Натхнёны верай Адраджэння

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 121 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

41.4%UNITED STATES UNITED STATES
29.8%BELARUS BELARUS
6.7%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4.2%AUSTRALIA AUSTRALIA
3.4%GERMANY GERMANY
2.9%POLAND POLAND
2.1%LITHUANIA LITHUANIA

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Натхнёны верай Адраджэння

Пісаць пра Анатоля Белага тое самае, што мастаку намагацца пісаць партрэт вельмі рухавага, непаседлівага дзіцяці: амаль немагчыма ўлавіць адзіна правільны, закончаны вобраз, успомніць эпізод ці некалькі эпізодаў, якія б вычарпальна ілюстравалі яго характар, яго натуру. Усё, што звязана з ім, што адбывалася вакол яго, што стваралася ім, для мяне асабіста зліваецца ў нейкую дзіўную мелодыю новай эпохі Беларусі, якую так непаўторна сыграў маэстра Анатоль Белы. Было ў гэтым гранні усё: і спапяляючы энтузіязм, і дыханне шчасця, і эмацыйныя зрывы, і бясконцы рух да новых і новых здзяйсненняў.


 

Падумаць толькі: яго стараннямі ўзведзены помнікі Кірылу Тураўскаму, Францыску Скарыну, Міколу Гусоўскаму, Еўфрасінні Полацкай, Максіму і Адаму Ягоравічу Багдановічам, Міколу Ермаловічу, Наталлі Арсенневай, Міколу Улашчыку (і спіс гэты не вычарпальны), адчынена дзясяткі мастацкіх выстаў, створана галерэя партрэтаў славутых людзей Бацькаўшчыны, праведзены сотні сустрэч з пісьменнікамі, палітыкамі, святарамі, арганізаваны шматлікія вандроўкі па гістарычных і памятных мясцінах Беларусі. Яго імя можна было пачуць на ўсякім мерапрыемстве і ва ўсякай аўдыторыі ў межах Мінска амаль кожны дзень. І яшчэ: “Як усё Белы паспявае?, “Адкуль у Белага грошы?” У гэтых пытаннях было і здзіўленне, і рэўнасць, і, што казаць, зайздрасць. Толькі вось амаль ніхто не пытаў: “Адкуль сілы, Анатоль Яўхімавіч?” А сілы браліся ад шчырага жадання служыць Памяці: ушаноўваць незаслужана забытых змагароў, несправядліва адрынутых паэтаў, збіраць унікальную скарбніцу доказаў нашага слаўнага мінулага. Якраз гэтая нагода і прывяла Анатоля Яўхімавіча ў сярэдзіне 1980-х гадоў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. У гэты час рабіў свае першыя крокі культурна-асветны клуб “Спадчына”, які разгарнуў працу па збіранні звестак пра дзеячаў айчыннай гісторыі. А.Я.Белага цікавілі дакументы аб жыцці і дзейнасці К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, Цёткі, В.Ластоўскага, К.Езавітава, А.Станкевіча, М.Улашчыка і многіх іншых. Але тады яшчэ многія з гэтых імёнаў былі забаронены, а дакументы пра іх знаходзіліся на закрытым захоўванні. Сапраўдная праца для яго пачалася, калі ў архіве-музеі быў рассакрэчаны фонд беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Вось тады можна было назіраць за працай вельмі шчаслівага чалавека: рабіў выпіскі, замаўляў копіі і найчасцей многа копій, стараўся як найшырэй ахапіць і пацвердзіць архіўнымі знаходкамі біяграфіі сваіх герояў. Для нас жа стаў адным з тых незвычайных даследчыкаў, які кансультаваў па тэме эміграцыйных архіваў, даваў звесткі пра месцы захоўвання асабістых архіваў дзеячаў культуры, дзяліўся копіямі і ўрэшце сам стаў фондастваральнікам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Добрую частку свайго вялікага збору прынёс у архіў-музей сам: камплектаваў яго каля пятнаццаці гадоў малымі і вялікімі ўнёскамі. Апошнюю і самую значную частку забіралі з кватэры на Уральскай супрацоўнікі архіва ў апошнія месяцы жыцця А.Белага. Патэлефанаваў нам 7 верасня і сказаў, што хварэе, што адабраў для перадачы ў архіў дакументы і прасіў прыехаць. Дамовіліся “на наступны тыдзень”. Не атрымлівалася з машынай, і па архіў мы змаглі прыехаць толькі 15 верасня. Убачыўшы састарэлага Анатоля Яўхімавіча, усё зразумелі. Згасаў: гаварыў ціха, дыхаў паскорана. Але дапамагаў пакаваць папкі. Анатоль Яўхімавіч тлумачыў, што ў якой папцы,  расказваў пра сваіх карэспадэнтаў, лістоў якіх у архіве адклалася значная колькасць, успамінаў падзеі, людзей і нават перасцерагаў ад залішняй дверлівасці да некаторых. Быў такі як і заўсёды: з ясным розумам, з клопатам пра спадчыну, з развагамі пра будучыню. Але ж усё ж ён развітваўся. І гэта была наша апошняя сустрэча. Пасля ўжо без мяне ездзілі супрацоўнікі за апошняй часткай архіва. 18 кастрычніка патэлефанаваў, каб прыехалі, папрасіў як найхутчэй. Спяшаўся спарадкаваць усё сам.

Успамінаецца ліпень 1998 года. ЗБС “Бацькаўшчына” зладзіла ў Беластоку навуковую канферэнцыю “Культура беларускага замежжа”. Вось тады я ўпершыню ўсвядоміла ўсю выключнасць апантанасці А.Белага: выступіў з дакладам “Часопіс “Полацак”, паспяваў у перапынках пагаварыць з кожным прысутным, а разам з тым рабіў запіс на камеру ўсяго, што адбывалася. Цікава, ці захаваўся той запіс? Думаецца, што ў архіве клуба “Спадчына” ён недзе ёсць. Ведаю, што літаральна праз некалькі дзён А.Белы ўжо браў удзел у Другім з’ездзе беларусаў Балтыі ў Вільні, дзе гэтаксама выступіў з дакладам.

Памятуюцца паездкі ў Старыя Дарогі да славутага музея Анатоля Белага. Аўтобус, запрашэнне – усё па-гаспадарску. У першую гадзіну шляху да кожнага падышоў, прывітаўся, папытаў пра настрой-самаадчуванне. Засяроджаны, сур’ёзны, з яшчэ не сышоўшым нервовым настроем ад арганізацыйнага напружання. Зусім змяніўся, калі пад’ехалі да яго ўладанняў. Тут адчулі незвычайную цеплыню, гасціннасць гаспадара: вясёлага, рухавага і нават крыху выхвальнага. Але ж было чым хваліцца! Музей зрабіў на мяне нечакана моцнае ўражанне. Думала, што ўбачу хаціну з развешанымі на сценах дзесяткам карцін малавядомых мастакоў мясцовага значэння, ды якую сотню этнаграфічных памятак. А тут такое багацце! Я пераходзіла з залы ў залу (менавіта залы) і дзівілася гэтым незвычайным, зусім не па-музейнаму, а неяк своеасабліва нагрувашчаным, багаццям. Мастацкія працы Я.Ціхановіча, Л.Шчамялёва, У.Стальмашонка, А.Кішчанкі, калекцыі партрэтаў Ф.Скарыны і К.Каліноўскага (іх такая колькасць, што не бяруся нават угадваць лічбу), творы медальернага мастацтва (ёсць вельмі старажытныя), сульптуры, куток В.Быкава, экспазіцыя “Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах” і многае іншае. Было ў гэтай нагрувашчанасці нешта прыцягальнае, тое, што ахоплівае адразу гучаннем дзесяткаў пачуццяў, не дае і на долю хвіліны наблізіцца звычайнай паўсядзённасці. Я два разы пабывала ў Старых Дарогах і кожны раз адчувала неверагодную энергію, якая зыходзіла ад музея, дзівосна зладжанага А.Белым.

Дзеячы нашага мінулага для Анатоля Белага былі не проста героямі эпох, яны былі для яго Святымі. І ён тварыў Храм іх Памяці, ствараў усюды, дзе было гэта магчыма. Ён па хрысціянскаму закону і па добраму беларускаму звычаю ўдзельнічаў у набажэнствах, устанаўліваў помнікі, ладзіў памінальныя вячэры. Помніцца, якім грандыёзным святам стала адкрыццё помніка Міколу Ермаловічу 28 лістапада 2003 года ў Маладзечне, і якіх выдатных людзей сабраў А.Белы на гэта мерапрыемства. Ад імя клуба “Спадчына”  ганараваў многіх медалём “Пагоня”, граматамі і нават грашовымі прэміямі. Сумна думаць, што з адыходам Анатоля Яўхімавіча гэтая традыцыя знікне. Ён умеў быць удзячным, умеў стымуляваць да росту самыя слабыя парасткі, уганараваць кожнага, хто заслугоўваў адзнакі, і няважна, у вялікай ці малой справе.

Усе разам скажам яму дзякуй і схілім голаў перад яго Памяццю!

 

30.04.2012.

Ганна Запартыка, дырэктар

Беларускага дзяржаўнага архіва-музея

літаратуры і мастацтва