Анатоль Яўхімавіч Белы…

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 119 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

41.4%UNITED STATES UNITED STATES
29.8%BELARUS BELARUS
6.7%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4.2%AUSTRALIA AUSTRALIA
3.4%GERMANY GERMANY
2.9%POLAND POLAND
2.1%LITHUANIA LITHUANIA

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Анатоль Яўхімавіч Белы…

Не для таго твая ўся праца,

Агністы дар душы тваёй,

Каб над Радзімаю ўзняцца,

А каб яе ўзняць над сабой.

Мікола Ермаловіч.

Гутарка “Ты хочаш жыць для Беларусі”

 

Анатоль Яўхімавіч Белы…

Пра яго, а дакладней пра яго жыццёве крэда называць белае белым, а чорнае чорным, мне пашчасціла даведацца яшчэ ў далёкім 1989 годзе, калі на адным з пасяджэнняў па стварэнні Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны (ТБМ) ён даволі крытычна выказаўся аб працы тагачаснага аргкамітэта. Я не памятаю, якія канкрэтна гэта былі выказванні, але яны, як кінуты спрытнай рукой каменчык, што ўтварае хвалі на воднай роўнадзі, выклікалі ў прысутных такія хвалі эмоцый, што адразу стала цікава. А цікава таму, што знікла тая прымусова-далікатная цішыня ў зале, уласцівая тагачасным партыйным сходам і з’ездам.


 

Зразумела, што ў аўдыторыі прысутнічалі і шчырыя, але ў некаторай ступені прыгнечаныя, а можа і замбіраваныя бальшавіцкай прапагандай паслядоўнікі Францыска Скарыны і Мацея Бурачка (да якіх пэўны час адносілася і я), і тыя, што “займаліся” справай Адраджэння беларускай мовы “по долгу службы” і выконвалі загады і пастановы камуністычнай партыі, якія былі вельмі далёкія ад сапраўднага адраджэння беларускай мовы. А хутчэй за ўсё – наадварот. І раблю гэтую выснову таму, што паралельна з такімі пасяджэннямі нас, актывістаў адраджэння беларускай мовы, запрашала да сябе другі сакратар Кастрычніцкага раёна г. Мінска (упэўнена, што так было паўсюдна) і вельмі хітра тлумачыла адваротнае.

А тады мяне ўзрушыла выступленне гэтага чалавека. Ён гаварыў смела, нават у нейкай ступені звышпатрабавальна, але справядліва (што адчувалася па рэакцыі прысутных). Але, відаць, не ўсе яны ведалі выступоўцу, таму па зале шалясцела пытанне “Хто гэта?” Задала такое пытанне і я свайму суседу – вельмі актыўнаму маладому чалавеку (пазней даведалася, што гэта быў Вінцук Вячорка). І ён даў даволі вычэрпальную, прыблізна такую характарыстыку: гэта Анатоль Белы, арганізатар клуба “Спадчына”; ён мае калекцыю карцін і скульптур беларускіх мастакоў, якіх не лашчыць улада, захоўваецца калекцыя ў яго дома і ў падвале (гэта мяне ўразіла асабліва); яго выступленні заўсёды такія бескампрамісныя.

Потым была сумесная праца ў Мінскай гарадской радзе ТБМ пад кіраўніцтвам такога ж змагара прафесара Міколы Савіцкага. Я вяла пратаколы пасяджэнняў, таму маю права сцвярджаць, што Анатоль Яўхімавіч ніколі без прычыны не прапускаў пасяджэнняў рады, прапановы яго былі слушнымі і даволі смелымі. Нельга не ўспомніць, як нялёгка яму і яго памочніку Міколу Лавіцкаму прыйшлося пралазіць праз “ігольныя вушкі” партыйна-чыноўніцкай сістэмы, каб у належны час адправіць помнік Максіма Багдановіча ў расійскі горад Яраслаўль і ўстанавіць яго там.

Анатоль Яўхімавіч заўсёды запрашаў сяброў рады на розныя імпрэзы, якія ладзіў клуб, а потым я, пазнаёміўшыся бліжэй з дзейнасцю клуба, стала яго сябрам, а праз некаторы час і сакратаром.

Не магу дасканала ведаць, калі і якімі шляхамі ішоў Анатоль Яўхімавіч да ўсведамлення, што яго місія – адраджаць і захоўваць спадчыну ў шырокім сэнсе гэтага паняцця, а значыцца садзейнічаць насельнікам Беларусі ў кансалідацыі ў самадастатковую нацыю. Але я ведала яго толькі такім.

Унікальнасць гэтага чалавека і ў тым, што яму ўдавалася неяк асабліва ўздзейнічаць на субяседніка, згуртоўваць вакол сябе людзей неабыякавых да лёсу сваёй Радзімы. Дыяпазон яго дасведчанняў быў такі шырокі і глыбокі, што яму, як кажуць, па плячу, было весці дыскусію па праблемах філасофіі і гісторыі, культуры і навукі, па сацыялагічных і палітычных пытаннях. Нешта ж было ў здольнасцях Анатоля Яўхімавіча незвычайнае, харызматычнае, што прыцягвала да яго навукоўцаў, гісторыкаў, мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў, асветнікаў, палітыкаў і іншых людзей, і яны супрацоўнічаалі з ім. Ён нечаму вучыўся ў іх, а яны – ў яго, і такі тандэм яшчэ больш спрыяў справе нацыянальнага адраджэння.

А як ён знаходзіў паразуменне з моладдзю! Ён ведаў многіх маладых актывістаў, актыўную пазіцыю ў справе адраджэння Бацькаўшчыны Камітэтам Ушанавання ўзнагароджваліся памятнымі медалямі.

Хіба не з’яўляецца ўнікальнасцю існаванне культурна-асветніцкага клуба “Спадчына” пад кіраўніцтвам Анатоля Яўхімавіча на працягу чвэрці стагоддзя, ды яшчэ ў такіх архіскладаных абставінах, калі чужыя на цябе ціснуць, а свае часам не разумеюць? Анатоль Яўхімавіч гаварыў, што першапачаткова збіральніцтва было як бы яго хобі, але ён хутка зразумеў, што стаць свядомым калекцыянерам твораў беларускага мастацтва, умець вызначаць сапраўды нацыянальнае, можна толькі пры паглыбленні ведаў у рэчышчы беларускай гісторыі. Таму клуб “Спадчына” гуртаваўся з людзей, для якіх валоданне звесткамі беларускай гісторыі было не проста багажом іх навуковай дзейнасці, а якія праз свае сэрцы прапускалі ўсе складанасці існавання беларускай дзяржавы са старажытных часоў.

Арганізацыю выставак са свайго збору мастацкіх твораў Анатоль Яўхімавіч пачаў яшчэ ў далёкім 1984 годзе. Іх тэматыка – “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі”, “Францыск Скарына”, “Максім Багдановіч”, “Дзеячы беларускага замежжа”, “Уладары старажытнай Беларусі”, “Любіць Радзіму – шанаваць родную мову”, “Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах”, “Медальернае мастацтва Беларусі” і іншыя – з аднаго боку садзейнчала адраджэнню самасвядомасці беларусаў, а з другога – вельмі насцярожвала камуна-імперскую пазіцыю “старэйшага брата”: ”Хто ён такі, гэты Каліноўскі? Адкуль узяліся ўладары акрамя нас?”

Але ўсе калдобіны і перашкоды пераадольваліся. Сябры клуба былі паплечнікамі свайму старшыні, а ён – іх натхняльнікам і дарадцам ў агульнай пачэснай справе.

З усёй адказнасцю і сур’ёзнасцю да дзейнасці клуба “Спадчына” можна аднесці наступныя словы:

Сёння ў нас няма больш важнай справы,

Як Радзіме гонар здабываць,

Сёння шлях адзін ісці да славы –

Беларусь з бясслаўя падымаць.

Мікола Ермаловіч. “Шлях да славы”

1997 год. Беларусь лічыцца незалежнай краінай. Але… Нацыянальнае адкінута, у Беларусі актыўна прапагандуецца ідэя славянскага саюзу, у якой яскрава дамінуе вялікадзяржаўны расійскі шавінізм. Беларускія ўлады падтрымліваюць, праслаўляюць і ўзнагароджваюць толькі тых, хто верна служыць гэтай ідэі і душыць усё нацыянальнае. Афіцыйныя СМІ, уладныя структуры і ўстановы замоўчваюць, нават шальмуюць дзеянні сапраўдных змагароў за свабоду і незалежнасць Радзімы. Як можна супрацьстаяць гэтаму маральнаму ціску? Як ушанаваць дзеянні лепшых прадстаўнікоў нацыі?

Анатоль Яўхімавіч шукае выйсце і знаходзіць: 1 сакавіка 1997 года пры клубе “Спадчына” ствараецца грамадскі Камітэт Ушанавання, мэта якога – узнагароджваць людзей за канкрэтную дзейнасць дзеля незалежнасці Беларусі і адраджэння нацыянальных каранёў, і заносіць іх імёны ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”. Быў зацверджаны першы склад Камітэта Ушанавання: старшыня – Анатоль Белы, мастацтвазнаўца, калекцыянер; заступнікі: доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч; сябры: паэт Рыгор Барадулін, пісьменнік Васіль Быкаў, гісторык, літаратуразнаўца, паэт Мікола Ермаловіч, доктар гістарычных навук, археолаг, гісторык-медыявіст Георг Штыхаў, доктар юрыдычных навук, прафесар Язэп Юхо.

Усяго з 25. 3.1997 г. па 24.11.2010 г. было ганаравана 216 чалавек.

Аўтарамі стварэння ўзнагарод (ордэна, медалёў, срэбнага пярсцёнка, кубкаў), усяго па 32 намінацыях, былі мастакі і скульптары: М.Байрачны, Ю.Гузінаў, Р.Іваноў, Р.Конан, А.Міхалевіч, У.Мелехаў, А.Мірончык, М.Несцярэўскі, Л.Пакульніцкі, В.Прыешкін, У.Слабодчыкаў, А.Фінскі, Л.Хараберуш, А.Шаціла.

А якіх маральных і фізічных сіл і намаганняў каштавала Анатолю Яўхімавічу і яго сям’і будаўніцтва і адкрыццё музея, ды яшчэ з такой колькасццю экспанатаў? І не толькі справа ў колькасці, але і ў тым, што ўся экспазіцыя музея мае адну накіраванасць, адно духоўнае багацце – беларускасць. У гэтым пераконваешся, калі толькі пазнаёмішся з прынцыпам размяшчэння экспанатаў – “Жывапісная Беларусь”, “Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах”, “Скульптура і медальерная кераміка”, ”Гісторыя Беларусі ў графіцы” (“Старажытная Беларусь”, “Змагарная Беларусь”, “Маладая Беларусь”), “Любіць Радзіму, шанаваць родную мову” і інш. Ёсць у музеі экспазіцыі і стэнды, прысвечаныя слынным беларусам і незабыўным гераічным падзеям.

Перш, чым закончыць разважанні пра музей, трэба дадаць, што Анатоль Яўхімавіч лічыў герб “Пагоня” і першадрукара Францыска Скарыну галоўнымі сімваламі Беларусі, таму выява старажытнага герба і партрэт Францыска Скарыны размешчаны такім чынам, што кожны наведвальнік, хоча ён гэтага ці не хоча, перш, чым знаёміцца далей з экспазіцыяй музея, павінен схіліць перад імі галаву. А гэтыя творы-сімвалы нібы прымушаюць кожнага засяродзіць увагу і падрыхтаваць сябе да віртуальнай вандроўкі ў мінулае Бацькаўшчыны і рабіць высновы для яе будучага.

Доктар гістарычных навук Захар Шыбека у артыкуле “Чаму беларускія вуліцы носяць расійска-савецкія імёны?” (“Народная воля” 25.05 2012 г.), падымаючы пытанне аб увекавечванні і захаванні памяці аб героях гісторыі і нацыянальных героях, пералічвае помнікі, пастаўленыя героям нацыянальнай гісторыі ў беларускіх гарадах. Вынік наступны: 12 помнікаў з 39 пералічаных усталяваны з выключным удзелам Анатоля Яўхімавіча Белага. А калі дадаць тое, што не ўсе помнікі ўпамянуты, што на ўстаноўку яшчэ некаторых помнікаў і памятных крыжоў ў розных кутках Беларусі было, як кажуць, благаславенне Анатоля Яўхімавіча, то больш не патрэбны другія словы і факты.

Цяпер своечасова паставіць пытанне: “Ці была карысць Анатолю Яўхімавічу і яго сям’і ад усталявання помнікаў, ад стварэння і існавання музея? Які прыбытак ён меў ад таго, што вельмі нямала людзей з розных куткоў Беларусі і замежжа прыязджала ў гэты музей, ўнікальны і па свайму стварэнню, і па сваёй прыналежнасці, і па размяшчэнню экспанатаў. Думаю, што ў кожнага, хто быў у Старадарожскім мастацкім музеі Анатоля Белага, хто так блізка сваімі вачыма і сваім сэрцам убачыў старажытную і сучасную Беларусь, каго хлебасольныя гападары яшчэ і пачаставалі, адказ будзе толькі адмоўным.

Немагчыма адкінуць і тое, што Анатоль Яўхімавіч, разумеючы значнасць у наш час такога інфармацыйнага сродку як інтэрнэт-прастора, прыклаўшы вельмі нямала арганізацыйных намаганняў (а тут і фізічныя, і маральныя, і матэрыяльныя затраты) зрабіў тое, каб як мага больш людзей ва ўсім свеце даведалася пра нашу сапраўдную Беларусь, старажытную і сучасную, пра дасягненні нашых продкаў і сучаснікаў у розных галінах навукі і культуры, пра змаганне за незалежнасць і захаванне роднай мовы, пра неадольнае жаданне і імкненне народа “людзьмі звацца”. Аб гэтым сведчыць пастаянная і зусім не мізэрная колькасць наведвальнікаў на сайтах клуба “Спадчына”. Бо толькі на старонках гэтага сайта можна ўбачыць творы мастака Аляксея Пятрухны, многія творы дынастыі мастакоў Ціхановічаў (Уладзіслава Галубка, Яўгена, Валянціна, Генрыха і Яна Ціхановічаў), Міхася Карпука, Міколы Несцярэўскага, Анатоля Крывенкі, Алеся Цыркунова і інш. Прадстаўлены на сайтах відэаматэрыялы, гістарычныя, публіцыстычныя і навуковыя матэрыялы, народны каляндар, народныя песні і іншыя звесткі.

Трэба адзначыць, што ў адкрыццё сайтаў вялікі ўклад ўнесла іменна моладзь, і тут ужо Анатолю Яўхімавічу прыходзілася вучыцца ў маладых людзей. Практыка паказала, што і з гэтымі новымі інфармацыйнымі сродакамі ён справіўся.

Часам Анатоля Яўхімавіча дакаралі ў тым, што ён прагне славы і пашаны. Звернемся спачатку да слоўніка С.Ожэгава: “Честолюбие – жажада известности, почестей, стремление к почетному положению”.

Але… Калі гэтая рыса характару спалучана з гатоўнасцю чалавека самааддана працаваць для дасягнення высакароднай мэты (а ў Анатоля Яўхімавіча такая мэта была!), а не дзеля кар’еры, то такое імкненне да пашаны з’яўляецца станоўчай асобаснай якасцю, бо натхняе людзей на подзвігі, дадае ім вынаходніцтва, дапамагае пераадольваць цяжкасці.

І яшчэ… Не могуць жа добрыя справы ўзнікаць, існаваць і быць услаўленымі самі па сабе, а толькі разам з чалавекам, які іх здзейсніў.

Калі не сказаць, што Анатоль Яўхімавіч быў настойлівы, то можна нічога не сказаць. Толькі яго настойлівасць не была імпульсіўнай, не была раднёй амбіцыйнай упартасці, а грунтавалася на паслядоўным і цвёрдым перакананні ў тым, што ён робіць справу патрэбную, вельмі важкую для яго Бацькаўшчыны. “Я раблю гэта для Беларусі”, – такі быў яго адказ на многія пытанні.

А дасягаў Анатоль Яўхімавіч сваёй мэты таму, што ў яго былі дастаткова моцныя і ўстойлівыя матывы, якія закраналі глыбінныя патрэбнасці яго асобы, і, спалучаючыся з працай, настойлівасцю і цярпеннем, давалі такія станоўчыя вынікі.

Уласцівымі былі Анатолю Яўхімавічу і такія асобасныя якасці, як прадпрымальнасць і знаходлівасць. Добрыя адносіны і шырокія знаёмствы з людзьмі розных прафесій і розным статусам у грамадстве, а таксама перакананасць у патрэбнасці сваёй справы для Беларусі, давалі яму магчымасць прыцягваць гэтых людзей, калі прама, а калі і ўскосна, да аказання матэрыяльнай і фінансавай падтрымкі ажыццяўлення праектаў. Але гэта не была простая формула: “Ты – мне, я – табе”, гэта былі больш складаныя адносіны: “Я – табе, ты – для маёй і сваёй Бацькаўшчыны”. І яшчэ, на маю думку, Анатолю Яўхімавічу не была уласціва беспадстаўная сарамлівасць: калі яму, напрыклад, адказвалі ў фінансавай падтрымцы для стварэння помніка, то ён не бянтэжыўся, а шукаў другія шляхі (я ведаю канкрэтныя прыклады, але не лічу патрэбнымі іх агучваць). Ён проста працаваў з людзьмі!

Гэта і ёсць адказ на пытанне, якое некаторым вельмі муляла: “Адкуль Белы бярэ грошы?”

Ці былі ў Анатоля Яўхімавіча адмоўныя рысы характару? А ў каго іх няма? Мог ён часам і не стрымацца, і рэзкае слова кінуць, і прылюдна сказаць чалавеку непрыемную праўду пра яго. Але… Што лепш? Сказаць праўду чалавеку ў вочы, ці недзе ціхенька за яго плячыма шаптаць, вышукваючы ў яго тыя ці іншыя грахі і заганы? Анатоль Яўхімавіч не вышукваў заган у другіх, ён проста не мог паважаць людзей, у якіх словы і справы разыходзіліся ў розныя бакі.

Я заўсёды прытрымліваюся думкі, што перш чым кінуць камень у чужы агарод, трэба аглядзецца, ці не ляціць ужо ён у твой з другога боку.

І яшчэ не шкодзіла б кожнаму з нас, хто лічыць сябе адраджэнцам Бацькаўшчыны, адкінуць вельмі далёка-далёка свае бясплодныя, везвыніковыя амбіцыі ў дачыненні да справы другіх, бо тады шлях да Беларусі будзе настолькі доўгім, што у канцы тунэля можа аказацца не святло, а тупік.

Калі коратка прааналізаваць гэты шлях Анатоля Яўхімавіча, то нельга не заўважыць тых вех, якія сталіся вынікамі яго дзейнасці і якія з кожным крокам ускладняліся і станавіліся набыткам усё больш шырокага кола людзей: спачатку простае збіральніцтва мастацкіх твораў, затым арганізацыя тэматычных выставак з мэтай паказаць сапраўдную гісторыю Беларусі, далей – аб’яднанне аднадумцаў у культурна-асветніцкі клуб “Спадчына” і шматгадовая праца клуба (лекцыі, сустрэчы, вандроўкі, выданне кніг і альманахаў, стварэнне і ўсталяванне помнікаў і інш), потым, як вынік папярэдніх дасягненняў, адкрыццё ўнікальнага Старадарожскага мастацкага музея і правядзенне ў ім экскурсій і, нарэшце, стварэнне сайтаў. Вядома, працаваў ён не адзін, але ён сабраў і арганізаваў людзей для гэтай працы. І яшчэ, не трэба крывіць душою, а знайсці адвагу і адкрыта паглядзець праўдзе ў вочы – без яго нічога гэтага не было б!

Кожны змагар дасягае пэўнай вышыні і станоўчага выніку ў сваёй дзейнасці толькі тады, калі ў яго надзейныя тылы. А тылы ў Анатоля Яўхімавіча былі надзейнымі! Але чаму былі? Яны і застаюцца, бо справу яго прадаўжаюць!

Гэта, перш-наперш, яго жонка Ала Мікалаеўна. Гэтая прыгожая, разважлівая, спакойная, але моцная духам жанчына, ішла поруч са сваім мужам, разумела значнасць яго дзейнасці для Беларусі, якая стала ёй другой Радзімай, падтрымлівала ўсе яго праекты. Часам зусім не лёгка было і маральна, і ў бытавым аспекце, але яна ведала, што яе Толя не выбірае лёгкіх шляхоў, якія вядуць да Беларусі, і дапамагала яму. Ала Мікалаеўна сваім уменнем глыбока адчуваць настрой чалавека і прынцыпам “не нашкодзіць”, дадзенымі ёй ад Бога, стварала такую сямейную атмасферу, што цяжкасці пераносіліся намнога лягчэй. Яна, як ніхто другі, ведала , што ўся дзейнасць яе мужа накіравана не на асабістае абагачэнне і выгаду, не на спатоленне асабістых амбіцый, а на дасягненне высакароднай і пачэснай мэты – захаванне спадчыны нашых продкаў, якая з’яўляецца стрыжнем у павышэнні самасвядомасці і абуджэнні патрыятычных пачуццяў народа і адраджэнні нацыі, а значыць, паказаць усяму свету Беларусь такой, якой яна была і ёсць на самай справе.

Гэта дачка Святлана і яе муж Віталь, якія з’яўляліся галоўнымі дарадцамі і фундатарамі ў стварэнні помнікаў слынным беларусам, будаўніцтве Старадарожскага мастацкага музея і іншых праграм па адраджэнню духоўнай спадчыны. Пэўна, лічыць і не пералічыць тых размоў паміж дачкою і бацькам, падчас якіх яны выказвалі адзін аднаму свае думкі-мары, раіліся, супастаўлялі магчымасці і немагчымасці, якія могуць узнікнуць пры ажыццяўленні таго ці іншага праекта! А колькі фізічных і маральных высілак і матэрыяльных сродкаў спатрэбілася ім, каб пабачыў свет цудоўны каталог “Раскрылі крылы музы”. Святлана Анатольеўна ведала, што Анатоль Яўхімавіч ужо госць на гэтай зямлі, таму зрабіла неверагоднае – за такі кароткі тэрмін змагла арганізаваць выхад кнігі, каб яе любімы тата паспеў патрымаць яе ў руках!

Як цёпла, надзвычай сардэчна і часта гучалі словы “мой тата”, калі Святлана Анатольеўна выступала падчас прэзентацыі каталога. Я ўпэўнена, што такія адносіны да родных людзей і да сваёй Радзімы, яна атрымала ў спадчыну ад бацькоў, а ўдасканальвалася ўсё гэта ў працэсе выхавання яе ў сям’і.

Не магу не ўспомніць Алеся – унука Анатоля Яўхімавіча, з якім мне давялося сустракацца некалькі разоў ды весці сур’ёзныя для яго ўзросту размовы. Раблю выснову, што ён вельмі любіў дзядулю, які змог яму прывіць любоў да Беларусі, якая, па аб’ектыўных абставінах не з’яўляецца яго малой радзімай, але з’яўляецца зямлёй, у якой вельмі глыбока знаходзяцца карані продкаў ягонага дзядулі, а значыцца і яго крэньчыкі.

Вось такім я ведала і запомніла Анатоля Яўхімавіча Белага. Ён не быў цёплым, бо ў некаторых выпадках цеплыня з’яўляецца пажыўным асяроддзем для бацыл і мікробаў. Ён быў ці гарачым, ці халодным! Гарачым ён быў у адносінах да спраў дзеля адраджэння і самастойнасці беларускай нацыі, халодным – да ўсіх тых праяў у канкрэтным чалавеку і ў грамадстве, якія стаялі ўпоперак на гэтым шляху адраджэння.

А гэта ўжо не загана, гэта – подзвіг, здзейснены Асобай.

Анатоль Яўхімавіч Белы і быў Асобай нашага часу, і застанецца ёю ў будучым!

Ён не гаварыў, ён працаваў натхнёна, самааддана, бескарысліва. Як Данко, спальваючы сваё сэрца, нёс ён агонь любові да Сваёй Бацькаўшчны скрозь церні варожасці, непаразумення, часам адкрытай здрады і знявагі. Але ён ішоў, і за ім ішлі! Сваім прыкладам Анатоль Яўхімавіч паказаў, што кожны з нас можа вельмі многае зрабіць для Беларусі, для сваіх нашчадкаў. Галоўнае – гэта жаданне быць гаспадаром сваёй душы і сваёй зямлі.

Наступнае чатырохрадкоў’е было прысвечана яму пры жыцці, але я хачу паўтарыць яго і цяпер:

Ён ад прыроды ўдаўся смелы,

Няўрымслівы, напорысты да краю.

Як не чарні – ён будзе Белы!

І тэзу гэту абвяргаць не раю!

2008 г.

 

Жыве Беларусь! І няхай жыве Памяць аб яе сыну – Анатолю Яўхімавічу Белым!

ліпень 2012 г.

Надзея Сармант, ветэран педагагічнай працы

 

* * *