Наш славуты зямляк

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 481 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.6%UNITED STATES UNITED STATES
25.8%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Наш славуты зямляк

Сокровища душевной красоты

Совмещены в нем были благодатно.

А.Н.Некрасов

 

Наш славуты зямляк

 

Мы з сям’ёй пераехалі ў горад Старыя Дарогі ў 1967 годзе: майго мужа Алега Сцяпанавіча Мурашку партыя накіравала сюды працаваць старшынёй райвыканкама – ствараўся Старадарожскі раён. Тут у нас былі ўжо знаёмыя і нават сябры – сям’я Белых: Вольга сямёнаўна і Яўхім Фёдаравіч, бо з Яўхімам Фёдаравічам бацька Алега Сцяпан Прохаравіч сябравалі ўсё свядомае жыццё.


 

Вядома, што мы адразу пасябравалі і з бацькамі і з іх дзецьмі. Асабліва цесныя сувязі ў нас устанавіліся з Анатолем Яўхімавічам Белым, малодшым сынам сям’і Белых. Анатоль Яўхмавіч у гэты час жыў у Мінску, працаваў выкладчыкам марксісцка-ленінскай філасофіі ў БДУ і часта прыязджаў да бацькоў у Старыя Дарогі. І ніколі не было такога выпадку, каб яны не сустрэліся з Алегам Сцяпанавічам.

Анатоль Яўхімавіч быў цікавым субяседнікам, добрым і вельмі адукаваным чалавекам з тонкім пачуццём гумару, гарачым патрыётам Беларусі. Як толькі яны сустракаліся, дык наша хата ператваралася ў вучэбную аудыторыю.

– Маё крэда, – гаварыў Алег Сцяпанавіч, – працоўнаму чалавеку – стваральніку ўсіх зямных даброт – дастойнае чалавечае жыццё.

– Поўнасцю з Вамі згодзен, – гарачыўся Анатоль Яўхімавіч, – Трэба, каб чалавек сваёй працай змог стварыць сабе ўмовы для нармальнага жыцця. Гэта і ёсць адна з найважнейшых дзяржаўных задач.

У іх была роднасць душ. Яны кожны па-свойму любілі Беларусь, шмат аб чым гаварылі, спрачаліся на розныя тэмы.

Анатоль Яўхімавіч вельмі любіў менавіта ўсё беларускае і даказваў, што Беларусь і беларусы – самая таленавітая нацыя ў с веце, што гісторыя Беларусі яшчэ не поўнасцю вывучана. Менавіта беларусы далі свету Францыска Скарыну, Еўфрасінню Полацкую, Тадэвуша Касцюшку, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. А колькі маладых талентаў у нас падрастае! Які патэнцыял мае беларускі народ!

Алег Сцяпанавіч пярэчыў, што другія нацыі не горшыя і прыводзіў прыклады, і нарэшце, згаджаліся з тым, што ленінская нацыянальная палітыка правільная. У кожнай нацыі ёсць свае таленты, свая культура, якую трэба шанаваць і развіваць, бо гэта – душа народа.

Нашы дзеці, Ігар і Люда, слухалі гэтыя “вучоныя спрэчкі” і многае, мабыць, “лавілі” для сябе. Ігар стаў навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, вельмі любіць сваю работу. Людміла – кандыдат юрыдычных навук, працуе ў Канстытуцыйным судзе РБ.

Думаю, што Анатоль Яўхімавіч аказаў свой жыватворчы ўплыў не на адзін старадарожскі лёс… Жаданым госцем быў Анатоль Яўхімавіч і ў школах горада. Вучні з цікавасцю слухалі яго выступленні і лекцыі. У яго было моцнае пачуццё зямляцтва. Анатоль Яўхімавіч быў таленавітым педагогам і з цеплынёй ставіўся да сваіх землякоў, асабліва хутка знаходзіў агульную мову з моладдзю і дзецьмі.

– Гэта быў чалавек-матор, – гаварылі аб ім яго сябры. – Ён імкнуўся дапамагчы кожнаму.

Асабліва праявіўся яго талент арганізатара ў час стварэння ўласнага мастацкага музея.

Здарылася няшчасце. Памерлі бацькі Анатоля Яўхімавіча. Хата бацькоўская апусцела. Анатоль Яўхімавіч вырашыў на сваёй сядзібе стварыць мастацкі музей. Алег Сцяпанавіч горача падтрымаў ідэю. Пачалося будаўніцтва. Алег Сцяпанавіч быў першым дарадчыкам і памочнікам Анатоля Яўхімавіча. Яны не разлучаліся. Усюды хадзілі і ездзілі разам, раіліся, як лепш будаваць, як размясціць экспанаты. Вельмі многа ім дапамагала жонка Анатоля Яўхімавіча Ала Мікалаеўна. Яе Алег Сцяпанавіч вельмі паважаў і заўсёды прыслухоўваўся да яе парад.

– Карысную справу ты робіш для людзей, Анатоль Яўхімавіч, – не раз хваліў Алег Сцяпанавіч. – У Маскве – Траццякоўская галерэя, а ў Старых Дарогах – музей Белага. Будуць сюды прыязджаць і прыходзіць людзі. Нездарма кажуць, што прыгажоссць уратуе свет.

Мастацкі музей у Старых Дарогах ужо даўно працуе. Сюды з цікавасцю прыходзяць наведвальнікі. Прыязджаюць экскурсіі з суседніх гарадоў і вёсак і нават замежныя госці. Уся сядзіба Белых – гэта мастацкі музей. Тут помнікі вялікім людзям Беларусі. Усё зроблена з вялікім густам і любоўю Анатолем Яўхімавічам і яго прыгожай жонкай Алай Мікалаеўнай.

Жыхары горада і вучні школ з павагай адносяцца да сядзібы-музея Белых. Ніколі ніхто не пасмеў што-небудзь парушыць ці сарваць кветачку – значыць людзі разумеюць і цэняць дцшэўныя сілы, якія затрацілі Анатоль Яўхімавіч, Ала Мікалаеўна і іх шматлікія верныя памочнікі, каб стварыць гэты цуд на старадарожскай зямлі.

На вялікі жаль жорсткая смерць вырвала з нашага жыцця усімі намі любімага і паважанага Анатоля Яўхімавіча Белага. Праводзіць яго ў апошні шлях сабраліся ўсе жыхары горада Старыя Дарогі. Прыехалі людзі са Слуцка, Салігорска, Мінска. Мора вянкоў, кветак… І мітынгі, прамовы, прамовы, перамешаныя слязьмі…

Мітынг каля сядзібы-музея. Гавораць члены клуба “Спадчына”, бяссменным старшынёй якога быў Анатоль Яўхімавіч, гавораць сябры, блізкія. Пахавальная працэсія расцягнулася да самых могілак. Развітальныя словы на могілках… Праявіўшы вялікую мужнасць, гаворыць-развітваецца з бацькам дачка Анатоля Яўхімавіча і Алы Мікалаеўны Святлана Анатольеўна Белая-Мартынюк, якая прыляцела з Амерыкі на пахаванне бацькі. Усе плачуць, усім шкада Анатоля Яўхімавіча, усе развітваюцца назаўсёды… Боль у сэрцы кожнага…

На памінальнай вячэры зноў прамовы не сціхаюць ні на хвіліну. Усім хочацца ўспомніць Анатоля Яўхімавіча добрым словам: адзін прамоўца садзіцца, тут жа ўстае другі. Выказваюць шчырыя спачуванні Але Мікалаеўне і іх любімай дачцэ Святлане Анатольеўне. Усіх аб’яднала агульнае гора. Родзічы трымаюцца разам. Сябры развітваюцца з родзічамі і сям’ёй Анатоля Яўхімавіча. Іншагароднія госці не спяшаюцца, марудзяць з ад’ездам дамоў… Кожны гаворыць: “Царства нябеснае і вечная памяць Анатолю Яўхімавічу!”

* * *

Какой светильник разума угас!

Какое сердце биться перестало!..

Плачь белорусская земля, но и гордись!

 

Беларусь развіталася са сваім верным сынам, лепшым прадстаўніком беларускага народа. Анатоль Яўхімавіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: быў членам Саюза мастакоў Беларусі, Саюза беларускіх пісьменнікаў, дыпламантам Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра (Англія), ганаровым членам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Жыхары Старадарожскага раёна свята шануюць памяць аб Анатолю Яўхімавічу Белым і вельмі ганарацца, што, менавіта, у Старых Дарогах ёсць адзіны мастацкі прыватны музей Беларусі, які стварыў наш славуты зямляк Анатоль Яўхімавіч Белы.

Не! Анатоль Яўхімавіч не памёр! Чалавек жыве датуль, пакуль яго памятаюць. Яго справы і яго жыццё будуць прадаўжаць яго любімыя ўнук Алесік, дачка Святлана, зяць Віталій і цудоўная жонка, верны сябар Ала Мікалаеўна. І мы, сябры, яго ніколі не забудзем.

У сэрцах старадарожцаў захаваецца ўдзячная вечная памяць аб славутым земляку Анатолю Яўхімавічу Белым.

Хай будзе яму пухам старадарожская зямля, якую ён так любіў.

Вечная памяць.

 

29 сакавіка 2012 г.

Мурашка Яніна Аляксандраўна,

выдатнік асветы Беларусі,

былы дырэктар СШ №2 г. Старыя Дарогі,

жыхарка г. Слуцка