Анатоль Белы мог прымусіць працаваць на Беларусь кожнага: і патрыёта, і гультая, і абыякавага, а, як пашанцуе, то і ворага

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 88 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

53.1%UNITED STATES UNITED STATES
25.2%BELARUS BELARUS
4.2%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
2.9%GERMANY GERMANY
2.6%KUWAIT KUWAIT
2.1%AUSTRALIA AUSTRALIA
1.9%POLAND POLAND

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Анатоль Белы мог прымусіць працаваць на Беларусь кожнага: і патрыёта, і гультая, і абыякавага, а, як пашанцуе, то і ворага

І гэта сапраўды так. Усё, што звязвала мяне з Анатолем Яўхімавічам – гэта была толькі праца. Мы практычна не сустракаліся на мітынгах, шэсцях і г.д., хоць і ён, і я там бывалі. Але калі трэба было нешта зрабіць, і  я мог быць карысным, Анатоль Яўхімавіч знаходзіў мяне, і лепш або горш, але тое, што трэба было, рабілася.

У наш інфармацыйны век, дзе розгалас пра нейкую падзею часта важнейшы за саму падзею, Анатоль Белы наноўніцу імкнуўся скарыстоўваць магчымасць самых розных СМІ, і "Нашага слова" ў тым ліку. Доўгія гады "Наша слова" раз за разам пісала пра ініцыятывы А. Белага і клуба "Спадчына", пра імпрэзы,  якія імі праводзіліся, пра новыя помнікі, скульптуры, карціны, выданні. І на сёння на публікацыях у "Нашым слове" можна скласці летапіс клуба "Спадчына". А склалася сяброўства паміж клубам “Спадчына” і "Нашым словам" дзякуючы ўсё таму ж уменню Анатоля Яўхімавіча зацікавіць, нагадаць, націснуць, дабіцца і пры гэтым нікога не пакрыўдзіць, не выклікаць негатыву. А мог жа А. Белы быць і рэзкім, непрымірымым, рашучым – гэта ў змаганні, а ў працы – настойлівым і непахісным, пакуль спланаванае, намечанае не будзе завершана, дароблена.


 

Сёння можна толькі дзівіцца, як Анатоль Белы мабілізоўваў мастакоў, скульптараў, паэтаў, архітэктараў на рэалізацыю тых праектаў, за якія яны самі ніколі не ўзяліся б. Арганізоўваў не толькі творцаў, арганізоўваў дзяржаўныя структуры. Прымушаў выдзяляць сродкі і ставіць помнікі выдатным дзеячам беларускай культуры, героям нацыянальнага адраджэння. Ідэі Анатоля Белага былі лагічныя, прадуманымі – таму і стаяць сёння помнікі ва ўніверсітэцкім дворыку ў Менску і ў Яраслаўлі, у Старых Дарогах і Зэльве ды і шмат дзе яшчэ. Не ёсць задача іх пералічыць, ёсць неабходнасць падкрэсліць: калі ў Белага ўзнікала ідэя, ён рабіў усё магчымае для яе рэалізацыі.

У пачынаннях Анатоля Белага заўсёды прысутнічала складовая здаровага авантурызму. Калі ўсё разлажыць лагічна, палічыць матэматычна, то таго, што зрабіў А. Белы, зрабіць было немагчыма, ніяк немагчыма. Але яно зроблена.

Вось як адбывалася ўстаноўка бюста Ларысы Геніюш у Зэльве. З макета М. Інькова былі адліты дзве скульптуры. Іх абедзве можна лічыць арыгіналамі, а, хто хоча, хай лічыць копіямі, прынамсі А. Белага гэта не хвалявала.

Адну скульптуру паставілі ў Старых Дарогах, а другую спланавалі на Зэльву. Магчыма, што Зэльва павінна была быць першай, але адносіны тамашняга начальства да Ларысы Геніюш вядомыя не толькі ў Беларусі. Паставіць бюст Ларысы Геніюш у цэнтры горада не ўяўлялася магчымым. Тады Анатоль Яўхімавіч сумеў атрымаць дабраслаўленне мітрапаліта Філарэта на ўстаноўку бюста каля мясцовай царквы, прыхаджанкай якой Ларыса Геніюш была да канца жыцця.

Была падрыхтавана гранітная пліта, і прыйшла пара на ўстаноўку. Анатоль Яўхімавіч сабраў каманду з Менску, звязаўся з мясцовымі "патрыётамі", дамовіўся з Зэльвенскімі ўладамі, што тыя забяспечаць пад'ёмны кран і бетон, ну і патэлефанаваў мне, каб пад'ехаў з Ліды сфатаграфаваць гістарычную падзею. Я з жонкай Ліляй прыехаў крышку раней, пачакалі, пад'ехала машына з Менска. Прыйшоў бусік, у якім быў бюст і гранітная пліта вагой каля дзвюх тон і некалькі чалавек. А дзе ж астатняе? Пачалі ўдакладняць. Мясцовыя "патрыёты" не прыйшлі. Улады крана не далі, бетону – таксама. А восень і другая палова дня. Белы камандуе: "Будзем ставіць уручную".

А дзе ж тыя рукі? І што маем да рук?

Першым чынам бетон. На маёй машыне мы паехалі з Анатолем Яўхімавічам па Зэльве і ў нейкай майстэрні па вырабу помнікаў Анатоль Яўнімавіч за наяўныя, мабыць, за свае грошы купіў два мяшкі цэменту. Балазе, каля царквы будавалі плот, і пясок быў каля хаты бацюшкі. Адтуль жа, здаецца, прынеслі рыдлёўкі.

Ліля пайшла пад мясцовую краму і прывяла дваіх дзецюкоў, якія шукалі, дзе б выпіць. Паабяцала, што пасля ўстаноўкі ім нальюць. І гэтыя зэльвенскія мужчыны адпрацавалі да самага канца, выдатна разумеючы, што яны робяць, і ніякай гарэлкі не дапаміналіся, хаця ў канцы ніхто іх не падмануў, але тое, што яны там выпілі, і тое, што зрабілі – рэчы не сувымяральныя.

Выкапалі яму. Паднеслі бюст.

Але пліта. Вагой дзве тоны. Пластом ляжыць на дне бусіка палірованым бокам уніз. Не падняць, ні пасунуць. Узяцца няма як, цесна. Цяжка. Амаль безнадзейна. Але ўжо тут мяне наведвае вайсковая кемлівасць. Пытаюся ў кіроўцы, ці ёсць дамкрат. Ёсць. Дамкрат у бусіка добры: моцны і вынас на сантыметраў 60-80. Сумелі падсунуць дамкрат пад край пліты, паднялі на гэтыя 60-80 см. Цэнтр цяжару зрушыўся, і ўзяцца ямчэй. Ссунулі край з бусіка і паставілі пліту на тарэц. І вось так кантуючы на тарцы, барані Божа, каб не ўпала, пераправілі да ямы і апусцілі ў яму. Выраўнялі, зрабілі камянямі распоркі, залілі растворам, паставілі распоркі з дрэва, каб не пахіснулася, і паставілі зверху бюст. Канешне, на добры лад, трэба было чакаць, пакуль раствор схопіцца, але не начаваць жа, балазе бюст да пліты быў у Менску добра падагнаны. І ўсё, і помнік стаў. Нейкая жанчына адразу прынесла кветкі. І сцямнела. Заканчвалі пры святле фараў бусіка.

Пасля ўсяго прыселі непадалёк перакусіць, налілі зэльвенскім хлопцам па чарцы, далі бутэльку з сабою. Усё прыбралі да апошняй паперкі. Я быў за рулём, пакідаў царкоўны двор апошнім. Усё было чысцютка. А назаўтра карэспандэнты мясцовай газеты раніцай прыбеглі фатаграфаваць пустыя бутэлькі і смецце, раскіданае па царкоўным двары. Але ж то яны.

А і "патрыёты" зэльвенскія і ўсебеларскія не прайшлі міма: "Як так, Белы паставіў помнік Геніюш? Хто яму дазволіў? Чаму Белы? А-я-яй, пліта кепская, а-я-яй, бюст не бронзавы а сілумінавы. А-я-яй..."

А-я-яй, то а-я-яй, а помнік стаіць ужо многія гады, каля яго адзачылі 100-годдзе з дня нараджэння Ларысы Геніюш. А Белага на тым 100-годдзі  і  не згадалі, а мо я не дачуў? Папраўце, хто ведае лепш.

Гэта толькі адзін эпізод з багатай біяграфіі Анатоля Белага. А на яго ініцыятыве, на энтузіязме, на любові да Беларусі рабілася многае і многае.

Выданне кнігі пра Міколу Ермаловіча. Матэрыял у Менску сабралі багаты, поўны, наколькі можна. Кнігу я звярстаў. На 360 старонак. На друк грошай няма. Я рабіў кніжачкі да 100 старонак, а як быць тут? Пераплётнай машыны няма. Вырашылі прашываць скабой. Але і скабы такой няма, шыем з двух бакоў. Тую кніжку, калі паспрабаваць, то і трактарам не парваць. Можа быць кустарна, але зрабілі, і маем гэты эпізод у дзейнасці клуба "Спадчына" і Анатоля Яўхімавіча Белага, і толькі тут можна прачытаць усе “Гутаркі” Міколы Ермаловіча.

Дарэчы эпіграф да кнігі я ці то сачыніў, ці то спісаў аднекуль і сам не ведаю:

“І ён прыйшоў...” тады, калі яго чакалі,

Калі так праглі зведаць і пачуць,

Ён разгарнуў замрочаныя далі

І вынес нам з стагоддзяў Беларусь.

Гэта можна сказаць і пра самога Белага. З хаосу і бязладдзя, якое імянуецца творчай свабодай, Белы вынес для ўсіх нас упарадкаваны музей нацыянальнага адраджэнцкага мастацтва ў Старых Дарогах.

Дзейнасць Анатоля Белага на карысць Беларусі, у тым ліку па стварэнні найзначнейшага адраджнцкага музея ў правінцыйных Старых Дарогах падабалася далёка не ўсім.

Спрабавалі замаўчаць, ігнараваць, крытыкаваць, пляткарыць.

А помнікі стаяць. І музей ёсць. Славутыя сёння Старыя Дарогі сваім першаком, і іншай славы ім не трэба. Але пройдзе час і пра Старыя Дарогі скажуць:

– СТАРЫЯ  ДАРОГІ ?

– А гэта тое мястэчка, дзе стварыў свой унікальны музей  АНАТОЛЬ  БЕЛЫ.

Як пра Віцебск:

– Гэта горад у Расіі, дзе нарадзіўся Марк Шагал.

Выдавалі "Скрыжалі Спадчыны ". Ізноў дзе на снасці, дзе на шчасці.

Доўгія гады служэння Бацькаўшчыне і заўсёднае імкненне быць першым. Першым пастаіць помнік героям Грунвальда, першым – бацьку і сыну Багдановічам, першым стварыць медальерную галярэю дзеячоў БНР, першым – радавод вялікіх князёў Літоўскіх, першым – партрэтную галерэю адраджэнцаў канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў, першым абвясціць аб святкаванні 150-годдзя паўстання 1863 года.

Можа гэтае імкненне і звязана неяк з колішнім сацспаборніцтвам, ды вось спаборнічаў Белы не з людзьмі. Ён спаборнічаў з часам. І каб не імкнуўся: хутчэй, хутчэй, то і не паспеў бы столькі.

Мы не сёння ацэнім яго спадчыну. І не сёння напішам самыя правільныя і дакладныя словы, каб акрэсліць веліч постаці Анатоля Яўхімавіча Белага. Магчыма, гэта, наогул, зробяць пасля нас людзі, якія ніколі яго не бачылі, не ведалі, а якія будуць сыходзідць толькі з яго спраў. А мне на гэтым краі Беларусі вельмі цяжка ўсведамляць, што на тым канцы ўжо няма Анатоля Белага,  якому варта толькі патэлефанаваць, і адразу заскрыпяць нейкія спрунжыны, закруцяцца нейкія калёсікі, і пачне рухацца Справа. Так як гэта было з ідэяй устаноўкі помніка Вялікаму князю Гедзіміну ў Лідзе. Ідэя не мая і не Белага. Ідэя вісела і вісіць ў паветры. Але варта было патэлефанаваць Анатолю Яўхімавічу і адразу знайшоўся скульптар, знайшоўся архітэктар. І праз зусім кароткі час тэлефануе Анатоль Яўхімавіч: вязуць у Ліду макет помніка ў пластыліне. Яны ў той паездцы ўсе чуць не разбіліся. Машына зляцела ў кювет. Але пластылінавы помнік Гедзіміну не пацярпеў. І прыехалі і прадставілі макет старшыні райвыканкаму і ўсім намеснікам, і быў адліты бронзавы паменшаны макет, і Лідскі райвыканкам купіў яго і перадаў у музей.

Да ўстаноўкі вялікага помніка справа пакуль не дайшла. І можа  адной з прычын з'яўляецца тое, што няма ўжо на тым канцы Беларусі Анатоля Белага, а нам на гэтым канцы адзінока і цяжка.

Шмат рабілася, шмат было задумана.

Адна з апошніх спраў, з якой Анатоль Яўхімавіч хадзіў да мітрапаліта Філарэта было пытанне ўстаноўкі помніка роўнаапостальным Кірылу і Мефодзію ў Менску, а хто сходзіць яшчэ раз, ды проста, хто мае такі аўтарытэт, каб з ім размаўлялі і да яго прыслухоўваліся?

Няма больш чалавека, які мог бы з'яднаць усіх такіх розных для адной справы, для ідэі, імя якой - БЕЛАРУСЬ.

Дык кім быў Белы?

Афіцэрам-лётчыкам?

Выкладчыкам універсітэта?

Кіраўніком клуба "Спадчына"?

Ганаровым акадэмікам Акадэміі Навук Еўразіі?

Стваральнікам унікальнага музея?

Шчырым патрыётам Бацькаўшчыны?

Усім разам ці ўсім паасобку?

Не ведаю.

Ведаю адно, ён быў Анатолем Яўхімавічам БЕЛЫМ, якога дзеля вышняй справядлівасці Маці-Прырода павінна была б паўтарыць на гэтай Зямлі, каб ён мог дарабіць недаробленае і дамарыць недамаранае.

І, пакуль рыхтаваўся гэты артыкул, адбылася падзея наўпрост звязаная з постаццю Анатоля Белага.

Пасля зняцця формы з гіпсавага макета бюста Ларысы Геніюш і адліўкі двух металічных бюстаў для Старых Дарог і Зэльвы сам гіпсавы бюст доўгі час стаяў у сядзібе БНФ на пр-це Машэрава, як сімвал беларускасці і веры ў Беларусь. А калі над сядзібай БНФ пачалі згушчацца хмары, Анатоль Белы прыняў рашэнне аб перадачы бюста ў Ліду. Цераз Лідскую гарадскую арганізацыю ТБМ імя Францішка Скарыны бюст быў перададзены ў Лідскі гістарычна-мастацкі музей для ўстаноўкі ў літаратурным філіяле. Але для філіяла, які размяшчаецца ў доміку Таўлая, бюст аказаўся завялікі, усё-такі ён рабіўся для ўстаноўкі пад адкрытым небам. Праз некаторы час вырашана было ўстанавіць бюст у 3-м філіяле Лідскай бібліятэчнай сістэмы ў мікрараёне Маладзёжны, і 4 кастрычніка 2012 года, ужо пасля смерці Анатоля Белага, бюст быў устаноўлены, і быў адкрыты памятны куток Ларысы Геніюш, аздоблены банарамі з вершамі паэткі, тымі вершамі, якія пісаліся на шматках паперы, а сёння займаюць плошчу па некалькі квадратных метраў. Пастамент зрабіў уласнымі рукамі старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка. Банары былі зроблены на заводзе “Ліпласт”.

На пачатку імпрэзы, магчыма, першай афіцыйнай імпрэзы ў гонар Л. Геніюш, праведзенай з дазволу і пры дапамозе беларускіх уладаў, памінальную малітву па Ларысе, Янку і Юрку Геніюшах па-беларуску прачытаў айцец Уладзімір Камінскі. Ён жа сказаў і слова пра жыццёвы і літаратурны вычын Ларысы Антонаўны.

Дапоўніў айца Ўладзіміра Міхась Скобла, асноўны даследчык жыцця і творчасці Л. Геніюш. З песнямі на словы Л. Геніюш выступіла Таццяна Матахонава з Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Верш, прысвечаны Ларысе Геніюш, а таксама пераклад верша паэткі на рускую мову прачытаў лідскі паэт Пятро Макарэвіч.

Вершы Ларысы Геніюш чыталі і вучні суседняй лідскай СШ № 13.

Песню лідскага кампазітара С. Бугасава на словы Ларысы Геніюш выканаў хор лідскай царквы Ўсіх Святых.

Завяршыў імпрэзу лідскі бард Сяржук Чарняк, які выканаў дзве песні на словы Л. Геніюш.

Такім чынам, з лёгкай рукі Анатоля Белага на Лідчыне з’явіўся яшчэ адзін літаратурны асяродак і памятная літаратурная мясціна.

Устаноўка бюста дадала веры ўсім лідзянам, што мы ўсе разам дойдзем да Беларусі, пра якую так марыла Ларыса Геніюш, і для якой усё жыццё працаваў Анатоль Белы.

Вось жа сапраўды – Анатоля Белага даўно няма, а справа яго робіцца, бо яна правільная, бо яна святая.

 

Станіслаў Суднік, пісьменнік, журналіст,  вайсковец,

рэдактар газеты “Наша слова” і часопіса “Лідскі летапісец”