Ён шмат зрабіў для Беларусі

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 518 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.6%CHINA CHINA
5.4%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5.1%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Ён шмат зрабіў для Беларусі

 

Даўно не збіралася столькі народу ў дворыку Старадарожскага музея выяўленчага мастацтва А.Белага, які знаходзіцца ў горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці (Рэспубліка Беларусь). Сюды прыехалі пакліканыя сэрцам і душою сябры культурна-асветніцкага клуба “Спадчына” з Мінска, госці са Слуцка, жыхары горада Старыя Дарогі, прадстаўнікі розных СМІ Мінска, Слуцка, каб ушанаваць памяць вядомага беларускага грамадска-культурнага дзеяча, вучонага, калекцыянера, заснавальніка і старшыню клуба “Спадчына”, сябра Саюза мастакоў Беларусі, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Саюза беларускіх журналістаў, двойчы дыпламанта Міжнароднага Біяграфічнага Кембрыджскага цэнтра [Англія; 2000 найбольш вядомых навукоўцаў ХХ стагоддзя (1999) і 100 найлепшых адукатараў свету (2012)], ганаровага члена Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі – Анатоля Яўхімавіча Белага. У гэты дзень – 17 лістапада 2012 года –  адбылося адкрыццё помніка А.Я.Беламу, які адышоў у іншы свет 14 лістапада 2011 года.


У дворыку музея гасцей сустракаюць словы вядомага беларускага паэта, ідэолага беларускага нацыянальнага Адраджэння Францішка Багушэвіча, якія размешчаны на сцяне злева ад цэнтральнага ўваходу ў музей :

“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога дадзена!”

Бюст Анатоля Белага (аўтар Уладзімір Лятун, скульптар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі) ўзвышаецца на фундаменце, які стварыла сама прырода, – на магутным 12-тонным камені-валуне. Устанавіў бюст стрыечны брат Анатоля Белага Міхась Белы.

З помніка павольна спускаецца белае покрыва, і на ўсіх прысутных уважліва ўглядаецца Анатоль Белы і, нібы звяртаючыся да іх, кажа: “Ці ж працягваеце Вы, мае паплечнікі, аднадумцы і спадкаемцы, справу Адраджэння нашай шматпакутнай Беларусі?”

Да помніка кладуцца кветкі.

Пратаіярэй Свята-Залужскай праваслаўнай царквы айцец Аляксандр адслужыў малебен за спачын душы Анатоля Белага.

І стаіць цяпер помнік Анатолю Беламу ў адным шэрагу з такімі знакамітымі постацямі як класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч і яго бацька Адам Багдановіч, беларускі паэт Анатоль Бярозка, які працяглы час жыў у ЗША і быў там ушанаваны, паэтка і маральны лідар незалежнага беларускага грамадства Ларыса Геніюш,  паэтка і  аўтар папулярнага ў Беларусі верша-гімна “Магутны Божа”, які становіцца другім поўнавартасным гімнам Беларускай дзяржавы, Наталля Арсеннева, класік беларускай літаратуры Васіль Быкаў і многія іншыя.

А.Белы ведаў сілу ўздзеяння на чалавека твораў мастацтва, таму і прысвяціў сваю дзейнасць не толькі калекцыяніраванню твораў. Ён сам быў арганізатарам, аўтарам і кіраўніком праекта стварэння таго ці іншага помніка, і  як вынік яго сумеснай працы з мастакамі і скульптарамі  –   ў дворыку музея створаны пантэон знакамітых постацей беларускай гісторыі, культуры, літаратуры, мастацтва, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў мінуўшчыны і сучаснасці.

Сярод іх – класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас, паэт і ўдзельнік нацыянальна-вызваленчага руху 60-х гадоў ХІХ стагоддзя Уладзіслаў Сыракомля (Людвіг Кандратовіч), гісторык і адзін з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі вучоны-мовазнавец, гісторык, этнограф і фалькларыст  Яўхім Карскі, беларускі і расійскі гісторык, археограф і краязнаўца Мікалай Улашчык, беларускі публіцыст і выдавец, грамадскі і культурны дзеяч Аляксандр Уласаў, палітыкі і культурныя дзеячы, ідэолагі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху браты Антон і Іван Луцкевічы, заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі (медальёны з іх выявамі змешчаны з правага боку ад цэнтральнага ўваходу ў музей). Тут жа, у дворыку, каля брамкі месціцца камень-валун – мемарыяльны помнік у памяць ваяроў Грунвальдскай бітвы 1410 года, а на страсе музея –  помнікі Кастусю Каліноўскаму, героям Слуцкага збройнага чыну 1920 года. Усяго ў дворыку музея дэманструецца каля 80 помнікаў  увасобленых у бронзе, метале, медзі, жалезе, гіпсе, камянях і іншых матэрыялах.

А.Белы адраджаў гісторыю Бацькаўшчыны праз стварэнне помнікаў славутым беларусам, а цяпер ён сам стаў гісторыяй і знаходзіцца сярод іх – сваіх герояў.

З успамінамі пра свайго старшыню  выступілі сябры клуба “Спадчына”: беларускі паэт і выдавецкі работнік Яўген Гучок (ён жа і вядучы гэтай імпрэзы), журналіст і грамадскі дзеяч Святлана Белая (дачка Анатоля Белага), сакратар клуба “Спадчына”  Надзея Сармант, пісьменнік, гісторык, журналіст, культуролаг, краязнавец, ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Анатоль Валахановіч, паэт і журналіст Мікола Лавіцкі, скульптар і мастак Мікола Несцярэўскі, вучоны ў галіне эканамічнай інфарматыкі, прафесар, ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Мікола Савіцкі, пісьменнік Ілля Копыл. Цёплыя словы пра А.Белага і яго сям’ю выказалі  суседзі, сябры і знаёмыя Яніна Мурашка, Віктар Шурмоўскі, Эмілія Васілевіч і інш.

Усе выступоўцы адзначалі вялікі ўклад Анатоля Белага ў адраджэнні гісторыі, культуры, краязнаўства Беларусі. Яны падкрэслівалі, што для ўзвядзення музея, у якім цяпер зведзены пад адну страху чатыры двухпавярховыя будынкі, з плошчй экспазіцыі каля 500 кв. м. і асноўным фондам  каля 4 тысяч экспанатаў (на 2011 год) А.Белы прыклаў шмат намаганняў, ахвяраваў сваім фізічным і маральным здароўем. Не забылі выступоўцы ўспомніць, што А.Белы – ініцыятар устанаўлення помнікаў Максіму Багдановічу ў расійскім горадзе Яраслаўлі, Адаму Багдановічу ў гарадскім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна Мінскай вобласці, гісторыку Міколу Ермаловічу ў горадзе Маладзечна. Некаторыя з прысутных былі па-добраму здзіўлены, што помнікі Еўфрасінні Полацкай, Францыску Скарыне, Міколе Гусоўскаму, Васілю Цяпінскаму і Сымону Буднаму ўсталяваны ў дворыку  галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта таксама дзякуючы Анатолю Беламу. Шмат мастацкіх твораў падараваў ён   Старадарожскаму  краязнаўчаму музею,  музею БДУ і іншым музеям.

А.Белы быў прадаўжальнікам добрай справы сваіх герояў, пачэснай справы адраджэння Беларусі. Вялікую ролю адыграў ён у мастацтве і культуры пры наладжванні выставак, правядзенні навуковых канферэнцый, прысвечаных дзеячам адраджэння Бацькаўшчыны.

Анатоль Белы быў чалавекам смелым і рашучым, які ў сваёй біяграфіі напісаў адказы на тры пытанні, і трэцяе з іх гучала так: “Што я буду рабіць у апошні дзень свайго жыцця?” І ён мужна адышоў у вечнасць, так як гэта належыць чалавеку, які ўсё сваё жыццё прысвяціў адраджэнню свабоды і незалежнасці сваёй Радзімы.

А.Белы некалькі разоў быў у ЗША, дзе арганізоўваў мастацкія выстаўкі “Францыск Скарына і яго час”, “Кастусь Каліноўскі – слаўны сын беларускага народа”, “Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах”. У сваім мастацкім музеі ён стварыў галерэю партрэтаў дзеячаў беларускага замежжа. Частка гэтай калекцыі “Беларускія Калюмбы” экспанавалася ў ЗША.

Шмат у чым А.Беламу дапамагала дачка Святлана – журналістка, грамадскі дзеяч. Яна на працягу 6 гадоў выдавала ў Кліўлендзе часопіс “Полацак”, дзе друкаваліся творы беларусаў Бацькаўшчыны і замежжа. Святлана Анатольеўна сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, ганаровы сябра Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Яна вывучала жыццё і творчасць Максіма Багдановіча і выдала кнігу “Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча”, а  кніга “Да роднага ганку” – гэта  зборнік успамінаў беларусаў Амерыкі, якія да вайны былі звязаны з Вільняй і яе адраджэнскімі традыцыямі.

Пасля адкрыцця помніка ўсе наведалі магілу Анатоля Белага, каб аддаць даніну памяці яму. І як добра гучалі словы паэта Яўгена Гучка, прысвечаныя А.Беламу яшчэ пры жыцці:

 

Бо, не шукай

Прызнанне у нікчэмнасці,

Бо іх прызнанне –

На табе ж і крыж:

Трэ’ памятаць:

Не можа быць ўзаемнасці

Паміж – калі яны паўзуць,

а ты – ляціш.

 

А раней, 11 лістапада на аграсядзібе Новы Двор Мінскага раёна сябры клуба “Спадчына”, радня, сваякі, блізкія адзначылі гадавіну смерці Анатоля Белага. Прысутныя змаглі паглядзець створаны Уладзімірам Раманоўскім фільм пра дзейнасць А.Белага і прысвечанае яму слайд-шоў.

Памяць пра Анатоля Яўхімавіча Белага назаўсёды застанецца ў сэрцах і памяці тых, хто ведаў і бачыў яго, сябраваў з ім!

Вечны яму спакой.

 

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, гісторык,

журналіст, культуролаг, краязнавец,

ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

 

 

 

Наш люстрадзён

<<  Сакавіка 2019  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
      1  2  3
  4  5  6  7  8  910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

 

 

 

 

Народны каляндар

<<  Сакавіка 2019  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
      1  2  3
  4  5  6  7  8  910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Банеры