За вольнасць

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 595 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.7%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
За вольнасць

ПРАДМОВА

У вялікай плеядзе выдатных барацьбітоў за свабоду ганаровае месца належыць ураджэнцу Беларусі Андрэю Тадэвушу Банавентура Касцюшку. Чалавеку, які рабіў незабыўнае ўражанне сваёй энергіяй, храбрасцю, адданасцю ідэі свабоды. Яшчэ і ў нашы дні выклікаюць захапленне яго арганізатарскія здольнасці, талент ваеннага інжынера, яго настойлівасць у пераадоленні, здавалася б, неадольных цяжкасцей. У буржуазнай Польшчы гісторыкі імкнуліся затушаваць класавую сутнасць барацьбы Касцюшкі за вызваленне народа, бачачы ў ім толькі абаронцу незалежнасці краіны, ігнаруючы тое, што ён лічыў свабоду кожнага асобнага чалавека асновай грамадскай свабоды.

Буржуазнымі гісторыкамі замоўчвалася і яго беларускае паходжанне, бо ў XVIII ст. тэрыторыя сучаснай Беларусі называлася Літвой, а насельніцтва называла сябе ліцвінамі. Акрамя таго, у XVIII ст. тых, хто прыняў каталіцкую веру, асабліва шляхту, пачалі называць палякамі. Таму і Касцюшку называлі то ліцвінам, то палякам. Толькі ў другой палове XIX ст. пачала шырока ўжывацца назва «беларус». Усё гэта ўносіла блытаніну пры вызначэнні этнічнай прыналежнасці жыхароў Беларусі.

На беларускай зямлі нарадзіліся і выраслі многія выдатныя дзеячы беларускай, славянскай і сусветнай культуры. Так, роданачальнікам кнігадрукавання ва Усходняй Еўропе стаў Ф. Скарына, ураджэнец Полацка. Ён жа быў выдатным філосафам, медыкам, літаратарам. Значны ўклад у развіццё палітычнай і філасофскай думкі XVI ст. ўнеслі С. Будны, А. Валан, Л. Сапега. На працягу XVII — першай паловы XVIII ст. на Беларусі і ў Літве ішоў працэс развіцця новай філасофіі, палітычнай думкі і прыродазнаўства, крытыка дагматычнага багаслоўя, як каталіцкага, так і уніяцкага і праваслаўнага.

Эпоха Асветы, якая пачалася ў Рэчы Паспалі тай у другой палове XVIII ст., дала значны штуршок развіццю навукі, разняволенню думкі ва ўсіх сферах грамадскай і дзяржаўнай дзейнасці. Для асветнікаў, на думку У. I. Леніна, характэрнай была гарачая варожасць «да прыгоннага права і ўсіх яго параджэнняў у эканамічнай, сацыяльнай і юрыдычнай галіне. ...абарона інтарэсаў народных мас, галоўным чынам сялян».

Асабліва хутка гэтыя ідэі распаўсюджваліся ў час паўстання 1794 г. Шляхецкі вызваленчы рух у Рэчы Паспалітай, пачаты паўстаннем, значна паўплываў на развіццё рэвалюцыйнага руху ў Расіі і Аўстра-Венгрыі: «Пакуль народныя масы Расіі і большасці славянскіх краін спалі яшчэ непрабудным сном, пакуль у гэтых краінах не было самастойных, масавых, дэмакратычных рухаў, шляхецкі вызваленчы рух у Польшчы набываў гіганцкае, першаступеннае значэнне з пункту гледжання дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай».

Некаторыя польскія буржуазныя гісторыкі спрабавалі паказаць барацьбу Касцюшкі супраць царызму і дэспатыі як барацьбу супраць рускага народа. Гэтыя памылковыя сцвярджэнні адхілены самім жыццём і адмаўляюцца ў даследаваннях сучасных польскіх вучоных. Гэта працы Я. Капчэўскага, Т. Раўскага, К. Мразоўскай, Г. Масціцкага, А. Загорскага і інш. На жаль, толькі на радзіме Касцюшкі, на Беларусі, не было выдадзена да гэтага часу ніводнай кнігі аб яго жыцці і барацьбе за свабоду.

 

ШЛЯХ У ЖЫЦЦЁ

Сяхновічы ці Марачоўшчына? * Дзіцячыя гады * Рэч Паспалітая — федэрацыя Польшчы і Вялікага княства Літоўскага * Бязладдзе дзяржаўных органаў улады * У корпусе кадэтаў

Андрэй Тадэуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся ў небагатай сям'і беларускага шляхціца, фамільны маёнтак якога знаходзіўся ў вёсцы Сяхновічы Кобрынскага павета (у цяперашні час Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці). Дакладная дата яго нараджэння невядома, выказана меркаванне, што ён нарадзіўся 4 лютага 1746 г., аднак больш праўдападобным трэба лічыць, што нарадзіўся ён 30 лістапада 1745 г. Дату 4 лютага назваў польскі даследчык Т. Корзан зыходзячы з таго, што захавалася метрыка, з якой відаць, што яго хрысцілі ў Косаўскім касцёле 12 лютага 1746 г. Аднак ёсць падстава меркаваць, што спачатку яго хрысцілі ў праваслаўнай царкве і назвалі Андрэем у гонар апостала Андрэя Першазванага, свята якога прыпадае на 30 лістапада. Такое меркаванне грунтуецца таксама на тым, што яго маці Фёкла (Тэкля) была праваслаўнай веры і паходзіла з вядомага на Беларусі прозвішча Ратамскіх. У якасці пасагу Тэкля Ратамская атрымала маёнтак Дразы Барысаўскага павета. Яе родны брат Марцін быў падкаморым Аршанскага павета. Вядома, што дзяцей, раней хрышчаных у цэрквах, часта паўторна хрысцілі ў касцёлах або проста складалі фіктыўныя каталіцкія метрыкі. На працягу ўсяго свайго жыцця Касцюшка быў абыякавы ў дачыненні да рэлігійных пытанняў, нягледзячы на тое што навучаўся ў каталіцкай канфесіянальнай школе.

Імкнучыся сказіць беларускае паходжанне Касцюшкі, нават сучасная Wielka Encyklopedia Powszechna паведамляе, што ён нібыта нарадзіўся на Валыні, якая з 1569 г. была далучана да Польшчы. Сам жа Касцюшка называў сябе ліцвінам, г. зн. так, як называлі сябе ў той час жыхары Беларусі.

Розныя былі ўказанні і аб яго месцы нараджэння. На думку адных біёграфаў, ён нарадзіўся ў вёсцы Сяхновічы, што пацвярджаецца надпісам на медалі, вырабленым у Парыжы ў 1818 г. Другія ўказваюць, што ён нарадзіўся ў маёнтку Марачоўшчына каля мястэчка Косава (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Аднак у абодвух выпадках размова ідзе аб Беларусі, а не аб Валыні ці Польшчы. У гістарычных дакументах прозвішча Касцюшка сустракаецца з 1458 г.

Продкі Андрэя Тадэвуша Банавентуры займалі сціплае становішча ў грамадстве. Яго прадзед Аляксандр Іван быў падсудкам у Брэсцкім земскім судзе. Дзед Амбражэй — пісар у Брэсцкім земскім судзе. Бацька Людвік ніякіх пасад не займаў, а насіў толькі ганаровае званне мечніка Брэсцкага ваяводства і палкоўніка, хоць у арміі ніколі не служыў.

У сям'і Тэклі і Людвіка Касцюшкаў было чацвёра дзяцей: Ганна, Язэп, Кацярына і Андрэй Тадэвуш. Да дзевяці гадоў Андрэй Тадэвуш выхоўваўся дома, як і ўсе дзеці дробнапамеснай шляхты, без якіх-небудзь спецыяльных гувернёраў ці настаўнікаў, г. зн. яго ранняе дзяцінства прайшло ў беларускай вёсцы. У дзевяць гадоў яго аддалі ў школу манаскага ордэна піяраў мястэчка Любешава Пінскага павета, дзе ён навучаўся пяць гадоў, да 1760 г. Пасля заканчэння школы ён зноў вярнуўся ў Сяхновічы і на працягу пяці гадоў дапамагаў маці па гаспадарцы. (Яго бацька ў 1758 г. быў забіты ўзбунтаванымі сялянамі.) У піярскай школе Касцюшка вывучаў лацінскую, польскую, французскую і нямецкую мовы, атрымаў пачатковыя веды па матэматыцы.

Рэч Паспалітая, якая ўтварылася ў выніку Люблінскай уніі 1569 г., з'яўлялася федэратыўнай дзяржавай, куды ўвайшлі Польшча і Вялікае княства Літоўскае. Кожная з гэтых дзяржаў мела сваю тэрыторыю, сваю эканоміку і фінансы, сваю армію, асобную адміністрацыю і заканадаўства. У другой палове XVIII ст. яна перажывала крызіс грамадскага і палітычнага ладу. Нарастала класавая барацьба сялян за сваё вызваленне. Сялянскія паўстанні і бунты дапаўняліся жорсткай барацьбой розных груп унутры пануючага саслоўя — шляхты, а таксама антыкаталіцкай барацьбой праваслаўнага насельніцтва Беларусі і Украіны.

Законам ад 19 мая 1655 г. пацвярджалася за барона польскім войскам пераходзіць граніцу Вялікага княства Літоўскага.

Суверэнныя правы Вялікага княства Літоўскага атрымалі юрыдычнае замацаванне ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588 г.

У Рэчы Паспалітай кароль быў без улады, сейм без сілы, а іншых пастаянных органаў улады і кіравання для ўсёй дзяржавы не было.

У гады юнацтва Тадэвуша Касцюшкі, г. зн. у сярэдзіне 60-х гадоў XVIII ст., была арганізавана спроба правядзення рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Прагрэсіўныя дзеячы імкнуліся прыстасаваць стары феадальны дзяржаўны апарат да новых эканамічных умоў. У 1764 г. паспрабавалі наладзіць работу сейма і абмежаваць выкарыстанне дэпутатамі «ліберум вета». У 1767 г. праваслаўныя шляхціцы Беларусі абвясцілі саюз (канфедэрацыю) у Слуцку з патрабаваннем ураўноўвання ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі. Па патрабаванні рускага пасла М. В. Рапніна ў лютым 1768 г. у Варшаве быў заключаны дагавор з Расіяй, згодна з якім фармальна абвяшчалася роўнасць ў правах праваслаўных з католікамі.

У гэты ж час былі падрыхтаваны так званыя Кардынальныя правы Рэчы Паспалітай, якія аб'яўляліся непарушнымі пад гарантыяй Расіі. У іх замацоўваліся непахіснасць «ліберум вета», шляхецкія прывілеі і недапушчальнасць рэформаў дзяржаўнага ладу. Яшчэ ў сакавіку 1764 г. Расія і Прусія дасягнулі дамоўленасці, каб не дапускаць сілай зброі якіх-небудзь рэформаў дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Гэтым, на думку Ф. Энгельса, «быў прадвызначаны будучы падзел Польшчы». Кардынальнымі правамі амаль поўнасцю былі ліквідаваны рэформы, праведзеныя ў 1764 г. Галоўным новаўвядзеннем у Кардынальных правах быў арт. XX, паводле якога ў Польшчы ўводзіўся ў дзеянне арт. 1 раздз. XII Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г., якім прадугледжвалася крымінальная адказнасць, аж да пакарання смерцю, шляхціца за забойства простага чала века.

Супраць Варшаўскага дагавору 1768 г. аб ураўноўванні ў правах праваслаўных з католікамі ў г. Бары (Заходняя Украіна) была ўтворана рэ акцыйнымі коламі Рэчы Паспалітай канфедэрацыя, якая заклікала да барацьбы за аднаўленне пераваг каталіцкай рэлігіі, супраць умяшання замежных дзяржаў, за захаванне ўсіх правоў і прывілеяў шляхты. Барская канфедэрацыя карысталася падтрымкай Францыі, якая падбухторыла Турцыю на вайну з Расіяй. Прусія і Аўстрыя, скарыстаўшы тое, што Расія была занятая вайной з Турцыяй, у 1770 г. акупіравалі частку польскіх земляў і прапанавалі Расіі прыняць удзел у па дзеле Рэчы Паспалітай. 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб першым па дзеле Рэчы Паспалітай. Да Аўстрыі, паводле канвенцыі, была далучана паўднёвая Польшча і частка заходняй Украіны з гарадамі Перамышлем, Львовам, Галічам, да Прусіі — паўночна-заходняя частка Польшчы з гарадамі Быдгашч, Хелмно, да Расіі — Латгалія і ўсходняя частка Беларусі з гарадамі Полацкам, Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Рагачовам, Гомелем.

Першы падзел Рэчы Паспалітай выявіў бязладдзе і бяссілле ўсяго дзяржаўнага апарату і ўказаў на неабходнасць рэформаў дзяржаўнага ладу.

У 1775 г. была зроблена спроба стварыць у дзяржаве калегіяльны выканаўча-распарадлівы орган, які б выконваў функцыі ўрада па найбольш важных пытаннях дзяржаўнага кіравання. 3 гэтай мэтай была створана Пастаянная рада, якая складалася з 36 чалавек — 18 прадстаўнікоў сената і 18 дэпутатаў ад шляхты. Аднак яе дзейнасць знаходзілася пад уплывам невялікай групы магнатаў і рускага пасла, у сувязі з чым гэтая рада ў прагрэсіўных колах была прызвана «радай здрады» і не здольна была кіраваць дзяржаўнымі справамі. Яна была ліквідавана ў 1789 г. Гэтыя надзеі паўплывалі на фарміраванне дэмакратычнага светапогляду Т. Касцюшкі.

У 1764 г. каралём Польшчы быў выбраны ўраджэнец Беларусі (маёнтак Волчын Брэсцкага па вета) Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, пляменнік канцлера Вялікага княства Літоўскага Міхала Чартарыйскага. А паколькі сям'і Касцюшкі спрыяў прыхільнік Чартарыйскіх пісар польны Вялікага княства Літоўскага Юзаф Сасноўскі, прызначаны крыху пазней ваяводам полацкім, то дзякуючы яго пратэкцыі Касцюшка 18 снежня 1765 г. быў прыняты ў нанова створаны Варшаўскі кадэцкі корпус. Прыкладна ў той час у корпусе кадэтаў вучыліся князі Казімір Сапега, Антон Радзівіл, Мацвей Ябланоўскі і магнаты Валовіч, Чацвярцінскі і інш. Шэфам корпуса кадэтаў з'яўляўся сам кароль. Непасрэдным начальнікам быў князь Адам Казімір Чартарыйскі.

Усяго ў корпусе было 80 кадэтаў. Касцюшка быў у спісе 79-м. Крыху пазней колькасць кадэтаў была скарочана да 60 чалавек. Кадэты былі па дзелены на брыгады па 20 чалавек. У кожнай брыгадзе былі брыгадзір і падбрыгадзір.

Кадэты займаліся страявой падрыхтоўкай, фехтаваннем, коннай яздой, вывучалі тактыку, літаратуру і гісторыю, мовы лацінскую, нямецкую, французскую, арыфметыку, геаметрыю і вышэйшую матэматыку, фізіку, палітычную эканомію, адным з асноўных прадметаў была артылерыя.

У 1767/68 навучальным годзе з ліку кадэтаў была ўтворана група, якая займалася ваенна-інжынернымі дысцыплінамі. У гэтую групу быў уключаны і Касцюшка. Асаблівая ўвага ў групе надавалася вывучэнню геаграфіі і трыганаметрыі.

Выдатныя здольнасці і настойлівасць дазволілі Касцюшку стаць адным з лепшых кадэтаў. 20 снежня 1766 г. ён атрымаў званне харунжага. Адначасова з працягваннем вучобы ён быў пры значаны на пасаду падбрыгадзіра з акладам 72 злоты ў месяц. Аб далейшых поспехах у вучобе і службе сведчыць тое, што ў 1769 г. ён атрымліваў 200 злотых у месяц.

ПАЧАТАК БАРАЦЬБЫ

У Францыі * Напярэдадні Французскай рэвалюцыі * Вяртанне на радзіму * Хатні настаўнік * Галубкі не для вераб'ёў * У барацьбе за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі * Знаёмства і дружба з выдатнымі дзеячамі Злучаных Штатаў

 

3 мэтай удасканалення ведаў у ваенных навуках і асабліва ў ваенным і грамадзянскім будаўніцтве ў другой палове 1769 г. Касцюшка вы ехаў на вучобу ў Францыю. Гэтая паездка была ажыццёўлена па ўказанні і пры матэрыяльнай падтрымцы караля, а таксама князя Адама Чартарыйскага. У Парыжы Касцюшка наведваў заняткі ў Акадэміі жывапісу і скульптуры, браў урокі па ваеннай архітэктуры, артылерыі і тактыцы. Акрамя таго, А. Чартарыйскі рэкамендаваў яму вывучаць будаўніцтва мастоў, шлюзаў, дарог, каналаў, плацін.

Пяцігадовае знаходжанне Касцюшкі ў Францыі супала па часе з рэвалюцыйнай сітуацыяй, якая склалася там. Палітычная думка прагрэсіўных французскіх асветнікаў Вальтэра, Мантэск'ё і асабліва Ж. Ж. Русо была накіравана на крытыку ўсіх бакоў феадальнага ладу. Ф. Энгельс, характарызуючы ідэйную барацьбу ў Францыі 60— 80-х гадоў XXIII ст., пісаў: «Усе ранейшыя формы грамадства і дзяржавы, усе традыцыйныя ўяўленні былі прызнаны неразумнымі і адкінуты як стары хлам».

Хоць нам невядома, з кім непасрэдна сустракаўся Касцюшка ў Парыжы, чые слухаў лекцыі і якія чытаў кнігі і артыкулы, аднак бясспрэчна, што на яго велізарны ўплыў аказалі працы французскіх асветнікаў, якія ў гэтыя гады апублікавалі сваю выдатную працу — Вялікую Французскую Энцыклапедыю. Ёсць падстава меркаваць, што яму былі вядомы працы Ж. Ж. Русо, асабліва «Аб грамадскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права» і «Меркаванні аб спосабе кіравання ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 года». Апошні з указаных трактатаў быў у тым жа годзе перададзены паслу Рэчы Паспалітай у Парыжы кухмістру Вялікага княства Літоўскага Міхалу Віельгорскаму і, напэўна, з ім былі азнаёмлены грамадзяне Рэчы Паспалі тай, якія жылі ў Парыжы. Уплыў поглядаў Ж. Ж. Русо на Касцюшку асабліва ярка праявіўся ў перыяд паўстання ў Рэчы Паспалітай у 1794 г.

Бясспрэчна, што знаходжанне ў Францыі са дзейнічала ўсталяванню ў Касцюшкі рэспубліканскага светапогляду і з'явілася галоўнай школай новай грамадска-палітычнай думкі, у якой абвяшчаліся найважнейшыя буржуазныя лозунгі — свабода, роўнасць і братэрства.

Пасля кароткага падарожжа ў Англію, Італію, Швейцарыю і Германію летам 1774 г. Касцюшка вярнуўся у Варшаву. Аднак у арміі Рэчы Паспалітай афіцэрскай пасады яму не знайшлося Атрымаць афіцэрскую пасаду ў той час можна было, толькі выкупіўшы яе, а для гэтага трэба было выплаціць за пасаду капітана 18 тысяч злотых. Такіх грошай ні ў Касцюшкі, ні ў яго блізкіх не было. Знаходзячыся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, паколькі яго брат растраціў не толькі сваю маёмасць, але і частку ягонай, ён быў вымушаны згадзіцца пайсці на пасаду хатняга настаўніка да смаленскага ваяводы, а з 1775 г. гетмана польнага Вялікага княства Літоўскага (з 1781 г. ваяводы полацкага) Юзафа Сасноўскага і навучаць яго дачок Людвіку і Кацярыну маляванню. Якія былі поспехі яго вучаніц у жывапісе, невядома. Вядома толькі, што старэйшая Людвіка, яго равесніца, закахалася ў яго, ён адказаў узаемнас­цю і яны вырашылі ажаніцца. А паколькі бацькі Людвікі былі супраць шлюбу іх дачкі з бедным шляхціцам, то маладыя вырашылі ўпотай абвянчацца, але іх намер стаў вядомы бацьку і шлюб разладзіўся. Нібы пра іх было сказана: «Галубкі не для вераб'ёў, а дочкі магнатаў не для шляхцюкоў».

Не знайшоўшы сабе занятку на радзіме, Касцюшка восенню 1775 г. зноў выехаў у Францыю, а летам 1776 г.— у Паўночную Амерыку, дзе ў той час пачалася вайна супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. У. I. Ленін назваў гэту вайну «адной з тых вялікіх, сапраўды вызваленчых, сапраўды рэвалюцыйных войнаў, якіх было так нямнога... Гэта была вайна амерыканскага народа супраць разбойнікаў англічан, якія прыгняталі і трымалі ў каланіяльным рабстве Амерыку». Гэтая вайна, па сутнасці, з'яўлялася буржуазнай рэвалюцыяй, якая выклікала да жыцця моцны дэмакратычны рух. Несумненна, рэвалюцыйныя ідэі барацьбы за незалежнасць і свабоду амерыканскага народа былі блізкія Касцюшку. У жніўні 1776 г. Касцюшка прыбыў у Амерыку і 18 кастрычніка быў залічаны ў амерыканскую армію ў званні палкоўніка.

На працягу сямі гадоў Касцюшка змагаўся ў шэрагах амерыканскай арміі. Асабліва каштоўнымі былі яго веды як ваеннага інжынера, бо амерыканская армія складалася ў асноўным з фермераў і простых гараджан — мела вострую патрэбу ў высокакваліфікаваных вайскоўцах і ў ваенных інжынерах. Першым буйным выпрабаваннем яго таленту было складанне праекта і будаўніцтва ўмацаванняў на берагах ракі Дэлавер для аховы Філадэльфіі, дзе ў той час было сканцэнтравана кіраўніцтва барацьбой за незалежнасць. У Філадэльфіі збіраліся першы і другі кантынентальныя кангрэсы прадстаўнікоў калоній, якія ўзняліся на барацьбу за незалежнасць. Тут жа была прынята Канстытуцыя ЗША. Аб значэнні Філадэльфіі сведчыць і той факт, што на працягу 10 гадоў горад быў сталіцай краіны. Касцюшка выдатна справіўся з заданнем, у сувязі з чым Савет бяспекі штата Пенсільванія даў яму ва ўзнагароду дадатковую суму грошай.

Вясной 1777 г. галоўная небяспека для Злучаных Штатаў навісла з поўначы, дзе англічане, дзейнічаючы з Канады і Нью-Йорка, рыхтаваліся разграміць паўстанцаў. У сувязі з гэтым паводле рашэння кангрэса была створана армія Поўначы, у якую галоўным інжынерам быў прызначаны Касцюшка.

Буйнога поспеху дабілася армія Поўначы ў бітве пад Саратогай, дзе было разгромлена буйное злучэнне англійскіх войск. Гэта перамога ў значнай ступені была дасягнута дзякуючы добрым фартыфікацыйным умацаванням, пераадолець якія англічанам не ўдалося. Гэта перамога паслужыла пачатковым этапам паражэння Англіі ў вайне, узняла дух амерыканскай арміі і ўзняла яе аўтарытэт у Еўропе, садзейнічала афіцыйнаму прызнанню еўрапейскімі краінамі дзяржаўнай самастойнасці ЗША.

Камандуючы арміяй у афіцыйным рапарце кангрэсу ўказваў, што палкоўнік Касцюшка выбраў і ўмацаваў пазіцыі. Пасля бітвы пад Саратогай прозвішча Касцюшкі ведаў ўжо і галоўнакамандуючы амерыканскай арміяй Джордж Вашынгтон. У лісце ад 10 лістапада 1777 г. старшыні кангрэсу ён пісаў, што Касцюшка «з'яўляецца чалавекам навукі і вышэйшых якасцей. Згодна з атэстацыяй, якую маю аб ім, заслугоўвае, каб мець яго на прыкмеце».

У пачатку 1778 г. кангрэс прыняў рашэнне аб стварэнні крэпасці на ўзбярэжжы ракі Гудзон, у сувязі з чым Вашынгтон прапанаваў кандыдатуру Касцюшкі на пасаду галоўнага інжынера, які і быў зацверджаны кангрэсам. На працягу двух з паловай гадоў Касцюшка кіраваў будаўніцтвам самай вялікай крэпасці Злучаных Штатаў у Вест-Поінт, дзе адзін час знаходзілася і штаб-кватэра Вашынгтона. Пазней у Вест-Поінт была створана ваенная акадэмія ЗША. У 1830 г. Касцюшку ў Вест-Поінт быў пастаўлены помнік. Пасля паражэння на поўначы англічане паспрабавалі дабіцца поспеху на поўдні, куды былі перанесены галоўныя ваенныя дзеянні. Для арганізацыі аховы паўднёвых штатаў кангрэс арганізаваў паўднёвую армію, галоўным інжынерам у якую быў прызначаны Касцюшка. У паўднёвай арміі Касцюшка не толькі займаўся інжынернымі работамі — умацаваннямі, мастамі, пераправамі, але і камандаваў баявымі лінейнымі часцямі.

Наколькі быў высокі аўтарытэт Касцюшкі ў Амерыцы, могуць сведчыць пісьмы вышэйшых службовых асоб ЗША. Так, Вашынгтон у пісьме да генерала Грына ў 1780 г. пісаў, што ён добра пазнаёміўся з Касцюшкам і высока цэніць яго веды, агульныя паводзіны і настойлівасць, з якімі ён праводзіў работы ў Вест-Поінт. Генерал Грын адзначаў, што сярод яго таварышаў па зброі найбольш карысным і прыемным быў палкоўнік Касцюшка. За выдатныя заслугі кангрэс ЗША 13 кастрычніка 1783 г. прысвоіў яму званне брыгаднага генерала і ў пастанове запісаў, каб ваенны міністр «выдаў палкоўніку Касцюшку дыплом на званне брыгаднага генерала і засведчыў гэтаму афіцэру, што кангрэс прасякнуты высокай свядомасцю яго працяглых і асабліва каштоўных заслуг».

За баявыя заслугі Касцюшка ў ліку трох іншаземцаў быў узнагароджаны самым высокім баявым ордэнам ЗША — ордэнам Цынцынаці і прыняты ў склад таварыства цынцынатаў, ганаровым членам якога быў Дж. Вашынгтон. Акрамя таго, Касцюшка атрымаў амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел, а таксама ў якасці асабістага падарунка ад Вашынгтона пару пісталетаў.

Знаходзячыся ў Злучаных Штатах, Касцюшка пазнаёміўся і пасябраваў з многімі выдатнымі дзеячамі гэтай краіны. Ён прымаў актыўны ўдзел і ў палітычным жыцці, быў блізка знаёмы з многімі ваеннымі і палітычнымі дзеячамі таго часу. У прыватнасці, ён сябраваў з Томасам Джэферсо­нам, аўтарам Дэкларацыі незалежнасці, абраным у 1800 г. прэзідэнтам ЗША. Аб дружбе Касцюшкі з Джэферсонам і блізкасці іх грамадска-палітычных поглядаў сведчыць завяшчанне Касцюшкі наступнага зместу: «Я, Тадэвуш Касцюшка... гэтым сведчу і пастанаўляю: у выпадку, калі затым я не распараджуся ў маім завяшчанні інакш сваёй уласнасцю, што знаходзіцца ў Злучаных Штатах, то даручаю майму сябру Томасу Джэферсону цалкам выкарыстаць гэтую маёмасць на выкуп неграў, якія належаць яму самому або іншым, на дараванне ім свабоды ад майго імя, на навучанне іх рамёствам або іншым навукам, на выхаванне ў іх маральных якасцей, якія дапамогуць ім стаць добрымі суседзямі, добрымі бацькамі і маці, мужамі і жонкамі, на выхаванне ў іх добрасумленных адносін да грамадзянскіх абавязкаў і ў першую чаргу да абароны сваёй свабоды, сваёй краіны і добрага грамадскага парадку, на іх выхаванне ва ўсім тым, што можа іх зрабіць шчаслівымі і карыснымі. Я прызначаю вышэйназванага Томаса; Джэферсона выканаўцам гэтага завяшчання».

У Дэкларацыі незалежнасці ЗША, падрыхтаванай Т. Джэферсонам у 1776 г., было запісана: «...Мы лічым відавочным наступныя ісціны: усе людзі створаны роўнымі і ўсе яны надзелены творцам некаторымі неад'емнымі правамі, да ліку якіх належыць жыццё, свабода і імкненне да шчасця. Для забеспячэння гэтых правоў устаноўлены сярод людзей урады, якія надзяляюцца спавядлівай уладаю са згоды грамадзян. Калі ж дадзеная форма кіравання становіцца гібельнай для іх мэтаў, то народ мае права змяніць або скасаваць яе і ўстанавіць новы ўрад, заснаваны на такіх прынцыпах і з такой арганізацыяй улады, якія, на думку гэтага народа, больш за ўсё могуць садзейнічаць яго бяспецы і шчасцю». Гэтыя ідэі амерыканскай рэвалюцыі супадалі з поглядамі Касцюшкі, аб чым можна меркаваць па яго дзейнасці на бацькаўшчыне, куды ён вярнуўся ў 1784 г.

 

ЗНОЎ

НА РАДЗІМЕ

Пяць гадоў у Сяхновічах * Чатырохгадовы сейм Рэчы Паспалітай * Служба ў польскай арміі * Канстытуцыя 3 мая 1791 г. * Таргавіцкая канфедэрацыя х Ваенныя дзеянні * Гродзенскі сейм * Выхад з арміі

Вяртанне Касцюшкі ў родныя мясціны было бязрадасным. Маёнтак у Сяхновічах быў абцяжараны даўгамі з-за дрэннага кіравання і безгаспадарнасці брата. Месца ў арміі Рэчы Паспалітай для аднаго з самых адукаваных і з багатым вопытам вядзення ваенных дзеянняў генерала не аказалася. У краіне панавала засілле каталіцкага духавенства і свавольства магнатаў, а народ знаходзіўся пад цяжкім прыгнётам прыгоннага права.

Застаўшыся без спраў, баявы генерал на працягу пяці гадоў займаўся сельскай гаспадаркай у Сяхновічах.

У апошняй чвэрці XVIII ст. у Рэчы Паспалітай узмацніўся працэс разлажэння прыгонніцтва і актывізавалася дзейнасць прыхільнікаў правядзення рэформаў дзяржаўнага ладу. Атрымлівалі распаўсюджанне працы С. Сташыца, Г. Калантая, К. Нарбута, I. Храбтовіча і іншых ідэолагаў правядзення рэформаў. У 1788 г. сабраўся Чатырохгадовы сейм, які пачаў праводзіць рэформы ў Рэчы Паспалітай. Спачатку ў гэты сейм было абрана 177 дэпутатаў, пасля дадатковых выбараў у 1790 г. іх колькасць павялічылася на 182 дэпутаты, з якіх 112 былі прыхільнікамі рэформаў. Рашэннем сейма армія павялічвалася да 100 000 салдат і афіцэраў — прыкладна ў пяць разоў у параўнанні з ранейшай колькасцю. У сувязі з гэтым Касцюшка атрымаў пасаду камандзіра брыгады ў польскай арміі, хоць ён жадаў служыць у арміі Вялікага княства Літоўскага.

У пісьме ад 7 лютага 1790 г. да генерала Несялоўскага ён прасіў яснавяльможнага пана вырваць яго з польскай арміі і вярнуць у Вялікае княства Літоўскае: «Хіба Вы адмаўляецеся ад мяне і лічыце няздольным служыць Вам? Кім жа я з'яўляюся? Хіба я не ліцвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? Каму павінен дзякаваць (за рэкамендацыю Брэсцкага сенміка), калі не Вам? Каго павінен абараняць, калі не Вас і сябе самога? Калі гэта Вас не кране для ўнясення прапановы пра мяне на сейме, каб вярнуўся, то я сам буду вымушаны, бачыць Бог, што-небудзь кепскае сабе ўчыніць! Таму што злосць мяне бярэ: каб з Літвы ў Кароне служыў, калі вы не маеце трох генералаў. Калі вас вешаць на вяроўцы будуць гвалтаўнікі, тады толькі адумаецеся і пра сябе пачняце клапаціцца». Нягледзячы на такі адчай Касцюшку не ўдалося перавесціся з польскай арміі ў армію Вялікага княства Літоўскага.

Асабістае жыццё ў Касцюшкі склалася няўдала. Знаходзячыся ў польскай арміі, будучы камандзірам брыгады, размешчанай у заходняй Украіне, ён сустрэў дзяўчыну, якую пакахаў і яна адказала яму ўзаемнасцю, нягледзячы на тое, што ён быў старэйшы за яе на 27 гадоў. Але яе бацька не дазволіў ёй выйсці за яго замуж, бо лічыў, што ў яго няма добрага маёнтка. Па іншых крыніцах, з-за таго, што ў яго закахалася маці нявесты.

14 ліпеня 1789 г. пачалася Вялікая французская буржуазная рэвалюцыя, якая прыкметна паўплывала на многія еўрапейскія народы, у тым ліку і на народы Рэчы Паспалітай. Актывізавалася дзейнасць дробнай гарадской буржуазіі і інтэлігенцыі, пачалі ўзнікаць палітычныя арганізацыі. Сейм Рэчы Паспалітай прыняў шэраг важных законаў, накіраваных на ўмацаванне органаў дзяржаўнай улады.

У студзені 1791 г. быў прыняты новы закон аб кардынальных правах, які прадугледжваў прызнан­не пануючага становішча за каталіцкай царквою, непарыўнасць саюзу Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, незалежнасць і суверэннасць Рэчы Паспалітай, свабоду слова і друку, затым у сакавіку— закон аб сейміках, паводле якога беззямельная шляхта была пазбаўлена выбарчых правоў, у красавіку — закон аб гарадах. За мяшчанамі было прызнана права асабістай недатыкальнасці, права набыцця маёнткаў і пашыраліся іншыя правы. Прадугледжваліся розныя выпадкі прызнання за мяшчанамі шляхецкай годнасці, уносіліся змены ў парадак разгляду крымінальных спраў, па якіх прадугледжвалася пакаранне смерцю.

Законы аб сейміках і аб гарадах з'явіліся пачаткам буржуазных рэформаў у Рэчы Паспалітай. Завяршэннем іх з'явілася канстытуцыя, прынятая 3 мая 1791 г. Гэтым законам устанаўліваліся новыя прынцыпы арганізацыі вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, якія павінны былі будавацца па прынцыпу падзелу ўлады. Каталіцкая рэлігія абвяшчалася пануючай, але адначасова абвяшчалася і свабода іншых рэлігійных абрадаў, у ёй гарантаваліся правы і прывілеі заможных шляхты і мяшчан, захоўвалася залежнасць сялян ад памешчыкаў, але абвяшчалася апека права і ўрада над сялянамі. Дзяржаўны лад вызначаўся як канстытуцыйная манархія, улада караля была абмежавана сеймам. Яму належала заканадаўчая ўлада, і складаўся ён з палаты дэпутатаў і сената, у які ўваходзілі каталіцкія епіскапы, ваяводы, кашталяны і некаторыя вышэйшыя службовыя асобы — усяго 132 чалавекі, а ў палату дэпутатаў — 204 чалавекі. Акрамя таго, у сейм з дарадчым голасам дапускаліся прадстаўнікі ад мяшчан. Самым важным новаўвядзеннем па канстытуцыі была адмена «ліберум вета» і стварэнне ўрада для ўсёй Рэчы Паспалітай. Урад называўся «Вартавы правоў» і складаўся з караля як старшыні ўрада, кіраўніка каталіцкага духавенства — прымаса і пяці міністраў: міністра паліцыі, міністра пячаткі (унутраных спраў), ваеннага міністра, міністра фінансаў, міністра замежных спраў. На пасяджэннях урада маглі прысутнічаць з дарадчым голасам наследнік прастола і старшыня (маршалак) сейма. Міністра прызначаў і здымаў кароль. Прадугледжвалася стварэнне судоў, незалежных ад адміністрацыі, і выданне новых грамадзянскага і крымінальнага кодэксаў. Канстытуцыя 3 мая з'яўлялася вынікам кампрамісу класа феадалаў з маладой буржуазіяй. Прагрэсіўныя дзеячы Рэчы Паспалітай бачылі ў ёй толькі пачатак і падрыхтоўку да рэвалюцыйных пераўтварэнняў і поўнасцю яе падтрымлівалі. Рэакцыйныя і клерыкальныя элементы разглядалі яе як здзейсненую рэвалюцыю, выступілі супраць канстытуцыі і, учыніўшы акт дзяржаўнай здрады, звярнуліся па дапамогу да суседніх дзяржаў.

Касцюшка, як перакананы рэспубліканец і праціўнік усякай манархіі, калі стала пытанне аб прынясенні прысягі на вернасць канстытуцыі 3 мая, без ваганняў прыняў такую прысягу і распарадзіўся аб прыняцці прысягі падпарадкаванымі яму афіцэрамі, нягледзячы на тое што канстытуцыя прадугледжвала захаванне манархіі.

Пасля прыняцця канстытуцыі 3 мая Чатырохгадовым сеймам 29 чэрвеня 1791 г. былі створаны дзве дэпутацкія камісіі: польская і Вялікага княства Літоўскага, якія павінны былі падрыхтаваць праект прававой рэформы, выпрацаваць асновы кадыфікацыі крымінальнага і грамадзянскага права. Ідэолаг радыкальнага шляхецка-буржуазнага блоку Гуга Калантай прапанаваў у аснову новага заканадаўства пакласці Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г., аб якім «немагчыма прыгадаць без вялікага захаплення... Літоўскі статут робіць гонар чалавечаму розуму..., складзены так разумна, асабліва ў адносінах да ступеняў пакарання, што яго можна лічыць самай дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Еўропе, калі не прымаць пад увагу некаторых недахопаў, што ўзніклі пад націскам грамадскай думкі той эпохі, і залішняй строгасці ў пакараннях, уласцівай таму веку».

Асноўная ідэя Статута — зацвярджэнне прававога парадку, пры якім усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы абавязаны дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з правам, што адпавядала інтарэсам буржуазіі і прагрэсіўна настроенай шляхты. Таму Касцюшка, які вырас у сям'і, дзе прадзед і дзед былі судовымі чыноўнікамі, з дзяцінства выхоўваўся на павазе да права і асабліва да Статута, што заставаўся дзейным законам на тэрыторыі Беларусі і Літвы да 1840 г.

У 1792 г. ўскладнілася міжнароднае становішча Рэчы Паспалітай. Прусія, адыгрываючы з 1787 па 1791 г. ролю саюзніцы Рэчы Паспалітай, імкнулася. пасварыць яе з Расіяй, а затым пайшла на змову з царызмам. У пачатку 1792 г. актывізавалася дзейнасць рэакцыйных магнатаў і вярхоў каталіцкага духавенства, так званай старашляхецкай партыі, супраць прагрэсіўных законаў, прынятых у 1791 г. Пасля перагавораў у Пецярбурзе з Кацярынай II, заручыўшыся яе абяцаннем падтрымаць іх бунт, правадыры старашляхецкай партыі 27 красавіка 1792 г. падпісалі ў Пецярбурзе акт канфедэрацыі, які затым быў зачытаны ва ўкраінскім мястэчку Таргавіца пад фальшывай датай 14 мая.

Акт аб'яўляў незаконнай дзейнасць сейма, які нібыта «парушыў кардынальныя правы, адмяніў усе шляхецкія вольнасці, а 3 мая, учыніўшы рэвалюцыйную змову, устанавіў новую форму ўлады пры дапамозе мяшчан, салдат, уланаў... Рэспубліку ператварыў у манархію, беззямельную шляхту ад роўнасці і свабод адхіліў». Далей гаварылася, што канфедэрацыя ўтворана ў імя абароны каталіцкай рэлігіі, захавання цэласнасці граніц Рэчы Паспалітай і захавання старых свабод шляхты. Не маючы шырокай падтрымкі ўнутры дзяржавы, таргавічане звярнуліся да царскага ўрада, які 18 мая 1792 г. накіраваў 100-тысячную армію ім на дапамогу.

Уступленне царскіх войск у вайну супраць законнага ўрада было яўнай агрэсіяй. У абарону канстытуцыі выступілі слабыя і раз'яднаныя часці войска Рэчы Паспалітай. Адна з першых бітваў, у якой вызначылася дывізія пад камандаваннем Касцюшкі, адбылася каля вёскі Дубенкі на Заходнім Бугу. У гэтай бітве Касцюшка меў пад сваім каман­даваннем каля 5 тысяч салдат і афіцэраў, стрымаў націск прыкладна 20 тысяч царскіх войскаў і даў мачгымасць усёй паўднёвай арміі пад камандаваннем князя Ю. Панятоўскага адысці на новыя пазіцыі. Аднак лёс гэтай кампаніі быў загадзя прадвызначаны, бо многія магнаты і шляхта ды і сам кароль, здзейсніўшы акт дзяржаўнай здрады, перайшлі на бок таргавічан. Варшава была занята таргавічанамі і царскімі войскамі.

Нягледзячы на тое што Касцюшка за ваенныя заслугі ў час кампаніі 1792 г. быў узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» і яму было прысвоена званне генерал-лейтэнанта, ён 30 ліпеня 1792 г. ў знак пратэсту супраць змовы таргавічан з каралём падаў у адстаўку і выехаў за граніцу. 26 жніўня 1792 г. пастановай Заканадаўчага сходу Касцюшка атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Францыі.

У гэты час таргавічане трыумфавалі перамогу. Аднак гэта працягвалася нядоўга. Выклікаўшы ваенны разгром Рэчы Паспалітай, яны садзейнічалі і яе другому падзелу, бо ў студзені 1793 г. Прусія дамовілася з Расіяй аб адарванні ад Рэчы Паспалітай часткі тэрыторыі. Да Расіі адышла частка Беларусі і Заходняй Украіны, а да Прусіі — спрадвечна польскія землі з гарадамі Торунь, Гданьск, Познань. Сейм Рэчы Паспалітай, які сабраўся 17 чэрвеня 1793 г. у Гродне, прызнаў гэты падзел. На Гродзенскім сейме было аб'яўлена аб роспуску таргавіцкай канфедэрацыі і стварэнні гродзенскай канфедэрацыі. Гродзенскім сеймам, які дзейнічаў як канфедэрацыя, была адменена канстытуцыя 3 мая і прынята новая канстытуцыя. У адпаведнасці з канстытуцыяй 1793 г. аднаўлялася Пастаянная рада; абнаўлялася выбіральнасць каралёў; вышэйшым заканадаўчым органам краіны заставаўся сейм, які павінен быў склікацца кожныя чатыры гады на восем тыдняў; рашэнні ў сейме прымаліся большасцю галасоў; каралю прадастаўлялася права вета на сеймавыя рашэнні, якія датычацца асноўных законаў. Галоўнае ж заключалася ў тым, што нават і гэтая канстытуцыя заставалася на паперы, бо Рэч Паспалітая страчвала сваю незалежнасць.

 

НА ЧАЛЕ ПАЎСТАННЯ

Пачатак паўстання * Акт паўстання * Першыя поспехі * Паланецкі універсал * Бітва пад Мацяёвіцамі * Ранены Касцюшка трапляе ў палон * Паражэнне паўстання. * Гістарычнае значэнне паўстання * Трэці падзел Рэчы Паспалітай

Класавыя супярэчнасці, пастаяннае ўмяшанне суседніх манархічных рэжымаў і бяссілле «сваіх» дзяржаўных органаў выклікалі пратэст і незадавальненне шырокіх слаёў народа і асабліва прагрэсіўных слаёў шляхты, прадстаўнікі якой пачалі ўзмоцненую падрыхтоўку да паўстання. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы паўстання прымаў Касцюшка. Ён накіраваўся ў Парыж, дзе вёў перагаворы з міністрам замежных спраў і перадаў яму мемарыял пра задачы рэвалюцыі ў Рэчы Паспалітай. У ім гаварылася аб неабходнасці ліквідацыі каралеўскай улады, ліквідацыі сената, адхіленні вышэйшага духавенства ад кіравання дзяржаўнымі справамі, свабодзе набыцця зямельнай уласнасці, аб прадастаўленні выбарчых правоў усім землеўладальнікам і асобам, што плацяць падаткі, аб ліквідацыі прыгоннай залежнасці сялян, аб свабодзе і роўнасці для ўсіх.

Мемарыял абвяшчаў тыповыя мэты буржуазнай рэвалюцыі. Але надзеі на падтрымку Францыі не апраўдаліся, і Касцюшка вымушаны быў вярнуцца, не атрымаўшы якой-небудзь канкрэтнай дапамогі. Знаходзячыся ў эміграцыі ў Лейпцыгу, Касцюшка падтрымліваў сувязь з рознымі патрыятычнымі дзеячамі, якія рыхтаваліся да паўстання ў Рэчы Паспалітай. Сярод арганізатараў паўстання дакладна вызначыліся дзве плыні — умераных, якія жадалі захаваць становішча, што існавала да ўварвання замежных войскаў і перамогі таргавічан, і больш радыкальных, якія імкнуліся далучыць да паўстання шырокія пласты гараджан і сялян. Да гэтага напрамку належаў і Касцюшка, які заяўляў: «Толькі за шляхту ваяваць не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццём».

У 1794 г. актывізавалася работа па падрыхтоўцы паўстання, якое павінна было пачацца адначасова ў Кракаве, Варшаве, Вільні. Падрыхтоўкай паўстання кіравала група патрыётаў, вымушаных пакінуць краіну і выехаць у Лейпцыг і Дрэздэн. Сярод іх, акрамя Т. Касцюшкі, былі Г. Калантай, I. Патоцкі і інш. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай дзейнічалі тайныя саюзы і таварыствы прыхільнікаў паўстання на чале з I. Дзялінскім, Я. Ясінскім і інш. Касцюшка разумеў, што пры слабасці гарадской буржуазіі і забітасці паднявольных сялян на барацьбу трэба было ўзняць і прагрэсіўна настроеную шляхту. Аднак гэта вяло да кампрамісу і ў пэўнай ступені адштурхоўвала сялян ад актыўнай барацьбы, бо пераважная большасць шляхты не жадала сацыяльнай рэвалюцыі, а імкнулася толькі да аднаўлення парадкаў у адпаведнасці з канстытуцыяй 3 мая. Гэтая дваістасць становішча асабліва выразна выявілася на пачатку паўстання.

24 сакавіка 1794 г. у Кракаве ўспыхнула паўстанне, у якім прынялі ўдзел шляхта, мяшчане і некаторая частка сялян. На чале паўстання стаў генерал-лейтэнант Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, які быў абвешчаны вышэйшым і адзіным начальнікам узброеных сіл і кіраўніком усяго паўстання. У гэты ж дзень быў абвешчаны Акт паўстання грамадзян, жыхароў Кракаўскага ваяводства, і Касцюшка прынёс прысягу, у якой абавязаўся даверанай яму ўлады не ўжываць у чыіх-небудзь асабістых інтарэсах, а толькі для абароны цэласці граніц, вяртання самаўладдзя народа, усталявання ўсеагульнай свабоды.

Акт паўстання пачынаўся з выкрыцця подласці, ашуканства і падступнасці царыцы Кацярыны II і прускага караля Фрыдрыха Вільгельма. У Акце гаварылася: «Няма такой хлусні, прытворства і падману, якімі не зганьбілі б сябе гэтыя два ўрады... Пад выдуманымі прычынамі, хлуслівымі і бессэнсоўнымі, карыстацца якімі пасуе адным толькі тыранам, дагаджаючы на самой справе толькі сваёй ненажэрнай сквапнасці і жаданню распаўсюдзіць панаванне тыраніі на суседнія народы... Царыца, утойваючы свае далейшыя намеры, небяспечныя для еўрапейскіх дзяржаў, прысвяціла сябе варварскай і ненажэрнай помсце. Яна топча самыя святыя правы свабоды, бяспекі, недатыкальнасці асобы і маёмасці грамадзян... Толькі здраднікі айчыны карыстаюцца яе прыхільнасцю і могуць беспакарана чыніць свае злачынствы».

У Акце паўстання Касцюшка правільна ўказаў, што галоўнай мэтай Кацярыны II і Фрыдрыха Вільгельма было жаданне «распаўсюдзіць панаванне тыраніі» і падаўленне свабоды не толькі ў сваіх дзяржавах, але і ў суседніх народаў. Акт паўстання яшчэ раз выкрыў перад усім светам паказны лібералізм Кацярыны II.

Палітычнае кіраўніцтва паўстаннем у адпаведнасці з Актам ускладалася на Вышэйшую нацыянальную раду. У якасці надзвычайных мясцовых органаў ствараліся камісіі кіравання ў ваяводствах, якія ў сваю чаргу стваралі дазорныя ўпраўленні. Кожнае дазорнае ўпраўленне ахоплівала 1000— 1200 сялянскіх гаспадарак. Ствараліся новыя рэвалюцыйныя суды, якія павінны былі разглядаць крымінальныя справы аб злачынствах, накіраваных супраць паўстання.

Створаныя новыя органы ўлады, упраўленні і суды не знішчылі стары дзяржаўны апарат, не была знішчана і манархія. Пасля ўзброенага паўстання ў Варшаве, якое адбылося 17—18 красавіка 1794 г., была створана ў канцы мая Галоўная нацыянальная рада. У яе склад уваходзілі 8 саветнікаў і 32 члены рады (намеснікі саветнікаў), але галоўная роля належала Касцюшку як начальніку ўзброеных сіл. У радзе ўвесь час ішла барацьба паміж правымі рэфарматарамі і рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі (якабінцамі), паслядоўнікамі французскіх рэвалюцыянераў.

Выданне Акта паўстання мела выключна важнае значэнне для мабілізацыі ўсіх прагрэсіўных сіл на барацьбу як з унутранай рэакцыяй, так і з замежнымі захопнікамі. Гэты Акт абавязваў Касцюшку і Вышэйшую нацыянальную раду выпускаць як мага часцей пракламацыі і звароты да народу, паведамляць яму аб сапраўдным становішчы спраў. Гэтым былі засведчаны дэмакратычныя прынцыпы паўстання і імкненне прыцягнуць да ўдзелу ў ім самыя шырокія масы народа.

У першы ж дзень паўстання Касцюшка звярнуўся з адозвамі «Да арміі», «Да грамадзян», «Да духавенства», «Да жанчын». Кожная з гэтых адозваў глыбока эмацыянальна і пераканаўча заклікае стаць на абарону свабоды і айчыны. Так, у адозве «Да арміі» гаварылася: «Будзем жа адзіным калектывам з грамадзянамі, згуртуемся цясней, злучым сэрцы і сродкі ўсіх жыхароў нашай зямлі... ...Калегі! Ідзіце са мной! Чакае Вас слава і асалода задавальнення быць вызваліцелямі Айчыны... Бяру разам з Вамі лозунг «Смерць або перамога!» У звароце «Да грамадзян» Касцюшка ўказваў, што, каб зрабіць першы крок да вызвалення, неабходна адважыцца быць свабодным, а каб атрымаць перамогу, трэба быць упэўненым ва ўласнай сіле. У звароце да духавенства абвяшчалася свабода для ўсіх веравучэнняў. Аднак такое рашэнне не магло задаволіць каталіцкае духавенства, якое заўсёды выступала супраць іншых рэлігійных вучэнняў і патрабавала сабе выключных прывілеяў і пераваг. У звароце «Да жанчын» яны заклікаліся актыўна падтрымліваць сваіх братоў, сыноў і мужоў, якія сталі на абарону сваіх правоў і свабод.

Энергічная ідэалагічная падрыхтоўка паўстання і арганізацыйная работа па мабілізацыі простых людзей на барацьбу за свабоду напачатку мела некаторы поспех.

Рухальнымі сіламі нацыянальна-вызваленчага руху, які пачаўся ў краіне, былі гараджане, дробная буржуазія, гарадская інтэлігенцыя, прыгонныя сяляне і малазямельная шляхта. Аднак палітычнае кіраўніцтва паўстаннем у значнай ступені знаходзілася ў руках прадстаўнікоў шляхецка-буржуазнага блоку, якія імкнуліся не дапусціць сацыяльнай рэвалюцыі і надаць паўстанню выключна нацыянальна-вызваленчы прапольскі характар, што адразу абмяжоўвала ўдзел сялян Беларусі і Украіны ў паўстанні.

Каб прыцягнуць сялян да паўстання, Касцюшка лічыў неабходным адмену прыгоннага права, таму канстытуцыя 3 мая, якая захоўвала саслоўную няроўнасць і прыгонную залежнасць сялян, не была яго ідэалам, у сувязі з чым Акт паўстання не закранаў пытанні аб аднаўленні канстытуцыі. Канчатковае вызначэнне дзяржаўнага і грамадскага ладу Акт паўстання адносіў да часу заканчэння рэвалюцыйнай вайны.

У пачатку красавіка 1794 г. Касцюшка меў у сваім распараджэнні 4100 салдат і 2000 сялян з косамі і пікамі. 4 красавіка адбылася першая буйная бітва паміж паўстанцкай арміяй і царскімі войскамі пры вёсцы Рацлавіцы, якая закончылася перамогай паўстанцаў. Перамога пад Рацлавіцамі мела важнае значэнне для далейшага развіцця паўстання, якое пашыралася на Сандамірскае і Люблінскае ваяводствы і Холмскую зямлю. 17—18 красавіка паўсталі гарадскія масы ў Варшаве. 19 красавіка быў аб'яўлены Акт Мазавецкага ваяводства аб яго далучэнні да паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі. 3 самага пачатку паўстання ў Варшаве пачалася барацьба за ўладу ў горадзе. Была створана Часовая замяшчальная рада. На чале рады стаў прадстаўнік шляхецка-буржуазнага блоку Закшэўскі, ваенным камендантам быў прызначаны прыхільнік каралеўскай улады генерал Станіслаў Макраноўскі, які спрабаваў засцерагчы ад пакарання здраднікаў-таргавічан. Часовая замяшчальная рада з першых жа дзён паўстання ў Варшаве не карысталася даверам у бедных слаёў насельніцтва і асабліва ў рэвалюцыйна настроеных якабінцаў.

У ноч з 22 на 23 красавіка паўстанцы захапілі Вільню і была створана Вышэйшая рада на чале з якабінцам Якубам Ясінскім, што аб'явіла сябе вышэйшым органам улады ў Вялікім княстве Літоўскім. На наступны дзень у Вільні быў створаны рэвалюцыйны крымінальны суд, які асудзіў аднаго з дзеячаў былой таргавіцкай канфедэрацыі гетмана Касакоўскага да пакарання смерцю. Стварэнне рэвалюцыйнай Вышэйшай рады ў Вялікім княстве Літоўскім выклікала страх у правага крыла кіраўніцтва паўстаннем, і Касцюшка быў вымушаны пад націскам правых адхіліць Я. Ясінскага ад кіраўніцтва Вышэйшай радай у Вільні, што ў канчатковым выніку прывяло да аслаблення ўсяго рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў падтрымку паўстання ўжо дзейнічала некалькі атрадаў.

Чаму Касцюшка не падтрымаў сваіх найбольш рэвалюцыйных прыхільнікаў? Чаму адразу ж не адмяніў прыгоннага права і не адхіліў ад палітычнага кіраўніцтва паўстаннем прадстаўнікоў шляхецка-буржуазнага блоку? Ён не зрабіў гэтага, бо ўлічваў рэальныя суадносіны сіл і імкнуўся прыцягнуць на бок паўстання не толькі шырокія пласты працоўнага сялянства і гарадскіх нізоў, але вымушаны быў таксама лічыцца з тым, што значную частку ўзброеных сіл складала шляхта, а гарадскія рамеснікі і дробная буржуазія складалі невялікую частку насельніцтва. Прытонныя сяляне не маглі быць галоўнай сілай паўстання. Таму Касцюшка быў вымушаны лавіраваць паміж правымі рэфарматарамі і левымі рэвалюцыянерамі, да таго ж павінен быў улічваць, што для барацьбы супраць унутранай контррэвалюцыі і замежных інтэрвентаў неабходна было згуртаванне ўсіх сіл, здольных падтрымаць паўстанне.

7 мая 1794 г. Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, якім абвяшчалася апека ўрада над сялянамі; сяляне аб'яўляліся асабіста вольнымі, г. зн. адмянялася прыгоннае права, але без зямлі, пайсці ад памешчыка селянін мог толькі пры ўмове выплаты даўгоў і дзяржаўных падаткаў, а таксама паставіўшы ў вядомасць Камісію ўпраўлення аб тым, куды ён перасяляецца; устанаўліваліся пэўныя льготы ў адбыванні паншчыны. Спецыяльнымі артыкуламі універсала Касцюшка папярэджваў, што парушэнне гэтых пастаноў памешчыкамі будзе карацца судом як процідзеянне мэтам паўстання.

Сяляне ў сваю чаргу заклікаліся старанна адбываць астатнія дні паншчыны, слухацца свайго начальства, дбаць пра гаспадарку, не павінны былі адмаўляцца ад найму да памешчыкаў за адпаведную плату. Далей ва універсале гаварылася: «Калі якія-небудзь нягоднікі, выкарыстоўваючы на шкоду дабрыню і справядлівасць урада, будуць адцягваць просты народ ад працы, падбухторваць яго супраць памешчыкаў, адгаворваць ад абароны айчыны, то камісіі ўпраўлення павінны загадаць схапіць такіх злачынцаў і аддаць іх крымінальнаму суду». Духавенству прадпісвалася растлумачваць гэтае распараджэнне з амбонаў у касцёлах і цэрквах на працягу чатырох тыдняў. Камісіі ўпраўлення павінны былі прызначыць асоб, якія б гучна чыталі гэтае распараджэнне ў вёсках і прыходах, заклікаючы сялян да таго, каб яны ў падзяку за вялікія дабрачыннасці Рэчы Паспалітай шчыра сталі на яе абарону.

Паланецкі універсал не адмяніў поўнасцю прыгоннага права і не ліквідаваў феадальнай эксплуатацыі, але дазваляў сялянам ісці ад памешчыкаў, што было таксама ў інтарэсах буржуазіі, якая зараджалася. Гэты акт быў безумоўна прагрэсіўным, хоць і палавінчатым. Ён аслабляў эканамічны стан памешчыцкіх маёнткаў, абмяжоўваў паншчыну і падрываў значэнне шляхецкіх прывілеяў. Таму памешчыкі ўсяляк затрымлівалі апавяшчэнне універсала і, баючыся сацыяльнай рэвалюцыі, часта ішлі на змову з замежнымі войскамі. Многія палажэнні універсала не выконваліся на месцах і засталіся толькі на паперы. Супраць ажыццяўлення палажэнняў Паланецкага універсала выступілі вярхі каталіцкага духавенства.

Заклікі Касцюшкі да простага народу выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. Нямцэвіч, паплечнік Касцюшкі, у сваіх успамінах пісаў наконт гэтага: «Шляхта, якая прывыкла без перашкод карыстацца маёмасцю сваіх сялян, супраціўлялася выкананню загада Начальніка (Касцюшкі) высылаць пятага селяніна з касою ў армію. Нават сельскі народ, які так доўга быў у няволі, ў большасці не прадбачыў лепшай долі, не зазнаўшы яе, быў абыякавы. Дарэмна Касцюшка сваім універсалам з-пад Паланца ад 7 мая 1794 года аб'явіў сельскі народ свабодным, аб'яўляў яму волю. Універсалы гэтыя або не дайшлі, або ім не верылі».

Гэтая характарыстыка, дадзеная Нямцевічам адносінам памешчыкаў і прыгонных сялян да паўстання, адлюстроўвала сапраўднае становішча і ў значнай меры тлумачыла пазнейшыя няўдачы паўстання. У сялян Рэчы Паспалітай на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія. Яны, пакорныя сваім панам, не былі гатовы да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным яго звароце да народу стараўся абудзіць іх свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу. Пасля бітвы пад Рацлавіцамі, у якой удзельнічалі 2000 апалчэнцаў з сялян, Касцюшка ўзнагародзіў тых, хто найбольш вызначыўся, а Войцэха Барташа ўзвёў у чын афіцэра і назваў яго Барташам Главацкім, тым самым прысвоіў яму шляхецкую годнасць. Сам жа Касцюшка апрануў сялянскую світку. Гэтыя дзеянні спрыялі павышэнню аўтарытэту Касцюшкі сярод людзей.

Усе, хто асабіста быў знаёмы з Касцюшкам, падкрэслівалі яго ваенны талент, высокую адукаванасць, нястомную энергію і прастату. Так, падскарбій Вялікага княства Літоўскага, удзельнік паўстання, кампазітар Міхал Клеафас Агінскі пісаў, што Тадэвуш Касцюшка «карыстаўся вялікай пашанай усёй Еўропы, быў гразой для ворагаў і бажаством для народа; узвышаны да рангу Начальніка, не ведаў іншага гонару як служыць Айчыне і змагацца за яе, заўсёды сціпла сябе паводзіў..., не насіў ніякіх знакаў вышэйшай улады, хадзіў у сурдуце з дрэннага шэрага сукна і сталаваўся так, як звычайны афіцэр». Гэтая характарыстыка Касцюшкі, дадзеная яго земляком, не выклікае сумнення ў яе аб'ектыўнасці, бо пацвярджаецца іншымі гістарычнымі дакументамі.

Успрыняўшы вучэнне французскіх рэвалюцыйных і радыкальных пісьменнікаў, філосафаў і пуб­ліцыстаў, а таксама амерыканскіх буржуазных прагрэсіўных дзеячаў, Касцюшка выпрацаваў самастойную дзяржаўна-прававую канцэпцыю палітычнага і грамадскага развіцця Рэчы Паспалітай. Ідэалам грамадскага ладу ён лічыў грамадства, якое складаецца з вольных сялян — уласнікаў зямлі, рамеснікаў, купцоў пры захаванні памешчыцкага землеўладання, заснаванага на вольным найме рабочай сілы. Лепшую форму дзяржаўнага кіравання ён бачыў у рэспубліцы, тэарэтычныя асновы якой спрабаваў выкласці ў Паланецкім універсале. Аднак ажыццявіць гэтыя ідэі яму не ўдалося.

Ваенная і палітычная сітуацыя складвалася не на карысць паўстання. У пачатку чэрвеня аб'яднаныя руска-прускія войскі (24 тысячы чалавек) у бітве каля мястэчка Шчакаціны прымусілі армію Касцюшкі (12 тысяч чалавек) адступіць. 15 чэрвеня прускія войскі занялі Кракаў, а Касцюшка вымушаны быў адступіць да Варшавы. У сярэдзіне ліпеня да Варшавы падышлі прускія войскі і рускі корпус пад камандаваннем генерала Ферзена. Аднак гераізм абаронцаў Варшавы і ўмелыя дзеянні Касцюшкі ў жніўні—верасні прымусілі гэтыя войскі адысці ад Варшавы.

Аднак неўзабаве становішча паўстанцаў значна пагоршылася, бо Аўстрыя пашырыла тэрыторыю сваёй акупацыі, тым самым наносячы ўдар з поўдня. Аднак Касцюшка не падаў духам і спрабаваў адбівацца на ўсе бакі. У верасні ён зрабіў паездку на Беларусь з мэтай фарміравання тут новых атрадаў, а заадно наведаць родныя мясціны. Да гэтага часу на тэрыторыі Беларусі дзейнічала ўжо некалькі атрадаў, якія падтрымлівалі паўстанне.

8 жніўня рускі пасол у Стамбуле атрымаў абяцанне Турцыі захаваць мір з Расіяй, што дазволіла Кацярыне II перакінуць з турэцкай граніцы на тэрыторыю Рэчы Паспалітай корпус пад камандаваннем А. Суворава. Нечаканае з'яўленне ў верасні новага корпуса на тэрыторыі Заходняй Беларусі паставіла ў крытычнае становішча дывізію паўстанцаў пад камандаваннем генерала Серакоўскага. Корпус Ферзена пачаў наступленне з паўднёвага захаду, супраць яго Касцюшка выставіў дывізію

Ю. Серакоўскага і некаторую колькасць свайго рэзерву. На дапамогу яму павінна была падысці дывізія пад камандаваннем генерала Панінскага, але ён загаду Касцюшкі не выканаў і да месца бітвы Гэтая дывізія не падышла. 10 кастрычніка корпус Ферзена ў бітве пад Мацяёвіцамі нанёс паражэнне войскам паўстанцаў, а сам Касцюшка, цяжка паранены, быў узяты ў палон. Той факт, што Касцюшка апынуўся ў палоне, адмоўна паўплываў на ход паўстання і прадвызначыў зыход усёй барацьбы.

Начальнікам узброеных сіл 12 кастрычніка 1794 г. Вышэйшы савет прызначыў замест Касцюшкі яго земляка Тамаша Ваўжэцкага, аднак ні яго аўтарытэт, ні ваенныя здольнасці не давалі яму магчымасці параўнацца з Касцюшкам. 4 лістапада войскі пад камандаваннем А. Суворава авалодалі ўмацаваным прыгарадам Варшавы Прагай, пасля чаго кароль Рэчы Паспалітай і яго паплечнікі далі згоду на капітуляцыю Варшавы. За паспяховае падаўленне паўстання А. Сувораў атрымаў ва ўласнасць з Брэсцкай эканоміі 13 279 прыгонных сялян (мужчын і жанчын), а ўсяго было раздадзена каля 80 тысяч прыгонных.

Паражэнне паўстання 1794 г. было непазбежным, бо яго не падтрымалі шырокія масы сялянства, слабой была буржуазія, а шляхецка-буржуазны блок, які кіраваў паўстаннем, імкнуўся да таго, каб не дапусціць рэвалюцыйнага выступлення гарадскіх нізоў і сялянства. Акрамя таго, сабатаж і невыкананне распараджэнняў Касцюшкі, а часта і адкрытая здрада падрывалі сілы паўстання.

Пачынаючы паўстанне, Касцюшка і іншыя кіраўнікі спадзяваліся, што Аўстрыя, Прусія і Расія не змогуць накіраваць значныя сілы супраць паўстання з-за ўцягнення іх у барацьбу з Турцыяй і Францыяй. Аднак кіраўнікі Прусіі і Аўстрыі аслабілі націск на рэвалюцыйную Францыю і сканцэнтравалі значныя сілы супраць Рэчы Паспалітай, не даўшы магчымасць тут нацыянальна-вызваленчаму руху перарасці ў аграрную рэвалюцыю, здольную змесці феадальны лад. Хоць паўстанне і пацярпела паражэнне, аднак яго значэнне ў гісторыі Еўропы велізарнае.

Ф. Энгельс пісаў: «Пакуль грабеж Польшчы адцягваў таксама сілы кааліцыі 1792—1794 гг., аслабляючы яе наступальную магутнасць супраць Францыі, апошняя за гэты час настолькі ўзмацнела, што зусім самастойна атрымала перамогу. Польшча заняпала, але яе супраціўленне выратавала французскую рэвалюцыю, а разам з французскай рэвалюцыяй пачаўся рух, супраць якога бяссільны і царызм». Ідэі вызваленчага антыфеадальнага дэмакратычнага руху пачалі распаўсюджвацца ў Аўстрыі, Прусіі і Расіі.

Прычыны паражэння паўстання і заняпаду Рэчы Паспалітай караняцца як ва ўнутраных, так і ў знешніх фактарах, найважнейшымі з якіх былі эканамічнае адставанне і захаванне прыгоннага права, а таксама адсутнасць добра арганізаваных органаў улады, здрадніцтва магнатаў і засілле вярхоў каталіцкага духавенства, а разам з ім і апалячванне беларусаў і ўкраінцаў. Да знешніх фактараў адносілася імкненне феадальных суседніх дзяржаў знішчыць прагрэсіўны рух у Рэчы Паспалітай і, скарыстаўшы яе эканамічную, палітычную і ваенную слабасць, захапіць частку яе тэрыторыі. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі паўднёвая і цэнтральная Польшча з гарадамі Кракавам, Сандамірам, Люблінам і Холмам, да Прусіі — частка цэнтральнай і паўночнай Польшчы з гарадамі Варшавай, Ломжай і частка заходняй Літвы, да Расіі — Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя, частка Валыні. Падзелы Рэчы Паспалітай прывялі да таго, што Польшчу падзялілі паміж сабой Аўстрыя і Прусія і прынеслі велізарныя пакуты польскаму народу.

 

НА ЧУЖЫНЕ

У палоне * У Петрапаўлаўскай крэпасці і Мармуровым палацы х Цар Павел I звальняе Касцюшку з арышту * Падарожжа ў Швецыю, Англію і Амерыку х Вяртанне ў Еўропу * Касцюшка і Напалеон.

 

Палоннаму Касцюшку была аказана неабходная медыцынская дапамога, ён быў паранены ў галаву і ў сцягно. Раны былі цяжкія, але не смяртэльныя. Затым праз некалькі дзён усіх палонных у суправаджэнні атрада ў 2 тысячы салдат і афіцэраў накіравалі праз Валынь да Кіева. Праз месяц раны Касцюшкі амаль загаіліся, але ён не мог стаяць на нагах.

Нарэшце, пасля двухмесячнага пераезду 10 снежня 1794 г. Касцюшка быў дастаўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. 3 першых дзён зняволення ў крэпасці ад Касцюшкі і яго паплечнікаў пачалі патрабаваць паказанняў, вусных і пісьмовых. Следчыя патрабавалі адказу на пытанні аб мэце рэвалюцыі, аб яе прычынах. Якія былі сувязі кіраўніцтва паўстаннем з Францыяй і Турцыяй? Якія іх адносіны да Аўстрыі і Прусіі? Што б зрабілі паўстанцы, калі б рэвалюцыя ўдалася? Хто з жыхароў з далучаных раней да Расіі правінцый падтрымліваў сувязь з Касцюшкам і абяцаў яму дапамогу? Якія былі сувязі Касцюшкі з князем Адамам Чартарыйскім і якія сумы князь прысылаў у падтрымку рэвалюцыі? Адкуль браліся грошы на ўтрыманне арміі і вядзенне вайны? Ці падтрымліваў кароль рэвалюцыю? На ўсе гэтыя пытанні Касцюшка вымушаны быў адказваць на допытах, але ад яго не атрымалі патрэбных ім звестак. Ён указаў, што мэты рэвалюцыі былі адкрыта абвешчаны Актам паўстання, Паланецкім універсалам і іншымі абна­родаванымі дакументамі. Ад Францыі і Турцыі ніякай дапамогі не атрымлівалі. Адносіны да Аўстрыі і Прусіі былі варожыя, асаблівую нянавісць выклікалі паводзіны прускага караля, з якім у Рэчы Паспалітай быў заключаны дагавор аб дружбе, а ён яго вераломна парушыў. Зняволенне Касцюшкі ў Петрапаўлаўскай крэпасці шкодна адбілася на яго здароўі.

Да вясны 1795 г. саперніцтва Расіі з Прусіяй абвастрылася і Кацярына II, жадаючы паўплываць на прускага караля, загадала ў маі перавесці Касцюшку з Петрапаўлаўскай крэпасці ў Мармуровы палац у Пецярбурзе, тым самым як бы робячы гуманны жэст і адначасова даючы зразумець прускаму каралю аб магчымасці ўзняць новае паўстанне супраць Прусіі ў Польшчы на чале з Касцюшкам.

Стан здароўя Касцюшкі заставаўся цяжкім, ён не мог самастойна хадзіць, пакутаваў на хваробу страўніка. Да яго быў накіраваны асабісты доктар Кацярыны II англічанін Іван Родэрсон, якому ўдалося значна паправіць здароўе свайго пацыента. Акрамя таго, пры палацы быў парк, куды ў калясцы вывозілі Касцюшку. Некаторыя аўтары, якія пісалі пра Касцюшку, меркавалі, што ён не пакутаваў ад хваробы ног, а толькі сімуляваў хваробу.

Знаходзячыся ў зняволенні, ён амаль увесь час ляжаў або сядзеў у крэсле. Толькі праз некалькі месяцаў вызвалення ён змог самастойна хадзіць. Асноўным заняткам Касцюшкі ў час зняволення ў Мармуровым палацы была разьба па дрэве або работа на такарным станку. 3 гэтага можна зрабіць заключэнне, што нават Кацярына II з некаторай чалавечнасцю і павагай ставілася да Касцюшкі ў той час, калі іншыя палонныя пакутавалі ў зняволенні або ссылцы ў аддаленых краях. Спачувалі Касцюшку і некаторыя прыдворныя Кацярыны II. Пасля смерці імператрыцы ўступіў на прастол Павел I. Ён наведаў Касцюшку 27 лістапада 1796 г. і ў час гутаркі аб'явіў аб яго вызваленні. Пры гэтай гутарцы прысутнічалі два сыны цара і прыдворныя.

Праз дзень Касцюшка паехаў да цара са спісам паўстанцаў, якія знаходзіліся ў зняволенні, з просьбай аб іх вызваленні. Гэтая просьба таксама была неадкладна задаволена. Павел I распарадзіўся аб вызваленні ўсіх зняволеных і сасланых паўстанцаў. Акрамя таго, Павел I прапанаваў Касцюшку атрымаць маёнтак з 1000 душ прыгонных сялян, але ад прыгонных сялян Касцюшка адмовіўся, замест гэтага атрымаў буйную суму грошай (паводле звестак Нямцэвіча, 60 тысяч рублёў срэбрам).

Адносіны Паўла I да Касцюшкі і іншых палонных паўстанцаў выклікалі недаўменне не толькі ў сучаснікаў. Так, савецкі гісторык М. М. Пакроўскі пісаў: «Павел пачаў заступацца за палякаў, вызваліў героя апошняй польскай вайны Касцюшку, які сядзеў у зняволенні, а генерала Суворава, які ўзяў Прагу, выгнаў у адстаўку. Усё гэта ён зрабіў без усялякага разліку, проста па сваёй шалапутнасці».

На самой жа справе Павел I праводзіў разумную, дальнабачную палітыку дружбы народаў Расіі і Польшчы. У гутарцы з былым маршалкам земскім Вялікага княства Літоўскага Ігнатам Патоцкім, актыўным дзеячам паўстання, Павел I гаварыў: «Я быў заўсёды супраць падзелу Польшчы, лічыў яго як несправядлівым, так і палітычна памылковым. Каб адрадзіць Польшчу, неабходна згода трох дзяржаў, але на гэта не згодзіцца Аўстрыя, яшчэ менш Прусія, не аб'яўляць жа мне ім вайну? Дзяржава мая пасля такіх працяглых і непатрэбных войнаў вельмі ж міру жадае». Пасля смерці Паўла I некаторы час такую ж палітыку праводзіў і Аляксандр I, які дабіўся вызвалення часткі польскіх зямель ад аўстрыйскага і прускага ўладарніцтва і ўтварэння Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Расійскай імперыі.

Касцюшка, атрымаўшы свабоду разам са сваім ад'ютантам і сакратаром Юльянам Нямцэвічам, ураджэнцам Брэсцкага павета, вырашыў выехаць у Злучаныя Штаты Амерыкі. 18 снежня 1796 г. Кас­цюшка наведаў Паўла I і падзякаваў яму за прыязнасць. Павел I і ўся яго сям'я добразычліва сустрэлі яго і пажадалі шчаслівай дарогі. 19 снежня Касцюшка з Нямцэвічам пакінулі Пецярбург.

Пасля непрацяглага знаходжання ў Стакгольме і Лондане 18 чэрвеня 1797 г. Касцюшка выехаў з Брыстоля ў Амерыку і праз два месяцы плавання па Атлантычным акіяне прыбыў у Філадэльфію.

Касцюшка меркаваў, што ў Амерыцы жывуць свабодныя і шчаслівыя грамадзяне, за свабоду якіх ён змагаўся. Аднак яго надзеі не спраўдзіліся. у Злучаных Штатах працягвала захоўвацца рабства больш цяжкае, чым прыгоннае права, а ў грамадстве панаваў дух нажывы і жорсткай эксплуатацыі працоўнага народу. Разам з тым Касцюшку не пакідала думка вярнуцца ў Еўропу і працягваць барацьбу за свабоду на радзіме. У час знаходжання ў Амерыцы Касцюшка сустрэўся са сваімі баявымі сябрамі і таварышамі. Кангрэс Злучаных Штатаў прыняў пастанову аб выплаце Касцюшку жалавання за мінулую службу і назначыў яму пенсію.

Французскі ўрад (Дырэкторыя), жадаючы скарыстаць патрыятычна настроеных эмігрантаў з Рэчы Паспалітай, у студзені 1797 г. пачаў фарміраваць у паўночнай Італіі польскія легіёны пад лозунгамі свабоды, роўнасці і брацтва («За вольнасць нашу і вашу»). Яны выкарыстоўваліся французскім камандаваннем у барацьбе з Аўстрыяй і для падаўлення сялянскіх паўстанняў. Імкнучыся выкарыстаць аўтарытэт Касцюшкі для арганізацыі паўстання ў Заходняй Украіне і Паўднёвай Польшчы супраць Аўстрыі, Дырэкторыя праз свайго консула ў Філадэльфіі схіліла Касцюшку абяцаннем ваеннай дапамогі ў барацьбе за вызваленне Рэчы Паспалітай да вяртання ў Еўропу. 5 мая 1798 г. Касцюшка выехаў з Амерыкі і ў ліпені прыбыў у Парыж. Тут ён сустракаўся з прадстаўнікамі Дырэкторыі, а таксама з Напалеонам I 17 кастрычніка і 6 лістапада 1799 г. Гэтыя перагаворы ні да чаго не прывялі. Касцюшка зразумеў, што буржуазны ўрад Францыі кіраваўся сваімі эгаістычнымі інтарэсамі, не дбаючы аб свабодзе народаў Рэчы Паспалітай.

Знаходзячыся ў Францыі, Касцюшка, паддаў­шыся ўгаворам Талейрана, напісаў зняважлівае пісьмо Паўлу I, аб'явіў яму аб адмове ад прысягі, прынесенай яму ў Пецярбурзе, і вярнуў атрыманыя ад яго 12 тысяч рублёў.

У гэты ж час ён наладзіў больш блізкія кантакты з салдатамі і афіцэрамі польскіх легіёнаў, якія знаходзіліся ў Італіі. Аднак польскім легіёнам змагацца за радзіму не давялося. Французскі ўрад выкарыстаў іх для вядзення вайны ў інтарэсах французскай буржуазіі ў Італіі, Егіпце і ў іншых мясцінах, дзе частка іх і загінула.

Пачынаючы вайну з Прусіяй, Напалеон праз свайго міністра Фушэ паспрабаваў выкарыстаць Касцюшку для вярбоўкі новых польскіх легіёнаў. У гутарцы з Фушэ ў 1806 г. Касцюшка сказаў: «Служыў я Айчыне пры розных абставінах, з большым ці меншым шчасцем. Нічога больш не жадаю, як служыць ёй сёння. Але навучаны горкім вопытам, у якім мае землякі заўсёды былі пераможаны, панеслі нечуваныя страты ў Італіі, у Егіпце, на Сан-Дамінга, пад Марэнга, пад Гагендліндэн, пасля перашкод і горычы, якія я сам адчуў, аб чым гаварылася ў маёй брашуры 1800 года, нарэшце, таксама з бітвы пад Аўстэрліцам не пажадалі атрымаць ніякай карысці для Польшчы, бачу, што імператар Напалеон і пан міністр палічаць абгрунтаваным, што жадаю для Польшчы сякіх-такіх гарантый і якога-небудзь тлумачэння». У далейшай гутарцы Касцюшка прапанаваў, каб імператар Напалеон зачытаў, што настаў час, калі Польшча (мелася на ўвазе ўся Рэч Паспалітая) можа і павінна быць адноўлена, прапануючы адпаведную канстытуцыю, аб'яўляючы аб палітычнай роўнасці ўсіх, без усялякага выключэння, жыхароў, як гэта ёсць у Францыі. Фушэ заявіў, што Напалеон ніякіх абяцанняў і гарантый даваць не будзе і прапанаваў Касцюшку падпісаць пракламацыю-зварот да палякаў з заклікам выступіць у падтрымку Напалеона, а калі Касцюшка адмовіцца яе падпісаць, то ўсё роўна яе зачытаюць ад яго імя.

У СПАДЗЯВАННІ НА ЛЕПШУЮ БУДУЧЫНЮ

Грамадска-палітычны запавет * Праграма барацьбы за свабоду * Вера ў свае сілы — неабходная ўмова вызвалення народа * Сустрэчы і перапіска з Аляксандрам I * Апошні прытулак у Швейцарыі

Ідэі Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі, а таксама вызваленчай барацьбы паўночнаамерыканскіх калоній аказалі на Касцюшку вялікі ўплыў. На працягу ўсёй сваёй палітычнай дзейнасці ён глыбока паважаў і быў паслядоўным прадаўжальнікам вызваленчых, антыфеадальных ідэй Ж. Ж. Русо, Ш. Мантэск'ё, Т. Джэферсона і іншых прагрэсіўных дзеячаў. Яго светапогляд, грамадска-палітычныя і прававыя ідэі найбольш поўна былі выкладзены ў брашуры «Ці могуць палякі дабіцца незалежнасці», выдадзенай на польскай мове ананімна ў Парыжы ў 1800 г., з фіктыўнымі ананімнымі данымі «У Прыкопе на Доне». Мяркуюць, што запіс ідэй і разважанняў Касцюшкі, выкладзеных у брашуры, быў ажыццёўлены яго сакратаром Ю. Паўлікоўскім. У брашуры разглядаюцца слабыя і моцныя бакі вызваленчага руху ў Рэчы Паспалітай. Яна складаецца з прадмовы, чатырох частак і заключэння.

У прадмове аўтар папярэджвае сваіх землякоў, каб не спадзяваліся на замежную дапамогу, а калі хочуць «шчасця, гонару і славы..., неабходна карыстацца сродкамі і сіламі, якія прырода дала чалавеку..., пажадаем толькі — і мы станем свабоднымі, бо шаснаццацімільённы народ не можа быць народжаны для рабства». Вызначаючы колькасць насельніцтва ў 16 мільёнаў чалавек, Касцюшка меў на ўвазе не толькі палякаў, але і беларусаў, украін­цаў і літоўцаў, якія насялялі на той час Рэч Паспалітую.

У першай частцы аўтар аналізуе прычыны, якія прывялі да заняпаду Рэчы Паспалітай. Ён паказвае, што першай прычынай з'яўляецца страта народам сілы духу, страта веры ў свае сілы і антынародная палітыка магнатаў, калі шляхта пачала «імкнуцца не да дабрабыту краіны, а да задавальнення ганарыстасці... Магнаты былі зацікаўлены ў тым, каб пераканаць нацыю ў яе нікчэмнасці і слабасці, упэўніць яе ў тым, быццам яна нічога не можа дасягнуць сваімі ўласнымі сіламі, без дапамогі суседняй дзяржавы, бо яны ўзбагачаліся, гандлюючы яе крывёю ля падножжа тронаў. Магнаты былі зацікаўлены ў аслабленні духу сваіх суайчыннікаў, у прыніжэнні іх годнасці для таго, каб, не ведаючы сваёй сілы, яны не маглі скінуць з сябе ганебнай апекі, у адваротным выпадку магнаты страцілі б увесь свой уплыў і аўтарытэт». 3 гэтых разважанняў Касцюшкі відаць, што першачарговай прычынай заняпаду Рэчы Паспалітай ён лічыў класавыя супярэчнасці і асабліва эгаізм магнатаў. Адначасова ён указваў, што ў краіне, дзе ёсць урадлівыя землі, сяляне амаль паміраюць ад голаду, слаба развіты прамысловасць, рамяство, навука, а «шляхта ўмела толькі тыраніць сялян». Правільна крытыкуючы ўвесь феадальна-памешчыцкі лад, Касцюшка разам з тым не зрабіў вываду аб неабходнасці яго ліквідацыі, а толькі прапанаваў памешчыкам зрабіць некаторыя ўступкі сялянам, што было выкладзена ў Паланецкім універсале. Заклікаючы палякаў да барацьбы за свабоду, аўтар трактата звярнуў увагу на вопыт барацьбы за незалежнасць народаў Швейцарыі, Галандыі, Паўночнай Амерыкі, якія ніколі не былі б паважанымі народамі, калі б не адбілі захопнікаў сваімі ўласнымі сіламі. Найбольш тыповым прыкладам ён лічыў барацьбу Францыі, супраць якой сабраліся ўсе каралі Еўропы з мэтай пакарыць гэтую нацыю і аднавіць у ёй стары лад. На думку аўтара, французы не былі гатовы ў ваенных адносінах, але, упэўненыя ў справядлівасці сваёй справы, яны не толькі выгналі непрыяцеля са сваёй айчыны, але дасягнулі такой славы і магутнасці, што скідалі троны. Думка Касцюшкі аб тым, што ваенная навука не можа быць такой жа беспамылковай, як матэматычнае вылічэнне, а таму галандцы змаглі адбіць у шмат разоў большыя сілы іспанцаў, швейцарцы — аўстрыйцаў, амерыканцы — англічан, атрымала пераканальнае пацвярджэнне ў больш позняй гісторыі, калі руская армія ў 1812 г. разграміла больш шматлікую армію Напалеона.

У другой частцы разгледжана магчымасць новага паўстання, яго тактыка і стратэгія. Аўтар адзначыў, што сілы рэвалюцыі могуць павялічвацца за кошт вызваленчай барацьбы працоўнага народу суседніх дзяржаў, што расчлянілі Рэч Паспалітую. «Хіба рускі селянін, жорстка прыгнечаны сваімі памешчыкамі, пры спрыяльных абставінах не кінецца з запалам супраць сваіх прыгнятальнікаў, імкнучыся скінуць сваё ярмо? Няўжо прыгнечаны казак не імкнецца зноў атрымаць свае свабоды?.. Прусак... пачынае разумець, што ён не быдла, якое знаходзіцца ў распараджэнні казны. Некаторыя правінцыі з радасцю скінулі б сваё ярмо». У пачатку паўстання рэкамендуецца весці барацьбу невялікімі партызанскімі атрадамі. Разам з тым у трактаце абвешчана неабходнасць захавання і аховы права прыватнай уласнасці. Робіцца агаворка і аб тым, што «хоць прынцыпы свабоды і роўнасці дапускаюць усіх аднолькава да займання ўрадавых пасад, аднак... я б жадаў, каб асобы, якія зоймуць месцы ва ўсіх магістратах, былі абраны з ранейшых саслоўяў», г. зн. са шляхты. Усё гэта сведчыць аб тым, што Касцюшка і яго бліжэйшыя супрацоўнікі выказвалі, у першую чаргу, інтарэсы буржуазна-шляхецкага блоку і заклікалі да буржуазнай рэвалюцыі.

У трэцяй частцы асноўная ўвага аддадзена пытанням маралі і права ў перыяд рэвалюцыі: «Рэвалюцыя праводзіцца не для таго, каб зняць усякую аброць са свавольства, наадварот, яна мае на мэце ўстанавіць парадак, падпарадкаваць закону ўсякія правапарушэнні, прывучыць падпарадкоўвацца ўладам, устаноўленым нацыяй, ахоўваць уласнасць кожнага, што складае аснову грамадства. Усім даецца аднолькавая свабода і роўныя правы, але нікому не дазваляецца ўчыняць злачынствы... Правасуддзе павінна быць гразой для злачынцаў, але не помстай; невінаватым жа яно служыць прытулкам. Тыя, хто думае, што важней не ўпусціць злачынцаў, чым забяспечыць бяспеку невінаватых, робяць жудасную памылку... Хто не паважае ўстаноўленай над ім улады, парушае правы нацыі, учыняе крыўды і грабяжы, той разбойнік і злодзей. Рэвалюцыя якраз і мае на мэце выпраўленне заганаў, знішчэнне злачынстваў і ўкараненне ў сэрцы ўсіх грамадзян міласэрнасці і дабрадзейнасці». Далей аўтар адзначае, што ў яго на радзіме сярод простага люду няма злачыннасці і можна бяспечна праходзіць праз велізарныя лясы.

У сваіх разважаннях аб маралі, праве, злачыннасці і правасуддзі Касцюшка асуджае тэрор, які практыкаваўся ў час Вялікай французскай рэвалюцыі, лічачы, што гэта выключная асаблівасць французскай нацыі, або нават некаторай «шайкі разбэшчаных злачынцаў». Ён прыхільнік строгага захавання прававых нормаў, выпрацаваных у ходзе буржуазнай рэвалюцыі, адначасова ён выказаўся супраць самавольства з чыйго б ні было боку. Яго маральныя і прававыя ідэі ўвасаблялі інтарэсы рэвалюцыйна настроенай шляхты і буржуазіі і зыходзілі з прынцыпу карысці для вызвалення народа (нацыі) ад улады манархічных дзяржаў, якія падзялілі Рэч Паспалітую. На яго думку, настаў час шырокай асветы народа і яго актыўнага ўдзелу ў грамадскіх справах, чаму асабліва садзейнічае рэвалюцыя. Справе палітычнай асветы народа і павышэнню яго грамадскай актыўнасці садзейнічае свабода друку.

3 асветай народа разбураюцца і розныя палітычныя забабоны народа, такія, як вера ў выключнасць каралеўскай улады і шляхты: «Кожны ведае, што яны не валодаюць прывілеяваным розумам; чаму ж яны прысвоілі сабе права распараджацца лёсам нацыі наперакор іх волі?» Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што Касцюшка па сваіх грамадска-палітычных і прававых поглядах стаяў на больш рэвалюцыйных пазіцыях, чым большасць буржуазных ідэолагаў таго часу.

У чацвёртай частцы разглядаецца пытанне аб матэрыяльным забеспячэнні паўстання. Адзначаецца, што прамысловасць — гэта сіла, якая творыць багацці, якая можа развівацца на поўную сілу толькі пры свабодзе, гаворыцца аб прыродных багаццях краіны. Разам з тым адзначаецца, што «ў час рэвалюцыі неабходна прыносіць ахвяры: трэба задавальняцца малым, калі мы хочам дабіцца волі».

У заключэнні аўтар указвае, што ў народа, які жадае свабоды і верыць у перамогу, ёсць усе падставы для дасягнення высакароднай мэты. Калі ўсе будуць мужна змагацца, то праціўнік, нават калі ён будзе больш шматлікі, усё ж не зможа перамагчы.

Увесь трактат прасякнуты духам аптымізму, верай у перамогу слушнай справы. Трактат з'яўляўся тэарэтычнай і практычнай праграмай барацьбы народных мас за дэмакратыю і незалежнасць. Палітычныя і прававыя ідэі Касцюшкі, выкладзеныя ў трактаце, прадвызначалі новы напрамак у палітычнай барацьбе ў Рэчы Паспалітай і садзейнічалі падрыхтоўцы і зараджэнню рэвалюцыйнага і дэмакратычнага руху ў Польшчы, на Беларусі і Украіне.

У трактаце ёсць некаторыя спрашчэнні і памылковыя сцвярджэнні. Перабольшана значэнне баявой сілы шляхецкай конніцы і сялянскай масы. У цэлым жа асноўная думка аб тым, што калі ўвесь народ паўстане аднадушна, то ён атрымае перамогу, з'яўляецца правільнай.

У час знаходжання ў Францыі з 1798 і да сярэдзіны 1815 г. Касцюшка шмат маляваў, працаваў на такарным станку, выточваў розныя драўляныя рэчы. Разам з тым пастаянна цікавіўся ваеннай справай. У 1808 г. выдаў у Нью-Йорку брашуру «Манеўры коннай артылерыі», другое выданне якой было апублікавана ў 1809 г. у Лондане. У ёй падсумоўваўся вопыт выкарыстання артылерыі ў Амерыцы і Еўропе і ў сувязі з гэтым даваліся рэкамендацыі па тактыцы.

Перамогу напалеонаўскай арміі над Аўстрыяй і Прусіяй, а затым і разгром напалеонаўскай арміі рускімі войскамі ўсялілі надзеі ў Касцюшкі на магчымасць аднаўлення Рэчы Паспалітай пад пратэктаратамі Расіі. Пра свае планы аднаўлення Рэчы

Паспалітай Касцюшка гутарыў з імператарам Аляксандрам I першы раз у Парыжы ў красавіку 1814 г. і другі раз у Браўнаў у маі 1815 г. Яшчэ да асабістай сустрэчы Касцюшка напісаў пісьмо Аляксандру I, у якім прасіў цара аб'явіць поўную амністыю тым палякам, якія служылі ў польскіх часцях, што падтрымлівалі напалеонаўскую агрэсію супраць Расіі, аб адмене прыгоннага права. Аляксандр I абяцаў Касцюшку падтрымаць яго прапановы і прыняў яго ў Парыжы з вялікай пашанай. Аб змесце пісьма да цара і гутарак Касцюшкі з Аляксандрам I дазваляе меркаваць ліст да Т. Джэферсона, у якім Касцюшка пісаў: «Цар Аляксандр абяцаў мне павялічыць княства Варшаўскае аж да Дзвіны і Дняпра, даўніх нашых граніц, але яго выдатным і дабрадушным жаданням запярэчыў яго кабінет..., пісаў цару і прасіў яго, каб мне пісьмова пацвердзіў свае абяцанні, што мне вусна абяцаў стварыць канстытуцыйны ўрад, ліберальны і незалежны, вызваленне нашых няшчасных сялян, зрабіўшы іх нават уласнікамі зямлі, якой валодаюць, чым адным зрабіўся б бессмяротным,— але ўсё з дымам пайшло». Пісьмо Касцюшкі і яго сустрэчы з Аляксандрам I усё ж далі пэўны вынік. Цар аб'явіў амністыю ўсім польскім салдатам і афіцэрам, якія знаходзіліся ў Францыі, дазволіў ім вярнуцца на радзіму са зброяй і з захаваннем вайсковых званняў, пакінуўшы ўвесь корпус на ваеннай службе і аддаўшы яго пад камандаванне свайго брата, вялікага князя Канстанціна. Быў заснаваны Арганізацыйны ваенны камітэт, які складаўся з сямі генералаў. Пяцёра з іх былі паплечнікамі Касцюшкі ў паўстанні 1794 г. (Я. Дамброўскі, К. Князевіч, М. Вяльгарскі, Ю. Заянчонак, Ю. Серакоўскі). Апошняму было даручана фарміраванне польскіх вайсковых часцей у Польшчы і садзейнічанне вяртанню польскіх салдат і афіцэраў на радзіму. Гутаркі з Касцюшкам павысілі аўтарытэт Аляксандра I у вачах польскай грамадскасці, дазволілі яму заняць больш цвёрдую пазіцыю ў перагаворах з Прусіяй і Аўстрыяй на Венскім кангрэсе, у выніку чаго ў маі 1815 г. былі падпісаны дагаворы паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй аб Варшаўскім княстве, а 9 чэрвеня — генеральны акт Венскага кангрэсу.

Паводле трактату Венскага кангрэсу заходняя і паўночная часткі Польшчы заставаліся ва ўладанні Прусіі, паўднёвая частка Польшчы і частка Украіны заставалася ў Аўстрыі. Цэнтральная частка Польшчы была далучана да Расіі і склала каралеўства (царства) Польскае. 27 лістапада 1815 г. Аляксандр I падпісаў канстытуцыю Польскага каралеўства, якая ў той час была найбольш ліберальнай у Еўропе. У ёй захоўвалася некаторая пераемнасць канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 г., прадугледжваліся выбарнасць адміністрацыі і суддзяў, выбарчае права пашыралася на значную частку насельніцтва, што дасягалася параўнальна нізкім маёмасным цэнзам, парламент выбіраўся прамымі выбарамі ўсімі грамадскімі класамі, хоць і з нязначным удзелам сялян.

Летам 1815 г. Касцюшка пераехаў на пастаяннае жыхарства з Францыі ў Швейцарыю, у гарадок Салюр. Пераезд быў выкліканы тым, што пасля рэстаўрацыі Бурбонаў у Францыі пачалося праследаванне былых удзельнікаў рэвалюцыі, была абмежавана свабода друку, узрос уплыў духавенства, супраць чаго усё жыццё змагаўся Касцюшка. Пераехаўшы ў Швейцарыю, Касцюшка працягваў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. У пісьме да Адама Чартарыйскага ён прапаноўваў аддаць асаблівую ўвагу народнай асвеце на Беларусі і ў Літве. Адам Чартарыйскі быў найбліжэйшым дарадчыкам Аляксандра I, у 1803 г. стаў куратарам Віленскай вучэбнай акругі, у якую ўваходзілі ўсе беларускія губерні, з 1805 г. — членам сената і Дзяржаўнага савета. Шэраг школ на Беларусі быў адкрыты па ініцыятыве Чартарыйскага, у тым ліку і вядомая Свіслацкая гімназія. Касцюшка прапанаваў выдаць пастанову, каб кожны ўласнік быў абавязаны ў сваім маёнтку стварыць школу для сялян і ў адпаведнасці з агульным коштам маёнтка асігнаваць грошы на ўтрыманне настаўнікаў, акрамя таго, на гэтыя ж мэты трэба было выдаткоўваць і царкоўную «дзесяціну», якую плацілі сяляне. Ураду таксама рэкамендавалася паклапаціцца аб адкрыцці рамесных вучылішчаў, дзе б навучаліся рамёствам: сталярнаму, цяслярскаму, кавальскаму, такарнаму, слясарнаму і інш. Для лепшага азнаямлення з найбольш перадавымі метадамі школьнага навучання ў маі 1816 г. Касцюшка наведаў педагагічны інстытут у Івердоніі, дзе меў гутарку з яго стваральнікам, выдатным педагогам-дэмакратам Іаганам Генрыхам Песталоццы. Касцюшка меркаваў, гэтак жа як і Песталоццы, што паляпшэнне жыцця працоўных можа быць дасягнута ў рамках тагачаснага ладу шляхам адукацыі і выхавання.

У пісьме Касцюшкі да А. Чартарыйскага гаварылася таксама, што неабходна палепшыць умовы жыцця простых людзей, а для гэтага трэба паступова зменшыць паншчыну і заахвочваць выкарыстанне наёмных работнікаў для палявых работ і быць суровым для бадзяг, п'яніц, дармаедаў, якіх трэба скарыстоўваць на публічных работах, будаўніцтве дарог, каналаў, для брукавання вуліц з выплатай сціплай узнагароды. Для развіцця прамысловасці трэба адкрываць новыя фабрыкі: суконныя, папяровыя, металургічныя і інш. Далей ён прапанаваў зрабіць захады, каб з часам усе сяляне маглі вызваляцца ад залежнасці і атрымаць ва ўласнасць. зямлю. 3 гэтага пісьма відаць, што хоць яно накіроўвалася А. Чартарыйскаму, але фактычна адрасавалася ўсім жыхарам былой Рэчы Паспалітай, і што галоўная мэта жыцця Касцюшкі — паляпшэнне жыццёвых умоў простага люду.

Памёр Касцюшка ў Швейцарыі ў Салюры (каля горада Залатурна) 15 кастрычніка 1817 г. Пахаванне адбылося 19 кастрычніка там жа, у Салюры. У 1818 г. астанкі Касцюшкі былі ўрачыста перавезены ў Кракаў і змешчаны ў каралеўскім замку Вавель. Смерць Касцюшкі выклікала шырокі водгук ва ўсім свеце. У многіх краінах, дзе жылі эмігранты з былой Рэчы Паспалітай, ушанавалі памяць Касцюшкі памінальнымі службамі ў касцёлах і сходамі.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі было антыфеадальнай рэвалюцыяй, накіраванай не толькі супраць «сваіх» феадалаў, але і супраць дэспатызму ў суседніх дзяржавах. Яно было водгукам на Вялікую французскую рэвалюцыю. Касцюшка як народны правадыр спалучаў у сабе нянавісць да прыгнятальнікаў з шчыраю любоўю да працоўнага люду. Ён быў храбры, энергічны, валодаў багатай вайсковай практыкай, набытай у барацьбе за вызваленне Злучаных Штатаў Амерыкі, добра ведаў артылерыйскую справу і быў выдатным ваенным інжынерам. Усё гэта ставіла яго ў шэраг найбольш выдатных барацьбітоў за свабоду.

Касцюшка і яго паплечнікі ўпісалі слаўную старонку ў гісторыю барацьбы за свабоду і незалежнасць народаў Польшчы, Беларусі і Літвы. Свой жыццёвы шлях ён прайшоў як сапраўдны народны герой, які стаў яшчэ пры жыцці легендарным. Яго справу барацьбы за свабоду, дэмакратыю і гуманізм прадоўжылі іншыя дзеячы.

Касцюшку і яго аднадумцам не удалося дамагчыся вызвалення народу з ланцугоў феадальнага прыгнёту і засілля манархічных дзяржаў, але яны адрадзілі ў людзях дух барацьбы за волю, усялілі ў іх веру ў свае сілы. Паражэнне паўстання не азначала заканчэння барацьбы за свабоду.

Ён ніколі не ставіў знак роўнасці паміж царскім самадзяржаўем і рускім народам, разлічваў на яго падтрымку ў барацьбе з царызмам. Пераемнікам і прадаўжальнікам рэвалюцыйных ідэй Касцюшкі на Беларусі быў Кастусь Каліноўскі, кіраўнік народнага паўстання 1863 г. У рэдагаванай ім газеце «Choraqiew swobody» («Сцяг волі») К. Каліноўскі змясціў сімвалы касцюшкоўскага паўстання — фігуру касінера (селяніна, узброенага касою) са сцягам, на якім намаляваны гербы Вялікага княства Літоўскага і Польшчы.

На Беларусі народ, ушаноўваючы памяць пра Касцюшку, складаў песні, у якіх гучалі заклікі змагацца за волю. Яшчэ на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя на Лепельшчыне была запісана, а пазней апублікавана песня пра Касцюшку — своеасаблівы лірыка-эпічны сказ народа пра свайго героя-заступніка. Паводле народнай версіі, Касцюшка загінуў у бітве. Невыказная туга і смутак чуваць у гэтых словах:

Вазьмі, маці, пяску жменю,

Пасей на каменю.

Калі той пясок узыйдзе,

Касцюшка з вайны прыйдзе.

 

Ляціць воран цераз мора,

А лятучы, крача.

А хто ж майго Касцюшачкі

Магілку аплача?

 

Імя Касцюшкі і цяпер карыстаецца глыбокай павагай у нашай краіне і ў братняй Польшчы. У час другой сусветнай вайны створаная на тэрыторыі Савецкага Саюза 1-я пяхотная польская дывізія, якая ўступіла ў бой супраць нямецка-фашысцкіх войск на беларускай зямлі каля вёскі Леніна, атрымала імя Тадэвуша Касцюшкі. Яго імя насілі партызанскія атрады, што змагаліся з нямецка-фашысцкімі акупантамі.

Касцюшку прысвечаны многія творы мастацкай літаратуры, жывапісу, скульптуры, напісаны навуковыя працы. У шмат якіх краінах Еўропы, Амерыкі і нават у далёкай Аўстраліі пастаўлены яму помнікі. Першую біяграфію Касцюшкі выдаў яшчэ пры яго жыцці ў 1815 г. у Пецярбурзе Фёдар Глінка. Стэфан Жэромскі ў сваім дзённіку запісаў: «...Калі народы злучацца ў адно, адкінуць шаблі і пададуць адзін аднаму рукі вечнага міру — і тады яны не забудуць аб народзе, які спарадзіў аднаго з найвялікшых герояў свету — Касцюшку».

Андрэй Тадэвуш Касцюшка. Гравюра А.Аляшчынскага з партрэта Ю.Грасі (каля 1794 г.)

 

Тадэвуш Касцюшка і Людвіка Сасноўская. Мініацюры невядомага майстра

 

Тадэвуш Касцюшка ў генеральскім мундзіры. Партрэт, выкананы прыкладна ў 1789—1792 гг. К. Г. Швекертам. Захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве

 

Ордэн Цынцынаці, якім быў узнагароджаны 5 мая 1784 г. Т. Касцюшка

 

Томас Джэферсон.

Гравюра, выкананая паводле рысунка Т. Касцюшкі М. Сакальніцкім. Нацыянальны музей у Варшаве

Біяграфія Т. Касцюшкі, напісаная К. Фалькенштэйнам і выдадзеная ў Вроцлаве ў 1827 г.

 

Тадэвуш Касцюшка ў час бітвы каля вёскі Рацлавіцы. Акварэль Ю. Косака (1879 г.)

 

Нумар газеты паўстанцаў ад 29 красавіка 1794 г.

 

Дом у Марачоўшчыне каля Косава (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Малюнак з натуры Б. Садоўнікава (каля 1840 г.)

 

Тадэвуш Касцюшка. Гравюра на медзі Ф. Джон паводле партрэта Ю. Грасі

 

Гравюра XIX ст., на якой алегарычна ўвасоблены паражэнне Касцюшкоўскага паўстання і заняпад Польшчы

 

 

Курган каля Кракава, насыпаны ў памяць пра Касцюшку ў 1820—1823 гг.

 

Тадэвуш Касцюшка, галоўнакамандуючы рэвалюцыйнай арміяй. Гравюра на медзі паводле партрэта Я. Шродэра, выкананая ў 1793 г.

Саркафаг Т. Касцюшкі ў Кракаве ў касцёле замка Вавель. Упрыгожаны бюстам Касцюшкі і гербамі Польшчы і Вялікага княства Літоўскага

 

Помнік Т. Касцюшку ў сталіцы ЗША Вашынгтоне (па праекту А. Попеля, 1910 г.)

 

Сцяг 1-й польскай дывізіі пяхоты імя Т. Касцюшкі

 

Сучасны выгляд надмагільнага помніка Т. Касцюшку ў Салюры (Швейцарыя)