец, меў доступ да больш аўтарытэтных крыніцаў. Длугаш жыў у Кракаве на рагу вуліцы Кананічнай, у самым падножжы Вавэля, у недалёкім суседстве з каралеўскай сядзібай і катэдрай. Гэта давала яму магчымасць спатыкацца й гутарыць з рознымі людзьмі, якія былі пад Грунвальдам і лепш арыентаваліся за яго бацьку ды дзядзьку й зналі, хто сапраўды кіраваў ходам бітвы й як яна праходзіла.

Дарэчы згадаць і аднесці да ліку важнейшых гістарычных дадзеных аб бітве пад Грунвальдам хронікі: Бэрнарда Вапоўскага, якая была напісаная ў 1535 годзе па розных сабраных запісах як «Гісторыя» Длугаша, «Хроніка вайны», «Хроніка Лівоніі» Германа Варбэрга, «Хроніка Яна Посільге».

Прымаючы ўсе гэтыя й іншыя хронікі, трэба памятаць, што тагачасны ход выпадкаў пад Танэнбэргам-Грунвальдам не можа быць пададзены ў сваёй паслядоўнасці так, як гэта ўсё адбывалася ў сапраўднасці. Не было тады ваенных карэспандэнтаў, якія ад пачатку да канца фіксавалі б найменшую дэталь падрыхтоўкі й сам ход бою. Таму некаторыя інфармацыі аб Танэнбэргскай бітве не заўсёды згодныя між сабою.

Маецца, напрыклад, расказ аб двух мячах, якія вялікі магістар фон Юнгінген прыслаў у лагер саюзнікаў як выклік да бою. Згодна інфармацыі Длугаша, мячы прыняў адзін Ягайла, бо вялікі князь Вітаўт, быццам, заняты быў падрыхтоўкай войска да бою. Але ў лісце Ягайлы з-пад Грунвальду да каралевы Ганны гаворыцца, што крыжацкія паслы звярталіся да караля й вялікага князя. Таксама Вапоўскі й «Хроніка вайны» падаюць, што Ягайла ўзяў адзін меч, а другі ўручыў Вітаўту. Гэтая апошняя інфармацыя ёсць болыш верагоднай. Аб ёй сведчаць выказванні польскіх паслоў на касцельным саборы ў Канстанцу (1414–1418). Далей Вапоўскі ўспамінае, што апошняй ночы перад боем у лагеры крыжаносцаў прайшла вялікая бура, а ў палякаў стаяла цішыня й свяціў месяц. Аднак у лагеры саюзнікаў прайшла бура й нарабіла шкоды, калі на прапанову Вітаўта было пастаноўлена пераехаць у ваколіцы возера Лубень на адпачынак.

Для гісторыі важна ўсё, што аб Грунвальдзе запісаў Ян Длугаш з расказаў навочных сведкаў, удзельнікаў бітвы, а ў тым ліку бацькі й дзядзькі, а галоўная інфармацыя ад Збігнева Алясніцкага, які ўвесь час быў пры баку Ягайлы й наглядаў за ходам бітвы. Гэты якраз матэрыял увайшоў у гісторыю й паслужыў крыніцай для наступных даследчыкаў.

Усё ж некаторыя польскія гісторыкі маюць засцярогі да Длугаша й інтэрпрэтуюць некаторыя яго выказванні па-свойму, каб Ягайлу, як польскаму каралю, надаць аўтарытэт. Засцярогі могуць быць, але ці яны слушныя?

Цікава, што Ян Длугаш, як паляк і каталіцкі манах, насцярожана выказваецца аб дзейнасці свайго караля й ягонай рэлігійнасці, якая не была пазбаўленая забабонаў. Длугаш кажа, што захаванне Ягайлы пад Грунвальдам было часам небяспечнае, трагічнае, аднак ён праз свае малітвы атрымаў ад Бога больш перамогаў як мячом на вайне. Хоць Длугаш піша аб Ягайлу скромна й часам паніжаюча, але затое павышае палякаў. Такой думкі трымаюцца іншыя польскія гісторыкі, якія хочуць прыпісаць Ягайлу й польскай арміі ўсе заслугі, як дыпламатычныя, так і мілітарныя, пад Грунвальдам. Напрыклад, прыпісваецца Ягайлу камандаванне арміяй, што ў сапраўднасці не адпавядае праўдзе. Для наяўнасці, «Пшэглёнд Гісторычны» (1910 г.) пісаў: «Галоўнакамандуючы, які мае кіраваць боем, павінен знаць дакладна распалажэнне й становішча сваіх войскаў і паасобных яго аддзелаў; Ягайла гэтага знаць не мог, бо ж у часе падрыхтоўкі войска маліўся».

Вапоўскі падае, што Ягайла марудзіў і не мог рашыцца ўзяць на сябе камандаванне, а толькі загадаў адслужыць імшу й «узнёсшы рукі, глядзеў у неба й нерухома маліў Бога аб перамозе». Храніст асуджае караля, які «замкнуўся ў капліцы, калі вораг ужо наступаў».

У гісторыі не знаходзім, каб Ягайла калі-небудзь ці дзе-небудзь камандаваў арміяй і прапісаўся ў баі як здольны камандзір. Быў ён чалавек упартай, самавольнай натуры. Не ўмеў Ягайла ані пісаць, ані чытаць, а гутарыў пераважна па-беларуску й знаў літоўскую мову. Як падаюць некаторыя аўтары, Ягайла любіў ляжаць у ложку да поўдня, а пасля праводзіў гадзіны за багатым сталом. Калі зрабіў у чым памылку, то цяжка было прывесці яго да сэнсу, зразумець яе. Знаючы добра Ягайлу, аднойчы крыжакі напісалі яму з іроніяй: «Як гэта вашая вяльможнасць сама лёгка разумее ў сваёй уроджанай мудрасці».

Хоць Ягайла быў бедны розумам, але гарэў прагай славы. Як піша Павел Ясяніца, «Ягайлу не хапала культуры як палітычнай, так і асабістай, і гэты факт адбіўся на лёсах польскай манархіі». А Павел Зарэмба піша, што Ягайла «быў бадай сведкам, чымся акцёрам падзеяў, у якіх прыпісвалі яму галоўную ролю». Так вось выказваюцца аб Ягайлу, як аб сваім каралю, польскія гісторыкі.

Пад Грунвальдам Ягайлы быццам і не было. Але гэты чалавек меў прыроджаную паспяховасць, якую называюць – шчасцем. А будучы даўжэйшы час у Кракаве, яго палякі крыху ачасалі.

Сапраўдным архітэктарам і ініцыятарам перамогі над крыжакамі пад Танэнбэргам аказаўся вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Вітаўт, стрыечны брат Ягайлы. Яго выдатныя здольнасці й ваяўнічы тэмперамант засланялі Ягайлу. Вітаўт быў зусім іншы чалавек. Меў ён прыроджаныя здольнасці. Вітаўт знаў некалькі моваў, што ўздымала яго аўтарытэт на міжнародных канферэнцыях, і не менш цікавіўся ваеннымі справамі. Бацька яго, Кейстут, часта пасылаў сына на чале атраду ў разведку да крыжакоў, каб прывучыць хлопца да збройнай барацьбы. Так што Вітаўт змалку правёў жыццё ў небяспеках. Ён прымаў удзел у ваенных паходах на Маскву, Брандэнбург, Прусію, Венгрыю й на татараў, даходзячы да берагоў Чорнага мора. I ёсць праўдай, што Вітаўт цярпеў паражэнні й нават вялікія, як пад Ворсклай. Але найбольш чалавек вучыцца на сваіх памылках. Таму Вітаўт прайшоў небывалую школу розных баёў, выпрабаванняў і быў дастаткова запазнаны з тактыкай манголаў і не менш з тактыкай і тэхнікай крыжакоў.

З польскага боку, праўдападобна, адзначылася мала каму вядомая постаць ціхага, але энергічнага Зындрама з Машковіцаў, камандзіра Кракаўскай харугвы, заслугі якога польскія гісторыкі прыпісалі Ягайлу. Ёахім Лелевэль[1] у сваім «Дзела» падае, што палякі мелі пад камандай Зындрама Машкоўскага, мечніка кракаўскага, 51 харугву. Аднак Зындрам не быў узнагароджаны Ягайлам за свой удзел у бітве, як іншыя польскія камандзіры ніжэйшага рангу, ды па невядомых прычынах адабралі ад яго камандаванне Кракаўскай харугвай.

Пакінуўшы Зындрама Машкоўскага ў цяні, палякі выцягнулі на святло ўрадоўца кракаўскага двара Збігнева з Бжэзя. У кожным выпадку абодва яны, ці кожны паасобку, больш спрычыніліся ў баі за Ягайлу. Трэба памятаць, што перад боем і пасля бою Ягайла карыстаўся Ваеннай Радай, на чале якой стаяў Вітаўт і меў рашаючы голас. Длугаш падае, што ў вядзенні войнаў Ягайла быў нядбалы й цяжкі, усё ўскладаў на камандзіраў і намеснікаў.

Быццам пад Грунвальдам Ягайла ахвяроўваў камандаванне арміяй чэху Сокалу, але апошні ветліва адмовіўся. У часе бою Сокал знаходзіўся пры каралю, а яго жаўнеры з Багеміі й Маравіі прымалі ўдзел у баі й адзначыліся, за выняткам аднае харугвы, узначаленай Янам Сарноўскім, якая не вытрымала націску ворага й пакінула поле бою. Але пад намовай ксяндза Яраша й папрокам кароннага падканцлера яна зноў далучылася да польскага войска.

Прафесар Оксфардскага ўніверсітэту Б.Р. Морфіл у сваёй кнізе на ангельскай мове «Расея» (1890 г.), успамінаючы разгром крыжакоў і Вітаўта, піша: «Супольна з польскай арміяй, ён (Вітаўт) выйграў важную бітву пад Танэнбэргам у 1410 годзе супраць тэўтонскіх рыцараў».

Таксама Бэрнард Парэс, прафесар рускай гісторыі, мовы й літаратуры, у сваёй кнізе на ангельскай мове «Гісторыя Расеі» падае: «Вітаўт, трэба прызнаць, у 1410 годзе зламаў хрыбет Тэўтонскаму ордэну, калі вёў супраць яго свой вялікі славянскі крыжовы паход і выйграў бой пад Танэнбэргам».

Ёсць і польскія пісьменнікі, гісторыкі й мастакі, якія прыпісваюць Вітаўту, а не Ягайлу, перамогу пад Грунвальдам. Напрыклад, вядомы польскі мастак Ян Матэйка, прадстаўляючы перамогу славянскіх народаў і літоўцаў над тэўтонскімі захопнікамі пад Грунвальдам, паказаў Вітаўта цэнтральнай фігурай у бітве.

Вядома, што раніцай перад боем Ягайла выслухаў дзве імшы запар, а пасля доўга маліўся, спавядаўся й прычашчаўся. Наступна пасаваў рыцараў, аж «забалела яму рука», – так пішуць некаторыя польскія аўтары. Выдаў пароль да бою «Кракаў» і «Вільня» й сказаў свайму войску навязаць саламяныя павязкі на рукавох, каб адрозніць яго ад крыжацкага войска. Пасля гэтага прыняў два голыя мячы ад крыжацкіх паслоў і даў знак польскаму войску да бою. Гэта ўсё, што мы ведаем аб Ягайлавай падрыхтоўцы да бою.

У часе бою Ягайла знаходзіўся пад аслонай, замаскаваны, каб ня толькі вораг, але й свае не зналі, дзе ён знаходзіцца, – так падае Длугаш. Аднак адзін з нямецкіх рыцараў, мабыць, заўважыў у тыле Ягайлу, скіраваў сваё кап’ё й ляцеў на кані проста на караля, але яго выбіў з сядла Збігнеў Алясніцкі, які быў прыбочным сакратаром. Ягайла пад’ехаў да дрыжачага на зямлі рыцара й стукнуў яму па лобе. Гэта ўсё, што мы знаем аб баявой дзейнасці польскага караля Ягайлы.

Ёсць успаміны, што, быццам, Ягайла рваўся да бою, але яго стрымалі свае. Ягайла мог рвацца, але не вырваўся, бо знаў, што яго не пусцяць. Вядома, што для Ягайлы прыгатаваныя былі хуткія коні да ўцёкаў, калі б бой аказаўся прайграны. I гэты факт гаворыць за тым, што Ягайла не мог камандаваць арміяй пад Грунвальдам і весці яе да перамогі, калі прыгатаваны быў да ўцёкаў. Ён мог быць толькі намінальным галоўнакамандуючым і толькі польскай арміі, бо на чале арміі ВКЛ стаяў Вітаўт.

Даведваемся, што пасля бою Ягайла аглядаў пабоішча, на каленях цалаваў зямлю, дзякаваў Богу за перамогу, адпачываў пад дрэвам, бо чуўся моцна стомлены й не мог гаварыць – ахрып, «выдаючы загады». Але якія загады й каму – не сказана, а вядома, што пад час бою Ягайла прасіў праз свайго сакратара суседні атрад, каб прыйшоў асланіць яго, што было рашуча адмоўлена камандзірам.

Што быў Ягайла стомлены й адпачываў – гэта нармальная рэч, але што тады гаварыць аб ваярах, якія не хаваліся за кустамі, а гадзінамі махалі, рубалі мячамі й іншай зброяй. Вітаўт з’ездзіў пару коней у баі. Ён увесь час бою знаходзіўся не толькі сярод свайго войска, выдаючы яму загады, але й сярод польскіх рыцараў, якім указваў чаргу й напрамак удару, кіруючы такім чынам усім ходам бітвы. Длугаш падае, што Вітаўт у часе бою ездзіў безупынна паміж польскіх палкоў і харугваў, дзе на месца змучаных і хістаючыхся падцягваў свежыя сілы й з імі ішоў у атаку.

Пяро напрошваецца вынесці такое заключэнне, што ў адказны час гісторыі, калі вырашалася жыццё не толькі арміяў, але й славянскіх народаў, Ягайла, калі не плакаў, то маліўся, а калі не маліўся, то прасіўся, або стаяў далей ад вялікіх рашэнняў. Як падае той самы Длугаш, Ягайла, памятаючы незадавальненне каралевы Ядвігі на конт праліцця хрысціянскай крыві, якая не хацела вайны й бою, таксама ўнікаў збройнага канфлікту, адкладаў яго й рашыўся толькі з прычыны тэўтонскай правакацыі. Але й яму належыць адна заслуга пасля бою, а гэта за гуманны падыход да палонных і забітых крыжацкіх лідэраў.

Асабліва ў апошніх стагоддзях пачаліся шырэйшыя доследы аб прычынах, ходзе й камандаванні боем пад Грунвальдам. Як зазначана папярэдне, багатае апісанне Грунвальду пакінуў на лацінскай мове Ян Длугаш. Але яго рукапіс ляжаў не выкарыстаны аж да XVIII стагоддзя.

Немцы ў той час мелі многа адукаваных людзей, якія вялі хронікі, але, як відаць, не былі яны зацікаўленыя апісваць сваё паражэнне. А па-другое, усё начальства Тэўтонскага ордэну загінула ў баі за выняткам вялікага шпітальніка Тэтынгена, які з вялікай пыхі раптоўна заламаўся. Крыжацкая эліта ў Прусіі была так вынішчаная, што пасля бою не засталося аўтарытэтнага лідэра, з якім можна было б весці гутарку аб міры, а тым больш каб нехта мог дакументальна апісаць сваю трагедыю пад Танэнбэргам.

Што праўда, немцамі былі зробленыя хронікі аб Танэнбэргскай бітве, але яны часта скажалі факты й перабольшвалі лічбы. Яны лічылі славянаў на сотні тысячаў, якія быццам сваёю масай залілі немцаў. Таксама саюзнікі немцаў пісалі на Захадзе ў сваіх хроніках, што пад Танэнбэргам выступалі супраць Ордэну пагане-літоўцы, татары й схізматыкі-русіны, і быццам іхняя колькасная перавага перавышала крыжакоў, якія ваявалі ў «абароне хрысціянства».

У XV стагоддзі на старонках гісторыі можна было спаткаць успаміны з-пад Грунвальду, але былі гэта толькі зацемкі й больш нічога. Некаторыя пісалі вершы, складалі песні, што выглядала больш на легенду, як на гістарычную веду аб Танэнбэргу.

З боку ўсходніх славянаў, асабліва на Беларусі, ёсць запісы ў летапісах Аўраамкі, Быхаўца, Навагародскім, Супрасльскім, Львоўскім, Васкрэсеньскім ды іншых, дзе падаюцца сціплыя інфармацыі аб ходзе бітвы.

Так, як Ян Длугаш павышае ролю польскага жаўнера ў баі пад Грунвальдам, а паніжае літоўскае войска, якое быццам без аглядкі ўцякала на Літву, пішучы: «Літоўцы, паказаўшы зад, бягуць да самае Літвы», так і аўтар «Хронікі Быхаўца» няслушна падае, што «войска ляцкае ничого им не помогли, только на то смотрели». Ёсць праўдай, што войска польскае не спяшалася да бою, марудзіла ў той час, калі літоўскае войска ўжо білася з ворагам і пацярпела вялікія страты. Хроніка падае, што Вітаўт прыйшоў да Ягайлы й кажа: «Ты імшу слухаеш, а паны і князі, браты мае, пабітыя ляжаць, а твае людзі ім жаднае дапамогі ўчыніць не хочуць». Ягайла адказаў: «Мілы браце, па-майму звычаю я не магу пакінуць імшы недаслуханай». Але прытым сказаў свайму камернаму гуфу пайсці на помач літоўскаму войску. Некаторыя польскія аддзелы правялі час бяздзейна, не ўступілі ў бой зусім. Як падае Ян Длугаш, са знатных ніхто не загінуў, толькі дваццаць рыцараў. I гэта ўжо сведчыць, як моцна была заангажаваная польская армія ў баі пад Грунвальдам.

За апошнія два стагоддзі напісана даволі многа аб Танэнбэргу, пераважна на аснове запісаў Яна Длугаша, дзе кожны аўтар вёў свае разважанні й уяўленні аб падрыхтоўцы й ходзе гэтай гістарычнай бітвы. Сёння аб Танэнбэргу й Грунвальдзе маем багатую літаратуру на розных мовах, прысвечаную гістарычным, палітычным і мілітарным здарэнням таго часу.

Як раней, так і цяпер, у некаторых гісторыкаў дамінуе яўны нацыянальны шавінізм у дыскусіях на тэму, хто быў сапраўдным геніем Танэнбэргу й чыя армія найболыш спрычынілася да перамогі. I пройдзе яшчэ многа часу, пакуль прыціхнуць дыспуты – рэха сярэдневяковага Грунвальду, які ўскалыхнуў Еўропай. У кожным выпадку бітва была адной з найбольшых таго часу аж да XV стагоддзя ўключна. Тагачаснае рыцарства вяло войны, але не з такою вялікаю колькасцю й не ў такіх варунках.

Трэба, аднак, прызнаць аб’ектыўна, што ўклад беларусаў у перамогу над крыжакамі быў немалы, а большы, як падавала й падае некаторая польская ці іншая гістарыяграфія. Гэта ёсць адна з гераічных старонак гісторыі беларускага жаўнера. Ян Вісліцкі ў паэме «Пруская вайна», напісанай у 1516 годзе, у першую чаргу ўсхваліў вояў зямлі беларускай. Для палякаў і літоўцаў Грунвальд – гэта іхняя слава й гонар. I не меншая слава й гонар павінен належаць і беларускаму жаўнеру. Хоць ваяваў ён пад прынятым назовам Літвы (Вялікага Княства Літоўскага), але ўклад яго ў перамогу быў большы за літоўцаў ды іншых удзельнікаў. Аднак аб беларусах мала хто ўспамінае нават сёння, ды яны самі, быццам, ад гэтага адмаўляюцца, калі не выслалі сваю афіцыйную дэлегацыю на святкаванне[2]. Беларусаў, быццам, пад Танэнбэргам і Грунвальдам не было. Літовец К.Р. Юргеля ў сваёй кніжцы на ангельскай мове «Танэнбэрг, 15 ліпеня 1410», не хоча прызнаць удзелу беларусаў у бітве пад Танэнбэргам. На яго думку, Полацкая, Гарадзенская, Смаленская й іншыя харугвы з Беларусі – гэта былі літоўскія гарнізоны, бо ж на чале іх стаялі літоўскія генералы й не было праваслаўных святароў. Калі так, то трэба залічыць да літоўцаў і польскую армію, бо на чале яе, як некаторыя лічаць, стаяў літовец – Ягайла.

Сёння кожнаму гісторыку вядома, хто быў пад Танэнбэргам і Грунвальдам і які быў яго ўклад у перамогу. Для прыкладу, Р. Портал у сваёй кніжцы на ангельскай мове «Славяне» піша ясна: «Беларускія й украінскія кантынгенты, што складалі частку Польска-Літоўскай арміі, перамаглі немцаў у памятным баі пад Танэнбэргам».

А расейскі гісторык Барбашоў з 40 харугваў Вітаўтавай арміі налічыў толькі 4 літоўскія харугвы, якія складаліся з літоўскіх і жамойцкіх баяраў, а 36 харугваў складалі беларусы, якіх у той час называлі русінамі.

З польскіх 51 харугвы 7 харугваў было ўкраінска-падольскіх, якія належалі да кароннага войска – польскага. Былі гэта Львоўская, Холмская, Галіцкая, Перамышльская й тры падольскія харугвы. Амаль палова польскай конніцы складалі русіны з Чырвонай Русі. I калі ад 51 польскай харугвы адняць 4 украінскія, 3 падольскія, 2 чэшска-мараўскія й 1 мяшаную, то русіны пад Танэнбэргам выставілі болыш харугваў за Полышчу й многа больш за сапраўдную Літву.

Варта памятаць, што літоўцаў і жамойцаў не магло быць многа пад Танэнбэргам. Згодна пастановы ў Берасці ў снежні 1409 года літоўцы й жамойцы мелі застацца ў краі й весці зачэпныя баявыя дзеянні ўздоўж усяе граніцы з Ордэнам, каб гэтым аслабіць канцэнтрацыю варожай арміі. Такія баявыя дзеянні былі праведзеныя з поспехам.

Колькасць татарскай конніцы пад Танэнбэргам значна розніцца ў гісторыкаў-даследчыкаў. Адны падаюць лік 300, іншыя да 30 тысячаў конніцы. Аднак большасць даследчыкаў лічыць іх паміж 3–5 тысячамі. Беручы агульна, ВКЛ па колькасці жаўнераў не саступала Польшчы. А што да ўзбраення, то жаўнеры Вітаўта не выглядалі горш за іншых. Каб выглядалі яны горш, то, напэўна, Вітаўт не рабіў бы параду свайго войска перад венгерскімі пасламі, якія, акрамя пасярэднікаў з крыжакамі, былі адначасна іхнімі шпіёнамі. Пры канцы XIII і пачатку XIV стагоддзяў нямецкі храніст Пётр з Дусбурга пісаў, што войска «рутэнаў» – гэта значыць беларусаў, іхняя зброя й ваенная тактыка нічым не розніцца ад заходніх рыцараў.

Калі казаць яшчэ аб падрыхтоўку да бою, то крыжакі былі пэўныя, а, магчыма, замнога пэўныя свае перамогі над славянамі й дзеля таго выпусцілі ініцыятыву са сваіх рук. Па-першае, Юнгінген не павінен быў расцярушваць свайго войска на ўмацаванне пагранічных замкаў; па-другое, не выкарыстаў ён таго зручнага моманту, калі не ўсе польска-літоўскія войскі прыйшлі пад Танэнбэрг і, па-трэцяе, крыжакі не павінны былі праследаваць татараў з літоўцамі, што ўцякалі, а павярнуць сваю сілу на рэшту правага крыла праціўніка, якое аказалася адкрытым.

Пазнейшыя даследаванні спецыялістаў паказалі, што крыжаносцы прайгралі яшчэ й таму, што не былі запазнаныя з тактыкай, якую татары перанялі ад манголаў. Мангольская армія й яе ваеннае майстэрства мелі за сабою баявую традыцыю доўгіх стагоддзяў. I смела можна сказаць, што на той час мангольская армія лічылася найлепшай мілітарнай установай. Баявое майстэрства манголаў было зусім простае – лёгкая конная язда. У крыжакоў было наадварот – цяжкая панцырная язда. Яе коннік быў настолькі цяжкі й непаваротны, што сам не мог узлезці на каня. I калі ў баі зляцеў ён з каня, то можна сабе ўявіць, што з ім магло стацца... У такім даўжэйшым баі, як пад Танэнбэргам, дзе прыходзілася некалькі разоў праляцець на кані туды-сюды ды памахаць зброяй, то закуты ў панцыр коннік адчуваў сябе перамучаным і няздольным да актыўнай і працяглай барацьбы, якая патрабавала моцных мускулаў. Ды не менш і коні адчувалі сябе перамучанымі.

Трэба прызнаць, што лёгкая конніца ВКЛ не была здольнай да ўпартай барацьбы з цяжкай конніцай, якая ў той час існавала на захадзе Еўропы й якой распараджаліся крыжакі. Але яна мела й свой станоўчы бок. Пад моцным націскам панцыраў, яна, як лёгкая й паваротная, свабодна магла рассыпацца й лёгка сабрацца ў групу, рэарганізавацца й быць гатовай зваліцца на ворага з любога боку. Дзякуючы сваёй спраўнасці, калі трэба было, яна магла лёгка ўцячы, а ў пагоні была хутчэйшай, здольнай дагнаць ворага й сесці яму на карак. У залежнасці ад зброі й абставінаў выходзіла й тактыка, якая заключалася ў тым, каб стварыць для сябе спрыяльныя варункі барацьбы.

З татара-мангольскай тактыкай Вітаўт быў добра запазнаны, ён няраз рабіў выправы на татараў і свой вопыт выкарыстаў пад Танэнбэргам. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што татарская й літоўская конніцы не ўцякалі на зламанне карку, але такі быў звычай ашукаць ворага, нагрэць яго ў хуткай яздзе, а пасля прыступіць да рашучай расправы. Гэта сталася якраз пад Танэнбэргам. Амаль усе крыжацкія рыцары, якія ўзялі ўдзел у пагоні за часткай войска татараў і літоўцаў, не вярнуліся больш да сваіх. Яны былі фізічна перамучаныя й сталіся лёгкай ахвярай для саюзнікаў. I калі не загінулі яны пад мячамі, то трапілі ў палон. Некалькі гадоў пасля Танэнбэргу крыжакі пісалі, што была гэта тактыка. I калі была яна сапраўды, то ўдалася поўнасцю.

Вітаўт добра знаў і тактыку рыцараў Ордэну. Ён быў у іх пару гадоў і разам з крыжакамі хадзіў супраць Ягайлы. Так што Вітаўт меў за сабою каля 50 гадоў ваеннага вопыту, разумеў арганізацыю, тактыку й стратэгію сваіх ворагаў.

Усе тагачасныя арміі складаліся з пяхоты, конніцы, артылерыі й табару. Артылерыя ў той час была яшчэ прымітыўнай, але з вынаходствам пораху ўжывалася яна пры здабыванні замкаў. Пад Танэнбэргам артылерыя не адыграла вялікай ролі, а гэта, магчыма, таму, што ноччу, перад боем, прайшла вялікая бура з дажджом і замачыла порах. Таксама й пяхота, якой крыжаносцы мелі многа, аказалася бяздзейнай. Не засыпала яна праціўніка хмарай стрэлаў са сваіх лукаў, што магло б прачысціць рады й гэтым аслабіць націск праціўніка. Толькі пасля паражэння конніцы крыжацкая пяхота ставіла супраціў у сваім лагеры Грунвальд, але яе баявы дух быў ужо зламаны.

З мілітарнага пункту гледжання бой пад Танэнбэргам выбіў меч з рук ваяўнічых нямецкіх рыцараў-манахаў, змяніў ход гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы ды забяспечыў славянскім народам спакой на цэлыя пяць стагоддзяў. Пасля Танэнбэргу пацярпела й арганізацыя лацінскай царквы, дзе крыжацкі ордэн прадстаўляў адзін з галоўных філяраў палітыкі, скіраванай не толькі на паганскі, але й на «схізматыцкі» Усход. Аб гэтым сведчыць голас чэшскага нацыянальнага героя Яна Гуса, які раскрыў зло каталіцкай іерархіі, за што яго спалілі на кастры.

За цану страшэнных намаганняў і вялікіх ахвяраў славянаў была разгромленая магутная сіла Тэўтонскага ордэну. Сваім ваенным майстэрствам, адвагай і геройствам яны ўратавалі незалежнасць сваіх народаў.

I на канец трэба сказаць, што гістарычны бой пад Танэнбэргам-Грунвальдам выйграў не польскі кароль Ягайла са сваёй польскай арміяй і выйграў яго не адзін Вітаўт са сваёю арміяй, але выйгралі яго супольна аб’яднаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага, Польшчы й сваіх саюзнікаў пад кіраўніцтвам мужнага вялікага князя Аляксандра Вітаўта.

 

Юры ВЕСЯЛКОЎСКІ

(Друкуецца з нязначнымі скарачэннямі з захаваннем аўтарскага правапісу. З кнігі «Дух часу» № 6 (9). Лондан, 1990)



[1] Яўхім Лялевель.

[2] Маецца на ўвазе святкаванне 580-годдзя Грунвальдскай бітвы ў 1990 г. на Грунвальдскім полі. – «КГ».

Толькі зарэгістраваныя карыстачы могуць пакідаць каментары!
+/- Каментары

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."