БАЛАДА МІНДОЎГА (1195—1263)
...Як ланцугі, звіняць касцёльныя званы І вестка, што не будзе болей тут вайны, Нібыта ў вочы пыл ляціць, ляціць крылата. Гуляй хто можа!—у Новагародку свята— Каронай каралеўскай князь каранаваны, І ўжо Еўропай родны край і мы прызнаны, Ды крыжакам усё ахвота біцца з намі І будзем мы за волю біцца з крыжакамі І на магілах нашых вырасце палын, Як воі вырастаюць, каб зноў стаць травою. Ты-- князь Міндоўг і ты, як родны край, адзін І сёння ты з каронай цяжка-залатою, Але часова ўсё, як дзень, як ноч, зіма, Як вера, ад якой ты заўтра адрачэшся, Бо ёсць твой шлях, а іншага ў цябе-- няма, І на шляху ёсць здрада, над якой смяешся Цяпер, хоць заўтра—смерць. Ты не баішся смерці. І пройдзе час... Як з белага нам белае не сцерці, Не знішчыць нас!
|