БАЛАДА ЕФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ (каля 1101—23 ці 25.05.1167)
Ад Полацка да Іерусаліма, Нібы святы агонь, твая дарога. У сэрцы і за спінаю—Радзіма І прад табою Бог і ўсё ад Бога...
А ты ж магла жыццё пражыць князёўнай, Купляць сяброў і прадаваць каханне, І слёзы ліць ад музыкі чароўнай Ружовага, нібыта сон, світання, Ад мужа ўцёкшы п’янага й старога.
І не шкадуеш ты, што ў цеснай келлі Ты думаеш пра родны край і Бога Каля вакна, дзе галубы паселі І слухаюць малітвы і ўзлятаюць Над Беларуссю, да якой шукаюць Усе дарог, каму ёсць не за морам, А тут—зямное шчасце, без якога Не стаць тутэйшым і не стаць святою...
Нібы малітва, праз жыццё дарога Твая не зарасце палын-травою, А стане вечным крыжам Ефрасінні, Які шукаць, губляць, ізноў знаходзіць Нам на зямлі, якую не пакіне Ніколі Бог, бо ён жыве ў народзе, Як ты жывеш у нашае Айчыне...
|