Паланез для касінераў - старонка 3

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 48 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

54.7%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
23%UNITED STATES UNITED STATES
8.1%BELARUS BELARUS
2.9%AUSTRALIA AUSTRALIA
1.8%CHINA CHINA
1.2%KUWAIT KUWAIT
1.1%FRANCE FRANCE

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Азначнік матэрыялу
Паланез для касінераў
старонка 2
старонка 3
старонка 4
старонка 5
Усе старонкі

Тадэвуш Касцюшка са свайго боку ў лістах да Францішка Сапегі і Тамаша Ваўжэцкага выказваў сваю занепакоенасць станам, калі ў Вільні дайшло да абвяшчэння свайго асобнага акта. Ён падкрэсліваў, што Літва павінна была пайсці следам за польскімі ваяводствамі, якія проста далучыліся да Кракаўскага акта. На думку Т. Касцюшкі, своеасаблівы крок ліцвінаў толькі перашкаджаў поспеху паўстання. Справа была не толькі ў фармальных адрозненнях двух актаў. Трывогу і незадаволенасць Т. Касцюшкі магло выклікаць перш за ўсё не тое, што ў Вільні «забыліся» ўспомніць яго імя. Куды больш істотнай была адкрытая заява аб падтрымцы памкненняў французскай рэвалюцыі, устанаўленні сяброўскіх адносін з Францыяй. У тагачасных неспрыяльных для паўстання міжнародных абставінах гэтая заява магла яшчэ болей аб'яднаць ворагаў новай Рэчы Паспалітай.

3 другога боку, адсутнасць яўна выказаных рэвалюцыйных настрояў у Кракаўскім акце, агульная яго памяркоўнасць з улікам таго ж складанага міжнароднага становішча маглі выклікаць незадаволенасць у часткі радыкальна настроеных паўстанцаў у Княстве. Таму наўмыснае неўпамінанне імя Т. Касцюшкі ў Віленскім акце спачатку магло насіць і афарбоўку палітычнага выкліку.

Гуга Калантай, адзін з актыўных арганізатараў паўстання, у лісце да Я. Ясінскага ад імя Т. Касцюшкі настойваў на абавязковых зменах у Віленскім акце. Ен лічыў, што трэба зрабіць так, каб Віленскі акт быў толькі далучэннем да Кракаўскага і нічым болей. У адваротным выпадку Г. Калантаю бачыўся сумны канец паўстання, калі «не будзе адзінства ў кіраўніцтве».

Да крытыкі Віленскага акта далучыўся і прэзідэнт паўстаўшай Варшавы Закжэўскі. Аб сваёй занепакоенасці ўтварэннем «асобнага кіраўніцтва» на радзіме Касцюшкі ён напісаў свайму калегу прэзідэнту Вільні, сябру Літоўскай Рады Антонію Тызенгаўзу. Адказваючы Закжэўскаму, Тызенгаўз у лісце ад 13 мая тлумачыў утварэнне асобнай Рады тым, што на паўстанне з Вільні трэба было ўздымаць не паасобныя ваяводствы, а ўсю Літву. Ён спасылаўся таксама на тое, што прыклад Польшчы ў гэтым сэнсе не адпавядаў гістарычным традыцыям краю. Тым не менш, Тызенгаўз ужо паведамляў, што Літоўская Рада і падначаленыя ёй магістратуры прызнаюць над сабою ўладу начальніка паўстання — Тадэвуша Касцюшкі. 3 гэтага часу (г.зн. з 13 мая) тытул яго абавязкова будзе змяшчацца на ўсіх публічных зваротах і дакументах Рады. Адначасова Тызенгаўз заверыў Закжэўскага ў безумоўным «даверы» і «паслушэнстве» ліцвінаў перад Касцюшкам. У канцы свайго адказу А. Тызенгаўз падкрэсліў, што Літва — «Бацькаўшчына і калыска Тадэвуша Касцюшкі» і «народ Літоўскі» будуць старацца рабіць усё разам са сваімі братамі ў Польшчы, каб быць годнымі свайго земляка.

Насцярожаная рэакцыя варшаўскай Часовай Рады, самога Т. Касцюшкі ў дачыненні да першых арганізацыйных крокаў паўстанцаў у Вялікім княстве Літоўскім прымусіла задумацца віленскіх «сепаратыстаў». Больш таго, стала ясным, што з'яўленне асобнага Віленскага акта ў Польшчы прынята ў цэлым негатыўна. Гістарычны «літоўскі сепаратызм» як бы ўжо не ўпісваўся ў новую канцэпцыю цэнтралізаванай дзяржавы, якая мелася аднавіцца на падставе Канстытуцыі 3 мая 1791 года. У Вільні, у першую чаргу прадстаўнікамі больш памяркоўных колаў у Літоўскай Радзе, робіцца шэраг крокаў да зняцця напружанасці ва ўзаемаад­носінах з Польшчай. Змена курсу фактычна пачалася яшчэ 3 мая, калі Я. Ясінскі быў прызначаны часовым галоўнакамандуючым у Літве да ўстанаўлення сталых сувязей з Т. Касцюшкам. А 14 мая ў спецыяльнай дэкларацыі Літоўская Рада, яшчэ перад атрыманнем афіцыйнага адказу ад начальніка паўстання, спецыяльна падкрэсліла неабходнасць адпаведнасці «літоўскіх» улад Акту паўстання ў Кракаве.

Дзеля паўнаты характарыстыкі складанага становішча, у якім апынуўся Т. Касцюшка на пачатку паўстання, трэба адзначыць, што канфліктная сітуацыя, хоць і меншай напружанасці, стварылася ў яго і з варшаўскай Часовай Радай. У яе ўтварэнні Касцюшка таксама ўбачыў выразнае адступленне ад умоў Кракаўскага акта. У лісце да яе ад 25 красавіка Т. Касцюшка выказваў жаданне, каб яна набыла новую назву — «Парадкавая Камісія Сталіцы і княства Мазавецкага». Пры гэтым яна павінна была строга выконваць загады начальніка паўстання, усё рабіць толькі згодна з Кракаўскім актам. І хоць гэтае непаразуменне існавала нядоўга, 27 красавіка Т. Касцюшка ў лісце да Часовай Рады зняў усялякія падазрэнні і выказаў ёй давер, аднак складанасці ва ўзаемаадносінах паміж імі існавалі і надалей.

У прыватнасці, гэта датычылася знешнепалітычных праблем. Т. Касцюшка забараніў Часовай Радзе ў Варшаве заключаць якія-небудзь пагадненні з прадстаўнікамі замежных краін без яго ведама. Але Рада фактычна не выконвала гэтага патрабавання. І ў лісце да яе ад 8 мая Касцюшка выказаў «здзіўленне», што дэпартамент замежных інтарэсаў не дакладвае яму аб сваіх намерах і дзеяннях. У выніку чаго ён вымушаны даведвацца аб іх толькі з рапартаў трэціх асоб. Але Т. Касцюшка перш за ўсё надаваў вялікае значэнне справе адзінства, неабходнасці моцнага і дзейснага кіраўніцтва ў паўстанні, а не ролі сваёй асобы ў ім.

Накірункі «сепаратызму» ў Варшаве і Вільні ў дачыненні да Кракаўскага акта былі рознымі. У Варшаве Часовая Рада імкнулася ўвесці ўсё паўстанне ў Рэчы Паспалітай у рэчышча большай памяркоўнасці. У той жа час яна падтрымлівала цэнтралізатарскія памкненні Т. Касцюшкі, а недзе нават і падштурхоўвала яго ў досыць жорсткім стаўленні да праяў «літоўскага сепаратызму». У Вялікім княстве ж асобная арганізацыя паўстанцкай улады, акрамя таго, што мела даўнія гістарычныя карані, першапачаткова перапляталася і з выразна больш радыкальнымі патрабаваннямі.

Паўстанцы ў Кракаве, Варшаве і ў Вільні мелі агульную мэту — адраджэнне вольнай і незалежнай Рэчы Паспалітай Двух Народаў. Але тая Рэч Паспалітая бачылася ім ужо парознаму. 3 боку Кракава і Варшавы яна бачылася як незалежная, але ўжо унітарная дзяржава на базе Канстытуцыі 3 мая. Гэтая Канстытуцыя не прадугледжвала «аўтаноміі» Вялікага княства Літоўскага. Паўстанцы ж з Вільні, рашуча салідарызаваўшыся з паплечнікамі з Польшчы ў барацьбе супраць акупантаў, сваімі першымі крокамі засведчылі, што ў выпадку перамогі паўстання Княства павінна заняць становішча, роўнае з Польшчай.

«Літоўскі сепаратызм» доўга не пратрымаўся. Але ўжо сам факт яго аднаўлення ў спецыфічных умовах паўстання — паказальны. Яго праявы нельга ўспрымаць толькі як адмоўную з'яву, якая абцяжарвала і ўскладняла ход паўстання. Магчыма, што, калі б у Польшчы быў адкінуты страх перад самастойнымі крокамі ў развіцці агульнай паўстанцкай ідэі ў Вялікім княстве Літоўскім, гэты «літоўскі сепаратызм» можна было б выкарыстаць і дадатным чынам. Прызнанне і падтрымка дзейнасці Літоўскай Рады, а не барацьба з ёю далі б больш карысці, спрыялі б толькі ўзмацненню даверу і ўзаемаразуменню паміж Вільняй і Варшавай. Нехта, магчыма, прайграў бы ў амбіцыях, але затое выйграла б справа.

 

• •

 

Як і чакалася, падзеі ў Вільні ўскалыхнулі насельніцтва і ў іншых частках Княства. Усё больш няўтульна адчувае сябе ў сваёй рэзідэнцыі ў Нясвіжы генерал-губернатар «менскі, ізяслаўскі і брацлаўскі» Ц. Туталмін. Усё больш непрыемныя весткі і рапарты пачынаюць даходзіць да яго. Хаця ў лісце да М. Рапніна ад 28 красавіка Туталмін яшчэ спадзяецца на лепшае. Ён піша: «Акрамя Ашмянскага павету і Полацкага ваяводства, нідзе яшчэ няма ў гэтай справе яўнай і адкрытай небяспекі, хаця ўсе галовы да гэтага падрыхтаваны». Туталмін паведамляе, што заклікі да «пачатку бунту» ідуць з Ашмян на частку Ашмяншчы­ны, па другому падзелу перайшоўшай да імперыі, і ў суседняе Полацкае ваяводства, а «можа быць, і на Беларусь».

Але спадзявацца на лепшае не прыходзілася. Трэба сказаць, што на самым пачатку паўстання расійскія акупацыйныя ўлады адчувалі сябе вельмі няўпэўнена. Кракаўскі акт, перамога Касцюшкі пад Рацлавіцамі, заняцце паўстанцамі Варшавы, а потым і Вільні стварылі ўражанне добрай арганізацыі і наяўнасці ў іх значнай сілы. Больш за ўсё той жа Ц. Туталмін апасаўся таго, што паўстанне перакінецца за мяжу другога і першага падзелаў. Таму ён літаральна закідваў Пецярбург панікёрскімі рапартамі, патрабуючы падмацаванняў.

Зрэшты, выдумляць яму асабліва не прыходзілася. 2 мая Туталмін паведамляе таму ж М. Рапніну аб існаванні паўстанцкага асяродка ў мястэчку «Гарахоўна» (Арэхаўна) у «шасці мілях ад Полацка», якое належыць пані «Заб'ялавай» (Забэла). Там па загаду яе аканома шляхціца Дзежкі яшчэ ў канцы мінулага, 1793 года было ўжо назапашана 300 дзідаў (пікаў). А цяпер, пасля падзей у Вільні, іх выраб, ізноў па загаду таго ж аканома, аднавіўся. Зброя часткаю захоўвалася ў мясцовай Гараховенскай уніяцкай царкве, частка ж дзідаў знаходзілася ў мясцовых сялян. Кавалі тыя дзіды мясцовы гараховенскі «каваль Піліп з братам». Таксама пад Полацкам, адзначаў Туталмін, рыхтуе зброю і збірае верных людзей нехта «пан Буйніцкі» разам з полацкім ваяводам Жабам.

Прыходзілі весткі ў Нясвіж і аб узбраенні шляхты і сялянства каля Пастаў. Даносілі Туталміну, што ў раёне Валожына сабралася каля 2 тысяч мясцовага люду «пры некаторай колькасці жаўнераў», якія чакаюць прыбыцця туды літоўскага войска. У самым пачатку мая прыйшлі да генерал-губернатара паведамленні аб тым, што ў мястэчку Новая Мыш Наваградскага ваяводства, якое належала сябру Літоўскай Рады Я. Несялоўскаму, знаходзіцца «вельмі вялікая лічба шляхты і сабраных узброеных сялян». (14 (25) мая генерал Цыцыянаў выбівае з таго мястэчка 300-асабовы конны атрад падпалкоўніка Ахматовіча. Пры гэтым 15 паўстанцаў былі забіты, а тры трапілі ў палон.) Аб хваляваннях сярод сялянства Наваградчыны ў той жа час паведамляў старшыні дзяржаўнай вайсковай калегіі М. Салтыкову ў Пецярбург генерал Кнорынг, атрад якога стаяў у Менскай губерні. Кнорынг таксама пасылаў ад свайго імя «абвесткі» «пярвейшым уладальнікам» па абодва бакі мяжы, «схіляючы іх на свой бок». У іх ён папярэджваў, што калі шляхта будзе прадаўжаць узбройваць сялян, то да яе без літасці будзе прыменена вайсковая сіла. Наўрад ці гэтыя «абвесткі» спынілі тых, хто ўжо вырашыў змагацца. А «маёнткавыя патрыёты» і без таго былі напалоханыя дастаткова. Не мог ім прыйсціся даспадобы заклік Я. Ясінскага не дрыжаць над сваім скарбам, не баяцца таго, што страцяць у полымі паўстання ўласныя дамы ўзамен за незалежнасць дзяржавы.

Закранулі хваляванні і браслаўскую шляхту. Значная яе колькасць, да трохсот чалавек, павінна была сабрацца на 11 (22) мая ў Браславе. Там, згодна з патрабаваннямі віленскага «Універсалу», у той дзень намячалася прыняцце павятовага паўстанцкага акта і прысягі. Падкаморы і маршалак браслаўскі Багуслаў Мірскі намерваўся ўзначаліць гэты чын у сваім павеце, дзеля чаго ён павінен быў у азначаны дзень з'явіцца ў Браславе. Да гэтага ў сваёй адозве да шляхты ён заклікаў сабрацца ўсім 11 мая, каб выканаць распараджэнне «Найвышэйшай Рады Народу Літоўскага, узяць у рукі зброю, абараніць родную зямлю, свабоду і жыццё». Аднак звярнуцца да мясцовага сялянства «ласкавым голасам натуры» Б. Мірскі, як таго патрабаваў «Універсал», не палічыў патрэбным... Гэта ў Вільні веяла рэвалюцыйным французскім духам, а тут, у глыбінцы, яшчэ цяжка было адмовіцца, відаць, ад замшэлых звычаяў сваёй шляхецкай абранасці.

Чакалася прыбыцце з Вільні ў Браслаў афіцэраў, якія павінны былі ўзначаліць паўстанцаў. Для фарміравання атрадаў прадугледжваўся набор «рэкрутаў». Для мясцовага павятовага атрада — аднаго з 5, а для рэгулярнага — аднаго з 25 «дымоў».

Існуюць звесткі, што браслаўцы мелі на мэце пасля прыняцця паўстанцкай прысягі рушыць на Друю і захапіць яе. Для папярэджання гэтага вялася разведка і з расійскага боку. У «польскую Літву» для выяснення становішча быў накіраваны «друйскі грамадзянін» Ян Свянціцкі. Напярэдадні запланаванага выступлення ён вярнуўся з паведамленнем аб тым, што пад Смалянамі, каля Друі, нібыта збіраюць паўстанцаў шляхціцы Ваўжэцкі і Лапацінскі, а таксама шляхціц Ашмянскага павета Гарадзенскі. Колькасць іх атрадаў складала некалькі сот чалавек. Яны планавалі прыбыць у Браслаў, каб злучыцца з мясцовымі паўстанцамі.

Аднак намерам гэтым не прыйшлося спраўдзіцца. Прамаруджванне ў справе далучэння да паўстання мясцовай браслаўскай шляхты, нерашучасць самога Б. Мірскага прывялі да апераджальнага начнога нападу на мястэчка расійскага атрада пад камандаваннем секундмаёра Стафеапула. У начным баі з боку паўстанцаў, па расійскіх, яўна перабольшаных, дадзеных, загінула больш за сто чалавек. , Браслаў быў спалены. А сам Мірскі з двумастамі чалавек кавалерыі, які пад раніцу быў ужо на падыходзе, убачыўшы сполахі пажару над Браславам, не рашыўся прыйсці на выручку. І дарэмна. Бо атрад «бравага» секундмаёра быў зусім невялікі, не меў і ста чалавек. Усё вырашылі напор, рашучасць і нечаканасць. Валоданне гэтымі якасцямі бліскуча прадэманстраваў Я. Ясінскі ў Вільні ў ноч з 22 на 23 красавіка. На жаль, не ўсім тых якасцяў на той час хапала. Ды і мясцовая шляхта зусім не была заўжды такой ужо адналітнай і адданай ідэі паўстання. Не мог не напалохаць яе заклік да «роўнасці», прагучаўшы з Вільні.

Цікавы прыклад «маёнткавага патрыятызму» даў пісар браслаўскі, нехта Жаба (не блытаць з полацкім Жабам!). Дарэчы, «па сумяшчальніцтву» ён пастаўляў сакрэтныя паведамленні расійскім уладам. Дык вось у пісара Жабы, як і ў многіх іншых уладальнікаў, маёнткі пасля другога падзелу апынуліся і ў Вялікім княстве Літоўскім, і ў Расійскай імперыі. Пачуццё страчваемай маёмасці, якой у Расіі, напрыклад, за падтрымку паўстання пагражаў секвестр, а ў Княстве — рабункі расійскага ж войска падчас яго падаўлення, прывяло пісара да смелай прапановы. Выбраўшы за абаронцу мацнейшага ўсходняга суседа, ён прасіў расійскія ўлады перанесці мяжу другога падзелу. І менавіта такім чынам, каб яго, Жабавы маёнткі, усе апынуліся пад крылом імперыі...

Усё ж паўстанцкі агонь на Браслаўшчыне, на самым пачатку не паспеўшы як след разгарэцца, хоць і быў прытушаны, але да канца яго знішчыць не ўдалося. Вайсковыя рапарты адтуль да канца мая адзначаюць яшчэ каля васьмі рознага роду сутычак расійскіх каманд з паўстанцамі на тэрыторыі павета.

І на іншых землях Беларусі паўстанцкі рух абазначаўся ўсё яскравей. Пасля адыходу 5 мая атрада генерала П. Цыцыянава з-пад Гародні на Наваградак туды 14 мая перабіраецца гарадзенская паўстанцкая «парадкавая камісія». Яна была створана яшчэ 9 мая ў Саколцы. У самой Гародні і яе ваколіцах пачынаецца актыўная праца па збіранні паўстанцкага войска. На пачатак чэрвеня колькасць новых «рэкрутаў» у павеце склала больш чатырох тысяч чалавек.

9 мая ў Бярэсці, пасля адступлення адтуль у накірунку Пінска расійскага атрада пад камандаваннем палкоўніка Часменскага, адбываецца сход «грамадзян і жыхароў ваяводства Берасцейска-Літоўскага з паветам Кобрынскім і ўсіх парафій, межы таго ваяводства складаючых». Старшынстваваў на тым сходзе стараста берасцейскі Казімір Нестар Сапега. Сход падтрымаў Кракаўскі акт, і берасцейская зямля, радзіма Т. Касцюшкі, таксама далучылася да паўстання. Быў утвораны і свой мясцовы орган па яго кіраўніцтву. Прычым у склад берасцейска-кобрынскай «парадкавай камісіі» ўвайшлі восем асоб праваслаўнага веравызнання. А ігумен Грыгароўскі праз некаторы час стане нават яе старшынёй. Справа наогул у Рэчы Паспалітай да таго часу нечуваная: «схізматыкі» на чале ўлады... Вядома, такі чын сваіх землякоў не мог застацца паза ўвагай Т. Касцюшкі, і ён звярнуўся да іх з пасланнем-падзякай. Пры гэтым ён асабліва ўхваліў і прывітаў далучэнне да паўстання прадстаўнікоў праваслаўнага насельніцтва. Таксама запэўніў іх, што з боку паўстанцкіх улад праваслаўныя заўжды будуць карыстацца падтрымкай і ім не на словах, а на справе будуць забяспечаныя такія ж правы, як і каталікам.

Між тым ва ўзаемаадносінах паміж начальнікам паўстання і Літоўскай Радай і надалей існавала напружанасць. Тое, што імя Тадэвуша Касцюшкі не было нават упамянута ў тэксце Віленскага акта, дало падставу для сцвярджэння аб ігнараванні яго паўнамоцтваў у Вялікім княстве Літоўскім. Аднак ігнараванне гэтае мела своеасаблівы характар. Літоўская Рада не так абмінала Т. Касцюшку, як імкнулася з самага пачатку засведчыць сваё самастойнае месца ў паўстанні. У пасланні да генерал-маёра Е. Грабоўскага, шэфа пятага пешага палка літоўскага войска, ад 28 красавіка Літоўская Рада ад імя Тайнай Дэпутацыі даручала яму як найхутчэй старацца ўстанавіць сувязь з Варшавай і Т. Касцюшкам. У другім пасланні да Касцюшкі 7 мая Тайная Дэпутацыя палічыла патрэбным, нават крыху мінаючыся з фактамі, паведаміць яму, што абвяшчэнне ў Вільні «Акту Паўстання Літоўскага Народу» адбылося пад яго «начальніцтвам». Трэцяе пасланне Тайнай Дэпутацыі ад 16 мая да Т. Касцюшкі таксама невыпадкова пачыналася з запэўнівання ў поўным яму падпарадкаванні і паслушэнстве. Здаровы сэнс і ўсведамленне неабходнасці аб'яднання ўсіх сіл перад моцным ворагам бралі верх, асабістыя амбіцыі адыходзілі на задні план.

Аб памяркоўнасці незалежніцкіх памкненняў Вялікага княства Літоўскага сведчылі неаднаразовыя захады з боку Рады праз «місіі» сваіх сяброў у Варшаву, а таксама да Т. Касцюшкі, каб вытлумачыць і нейкім чынам уладкаваць сітуацыю. 17 мая да начальніка паўстання з «інструкцыяй» Літоўскай Рады быў накіраваны Я. Коцел. Яго мэтай было расказаць Касцюшку пра ўсе «падрабязнасці пры паўстанні літоўскага народа, пра ўсе справы Літоўскай Рады і яе дэпутацый, што робіцца наогул у Літве, паветах...». У адпаведнасці з дадзенай «інструкцыяй» Коцел павінен быў таксама растлумачыць «патрабаванні, згодна з якімі літоўскі народ жадае самастойна кіраваць паўстаннем». Пры гэтым ён павінен быў спаслацца на тое, што «Літоўская Рада ў цэнтры княства мае больш зручныя спосабы падтрымліваць і пашыраць паўстанне, ...[яна] больш знаёмая са звычаямі і схільнасцямі, унутранай сітуацыяй і тым самым лепшыя знойдзе сродкі дзейнічаць як найлепей». Пасланніку Літоўскай Рады адначасова даручалася яшчэ раз запэўніць «Найвышэйшага Начальніка Узброеннай Сілы Двух Народаў» у такім жа, як і ў Польшчы, даверы да яго з боку ліцвінаў. Цікава, што Рада не толькі спрабавала растлумачыць прычыны свайго ўзнікнення, але даручыла Коцелу дабіцца падтрымкі і прызнання ў Касцюшкі таго, каб яна была «паважанай» і яе «слухалі без усялякай розніцы ўсе жыхары і войска».

Узаемаадносіны паміж Літвой і Польшчай нельга разглядаць як толькі канфрантацыйныя. 3 самага пачатку паўстання яны мелі і выразны характар узаемадапамогі і супрацоўніцтва. Некалькі разоў Літоўская Рада звярталася да варшаўскай Часовай Рады за дапамогай у забеспячэнні Вільні і літоўскага войска гарматамі, порахам і амуніцыяй. Неабходнасць аказання такой дапамогі матывавалася важным стратэгічным становішчам Княства і яго сталіцы ў паўстанні. Асабліва падкрэслівалася, што ў Літвы і Польшчы, у гэтых «дзвюх дзяржаў асабліва цяпер, як і заўсёды, адзін інтарэс». Урэшце некаторая іх колькасць была накіравана ў Княства, нягледзячы на тое, што і ў самой Польшчы існавала ва ўсім гэтым пільная патрэба.

Праявы «літоўскага сепаратызму» выклікалі напачатку яўную незадаволенасць Т. Касцюшкі. Ва ўтварэнні Літоўскай Рады ён перш за ўсё ўбачыў пагрозу справе адзінства ў барацьбе з акупантамі, дэцэнтралізацыю кіравання паўстаннем. Справа ўскладнялася яшчэ і тым, што пагроза «сепаратызму» зыходзіла ад суайчыннікаў

T. Касцюшкі — жыхароў Вялікага княства Літоўскага, ліцвінаў, да якіх і сам ён заўжды сябе прылічаў. І нездарма прэзідэнт Варшавы, старшыня варшаўскай Часовай Рады І. Закжэўскі, успамінаючы Віленскі акт, папракаў паўстанцкія віленскія ўлады, што яны прамінулі не каго іншага, а якраз свайго земляка, ліцвіна Андрэя Тадэвуша Касцюшку.,

21 мая Т. Касцюшка сам звярнуўся да сваіх землякоў са спецыяльнай адозвай «Да ўсяго Княства Літоўскага». У тых умовах, пры нявысветленасці абставін узнікнення Літоўскай Рады, «нашаптаных» яму нагаворах супраць Я. Ясінскага, адозва насіла даволі жорсткі характар. У ёй Т. Касцюшка папярэджваў, што ніхто, акрамя яго, ні ў ваяводстве, ні ў правінцыі (г. зн. у ВКЛ) не павінен прымаць тытула «Начальніка Сілы Узброенай». Касцюшка падкрэсліваў таксама, што сваю ўладу атрымаў не ад каго іншага, а «проста ад народу». Усе ж іншыя «ўлады дапамагаючыя проста ад мяне паходзіць павінны». Далей знявераны начальнік паўстання абяцаў нават ужыць усю сілу і моц «супраць фальшывых патрыётаў і інтрыганаў», якія не будуць улічваць яго распараджэнняў і загадаў. Праўда, ён не назваў ні аднаго прозвішча, як бы даючы кожнаму, хто мог трапіць пад абвінавачванні за непаслушэнства, прымераць мулкі мундзір «фальшывага патрыёта».

Зрэшты, праціўнікі Я. Ясінскага не сумняваліся, відаць, што якраз ён і яго бліжэйшыя паплечнікі павінны зрабіць гэта ў першую чаргу. Нездарма ж, маглі меркаваць яны, начальнік паўстання не зацвердзіў Ясінскага на пасаду галоўнакамандуючага паўстанцкім войскам у Вялікім княстве, а толькі прызначыў яго камандуючым адной з трох «дывізій» літоўскага войска...

Калі гэтая адозва дайшла да Вільні, то яна не магла не выклікаць здзіўлення ў тых, хто разам з Ясінскім ахвяраваў усім дзеля поспеху паўстання, а калі і памыляўся, то толькі ад жадання хутчэй наблізіць яго перамогу. Хаця строгае папярэджанне з боку Т. Касцюшкі, як адзначалі сучаснікі, і «прывяло да большага парадку ў адміністрацыі», але адначасова як бы «паменшыла запал» у найбольш нецярплівых.

Сам Касцюшка, відаць, адчуўшы, што ўзяў занадта жорсткі тон у адносінах да сваіх землякоў, тым больш атрымаўшы з Вільні не адно ўжо пацверджанне аб лаяльнасці ад Літоўскай Рады, вырашыў яшчэ раз звярнуцца да іх. 2 чэрвеня ў лагеры пад Кжэнціцамі ён падпісвае другую адозву «Да грамадзян літоўскіх і парадкавых камісій». І ў ёй паўстае перад сваімі землякамі ўжо не столькі як начальнік паўстання, а найперш як суайчыннік, ліцвін, занепакоены лёсам сваёй радзімы. Ён горача заклікаў землякоўліцвінаў да самаахвярнасці, каб быць годнымі сваіх мужных продкаў, каб дабіцца волі, заглушыўшы «ў сабе голас нікчэмны асабістага інтарэсу».

Стыль гэтага звароту Т. Касцюшкі ўзнёслы і шчыры. Менавіта ў ім праглядае праз усю заклапочанасць вайскова-палітычнымі справамі паўстання чулая і ўразлівая чалавечая душа: «Літва! Землякі і суайчыннікі мае! На вашай нарадзіўся зямлі і ў запале праведным для маёй Бацькаўшчыны адгукаецца ўва мне найасаблівейшая схільнасць да тых, пасярод каторых пусціў карані жыцця». І далей: «Літва! Слаўная змаганнем і грамадзянскасцю, доўга нешчаслівая праз уласных сыноў здрады, абяцаю стаць сярод вас з удзячнасцю за давер ваш да мяне, калі дазволяць мне вайсковыя абставіны... хто ж я ёсць, як не ліцвін, зямляк ваш, вамі абраны?».

Увесь час, і перад паўстаннем і на яго працягу, імкнуўся Тадэвуш Касцюшка, маючы цяжкі абавязак «Начальніка», да ўсталявання і зацвярджэння агульнай палітычнай салідарнасці ўсіх частак Рэчы Паспалітай Двух Народаў у змаганні за яе незалежнасць. Якраз у гэтых інтарэсах, выступаючы паўстанцкім лідэрам дзяржавы, ён падкрэсліваў сваю «польскасць». Але ў гэтым звароце да сваіх землякоў загучала тое, што прыхоўвалася на карысць палітычных патрабаванняў, тое, што каля сэрца, што не схаваеш, — любоў да радзімы і яе народа. Гэту высокую ноту любові падхопіць пазней другі вялікі сын нашай зямлі Адам Міцкевіч у «Пане Тадэвушу» ў знакамітым сваім: «Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: Не цэнім маючы, а страцім — залатое...».

Зварот Т. Касцюшкі да землякоў быў размножаны ў друку і паўсюдна распаўсюджваўся паўстанцкімі «парадкавымі камісіямі».

Адначасова з выясненнем узаемаадносін з Польшчай кіраўніцтву паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім прыходзілася змагацца і з праявамі «свайго», унутранага сепаратызму. Ён выяўляўся ў суперніцтве за лідыруючае становішча ў паўстанні паміж Я. Ясінскім і яго нядобразычліўцамі, прыхільнікамі памяркоўнай плыні. На ўзаемаадносіны паміж кіраўнікамі паўстання тут як бы спраектавалася даўгачасная адсутнасць згоды на гэтай зямлі, а таксама падазрэнні адзін аднаго ў адстойванні толькі ўласных інтарэсаў.

Я. Ясінскаму перш за ўсё прыйшлося вытрымаць, ча­сам замаскіраванае, але ад таго не менш упартае супраціўленне А. Хлявінскага. Асабліва да таго часу, пакуль не было вядома, чый бок возьме Касцюшка. А. Хлявінскі не мог дараваць Я. Ясінскаму, дый урэшце ўсёй Літоўскай Радзе, што было праігнаравана яго «галоўнакамандаванне», замацаванае ў Шавельскім акце. Тое, што Хлявінскі быў завочна ўведзены ў склад сяброў Рады, было для яго слабой «кампенсацыяй» за той шавельскі «грэх». І генерал А. Хлявінскі не адразу адмаўляецца ад вядучай ролі ў паўстанні. Два разы, 18 і 28 красавіка, апошні раз ужо праз чатыры дні пасля ўтварэння Літоўскай Рады ў Вільні, ён звяртаўся да ўсяго «літоўскага народу» ў якасці камандуючага войскам Княства ў паўстанні, заклікаў далучыцца да Шавельскага акта. Апошні Зварот А. Хлявінскага ў дачыненні да Літоўскай Рады выглядаў зусім канфрантацыйна. Згодна з «Універсалам да ваяводстваў і паветаў Вялікага княства Літоўскага і гарадоў вольных» ад 24 красавіка, Рада, стаўшы вярхоўнай уладай у краі, абавязала ўсе ваяводствы і паветы далучацца да паўстання згодна з Віленскім актам.

У адпаведнасці з гэтым універсалам і далучыліся да паўстання спачатку Ковенскі і Вілкамірскі паветы (30 красавіка), а неўзабаве і ўся Жамойць. Да таго ж зменшыліся і шэрагі «прыхільнікаў» А. Хлявінскага, якія запрасілі яго на вышэйшую пасаду. М. Сулістроўскі, К. Несялоўскі і Р. Гедройц, стваральнікі Шавельскага акта, прызнаючы паўнамоцтвы Літоўскай Рады, 30 красавіка прыязджаюць у Вільню. У рэшце рэшт нічога іншага не застанецца і А. Хлявінскаму. 6 мая ён, выкліканы Радай для ўдакладнення плана маючых адбыцца аперацый, таксама з'яўляецца ў Вільні. А перад гэтым Рада накіравала сваіх сяброў Р. Гедройца і М. Мараўскага да атрадаў, падначаленых Хлявінскаму, якія далі прысягу на вернасць Віленскаму акту.

Але ўзаемаадносіны А. Хлявінскага з Літоўскай Радай ніколі не былі добрымі на ўсім кароткім працягу яе існавання. Супраць жа Я. Ясінскага ён інтрыгаваў досыць адкрыта і перад Т. Касцюшкам і перад варшаўскай Часовай Радай, шукаючы іх падтрымкі. Ім жа быў інспіраваны пісьмовы рапарт сваіх падначаленых афіцэраў, якія выказвалі поўны давер менавіта А. Хлявінскаму, жадаючы толькі яго бачыць на чале паўстанцкіх сіл «на Літве». Адначасова ў гэтым жа рапарце выказваўся недавер да Я. Ясінскага. Копію гэтага празры­стага па намерах паслання варшаўская Часовая Рада пераслала да Т. Касцюшкі.

Непрыхільна былі настроеныя да Я. Ясінскага і двое сяброў Літоўскай Рады — Я. Коцел і Т. Высагерд, прадстаўнікі памяркоўнай плыні ў ёй. Менавіта іх 17 і 25 мая Рада накіравала з пасланнямі да Касцюшкі. Я. Коцел вусна і ў Варшаве перад Часовай Радай, і перад начальнікам паўстання прадставіў Я. Ясінскага як крайняга радыкала, прыхільніка тэрору. Ён ахарактарызаваў Ясінскага таксама як «дэмагога», які, нібыта, мае на мэце задавальненне толькі ўласных амбіцый. Такое ж, але ўжо пісьмовае меркаванне часткі Літоўскай Рады даставіў у Польшчу і Т. Высагерд.

«Унутраны сепаратызм» гэтым не абмежаваўся. Ён знайшоў свой выраз і ў дзейнасці некаторых «парадкавых камісій» у Вялікім княстве Літоўскім. Ужо першыя загады і распараджэнні з Вільні ад Літоўскай Рады выклікалі «вялікі перапалох» у Бярэсці. 11 мая берасцейская «парадкавая камісія», звяртаючыся да Т. Касцюшкі, прама пісала, што «.„выпадкі віленскія напалохалі нас». Перасылаючы экземпляры Віленскага акта і «Універсал» Літоўскай Рады, камісія просіць яго аб'яднаць «хуткімі сродкамі... усіх жыхароў краю і ўсе ўлады, прыдатныя да народнага паўстання... пад адзінай найвышэйшай уладай, каб Літоўская Рада не ўспрынімала нас супраціўнай сабе». Прычым берасцейцы віну за адхіленне Літвы ад адзінага арганізацыйнага цэнтра на чале з Т. Касцюшкам ускладалі непасрэдна на Я. Ясінскага. Яны прасілі Касцюшку зрабіць так, каб «не было ўлад асобных ад той адзінай...», каб ён ліквідаваў гэтае «двухуладдзе».

Такім чынам, у дачыненні да Літоўскай Рады берасцейская «парадкавая камісія» апынулася ў даволі складаным становішчы. Чые распараджэнні ўсё ж выконваць? Камісія лічыла нават неабходным, каб у кожным павеце было па два прадстаўнікі. Адзін — ад Т. Касцюшкі, другі — ад Літоўскай Рады. Ва ўсялякім разе тады яны, паразумеўшыся, маглі б даць тлумачэнні, як дзейнічаць у тым ці іншым выпадку. Тут яўна прагледжвалася жаданне не пасварыцца ні з тымі, ні з гэтымі. Але, відавочна, гэта не вырашала праблемы, а толькі магло зрабіць больш складанай сістэму кіравання паўстаннем. 3 другога боку, берасцейская «парадкавая камісія» нібыта і зрабіла свой выбар. Яна далучылася да паўстання, прысягнуўшы на вернасць Касцюшку і ўладзе толькі «ад яго абранай або пацверджанай». Аб гэтым сведчыў і той факт, што выбраных генерала і палкоўнікаў «зямянскіх», якія ўзначалілі «паспалітае рушэнне» і набор «рэкрутаў» для паўстання, берасцейцы прадставілі на зацвярджэнне не ў Вільню, а адразу непасрэдна Касцюшку. Але трэба адзначыць, што, апынуўшыся паміж двух агнёў, берасцейская «парадкавая камісія», здаецца, знайшла нейкае выйсце. Яна ў далейшым накіроўвала свае рапарты і да Літоўскай, і да варшаўскай Часовай Рады, і да Т. Касцюшкі.

Крыху інакш выглядала сітуацыя ў Гародні. Гарадзенцы далучыліся да паўстання, як і берасцейцы, паводле Кракаўскага акта. Магчыма, таму Літоўская Рада ўбачыла ў гэтым «шмат неадпаведнасці». Але гарадзенцы не былі так непрыхільна настроеныя да загадаў і распараджэнняў, якія ішлі з Вільні. Яны абралі і накіравалі ў Літоўскукэ Раду ад Гарадзенскага павета свайго прадстаўніка Дамініка Матакевіча. Акрамя гэтага ад Гародні быў накіраваны туды ж яшчэ адзін дэлегат — Францішак Мушынскі.

Усяго ў Літоўскую Раду накіравалі сваіх прадстаўнікоў 19 паветаў і 5 гарадоў. І гэта сведчыць, што Рада на працягу ўсяго аднаго месяца свайго існавання атрымала прызнанне ў краі. Падаўляючая большасць беларускалітоўскіх паветаў бачыла ў Вільні гістарычны цэнтр Вялікага княства Літоўскага і не збіралася мінаць яго.

Барацьба з «літоўскім сепаратызмам» ішла з двух бакоў. 3 боку Вільні прыхільнікі большай цэнтралізацыі ўлады ў паўстанні ў піку Ясінскаму стараліся дыскрэдытаваць яго перад Т. Касцюшкам. Прычым тут галоўнай была ўжо не справа адзінства, а неабходнасць пазбаўлення ўлады над паўстаннем з боку «якабінца» Ясінскага.

22 мая 1794 г. Літоўская Рада стварае спецыяльную камісію пад кіраўніцтвам М. Карпа і Д. Нарбута для прывядзення Віленскага акта ў поўную адпаведнасць з Кракаўскім. У гэты ж дзень Рада звяртаецца з адозвай да насельніцтва Княства, у якой выразна адмаўляецца ад пазіцый, занятых у сваіх першых дакументах. У прыватнасці, падкрэсліваўся яе «часовы» характар пад «найвышэйшым верхавенствам Тадэвуша Касцюшкі існуючай». Рада адмовілася тым самым ад тытула «найвы­шэйшай» улады, нададзенай ёй Віленскім актам. Спаўняліся галоўныя жаданні тых, хто палохаўся праяў «літоўскага сепаратызму», знікалі, здаецца, якія-небудзь падставы для падазрэнняў у яго замацаванні. Але сябры Літоўскай Рады не ведалі яшчэ, што яе лёс, нягледзячы на выразную змену курсу, ужо быў вырашаны.

Яшчэ 10 мая Т. Касцюшка прымае рашэнне аб утварэнні Найвышэйшай Нацыянальнай Рады (ННР) для Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, падуладнай толькі начальніку паўстання. Кампетэнцыя ННР была значна меншай, чым нават у Літоўскай Рады напачатку яе існавання. Так, войска было выведзена зпад яе кіравання. 21 мая Т. Касцюшкам было падпісана сваё рашэнне аб утварэнні ННР з мэтаю ўвядзення яго ў дзеянне. Згодна з ім Літоўская Рада, як і варшаўская Часовая Рада, павінна была спыняць сваю дзейнасць.

У склад ННР увайшлі восем «радцаў» і сам Т. Касцюшка. Ад Княства сярод іх былі Т. Ваўжэцкі і А. Сулістроўскі, сябры Літоўскай Рады. У склад трыццаці двух «намеснікаў» ННР ад Літвы таксама былі ўведзены свае прадстаўнікі: Ян Гарайн і Сава Пальмоўскі, былы ігумен Бельскага манастыра і старшыня праваслаўнай кансісторыі ў Рэчы Паспалітай.

У пракламацыі «Да грамадзян Польшчы і Літвы» ад 21 мая Т. Касцюшка паміж іншым растлумачваў прычыны затрымкі з утварэннем ННР. Звяртаючыся да народа, ён падкрэсліў такую акалічнасць, як неабходнасць «зрабіць такі выбар, які б вы самі зрабілі», выбраць сапраўды найлепшых, даказаўшых сваю вернасць Бацькаўшчыне, тых, хто выявіў свой патрыятызм у час нялёгкіх выпрабаванняў. Т. Касцюшка ў сваіх тлумачэннях звярнуў увагу яшчэ і на наступны аспект замаруджвання ў справе ўтварэння ННР. Ён чакаў, пакуль Кракаўскі акт «большай часткай народу зацверджаны не будзе», таму што «не хацеў Рады даваць народу з волі аднаго ваяводства, але з волі цэлай, па меншай меры, пераважаючай часткі Польшчы і Літвы». Прызначыўшы ў ННР ад Літвы сябрамі Рады Т. Ваўжэцкага і А. Сулістроўскага, начальнік паўстання абмінуў Я. Ясінскага. Той паранейшаму знаходзіўся ў выразнай «няміласці», можа, не столькі ў Касцюшкі, як сярод былых сяброў Літоўскай Рады.

Замест ліквідаванай Літоўскай Рады тым жа рашэннем Т. Касцюшкі была ўтворана «Цэнтральная Дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага». Яна значна адрознівалася ад сваёй папярэдніцы. Цяпер ужо нават абмежаваныя паўнамоцтвы Цэнтральнай Дэпутацыі па распараджэнні Т. Касцюшкі павінны былі зацвярджацца ННР, што і было зроблена ёю 1 чэрвеня 1794 г. Адпаведна з гэтымі паўнамоцтвамі ў склад Цэнтральнай Дэпутацыі ўвайшло 7 дэпутатаў і 28 намеснікаў. Дэпутатамі былі прызначаныя: Я. Несялоўскі, А. Тызенгаўз, Е. Белапятровіч, В. Гарэцкі, С. Мірскі, Б. Марыконі, ксёндз Д. Пільхоўскі. Абранне намеснікаў было даручана самой Цэнтральнай Дэпутацыі. Усе яе сябры, акрамя Д. Пільхоўскага, раней з'яўляліСя сябрамі Літоўскай Рады. Урэшце статут Дэпутацыі быў амаль аналагічны статуту ННР у Варшаве, але ўтрымліваў адно істотнае дапаўненне. Яно зводзілася да таго, што «невыкананне загадаў ад Начальніка ўзброенай сілы або ад ННР зыходзячых» адразу ж вядзе да пазбаўлення сяброўства ў новым органе па кіраўніцтву паўстаннем у Вялікім княстве Літоўскім.

У Цэнтральнай Дэпутацыі было ўтворана сем аддзелаў. Аддзел парадку ўзначаліў А. Тызенгаўз, бяспекі — В. Гарэцкі, справядлівасці (судовы) — С. Мірскі, скарбу — Я. Несялоўскі, харчавання — Б. Марыконі, вайсковых патрэб — Е. Белапятровіч, інструкцый (займаўся справамі асветы, друку, прапаганды і агітацыі) — Д. Пільхоўскі.

Галоўнае прызначэнне Цэнтральнай Дэпутацыі згодна са статутам зводзілася да таго, што яна павінна была стаць «выканаўчым інструментам» Т. Касцюшкі і ННР, «так як і іншыя пасрэдніцкія ўлады (г. зн. ваяводскія «парадкавыя камісіі». — Аўт.) паводле Акту Паўстання». Абавязкам Дэпутацыі было дакладнае выкананне распараджэнняў начальніка паўстання ці ННР, звыш якіх яна сама «ні ўхваляць, ні тлумачыць, ні выконваць не павінна». Цэнтральная Дэпутацыя павінна была выступаць толькі ў якасці «пасрэдніка» ў зносінах ваяводскіх і павятовых «парадкавых камісій» з ННР у Варшаве. 10 чэрвеня Літоўская Рада афіцыйна спыніла сваю дзейнасць. У гэты ж дзень у Вільні было абвешчана аб стварэнні і пачатку дзейнасці Цэнтральнай Дэпутацыі.

Нягледзячы на значнае абмежаванне паўнамоцтваў новага органа ў параўнанні з папярэдняй Літоўскай Радай, сам факт яго ўтварэння на фоне існавання толькі ваяводскіх і павятовых «парадкавых камісій» у Польшчы быў выразным кампрамісам. Амбіцыі ліцвінаў гэты кампраміс калі і мог задаволіць, дык толькі па форме.

Трэба адзначыць, што такая шырокая абмежаванасць правоў Цэнтральнай Дэпутацыі ўсё ж не выклікалася патрэбамі паўстання на беларуска-літоўскіх землях. Неабходнасць звароту ў Варшаву з боку кіраўніцтва паўстаннем з усялякай нагоды не толькі змяншала яго аўтарытэт, але наогул не спрыяла прыняццю хуткіх і рацыянальных рашэнняў. Гэта быў якраз той выпадак, калі ўмацаванне цэнтральнай улады, безумоўна неабходнай у паўстанні, усё ж прыглушыла парасткі здаровай самастойнасці і ініцыятывы.

 

 

ПАЎСТАНЦКІ ПАЛАНЕЗ ДЛЯ КАСІНЕРАЎ

3 самага пачатку паўстанне ў ВКЛ, як мы ўжо ведаем, набыло своеасаблівы характар. Гэта выявілася ў асобнай арганізацыі паўстання, утварэнні напачатку незалежнай Літоўскай Рады. Не менш істотным быў і ясна акрэслены радыкалізм, які выявіўся ў рэспубліканскіх, выразна антыманархічных памкненнях аднаго з арганізатараў паўстанцкага руху ў Вялікім княстве — Я. Ясінскага. Усё гэта сведчыла не толькі аб існаванні рознасці поглядаў на паўстанне, але і аб адсутнасці пэўнай узгодненасці ў дзеяннях паўстанцаў у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім. Вядома, ускладнялі справу адсутнасць рэгулярнай сувязі ва ўмовах канспірацыі, праследаванні і арышты часткі арганізатараў паўстання перад яго пачаткам. Відаць, падрабязнага, дэталёвага плана паўстання для Польшчы і Літвы не існавала. Бо сітуацыя ў Рэчы Паспалітай напярэдадні паўстання была настолькі напружанай і складанай, што магла ў кожны момант парушыць чыесьці планы. Урэшце так і здарылася ў Польшчы, калі нечаканы марш брыгады Мадалінскага ўздоўж прускай мяжы проста прымусіў Т. Касцюшку прыспешыць тэрмін пачатку паўстання ў Кракаве.

Так ці інакш, але ў паўстанні беларуска-літоўскім землям Т. Касцюшка адводзіў амаль што вырашальную ролю. Поспех паўстання там, з пажаданым пашырэннем яго на тэрыторыі другога і першага падзелаў, стварэнне своеасаблівага кардона паміж імперыяй і тэрыторыяй Польшчы дазвалялі спадзявацца на вырашэнне ўсёй справы.

На самым пачатку паўстання Т. Касцюшка ўсё ж лічыў магчымым сцягнуць на дапамогу паўстанню ў Польшчы, якая першая выступіла, частку літоўскага войска, у прыватнасці пад Варшаву, каб з яго дапамогай хутчэй дабіцца перавагі і перамогі. Але ўжо ў чэрвені ён пераглядае такую магчымасць. Самакаштоўнасць беларуска-літоўскага паўстанцкага плацдарма ў стрымліванні наступлення расійскага войска на Варшаву пераважае. І з таго часу Т. Касцюшка, наадварот, ужо не бачыць неабходнасці якога-небудзь больш-менш значнага сцягвання «літоўскага войска» да Варшавы. Відавочным стала, што гэта магло б аслабіць сілы паўстанцаў, «адчыніць» Вялікае княства Літоўскае для расійскага войска. А страта Вільні, якую таксама трэба было абараняць, і стратэгічна і псіхалагічна была б незаменнай.

Магчыма, на першапачатковыя намеры Касцюшкі паўплывала і нерашучая пазіцыя М. Рапніна, які 22 красавіка 1794 года быў прызначаны імператрыцай камандуючым «над усімі войскамі ў Польшчы». Некаторы час пасля прызначэння М. Рапнін, да пераезду на Беларусь у Нясвіж, заставаўся ў Ліфляндыі. Як галоўнакамандуючы ён «дзейнічаў» напачатку адтуль вельмі асцярожна. За першую задачу сабе паставіў забеспячэнне канцэнтрацыі неабходнай колькасці войскаў каля і ў самой Літве. Да гэтага не павінны былі прадпрымацца якія-небудзь наступальныя дзеянні. У загадзе генерал-лейтэнанту Нумсену, аддадзеным яшчэ з Рыгі 2 мая, Рапнін перасцярог таго ад заўчаснага ўступлення яго атрада на тэрыторыю Літвы, каб «дарэмна не прыцягнуць на Вас усіх сілаў мяцежнікаў, якія, як час надыдзе, трэба, наадварот, падзяліць рознымі рухамі нашых войскаў з розных бакоў».

На пачатку паўстання, у перыяд яго найбольшых поспехаў, калі сярод расійскага акупацыйнага войска пачалася паніка, якая часам засноўвалася і на перабольшванні сіл паўстанцаў, такая асцярожнасць выглядала ў нечым апраўданай.

Са свайго боку Касцюшка, для якога недахоп паўстанцкіх сіл, вядома, не быў таямніцай, лічыў, што ў такіх абставінах нельга разлічваць на вялікую, вырашальную бітву. Некарысны яе зыход адразу мог паставіць пад удар усё паўстанне. Таму і кіраўнікам паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім ён загадваў пазбягаць вялікіх сутычак, але пастаянна непакоіць ворага ў розных месцах, расцярушваючы яго сілы, не даючы магчымасці аб'яднацца. Такім чынам, на пачатку паўстання кожны з бакоў, імкнучыся дасягнуць розных мэт, зыходзіў з аднолькавых тактычных прыёмаў.

Якія ж планы вядзення вайсковых дзеянняў былі ў Літоўскай Рады? Пасля захопу Вільні яшчэ нельга было адчуваць сябе гаспадаром сітуацыі. У Гародні знаходзіўся вялікі расійскі гарнізон пад камандаваннем генерал-маёра П. Цыцыянава. Без ліквідацыі гэтай сілы нельга было спадзявацца на поспех паўстання на тэрыторыі заходняй Беларусі. Таму на пачатку паўстання зусім натуральна ўзнікае ідэя аб маршы паўстанцкіх атрадаў на Гародню.

Асноўныя сілы паўстанцаў пад камандаваннем А. Хлявінскага, П. Грабоўскага і Ф. Сапегі павінны былі ісці пад Гародню, каб спачатку ізаляваць, а потым разграміць атрады П. Цыцыянава. П. Грабоўскі атрымаў такія загады ад Тайнай Дэпутацыі Літоўскай Рады 30 красавіка і 5 мая. На 6 мая праз пасланых з Вільні кур'ераў устанавіў кантакт з Радай і Ф. Сапега, атрады якога бліжэй за ўсіх знаходзіліся ад Гародні. (Спачатку ў Высокім Літоўскім, а потым пад Слонімам.) Не пазней 7 мая прыехаў у Вільню і А. Хлявінскі. Сябры Тайнай Дэпутацыі мелі з ім нараду па выясненні «стану сілы рускай і нашай, план іх і што нам рабіць застаецца». Ясінскага ў гэты час у Вільні не было. 3 часткаю паўстанцкага войска, якая знаходзілася ў яго непасрэдным падпарадкаванні, больш за 3 тысячы чалавек, ён 7 мая прыняў удзел у бітве з расійскімі атрадамі пад в. Паляны на Ашмяншчыне. Але менавіта Я. Ясінскі быў адным з аўтараў ідэі маршу на Гародню. Бо ў пачатку мая ён вёў ці сам, ці ад імя Тайнай Дэпутацыі інтэнсіўную перапіску з Ф. Сапегам, А. Хлявінскім, П. Грабоўскім, уводзячы іх у сутнасць плана і заклікаючы як найхутчэй яго выканаць. Ён спадзяваўся, што ўжо 9 мая Ф. Сапега будзе пад Гародняй, А. Хлявінскі стане са сваім атрадам у Мерачы (60 км на паўночны ўсход ад Гародні). Сам жа Ясінскі будзе да развіцця далейшых падзей ахоўваць Вільню.

План «канцэнтрычнага», г. зн. з розных бакоў, маршу на Гародню ўзнік у наступных абставінах. Паўстанцамі было перахоплена пасланне генерала П. Цыцыянава да генерал-губернатара Ц. Туталміна. 3 ім разам у іх рукі трапіла і перапіска Цыцыянава з прускім генералам Гальштэйнам. 3 перапіскі вынікала, што Цыцыянаў меркаваў рушыць са сваім атрадам, нібыта ў 8600 чалавек (на самай справе колькасць яго была ў два разы меньшай), пры 28 гарматах з Гародні на Наваградак, каб стаць на мяжы другога падзелу. Адначасова Цыцыянаў прапаноўваў прускім войскам наблізіцца да Нёмана і «пільнаваць той ракі», зрабіўшы ўздоўж яе асланяючую лінію ад «сваёй мяжы праз Гародню да Беліцы» (мястэчка ў 20 км на поўдзень ад Ліды). Ад гэтага месца П. Цыцыянаў меркаваў трымаць гэтую асланяючую лінію сваімі сіламі да мяжы другога падзелу. Галоўнай мэтай такога плана было перарваць камунікацыі Вялікага княства Літоўскага з Польшчай, спачатку ізаляваць «літоўскае паўстанне», а потым і ліквідаваць яго праз устанаўленне кантролю над «усёй Літвой».

У плане ж Літоўскай Рады праз «марш на Гародню» якраз прадугледжваліся меры па недапушчэнні ізаляцыі паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім. Галоўная роля ў гэтым адводзілася «дывізіі» Ф. Сапегі, маладога 23-гадовага «шэфа артылерыі літоўскай», слаба дасведчанага ў вайсковых справах. Па загаду Тайнай Дэпутацыі яму трэба было неадкладна рушыць з Бельска на Падляшшы са сваімі атрадамі, якія тады налічвалі каля 4200 чалавек, пад Гародню. І потым ці заняць яе пасля адыходу П. Цыцыянава, тым самым аднавіўшы сувязь паміж Літвой і Польшчай, ці не дапускаць да горада прускіх войск, як гэтага жадалася расійскаму генералу.

Гэты план не быў здзейснены. Атрад Цыцыянава ў 3500 чалавек змог амаль без перашкод адысці зпад Гародні. На час яго адыходу каля горада не ўдалося сканцэнтраваць якой-небудзь большменш значнай вайсковай сілы паўстанцаў. Генерал Цыцыянаў пакінуў Гародню, узяўшы вялікую кантрыбуцыю, нібыта ўзамен за тое, што горад не будзе разбураны. Расійцы забралі з сабою 520 тысяч злотых літоўскага скарбу, які захоўваўся ў Гародні, 35 тысяч злотых грашовых прыбыткаў з каралеўскіх эканомій, 6800 дукатаў уласна грашовай кантрыбуцыі з горада. Былі вывезены таксама некаторае абсталяванне і ўсе гатовыя сукны з гарадзенскай суконнай фабрыкі. Абцяжараны вялікай здабычай, атрад Цыцыянава рухаўся не вельмі хутка і ўяўляў з сябе добрую мішэнь для атакі. Але «дывізія» Ф. Сапегі чамусьці пайшла з Бельска не пад Гародню, а на Слонім. Усё ж магчымасць атакавання адступаючай цыцыянаўскай калоны змог давесці паручнік літоўскага войска Каспер Корсак. 3 невялікім атрадам у 130 чалавек, манеўруючы па шляху адыходу расійцаў, ён вымусіў іх затрымацца на некалькі дзён у дарозе. Стратэгічна добра задуманая аперацыя па нейтралізаванні гарадзенскага гарнізона не ўдалася. Атрад Цыцыянава выслізнуў з нязручнага для сябе становішча, не панёсшы амаль ніякіх страт. У далейшым менавіта гэты атрад расійскага войска не раз яшчэ заявіць аб сабе, атакуючы тых, хто замарудзіў з яго ліквідацыяй у больш спрыяльных умовах.

У правале «маршу на Гародню», як у люстэрку, адбіліся ўсе хібы і супярэчнасці паўстанцкага руху. Яны ў першую чаргу былі звязаны з адсутнасцю дысцыпліны ў войску, належнай субардынацыі паміж яго часткамі, інтрыгамі супраць Я. Ясінскага. Наклала ізноў жа свой адбітак і супрацьстаянне часткі Літоўскай Рады польскім паўстанцкім уладам.

Цяжка было гаварыць аб узгадненні нейкіх планаў, калі асобныя часткі паўстанцкага войска на некаторы час наогул знікалі з поля зроку Літоўскай Рады. Так, на пошукі «дывізіі» Ф. Сапегі былі накіраваны спецыяльныя «камісары» Рады Граноўскі і Мараўскі. 3 іх рапарту ад 26 мая вынікала, што «дывізія» Ф. Сапегі застаецца «нечыннай», ігааруе сувязь з Я. Ясінскім. Да Ф. Сапегі і да «камісараў» адразу ж былі высланы з Вільні кур'еры. «Камісарам» Рады ставілася задача дабівацца ліквідацыі «несубардынацыі ў войску», наладзіць устойлівую сувязь паміж атрадамі Ф. Сапегі, А. Хлявінскага і Я. Ясінскага.

Тайная Дэпутацыя Літоўскай Рады спрабавала выкарыстаць аўтарытэт Касцюшкі ва ўстанаўленні належнага парадку ў войску. Пра Ф. Сапегу было паведамлена, што да яго было накіравана тры кур'еры з распараджэннем, каб ён ішоў пад Гародню, а не на Бярэсце ці Слонім. Тайная Дэпутацыя абвінавачвала Ф. Сапегу ў тым, што праз яго была страчана магчымасць акружэння і нападу на Цыцыянава з трох бакоў: атрадамі Ясінскага, Хлявінскага і Сапегі. У пасланні да Т. Касцюшкі была звернута ўвага на пастаяннае ўхіленне Ф. Сапегам ад сутыкненняў з ворагам. Мала таго, ён раіў прытрымлівацца такой тактыкі і Я. Ясінскаму.

Але, накіроўваючы «строгія вымовы» таму ж Ф. Сапегу, Літоўская Рада не была ўпэўнена ў сваіх паўнамоцтвах. Той заўсёды мог спаслацца на яе некампетэнтнасць, беручы пад увагу толькі правамоцнасць распараджэнняў, якія зыходзілі ад органаў, утвораных згодна з Кракаўскім актам і зацверджаных Т. Касцюшкам. Урэшце Ф. Сапега, спаслаўшыся на хваробу, пакінуў камандаванне спачатку генералу Я. Бяляку, а потым П. Грабоўскаму і з канца мая фактычна адышоў ад удзелу ў паўстанні. Яшчэ да гэтага справа ўзаемаадносін паміж рознымі часткамі літоўскага войска ўскладнілася, калі стала вядома, што Т. Касцюшка прыняў рашэнне аб яго афіцыйным падзеле на тры «галоўныя дывізіі» на чале з Я. Ясінскім, Ф. Сапегам і А. Хлявінскім. Усе яны загадам Касцюшкі ад 11 мая атрымалі званні генерал-лейтэнантаў. Становішча галоўнакамандуючага літоўскім войскам, якое было «часова», да зацвярджэння Касцюшкам, нададзенае Я. Ясінскаму Літоўскай Радай, не атрымала падтрымкі з боку начальніка паўстання. Сітуацыя зрабілася яшчэ больш заблытанай. У гэтай сувязі адзін з сяброў Тайнай Дэпутацыі Літоўскай Рады Б. Марыконі дарэмна спрабаваў выясніць, хто ж «з трох генерал-лейтэнантаў старэйшы» і ці ўсе яны «камандуючыя». У гэтай сітуацыі не лепшым чынам павёў сябе А. Хлявінскі. Вярнуўшыся з Вільні да сваёй «дывізіі», ён стаў у яўную апазіцыю Літоўскай Радзе, фактычна адмовіўшыся выконваць яе распараджэнні. Наданне сабе праз Тадэвуша Касцюшку звання генерал-лейтэнанта ён, відаць, памылкова растлумачыў як падтрымку яго няспраўджаных амбіцый.

Так, імкнучыся да патрэбнай цэнтралізацыі ўлады ва ўмовах узброенага паўстання ў маштабах Рэчы Паспалітай, Т. Касцюшка міжвольна на некаторы час дэцэнтралізаваў яе ў Вялікім княстве Літоўскім. Магчыма, ён вымушаны быў гэта зрабіць, каб уладзіць сваркі паміж літоўскімі генераламі, фармальна ўраўняўшы іх у правах. За гэты час трэба было разгледзецца і падабраць на пасаду галоўнакамандуючага асобу, якая б не выклікала вялікіх спрэчак. А пакуль што пытанне той жа Тайнай Дэпутацыі — «што за прычына да корпусу такога малога войска, якім ёсць літоўскае, гэтулькі нарабіць генералаў ад сябе аддаленых, адзін ад другога незалежных» — заставалася без адказу.

Дарэчы пытанне аб «субардынацыі» заўжды востра стаяла ў войску Рэчы Паспалітай, як польскім, так і літоўскім. Падчас вайны 1792 года Міхал Забела, галоўнакамандуючы літоўскай арміяй, скардзіўся на адсутнасць «генерала-прафоса», які б «ілбы зносіў» (г.зн. які б меў вярхоўную ўладу і навёў бы строгую дысцыпліну), бо «нічога не зробім, калі субардынацыі няма». І, Дзялынскі, адзін з арганізатараў паўстання, які падчас той вайны служыў, як і Т. Касцюшка, у каронным войску, адзначаў, што «кожны з генералаў нашых прагне сабе асабіста рэпутацыю зрабіць». Вайсковыя нарады Дзялынскі параўноўваў з «сеймавымі сесіямі», якія не мелі патрэбнай сакрэтнасці і не вызначаліся прыняццем канкрэтных рашэнняў. На жаль, такая «традыцыя» захавалася ў войску і на час паўстання. Вядома, што армія — гэта злепак з дзяржавы. Стан бязладдзя, панаваўшы ў Рэчы Паспалітай у канцы XVІІІ стагоддзя, адбіваўся і на войску.

Было відавочным, што вялікае значэнне ў поспеху ўзброенага паўстання ў Княстве мае наяўнасць дасведчанага вайсковага лідэра, які б такое паўстанне ўзначаліў. На тэрыторыі ж паўстання здарылася так, што аб сваіх прэтэнзіях на гэтую ролю заявілі, ці яўна, ці прыхавана, некалькі асоб: Я. Ясінскі, А. Хлявінскі, Ф. Сапега, П. Грабоўскі...

Прывід «літоўскага сепаратызму», перасцярогі ад з'яўлення дыктатара-якабінца Я. Ясінскага, скаргі на яго, відаць, і гэта прычынілася да рашэння Тадэвуша Касцюшкі падзяліць войска на тры часткі.

Такім чынам, незалежніцкі накірунак як бы пазбаўляўся свайго магчымага лідэра. Але «перамога» над ім несла і такія непажаданыя наступствы, як фактычная ліквідацыя адзінага цэнтра па кіраўніцтву паўстаннем на тэрыторыі ВКЛ, уносіла элемент недаверу ва ўзаемаадносінах паміж Вільняй і Варшавай.

3 самага пачатку паўстання паміж яго кіраўнікамі не было згоды наконт таго, хто павінен быць галоўнакамандуючым. Хаця ўсе галоўныя прэтэндэнты (і А. Хлявінскі, і Ф. Сапега, і асабліва Я. Ясінскі) лічылі, што такі абавязкова павінен быць. Той жа «нячынны» Ф. Сапега да сваёй адстаўкі лічыў не зусім слушным падзел «літоўскага войска». Ён меў думку, што тыя яго часткі «ніколі паміж сабою ў згодзе не будуць, пакуль Начальнік найвышэйшы не прышле генеральнага каменданта».

Ф. Сапега выказваўся, што «сорамна самому за Літву, але тое за ёю прызнаць мушу, што не толькі я, але і іншыя, калі праўду хочуць казаць, не знаходзяць нікога здатнага на найвышэйшага каменданта». Што ж, дэфіцыт на дасведчанага, вопытнага кіраўніка войскам і ў Літве, і ў Польшчы сапраўды існаваў. Але, выказваючы такую думку, Ф. Сапега як бы падштурхоўваў Касцюш­ку да абавязковага прызначэння галоўнакамандуючым чалавека нейтральнага. Тым больш, што сітуацыя раздробленасці ў паўстанцкім войску, адсутнасць адзінага камандавання ўсё больш запатрабоўвалі ад Касцюшкі прызначэння адзінага камандуючага «літоўскім войскам», акі б аб'яднаў намаганні паўстанцаў. Сам Я. Ясінскі, ужо не разлічваючы на сваё прызначэнне, пісаў да начальніка паўстання, каб прыслаў каго-небудзь, хто «возьме ў свае рукі літоўскае войска». Адсутнасць належнага ўзаемадзеяння паміж часткамі паўстанцкіх сіл на Літве непакоіла і Вільню. У гэтай сітуацыі на працягу амаль усяго мая Тайная Дэпутацыя Літоўскай Рады, якой было даручана кіраўніцтва і каардынацыя вайсковых дзеянняў, старалася ўсяляк узмацніць аўтарытэт Ясінскага, дапамагчы яму менавіта як галоўнакамандуючаму. У сяброў Тайнай Дэпутацыі існавала надзея, што хутка і ад Тадэвуша Касцюшкі прыйдзе пацверджанне паўнамоцтваў Я. Ясінскага.

20 мая ўрэшце вярнуўся ў Вільню «кур'ер» Літоўскай Рады да Т. Касцюшкі — І. Хадзькевіч. Ён заявіў, што прывёз Я. Ясінскаму, якога пад той час у сталіцы не было, патэнт на генерал-лейтэнанта. Адначасова ён даў зразумець, што тым самым начальнік нібыта зацвярджае Я. Ясінскага на пасадзе галоўнакамандуючага... Гэтае вуснае паведамленне не пацвердзілася ў далейшым, бо хутка стала вядома, што такія ж званні атрымалі і іншыя — А. Хлявінскі, П. Грабоўскі, Ф. Сапега...

4 чэрвеня Т. Касцюшка прыняў рашэнне аб прызначэнні галоўнакамандуючым паўстаннем на Літве генерал-лейтэнанта Міхала Вяльгорскага. Апошні да гэтага доўга служыў у аўстрыйскім войску разам з пляменнікам караля Станіслава Аўгуста Юзафам Панятоўскім. Разам з ім ён потым і ўступіў у польскае войска, удзельнічаў у вайне 1792 г. з Расіяй. На фоне інтрыг супраць Я. Ясінскага прызначэнне галоўнакамандуючым М. Вяльгорскага, чалавека «чужога», які быў аддалены ад мясцовых «літоўскіх непаразуменняў», выглядала ў нечым і абгрунтаваным. Да таго ж востры недахоп чынных, маючых баявы вопыт генералаў таксама, здаецца, гаварыў на карысць гэтага выбару. Т. Касцюшка меў падставы разлічваць на тое, што М. Вяльгорскі прайшоў добрую школу ў аўстрыйскім войску, колькі гадоў ужо быў генералам, атрымаўшы гэтае званне разам з ім.

Але спадзяванням Касцюшкі, на жаль, спраўдзіцца не давялося. М. Вяльгорскаму не ўдалося кансалідаваць вакол сябе паўстанцкі рух у Вялікім княстве Літоўскім. Толькі 15 чэрвеня ён прыехаў у Вільню, зрабіў агляд войска. А потым выехаў са сталіцы пад Воранава, дзе вызначыў размяшчэнне для свайго штаба. «Людзі рэвалюцыйныя», як сведчаць сучаснікі падзей паўстання, «шкадавалі Я. Ясінскага». Наадварот, «умяркаваная партыя» ўскладала вялікія надзеі на прызначэнне М. Вяльгорскага. Апошні і сам не выказваў, праўда, вялікага жадання і імпэту да кіраўніцтва вайсковымі дзеяннямі. Падарванае на вайсковай службе здароўе не дазваляла М. Вяльгорскаму быць на ўзроўні той задачы, выкананне якой даручыў яму Касцюшка. Знаходжанне штаба і абозу М. Вяльгорскага пад Воранавым «праславілася» гульнёю ў карты ды іншымі забавамі афіцэраў на фоне галадаючых простых жаўнераў. Да гонару М. Вяльгорскага, трэба адзначыць, што ён, разумеючы сваю неадпаведнасць пасадзе, неаднаразова прасіў адстаўкі ў Касцюшкі. Пры гэтым спасылаўся на няведанне краю, людзей і лічыў, што Ясінскі іх ведае лепш і будзе больш карысным справе, чым ён.

Ёсць сведчанні, што пасля прызначэння М. Вяльгорскага «літоўскія патрыёты скардзіліся дужа і ганца за ганцом да начальніка адпраўлялі з пажаданнямі, каб іншага даў ім правадыра».

31 ліпеня М. Вяльгорскі ўведамляе Т. Касцюшку, што ён сур'ёзна хворы і не можа камандаваць войскам. Практычна М. Вяльгорскі і да гэтага ні ў чым сябе не праявіў. І 5 жніўня начальнік паўстання выдае загад аб часовым, да выздараўлення Вяльгорскага, замяшчэнні яго на пасадзе галоўнакамандуючага генералам Станіславам Макраноўскім. І на гэты раз Я. Ясінскі застаўся не ўбачаным. Ды тут было ўжо не да асабістых амбіцый. Гінула справа, дзеля якой ахвяравалі ўсім паўстанцы, пакуль ішлі пошукі кіраўніка паўстання «на Літве»...

Самае галоўнае — быў страчаны час. Перавага паўстанцаў, якую яны часова атрымалі зза рашучасці і нечаканасці сваіх дзеянняў на пачатку паўстання, была пад канец чэрвеня страчана. Адсутнасць у гэткай сітуацыі дзейснай кансалідуючай улады аслабіла паўстанцкі рух.

Але адсутнасць належнага ўзаемадзеяння ў паўстанцкім войску вымушала шукаць новых форм па яго наладжванні. Падчас паўстання 1794 г. на Беларусі знайшоў ужытак новы для тых часоў інстытут кіравання паўстанцкім рухам. Літоўская Рада, Часовая Рада ў Варшаве, а потым і Найвышэйшая Нацыянальная Рада, па прыкладу французскай рэвалюцыі, сталі накіроўваць у паўстанцкія атрады спецыяльных сваіх прадстаўнікоў — камісараў. Яны мелі адпаведныя абавязкі і правы, зацверджаныя вышэйшымі органамі паўстання. Перш за ўсё яны павінны былі аказваць вайсковым камандзірам дапамогу ў арганізацыі «паспалітага рушэння», забеспячэнні войска правіянтам і амуніцыяй. 3 іх удзелам маглі распрацоўвацца планы вайсковых дзеянняў. Аднак, у адрозненне ад французскіх, паўстанцкія камісары не мелі права напачатку ажыццяўляць вышэйшы кантроль над дзейнасцю вайсковых камандзіраў, адхіляць іх ад пасад, аддаваць пад арышт і г. д.

Увядзенне інстытута «камісараў» пры войску, «прадстаўнікоў» вышэйшых улад, павінна было забяспечыць больш трывалую сувязь з аддаленымі тэрыторыямі, наладзіць узаемадзеянне паміж паўстанцкімі атрадамі. Ва ўмовах адсутнасці належнай субардынацыі паміж часткамі войска, як гэта было ў Вялікім княстве, камісары павінны былі забяспечваць выкананне рашэнняў Літоўскай Рады. Упершыню рашэнне Літоўскай Рады аб дэлегаванні сваіх прадстаўнікоў у паўстанцкія аддзелы было прынята ў сярэдзіне мая. 14 мая Антон Прозар на падставе даручэння Рады прызначаць яе сяброў «да ўсіх калон войска літоўскага» быў накіраваны да «дывізіі» А. Хлявінскага. 16 мая Рада прызначае яшчэ двух сваіх камісараў — Міхала Граноўскага і Мікалая Мараўскага — да «дывізіі» Ф. Сапегі. Не было зроблена і выключэнне для Я. Ясінскага. У яго «дывізію» быў накіраваны прадстаўнік Літоўскай Рады — Леанард Эйдзятовіч.

Па магчымасці кожныя суткі прадстаўнікі Рады павінны былі накіроўваць у Вільню рапарты аб стане спраў у вызначаных ім паўстанцкіх частках. У дачыненні да А. Хлявінскага і асабліва Ф. Сапегі іх «кіруючая» роля была мінімальнай. І Хлявінскі, і Сапега досыць апазіцыйна ставіліся да самой Рады, а не толькі да нейкіх яе прадстаўнікоў. Але больш цесная сувязь паміж паўстанцкімі сіламі, рэгулярная перадача патрэбнай інфармацыі былі ўстаноўлены. Вольніца апазіцыянераў хоць такім чынам крыху была абмежавана.

Падобны, хаця і крыху іншы, характар мелі місіі прадстаўнікоў — «паўнамоцнікаў» на Беларусь з Варшавы ад Часовай, а потым і ад Найвышэйшай Нацыянальнай Рады.

Яшчэ 26 красавіка, па атрыманні першых звестак аб пачатку паўстання, Часовая Рада ў Варшаве накіроўвае ў Вялікае княства сваіх спецыяльных прадстаўнікоў Яна Гарайна і Аўгуста Гажэнскага. Мэтай іх місіі была падтрымка «маючага распачацца Акта Паўстання Народу ў Вялікім княстве Літоўскім». Яны павінны былі таксама ўстанавіць кантакты з паўстанцамі на беларускалітоўскіх землях, «каб надаць усяму паўстанню аднастайны характар». Таму Часовая Рада ў Варшаве ўпаўнаважыла Гарайна і Гажэнскага па прыбыцці да месцаў збору паўстанцаў «паведаміць ім аб усіх падрабязнасцях Кракаўскага акта і іншых дакументах, да яго дапасаваных». У кампетэнцыю высланнікаў варшаўскай Рады ўваходзіла абмеркаванне «разам з грамадзянствам княства» як мага найлепшага спосабу развіцця паўстання. Павінны былі быць абумоўлены таксама формы сувязі з ваяводствамі і паветамі.

Звяртае на сябе ўвагу наступная акалічнасць: аб паўстанні «на Літве» размова ідзе як яшчэ аб маючай адбыцца падзеі. Першыя паведамленні аб паўстанцкім руху ў Шаўлях і ў Заблудаве (Беласточчына) разглядаюцца толькі ў якасці першапачатковых намераў. Пра падзеі ў Вільні яшчэ нічога не вядома, і таму пра іх нават не ўпамінаецца. Можа, таму Часовая Рада ў Варшаве ў адозве да «літоўскіх грамадзян» 27 красавіка цэнтрам абвяшчэння акта аб «агульналітоўскім» паўстанні бачыць невялікі Бельск на Беласточчыне. Здаецца, для такога выбару былі і неабходныя абгрунтаванні: спрыяльнае месца для збору паўстанцаў, добрая магчымасць сувязі адтуль з А. Хлявінскім у Жамойці, блізкасць да Варшавы... Усё гэта, хоць і ўскосным чынам, сведчыць аб тым, што на той момант узаемаўзгодненага паміж Варшавай і Вільняй плана паўстання не мелася. Сапраўды, у Бельску ў самыя апошнія дні красавіка сабралася каля 3 тысяч літоўскага войска пад часовым камандаваннем Францішка Сапегі, якія аб'явілі аб сваім далучэнні да паўстання. Гэта падзея звязана таксама і з місіяй ГарайнаГажэнскага. А тым часам, відаць, ужо прыйшлі і звесткі аб падзеях у Вільні. Як паведамлялі 5 мая Гарайн і Гажэнскі з Бельска ў Варшаву: «Уздым Бярэсця рабіцца будзе зараз жа ў духу Кракаўскага акта, а не Віленскага. Менавіта да ўплыву гэтай місіі трэба аднесці тое, што не ўсе паветы на Беларусі адразу прызналі віленскую ўладу.

21 мая Я. Гарайн і А. Гажэнскі вярнуліся ў Варшаву, дзе склалі падрабязную справаздачу аб сваёй дзейнасці. Але ўжо 1 чэрвеня Найвышэйшая Нацыянальная Рада прымае рашэнне аб накіраванні сябра Рады Алоіза Сулістроўскага «ў Вялікае княства Літоўскае з неабходнасцю вяртання там адзінства».

У чым жа была справа? 30 мая, напярэдадні, Найвышэйшая Нацыянальная Рада атрымала пасланне парадкавай камісіі Гарадзенскага павета, прывезенае спецыяльна для гэтага яе сябрам Янам Камінскім, які быў таксама і асабіста выслуханы. На жаль, сутнасць паслання гарадзенцаў у пратаколах пасяджэнняў ННР не падаецца. Але, відаць, там узнік досыць востры канфлікт, бо Рада тэрмінова вырашыла накіраваць у павет «для паспяховага знаходжання выйсця ў здарыўшыхся абставінах» А. Сулістроўскага.

Ім былі атрыманы для гэтага неабходныя паўнамоцтвы. У афіцыяльным прызначэнні, выдадзеным ННР А. Сулістроўскаму, гаварылася аб «патрэбе самага хуткага вырашэння сітуацыі ў В. Кн. Літоўскім зза адсутнасці згоды і адзінства ў дывізіях войска літоўскага і вайсковых аперацыях там жа». А. Сулістроўскі павінен быў дабіцца адзінства ўсімі прыдатнымі для гэтага сродкамі.

Магчыма, што місія ўпаўнаважанага ННР у дачыненні да Гарадзенскага павета датычылася канфлікту ў дывізіі пад камандаваннем кн. Ф. Сапегі паміж ім і генералам Я. Бяляком, які камандаваў татарскім конным палком. Бяздзейнасць Ф. Сапегі выклікала ўсё большае незадавальненне, у тым ліку і ў старога ваякі Бяляка, што давала падставу для сумнення ў правамоцнасці камандавання Сапегі тымі, хто імкнуўся ў бой. Непаразуменні паміж генераламі не маглі не выклікаць занепакоенасці. Але ННР была занепакоена таксама агульным становішчам у Княстве, перш за ўсё адсутнасцю адзінства ў дзеяннях паміж кіраўнікамі паўстання. Таму, першапачаткова выязджаючы на Гарадзеншчыну з нагоды канкрэтнай канфліктнай сітуацыі, А. Сулістроўскі быў, аднак, надзелены неабходнымі паўнамоцтвамі і «поўнай уладай», якая тычылася ўсяго Вялікага княства Літоўскага.

Каб растлумачыць Літоўскай Радзе свае намеры, ННР 2 чэрвеня прымае рашэнне аб пасланні ў Вільню яе сябра «грамадзяніна Т. Высагерда» з данясеннем. У ім падаваліся прычыны накіравання «да Літвы» А. Сулістроўскага. Паза гэтым Т. Высагерд павінен быў паведаміць у Вільні аб высылцы з Варшавы для літоўскага войска даўно чаканай дапамогі зброяй. Т. Высагерд павёз таксама статуты Цэнтральнай Дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага і павятовых парадкавых камісій, каб згодна з імі праводзілася іх арганізацыя.

Яшчэ праз тыдзень, 8 чэрвеня, ННР, відаць разумеючы, што аднаму А. Сулістроўскаму будзе цяжка справіцца з пастаўленай перад ім мэтай, вырашае накіраваць яму ў дапамогу новага свайго прадстаўніка Я. Коцела. Яму даручалася аказваць дапамогу ў вырашэнні вайсковых спраў нядаўна прызначанаму галоўнакамандуючаму літоўскім войскам М. Вяльгорскаму. Перш за ўсё гэта тычылася спраў, звязаных з наборам «рэкрутаў», забеспячэння войска правіянтам, арганізацыі паспалітага рушэння і яго ўзбраення.

Місія А. Сулістроўскага «на Літве» працягвалася да канца чэрвеня 1794 года. Я. Коцел заставаўся пры сваёй пасадзе крыху даўжэй. Але іх дзейнасць, відаць, не поўнасцю задавольвала ННР у Варшаве. Не давала жаданых вынікаў арганізацыя паспалітага рушэння. Актывізавалася дзейнасць ачуняўшага ад першага постраху расійскага акупацыйнага войска, якое, пераходзячы ў наступленне, звужала тэрыторыю, ахопленую паўстаннем.

Апошняй спробай абаперціся на свайго прадстаўніка«камісара» ў паўстанцкім войску «на Літве» было накіраванне туды ад ННР Караля Прозара. Ён з 18 ліпеня атрымаў ад Т. Касцюшкі асобныя паўнамоцтвы і адначасова быў уведзены ў склад ННР у якасці намесніка. Паўнамоцтва К. Прозара распаўсюджвалася на ўсе «ды­візіі войска В. Кн. Літоўскага». К. Прозар надзяляўся правам адхілення ад камандавання камандзіраў у паспалітым рушэнні ў выпадку невыканання яго загадаў з прызначэннем новых. Ён атрымаў ад Т. Касцюшкі права аддаваць пад крымінальны суд «вінаватых цывільных», «ахалодаўшых да паўстання грамадзян», а таксама магчымасць накіроўваць у трыбунал вайскоўцаў. Цэнтральная Дэпутацыя, «парадкавыя камісіі» абавязваліся выконваць усе распараджэнні прадстаўніка ННР. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў Прозар з боку галоўнакамандуючага войскамі Княства павінен быў быць «уведзены у сутнасць агульнага плану вайсковых аперацый».

Такім чынам, былыя сябры Літоўскай Рады А. Сулістроўскі, Я. Коцел і яшчэ ў больш значнай ступені вядомы на Літве ўдзельнік падрыхтоўкі паўстання К. Прозар ад імя ННР атрымалі вельмі шырокія паўнамоцтвы. Па сутнасці, нават Цэнтральная Дэпутацыя павінна была ўсімі сіламі спрыяць выкананню іх патрабаванняў, падпарадкоўвацца іх распараджэнням. Гэта ўсё ж сведчыла аб пэўным недаверы да яе з боку Найвышэйшай Нацыянальнай Рады. У Варшаве хацелі мець уласную інфармацыю з Беларусі і Жамойці і аказваць дзейсны ўплыў на сітуацыю там. Гэта не магло не выклікаць здзіўлення ў сяброў Цэнтральнай Дэпутацыі ў Вільні. Тым болей, што і А. Сулістроўскі, Я. Коцел і К. Прозар атрымалі пасады ў Варшаве, а ў склад Дэпутацыі не ўвайшлі. Яны былі поўнасцю незалежнымі ад віленскіх улад. У такой сітуацыі Цэнтральная Дэпутацыя рабілася ўсё болей «дэкаратыўным» элементам кіраўніцтва паўстаннем.

Адметным момантам паўстання 1794 г. на Беларусі было ўжыванне партызанскіх, дыверсійных форм барацьбы паўстанцамі супраць расійскіх акупацыйных войск. 3 дапамогаю партызанскіх рэйдаў касцюшкаўцы імкнуліся распаўсюдзіць паўстанне за межы ацалелай часткі Вялікага княства Літоўскага на тэрыторыі першага і другога падзелаў. Зрэшты, такая форма барацьбы для Беларусі не была чымсьці зусім новым і нязведаным. За перыяд амаль пастаянных у папярэднія стагоддзі вайсковых захопніцкіх наездаў сквапных суседзяў, калі краіна міжволі рабілася арэнай вырашэння міждзяржаўных спрэчак, відаць, выпрацаваўся ўжо некаторы вопыт змагання з ворагам ва ўмовах часовай акупацыі. Успомнім толькі вайну 1654—1667 гадоў паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, асноўныя падзеі якой разварочваліся на тэрыторыі Беларусі. Шляхецка-сялянскія партызанскія аддзелы тады шырока дзейнічалі супраць рабаўнікоў цара Аляксея Міхайлавіча на Полаччыне, Віцебшчыне, Меншчыне.

Важнасць усеагульнага змагання, неабходнасць яго пашырэння на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, захопленыя ў 1772 і 1793 гадах, добра разумелі ў Літоўскай Радзе з самага пачатку паўстання. Яшчэ 12 мая Рада абавязала Тайную Дэпутацыю распрацаваць «план уваходжання ў старыя межы Масквы», каб «здраднікам правоў Божых, людскасці і народаў як мага большыя рэпрэсаліі ўчыніць».

Есць сведчанні, што яшчэ раней М.К. Агінскі, былы падскарбій літоўскі, сябар Літоўскай Рады, падаў ідэю рэйдаў за маскоўскія межы «трох атрадаў па некалькі соцень чалавек».

1 чэрвеня Я. Ясінскі выдаў свой знакаміты «Універсал» да павятовых генерал-маёраў аб тэрміновай арганізацыі спецыяльных дыверсійных конных 300-асабовых атрадаў. Яны павінны былі ўвайсці ў межы другога і першага падзелаў, адцягауць на сябе сілы расійцаў, сеяць паніку, адначасова ўздымаючы на паўстанне тутэйшае сялянства і шляхту. Тым самым на два тыдні Я. Ясінскі апярэдзіў з'яўленне падобнага «універсалу» Касцюшкі ад 15 чэрвеня. У ім, звяртаючыся да ННР, Т. Касцюшка адзначаў, што арганізацыя «паспалітага рушэння» і ўступленне на тэрыторыі, забраныя праз падзелы ад Рэчы Паспалітай, «павінны быць на гэты момант найпершай нашай працай». Пры гэтым ён спецыяльна адзначыў, што «ў Літве генерал Ясінскі апярэдзіў маю думку, калі выдаў да сваіх суайчыннікаў праўдзівыя адозвы ў тым духу і з тымі прадпісаннямі, якіх парадак рэчаў вымагае і якія на ўвесь край павінны быць распаўсюджаныя».

«Праўдзівыя адозвы» Ясінскага былі вытрыманы ў досыць суровым тоне. Ва «Універсале» ён, ставячы задачу перад атрадамі, якія «ўваходзілі б на расійскую тэрыторыю», заклікаў іх «там так дзейнічаць, як Масква дзейнічае ў краі нашым». Тыя, хто ўхіляецца без здавальняючых прычын ад выканання гэтага загаду, гаварылася ва «Універсале», будуць аддадзены пад суд, а іх маёмасць будзе канфіскавана на карысць патрыётаў Бацькаўшчыны.

Апрача «Універсалу» Я. Ясінскім была складзена і «Інструкцыя для ўваходзячых у кардон расійскі». Разам з вырашэннем арганізацыйных пытанняў у «Інструкцыі» асаблівае месца адводзілася ўздзеянню на мясцовае насельніцтва. Так, у пункце чацвёртым інструкцыі гаварылася: «Пры ўваходзе да кожнага мястэчка альбо парафіяльнай вёскі запатрабаваць ад святара, каб звонам склікаўшы людзей адчытаў наяўную адозву перад імі і копію яе на дзвярах касцельных прыбіць загадаў». Гэтая копія павінна была быць зацверджана подпісам камандзіра паўстанцкага атрада. Калі ж святар адмовіцца выканаць гэты загад, то яго дом і маёмасць рабіліся вольнымі для спажывы жаўнераў, а сам ён павінен быў быць пераправаджаны на суд да Ясінскага.

У інструкцыі гаварылася, што, заахвочваючы паўсюдна «шляхту і люд да падобнага паўстання, трэба з сялянствам як найлепей, па-людску абыходзіцца». А з шляхты «тыя толькі маёнткі падлягалі рабунку, уладальнікі якіх былі папярэдне абвінавачаныя рэвалюцыйным судом і тыя, якія ўпарта ад сядання на каня ўхіляюцца». Ніякага абмежавання для разграблення і руйнавання маёнткаў не прадугледжвалася толькі для «шляхты расійскай», г. зн. наезнай.

У той жа час інструкцыя папярэджвала, што забойства безабароннага чалавека, тым болей не вінаватага селяніна, «будзе карацца смерцю». Партызанскія, дыверсійныя дзеянні на «чужой» тэрыторыі павінны былі весціся ажно да таго часу, пакуль «хоць адзін яшчэ ўзброены расійскі салдат застанецца».

Наўрад ці можна папракнуць Я. Ясінскага ў тым, што ў гэтых дакументах ён быў занадта радыкальны. Суровым быў тон і «Універсалу» і «Інструкцыі» для «літоўскай шляхты», як закардоннай, так і той, што знаходзілася на тэрыторыі Княства. Але і паўстанне вымагала напружання ўсіх сіл, зладжанасці і самаахвярнасці ў дзеяннях паўстанцаў. Тут было не да лагоды...

Стратэгічны план вядзення партызанскіх дзеянняў прадугледжваў акружэнне і заняцце Мінска паўстанцкімі атрадамі, якія б дзейнічалі ў тыле расійцаў. Але ўжо пад канец мая ўздоўж мяжы другога падзелу былі досыць шчыльна размешчаны расійскія войскі. Спачатку неаднаразовыя спробы прабіцца праз гэтую мяжу не прыводзілі да поспеху. Справа зводзілася да нязначных разведвальных рэйдаў. Так, у канцы мая Я. Ясінскі з «немалым атрадам стаяў у Іўі». Адтуль ён направіў за кардон, праз Нёман «дзеля постраху расійцаў», якія стаялі абозам пад в. Мікалаева, невялікі 60-асабовы атрад пад камандаваннем паручніка Каспера Корсака. К. Корсак разбіў нешматлікі атрад расійскіх «карабінераў», захапіў палоннага і вярнуўся назад. Сапраўды стратэгічны плён гэтай аперацыі быў невялікі, але «пострах» быў немалы, бо расійцы, знаходзячыся ў пастаянным напружанні, чакалі падыходу больш значных сіл паўстанцаў.

Усё ж Ясінскі справядліва лічыў вельмі патрэбным пашырэнне партызанскіх дзеянняў і невялікімі атрадамі ў «кародоне расійскім», асабліва на Меншчыне, як адну з галоўных умоў поспеху паўстання. Ён слушна меркаваў, што такія акцыі прывядуць да расшчаплення і аслаблення варожага войска, дазволяць больш упэўнена дзейнічаць асноўным сілам паўстанцаў.

Таму ў першых днях чэрвеня Я. Ясінскі з прыхільнасцю сустрэў прадстаўлены Міхалам Клеафасам Агінскім план «уварвання на Беларусь». На Меншчыне і Магілёўшчыне знаходзіліся вялікія, праўда секвестраваныя расійскімі ўладамі, уладанні магнатаў Агінскіх. Сам М. К. Агінскі прадугледжваў, што калі дасць «тутэйшым сялянам волю», то прыдбае ў паўстанцкае войска не менш 12 тысяч чалавек.

Яшчэ да гэтага М. Агінскі быў абраны мяшчанствам Вільні і зацверджаны Літоўскай Радай камандзірам атрада стральцоў-добраахвотнікаў. Ён за ўласны кошт экіпіраваў і узброіў гэты 480асабовы атрад. Значная сума ў 100 тыс. злотых была ахвяравана М. Агінскім і на ўзбраенне коннага палка К. Нагурскага.

М. К. Агінскі ніколі не быў вайскоўцам, не меў ніякага вопыту камандавання, але ўсё ж вырашыў узначаліць партызанскі рэйд. На гэта магло быць некалькі прычын. М. Агінскі стараўся як найхутчэй загладзіць успаміны аб супрацоўніцтве з Таргавіцай і яе правадыром у Вялікім княстве Літоўскім С. Касакоўскім, з дапамогай якога ён атрымаў уплывовую пасаду вялікага падскарбія літоўскага — па сутнасці міністра фінансаў. А можа, ён хацеў тым самым загладзіць ужо больш блізкі свой «грэх»... Справа ў тым, што хутка пасля павешання ў Вільні бліжэйшага паплечніка гетмана С. Касакоўскага, былога маршалка віленскай таргавіцкай Канфедэрацыі Швыйкоўскага, якое адбылося 14 мая, М. К. Агінскі вырашае выехаць спачатку з Вільні, а потым і з Літвы ўвогуле. Прычым знешне гэта не выглядала як уцёк — ён суправаджаў захварэўшую жонку, якая накіравалася ў адзін з маёнткаў Агінскіх пад Варшаву. Але недзе за Гародняй на мяжы Беларусі і Польшчы нейкі пільны шляхціц Гушча выпадкова затрымаў карэту Агінскіх і... ўвайшоў у гісторыю. У Агінскага не было пашпарта на выезд з Княства, які выдаваўся Літоўскай Радай, і шляхціц Гушча абвінаваціў затрыманага ў спробе ўцячы ў Прусію, ратуючы сваё жыццё. Пад арыштам М. Агінскі быў дастаўлены ў Гародню, а потым для далейшага разбору ў Вільню. Справа набыла гучны розгалас, на рэпутацыю М. Агінскага нечакана быў кінуты цень. Гэта дало, у прыватнасці, падставу А. Хлявінскаму, скарыстаўшыся з «уцёкаў» сябра Літоўскай Рады М. Агінскага, узяць пад падазрэнне ў лісце да Касцюшкі ўвесь яе склад як выпадковы і некампетэнтны. Выключаючы, канешне, сябе. У Вільні Агінскі канчаткова змог апраўдацца, а Літоўская Рада афіцыйна выказала яму свой давер. А пра пільнага шляхціца Гушчу засталася ў народзе прымаўка: «Шляхціц Гушча да Прусаў не пушча»...

Вось менавіта ў такіх, не вельмі карысных для сябе абставінах і прадставіў М. Агінскі Я. Ясінскаму свой план «уварвання на Беларусь». Трэба было ратаваць свой гонар, і былы пасол Рэчы Паспалітай у Галандыі і Англіі, які акрамя пяра і смыка скрыпкі нічога цяжэйшага ў руцэ не трымаў, на злом галавы кінуўся ў рызыкоўную справу.

Праз некалькі дзён пасля таго як Я. Ясінскі ўхваліў яго праект у цэлым, М. К. Агінскі сакрэтна з дзвюма сотнямі кавалсрыі пад камандаваннем маёра Корсака і 300 чалавек свайго атрада стральцоў пакідае Вільню. Атрад меў перш за ўсё на мэце зрабіць нешта накшталт разведвальнага рэйду ў накірунку Менска.

Хутка адбылася і першая сутычка. Пры нападзе на невялікі гарнізон расійскай арміі ў Валожыне атрад М. Агінскага захапіў значныя запасы вайсковай амуніцыі і харч;івання, нарыхтаваных там. Абозам пад аховай 20 конных гэтыя трафеі былі адпраўлены да галоўнай кватэры паўстанцаў на Беларусі пад Ашмяны. Абоз дайшоў да месца прызначэння, але ахова назад не вярнулася. Гэта сведчыла аб тым, што дарогі былі ўжо перарэзаныя. Некалькі конных казакоў здолелі ўцячы пры нападзе на валожынскі гарнізон і паднялі трывогу ў наваколлі.

Пасля Валожына атрад М. Агінскага рушыў пад Івянец. Прыйшоўшы туды, паўстанцы не засталі ўвогуле ніякага войска. Затое яны знайшлі там поўныя вайсковыя склады, нарыхтаваныя расійскімі камандамі.

Кіруючыся папярэднім планам, М. Агінскі павінен быў рухацца далей, у глыб Менскага ваяводства. Але і багатая здабыча таксама не магла быць пакінута. Да таго ж да М. Агінскага дайшлі весткі, што мінскі губернатар Няплюеў нібыта сабраў у горадзе ўсё ваколічнае войска, узмацніў яго абарону. Гэта не адпавядала аднак рэчаіснасці, як і тое, што Няплюеў размясціў паза мурамі Менска «вялікую колькасць узброеных сялян (?), каб іх выставіць на першую атаку». Так ці інакш, але гэтыя звесткі і ўсведамленне недастатковасці ўласных сіл урэшце схілілі М. Агінскага да рашэння, каб, склаўшы абоз, павярнуць назад на злучэнне з паўстанцамі. А абоз атрымаўся не малы — 200 сялянскіх вазоў. Пад вечар паўстанцы вырушылі з Івянца на Бакшты праз лес цяжкай, не самай зручнай дарогай.

Але пад Вішневам, абцяжараны здабычай, атрад М. Агінскага быў насцігнуты і разбіты расійскімі атрадамі пад камандаваннем М. Зубава і Бенінгсена. Была страчана ўся здабыча. Толькі рэшткі атрада, 150 чалавек кавалерыі, выйшлі пад Крэва, дзе і злучыліся з авангардам паўстанцаў. Туды ж крыху пазней дабралася частка стральцоў з атрада М. Агінскага.

Калі М. Агінскі з'явіўся ў Ашмянах з рапартам да Я. Ясінскага, той, нягледзячы на няўдачу разведвальнага рэйду, сустрэў яго прыязна, нават падбадзёрыў. Потым М. Агінскі выехаў у Вільню. І там ужо застаў змены ў кіраўніцтве паўстаннем у Вялікім княстве Літоўскім. Я.

Ясінскі быў адхілены. М. Агінскі заўважыў, што ў Вільні гэта падзея аднымі была сустрэта з горыччу, іншымі ж — з непрыхаванай радасцю. Сам М. Агінскі не адносіўся да прыхільнікаў Ясінскага, лічыў яго занадта «экзальтаваным рэвалюцыянерам».

М. Вяльгорскі неўзабаве накіроўвае М. Агінскага пад Варшаву да галоўнай кватэры начальніка паўстання з рапартам аб становішчы «на Літве». У ім адзначаўся, між іншым, востры недахоп зброі, амуніцыі, была і просьба аб дапамозе войскам.

29 чэрвеня М. Агінскі ўжо быў у Т. Касцюшкі. Начальнік паўстання адзначыў, што М. Агінскі «заслужыў сабе ўдзячнасць ад народу». Рэйд атрада М. Агінскага Т. Касцюшка назваў той падыходзячай для паўстання формай партызанскай вайны, якую як мага больш трэба старацца пашыраць. Ён таксама адзначыў, што дыверсійныя дзеянні Т. Ваўжэцкага ў Курляндыі, М. Агінскага пад Менскам ужо тым карысныя, што непакояць ворага, не даюць магчымасці да злучэння расійскаму войску, вымушаюць турбавацца забеспячэннем уласнага тылу.

Такім чынам Т. Касцюшка ўхваляў больш сам факт, самую форму змагання, чым канкрэтныя яе вынікі ў выпадку з М. Агінскім, якія былі ўсё ж досыць сумныя.

3 адказам ад Т. Касцюшкі М. Вяльгорскаму падбадзёраны М. Агінскі вярнуўся ізноў на Беларусь. Ён знайшоў камандуючага ў Воранаве, дзе была яго галоўная кватэра. І, дарэчы, атрымаў магчымасць параўнаць побыт Т. Касцюшкі і М. Вяльгорскага. Калі ў лагеры пад Варшавай М. Агінскі зайшоў у палатку, дзе жыў Т. Касцюшка, той адпачываў лежачы на саломе. Магната М. Агінскага ўразіў убор начальніка: ён быў апрануты ў просты сурдут з грубага сялянскага палатна. Сталаваўся Касцюшка таксама надзвычай проста, ні ў чым не адрозніваючыся ад звычайнага паўстанца. У абозе ж М. Вяльгорскага ён застаў бясчыннасць, гульню ў карты, шыкоўнае сталаванне прыбліжаных да камандуючага афіцэраў на фоне галадаючых салдат....

Прэтэнзіі да М. Вяльгорскага мелі не толькі вайскоўцы, але і жыхары Вільні. 18—19 ліпеня расійскія войскі зрабілі першую спробу наступу на Вільню ў мэтах вярнуць горад сабе. Дзякуючы мужнасці і самаахвярнасці ў першую чаргу простых віленцаў Вільню на той раз удалося адстаяць. А камандуючы Вяльгорскі са сваі­мі атрадамі на абарону сталіцы спазніўся і тым заслужыў не самыя добрыя эпітэты ад яе абаронцаў.

Дарэчы, жаданне арганізаваць дыверсійныя рэйды на ўсходнюю частку Беларусі выказвалі і іншыя ахвотнікі. У пратаколах пасяджэнняў Найвышэйшай Нацыянальнай Рады ў Варшаве зафіксаваны адпаведны «мемарыял грамадзяніна Міхалоўскага». 20 чэрвеня ён звярнуўся да Рады з просьбаю дазволіць аб'яднаць сабраны ім люд з «бліжэйшым атрадам рэгулярнага войска». Мэтай такога аб'яднання павінна было стаць «вызваленне з-пад захопу мінскага ваяводства». Хаця такі дазвол і быў яму дадзены, але па нейкіх невядомых нам прычынах самастойна ажыццявіць сваю задуму Міхалоўскаму не ўдалося. Яго атрад уліўся ў больш значнае паўстанцкае фарміраванне пад камандаваннем Стафана Грабоўскага. Менавіта пад кіраўніцтвам апошняга і адбыўся партызанскі рэйд паўстанцаў на Міншчыну. Але да гэтага М. Агінскі яшчэ раз паспеў паспрабаваць пасеяць паніку ў тылах расійцаў. На гэты раз, праўда, ужо ў іншым накірунку.

У канцы ліпеня М. Агінскі звярнуўся да М. Вяльгорскага з просьбаю дазволіць яму «ўчыніць дыверсію» на гэты раз на поўначы Беларусі на мяжы з Інфлянтамі і Курляндыяй. Пры гэтым ён асабліва спасылаўся на пажаданні самога Т. Касцюшкі, які менавіта ў гэтым напрамку раіў Агінскаму пашыраць партызанскія дзеянні. Касцюшка сапраўды лічыў, што «найкарыснейшай была б дыверсія з боку Інфлянт і Курляндыі з мэтай прымусіць маскалёў да падзелу сіл...» Адначасова гэта прымусіла б расійцаў хоць на некаторы час адцягнуць свае войскі ад Вільні, якая з 18—19 ліпеня фактычна знаходзілася, хоць і не ў досыць шчыльнай, аблозе.

Вяльгорскі не адразу, з-за агульнага недахопу ўзбраення і людзей, але згадзіўся. М. Агінскаму было выдзелена толькі 50 чалавек конніцы. Але пры ўваходзе ў паветы Завілейскі (частка былога Ашмянскага), Вілкамірскі і Браслаўскі меркавалася, што да іх далучацца ўзброеныя атрады мясцовай шляхты і сялянства. У сувязі з гэтым М. Вяльгорскі аддаў загад аб падпарадкаванні М. Агінскаму павятовых генерал-маёраў Я. Зянковіча (Завілейскі), К. Беліковіча (Браслаўскі), І. Марыконі (Вілкамірскі), якія ўзначальвалі мясцовую шляхту і сялян-касінераў.

Напачатку невялікі атрад М. Агінскага пакінуў Вільню 1 жніўня 1794 года і праз Немянчын і Свянцяны

рушыў на Браслаўшчыну. М. Агінскаму ўдалося злучыцца з атрадамі тых трох павятовых генерал-маёраў. Яго войска павялічылася да адной тысячы конных. Але палова з іх была дрэнна ўзброена, мела кепскіх коней. Пяхоты было каля паўтары тысячы чалавек. 3 іх толькі каля трохсот чалавек мелі стрэльбы. Астатнія ж тысяча дзвесце чалавек былі ўзброены толькі косамі, асаджанымі, як пікі. Гэта былі мясцовыя сяляне — касінеры. Наяўнасць артылерыі абмяжоўвалася дзвюма невялічкімі гарматамі.

Сам М. Агінскі называў сваё войска самаахвярным і самаадданым, але, на жаль, кепска дысцыплінаваным. Для неабходнага яго навучання і падрыхтоўкі не было часу. Наўрад ці яно магло ўяўляць сур'ёзную пагрозу для вышкаленых рэгулярных атрадаў расійскага войска. Але ўсё ж з'яўленне досыць далёка ў тыле расійцаў невядомага паўстанцкага атрада нарабіла напачатку вялікага постраху. Урэшце паўстанцы і разлічвалі на гэта. Магчыма, у гэтым адыграў сваю ролю і «дэзынфармацыйны прыём», ужыты М. Агінскім падчас свайго рэйду. Ён часта выдаваў пісьмовыя загады па наваколлі аб дастаўцы да яго атрада жыўнасці і фуражу з разлікам нібыта на 6-тысячны «корпус. Дадаткова М. Агінскі «прагаворваўся», што мае даволі значны запас артылерыі. Часова гэты прыём спрацоўваў, даючы паўстанцам, хай сабе, толькі псіхалагічную перавагу.

Дайшоўшы да Дусят, М. Агінскі пакідае там большасць свайго атрада. Адтуль, забраўшы з сабою найбольш падрыхтаваных і лепш узброеных трыста чалавек конных, ён накіроўваецца да Дзвіны, на Дынабург (Дзвінск). Але непрыкметна падысці да горада, які знаходзіўся на другім беразе ракі, не ўдалося. Заўважыўшы паўстанцкі атрад, камендант дынабургскага гарнізона абвясціў трывогу па наваколлі. У самім Дынабургу пачаліся прыгатаванні да адпору. На крыху заўчаснае патрабаванне М. Агінскага аб капітуляцыі была атрымана адмова. М. Агінскі не спяшаўся перапраўляць свае асноўныя сілы на другі бок ракі. 3 мэтаю разведкі за кіламетры тры ўніз па Дзвіне пераправіўся толькі невялікі атрад пад камандаю Тадэвуша Гарадзенскага. У той час, калі М. Агінскі ўжо вырашыў вяртацца ў Дусяты, атрад Гарадзенскага 4 жніўня ўвар­ваўся на драўляную ўскраіну горада. Ад страляніны загарэліся саламяныя стрэхі дамоў і пачаўся пажар. Улічваючы недахоп сіл, Гарадзенскі пасля кароткага бою вымушаны быў адысці са сваім атрадам на злучэнне з асноўнай сілай паўстанцаў. Па дарозе яму ўдалося захапіць у палон двух расійскіх афіцэраў з сакрэтным пасланнем М. Рапніну з Пецярбурга і вялікай поштай. Усё захопленае ў кур'ераў было тэрмінова перапраўлена да Касцюшкі.

Неўзабаве да Дусят, дзе зноў сабраліся паўстанцы, дайшла вестка аб захопе 12 жніўня Вільні расійскім войскам. Гэта кардынальна мяняла ўсю сітуацыю: паўстанцы з атрада М. Агінскага апынуліся ў глыбокім тыле. Агінскі здаў камандаванне атрадам Марыконі і пакінуў Браслаўшчыну. Не ўдалося дасягнуць яму вялікіх поспехаў у сутычках з ворагам, але і абвінаваціць будучага аўтара знакамітага паланеза ў сузіральніцтве і бяздзейнасці ніхто не меў права. Ды і сам М. Агінскі свой рэйд на Дынабург цалкам няўдалым не лічыў. Ён, не без падстаў, сцвярджаў, што ўсё ж адцягауў на сябе нейкую частку войска, папсаваў яму камунікацыі.

Занепакоенасць расійскіх уладаў падзеямі на поўначы Беларусі была не дарэмнай. Тым болыл што неўзабаве на Міншчыну ўварваўся другі атрад паўстанцаў пад камандаваннем палкоўніка Стафана Грабоўскага. Ёсць падставы для меркавання, што расійцы партызанскія рэйды М. Агінскага і С. Грабоўскага лічылі ўзаемазвязанымі часткамі выпрацаванага ў кіраўніцтве паўстання агульнага плана, які грунтаваўся на перамяшчэннях паўстанцаў аж у глыбіню Расіі.

Па атрыманні весткі аб капітуляцыі Вільні С. Грабоўскі звярнуўся да Вяльгорскага з прапановай. Сутнасць яе оыла ў тым, каб пад яго, Грабоўскага, камандаваннем у межы другога і першага падзелаў у тыл ворага быў накіраваны «корпус» з мэтаю як найдаўжэйшага адцягнення ўвагі расійцаў. Мелася пры гэтым таксама на ўвазе даць магчымасць паўстанцкаму войску пасля страты Вільні перагрупаваць свае сілы.

Калі дазвол М. Вяльгорскага быў атрыманы, атрад С. Грабоўскага, які налічваў каля 3 тысяч чалавек з пяццю гарматамі, перайшоў каля Івянца мяжу і 17 жніўня ўварваўся на Міншчыну. Да гэтага яшчэ 15 жніўня паўстанцы, як бы ў якасці падрыхтоўкі, мелі ўдалую сутычку з атрадам маёра Дэмэтра пад Іўем, імі былі спалены наведзеныя расійцамі масты праз Нёман. Тэрмінова на Міншчыну і наогул на Беларусь для ліквідацыі атрада С. Грабоўскага было паслана пяць буйных, добра ўзброеных вайсковых атрадаў на чале з Цыцыянавым, Германам, Мілерам, Ланскім і Львсвым. Агульная іх колькасць перавышала пяць тысяч чалавек. Маючы перад сабою такую значную вайсковую сілу, С. Грабоўскі вымушаны быў адмовіцца ад намеру пашырэння паўстання ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Заставалася толькі праз дыверсійныя аперацыі, невялікія сутычкі прымусіць непрыяцеля ісці за сабой, адцягваючы яго з Віленшчыны, Гарадзеншчыны ды Берасцейшчыны.

Ядро атрада паўстанцаў складала частка рэгулярнага літоўскага войска, якая яшчэ ўдзельнічала ў вызваленні Вільні. Большасць жа яго была складзена з недастаткова ўзброенай шляхты і сялянства, малазнаёмых з вайсковай справай. Па сведчанні аднаго палоннага расійца, трапіўшага да паўстанцаў, атрад С. Грабоўскага складаўся з «панічоў», дзяцей шляхецкіх і «простай» шляхты. Гэтыя так званыя «панічы» часта былі без абутку, некаторыя ў «лахманах»... Але ўсе яны, як сведчыў палонны, гатовыя былі памерці альбо перамагчы. Агульным недахопам такіх недасведчаных вайскова-цывільных фарміраванняў, а атрад С. Грабоўскага не быў выключэннем, была адсутнасць належнай дысцыпліны і арганізаванасці.

Упершыню 23 жніўня ар'ергард паўстанцаў сутыкнуўся з казацкім раз'ездам, пасланым з Менска да Ракава ў разведку. Адбылася невялікая, але жорсткая сутычка. Адзін з казакоў трапіў у палон, але астатнія з трывожнаю весткаю аб набліжэнні да Менска «мяцежнікаў» прыгарцавалі ў горад, чым і нарабілі там вялікага перапалоху. Гарнізон горада налічваў толькі дзве сотні салдат і сур'ёзнага супраціўлення паўстанцам даць бы не змог. Тэрмінова для эвакуацыі ў Слуцк былі падрыхтаваны губернская каса, архіў.

Відаць, у адчаі, каб «затрымаць мяцежнікаў» і ў чаканні магчымага падыходу ў горад падмацаванняў, менскі губернатар Няплюеў каля поўначы таго ж дня высылае насустрач паўстанцам эскадрон драгун. Але ўжо ў гадзіну ночы ў Менск уваходзіць данскі полк казакоў з дзвюма гарматамі пад камандаваннем прэм'ер-маёра Шчадрова. Ледзь-ледзь адпачыўшы, полк выступіў услед за эскадронам насустрач атраду С. Грабоўскага. А раніцою асмялеўшы губернатар сам вывеў за горад дзвесце чалавек пяхоты з дзвюма гарматамі і таксама рыхтаваўся рушыць услед за данцамі.

3 высланымі насустрач паўстанцам расійцамі і сутыкнулася раніцою 24 жніўня частка атрада С. Грабоўскага. У дзесяці вярстах ад Менска на Ракаўскім гасцінцы адбылася сутычка. Паўстанцы, аднак, не чакалі больш-менш значнай вайсковай прысутнасці непрыяцеля на сваім шляху і пасля кароткага бою павярнулі ў бок Койданава. Потым у ноч з 24 на 25 жніўня атрад, прыняўшы правільнае рашэнне абысці Менск, праз вёскі Дудзічы, Лапічы і мястэчка Свіслач накіраваўся на Пухавічы. У Пухавічах падначаленыя С. Грабоўскаму камандзіры запатрабавалі «вайсковай рады», каб вырашыць, што рабіць далей, калі адна з галоўных мэт рэйду — узяцце Менска — адкладваецца. Некаторыя выказаліся за вяртанне ў «Літву ці ў Карону». Але пад уплывам С. Грабоўскага большасць вырашыла прадоўжыць рэйд, каб ісці далей па Беларусі і «ўрэшце ці прапасці, ці, скарыстаўшыся з добрага месцазнаходжання, мець добрыя кандыцыі». Дарэчы, Т. Касцюшка выправу

С. Грабоўскага палічыў несвоечасовай. Ён нават загадаў С. Макраноўскаму, каб той тэрмінова накіраваў кур'ера да Грабоўскага з загадам рушыць хуткім маршам на злучэнне з асноўнымі сіламі паўстанцаў у Вялікім княстве Літоўскім. Але, відаць, загад той да С. Грабоўскага не дайшоў.

А тым часам становішча расійскага войска ў Менску значна палепшылася. У горад 25 жніўня ўступіў яшчэ адзін данскі полк пад камандаваннем прэм'ер-маёра Ілавайскага. У дадатак ужо з-пад узятай Вільні прыйшоў моцны атрад палкоўніка Мілера з некалькімі гарматамі. Праўда, снарадаў у яго зусім не было. Але калі шанцуе, дык шанцуе. У гэты ж дзень у Менск прыбывае «транспарт» са снарадамі, які накіроўваўся з Полацка ў Нясвіж. Відавочна, ён быў затрыманы Няплюевым з той нагоды, што паўстанцы перарэзалі ўсе шляхі... Губернатар атрымаў магчымасць накіраваць у пагоню за атрадам С. Грабоўскага казацкі полк Ілавайскага і атрад Мілера з усё тым жа эскадронам драгун пры шасці гарматах. А 27 жніўня ў Менск прыбывае са сваім вялікім атрадам рухавы грузін П. Цыцыянаў. Атрымаўшы звесткі аб паўстанцах, ён зараз жа рушыў з Менска, маючы намер абысці іх з другога боку. Як бы тое ні было, але адна з мэт рэйду С. Грабоўскага апраўдвалася: паўстанцы сцягвалі на сябе значныя сілы ворага.

Атрад С. Грабоўскага, між тым, рухаўся ўжо на Бабруйск. Як і раней, ідучы на Менск, паўстанцы разбуралі на сваім шляху масты, псавалі дарогі, завальваючы іх засекамі, захоплівалі расійскія пасты. Атрад увайшоў у Бабруйск ноччу 30 жніўня. Пры гэтым быў цалкам знішчаны невялікі бабруйскі гарнізон. Але пагоня была ўжо зусім побач. Таму С. Грабоўскі прыняў рашэнне адразу ж павярнуць свае сілы ў другі бок — на Глуск і Слуцк.

Тут трэба сказаць, што пагоню за паўстанцамі стрымлівалі не толькі засекі, завалы ды спаленыя масты. Пэўны час сярод расійцаў існавала паніка. Значна перабольшваліся колькасць, магчымасць і намеры атрада. Хадзілі чуткі, што атрад С. Грабоўскага складае ажно восем тысяч чалавек. Князь М. Рапнін наогул не мог уцяміць «дёрзостное стремленне сих мятежннков, пустившихся в глубнну наших границ». Ва ўсім гэтым ён тым не меней бачыў безумоўную згоду з паўстанцамі мясцовых жыхароў. Бо паўстанцы без цяжкасці зна­ходзілі папярэдне падрыхтаваныя падводы і харчаванне ў тых месцах, куды накіроўваліся.