ЎСЕ БАЛАДЫ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 57 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

85.2%UNITED STATES UNITED STATES
7%BELARUS BELARUS
1.7%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.4%GERMANY GERMANY
1%KUWAIT KUWAIT
0.3%POLAND POLAND
0.3%LITHUANIA LITHUANIA

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
ЎСЕ БАЛАДЫ
БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ

 


БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ


БАЛАДА ЕФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ
(каля 1101—23 ці  25.05.1167)


Ад Полацка да Іерусаліма,
Нібы святы агонь, твая дарога.
У сэрцы і за спінаю—Радзіма
І прад табою Бог і ўсё ад Бога...

А ты ж магла жыццё пражыць князёўнай,
Купляць сяброў і прадаваць каханне,
І слёзы ліць ад музыкі чароўнай
Ружовага, нібыта сон, світання,
Ад мужа ўцёкшы п’янага й старога.

І не шкадуеш ты, што ў цеснай келлі
Ты думаеш пра родны край і Бога
Каля вакна, дзе галубы паселі
І слухаюць малітвы і ўзлятаюць
Над Беларуссю, да якой шукаюць
Усе дарог, каму ёсць не за морам,
А тут—зямное шчасце, без якога
Не стаць тутэйшым і не стаць святою...

Нібы малітва, праз жыццё дарога
Твая
        не зарасце палын-травою,
А стане вечным крыжам Ефрасінні,
Які шукаць, губляць, ізноў знаходзіць
Нам на зямлі, якую не пакіне
Ніколі Бог, бо ён жыве ў народзе,
Як ты жывеш у нашае Айчыне...



БАЛАДА КІРЫЛЫ ТУРАЎСКАГА
(каля 1113—пасля 1190)


Мінае травень… Ліпень… Лістапад… Зноў снежань
З нябёс самотай белай на людзей імжыць.
А ты замураваны ў манастырскай вежы,
Каб толькі Слову, Слову божаму служыць.

І Тураў твой ад снегу, як ад квету, белы,
І толькі Храмаў купалы сярод нябёс,
Нібы вуголле ў снезе, на сусвет наш цэлы
Зіхцеюцца пад сонцам, страшачы мароз.

З малітваю глядзіш на родныя прасторы
І верыш, што твой край ніколі і нікім
Не будзе зваяваны і не змоўкне ў горы,
Не знікне, як знікае па-над свечкай дым,

Якая прад табой гарыць і асвятляе
Душу, як свет, і свет, нібы тваю душу,
Дзе Бог жыве і Беларусь жыве святая,
Якая стане белай, як пасля дажджу

Вясновы ціхі сад, што чорным быў, бялее
Ад квецені густой, нібыта белы Храм,
Дзе Слова, як анёла, ты душой сагрэеш
І Слова паляціць да нас, і светла нам

У свеце чорным будзе, у якім сягоння
Ёсць наша Беларусь, а з ёю ёсць і ты,
І ў беларускім небе, нібы на іконе,
Хто ў Бога шчыра верыць, бачыць лік святы,
Як бачыў ты…



БАЛАДА МІНДОЎГА
(1195—1263)


...Як ланцугі, звіняць касцёльныя званы
І вестка, што не будзе болей тут вайны,
Нібыта ў вочы пыл ляціць, ляціць крылата.
Гуляй хто можа!—у Новагародку свята—
Каронай каралеўскай князь каранаваны,
І ўжо Еўропай родны край і мы прызнаны,
Ды крыжакам усё ахвота біцца з намі
І будзем мы за волю біцца з крыжакамі
І на магілах нашых вырасце палын,
Як воі вырастаюць, каб зноў стаць травою.
Ты-- князь Міндоўг і ты, як родны край, адзін
І сёння ты з каронай цяжка-залатою,
Але часова ўсё, як дзень, як ноч, зіма,
Як вера, ад якой ты заўтра адрачэшся,
Бо ёсць твой шлях, а іншага ў цябе-- няма,
І на шляху ёсць здрада, над якой смяешся
Цяпер, хоць заўтра—смерць. Ты не баішся смерці.
І пройдзе час...
Як з белага нам белае не сцерці,
Не знішчыць нас!



БАЛАДА ВІЦЕНЯ
(?--каля 1316)


Пагоня… Імчыцца пагоня, імчыцца
Наперадзе князь на бялюткім кані
І меч у яго, быццам бы бліскавіца,
І вораг, як травы сухія ў агні,
Знікае з палёў, што спрадвеку святыя,
Як нашая кроў, што праліта была
За волю, за княства, за мову, якія
Для нас, як у цемры шляхі да святла.

Пагоня… Імчыцца пагоня, імчыцца,
І літасці просіць у князя чужак.
І вые ўсю ноч, нібы плача, ваўчыца
І капае кроў, як вуголле, з крыжа,
І ведае князь-- ад маланкі загіне
І будзе з “Пагоняй” над замкамі сцяг
Крыляць, як анёл у самотнай Айчыне,
Як радасць у сэрцах і слёзы ў вачах…



БАЛАДА ГЕДЗІМІНА
(1275—1341)


Нібыта смерць, халодная зіма
І ў Вільню аніхочацца вяртацца,
Бо ўсё замецена, і ўжо віна няма,
І ў замку не збіраюцца здавацца.
І ты на замак, як на сон, глядзіш
Праз белы снег, нібыта праз самоту,
І ля агню, як ля царквы, стаіш
І неба над табой, нібыта з лёду,
І ў гэтым лёдзе трэшчынай страла
Ляціць у сэрца, што не любіць цішы.
Ляціць страла, як цемра, да святла
І кроў тваю мяцеліца заліжа.
І зазвіняць у гарадах званы,
І хтось заплача, нехта засмяецца.
І ад тваёй труны, як ад сцяны,
Адыдзе ноч і новы дзень пачнецца...



БАЛАДА МАГІЛЬНЯНСКАЙ БІТВЫ
(1284)

         

Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на  карысць князя Рынгольта. Кааліцыя рускіх князёў і татар панесла страты ў 40 тысяч чалавек. Страты войска Рынгольта—700 забітых і 200 параненых.

Сорак тысяч магіл каля вёскі Магільна
Анікому капаць, анікому аплакаць—
Вы здалёку прыйшлі, будзе сніцца вам Вільня,
Да якой вы хацелі са смерцю дайсці.
І ўсю ноч у Магільна правые сабака,
І не ўздыдзе раса на траве і лісці,
Толькі кроў зачарнее, як вугаль, застыне
І малітва чужая з яе не ўсплыве,
І назаўтра пральецца, як з вечнасці, лівень,
Як у Лету, у Нёман знясе па траве
Кроў чужую і долю, і веру чужую,
І князёў-маскалёў і арду залатую…

Чарапоў сорак тысяч ля вёскі Магільна
У траве па дарозе з чужыны на Вільна
Будзе доўга жаўцець, размывацца дажджамі
І прымацца зямлёю, што ў нас пад нагамі...



БАЛАДА АЛЬГЕРДА
(1296—1377)


...Залатая арда залатою не будзе
І праз сінія Воды ардзе не прайсці,
Бо тут наша зямля, бо тут нашыя людзі,
А татарская кроў на траве і лісці
Нашых дрэў, што шапочуць аб нашае волі,
Будзе стыць і знікаць, як знікае вада,
У якую ты двойчы на зойдзеш ніколі,
Без якой, як трава, пачарнее арда.
І глядзіш ты наўкол і ўдыхаеш прастораў
Незнаёмых, але зваяваных, вятры,
І ты мроіш ужо край ад мора да мора,
Дзе на мове тваёй век людзям гаварыць.
І так будзе, бо ты так жадаеш пад Богам,
І хай пройдзе яшчэ і не год, і не пяць,
І твая тут не згубіцца ў травах дарога
І яе, нібы вечнасць, нічым не стрымаць.
А пакуль што арда, як агонь, залатая
Прад табой і прад войскам вялікім тваім,
Як агонь у вадзе, чорна ў травах знікае
І лятаюць вароны над ёй, нібы дым...



БАЛАДА АЛЬДОНЫ
(1309—26.05.1339)


Дзяўчынка, дзяўчына, жанчына…
Альдона зрабілася Ганнай.
І сніцца, як воля, Айчына,
Князёўне, што стала жаданай
Пад небам чужым і халодным,
Як вецер, як снег, што вясною
Ляціць адзінокі і родны
На поле, што тут за сцяною
Старога, як Польшча, палаца,
Дзе танцы, уцехі, забавы,
Дзе слёзы і смех, і паяцы,
Дзе кожнаму хочацца славы…

А ты каралеваю стала,
І мужу пакорнаю будзеш,
І гэтага будзе тут мала
І мужу, і Богу, і людзям.
І будзе нядоўгай дарога…
Ды будзе, як сонца, Айчына,
Дзе ты не разлюбіш нікога,
Бо любяць дачку Гедзіміна
У княстве вялікім і вераць,
Што шлюб недарэмны, для справы…

Цвіце акрываўлена верас
І вецер самотна-гаркавы.



БАЛАДА ВІТАЎТА ВЯЛІКАГА
(1350—1430)


...Вязуць карону, як ваду жывую,
Старому князю, у якога ёсць
Усё і ўсё ў часіну залатую
Было і быў ён сам, бы ў горле косць
Для крыжакоў, для Залатой арды,
Якіх ён біў, з якімі разам піў.
І падрасталі замкі, гарады
І люд па-беларуску гаварыў,
Бо ён быў іхні князь, ён князь-- Вялікі.
Цяпер стары, нямоглы і яму
З каронай хочацца сустрэць зіму.
Але не чутны радасныя крыкі,
Што ўжо карону, як ваду жывую,
Паслы прывезлі... Не сустрэць паслоў—
Іх польскія паны ў лясах пільнуюць,
Карону адбяруць, каб князь сыйшоў
У вечнасць, як вада ў пясок знікае...



БАЛАДА ЯГАЙЛЫ
(1352—1.06.1434)


З Залатою ардою супроць маскалёў
Князь ісці сабіраўся, але не пайшоў.
За спіной крыжакі, як на полі крыжы,
Дзе твой брат, дзе твой сын, дзе твой бацька ляжыць,
Дзе ляжаць беларусы ў крывавай траве,
Дзе вятры і ваўкі, дзе самота жыве...

Князь глядзіць на траву, нібы ў вечнасць глядзіць,
І не бачыць каго тут любіць ці забіць,
Каб Айчына была—у Еўропу вакно,
Каб яе не дзялілі, нібыта віно,
Ні свае, ні чужак, ні касёл, ні царква...
І на замкавых вежах не ўзыдзе трава,
Бо траву наша кроў вымывае, як тло,
Бо ў крыві ёсць цямрэч, бо ў крыві ёсць святло,
Ад якіх пачынаецца ноч, потым—дзень.
Час ідзе і наш князь, як трава са сцяны
У траву, бы ў агонь, назаўсёды ўпадзе,
Ды не спыніць і ён міжусобнай вайны...



БАЛАДА ГРУНВАЛЬДСКАЙ БІТВЫ
(15.07.1410)


Пад латамі стальнымі крыжакоў
Жывыя душы і жывая кроў,
І ім, як нам, жыццё таксама міла,
Але палюбіць сёння іх магіла,
Бо з намі Вітаўт наш, над намі Бог,
І коп’яў лес, і стрэлаў нашых хмары,
Што ў небе над самотаю дарог
Лятуць і лётам абуджаюць мары
Аб перамозе, да якой ідзём
За Вітаўтам, нібыта за агнём
Праз ноч у дзень, дзе нашыя магілы,
Нібы прыступкі лесвіцы, з якой
Нам воляй дыхаць, бачыць край наш мілы,
Нібыта Храм бялюткі, прад сабой...
Звіняць мячы, крывавяцца шаломы,
І коп’яў лес трашчыць, нібы трыснёг.
І ўжо адказ ёсць на пытанне: “Хто мы?”,
Але яго яшчэ не чуе Бог...



БАЛАДНЫ МАНАЛОГ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ
(каля 1490—каля 1551)



Я спытаў у людзей: “Як жывеце, браткі?”
“Слава Богу, яшчэ мы жывём…”—адказалі мне ўсе.
І ў пустыя кішэні схавалі глыбей кулакі.
Як цярпліва мой люд да магілы нядолю нясе.

Я спытаў у царквы: “Што стаіш без крыжоў, без званоў?”
І ўздыхнула царква, і ўзляцелі вароны з царквы.
Праз асфальт з небыцця праступіла нявінная кроў
І згарэла праз міг у зялёным агмені травы.

Я спытаў у забытых магіл: “Хто вас так патаптаў?”
Толькі глуха магілы без слоў прастагналі ў адказ.
А над горадам шэрым анёлак самотны лятаў,
Нёс у белай руцэ распатрошаны процівагаз.

Я ў Айчыны спытаў: “Ці чытаюцца кнігі мае?”
Завішчэў-закрычаў ля карыта раскормлены Хам:
“Што нам кнігі твае, кніга есці людзям не дае!”
Сапраўды не да кніг, калі свінні забраліся ў Храм!

Час не той, век не той, толькі ўсё як было, так і ёсць:
Адны ў поце гібеюць, другія спраўляюць гульбу,
Гаспадар-беларус на Айчыне жыве, нібы госць,
І бясконца за волю, за мову вядзе барацьбу.

І хацеў я праклясці сябе і вярнуцца ў Нябыт,
Але вецер залётны мне з пляца, як з неба, прынёс
Галасы маладых, што казалі ўсю праўду пра быт
І пра кнігі мае, і народа чарнобыльскі лёс.

І пайшоў я на пляц, і пабачыў “Пагоню”, сцягі,
І пачуў сваю мову і песень прывольны разліў,
І адчуў: родны край не заменіш ніякім другім
Аніколі,
Ніколі,
Нідзе
І нічым на зямлі!



БАЛАДА БОНЫ СФОРЦА
(2.02.1494—1557)


За карэтай, як самота, шэры пыл
З ветрам асядае на траву сівую.
У Італію да замкаў і магіл,
Нібы ў маладосць сваю даўно былую,
Уцякае Бона Сфорца ад сябе,
Ад кахання, ад князёў, ад шляхты п’янай,
Што ў маёнтках, вар’яцеючы ў журбе,
Можа пасмяяцца над старою паннай,
Што была красоткай, за якую біцца
Кожны быў гатовы, хто з ёй побач быў.
А цяпер жа следам толькі пыл клубіцца,
Пыл сівы, як тыя, хто яе любіў...
У карэце каралевы Боны многа
Дыяментаў, залатое драбязы
І яны грукочуцца на ўсю дарогу,
Быццам брама ў Беларусь на ўсе часы
Забіваецца цвікамі залатымі…



БАЛАДА АРШАНСКАЙ БІТВЫ
(8.09.1514)


Не вясна, ды Крапіўна ля Воршы,
Як з палону, ідзе з берагоў.
І крыляе над ёй чорны коршак,
Бо не рэчка цячэ, цячэ кроў,
Кроў маскальская, нашая кроў.
І ты сёння не прыдзеш дамоў,
Бо ляжыш, як на пласе, на полі,
Дзе не ўстануць ніколі, ніколі
Ні чужынцы, ні нашыя воі,
Пра якіх дома скажуць: “Героі!”,
Ну а потым забудуць, каб зноў
Праліваць звадзянелую кроў.
І цябе не пакліча Астрожскі,
Бо цябе ўжо на свеце няма,
Ты душою ляціш у Храм боскі,
Белы-белы, нібыта зіма,
І чырвоны, як нашая кроў,
Як віно, як і кроў маскалёў,
Што хацелі наш край зваяваць,
А цяпер у Крапіўне ляжаць
І не ўстаць ім ніколі, ніколі,
Як ніколі ад нас нашай волі
Анікому, нікому забраць
Не дадзім мы, бо сёння на полі
Ты ляжыш, як прад Богам наш шлях,
Ты ляжыш, нібы меч на руках
У Айчыны, якой ты не знаеш,
За якую душой адлятаеш...




БАЛАДА МІКАЛАЯ РАДЗІВІЛА (ЧОРНАГА)
(4.02.1515—28/29.05.1565)


Вялікае княства заўсёды з табой
Ці едзеш на бітву, ці стомлены спіш.
Жыве ў тваім сэрцы шляхетны Нясвіж
Напоўнены сонцам, нібы залатой
Вадою, што ў кожнай травінцы, як крыж,
І ў кожным лісточку, што ў парку старым.
Гавораць, дарогі вядуць усе ў Рым.
Не  ўсе, бо вядзе палавіна ў Нясвіж,
Дзе сёння друкуецца Біблія нам
На нашай тутэйшае мове, якой
Малітвай зайсці, як у сэрца, у Храм
І быць, як у Храме, у сэрцы святой
І вечнай на гэтай зямлі, дзе жывём
І будзем жыць мы, да сябе ідучы.
Любоў да Айчыны—да волі ключы,
Якія ад сэрца да сэрца нясём
І помнім Вялікае княства, дзе ты
У сэрцы сваім зберагаў свой Нясвіж,
Нібыта ад Храма, што збураны, крыж,
Які і без Храма святога—святы.
І попел ад Бібліі, быццам бы снег,
Ляціць праз стагоддзі над нашай зямлёй,
І ў небе нам бачыцца, нібы ў вакне,
Вялікае сонца краіны былой…



 БАЛАДА БАРБАРЫ РАДЗІВІЛ
(6.12.1520—8.05.1551)


…А Кракаў не плакаў, а плакала Вільня.
Карона, як зорка з нябёс, з галавы
Кацілася ў змрок адзіноты магільнай
І ў хмары ўзляталі з касцёла й царквы
Анёлы, нібыта малітвы святыя,
Але ўсё не тыя, але ўсё не тыя,
Каб імі Барбару ізноў ажывіць.
Атрута, нібыта агонь, у крыві
І побач каханы, як дым, растае,
Знікае і рукі, як крылы, твае
Цяжэюць, а нехта далёкі смяецца.
Спынілася сэрца, спынілася сэрца
І Кракаў прыціх, але плакала Вільня,
І сонца ўзыйшло з белавежскіх лясоў,
Як шчыт, над дарогаю роднай і пыльнай,
Якой назаўсёды вярнуца дамоў
Табе маладой і прыгожай, як сон,
Які мог прысніцца анёлам тваім,
Што зараз глядзяць на цябе, як з вакон,
З нябёс, дзе хмурыны, як вечнасць, як дым…  



БАЛАДА СЫМОНА БУДНАГА
(1530—13.01.1593)

                   
 1.

…І ён у Вашаве, і ён у Парыжы
Мог замкаў, маёнткаў сабе накупляць,
Але ён друкарню будуе ў Нясвіжы,
Каб кніжкі на мове сваёй друкаваць.
І нехта смяецца, і злосна пытае:
“Навошта ён грошы на школы дае?”
І восень ідзе, як арда, залатая,
Што ў дыме стагоддзяў, як дым, растае,
Бо ўжо не вярнуцца і не паўтарыцца
Таму, што было тут на нашай зямлі.
У Храм ён ідзе, каб за бедных маліцца,
Каб людзі, як людзі, на свеце жылі.
І словы малітвы ўзлятаюць высока
Да зор, як да свечак, што Бог запаліў.
І робіцца сэрцу трывожна і горка
І ў небе, як кнігі, лятуць жураўлі,
Знікаць, як радасць, знікаюць, як лета,
Якое было, як ёсць сёння Нясвіж.
І, пыл падымаючы, мчыцца карэта,
Але не яго—у далёкі Парыж,
Бо ён зімаваць застаецца ў Айчыне,
Дзе вецер, дзе хмары, дзе будуць снягі,
Дзе ў кнізе, нібы на маленькай ільдзіне,
Нам плыць і праз святаць і плыць праз грахі
Ад княства далей, тут якога не будзе,
Але застанецца зямля і на ёй
Прыгожыя, вольныя, светлыя людзі,
Як княства вялікае з нашай крывёй.

                          
2.

Не адшукаць у Вішневе тваёй магілы.
Магілаю тваёю стала ўся зямля,
Па-над якой бялюткія бусловы крылы,
Як ветразі вандруючага карабля,
Дзе нашых слаўных продкаў душы і малітвы
Над намі з вечнасці да вечнасці плывуць
Па той крыві, што ўжо за Беларусь праліта
Была і стала небам, дзе буслы лятуць
Да родных ніў, да Лоска, да Нясвіжа,
Дзе ты друкарні заснаваў, каб кнігі нам
Век асвятлялі шлях у беларускі Храм,
У Храм бялюткі пад адзіным боскім крыжам…

…І ты стаіш на белай роднае зямлі,
На снезе, як на белым-белым караблі,
Які спусціўся, каб цябе забраць з сабою
І вечна плыць над белаю, як снег, зямлёю,
Каб бачыў ты, што Беларусь жыве і нам
Прыйсці з табою ў беларускі Храм…



БАЛАДА ВАСІЛЯ ЦЯПІНСКАГА
(1530-я—1599 або 1600)


Евангелле на мове роднай у руках
Трымаеш, як цагліну, што ў падмурак ляжа
Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках
І беларусам, як ты жыў, раскажа.

І чуем свет, што роднае любіць—не грэх,
Бо толькі роднае не здрадзіць нам ніколі.
Зноў на Айчыну сыплецца, як попел, снег,
Ды не схавае да друкарні сцежку ў полі
Ні снег, ні травы, што аднойчы аплятуць
І нашыя сляды, і замкі, і магілы.

І ты да нас ідзеш і за табой ідуць
Усе, каму наш родны край заўсёды мілы
І ў час завей, і ў час грымоты і дажджоў,
І ў здраднай  цішыні, і ў час змагання,
Калі, нібы вада, ільецца наша кроў,
Што аніколі мёртваю вадой не стане,
Бо гэта наша кроў і ў ёй агонь жыве,
Які нам сцежкі да  Айчыны  асвятляе,
Як—і крыжы, што на касцёле і царкве.
Чужых крыжоў на Храмах нашых не бывае.

Евангелле на роднай мове мы ў руках
Трымаем, як цагліну, што ў званіцу ляжа
Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках
І заўтра ўсім пра час, дзе мы жылі, раскажа.



БАЛАДА ЛЬВА САПЕГІ
(4.04.1557—7.07.1633)


У Ружанах на вуліцы вецер,
Нібы воўк, што ў начы заблудзіў,
Ля вакон, што да раніцы свецяць,
Прыпыніўся, свой шлях прытаіў
І заціх... І прыцішыў дыханне
Па-над кнігаю новаю ён,
Адзінокі, сівы, бы ў тумане,
І самотны, як вечнасць, як сон,
Леў Сапега, што сёння начуе
Сярод кніг, як сярод цішыні,
У якой па стагоддзях вандруе
Белы рыцар на белым кані.
І гараць свечкі светла, бы ў Храме,
І па кнігах зноў цені, як дым,
Прапаўзаюць, губляюцца з намі
У паветры ад зор залатым.
І запіша ён зноў, што спазнае,
Запісаўшы, закрэсліць ізноў.
Ён—Сапега, Сапегу свет знае,
Як сам знае Сапега любоў
Да зямлі, на якой нарадзіўся,
За якую маліўся і біўся...
І назаўтра ён сядзе ў карэту,
Зноў у Вільню паедзе, у свет,
І за ім, нібы воўк, на край свету
Будзе вецер ляцець след у след...



БАЛАДНЫ МАНАЛОГ КАЗІМІРА ЛЫШЧЫНСКАГА
(3.03.1634—30.03.1689)


Разбурылі мой дом, як прытулак вар’ята,
І спалілі мяне, абакралі мой край.
Мог чыноўнікам стаць, нават быць дыпламатам,
Стаў бязбожнікам. Люд, ты мяне карай,
Што вучыў тваіх дзетак любові
Не да Бога—да роднай нявольнай зямлі.
Ну чаго вашы варты, браточкі, галовы,
Раз душу і зямлю чужакам аддалі!
Я вучыў вас за волю стаяць, вы ж няволі
Цалавалі па-рабску, як жабу, руку.
Не любілі мяне, я ж ніколі, ніколі
Не жадаў вам нядолі на горкім вяку.
Каты вырвалі вусны, язык—ды не мову—
І спалілі мяне—не спалілі мой крык,
Мой праклён мудрацам, што заўсёды гатовы
Нахлусіць, каб з цямноцця не выйшаў мужык.
І мой попел злятае ў далоні Айчыны,
І душа мая ў небе, не ў пекле чарцей.
О мой край, ты пакутнік, т воін адзіны,
Што сябе не шкадуе за грэшных дзяцей.
Разбурылі мой дом, як прытулак вар’ята,
Абдурылі людзей, абакралі мой край.
І сядзяць за сталамі шырокімі каты
І збіраюцца вечна судзіць і караць.
 Судзіць і караць, прыкрываючы Богам
Свій няправедны суд, свой звярыны закон.
На касцёр—век за праўду прамая дарога
І сляпога насельніцтва рабскі праклён.
Я згарэў, як згарэлі мільёны нявінных.
Мне застацца жвым, покуль ёсць на зямлі
Змагары-Беларусы і па-над Айчынай,
Нібы продкавы душы, лятуць жураўлі.
Я згарэў, каб вам светла было і жылося,
Каб надзей не цяплілі на міласць Багоў.
Я сказаў сваё слова. Не жыць безгалоса.
Сёння слова за вамі, скажыце яго!



БАЛАДА ТАДЭВУША РЭЙТАНА
(20.08.1742--8.08.1780)


“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”--
І крыжам ты лёг пад нагамі сваіх землякоў.
Вялікае Княства быць цэлым , як сэрца, павінна,
Калі ж раздзіраць яго-- будзе пралітая кроў.
Ды ўжо ўсё падзелена, толькі адобрыць патрэбна.
Адобрыць падзел аніхто не прымусіць цябе.
Цябе аніхто тут не купіць за золата й срэбра,
Купляюцца ж многія, потым жывуць у журбе,
Бо золата й срэбра ніколі не будзе Айчынай,
Дзе сонца ўзыходзіць, нібыта смяецца дзіця,
Дзе самыя вабныя ў свеце красуні-жанчыны,
З якімі жыць цяжка, але і не будзе жыцця
Без іх на зямлі, дзе туман малаком раніцою
Стаіць ля вакон і па лузе квяцістым плыве,
Дзе бусел, нібыта ад Бога пасол, над зямлёю
Яднае крыжы на касцёле старым і царкве.
“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”.
Твой голас у шуме, бы ў твані сівой, патануў.
З табой засталіся найлепшыя нашы мужчыны,
З якімі любую асіліш бяду і вайну,
Але вас нямнога і ўжо не з’іначыш нічога…
І вернешся ў родную Грушаўку ты не маўчаць,
І будзеш, як свечка адна, прад Айчынай і Богам
На вочах тутэйшых людзей дагараць…



БАЛАДА  ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ
(12.02.1746—15.10.1817)


“Амерыка, бывай! Вяртаюся дахаты!”—
Твой голас, нібы чайка белая, ляціць
Над пенай хваль, што нібы дым вайны кудлаты
Віруе за табой, каб ты не змог любіць
Вайну, якая не за волю і не за Айчыну,
Не за любоў... І ведай, што паўстанню быць,
Бо нельга болей жыць так, каб тваю радзіну
Чужак няволіў, прымушаў сваё забыць.
Ды не забыць сваё! Яно сваё ад Бога,
Як любая зямля, як мова, як крыжы,
Як гэтая твая дамоў праз свет дарога
Самотная, як восенню штодня дажджы...

І заўтра вернешся ты ў родныя пенаты,
Прыгожы, генерал і ўсё шчэ малады.
І будуць поспехі ў цябе і будуць страты,
І ўсё забудзецца на змрочныя гады
У родным краі, каб пасля ізноў успомніць
Цябе нам не чужога па крыві, душы,
І вольнай Беларусі залатыя промні
Заззяюцца цвікамі і ў тваім крыжы...



БАЛАДА МІХАЛА КЛЕАФАСА АГІНСКАГА
(7.10.1765—15.10.1833)


Радзіма вечная, як неба гэта,
З якога, нібы дождж, сыходзіць Бог
І ў музыцы жыве, нібыта лета
Жыве ў траве і камянях дарог,
Якімі ты Радзіму пакідаеш,
Бо княства не магчыма аднавіць,
Як кроў пралітую не пазбіраеш,
Ды княству жыць у нашае крыві,
Як музыцы ў траве, вадзе, лістоце,
У ветры, што змятае пыл з крыжоў.
Жыць княству, як святлу ў нябёсным лёдзе,
Малітвам у крылатасці буслоў,
Якія над тваёй дарогай кружаць,
Нібы анёлы, для якіх наш край
Плыве азёрна-залатою ружай,
Якой ты кажаш светлае: “Бывай…”
Праз Лету, праз душу, якая плача
Па тым, што ўжо не вернуцца сюды
Ні княства, ні князі з крывёй гарачай,
Ні закаханы ў беларусак ты…


 
БАЛАДА СТЭФАНА ГРАБОЎСКАГА
(24.06.1767--4.06.1847)


Вялікага Княства не будзе ўжо болей,
А ты спадзяешся, што вернецца час,
Якому да нас не вярнуцца ніколі,
Бо й час, што прыходзіць-- не цалкам для нас.
Ён нас не шкадуе, руйнуе палацы,
А ты не шкадуеш для волі сябе.
І ты-- пераможца, ты ў Вільні на пляцы,
Але ўсё часова, ізноў ты ў журбе,
Бо мора крыві і яна залатая,
Бо самыя лепшыя леглі ў зямлю.
Вялікае Княства, як сонца, знікае
І ўсходзіць у сэрцах, як слова “люблю”,--
Люблю гэты край, дзе, як слёзы, азёры,
Бялюткія Храмы, ля вёсак крыжы
І, нібы з бурштыну, драбнюткія зоры
У небе, дзе вольна заўсёды душы,
Якая баліць па радзімавых гонях,
Якія цяпер здратаваны мяжой.
І верыш, што прыйдуць французы і сёння ж
Адродзіцца Княства і ў Княстве спакой.
І будзе спадманам табе абяцанне,
Што вернецца Княства і светлы той час.
Ды час залаты і павек не настане,
Бо час, што прыходзіць, прыходзіць па нас.
І ты ўжо глядзіш на завею, што ў полі
Французаў хавае, хавае іх шлях,
Якім яны ўжо тут не пойдуць ніколі,
І слёзы ў тваіх не ўскіпаюць вачах…



БАЛАДА ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА
(1790—12.03.1851)


Зноў дождж ідзе змываючы сцяжыны,
Якімі нам вяртацца ў родны свет,
Дзе беларусы ёсць, а ў іх Айчына--
Як за Хрыстом ёсць жыватворны след.
А Плачка ўсё блукае па Прыдзвінні.
Яна з тваёй шляхецкаю душой.
Магілы ж нашыя не змыюць ліўні,
Што ў хмарах тых, якія над зямлёй
Над нашаю і з захаду, і ўсходу
Плывуць, жадаючы, каб заўтра мы
Забыліся, якога радаводу
Мы тут, дзе нашы Храмы і дамы
Адвечныя і, як зямля, святыя,
Бо нашыя, бо з нашаю крывёй...
Галодны воўк на поўню нема вые,
Туман, як замак белы, над травой
Плыве праз нас, а Плачка ўсё блукае
Па Беларусі, у якой нам вечна жыць,
Нягледзячы на тое, што знікае
Адвечнае і часта дождж імжыць...



БАЛАДА ЯНА ЧАЧОТА
(24.06.1796--11.08.1847)


За вокнамі бібліятэкі
Выходзіць світанне з дажджу.
Зноў кнігі табе, нібы лекі
Ад суму, што поўніць душу,
Бо спевы пра даўніх ліцвінаў
Заснуць хоць на міг-- не далі.
Была, нібы песня, краіна,
А людзі жывуць, як жылі,
І ты сярод іх, як світанне,
Якое не кожны чакаў.
Час пройдзе і сонца загляне
У хату і да мужыка.
І ты сярод кніг-- не самотны
Хоць ты не забыўся свой шлях
Праз турмы, праз вецер галодны,
Праз слёзы і кроў у снягах
Чужыны, якой усёроўна
Хто ты: ці бандыт, ці паэт,
Які праслаўляе князёўну
Вялікага княства і свет,
Дзе ты нарадзіўся, каб верыць
У родны нявольны народ,
Які тут для некага шэры,
Дурны і сляпы, нібы крот,
Ды гэткі ён не для Чачота,
Бо любіць народ свой Чачот
І ў спевах пра даўніх ліцвінаў
Жыве залатая краіна
І будзе-- пакуль ёсць народ…



БАЛАДА ТАМАША ЗАНА
(21.12.1796—19.07.1855)


Прысніцца Вільня, нібы сонца ўзыдзе,
І ты зноў прачынаешся ў слязах
Не ад таго, што сумна ці ты ў крыўдзе,
А з гонару, што выбраў цяжкі шлях
Да Беларусі, што далёка сёння,
Як зоркі, што нібы рамонкі ў лёне,
Які цвіце ля вёскі Мясата,
Дзе ўпершыню сказаў ты слова “мама”…
Жыццё цячэ, але не як вада,--
Як кроў цячэ, як шлях праз твань да Храма.
І ў дзённіку натуеш ты сваім
Пра халады і пра багацце Ўрала.
Ды ўсё чужое тут і толькі дым,
Як родны, абдымае і памалу
Плыве на захад, кліча за сабой.
Ды з высылкі ты не ўцячэш нікуды,
І будзе сэрца поўніцца журбой,
Ну а журба—адвечная атрута
Для сэрца і душы, якія плачуць,
Якія Беларусь праз далячыні бачаць,
Але па-польску шэпчуць да яе,
Да Вільні той, якой для нас не будзе…
Груган ляціць, і салавей пяе,
І да сваіх крыжоў прыходзяць людзі.



БАЛАДА АДАМА МІЦКЕВІЧА
(24.12.1798--26.11.1855)


У Завоссі залатая восень,
А халера ў залатым Стамбуле.
І табе ўжо не прыйсці ў Завоссе--
Смерць цябе, паэт, не абмінула
На чужыне, дзе шукаў ты волю,
Нібы рыфмы звонкія ў санеты.
І цябе й тваю аплачуць долю
Філаманты ўсе і філарэты.
І згараць, нібыта грэшнасць, вершы,
Што пісаў на беларускай мове.
І сябе палякам назавеш ты,
Роднасць з Беларуссю не адмовяць
Беларусы, бо ты наш, як неба
І як сонца ў небе над Завоссем,
Што залоціць павуціны срэбра,
Што ляціць, як праз агонь, праз восень
У самотны і вясёлы Кракаў,
Як паэзія-- ў душу палякаў…



БАЛАДА ВАЛЕНЦІЯ ВАНЬКОВІЧА
(12.05.1800—12.05.1842)


Парыж, як лёд, халодны і чужы.
Ты ўцёк сюды, каб тут памерці з суму,
Каб на тваім, нібыта меч, крыжы
Сядзелі птушкі, як аб волі думы,
Як думы аб Айчыне, дзе вясна
І без цябе ўжо ў лета перальецца…

Зноў прад табой мальберт, нібы сцяна,
Ды за яго схавацца не ўдаецца
Ні ад сябе, ні ад паноў-сяброў,
Якім не ты патрэбен, а партрэты.
І ты малюеш іх ізноў, ізноў
І верыш, што ўсё так-- ад Бога гэта…

Вясна ў Парыжы, пад нагамі лёд
І ты ідзеш няспешна па Парыжы
І п’еш святло вакон, як шчасця мёд,
І поўня ў небе, як анёлак рыжы,
Па-над табой, па-над тваім жыццём,
Якое скончыцца ў твой дзень народзін
І свет ахопіцца тваім агнём,
І адлюструецца, нібыта ў лёдзе,
У залатых вачах былых сяброў…

І толькі над табой паэт заплача,
Бо ён, што бачыў ты, таксама бача…



БАЛАДА ІГНАТА ДАМЕЙКІ
(31.07.1802—23.01.1889)


У цябе ёсць свой Храм—Беларусь, да якой
Ты ідзеш праз паўстанне, вандроўкі, чужыну
І святлееш, мацнееш самотнай душой,
У якой, нібы сонца ў нябёсах, Айчына,

Што была і тваёй застанецца, як крыж
На магілах у продкаў, што з верай жылі,
Што на свеце няма і не знойдзеш зямлі
Прыгажэй і мілей, чым свая, хоць маўчыш

Аб любові сваёй, бо не варта крычаць,
Бо Айчына ад крыку краінай не стане,
У якой жураўлі на Палессе ляцяць,
У якой ружа-кветка цвіце і не вяне.

І прад смерцю, вядомы, прыедзеш дамоў,
І, нібыта наіўны хлапчук, ты заплачыш,
Калі родныя песні пачуеш і ўбачыш,
Як плывуць на Купалле вянкі з васількоў

Па рацэ, да якой ты з дзяўчатамі сам
Не аднойчы хадзіў... І прыедзеш у Крошын,
І пасадзіш дубкі, каб раслі і каб нам
Уздымалі нябёсы над краем прыгожым,

У якім пра цябе будзе помніць трава,
Што расце на магілах, на белых капліцах,
Будзе помніць вада, што бруіцца ў крыніцах,
Будзе помніць касцёл, будзе помніць царква.

І ў далёкую Чылі ты вернешся зноў,
Але ты назаўжды застанешся душою
Ля бацькоўскіх магіл, ля азёр, ля дубоў,
Што асветлены першай тваёю слязою...



БАЛАДА АДОЛЬФА ЯНУШКЕВІЧА
(9.06.1803—18.06.1857)


Заручальны пярсцёнак вяртаеш нявесце,
Каб цябе не чакала з далёкіх зямель,
Дзе, нібыта па моры, па стэпе, па свеце
І твая плыве юрта, нібы карабель,
На які ты сасланы за ўдзел у паўстанні
Хоць ты мог адкупіцца, мог цар дараваць...
На калені ж не стаў, прад чужынцам не станеш.
Прад матуляй стаяў і зноў будзеш стаяць,
Як у Дзягільна любае вернешся хворы.
А пакуль што з казахамі светла жывеш
І, як з роўнымі роўны, ты з імі гаворыш
І лісты ў родны край усё шлеш і ўсё шлеш,
І натуеш самотныя вершы, як слёзы,
Што зрабіліся вершамі ў сэрцы тваім,
Дзе хвалюецца Нёман, шапочуць бярозы
І плыве ад садовае квецені дым
І знікае, але ён не знікне ніколі,
Як не знікне ніколі зямля, без якой
Не патрэбна табе ні багацце, ні воля,
Бо Айчына—і воля, і наш супакой.



БАЛАДА ЭМІЛІІ ПЛЯТЭР
(13.11.1806--23.12.1831)


Юная графіня, ты не хочаш танчыць,
Спакушаць мужчынаў і ўцякаць ад іх,
І не спаць начамі, зоркі ў небе бачыць,
Нібы россып кветак побач ног сваіх,
Бо не час для танцаў, бо твая Айчына
Больш трываць  не можа здзеку чужакоў.
І няхай паўстанне-- гэта шлях мужчынаў
Да прыснёнай волі праз агонь і кроў--
Ты яго абрала, нібы пакахала
Маладога воя, што аддаў табе
Пад тваё ўладанне і душу, і цела…
Завіруха ў лесе ноч усю гудзела,
Ля цябе спявала, плакала ў журбе.
Ну а ты шаптала горача малітву
І, як свечка, гасла на вачах сяброў.
Мы свой край не страцім, праіграўшы бітву,
Бо за волю края пралілася кроў,
І яна святая, як і ты святая
Для зямлі, якою заўтра станеш ты--
І ўваскрэснеш зоркай па-над нашым краем,
Краем, што аднойчы выйдзе з цемнаты…



БАЛАДА НАПАЛЕОНА ОРДЫ
(11.02.1807--26.04.1883)


Ніколі не позна вярнуцца з чужыны
Да любае сэрцу самотнай Айчыны
І стаць яе славай, якая з гадамі
Вышэй і вышэй, нібы зоры над намі.
Вярнуцца і помніць Парыжскія драмы,
Паэзію, музыку, фарбы і Храмы,
І неба Італіі, што як віно
У тым вінаградзе, які ўжо даўно
Антычны і спелы, як жніўнае лета,
Што ў фарбах застыне і ў словах паэтаў,
З якімі ты марыш аб вольнай краіне.
І шмат хто за волю краіны загіне,
Бо волі падмурку не быць без крыві.
А волі не хочаш-- па-рабску жыві!
І ты інсургент, але болей-- мастак,
Што ведае волі сапраўднае смак
І сёння малюе сядзібы і Храмы,
Каб заўтра, як ён, мы сказалі таксама,
Што тут Беларусь і была, і век будзе,
І мы еўрапейскія людзі…



БАЛАДА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА
(23.01.1808—17.12.1884)


Нятрэба чужога, нятрэба чужога!
Ні грошай, ні мовы, ні Бога,--
Нічога нятрэба чужога!
Мужык беларускі—мужык,
Ён слухацца пана прывык.
Ён з панам разумным—разумны,
Ды толькі вось пан нешта сумны.
І царскія ўлады—не рады,
Шпікі, як сабакі, ля хаты.
Якую ён школку трымае?
Няўжо ён законаў не знае?
А пану шчэ сніцца паўстанне
І верыца ў светлае ранне,
Ды толькі нятрэба чужога:
Ні праўды, ні волі, нічога,
Нічога нятрэба чужога!
…Вятры за вакном завываюць,
Снягамі агонь засыпаюць,
Дзе чуюцца крыкі і смех.
І сыплецца, сыплецца снег
На ліпу, на хату, на долю.
І свечка асвечвае волю,
Якой не было і ці будзе.
За вокнамі мроі і людзі,
Надзеі, бяда, спадзяванні
 І белая, сумная пані,
Якая сустрэчы чакае,
Якая адна і святая
І ёй не патрэбна чужога
Ні сына, ні мовы, ні Бога,
Нічога чужога, нічога!

 

БАЛАДА АЛЯКСАНДРА РЫПІНСКАГА
(каля 1810—1900)


Праз трыццаць год вяртаешся дахаты,
Рамантык, інсургент, мастак, паэт,
І прад табою край твой—не пракляты,
А любы, нібы з васількоў букет,

Што ты паклаў на сцежку інсургентаў,
З якімі волю для людзей шукаў.
Крывёй за волю плацяць—добра ведаў
І ты сваёй крыві не шкадаваў.

І хоць было разгромлена паўстанне
Ты не адрокся ад былых дарог,
Бо Беларусь—не кветка, што век вяне,
А Храм любові, дзе жыве Пан-Бог,

Дзе ўсё сваё: і песні, і легенды,
І мова, без якой загінем мы,
Як без людской спагады інсургенты
Сярод завейнай лютае зімы.

І будзеш сніць Парыж і Лондан шэры,
Дзе ты і сёння мог спакойна жыць
І не палохацца ад стуку ў дзверы,
Бо за дзвярамі, як ваўкі, віжы.

Напішаш ты пра родны край  балады,
Дзе пра любоў сваю не прамаўчыш.
Праз трыццаць год вяртаешся дахаты,
Нібыта ўчора з’ехаўшы ў Парыж…



БАЛАДА ІВАНА ХРУЦКАГА
(8.02.1810—13.01.1885)


Ты з ланцужком прыгожым, залатым
Ад імператара гадзіннік маеш.
Але ланцуг ніякі не ўтрымае
Цябе, каб на радзіму заўтра ты
Вярнуўся і застаўся ля крыжоў
Бацькоўскіх, і ля Полацка свой дом
Пабудаваў, каб полацкім святлом
Жывіць сваю душу і маляваць ізноў
Партрэты, нацюрморты, на якіх
Наш родны свет багаты і святы,
І сумны,як пражытыя гады,
Што праляцелі, як адзіны міг…

І ўжо—сям’я,маёнтак і спакой,
І ты нікога бачыць не жадаеш.
І, як валун травою зарастае,
Цяжэеш ты самотай незямной,
Але не ад таго, што ўсё міне
І не паўторыцца ўжо больш ніколі,
А ад таго, што прычакацца волі
Усе не змогуць, воля—не ў віне,
Яна ў крыві павінна быць і з ёй
У сэрцах кроў становіцца жывой.

І ланцужок прыгожы, залаты
У прыдарожны пыл кідаеш ты…



БАЛАДА ГЕНРЫКА ДМАХОЎСКАГА
(14.10.1810—14.05.1863)


Палын... Пажарышчы... Магілы... Груганнё...
Але жыве твой край! Ён па сцяжынках слёз
Прыйшоў у сэрца, у якім цвіце агнём
Твая любоў да васількоў і да бяроз,
І да людзей, якія марамі жывуць
Аб волі, да якой вядзеш іх сёння ты
Праз кроў паўстання і астрожную траву,
Вядзеш да Беларусі, нібы да вады
Жывой, не забываючы ў краях чужых
Ні таленту свайго, ні цёплых родных слоў,
Якімі саграваў і саграеш усіх,
Каму вышэй за ўсё да родных ніў любоў.
І, памяняўшы прозвішча, ты не змяніў
Сваіх вачэй, што бачылі і бачаць свет
І край азёр, і пастушкоў агні,
Што нібы кроплі сонца, дзе вясна жыве...
 
...Ізноў паўстанне і ты першым рвешся ў бой
І першым падаеш на рукі маладых,
Якім ісці было не страшна за табой,
Якім стаў першым твой апошні ўздых.



БАЛАДА ПАЎЛЮКА БАГРЫМА
(2.11.1812--1891)


У Багрыма ціха ў хаце,
Ды не стаў з нудоты зверам,
Бо ёсць вершы, бо ёсць вера
У Айчыну, што не страціў.
Ёсць яшчэ жаданне волі.
Сам жывы—і дзякуй Богу.
А сябры ляжаць у полі
І не трэба ім нічога.
І не чуюць, як падпанкі
Размаўляюць бізунамі.
Беларусь жа паланянкай
Заліваецца слязамі.
Зноў падняць бы сцяг паўстанца,
Рукі, браце, чуюць сілу.
Чым без мовы заставацца,
Лепш цяпер сысці ў магілу.
Стаў ён песняю народнай,
І душа ўзляцела зоркай…
Мо цяпер які нягоднік
Схоча ачарніць гаворкай:
“Ну які з яго паэта?
Толькі верш адзін пакінуў”.
Не, няпраўда, людзі, гэта—
Верш і, як свой крыж, Айчыну.

 

БАЛАДА АРЦЁМА ВЯРЫГІ-ДАРЭЎСКАГА
(4.11.1816--1884)


“З Беларушчынай не развітаўся.
Гэта мой ідэал,”-- ты пісаў
І праз ночы душою вяртаўся
У той край, дзе раса, як сляза,
У якой патанае былое
І ўсплывае на снезе крывёй
Тых паўстанцаў, што шчасце зямное
Не ўяўлялі без волі і ёй
Аддавалі сябе, як даніну
За адвечную веру, што ў нас
Будзе лепшая ў свеце краіна,
Хоць далёка краіны той час.
І той час сам не прыйдзе ніколі.
Да яго трэба йсці праз вятры,
Праз завеі, праз чорнае поле
І за тры залатыя гары.
І начамі халоднымі ў скрусе
Ты пісаў пра зажураны свет
І цябе, Вайдэлот Беларусі,
Называлі гаротнікі ўсе.
І, калі ў цябе Бог запытаўся:
“Развітаўся з жыццём?” Сказаў ты:
“З Беларушчынай не разбратаўся.
Гэта мой ідэал назаўжды!”



БАЛАДА СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ
(5.05.1819—4.06.1872)


Як ветразь, музыкай тваёй з аргана
Напоўнены касцёл Святога Яна,
І Вільня, як каўчэг, праз свет плыве
Па золаце, па бруку, па траве,
Па Беларусі, у якой ёсць ты,

І трэскаюць паміж людзей ільды
Неразумення і слязамі з воч
Цякуць і асвятляюць дзень і ноч,
Як васількі, як зоркі, як бурштын.

Музыкаў многа, ты ж такі адзін,
І слухае цябе народ і Бог
І прад Еўропаю крыжы дарог
Ужо не рвуць тутэйшую душу
Ні ў час засушлівы, ні ў час дажджу,
Бо лепш, як тут, не будзе анідзе
Ні ў Празе, ні ў Варшаве, ні ў Маскве,
Бо толькі тут, як рыба—у вадзе,
У Беларусі Беларусь жыве,

Але ёсць слава, да якой і ты,
Як да агню матыль, ляціш туды,
Дзе слава, дзе віно і дзе любоў.
Ды не знікае шлях у Менск дамоў,
Дзе музыка твая, як карані
Святога дрэва, што ўздымае дні
Краіны, што была і будзе ў нас,
У беларусаў на бясконцы час
Пакуль малітвай, музыкай святой
Тут поўніцца душа, каб быць жывой…



БАЛАДА УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ
(29.09.1823--15.09.1862)


Там, дзе кветкі цвілі, сёння—пырнік,
Сёння пырнік, а заўтра—крыжы.
І тутэйшай зямлі сумны лірнік
Думу думае—як тут жыць?—
І слязу, нібы верш, не хавае,
Ну а верш, як на вейцы сляза,
Новы дзень, новы шлях асвятляе,
На якім касінераў каса
Заблішчыць, акрывавіцца й пылам
Занясецца, але—не навек.
Хоць забудуцца ў травах магілы,
Ды не зменее слёз на траве.
Ён ідзе, а паны, як сабакі:
“Што ён ходзіць да гэтых сялян!”
І ў начы ў хатах свечкі, як макі,
Прарастаюць святлом праз туман
І праз ноч, і праз век да ваколіц,
Па якіх нам з табою хадзіць
І ўсё думаць аб шчасці і долі
І свой край, нібы волю, любіць...



БАЛАДА РАМУАЛЬДА ТРАЎГУТА
(16.01.1826--5.08.1864)


Двухгаловы арол над Айчынаю кружыць
І табе зразумела чаго хоча ён.
І на шляху чужынцаў крывавыя ружы
Зацвітуць і іх змые блакітны наш лён.
І ты будзеш ад смерці сваёй не хавацца,
Бо ад смерці ніхто не схаваўся яшчэ.
Чорны лес тваім будзе бялюткім палацам,
А пасля і Варшава слязіны з вачэй
Патаемна змахне, калі ты з эшафота
Паглядзіш у нябёсы, дзе кружыць арол
І якога не бачаць багач і басота,
Бо ад він і ад брагі ламаецца стол.
Паглядзіш у нябёсы, што ў вочы Айчыны
І не ўспомніш нічога яе акрамя,
І, як вечнасць, прад смерцю тваёю хвіліны--
Бог у вечнасць тваё зараз піша імя,
І яно застанецца, бо будзе краіна,
Для якой ты не будзеш ніколі чужы.
Над табой, нібы зніч, будзе ў восень рабіна
Асвятляць шлях дамоў праз вятры і дажджы…



БАЛАДА ВІНЦЭСЯ КАРАТЫНСКАГА
(15.06.1831--7.02.1891)


Ноч над роднай старонкай царуе,
І ты ў чорнай святліцы нікога
І ні прымеш і не пачастуеш,
Бо ў святліцу крыжамі дарога
Зарастае. І ты заклікаеш:
“Уставайма жа, братцы, да дзела…”.

Каб устаць, не любы сілу мае,
І да волі імкненне саспела
Тут не ў кожнага ў гэтай краіне,
Дзе жаўценькі пясок са слязамі
Перамешаны… Ты ўсё ж не кінеш
Родны люд прад чужымі вятрамі,
Што з усходу і захаду веюць
І якім сёння міла, што людзі
Беларускасці не разумеюць…

Беларусь жа была тут і будзе,
Бо на роднай зямлі ты ў народзе,
Як душа ў беларуса жывая,
Як і сонца, што з цемры ўзыходзе
І святліцу святлом залівае…



БАЛАДА МІХАЛА АНДРЫЁЛІ
(14.11.1836--23.08.1893)


…Уцёкшы з царскае турмы на волю,
Жывеш спакойна ў Лондане й Парыжы.
І цёплы снег, які ляціць з таполяў,
Цябе вяртае ў Віленскую цішу,
У родны тлум, якія назаўсёды
З табою будуць, як да волі прага.
Твае карціны-- залатыя соты,
Любоўю поўныя, крывёю сцяга,
Які лунаў у бітвах над сябрамі,
З якімі ты ішоў праз смерці вецер…
І ты вяртаешся дамоў, бо ў свеце
Мілей няма зямлі, дзе над палямі
Лятуць буслы і жаўрукі крыляюць.
Герояў на радзіме не вітаюць,
Іх у Сібір, нібы ў агонь, кідаюць.
І ты жывеш у высылцы, малюеш,
І ты свой лёс прымаеш без праклёну,
Душою ў Вільні, дзе б ні быў, начуеш
І застаешся рыцарам да скону…



БАЛАДА КАМІЛЫ МАРЦІНКЕВІЧ
(каля 1837—пасля 1886)


Ты ў высылцы за кінутыя кветкі
Паўстанцу на яго апошні шлях
Глядзіш на свет з усмешкай вельмі рэдка,
Часцей за ўсё—праз слёзы на вачах,
Бо тут забыцца пра Шапэна, Ліста,
Пра Менск і Вільню, пра сваіх сяброў—
Нібыта ўсё, што ёсць, спаліць дачыста,
Каб праз хвіліну аднаўляць ізноў…
І помніш Вільню ты і Менск, вядома,
І мовы беларускай—прыгажосць.
Праз дваццаць год ты вернешся дадому,
Не вернецца ніколі маладосць.
Ды не шкадуеш, што букет праз краты
Для інсургента кінуць ты змагла,--
Не хлопца прад табой вялі салдаты,--
Айчына нескароная ішла.



БАЛАДА ВОЛІ
КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА
(2.02.1838—22.03.1864)

                                Беларусь—не царам маскоўскім,
                                Беларусь—не варшаўскім панам!
                                                        Алесь Дудар
Што выбраць: волю ці няволю?—
Хутчэй для здрадніка пытанне.
У змагара ліхая доля,
Са смерцю вольнае каханне.

Чужынцам крыўская пагоня
Спакойна на дае ўладарыць,
Таму й пяюць хвалу кароне
І нішчаць вольныя штандары.

А хто чужы? Хто здрадзіў волі,
Сваю зямлю прадаў за словы.
А хто свае? Хто ў ратным полі
За Край паклаў свае галовы.

І хай разгромлена паўстанне,
І хай панішчаны штандары,
Але не можа быць пытання:
Каму Айчынаю ўладарыць?



БАЛАДА ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА
(9.03.1840--15.04.1900)


“Яснавяльможнай пані, напэўна, вядома, што яе высакароднаму сыну я абавязаны ўсёй сваёй будучыняй; мабыць і да сянняшняга дня я абіваў бы без усякай карысці віленскі брук, калі  б не ягоная шляхетная дапамога...”
                   З ліста Ф. Багушэвіча да А. Карловіч ад 26 жніўня 1865 г., Нежын


Лукішкі. Пляц. Натоўп маўчыць, чакае.
Пятля чарнее, як змяя, якая
З усходу прыпаўзла да нашай волі,
Каб мы не зналі лепшай светлай долі.
І ты ў натоўпе, быццам сэрца ў целе
Паўстанца, што яшчэ жывы, але
Надзею на змаганне ўжо ледзь цепле.
Жыццё, як снег на веснавым святле,
Знікае і слязой цячэ па твары
І ўжо Кастусь, нібы ў звана язык,
Вісіць пад небам, дзе дымяцца хмары,
І ты ў натоўпе, як у горле крык,
Стаіш, не знаючы як жыць у Вільні
Цяпер, калі натоўп маўчыць, чакае,
Калі пятля, нібы змяя жывая,
І Вільня ўся, нібыта склеп магільны,
З якога хочацца ўцячы, каб жыць,
Каб потым скрыпка з дудкай на крыжы
Заплакалі аб лепшай светлай долі...
Нічога ўжо не зменіцца ніколі
І ты па бруку віленскім брыдзеш,
Нібыта крыж  у Беларусь нясеш...



БАЛАДА АЛЬГЕРДА АБУХОВІЧА
(6.08.1840--22.08.1898)


Усё аддаў людзям і толькі кнігі
З сабой забраў, каб на кватэры жыць
У Слуцку, да пары да часу ціхім,
І памяці вуголле варушыць.
І апякацца дымнымі вятрамі
Шляхоў паўстанскіх, па якіх і ты
Прайшоў, губляючы сяброў, з сябрамі,
Каб потым у Сібіры маладым
Сівець, не праклінаючы нікога
І не шкадуючы багаццяў тых,
Што ад бацькоў, бо тое, што ад Бога,
Жыве ў табе з крывёй дзядоў тваіх,
Якіх у Княстве і Еўропе зналі.
І пішаш ты пра родную зямлю,
Дзе парассыпаны, нібы каралі,
Азёры, ля якіх тваё “люблю”
Пад сонцам залацістымі пяскамі
У травах не губляецца сівых.
І вучыш ты дзяцей, каб заўтра самі
Яны маглі адрозніць ад чужых
Сваіх людзей, якім патрэбна воля
І кнігі, у якіх наш край жыве
І вырванай старонкаю ніколі
Яму не быць, не знікнуць у жарстве…



БАЛАДА ЭДВАРДА ВАЙНІЛОВІЧА
(13.10.1847—16.06.1928)


Не прышэлец з Усходу ні з Захаду ён,
А з тутэйшага люду, які гонар мае,
Над якім неба светлага велічны звон
Звонам вечным для светлай нас долі яднае.

Звон праз душы людскія з малітвай плыве,
На касцёле крыжуецца і на царкве,
Каб мы помнілі вечна-- на нашай зямлі
І багатыя людзі, як людзі, жылі
І жыў ён, і любіў белы свет, і бярог
У сабе, як агонь, да Айчыны любоў
І вяртаўся дадому з край свету і Бог
У душы яго жыў, як жыве ў сэрцы кроў.

І пакінуў ён нам божы свет і святло,
І што будзе, што ёсць, што праз вечнасць прайшло,
Дзе Чырвоны касцёл, як агонь, што застыў,
Каб прайшлі праз яго ўсе хто хоча прайсці
І ачысціць душу, каб сказаць: “Я пражыў
Так, як трэба было жыць мне ў гэтым жыцці...”
І заплакаць, і ўспомніць, што ты не адзін
І адзін, бо не ўсё, што хацеў ты збярог,
І не толькі Айчыны ты сын, божы сын,
І не толькі цябе, а і ўсіх любіць Бог...  



БАЛАДА ЭЛІЗЫ АЖЭШКІ
(06.06.1841—1910)


Магілы паўстанцаў травой заплываюць
І Нёман не спіць між сівых берагоў,
Дзе сумныя людзі тутэйшага краю
У сэрцах хаваюць да краю любоў,

Якому і ты па крыві не чужая,
Бо ты нарадзілася тут і жывеш
І лепшае долі сабе не жадаеш,
Як—лепшага сонца, што ў небе плыве

Над мілаю сэрцу шляхетнай Гародняй,
Дзе замкі і Храмы, дзе ціша і тлум,
Дзе думкам, як птушкам у небе, свабодна,
Дзе самы гаючы бярозавы шум,

Якім ацяляюцца душы людскія,
Што мараць аб волі на роднай зямлі,
Дзе слёзы і кроў, над якімі воўк вые,
Нібыта ўсіх моліць, каб людска жылі

І не адракліся ад песень і казак,
Якія прыйшлі праз стагоддзі да нас,
Якія й пра нас праз стагоддзі  раскажуць,
Калі захаваем мы іх у наш час.

І ты, каралева народнага слова,
Збіраеш не золата, золата—тло,
А песні і казкі тутэйшаю мовай,
У мове тутэйшай жывое святло,

Што дадзена Богам і не забярэцца
Нікім і ніколі, бо тут—ёсць народ,
І ён хто тут свой, хто чужы разбярэцца,
Калі не цяпер, дык праз тысячу год.

І, нібы з нябыту, з травы паўсплываюць
Магілы паўстанцаў, курганні дзядоў.
Не будзе нідзе прыгажэйшага краю,
Чым край,
            да якога спазнана любоў...



БАЛАДА ЯНКІ ЛУЧЫНЫ
(24.06.1851--16.07.1897)


Тры мовы… І лягчэй маўклівым быць,
Не бачыць, як травою зарастае
Палетак, што прыдатны для сяўбы
Свайго, тым больш-- зямля тут не чужая
І ўсё навокал роднае, сваё,
І гэты крыж пахілы ля дарогі,
І песні веснавыя салаўёў,
І цішыня, і Храмы, і астрогі.

Тры мовы… Ты ж адзін, і ты паэт,
Ты малады, але ты бачыш свет,
Дзе ты жывеш, не як трава, якая
Ад ветру хіліцца і так жыве,
Пакуль яе каса не напаткае…

На Кльварыйскіх могілках спакой.
Тры мовы… Ну а ты з адной душой.



БАЛАДА ЯЎХІМА КАРСКАГА
(20.12.1860—29.04.1931)



У словах беларускіх Беларусь жыве,
Як у жывой крыві—спрадвечны шлях людскі.
Па ім жыццё, як сонца праз сусвет, плыве
Сабой хвіліны шчасця, горычы вякі
Нітуючы ў адзіны шлях, дзе нават Бог
Не здольны анічога ўжо змяніць, бо шлях—
Мінулае, і тое, што ты не збярог
Ніхто не верне са слязамі на вачах
Ад радасці, што ён жыццё вяртае нам…
І не самотны ты, бо Беларусь з табой
У кожным беларускім слове, што, як Храм,
Напоўнена святлом, малітваю святой
За Беларусь, за беларусаў, для якіх
Ты хочаш вольнага жыцця, бо мы—народ,
Бо беларусы мы і нас мільёны ўсіх,
І нашая зямля—не ў акіяне лёд,
Які расстане і змішаецца з вадой.
Зямля—не лёд і ёй не быць для нас чужой
Пакуль тут мова наша родная жыве,
Як і ў людской крыві—спрадвечны шлях людскі,
Дзе Беларусь, як белы карабель, плыве
Праз хвалі дзён і туманоў вякі…



БАЛАДА ІГНАТА БУЙНІЦКАГА
(22.08.1861--22.09.1917)


Ад роднай вёскі ў Вільню доўгая дарога,
Але дарога гэта-- быццам бы да Бога,
І ты па ёй ідзеш з акторамі няспешна.
Для вас сур’ёзна ўсё, камусьці гэта смешна,
Што мова родная для нас усіх святая
І што нідзе без мовы роднай не бывае
Народ народам, бо душа народа-- мова…

І ўжо са сцэны роднае жывое слова
Гучыць, нібы званы з высокае званіцы
Штодня звіняць аб тым, што толькі чужаніцы
На нашае зямлі нас пазбаўляюць права,
Каб, нібы Бог, былі ў нас гонар, годнасць, слава…
І ружы падаюць на шлях акторскі ў Вільні,
І ты ідзеш з сябрамі па дарогах пыльных
Айчыны, і па Пецярбургу, і Варшаве.
Але не золата і срэбра ў вашай славе,
А наша годнасць беларуская, якая
І праз стагоддзі вынішчэння не знікае.
І верыш ты, што ёй не знікнуць з нас ніколі,
Як камяням і васількам на жытнім полі…



БАЛАДА МІТРАФАНА ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКАГА
(14.06.1867—30.09.1934)


                                              Народ, які меў сваю дзяржаўнасць,
                                              мусіць мець яе зноў…
                                                                                  М. Доўнар-Запольскі

Крыжамі нашых продкаў нашы землі
Пазначаны і гэта—назаўжды.
У курганах былое наша дрэмле
Так, як у Храмах дух жыве святы.

І іншае зямлі для нас не трэба,
І тут нам жыць, і тут нам паміраць,
І ў мора беларускае—у неба
Глядзець, паліць касцёр і сумаваць
Па тым, што ўжо не вернецца нічога
З таго, што страчана, не збераглі.

І ты ідзеш і прад табой дарога
Да могілак, нібы на край зямлі,
Які пазначаны крыжамі продкаў
І пройдзе час – пазначыцца й тваім.

Цячэ рака, плыве па хвалях лодка
Праз туманы, як праз стагоддзяў дым,
З якога бачыцца краіна-маці
Прыгожая, бы ў Храме абразы.
І ты шчаслівы, бо ты бачыш шчасце
У Беларусі праз агонь слязы…



БАЛАДА ЯДВІГІНА Ш.
(4.01.1869—24.02.1922)


…Тваё беларускае золата ветрам
Рассыпана ў нашых палях і лугах.
Яно перад намі з’яўляецца летам
У пыле дарог і цяжкіх каласах,
І ў восеньскім лісці, якое крыляе
Над сумнай зямлёй і ляціць у касцёр,
Дзе золата ўміг прад табой закіпае
І ў ноч матылькамі ўзлятае да зор
Над родным фальваркам, з якога да Вільні
Не так і далёка ўцякаць ад зімы,
А там жа работы хапае ўсім пільнай,
А там шлях пракладзены ўжо да турмы,
Якой не баішся, бо ведаеш тое,
Што кожнаму трэба тут ведаць заўжды,
Што толькі за роднае, як за святое,
Не трэба баяцца свой час залаты
Патраціць, і золата з’явіцца летам
У мёдзе пчаліным, цяжкіх каласах,
У прозе змагання, у кветках санетаў
І ў край улюбёных людзей галасах…



БАЛАДА АДАМА ГУРЫНОВІЧА
(13.01.1869—23.01.1894)


На могілках не адшукаць магілы,
Ды й могілак саміх не адшукаць.
Каля дарогі крыж стаяў пахілы,
Няма дарогі, быльнягі шумяць.
А ты не думаў, што вось гэтак будзе
У краі родным, пра які ты сніў.
Ды ўсё мяняецца, тым болей людзі,
Калі іх адарваць ад родных ніў,
Ад родных слоў, ад песень і ад казак,
Што з веку ў век з адной душы ў душу
Ішлі і напаўнялі свет наш ласкай,
Як поўніцца рака пасля дажджу
У час задушлівы жывой вадою.
І ты хацеў, каб родны край заўжды
Быў, як рака, напоўнены жывою
Вадой і каб, нібыта да вады,
Да родных слоў, да песень і да казак
Усе імкнуліся, бо з імі край,
Няхай праз сотню год, а не адразу,
Усё-ткі ператворыцца ў наш рай,
У беларускі, дзе і твой фальварак
Паўстане з траў, не згубіцца ў вяках,
Як і твая аб Беларусі мара,
Прыгожая, нібыта ў Вільню шлях…


БАЛАДА ФЕРДЫНАНДА РУШЧЫЦА
(10.12.1870--30.10.1936)


Варшаваю і Вільняю паміж
Багданава—нібы на Храме крыж,
Куды вяртацца, на які маліцца.
У лёсных травах сцежак бліскавіцы,
Знікаючы, з’яўляюцца ізноў.
І кветкі ў лузе, як спакою кроў,
Віднеюцца і не даюць спакою.
І ты ідзеш з тутэйшаю душою
Чужы і свой, да плачу закаханы
У гэты край, што Богам быў абраны,
Але забыты да пары да часу.
І сонцу ранкам не ўзысці адразу,
Як і табе адразу не прыйсці
Дамоў, дзе ў клёна залатым лісці
І золата тваё таксама ёсць,
Як снег і дождж, і чорная зямля.
Было ўсё тут і будзе ўсё пасля,
Як вернешся здарожаны дамоў
Да затравелых на кладах крыжоў,
Дзе ты ляжыш ля жонкі і бацькоў,
Дзе ты мастак і гэты родны свет--
Як твой, пакінуты з карцінаю, мальберт...



БАЛАДА АЛЯКСАНДРА УЛАСАВА
(16.08.1874--11.03.1941)


Ужо далёка Менск, далёка Вільня,
А сонца ўсё няма і ўсё няма,
І быць не можа сонца, бо зіма
Па-над тваёй дарогаю магільнай
Аблокі прымарозіла да зорак
І замяла каля дарог крыжы.
Старыя вулкі Вільні-- гэта ўчора,
Учора-- гэта радасць на душы
З таго, што на адной канапе сесці
Нам, беларусам, не хапае месц.
Учора-- гэта менскія прадмесці,
Газеты і часопісы, дзе змест
Наш беларускі і адвечна горкі,
І родны, як Вілейскія пагоркі,
Дзе вырас ты, каб Беларусь была,
Як сонца ёсць па-над тваёй душою…

А сёння снег, як попел ад святла,
Ляжыць наўкол спакойна прад табою,
Бо што яму, што любіш ты Айчыну
І што яе бяда-- твая бяда.
Жыццё людское-- вечнасці хвіліна,
Дзе кроў твая жывая--  не вада,
Што размывае родныя прасторы
І новых дзён святую чысціню,
Дзе знікне ўсё, як у бязмежным моры,
Але не знікнуць Божаму агню
І Беларусі, да якой мы дойдзем
Няхай хоць і праз цэлае стагоддзе.
Цябе ж вязуць, а сонца ўсё няма,
І быць не можа сонца, бо зіма
І Менск далёка, і далёка Вільня,
І зоркі над дарогаю магільнай,
Нібы вуголле, дзе была турма…


БАЛАДА ЦЁТКІ
(15.07.1876—17.02.1916)


Ратуючы людзей, сябе не ўратавала
Ад тыфусу, нібы ад чорнага агню…
Да хаты сцежкі злая ноч пазамятала,
І небакрай замецены, што нават дню
Ніяк не выкаціць з-за гаю сонца-кола,
Каб растапіць хоць на паўдня журбу ў людзей,
Што цешацца яшчэ надзеяй кволай,
Што ачуняеш ты і стане жыць святлей
У родным краі, што даўно аб волі марыць
І чуе скрыпкі беларускай вольны спеў,
Дзе свеціцца лучынкай маладзік з-за хмары
І вецер адзінокі снег страсае з дрэў
Ля хаты, у якой ты сёння паміраеш
І нараджаешся… Як з кокана матыль ляціць,--
Душой у неба беларускае ўзлятаеш
І крыжам застаешся ў Беларусі жыць…



БАЛАДА ВАСІЛЯ ЗАХАРКІ
(1.04.1877—14.03.1943)


Стварыць дзяржаву і не ў ёй пражыць—
Такі ўжо лёс, і гэты лёс не чорны.
А за вакном у Празе снег імжыць,
І гэты снег-- нібыта попел зорны
З нябёс, якія па-над той зямлёй,
Якая засталася ў далячыні,
Але якой павек не стаць чужой,
Бо гэтая зямля тваёй Айчыны,
Што стане белым Храмам для Еўропы,
Як сотня год пакутна праміне
І зарастуць, як трэшчыны ў сцяне,
Чарнюткія крывавыя акопы…
І ты задумна праз вакно глядзіш
На Прагу, дзе мяцеліца шугае.
Гародня, Зэльва, Полацак, Нясвіж
І Беларусь уся, уся святая
Праз снег перад табою праплывае
І не знікае, бо твая яна,
Як плачу беларускага сцяна.



БАЛАДА УСЕВАЛАДА ІГНАТОЎСКАГА
(19.04.1881—4.02.1931)


Халодны пісталет, як чорны лёд,
І час такі ж, як чорны пісталет.
Ты ведаеш: харошы ў нас народ,
Ён-- працаўнік, змагар, і ён-- паэт,
І любіць ён не менш, чым ты, зямлю,
Якую Бог нам даў, каб кожны мог
Па-беларуску ёй казаць люблю,
Але чамусьці не ў пашане Бог
І мова, і ты вораг для людзей,
Што ведаюць, якой павінна быць
Твая Айчына, што табе мілей
За ўсё. І як тут беларусу жыць
У часе, што, як чорны пісталет,
Які з шуфляды дастаеш, як лёд,
Які не растае, нібыта след,
Што ў небе па-над Мінскам самалёт
Пакінуў і за небакраем знік…
І вецер па-над горадам, як крык,
На момант узляцеў і ў снег упаў,
І пісталет у цемры не растаў,
А цемрай стаў…



БАЛАДА ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА
(28.05.1881--20.08.1919)


На Роса ў Вільні росы, нібы слёзы,
Бо ты ўсё ж не вярнуўся з Закапанэ,
Бо ты вярнуўся ў Беларусь, якую
І спёка паліць, і сякуць марозы,
Яна ж, нібыта маладая панна,
Трывае ўсё і ўсім усё даруе,
Як ты ўсім за пакуты дараваў.

І сёння сонца помнік твой цалуе
І плача беларуская трава.
А ты па Беларусі ходзіш нашай.
Як мы жывём-- не кожны з нас раскажа,
Але ты бачыш сам, але ты чуеш
І ў нашых душах, як святло, начуеш,
Бо ты быў сэрцам Беларусі той,
Што, як каменне замкаў, пад травой,
Што стаць магла,-- не стала залатой…
 


БАЛАДА УЛАДЗІСЛАВА ГАЛУБКА
(15.05.1882—28.09.1937)


Вандроўны тэатр не па свеце вандруе,
А толькі з самотнай душы-- да душы
І ў душах, нібыта ў палацах, начуе
І доўжыць свой шлях праз вятры і дажджы,
І ты спазнаеш усё роднае, наша,
І ў творах сваіх ты жывеш і жывуць
Тутэйшыя людзі, якіх лёс, як сажа
І светлы, як зоры, як шлях у царкву…

Вандроўны тэатр, нібы вольная птаха,
Што ў клетцы не можа ні жыць, ні спяваць.
І душы, як келіх атрутаю, страхам
Цябе не прымусіць ніхто напаўняць,
Бо ты беларус, у якога дарога
З самотнай душы да самотнай душы,
Якая, як ты, нібы свечка, прад Богам,
А Бог у нябёсах, а Бог на крыжы
І ў думках, дзе ты застаешся і будзеш
З Вандроўным тэатрам і ў свята, і ў будзень
Зноў доўжыць свой шлях праз вятры і дажджы,
Каб мы зразумелі: тутэйшыя людзі
І ў хаце любой і ў любым у двары
Гаспадары!



БАЛАДА ЯНКІ КУПАЛЫ
(7.07.1882—28.06.1942)


...Сябе забыць ці быць забытым?
Сябе забіць ці быць забітым
І ў лесвічны ляцець пралёт?
Прыстукі чорныя, як лёд,
Як лёс, які нас напаткаў…
Купала падаў і ўставаў,
І заставаўся, як наш свет,
Як той адвечны наш партрэт,
Які даўно не беражом,
Не разумеючы-- жывём
Мы толькі з ім і родны дом
Не будзе знішчаны агнём,
Ні часам, ні якой бядой,
І сум размыецца вадой,
Што з неба весняга пральецца,
І ўжо ніхто не пасмяецца
Над намі і над нашым краем,
Які ў нас быў, які мы маем
І будзем мець, як меў Купала.
Купала ёсць і нам нямала,
Каб быць, тутэйшае любіць,
Каб падаць і ўставаць, і жыць,
І заставацца, як наш свет,
Як той адвечны наш партрэт,
Які, нібыта Божы Храм,
Што звеку не належыць нам...



БАЛАДА ЯКУБА КОЛАСА
(3.11.1882—13.08.1956)


...Іду ізноў на пляц Якуба Коласа
Да постаці паэтавай, да голаса,
Які мне чуецца ў бярозавым лісці.
Да Коласа, як да Айчыны, мне ісці
І ведаць, што не ўсе шчэ мары ажылі
Пад родным небам на пакутнае зямлі,
Дзе нам з табою выпаў не найлепшы лёс.

Стаю, нібыта ў Храме, у святле бяроз
І слухаю-- Сымон-музыка грае нам
Пра Шлях, якім ісці, а мы ідзём да крам
І ўжо не думаем пра нашае жыццё.
Шуміць, як полымя нябеснае, лісцё,
І голас Коласа, нібыта крыж, над ім
І бачыцца, і чуецца, але-- не ўсім:
“Мой родны кут, як ты мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы...”

...Ідзеш і ты на пляц Якуба Коласа
Да постаці паэтавай, да голаса,
Які шчэ чуецца ў бярозавым лісці...

Да Коласа, як да Айчыны, нам ісці!  



БАЛАДА СТАНІСЛАВА БУЛАК-БАЛАХОВІЧА
(10.02.1883—10.05.1940)


Беларускага войска конніца
І сваім, і чужынцам помніцца.
Кроў пралітая не змываецца,
Ды з крыві выплывае раніца,
Наша раніца, наша вечная,
Што пачата ад Шляху Млечнага,
Па якім зноў прыходзіць конніца,
Па якім і сягоння гоніцца
За чужынцамі, што нязводзяцца
На зямлі, дзе ўсе з намі родняцца
Хто прыходзіць да нас не біцца…
Пыл за конніцай зноў клубіцца
І хаваецца ў пыле конніца,
А дарога яе не скончыцца,
Бо наперадзе ты і раніца,
У якой Беларусь прачынаецца…



БАЛАДА ФРАНЦІШКА АЛЯХНОВІЧА
(9.03.1883--3.03.1944)


У Вільні ёсць твая магіла,
Але—у ёй цябе няма.
Айчына, дзе дзіця згубіла?..
...Зноў вінаватая зіма,
Вайны пажар і мы з табою,
Што ля пустой магілы зноў
Стаім, як свечкі, і журбою,
Нібы агнём, сваю любоў
Высвечваем. Цябе ж няма,
Але ты ёсць, як ёсць магіла,
Як ёсць Айчына, ёсць турма
І воля, што цябе любіла
І ты любіў, так, як тварыў
Наш свет, дзе нам з табою
Ёсць месца, як траве ў двары
Халоднай, ды сваёй вясною,
Што прыйдзе зноў, як мы прыйшлі
У Вільні да тваёй магілы…



БАЛАДА ЯЗЭПА ЛЁСІКА
(6.11.1883--1.04.1940)


Нявольны зноў. Няма ў цябе краіны,
Бо з воляю краіну адабралі.
І родны край-- самотныя руіны,
Што скрозь травой чужой пазарасталі--
Далёка, як далёка наша воля,
Якую сніш ты і жывеш якою…

Чужая мова і чужое поле,
Дзе вецер звар’яцелы прад турмою
Лятае, і табе ў турме здаецца,
Што нават вецер над табой смяецца,
Бо ўсё дарэмна. Толькі ж недарэмна
Усё было, і вольным край наш будзе,
Бо ёсць наш край і ёсць і будуць людзі,
Што любяць волю, а яна ўзаемна
Іх любіць, і таму твая краіна
Паўстане, нібы крыж святы, з руінаў,
Бо ты ў ёй жыў, бо ёю жыў і мову
У сэрцы нёс-- дзяржаўнасці аснову,--
Каб кожны дзень, які пасля пачнецца,
Быў беларускім, нібы беларуса сэрца...



БАЛАДА ВАЦЛАВА ЛАСТОЎСКАГА
(8.11.1883--23.01.1938)


Дзень адыдзе ў небыццё
Па чырвоных кветках смерці.
Верыць жа табе ў жыццё
І казаць народу: “Верце!”
І на вулках нашай Вільні
Бачыць волю праз гады
І праз турмы, і клады,
Бачыць залаты наш час,
Дзе наш Бог пачуе нас,
Бо сваё мы скажам слова:
“Мы народ, і ў нас ёсць мова,
Ёсць адвечная Айчына,
А вакол яе—чужына...”
І ляціць у сэрца куля
Па загаду: “Расстраляць!”
І пакуль яна ляціць
Вечнасць будзеш ты збіраць,
Каб радзіным словам жыць,
Каб ісці ў світанне наша
І цяпліць святло для нас.
“Ён-- нацдэм!”-- бязродны кажа,
“Ён-- змагар!”-- нам кажа час,
Што пачаўся ў родным краі,
Дзе заўжды чужынцаў зграі,
Дзе заўжды нас вельмі мала.
Толькі годнасць не прапала!
……………………………..
Век адыдзе ў небыццё,
Ды не скончыцца жыццё.



БАЛАДА АНТОНА ЛУЦКЕВІЧА
(29.01.1884—23.03.1942)


У вечнасці не губіцца нічога.
І кожны крок твой, як у вечнасць крок,
Каб Беларусь была, нібы да Бога
Дарога, а—не на вятрах лісток,
Які ляціць туды куды вятры
Яго нясуць пакуль ён не загіне.
І Вільня наша, наша да пары
Пакуль у сэрцах, сэрцы ж у краіне,
Што ў вечнасці не губіцца зямной,
Дзе ты—змагар і сын паўстанца годны,
Каб слова роднае жывой вадой
Было і не знікала ў краі родным,
Дзе людзі найпрыгожыя жывуць,
Што беларусамі даўно завуцца,
Бо беларусы, і яны ідуць
У вечнасць за табою, каб вярнуцца
У вершах, у карцінах, у святле,
Што ў сэрцах беларускіх, як святыя,
Як Беларусь, якая ў нас жыве
І без якой мы будзем нежывыя…



БАЛАДА ПАЛУТЫ БАДУНОВАЙ
(1885—29.11.1938)


“Прыгожай і слабой павінна быць жанчына…”—
Прывыклі так мужчыны гаварыць даўно.
Яна слабая, як з мужчынам п’е віно,
Прыгожая і моцная, калі з Айчынай,
Што хоча вольнай быць, жанчына заадно.
І ты была прыгожай, нібы кветка ў маі,
І моцнай беларускаю душой была.
І ты трывала здзек, не кожны здзек стрывае
У часе, што шкадуе для людзей цяпла.
І ты на шыбу дыхала, каб сонца бачыць,
І доўга тонкі лёд крывава раставаў.
І тое, што было, ніхто ўжо не зыначыць,
Турмой не стануць ні касцёл і ні царква,
Яны—святыя, як і нашая Айчына,
Што вольнай будзе, а інакш і не павінна
Быць у Еўропе, бо і Беларусь—жанчына,
Прыгожая і моцная, як ты была
У час свайго імкнення да Святла…



БАЛАДА
СЫМОНА РАК-МІХАЙЛОЎСКАГА
(2.04.1885--27.11.1938)


…Жыццё-- не каляровы сон, кроў-- не вада,
І гэта сёння добра разумееш ты.
Як пальцы ў кулаку, людская грамада,
Калі адна ёсць мэта ў цэлай грамады.

А мэта-- жыць у беларускай грамадзе
На роднае зямлі, якую даў нам Бог.
Тут зоры, як у небе, у рачной вадзе,
Тут вечна студні і крыжы каля дарог.

“Што заслужылі, тое атрымалі мы…”--
Гаворыш ты і чуюць Салаўкі твой крок,
І сочыць за табою вартавы, як воўк,
Каб ты не ўцёк у белы акіян зімы.

Ты не ўцячэш, ты вернешся ў радзімы край,
Ужо там кулю для цябе рыхтуе кат.
Радзіма-- сонца вечнае і вечны рай,
Калі глядзіш ты на Радзіму не з-за крат.

Ты ў грамадзе. І голас з неба чуеш ты:
“Хто з вас гатоў агонь зімы стушыць крывёй?..”
І першым выйшаў ты спакойна з грамады,
І, выйшаўшы, застаўся з грамадой.



БАЛАДНЫ МАНАЛОГ
АЛЕСЯ ГАРУНА
(11.03.1887—28.07.1920)


Пэўна ў гэтай краіне памру, як сабака,
Толькі гэта краіна адвеку мая,
І век буду я з ёю смяяцца і плакаць,
І зраблюся сабакам, як здраджу ёй я.

Пэўна ў гэтай краіне мне славы не ведаць.
Але што тая слава? Узвеяны пыл!
І я буду да скону тутэйшым паэтам
Старасвецкіх дарог і забытых магіл…

Толькі ў гэтай краіне, у роднай краіне
Я памру, як сабака, спазнаўшы нястачу,
Ды й прад смерцю мяне тут любоў не пакіне
Да краіны, дзе я весялюся і плачу…



БАЛАДА ЦІШКІ ГАРТНАГА
(23.10.1887--11.04.1937)


Усё ў былым-- і слава, і пашана
І ўжо дарогі больш няма назад.
Ды выбар ёсць яшчэ-- быць расстраляным
Ці раптам звар’яцець… І ты-- вар’ят,
Але і ў гэтым доме ў вокнах краты,
Як павукі, што ткуць самоту й смерць.
І лекары крычаць, крычаць вар’яты
І можна тут сапраўдна звар’яцець.
А за сцяной вясна ды жыць не хочаш,
Бо немагчыма ў вар’ятоўні жыць,
І ўжо не поўню ў небе бачаць вочы,
Пятлю, якая кліча і гарыць,
Як бальшавіцкі сцяг служыў якому
І пад якім людзей катуе кат.
Не здрадзіў ты Айчыне і нікому
Не здрадзіш. Ты-- змагар, а не вар’ят.
І заўтра, як сабаку, закапаюць
Цябе на ўскрайку парка ды і там
Твой чэрап беларускі адшукаем,
Нібы ў начы-- бялюткі Храм…



БАЛАДА ЯЗЭПА ДРАЗДОВІЧА
(13.10.1888—15.08.1954)


Па Беларусі ў світцы белай,
У пыле зорак і дарог
Ідзе, задумны, пасівелы,
Вандроўнік—мудрых фарбаў Бог.
Чароўны кій вядзе па свеце.
А родны край як родны дом.

--Дзівак!—з яго смяецца вецер.—
Усё што зробіш—стане тлом!
Сядзеў бы дома і партрэты
Жанкам вясковым маляваў,
Меў торбу б грошай ты за гэта,
І не балела б галава
За мову мужыкоў тутэйшых.
Дзівак! Ты верыш у сусвет!
Хапала ў свеце разумнейшых.
Ды дзе яна? Усе ў траве.
Чужых дзяцей любіць—прыгожа.
А дзе свае? Маўчыш, стары?
Павалішся—а хто ж паможа
Устаць? Загінеш без пары!
Не слухаеш—то не разумна!
Хаця ідзі, раз выбраў шлях.
Твой шлях зямны—цяжкі і сумны,
Твой лёс—як поле ў камянях…

А ён, рукой махнуўшы, смела
Свой кінуў цень на крыж дарог
І ў люд пайшоў па Русі Белай,
Вястун, паэт, мастацтва Бог.


БАЛАДА АРКАДЗЯ СМОЛІЧА
(17.09.1891—17.06.1938)


…Ну а заўтра цябе расстраляюць
І ніхто страшны стрэл не пачуе.
Твае зоры з нябёс паўпадаюць,
Тваё сонца ў табе адначуе,
І зноў будзе яно за лясамі,
Над зямлёй, дзе сівее курганне,
Дзе азёры, палі з валунамі,
Дзе яшчэ рута-мята не вяне,
Дзе зубры Белавежу вартуюць
І дзе лён, як тутэйшае мора,
Праз якое сцяжыны прастуюць
Нам яднаючы заўтра і ўчора.
І ты верыш, што прыйдзе той час—
Беларусь перастане быць краем
Невядомым і бедным для нас,
Праз свой край мы Еўропу спазнаем.
Але заўтра цябе расстраляюць,
Нібы выб’юць з падмурка цагліну
Храма белага, дзе ўжо спяваюць
Пра свабодную нашу Айчыну.



БАЛАДА ВЯРТАННЯ БАГДАНОВІЧА
(9.12.1891—25.05.1917)

                         
 1.

Далёка-далёка ля сіняга мора
Душа не знаходзіць спакою зямнога.
І чайкай лятае над сумным прасторам,
І просіць спагады-- не вечнасці-- ў Бога.

Душа на радзіму даўно б паляцела,
Ды кінуць не можа паэтава цела,
Якое зямлёю ўжо стала сырою,
Даўно адшумеўшы самотнай травою.

Нялёгка знайсці да магілы сцяжыну--
Далёка-далёка, як сонца, Айчына,
Дзе разам змяшалася шчасце і гора
І воран крыляе над пыльным прасторам,
А ў пыле смяротная дрэмле атрута.

У Храмы заходзіць сучасны Іуда
І моліцца Богу, не любячы Бога,
І ведаць не хоча нікога, нікога,
Тым болей паэта, які на чужыне
Быў верным гаротнай, нявольнай Айчыне.

Ды ёсць яшчэ людзі, што мараць пра волю
І помняць паэта, ягоную долю,
І хочуць вярнуць на радзіму Максіма
З чужога, далёкага, тлумнага Крыма…

…Душа на радзіму даўно б паляцела,
Ды кінуць не можа паэтава цела,
Што стала зямлёю
Чужой і маёю…


2.

Максім Багдановіч... Максім,
Самотны, нібы пілігрым,
Які хоць вярнуўся дамоў,
Ды толькі свой дом не знайшоў,
Як нельга магіл адшукаць,
Дзе рыцары нашы ляжаць...
Максім Багдановіч... Максім,
Мы разам з табою ляцім
Да зорак, што светла гараць
У небе, куды не глядзяць
Самотныя людзі з вакон,
Счарнелых, нібыта ікон...
Максім Багдановіч... Максім,
Жыццё сёння наша, як дым,
З якога не бачна жыцця,
Нібыта не бачна лісця
На дрэвах, што ссохлі вясной,
Калі развітацца з табой
Нам дадзена лёсам было...
Але не прапала святло,
Якое ты нам запаліў
На гэтай прыгожай зямлі,
Дзе мы тут спрадвеку былі
І будзем, як гэты прастор,
Як гэта імкненне да зор...
Максім Багдановіч... Максім...



БАЛАДА АДАМА СТАНКЕВІЧА
(24.12.1891--29.12.1949)


Як канваір, мяцеліца збівае з ног
І замятае, як агонь, крывавы след.
І чорная тайга з дарогай на той свет,
Як страшны сон, які прысніцца толькі мог,
А яваю не стаць, бо ёсць над намі Бог,
Як ёсць заўжды святло ў касцёле і царкве,
Але святар ідзе —вялікі філантроп—
Па мёртвае дарозе ў свой апошні шлях,
І снег, нібыта крыж бялюткі, на плячах
Ляжыць і снег наўкол, нібы другі патоп,
Дзе белы свет з жыццём губляецца ў снягах
І паўстае, нібыта ўдар кувадлы ў лоб,
Каб раптам не ажыў, хто жыць яшчэ хацеў
І верыў, і любіў, і спадзяваўся зноў
Вярнуцца ў родны край, дзе светла ад дажджоў,
Як ад малітвы...



БАЛАДА БРАНІСЛАВА ТАРАШКЕВІЧА
(8.01.1892--29.11.1938)


Слова да слова, як цэгла да цэглы--
Так беларускі будуецца Дом.
Колькі ў падмурак яго з нас палегла!
Колькі шчэ вечным атуліцца сном!
Заўтра й цябе расстраляюць і восень
Будзе з крывёю тваёю чарнець.
Згубіцца ў хмарах апошняя просінь,
Горка звуглее асенняя медзь.
Слова ж чужое нам родным не стане,
Як і не стане зямля нам чужой,
Дзе нарадзіліся мы і світанне
Душы напоўніла нашы слязой,
Быццам малітвай адвечнаю-- Храмы,
Храмы, што будуць на нашай зямлі
Роднымі нам, не чужымі таксама
Тым, што да нас з дабрынёю прыйшлі…

Заўтра ты прыйдзеш, як заўтра, дадому
І не пазнаеш свой Дом і свой Храм.
Што ўсё не так-- ты не скажаш нікому.
Што ўсё не так-- нават Бог знае Сам.
Слова да слова, і сэрца да сэрца,--
І ажывае зноў мова дзядоў,
І беларусам тутэйшы завецца,
І Беларусь-- як пралітая кроў
За Беларусь…



БАЛАДА РЫГОРА ШЫРМЫ
(20.01.1892—23.03.1978)


“Песня родная—душа народа”,—
Мовіш, і паўторыць словы Бог.
Песня светлая-- калі свабода,
Песня чорная-- калі астрог.
І спяваеш ты, аж неба плача
Зоркамі, што, падаючы ў ноч,
Як у душы, што святла не бачаць,
Асвятляюць, як глыбіні воч,
Нашы беларускія прасторы,
Дзе сляды ўтравелыя вайны,
Дзе ў блакітным лёне, як у моры,
Бачны астравамі валуны,
Да якіх ты хлапчуком прыходзіў,
Як да рэшткаў збуранай царквы,
Як да песень, што жылі ў народзе
І жывуць, пакуль народ жывы.
І стаіш ты перад песняй роднай
На каленях. Песня, быццам Бог,
Светлая, калі народ свабодны,
Чорная, калі жыццё—астрог.



БАЛАДА АЛЯКСАНДРА ЧАРВЯКОВА
(8.03.1892--16.06.1937)


“Беларусь беларускаю будзе
Ці іначай не будзе зусім
Беларусі. І нашыя людзі
Не пазнікнуць у людстве чужым
З мовай роднай, якая спрадвеку
Богам дадзена тут чалавеку!”--
Ты гаворыш і многія чуюць
І наш Дом беларускі мацуюць.
Але гэтая радасць-- часова,
Бо не трэба тут родная мова
У вялізнай краіне саветаў,
Дзе баяцца, як смерці, паэтаў
І таму іх знішчаюць, ссылаюць
Ды й цябе ўжо чужым называюць.
А які ты чужы Беларусі?!
Ты на роднай зямлі-- гаспадар!
І ўжо плача анёлак у скрусе
У нябёсах, дзе чорна ад хмар,
Што збіраюцца па-над табою,
Над тваёй беларускай душою.
І ты сам пакідаеш жыццё,
Як пад ветрам з бярозы-- лісцё,
Але голас твой чуецца людзям,
Ён не знікне, як з вогнішча дым:
“Беларусь беларускаю будзе
Ці іначай не будзе зусім…”



БАЛАДА ЗОСЬКІ ВЕРАС
(30.09.1892--8.10.1991)


Зіма. “Лясная хатка”. Вільня наша.
І ты нібы адна і не адна.
Самотны зойдзе госць, і ты раскажаш
Пра ўсё, і будзе з вамі давідна
Тут Беларусь, якая светла сніцца,
Якая толькі чуецца душой,
Нібы малітва, нам якой маліцца
За родны край, раздзелены зімой…

І хоць тваё канчаецца стагоддзе,
Ды не канчаецца адвечны шлях,
І мы па ім да лепшай долі дойдзем,
Яна ўжо ёсць, як сонца-- у слязах.
І ты глядзіш спакойна ў нашы вочы,
І што ты бачыш там, не знаем мы.
А па двары гуляе вецер воўчы,
Вынюхваючы ворагаў зімы.



БАЛАДА КАНСТАНЦЫІ БУЙЛО
(2.01.1893-- 4.06.1986)



Жыццё на чужыне, нібы-- у палоне,
Дзе ты прывыкаеш да сонца, якое
Халодна-далёкае, як нежывое,
У воблаках, нібы ў снягах, светла тоне,
Світае, нібы ва ўспамінах Айчына,
Якую ты любіш, якой ты жывеш.

І сніцца табе каля хаты рабіна
З лістотай счарнелай, як спалены верш,
Якога душа адляцела ў нябёсы
Іскрынкай тваёй адзінокай душы.

І пройдуць дажджы, і мінуцца марозы
І будуць чарнець на магілах крыжы
Паэтаў, якіх растралялі за тое,
Што сонца над намі ўсё ж не залатое,
А проста чырвонае, быццам бы кроў…

Пакуль ты жывеш, ты не прыдзеш дамоў
У ціхае Вішнева, дзе ўсё святое
І любае, блізкае і дарагое,
А будзеш здалёку глядзець на Айчыну
І сумныя вершы Айчыне пісаць
І плакаць ты будзеш, як плачуць жанчыны,
Калі ўжо не могуць нічога сказаць…



БАЛАДА МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
(6.02.1893--20.03.1939)


Цёмна, цёмна ў родным краі.
На крыжах вятрыска грае.
Дзе святло? Святла няма.
Доўга цягнецца зіма.

Нібы воўк, завея вые.
Люд маўчыць. Няўжо— нямыя?
Да агню ідзе Максім.
Воўчы цень ідзе за ім.

А наўкол адна бядота,
І жыццё-- нібы балота.
Што з таго, што ні граша!
Ёсць галоўнае—душа
У людзей, што ў родным свеце
Патаемна сняць аб леце.

Цёмна, цёмна— хоць ты плач,--
З неба зоры ўкраў крумкач.
Да святла дайсці ўсё ж трэба.
Тут зямля, тут наша неба,
Тут шынок, а тут турма,
Нават нашая зіма.

На крыжах завея грае.
Кожны крыж свой выбірае.
А ў Гарэцкага дарога--
Да вясны, Святла і Бога…

Дойдзе, дойдзе наш Максім.
Нам ісці лягчэй за ім.



АЛАДА АНДРЭЯ МРЫЯ
 (1.09.1893--8.10.1943)


Ты едзеш на Радзіму паміраць--
Такую радасць даў табе Гулаг.
Наўкол снягі і, нібы кроў, зара
За цягніком па дрэвах, як гарах,
Цячэ і намывае ў сэрца сум
Па тых часах, калі шчаслівым быў.
І не хаваеш ад людзей слязу,
Нібы жыццё, якое ўжо пражыў.
Ты едзеш на Радзіму паміраць.
А на Радзіме трэці год вайна.
І твой вагон-- вялізная труна,
І колы ўсю дарогу грукацяць,
Як малаткі грукочуць па цвіках.
Тваё жыццё губляецца ў снягах.
Твая ж душа, як рукапісы кніг,
А рукапісы кніг, нібы душа,
Гараць і застаюцца ля жывых,
Як кветкі палявыя ля крыжа,
Дзе ты забіты нелюдзьмі ляжыш,
І вецер з Беларусі твой цалуе крыж…



БАЛАДА ПАЎЛІНЫ МЯДЗЁЛКІ
(12.09.1893--13.02.1974)   
 

           “Снілася дзяўчыне...”
                         Янка Купала

Снілася дзяўчыне залатое ранне,
Снілася дзяўчыне вечнае каханне.
Ды нічога вечнага не было й не будзе,
Ранне залатое не патрэбна людзям,
Як не трэба воля, як не трэба вецер...
Не засвецяць зоркі, як не прыдзе вечар,
Як вясна не прыдзе, сад не закрасуе.
Снілася дзяўчыне, што яе цалуе
Самы найпрыгожы, наймілейшы самы,
І ляціць лістота-- пісьмы-тэлеграмы--
З явара сівога да краса-каліны
У чужыну-далеч з любае Айчыны.
Сніліся дзяўчыне часта немаўляты,
Нібы кветкі ў садзе ля бацькоўскай хаты,
І ў слязах дзяўчына сустракала ранне,
І глядзела ў поле, дзе ў густым тумане
Не чужая постаць, як туман, знікала...
Снілася дзяўчыне, што яна сказала,
Што сказаць прад Богам і людзьмі хацела.
І душой у неба, як матыль, ляцела
Ад размоў і чутак, ад усмешак, смеху,
Каб бліжэй да Бога, каб бліжэй да грэху...
Снілася жанчыне, што яна дзяўчына,
Снілася мужчыну Беларусь-краіна...



БАЛАДА КАСТУСЯ  ЕЗАВІТАВА
(17.11.1893—23.05.1946)


                                                     У куце больш не маю бажніц—
                                                     Мапа там. А на ёй—Беларусь.
                                                                                           Кастусь Езавітаў

Не ў кожнага народа ёсць свая краіна,
Ды кожны хоча мець, як сёння маеш ты.
А ля вакна, нібы пажар, шуміць рабіна,
Губляючы яшчэ зялёныя лісты.
І разумееш ты, што ўсё не проста ў свеце
І кожны дзень, нібыта ўцёкі з ночы шэрай,
Дзе некаму і поўня, нібы сонца, свеціць
І дзе, як крэпасць, некаму яго кватэра.
А ты не можаш жыць схаваўшыся ад свету,
Ты беларусам адкрываеш іх багацце,
Дзе ёсць князі, музыкі, мастакі, паэты
І мова родная—як божы шлях да шчасця,
Да Беларусі той, якая толькі сніцца
Усім хто моліцца, каб Беларусь была
Краінаю, якою кожны ганарыцца
І ў ёй жыве, нібыта кропелькі святла,
З якіх сатканы словы Беларусь, Краіна,
Якімі сёння ганарымся я і ты…
А ля вакна, нібы пажар, шуміць рабіна,
Губляючы яшчэ зялёныя лісты.



БАЛАДА ТАМАША ГРЫБА
(19.03.1895—25.01.1938)


Рыцар беларускае свабоды...
Польскіх турмаў неспакойны вязень...
З Залатою Прагай—назаўсёды,
Хоць не думаў ты памерці ў Празе.

Ты ж хацеў, каб і твая Айчына
Стала еўрапейскаю краінай,
У якую можаш ты вярнуцца
І не знікнуць, як знікае дзень
У нябёсах, быццам у вадзе
Чорнай, дзе русалкі не вядуцца,
А жыве ўсялякая брыдота,
І Айчына, як у дождж балота,
Колькі год табе, нібы чужая,
Ды травінкай кожнаю жывая,
Родная, а родную з балотам
Параўнаць—патрэбна абармотам
Урадзіцца ці зрабіцца ім...

Па-над Прагай хмары, нібы дым,
І глядзіш ты ў хмары і там бачыш
Беларусь, з якой ты сёння плачыш
Па людзях, якія да свабоды
Не дайшлі, ды з намі назаўсёды
Засталіся, як з табой Айчына
Засталася, каб не стаць чужынай.



БАЛАДА АЛЕНЫ КІШ
(1896—1949)


У раўчуку вада халодная, як неба,
З якога дождж ішоў, а заўтра пойдзе снег
Бялюткі, сумны, нібы восеньскае срэбра,
Дзе слёзы ёсць твае і ёсць чужацкі смех
З таго, што босая ідзеш ад вёскі ў вёску
І дываны малюеш гожыя, як рай,
Які адной табе прысніўся з ласкі боскай,
Каб дыванамі прыгажэўся родны край…

Ты прад вадой, нібы прад будучай карцінай,
Стаіш і бачыш як цячэ тваё жыццё
Вадою праз трыснёг пад сумнаю рабінай,
Што з адзіноты пагубляла ўсё лісцё,
Як ты надзеі пагубляла, каб з нягоды,
Як з ямы чорнай, выбрацца на белы свет,
Каб райскі сад на дыване стаў назаўсёды
Жывым і райскім, як цяпер снег на траве…

І ты, нібы пісьмо каханаму, у неба
Ляціш і падаеш у белую ваду,
Нібы ў халоднае расплаўленае срэбра,
З якога кветкі райскія ўзрастуць…




БАЛАДА МІХАСЯ ЧАРОТА
(7.11.1896--29.10.1937)


На турэмнай сцяне ты прысягу рыфмуеш,
А прысяга твая не патрэбна нікому.
Табе хочацца жыць і ты ў думках дадому
Зноў бяжыш і зямлі пад нагамі не чуеш,
Той зямлі, на якой сёння слёзы і гора,
На якой людзі ёсць, што ўсё бачаць і чуюць,
І на вогнішчах босымі сёння начуюць,
І на мове тутэйшае з Богам гавораць.  
І не хочыцца верыць табе, што былое
Стала сном, у якім ты паэт пашанотны,
А цяпер, як Айчына твая, ты гаротны
І навокал усё не тваё, а чужое.
Нават гэта прысяга, якую рыфмуеш
Не твая, бо ад страху яна і ты верыш,
Што яна адамкне ўсе турэмныя дзверы
І сябе, і сяброў ты ад смерці ўратуеш.
Толькі ты не ўратуеш нікога ў краіне,
У якой кожны міг нехта плача і гіне.
І цябе расстраляюць і будзе прысяга
Напаўняцца, як сэнсам, крывёю і жахам…



БАЛАДА ЮРКІ ЛІСТАПАДА
(красавік 1897—5.06.1938)


Улюбёны, прыгожы, як мары аб волі…
Але волю табе не падораць за тое,
Што ты любіш Айчыну і вецер у полі,
І лісцё беларускіх бяроз залатое,
Што пад ногі ляціць і ў калюгах знікае
І становіцца смеццем, якога хапае
І без лісця, якое ў пару лістапада
Тут не кожнаму сэрца святлом напаўняе,
Як бакалы віном пад час шумнага свята
Гаспадарскай рукой напаўняюцца гойна…
Ты на неба глядзіш і на сэрцы спакойна
Ад таго, што спакойныя зоры над светам,
У якім расстраляюць цябе маладога
І тваёю крывёй афарбуецца лета
І на волю, дахаты з Сібіры дарога,
Ля якой безымянных магіл незлічона.
Ты спакойна глядзіш ды глядзіш не скарона,
Бо скараецца той, хто выношвае здраду,
Хто ляціць, як матыль на агонь, на багацце,
Што, як лісце жаўцюткае ў час лістападу,
Залатое ў сваім залатым лістападзе…



БАЛАДА АДОЛЬФА КЛІМОВІЧА
(20.04.1900-- 24.11.1970)

                                        Беларусь, твой народ дачакаецца
                                        Залацістага яснага дня…
                                                                                 Максім Багдановіч
У Вільні арган у касцёле іграе,
І музыка, нібы малітва, жывая
У душы людскія плыве, не знікае,
Цябе ж ад журботы штодзённай вяртае
У Прагу, дзе ўсе яшчэ ўсё маладыя,
Дзе мары, і справы, і сны залатыя
Аб той Беларусі, якая святая,
Якая дзяцей сваіх аберагае,
Каб сцежкі былі і гасцінцы старыя,
Бярозы і замкі, капліцы з крыжамі,
Бо воўк у піліпаўку нема там вые,
А ў весну нябёсы бялеюць бусламі…

Арган не сціхае, з табою ўздыхае…
Зноў камера смертніка-- нібы магіла,
З якой ты выходзіш ссівелы, чужая.
Але Беларусь яшчэ за небасхілам,
І ў сэрцы тваім не памерла, і будзе
З табою і ў святы святыя, і ў будзень,
Бо з роду крывіцкага ты-- назаўсёды,
Бо рунь зноў праб’ецца з-пад снегу і лёду…

Арган не сціхае, з табою ўзлятае
Над Вільняй, над тлумнай вялікай краінай,
Дзе ёсць Беларусь, што сягоння не знае,
Якога яна мае слаўнага сына,
Які сёння зноўку журботны, як тыя
І нашы героі, і нашы святыя,
Што верылі: нават калі іх не будзе,
Не знікне Айчына-- ёсць крыўскія людзі…

Арган не сціхае, ён душы яднае
Па-над Беларуссю, што сонца чакае…



БАЛАДА МІКОЛЫ КАСПЯРОВІЧА
(9.05.1900—26.12.1937)


… Зноў на шэрай вуліцы зіма
Белая, нібы самлелая.
І ў табе твайго жыцця няма,
І душа сняжынкай белаю
Узлятае і ляціць, ляціць
Па-над нашым краем, у якім
Не дазволена свой край любіць,
Як і нельга нам краям чужым
Аніколькі добрых слоў сказаць…

У нябёсах поўня, як сляза,
Што над Беларуссю Бог згубіў,
Гледзячы на белую зямлю,
Белую, якую ты любіў,
І якую сёння я люблю
За бярозы белыя і лён
Сіні, як бязмежнасць у вышы,
За царкоўны і касцельны звон
І найбольш за тое, што ты жыў,
Веручы, што прыдзе светлы час,
У якім ёсць Беларусь для нас…

І глядзіш на свет з нябёсаў ты,
І ляціш сняжынкай на зямлю,
Каб у Беларусі белаты
Больш было, як шчырых слоў: “Люблю
Родную бялюткую зямлю…”



БАЛАДА УЛАДЗІМІРА ЖЫЛКІ
(27.05.1900—1.03.1933)


“Не плач, не плач па сыну, маці…”—
Твой першы верш і ўздых апошні.
Ёсць Беларусь, а значыць шчасце
Таксама ёсць хоць і не кожны
Іх адчувае ў часе гэтым,
Дзе небяспечна быць паэтам,
Тым больш паэтам Беларусі,
Якога здрадзіць не прымусіць
Ніхто, калі паэт ад Бога…
Зноў прад табой, як смерць, дарога
І родны край усё далей,
І чым далей, тым ён мілей.
І сняцца Вільня, Менск і Прага,
І не сціхае ветру звяга
І ў снег, і ў дождж, і ў сухавей.
І ты вярнуцца спадзяешся,
І ў думках над сабой смяешся
Так, як паэт смяяцца можа.
А на чужыне ўсё прыгожа
І нат свая на снезе кроў.
Сваёй паэзіяй дамоў
Ты вернешся, але не скора,
Бо снег навокал, нібы мора,
Дзе ўсё патоне і загіне…
І будзеш ты ў сваёй краіне
Казаць: “Не плач па сыну маці.
Ёсць Беларусь і гэта—шчасце!”



БАЛАДА КУЗЬМЫ ЧОРНАГА
(11.06.1900--22.11.1944)


Зноў турэмная камера сніцца,
Як труна, у якой ты жывы.
А на вуліцы не навальніца,
А вайна каля самай Масквы.
І не можаш ніяк ты прачнуцца,
Каб, як кокан матыль пакідае,
Так пакінуць турму і вярнуцца
У дзяцінства, дзе мрой залатая
Павуціна плыве над табою
І, знікаючы ў мінскай турме,
Рассыпаецца чорнай журбою
Па Айчыне, нібы па зіме,
У якой ты не можаш ні ўспомніць
Непрыгожыя кветкі крыві
І штыкоў зледзяенелыя промні
За вакном, дзе шчэ шэпча: “Жыві…”
Адзінокая шэрая ліпа.
І жывеш ты і знаеш-- не сніш
Гэты лёс, што табе, як снег, выпаў,
Дзе ў табе твой хрыбет, нібы крыж…



БАЛАДА МІХАЛА ЗАБЭЙДЫ-СУМІЦКАГА
(14.06.1900—21.12.1981)



Спяваючы ў Празе, спяваў для Айчыны
І ў сэрцы Айчыну, як песню, бярог.
Самотна шумелі бярозы, рабіны
Над пылам і брукам радзімых дарог,
Якімі табе не прыехаць дахаты
І ў вочы вяскоўцаў, бы ў вечнасць, зірнуць
І ўбачыць народ працавіты й багаты,
Які беларускім у свеце завуць
За мову, за годнасць, за мужнасць і веліч,
Якія спрадвеку, якія навек.
І страшна, што ў цэрквы сцяжыны ўтравелі,
Але жыве Бог у душы, бы ў царкве.
І ты зноў спяваеш і чуе Еўропа
І хоча, каб ты беларусам сябе
Больш не называў і пражыў у журбе
На дне залатога ад гільзаў акопа,
З якога не кожны бароніць Айчыну,
Каб сонца было па-над ёй і каб ты
Усё да астатку Айчыне пакінуў
І быў для Айчыны, як кропля вады
Жывой... І ты не адрокся ад долі
Сябе называць беларусам, каб мы
Адвечнае наша імкненне да волі
Не пазагублялі на сцежках зімы,
Калі ты пайшоў...



БАЛАДА ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА
(10.07.1900—1.11.1984)


Мастак—нявольнік вечнай прыгажосці,
Якому аж да смерці без спачыну
Не маляваць партрэты для кагосьці,
А ратаваць славутую Айчыну
Ад той самоты, што людзям не сніцца,
А не дае табе спакойна жыць,
І век табе на родны край маліцца,
Які даўно распяты на крыжы
Дарог Еўропы, па якіх агнёва
Хадзілі заваёўнікі ніраз,
Ды Беларусь жыве, жыве і мова,
Яна, як наша кроў, заўсёды ў нас.
І да цябе, да віленскай майстэрні,
Прыходзяць, як да Храма, мастакі
І прыгажосці беларускай зерне
Ты ў сэрцы рассяваеш на вякі,
І прыгажосць у людзях прарастае,
Якія любяць не сябе, Айчыну.
Айчына не прыгожай не бывае.
Яе любіць да смерці без спачыну.
І ты малюеш, што душа жадае,
За што табе не плацяць ні граша.
Малюеш і душа твая спявае
І плача беларуская душа.

 

БАЛАДА УЛАДЗІМІРА ДУБОЎКІ
(15.07.1900—20.03.1976)


Дваццаць сем гадоў, як груганоў,
Чорна прашумелі праз душу.
Словы на паперы, нібы кроў,
Бы трава вясной пасля дажджу
На магілах, дзе сябры ляжаць,
На пажарышчах, дзе родны свет,
У які штодня ляціць душа
І вяртаецца ў чужы санет,
Нібы ў клетку, у якой жыццё
Існуе настолькі, колькі ты
Любіш гэтай клеткі свет святы
Запаўняць душой, як сад лісцём
Восенню сцяжыны запаўняць
Любіць вецер, што заўжды з табой
Пасмяяцца і пасумаваць
Можа ў волі горкай і чужой,
Вырвацца з якой няма ўжо сіл,
Бо ў аблоках сонца, як касцёр
У снягах, дзе чорны небасхіл,
Нібы воран крылле распасцёр
І крыляе за табой услед
Праз гады, праз вершы, праз любоў,
Праз пажарышчы, дзе родны свет,
Дзе шыпшына ў снезе, нібы кроў...



БАЛАДА НАТАЛЛІ АРСЕНЬЕВАЙ
(20.09.1903—25.07.1997)


Далёка, нібыта ад сонца, ад маці-краіны
З Малітвай у сэрцы за родны самотны народ,
Глядзела ў чужыя нябёсы яна, і ўспаміны,
Нібыта вуголле, нібы акрываўлены лёд,
Душу праціналі наскрозь і ў былое вярталі,
У голад, у холад, у дым непраглядны вайны,
Дзе словы, як кулі, і кулі, як словы, траплялі
І ў сэрцы людскія, і ў крылы жаданай вясны.
А неба было, як было па-над ціхаю Вільняй,
Глыбокім і сумным, як тыя азёры, з якіх
Глядзяць нашы продкі сівыя спакойна і пільна,
Хоць, часам, у нас і не бачаць нашчадкаў сваіх.
Ёй сонца з-за хмараў здалёку, як маці-краіна,
Душу асвяціла на міг, а хапіла—на век,
Каб дрэння думкі расталі, нібыта ільдзіны,
А сонца застыла ў вачах, нібы крыж на царкве.
…Гады праляцелі, як травы сухія згарэлі,
Але засталіся Малітва і родны абсяг,
З якімі да зорак ляцім і ляцім, як ляцелі,
І слёзы, як зоркі, як вершы, кіпяць у вачах…



БАЛАДА ТОДАРА  КЛЯШТОРНАГА
(11.03.1903—30.10.1937)


Трамваі зноў разбудзяць горад шэры,
Засвецяцца, нібыта ліхтары,
Лістотай трапяткою клёны ў скверы
Жаўцюткія і чорныя ў нутры.
І ўсё абудзіцца, і дзень пачнецца,
І засмяецца сумнае дзіця,
Але тваё не страпянецца сэрца,
Бо куля ў ім і ў ім няма жыцця,
Якое ты любіў пад родным небам,
З якога часта дождж і снег ішоў,
Ды неба іншага было не трэба,
Бо ў свеце лепшых снегу і дажджоў
Няма і не было, і больш не будзе,
І ў вершах застануцца назаўжды
Яны і новы дзень сабой абудзяць,
Нібы трамвай ад сонца залаты,
Што празвініць і знікне за дамамі
Старымі, як і гэты свет стары,
І будзе плакаць дзень дажджом-слязамі
Чарнюткімі і светлымі ў нутры.



БАЛАДА ЯНКІ ШУТОВІЧА
(24.01.1904--9.12.1973)


У Віленскай карціннай галерэі
Ты сціплы беларускі вартаўнік.
І сэрца, і душу мастацтвам  грэеш,
Не забываеш маладыя дні,
Дзе ты з паэтамі аб волі мроіш
Краіны, у якой жыве народ
Не цёмны і сляпы, нібыта крот,
А мудры, у якога ёсць героі
І замкі, храмы і дзяржаўнасць мовы…
Ды многае з жыцця забыць гатовы,
Дзе быў ты, вольны, за калючым дротам
І ў думках толькі Беларуссю жыў,
Што, нібы кветка папараць пад лёдам,
Была схавана ад людской душы
Пад пылам, як пад золатам, чужога,
Не лепшага, не горшага, чужога.
І наша ты ад згубы ратаваў,
Не просячы сабе ратунку ў Бога,
І потым зноў з-за кратаў уцякаў
У думках у музей, які ствараў,
З якога ты не зберажэш нічога
Амаль, але не знікне шлях адвечны,
Шлях беларускі, па якім і ты
Прайшоў па-беларуску чалавечна,
Пакінуўшы неўпыльныя сляды…


 
БАЛАДА ПАЎЛЮКА ТРУСА
(6.05.1904—30.08.1929)


“Падаюць сняжынкі—дыяменты-росы”,
Падаюць бялюткі за тваім вакном.
І бяжыць юнак па першым снезе босы
Да труны з жытнёвым просценькім вянком.
Ён бяжыць і плача, а труна—пустая,
Не труна, а яма вырыта яму
І яна ў Сібіры, як жана, чакае
І чакаць шчэ будзе не адну зіму.
Раптам снег знікае, быццам бы згарае,
І ў табе агнёва закіпае кроў.
За вакном лістота ціха ападае—
Засцілае жнівень сцежку да кладоў,
Па якой у лепшы свет адыдзеш скора,     
Не спазнаўшы цалкам шчасця і бяды,
А сябры твае ў Сібіры, як у моры,
Застануцца без магілаў назаўжды.
І бяжыць юнак ізноў па снезе босы
Да сваёй магілы, дзе даўно ў журбе
Падаюць сняжынкі — дыяменты-росы,
Падаюць бялюткі на яго й цябе...



БАЛАДА ПАЎЛЮКА ШУКАЙЛЫ
(31.12.1904--14.04.1939)

                                      На Беларусі вада з крыві,
                                      палеткі з курганоў і крыжоў.
                                                    Паўлюк Шукайла

Ні надзейных сяброў, ні гасціннае хаты
У цябе больш у роднай краіне няма.
Ты адзін, як сабака, што ў поле прагнаты,
Дзе на гурбах счарнелых царуе зіма.
І глядзіш ты на свет не вачмі, а слязамі
І не можаш ніяк ты цяпер зразумець,
Што зрабілася гэта сягоння з людзямі
І чаму паўкраіны сядзіць у турме.
А было ж у бабровай баярскае шапцы
І з гадзіннікам, нібы агонь, залатым
Ты хадзіў і зайздросцілі ўсе падшыванцы
І лавілі мядовы паэзіі дым,
У якім ты сам жыў, як матыль жыве ў кветцы,
Што ляжыць на магільнай халоднай пліце…
Снег вадой са страхі, нібы волава, льецца,
Ледзяшом красавіцкім спакойна расце
І становіцца куляй, што трапіць у сэрца,
Каб ты больш не хаваўся, каб болей не жыў
На зямлі, дзе вада з чалавечай крыві,
А палеткі наўкол-- курганы і крыжы…



БАЛАДА СТЭФАНІІ СТАНЮТЫ
(13.05.1905—6.11. 2000)


Жыццё і сцэна, сцэна і жыццё
З’ядналіся, як рэкі ў акіяне,
У сэрцы, што праменіць пачуццём
Любові да зямлі, што нам не стане
Чужой ніколі, бо ў ёй наша кроў
І нашы косці ў ёй ляжаць таксама.
Выходзіш ты на сцэну, каб ізноў
Тэатар стаў нам беларускім Храмам,
Дзе з намі слова роднае жыве
І не знікае, як знікалі Храмы
Разбураныя ў чорнае траве
І вырасталі на іх месцы крамы.
І плачаш ты і слёзы, як агонь,
Нам нашую Айчыну асвятляюць,
Дзе сцэна, нібы Божая далонь,
Дзе ўсе на ёй жывуць і паміраюць.



БАЛАДА СЯРГЕЯ НОВІКА--ПЯЮНА
(27.08.1906—26.08.1994)


У небе Айчыны чарнюткія краты,
І чэрап у небе—не сонца—плыве.
Пры новай уладзе ты зноў вінаваты,
Што ты беларусам з’явіўся на свет.
І гоняць ізноўку цябе да магілы,
І дротам калючым прыгожыцца шлях.
І воранаў чорных чарнюткія крылы,
І белыя крылы анёлаў, і жах
Над шляхам тваім, над людской непакорай.
І будзяцца песні пад звон кайданоў,
І будзяцца сілы, каб выжыць у горы,
Вярнуцца і ў гора патрапіць ізноў.
Навокал чарнеюць крывёю курганні,
І вёскі пустыя, і выюць ваўкі.
Ты помніш апошняе з маці спатканне,
І спадчыну дзеляць штодня чужакі.
І колюць штыкамі па-рабску у спіну
Служакі, што вераць у светлы прасцяг
І ў зорнае заўтра турэмнай Айчыны
І крочаць па братняй крыві і касцях.
Цяжэюць ватоўкі, звярэюць сабакі,
І холад, і голад збівае ўсіх з ног.
Смяротнікаў новых чакаюць баракі,
І ямы чакаюць—ля чорных дарог,
І працу чакаюць культурныя каты…
Душа паўтарае: “Айчына жыве!”
А ў небе Айчыны турэмныя краты,
І чэрап у небе—не сонца—плыве.



БАЛАДА ЗАІРА АЗГУРА
(15.01.1908—18.02.1995)


Камень халодны, нібы вечны лёд,
Але ў тваіх руках ён ажывае,
Цяплеючы, святлеючы, як мёд
У кветках тых, куды пчала лятае.
І ад цябе жыццё ў камень ідзе,
Нібы ад сонца ў белы свет праменне.
І ўжо выходзяць постаці людзей
З тых камянёў, якія ўжо каменнем
Не будуць болей на зямлі, якая
І для цябе, як і для ўсіх, святая,
Бо гэта беларуская зямля,
Якая поіць чысцінёй крыніцаў
І любіць у нябёсах жураўля
Не менш чым у руках сваіх сініцу.
І ты сядзіш сярод скульптур, як Бог,
Які стаміўся ад стварэння свету,
Але які стварыць усё-ткі змог
Зямлю, людзей і пчол для кветак…



БАЛАДА ЯЎГЕНІІ ПФЛЯЎМБАЎМ
(1.11.1908--13.01.1996)


За мужам у Сібір… А для чаго? Ці трэба?
Пытанні, нібы снег, ля сэрца растаюць.
А над табою чорнае, як воран, неба,
І ўдзень, і ўночы сумна плачуць і пяюць
Ваўкі і людзі, і таму навошта вершы
Пра родны край, якога ў нас амаль няма,
Але ўсё ж да яго праз вершы ўсё ідзеш ты
І прыйдзеш, бо задушыцца крывёй зіма…

…І будзеш з мужам ты, нібыта за сцяною
Схаваная, хаваючы ў сваёй душы
Жаданне грэшнае: не толькі быць жаною,
А быць паэткаю, распятай на крыжы
Паэзіі, якая вечнасць не шукае,
Ды застаецца вечнаю, як гэты свет,
Дзе, нават паміраючы, не памірае,--
Пакутуе ў сваёй паэзіі паэт…

…І пішаш верш, хаваючы, як грэх, ад мужа,
Пра родны край, які ў нас ёсць, дзе ты жывеш,
І белая папера прад табой, як сцюжа,
І пралятае праз яе, як куля, верш…



БАЛАДА МІХАСЯ БАГУНА
(9.11.1908—17.02.1938)


…Ты прыпомніў дарогі Айчыны
І не ўспомніў дарогі другой,
Ля якой бы бярозы й рабіны
Так цвілі невыказнай журбой.
Можа зналі яны, што дадому
Ты ніколі не вернешся ўжо
І не скажаш “кахаю” нікому
І “абрыдла” для жніўных дажджоў
Ты не скажаш, бо тут у Сібіры
Беларускасць тваю і цябе
Сцерагуць, як агонь, канваіры
І смяюцца тут з тых хто ў журбе
Па дарогах далёкай Айчыны,
Для якой ты сябе аддаваў,
Каб шумелі бярозы й рабіны
Весялей, каб не лезла трава
На забытыя людствам магілы
І каб роднае слова жыло,
І бусловы бялюткія крылы
Нам прыносілі ў весну цяпло…
У снягах патанае чужына,
Разрываецца сэрца ў грудзях,
І крывёю на снезе рабіна
Чырванее, знікае ў снягах.
Ды не знікне ніколі Айчына
Ні ў сібірскіх снягах, ні ў вяках…



БАЛАДА ВАЛЕРЫЯ  МАРАКОВА
(14.03.1909--29.10.1937)


Не вярнуцца дахаты паэту,
Як і зорцы, што ўпала, у неба
Не вярнуцца з крывавае Леты,
Дзе паэтам нічога не трэба.
І няма на Айчыне прарока.
Ёсць чырвонае лісце, як кроў.
Тут да смерці сягоння-- паўкрока,
І, як зорка за хмарай,-- любоў.

Ты глядзіш на турэмныя сцены,
Як на ноч, што ваўчэе штоміг,
Дзе счарнелыя краты, як вены
На руках у забойцаў тваіх.

Але верыш ты ў светлае ранне,
Як у Бога, што помніць пра нас.
І яно ў нашы хаты загляне,
Хоць, як сонца, далёка наш час.

Ты на неба глядзіш, там не зоры,
А там кроў, як на столі турэмнай.
І твой крык толькі рэха паўторыць
І схаваецца ў цемры падземнай,
І травой прарасце праз каменне,
І ажывіцца ў сэрцах людскіх:
“Не паставіць народ на калені
Нат забіўшы паэтаў усіх!”



БАЛАДА ЛУКАША КАЛЮГІ
(27.09.1909--5.10.1937)


Маладыя гады… Залатыя гады…
Але час не святы. Арыштанства, суды.
І ты вораг народа, і гэты народ
Прад табою цяпер,  як з калючкамі дрот.
І навокал, як вечнасць, чужая зіма,
І дарогі да сонца і сонца няма,
Бо яго расстралялі-- свяціла яно.
І цяпер каля вогнішча жлукцяць віно
Звар’яцелыя каты, якім гэты свет,
Нібы беглага зэка заснежаны след.
І адсюль не ўцячы, бо краіна-- турма,
Але думак пра волю турме не ўтрымаць.
І ты ў думках бяжыш праз завеі дамоў
І не можаш дабегчы дадому ізноў,
Бо крычыць вартавы і страляе ў спіну…
Прачынаешся ты і не можаш заснуць,
Бо і ты пачынаеш ужо разумець,
Што ў няволі жыццё-- не жыццё і не смерць,
І твае залатыя не прыйдуць гады,
Як цвісці аніколі не будуць сады,
Дзе пустыня спрадвеку і дзе халады…



БАЛАДА  МАКСІМА ЛУЖАНІНА
(2.11.1909—13.10.2001)


Жыццё прайшло, як кніга прачытана...
Жыццё прайшло, нібы святло ўзарвана
І Храм разбураны на ўзгорку тым,
Дзе ўсё, як сон, дзе ўсё, як райскі дым...

Жыццё прайшло, але было жыццё,
Нібы на дрэве высахлым лісцё
Было.
     І больш ніколі ўжо не быць
Пад гэтым небам, дзе аблокам плыць,
Табе і мне, і гэтаму святлу
Падобнаму на вострую стралу,
Што пранізаўшы нашу цемнату,
Ляціць далей і плача на ляту...

Жыццё прайшло, нібыта дзень прайшоў,
І паўзлятала вараннё з крыжоў,
І свечкі захлынуліся святлом,
Нібы згарэў стары гасцінны дом...



БАЛАДА ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ                            
(9.08.1910—7.04.1983)


Воля на чужыне,
На Радзіме краты.
Выбар-- невялікі,
Толькі выбар ёсць.
Вецер сумна вые,
Воўчы цень ля хаты
У зубах трымае,
Згаладалы, косць.

Зойдзе цень на ганак--
Не кажы нічога.
Добра што на свеце
Ёсць яшчэ сябры.
Свечка асвятляе
І крыжы, і Бога.
Свечка светла плача,
Свечка не гарыць.

А навокал цёмна,
Нібы ў дамавіне.
А навокал цені,
А навокал-- сон.
Толькі вецер вые.
Вецер у Айчыне
З могілак узняты
Крыламі варон.

І пачата споведзь
Прад людзьмі і Богам.
І пачуты словы,
І пачуты крык.
Толькі на Айчыну
Помніцца дарога,
Дзе ў руцэ Айчыны
З дыяменту цвік.



БАЛАДА ПЯТРА БІТЭЛЯ
(6.06.1912-- 18.10.1991)


На парваных мяшках з-пад цыменту
Ты зялёнкаю пішаш, і ноч
Прад табой, як жалобная стужка,
Што да Божых прыкладзена воч,
Каб не бачыць пакут чалавечых
На чужой і нябоскай зямлі,
Дзе ты ў словах, бы ў сховах у вечных,
Захаваеш зямлю, дзе жылі,
І жывуць беларусы, і волю
І не любяць, і любяць, але ж
Не заменяць яе аніколі
На чужога ўладарства бязмеж.
Сам Міцкевіч з табою гаворыць
І дыктуе, дыктуе табе
Сваіх твораў бяздоннае мора,
Каб і ты не памёр у журбе,
А вярнуўся ў Айчыну, дадому,
І праклёнаў не слаў анікому,
І ў слязіне, нібыта ў расе,
І ў расінцы, нібыта ў слязе,
Бачыў ты цэлы свет, дзе Айчына,
Як ля сцежкі вясною каліна--
Хто ні пойдзе-- ламаюць усе…



БАЛАДА МАКСІМА ТАНКА
(17.09.1912-- 7.08.1995)


У Максіма была, як няволя, Радзіма,
Але тая няволя любіла Максіма,
А Максім Нарачанскія сосны любіў,
Быццам гліну, з якой гэты свет сатварыў
Наш пан Бог, для якога сягоння ўсе мы,
Як праталіны ў снезе сусветнай зімы…

Ад Максіма для нас засталася Радзіма,
Без якой аніхто тут не ўспомніць Максіма…



БАЛАДА АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА
(6.02.1914—4.02.1978)


“Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.”—
Складаўся верш і плакала твая душа,
Бо бачыла, як наша мова дагарае
На ўсходзе зор чырвоных, што заміж крыжа,
Які  ўтапталі людзі ў гразь, сарваўшы з Храма,
І ў стайню Храм ператварылі, дзе б і ты
Не беларусам быў, а—беларускім хамам,
Якому родны край, як ля карчмы кусты….

А час ляціць, ляціць, нібыта воран чорны.
І кожны хоча жыць, а не ў зямлі ляжаць
У дзень пад небам сонечным, а ў ночы—зорным.
Ты пішаш вершы, бо не можаш не пісаць
На мове продкаў, што знішчаецца, знікае,
Але жыве, бо сёння пішаш ты на ёй.
І cотня пройдзе год і нехта ж прачытае
Твой верш, нібы глыне глыток вады жывой:
“Хай ісціны старэюць з году ў год,
Хай сэрца разрывае гук жалезны,
А ты за ўсё ў адказе, мой балесны,
За мову, за дзяржаву, за народ!”
І ўбачыць ён, як сонца сумна дагарае
На захадзе, і праз стагоддзе за табой:
“Жыві, абуджаная ў сэрцы, дарагая…”
Паўторыць ціха і слязу змахне рукой…



БАЛАДА УЛАДЗІСЛАВА ЧАРНЯЎСКАГА
(14.01.1916—22.12.2001)


...І прыйшоў ён да нас, нібы слова жывое
Апусцілася з неба на нашу зямлю,
Дзе адвеку ў пашане сваё і чужое,
Дзе прад светам баімся сказаць мы “люблю”
Шчодрым нівам, якія паліты крывёю
Нашых продкаў, што верылі ў лепшы прасцяг,
Ветлым хатам, напоўненым век цеплынёю,
Сціплым людзям, што горбяцца
                                              з ранку ў палях...

Ён прыйшоў, як прыходзяць вясна і світанне,
Хоць не кожны вясну і світанне чакаў,
Хоць не кожны пранікся ягоным літаннем
Толькі ён не адрокся таго, што абраў,
І ў мястэчку ў касцёле, гаворачы з Богам,
Верыў ён, што надыдзе той радасны час,--
Прывядзе нас у Храм беларускі дарога,
Ды шкада, што тады ўжо не будзе тут нас...

І пайшоў ён ад нас, нібы слова жывое,
І прайшоў ён праз нас, як святло з абразоў,
Каб мілей нам зрабілася наша, святое,
Каб мы ўспомнілі шлях да забытых крыжоў...




БАЛАДА ЯНКІ БРЫЛЯ
(4.08.1917—25.07.2006)


А ён спакойна жыў… Памёр спакойна,
Як неба памірае над зямлёй,
Дзе цішыня, як шкло, дзе вечна войны,
Дзе рэчак вены з нашаю крывёй
Парэзаны, як брытваю, мяжой.
І неба зноў спатоліцца душой,
А нам, як свечкам, ля крыжа застацца
Пад сонцам, як пад божаю слязой,
Дзе толькі на сябе нам спадзявацца,
Бо аніхто, ніхто не дапаможа
Прайсці зіму і гэта бездарожжа,
Якім сябе мы часта суцяшаем,
І наша неба з намі памірае…

А ён пайшоў, як Заўтра памірае,
Дзе цішыня, як на іконе шкло,
Дзе жыў ён светла, дзе расце святло,
Дзе нашага і ценю не было…



БАЛАДА ЛЕСІ БЕЛАРУСКІ
(1920—1948)

Ты ўсё стрывала, і ты ўсё змагла,
Прайшла жыццё і ўпэўненна, і прама.
Апекавала Ефрасіння Храмы,
Ты ж душы, нібы Храмы, берагла,
Таму і снег, нібы анёл, ляціць,
Цябе, заледзянелую, цалуе
За Беларусь далёкую, жывую,
Якую не клялася ты любіць,
А ўсё жыццё яе любіла ты,
Хаця і ненавідзець права мела...
Паэзія— зняможанае цела,
Якое не пакінуў дух святы—
Была з табой і жыць натхняла ўсіх
І верыць, што і гэта ўзвея пройдзе
І застанецца кветкамі на лёдзе
Калючы дрот з крывёй сяброў тваіх,
Бо ты стрывала ўсё і ўсё змагла,
Прайшла жыццё і ўпэўненна, і прама.
Апекавала Ефрасіння Храмы,
Ты ж душы, нібы Храмы, берагла...



БАЛАДА ПЯТРА ПРЫХОДЗЬКІ
(25.02.1920—30.11.2006)


Голас сэрца Айчынай пачуты,
І калінавых зорак святло
Над зямлёю ў заснежаным лютым
Да людзей назаўжды прарасло,
Каб і ранак над Эльбай адбыўся,
Дзе з салдатамі міру паэт,
Нібы з вечнасці, з рэчкі напіўся,
Прад сабою пабачыўшы свет,
У якім будзе водгулле грому
І апаленых вёрстаў прасцяг,
Дзе святая дарога дадому
Не знікае, не знікне ў снягах.

І паспець да вячэрняй малітвы
Зможа кожны і зможа павек,
Каб акопаў крывавыя рытвы
Не дыміліся ў роднай траве.

Парог памяці будзе заўсёды,
І вішнёвы агонь, каравай
Будзе цёплы, як радасці подых,
Як той памятны велічны май,
Бо паэты жывуць, не знікаюць,
Як нябёсы, як зоры, як свет,
І няма прыгажэй таго краю,
Дзе Айчынай пачуты паэт...



БАЛАДА ІВАНА ШАМЯКІНА
(30.01.1921—14.10.2004)


Жыццё пражыта, нібы зжата жыта,
Дзе жніўнае святло, нібы сляза,
І поўня ў небе, як свінцовы злітак...
Жыццё пражыта, ды яшчэ сказаць
Хапае што і ёсць каму паслухаць,
І гэта ноч, як вечная рака,
Якую п’еш, а ў роце суха-суха,
І, як крыло зламанае, рука
Не можа адагнаць туман, што блізка
Плыве з тых дзён, якія адыйшлі,
Дзе мама маладая над калыскай,
Дзе ў небе, як анёлы, жураўлі,
Што клічуць за сабой і горка плачуць,
Бо ведаюць—пражыта ўжо жыццё
І хто ты ёсць яны з нябёсаў бачуць,
І падае, нібы агонь, лісцё
Пад ногі нам, бо мы яшчэ жывыя,
Бо верылі і верым, што сляза
Душу, што ў Шлях сабралася, абмые,
А на Шляху даўно стаіць Марыя,
Празрыстая, як на крыжы раса...
Жыццё пражыта, бы пасеіў жыта
Азімае, дзе хутка ляжа снег,
Як россып белых-белых маргарытак,
І выйдзем мы, самотныя, з-пад стрэх
У новы дзень, дзе сонца маладое
Асвеціць нам дарогу да вясны...



БАЛАДА ЯЗЭПА ЮХО
(19.03.1921—29.07.2004)


Ты знайшоў залатую жылу—
Гэта наш беларускі шлях,
На якім у траве магілы
І вуголле ў крыві й слязах.

Значыць тут мы жылі спрадвеку,
Значыць тут нам і далей жыць
І цячы ў акіяны рэкам,
Нашым рэкам не знаць мяжы.

І Еўропа ні недзе ў далі,
А яна ёсць і будзе тут.
Мы стагоддзі яе шукалі
Ледзь не трацячы родны кут.

І мінулася ўсё, не зніклі
Нашы мова, палацы, кроў.
“Адкажы каго любіш?!”—крыкні
І пачуеш нязменна зноў:

“Я люблю Беларусь!”  І ў сэрцах
Словам гэтым заўсёды жыць,
Бо аб іх, як аб сцены, б’ецца
І вятрыска, і меч чужы.

І табе болей тут не трэба
Анічога, чым родны край,
Над якім залатое неба,
Дзе шлях Млечны, як шлях у рай.

Ты аддаў залатую жылу
Беларусам, што будуць жыць
У краіне, дзе ў кветках магілы
І стаяць на магілах крыжы…



БАЛАДА МІКОЛЫ ЕРМАЛОВІЧА
(29.04.1921—5.03.2000)


Ён праз туман, нібыта праз стагоддзі,
І праз стагоддзі, нібы праз туман,
Ідзе няспешна, як па тонкім лёдзе,
Па нашым свеце, і гучыць сурма
Над ім у небе, і прастор святлее,
Як бездань, у якой наш Боскі дзень
Народзіцца і душы абагрэе
Усім, хто сёння праз зіму ідзе
І ў вечнасці зямной не прападзе,
Бо Ён ідзе праз княствы і праз войны,
Праз дым стагоддзяў і стагоддзяў пыл.

Ён, нібы неба над зямлёю, вольны,
І Ён самотны, як трава магіл,
Дзе нашае змаганне спачывае,
Ды спачывае толькі да пары,
Пакуль хто-небудзь зноў не загукае:
“У рукі, хлопцы, стрэльбачкі бяры!..”
І дойдзе Ён, бо ведае дарогу
Да Беларусі, дзе няма зімы,
Дзе белы снег нібы рамонкаў многа
Яму пад ногі накідалі мы...


БАЛАДА ВАСІЛЯ БЫКАВА
(19.06.1924—22.06.2003)


Ён вярнуўся дамоў, каб памерці,
Як спазнаныя словы сказаць,
Што няма і не будзе нам смерці
І нятрэба па ім сумаваць,
Як па хмарах дажджы не сумуюць,
А ідуць, нібы вечнасць, дажджы,
За якімі ўсе душы начуюць
Покуль мы не адчуем душы
У сваім аграхоўленым целе,
Што як сон, да якога ісці
Па дарозе не ўсім зразумелай,
Як агню—- па апалым лісці…
Ён вярнуўся дамоў, каб не ўмерці,
Як вяртаюцца ў неба дажджы,
Бо няма нараджэння і смерці,
Як Хрыста ўжо няма на крыжы…



БАЛАДА КАСТУСЯ АКУЛЫ
(16.11.1925--   29.01. 2008)


Далёка Радзіма, як зорка Венера,
Якая заўсёды ў начы прад вачыма
Была, і ў душы не цямнілася вера,
Што з карты Еўропы не знікне Радзіма,
Бо там ёсць каму за Радзіму змагацца,
Калі да змагання Радзіма пакліча.
У небе не зоры, а іскры мігцяцца
Ад нашага вечнага крыўскага зніча,
Які мы нясём пра вятры і стагоддзі,
Каб светла было нам на нашай зямлі,
Каб жыў наш народ, не знікала ў народзе
Любоў да свайго і да тых, што жылі,
Каб вечна жыла і квітнела Радзіма,
Бо толькі Радзіма нам шчасце дае
Глядзець на Радзіму душою-вачыма
І бачыць і ў шчасці, і ў горы яе…
І ты застаешся з Радзімай хоць сёння
Далёка Радзіма, як зорка Венера.
І крыж твой схіляецца ў светлым паклоне
У бок Беларусі, што верыла й верыць
Сынам, што любілі і любяць яе
Да смерці, аддана й без меры…



БАЛАДА АЛЕСЯ АДАМОВІЧА
(3.09.1927—26.01.1994)


Не думаць пра сябе нідзе, ніколі
І роднае нікому не аддаць.
Айчына ёсць, калі ў яе ёсць воля,
Нібыта жыватворная вада.

Не спіш ізноў-- баліць душа і плача,
Што ўсё не так і сіл не маеш ты,
Каб перайначыць люд, які ты бачыш.
А люд, як лёд, халодны, не святы,
Але святым, каб быў ён тут-- не трэба.

Героі-- мёртвыя, ім не да нас
І мы глядзім на іх і бачым неба,
Дзе сонца, нібы залаты абраз
У храме нашым, у якім ты вечны,
Як і малітвы ўсе за родны край,
Каб быў, як сонца ў небе, незалежны,
І лепшага не знойдзеш, не шукай
Такога краю анідзе, ніколі.
Ты ў ім застаўся, як у жылах кроў
Жывога воя, што жыве і волю
Нясе ў сабе, бо з воляю прыйшоў…



БАЛАДА ІВАНА КОЗЕЛА
(21.05.1928—30.01.1970)


У кожным родны слове прыгажосць і сіла,
І ў кожным слове кветка-папараць цвіце.
І нельга жыць самотна і зусім бяскрыла,
Нібыта ў садзе маладым, сярод  дзяцей
Цікаўных і наіўных, для якіх Айчына
Яшчэ пакуль не стала вечнай і святой,
Як для цябе, якому слова, нібы гліна,
З якой ствараеш свет асветлены слязой
Людской і ўсмешкай беларускай шчырай, ветлай…

І ты глядзіш спакойна ў вочы дзетвары,
Нібы ў люстэрка, бо ў душы сягоння светла
Ад студзеньскага снегу на тваім двары,
Што хутка замяце і за табой дарогу,
Якую ты, як толькі мог прайсці, прайшоў,
Каб заўтра расказаць пра беларусаў Богу,
Пра кветку-папараць і пра сваю любоў
Да родных ніў, да слова, што прыйшло ад маці,
Ад тых людзей, якія за бацькоўскі кут
Загінулі, каб, нібы папараць, мы шчасце
Знайшлі ў Айчыне і сказалі: “Шчасце тут!”



БАЛАДА ЛЯВОНА БАРАЗНЫ
(4.02.1929—15.08.1972)


Ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты
Ідзеш ты па сцежках бацькоўскай зямлі,
І бачыш, на колькі народ наш багаты
На ўбранні, на ўзоры, а не на рублі,
Якія ніколі душу не сагрэюць,
А толькі апаляць жывую душу.

Малюеш Айчыну—не ўсе разумеюць,
Але і не трэба, бы ў восень дажджу
Не трэба, бо й так тут хапае самоты
З таго, што сыходзіць штодзённа ў нябыт
Мінулых гадоў светлыня, пазалота,
Нам ціш застаецца магільная пліт.

І ты ў адзіноце сваёй не сумуеш,
Бо шлях прад табой — беларускі наш шлях,
Які ты сваёю крывёй афарбуеш,
Каб ён не згубіўся ў туманных гадах,
Дзе з вёскі да вёскі, ад хаты да хаты
Ідзеш і збіраеш жывое святло
Айчыны, каб будні і нашыя святы
Былі беларускімі, каб не было
Самоты па тым, што знікае, сыходзіць
Вялікі народ, які ў сэрцы Еўропы,
Дзе ў травах, як чорныя вены, акопы,
Адкуль кожну раніцу сонца ўзыходзіць
Для цэлай Еўропы…


 
БАЛАДА ЯЎГЕНА ГЛЕБАВА
(10.09.1929—13.01.2000)


Мара пра мора музыкай вечнаю стала.
Птушкі, як ноты, светла да сонца ўзляцелі
Па-над курганнем, дзе Беларусь начавала,
Па-над шляхамі, што без пары затравелі.
І ажыло ўсё тое, што людзям належыць,
І зазвінелі звонка званы на званіцах,
І зарыкалі ў ранак зубры ў Белавежы,
І забурлілі нашы стагоддзі ў крыніцах,
І пачалося наша святое вяртанне
Да Беларусі, што беларускаю будзе.
Музыка—гэта наша любоў і каханне,
Музыка—гэта свята святое і будзень,
Дзе не знікае, а ажывае, як мора,
Мара твая і кожнага вечная мара,
Каб было заўтра лепей усім, чым учора,
Каб не прапала сонца чаканае ў хмарах
Па-над курганнем, дзе Беларусь начавала,
Па-над шляхамі, што без пары затравелі,
Па-над хацінай, дзе нарадзіўся Купала,
Па-над той песняй, што мы з табой не дапелі…



БАЛАДА УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА
(26.11.1930—25.07.1984)


Ён паехаў на Прыпяць памерці.
Там у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Ён па Прыпяці плыў, як па Леце,
І была яго боскай дарога.
Трапятаў за ім восеньскі вецер,
Нібы сцяг, што над вежай узняты,
Нібы дым, што над комінам хаты,
Дзе ніхто ўжо даўно не бывае,
Куды смерць нават не зазірае.

Човен плыў, і глядзелі ўслед людзі,
І знікалі, як крыгі вясною,
А ён быў, а ён ёсць, а ён будзе,
Быццам неба над белай зямлёю,
Дзе ёсць Прыпяць, дзе можна памерці,
Каб у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Плыць спакойна і думаць пра многа,
Пра цябе і мяне маладога,
Што гаворыць, што можа памерці,
Быццам бы малако з вуснаў сцерці,
І памерці ў любую хвіліну,
Не па п'янцы, за маці-Айчыну...

Ён паехаў на Прыпяць, каб жыць,
Каб мяне з табой не разлюбіць,
Быццам неба над белай зямлёю,
Быццам сцяг па-над вежай старою...



БАЛАДА ГЕНАДЗЯ  КІСЯЛЁВА
(19.03.1931—14.11.2008)


Яшчэ не выпаў снег на шэрыя палі,
А твой касцёр прыціх, каля якога мы
Ніколі не баяліся вятроў зімы,
Бо мы ў наш час каля кастра з табой былі.

І ты шукаў, і ты знаходзіў і казаў,
Што мы—народ і нам Еўропа—родны дом,
Дзе месца наша ёсць і будзе за сталом,
А не на вуліцы, дзе снег ужо схаваў
Усё, што мог ад нас за два вякі схаваць.

Снягі й цяпер на нашыя шляхі ляцяць,
Не засыпаючы высокіх шэрых траў,
Што выраслі сярод камення і крыжоў,
Дзе крыж і твой не знікне ў снезе і ў траве,
Бо мы тут ёсць і наша Беларусь жыве,
Якую ты шукаў, якую ты знайшоў,
Як той касцёр у полі, ля якога мы
Былі з табой і не баяліся зімы.

І пройдзе снег, бо ты цяпер свой шлях прайшоў,
Пакінуўшы вуголле беларускіх слоў,
Дзе ёсць Надзея, Вера і Любоў…



БАЛАДА АЛЕГА ЛОЙКІ
(1.05.1931—19.11.2008)


Сягоння выпаў снег, нібыта попел белы
Ад тых мастоў, якімі не вярнуцца ў свет
Табе ўжо болей, у якім самотна апусцела
Твая зямля, бо ты пайшоў, бо ты—паэт,
Якому Беларусь магілай вечнай стане,
Як стала многім хто яе любіў, як ты,
Сваёй любоўю прыбліжаючы світанне
Людзям, якія ўслед за імі з цемнаты
Ішлі, дарогу пазначаючы крыжамі,
Сваёй крывёй, што ў век не змыецца з зямлі…

І прыдзе вучань твой і ён пацір з слязамі
Пралье ў сваю душу, каб мы віно пілі
І славілі цябе і першы снег халодны
У рукі бралі, быццам попел ад мастоў,
Якія ты прайшоў, пакінуўшы самотны
І беларускі крыж між тысячы крыжоў…



БАЛАДА ГАЯ ДЭ ПІКАРДА
(20.07.1931—21.04.2007)


Туманны Лондан, як каменны човен шэры,
Плыве праз акіян і праз вякі плыве.
І нехта ў сонцы бачыць залатыя дзверы,
А ты—крыжы, што на касцёле і царкве
У Беларусі, для якой ты станеш родным
Праз мову і праз музыку дарог.
Калі ў людзей ёсць Бог—тады народ свабодны,
Калі народ свабодны—ёсць у сэрцах Бог.
І ты пра Беларусь расказваеш ангельцам
І беларусам адкрываеш Беларусь,
Якая ў нашых продкаў начавала ў сэрцах,
Чакаючы стагоддзямі сваю зару,
З якой узыдзе нашай Беларусі сонца,
Дзе будзе крыж касцельны і—царкоўны крыж,
Як два анёльскія крылы, якім бясконца
Над намі быць. І ты, замоўкшы, не маўчыш
У сэрцах тых, што разбураюць сёння сцены
Паміж народамі, дзе ты не быў чужым.
І ты ў касцёл святых Сымона і Алены
Прыйшоў і прахам назаўжды застаўся ў ім,
Каб Беларусь была, нібыта човен белы,
Які праз мора траў і праз вякі плыве,
Дзе нехта ў сонцы бачыць да багаццяў дзверы,
А ты—крыжы, што на касцёле і царкве.



БАЛАДА АНАТОЛЯ АНІКЕЙЧЫКА
(11.07.1932—3.02.1989)


У камянях, у бронзе, у граніце
Ты пакідаеш цеплыню душы,
Як летам неба васількамі ў жыце
Пасеена, дзе быць маглі крыжы,
Бо ў кожным полі беларусаў косці,
Нібыта нашай волі карані,
Былі і ёсць чужыя для кагосьці,
Для нас жа родныя, як і агні
Кастроў паўстанскіх, ля якіх сагрэцца
І ты ў завейны час таксама б мог…
Баліць твая душа, згарае сэрца,
Бо колькі шчэ нязведаных дарог
На Беларусі, нібы на Галгофе нашай,
Дзе ў кожнага ёсць выбар кім тут быць.
“Я—беларус!”—ты перад Богам кажаш,
Сказаўшы гэта, застаешся жыць
У камянях, у бронзе, у граніце,
Дзе цеплыня жыве тваёй душы,
Як летам неба васількамі ў жыце
Квітнеецца, дзе быць маглі крыжы…



БАЛАДА ВЯЧАСЛАВА АДАМЧЫКА
(1.11.1933--7.08.2001)


…А Бацькаўшчына родная, як кроў,
Што праз бінты, як-- межы, праступае,
І пры чужых чужою не бывае
Зямля, дзе ты свой шлях і крыж знайшоў,
Дзе кожны крок твой, як да Бога крык,
Што мы жывём і будзем жыць у свеце,
Дзе нашы хаты, замкі, Храмы й вецер
Таксама наш, бо ён да нас прывык
І для яго цяпер няма мяжы,
І камень, што нязрушаны, не зрушыць
Ніхто, бо гэты камень з нашых душаў,
Ён Беларуссю нашаю ляжыць
Сярод Еўропы, у якой твой крыж
У травах не губляецца, світае,
Бо наша Бацькаўшчына—нам святая
І ты ў яе душы, як зніч, гарыш…



БАЛАДА ГЕНАДЗЯ КАХАНОЎСКАГА
(8.01.1936-- 15.01.1994)

                
Па Віленскай зямлі, нібыта па Галгофе,
Самотны беларус няспешліва ідзе.
Ён ведае, што мы народжаны ў Еўропе,
І тут нам толькі жыць і болей анідзе,
Бо тут забытыя крыжы далёкіх продкаў
І толькі нам іх адшукаць, і толькі нам
На роднае зямлі спыняць агню паводку,
Якая можа змыць наш самы белы Храм,
Адзіны ў свеце, дзе не ведаць адзіноты
Ніколі нам, бо мы спрадвеку тут жылі
І нашы хаты, старадрукі і кляйноты,
Як наша кроў у травах Віленскай зямлі,
Жывуць і будуць жыць, бо беларус самотны
Няспешна, бо задумлівы, усё ідзе
І толькі роднае Ён называе родным,
Якое не аддаць нікому і нідзе.
І кажа Ён: “Я не адзін і слава Богу!
Мы пройдзем спёкі ціш і замяці зімы…
І нашы ўжо ідуць і ў Храм вядзе дарога
І кожны ведае, што Віленскія мы…”



БАЛАДА БАРЫСА САЧАНКІ
(15.05.1936—5.07.1995)


У кнігах, што сабраў ты, Беларусь жыве,
Змагаецца, святкуе, плача і пяе
І мае Бога і ў касцёле, і ў царкве,
І шмат хто любіць, як жыццё, найбольш яе,
Чым тую Беларусь, дзе ты даўно жывеш
І любіш, і кахаеш, быццам першы раз,
І кнігу прад сабой, нібы абраз нясеш,
Нібыта праз агонь, праз ветравейны час.

І ў кнігу ты глядзіш, глядзіш, нібы ў вакно
Стагоддзяў, што прайшлі і што ідуць яшчэ.
І клічаш нас глядзець. А мы ўсё п’ем віно,
Яно, нібы агонь, але, як кроў, цячэ.
І ліпы ўжо цвітуць, і пчолы носяць мёд,
І ўжо, здаецца, гэтак будзе тут заўжды.
Але ў крыві ёсць лёд, ідзе да сэрца лёд,
Каб сэрца стала кропляй мёртвае вады.

І раптам за тваім вакном густы туман,
Ён светла з неба апусціўся на зямлю
Забраць тваё жыццё—прыпынены раман
На словах беларускіх: “Беларусь люблю…”



БАЛАДА ВІКТАРА ТУРАВА
(25.10.1936—31.10.1996)


З экрана, нібыта з нябёсаў,
Сыходзіць балотны народ.
І нельга глядзець без слёзаў
На гэты біблейскі сыход.
І слёзы твае асвятляюць
Дарогу, якая вядзе
Туды, дзе ўжо не паміраюць,
Дзе ў вечнасці, нібы ў вадзе,
Жывуць і ўжо знаюць да скону,
Што гэта Еўропа—для нас.
І хай над крыжамі вароны
Лятаюць, як згублены час,
Дзе можна было ўжо адбыцца,
Даўно пра блуканні забыць,
Істужка, нібы бліскавіца,
Якую ўдалося злавіць,
Табе для Айчыны, народа,
А гэта вялікі народ,
Які ўчора выйшаў з балота,
Але не адрокся балот…



БАЛАДА МІХАСЯ СТРАЛЬЦОВА
(14.02.1937—23.08.1987)


Як сонца ў ранні напаўняе неба,
Ты ў вершы кроў пераліваў сваю.
Але каму сягоння гэта трэба?
Не ведаў ты, і я не ведаю.
І я стаю каля тваёй магілы,
Як ля ўзарванае стаю царквы.
Шапчу: “Мой родны кут, як ты мне мілы…”
І шэпат чуецца палын-травы,
З якой не ўстаць ніколі і нікому,
Бо свет, як інквізіцыі касцёр,
Дзе ўсё згарае, як лісцё ля дома,
Дзе ты не жыў, дзе ты ляцеў да зор…
Тваё сягоння ў вершах б’ецца сэрца.
Я свечку, як жыццё сваё, палю,
І мы жывём, як дым у неба ўецца,
Як зоры ападаюць на зямлю.



БАЛАДА МІКОЛЫ КУПРЭЕВА
(25.05.1937—20.09.2004)


...Імчыць цягнік праз вецер і туман,
З асенніх дрэў зрываючы лісцё,
Нібы агонь, якога больш няма
У сэрцы, што апалена жыццём
Не менш, чым ты самотаю віна
У цягніку, з якога не сыйсці
Жывым, бо ноч наперадзе—сцяна,
І неба ў зорках, быццам бы ў лісці
Апалым поле, дзе прайшоў цягнік,
А следам твой праз вецер і туман
Імчыць і верш з душы, нібыта крык,
Ірвецца, а ў адказ плыве зіма
На хмарах, быццам сена на вазах
Там, у дзяцінстве, дзе агонь з вадой,
Дзе сонца нараджалася ў слязах
І падала слязою залатой
У травы, у якіх было жыццё
Самотнае, як на стале віно,
Як па-над цягніком тваім лісцё,
Дзе сёння ты і дзе няма даўно
Цябе...



БАЛАДА ПЯТРА ДРАЧОВА
(6.07.1937—8.05.2005)


Калючы дрот у нашае крыві,
Ён нам усім застаўся ад гадоў трыццатых.
І ты, як можаш, з ім так і жыві
Ці ты паэт, ці ты мастак, ці ты араты.
І ты малюеш, нібы рвеш драты,
Якімі нашы замкі, Храмы і курганне,
І час наш еўрапейскі залаты
Ад нас былі аддзелены, нібы світанне,
З якога пачынаецца жыццё
І дзень наш беларускі, як і мы, прыгожы…
З бяроз на сцежкі падае лісцё
І засыпае снег яго, як след варожы.
І пройдзе восень, і зіма міне,
І нашая вясна не задрамае ў лёдзе.
І дрот калючы мы парвём не ў сне,
І Беларусь у нашу кроў навечна зойдзе,
Дзе ты малюеш, нібы р’веш драты…



БАЛАДА МІКОЛЫ КАПЫЛОВІЧА
(10.07.1937—24.02.2000)


“А што дасі ты Беларусі,
Каб вечнай Беларусь была?”
“Усё аддам! А перш нап’юся
З нябёсаў зорнага святла…”—
Гаворыш ты зусім цвяроза
І ў неба зорнае глядзіш:
“Жыццё маё—зямная проза,
Дзе то буран, то раптам ціш…”

І падае ў траву цыгарка,
Нібыта знічка з вышыні
Тваіх нябёс, дзе поўняй чарка,
І ўсё, нібы на далані,
Асветлена: “Бяры, сябрына,
З табой багаты я даўно!”

…І можна адабраць віно,
Ды застанецца нам Айчына,
Якую любіш ты, як маці,
І плачаш, і смяешся ў шчасці,
І слёз шчаслівых не хаваеш,
Як срэбра, што з душы ўсплывае…

Душа баліць, душа спявае,
Твая душа--  жывая…



БАЛАДА ЯЎГЕНА КУЛІКА
(31.10.1937—12.01.2002)


…Ты замкі аднаўляеш на паперы,
Нібы ў былое адчыняеш дзверы.
А там агонь і кроў там на траве,
І чорны дым… Ды Беларусь жыве.
І ты ідзеш сярод людзей, якім
Ніколі ты не зробішся чужым,
Бо і яны народжаны былі,
Каб  беларускім край быў на зямлі
Не краем цёмным у чужой краіне,
А раем тым хто гінуў і загіне
За Беларусь, якая ёсць і будзе…
Ідзеш і вецер б’ецца ў твар і грудзі
І нельга прыпыніцца і сказаць,
Што я знямогся і хачу спакою,
Бо на цябе з крыжоў дзяд глядзяць
І бусел белы кружыць над табою,
Нібы анёл, што Беларусь ратуе
І ўсё ніяк не можа ўратаваць
Ад мёртвых душ, дзе наша смерць начуе.
У душах нашых сонцу начаваць!
І будзе так, бо нават на паперы
Для ворагаў заўжды замкнуты дзверы
У нашых замкаў і гасцінных хат.
І будзе Беларусь, як божы сад,
Дзе ў квецені пчаліны гуд не тоне,
Дзе сонца ў небе, нібы шчыт з Пагоняй…



БАЛАДА УЛАДЗІМІРА МУЛЯВІНА
(12.01.1941—26.01.2003)


Чужое становіцца родным,
І песня спакойна плыве,
Нібыта па рэчцы палотны,
Нібыта буслы ў сіняве,
Праз душы людскія і сэрцы,
Праз вецер, снягі і гады
І нёманскай хваляю б’ецца
У бераг, дзе ў квеце сады...
Жывым будзе слова жывое,
Яно, як нябёсы, вада,
Люструе святло незямное,
Якое не ўсім тут відаць
У тым, што ў агні не згарае,
Не губіцца ў пыле гадоў,
А верыць усіх прымушае
У тое, што наша любоў,
Як замка высокага вежы,
Як зоры, як сонца, як Храм...
І раптам дарога, як снежань,
І раптам жыццё—напалам,
Нібыта гітара разбіта,
І струны парваны, і кроў,
Як сонца расплаўлены злітак,
Як наша да песні любоў...



БАЛАДА МІХАСЯ ТКАЧОВА
(10.03.1942—31.10.1992)


Нішто не страчана і не забыта.
Калі ёсць крона, ёсць і карані.
Кальчуга воева кап’ём прабіта,
І холад праз кальчугу ў нашы дні
З варонамі ссівелымі ўлятае.
І ты ў зямлі шукаеш продкаў шчыт.
І шчыт знаходзіш ты, і адступае
Ад нашых дзён, як азіят, нябыт.
І ты штодня вяртаеш славу воям,
Агучваеш імёны на крыжах,
Хоць ты не Бог і не герой... Героем
Табе не стаць, ты іншы выбраў шлях,
І гэты шлях-- нібы  ўначы маланка,
Як лёт стралы, што ў ворага ляціць.
І Беларусь не плача паланянкай,--
Князёўнай на дзяцей сваіх глядзіць...



БАЛАДА НІНЫ МАЦЯШ
(20.09.1943—19.12.2008)


Хавацца ад людзей — не для паэта,
Якому родны край — зусім не рай,
Якога і не будзе — знаеш гэта,
Бо гэта наш, як перад прорвай, край,
Якому ты сваё люблю сказала
У кожным вершы, што ў душы кіпеў
І слова кожнае кроў апякала,
Як сонца, у якім любоў і гнеў
Жывуць і жыць даюць, калі жадаеш
Ты ў свеце жыць, дзе ўсім нялёгка жыць,
Дзе Млечны Шлях — не рэчка залатая,
А — у хрыстовае крыві глыжы.
І ты жыла, нібы малітва ў сэрцы
Манашкі, для якой яе жыццё,
Як матылёк, які аб неба б’ецца,
Самотнае, дзе зоркі, як лісцё
На шкле, па-за якім дажджы і восень,
І дзень, дзе ты з’явілася для нас,
Каб слова беларускае вялося
І нас вяло праз ветравейны час,
Дзе ты сваё люблю жыццю сказала
У кожным вершы, што ў душы кіпеў
І слова кожнае кроў апякала,
Як сонца, у якім любоў і гнеў…



БАЛАДА МІХАСЯ РАМАНЮКА
(3.01.1944—4.09.1997)


Твой саламяны капялюш, нібыта німб,
Над беларускімі дарогамі плыве
Туды, дзе хат гасціннае святло, агні
Кастроў, крыжы, што на касцёле і царкве,
І на магілах беларусаў, што ў траве
Не зніклі без пары, бо Беларусь жыве.
І кожны крок твой, як да прадзедаў зварот,
У душах светла адклікаецца людскіх.
Ёсць Беларусь, а значыць быў і ёсць народ
І будзе тут, тут на зямлі, зямлі для ўсіх
Хто любіць беларускае жыццё, як мы,
Чыёй крывёй напоены лясы, трава
І сонца адзінокае, нібыта Бог,
Якому сінагога і касцёл, царква—
Адна дарога вечная з усіх дарог
Да Бога, у якога наша Беларусь жыве
І будзе вечна жыць, як валуны ў траве,
З якіх збудуецца вялікі белы Храм,
Дзе будзе Бог, дзе будзеш ты і месца-- нам…



БАЛАДА РЫГОРА СЕМАШКЕВІЧА
(12.09.1945—11.06.1982)


Паэты адыходзяць маладымі
Не для таго, каб мы ў цыгарным дыме
За пляшкаю самотнага віна
Пра іх забытыя магілы й вершы
Ноч напралёт шумелі давідна,
І кожны думаў, што ён самы лепшы
І лепей ведаў і цаніў паэта,
Якога ўжо няма, як і не вернеш лета,
Калі ён адляцеў у свет высокі,
Туды, дзе нам ці знойдуцца аблокі,
Каб мы на іх плылі па-над зямлёй,
Дзе нашыя забытыя магілы,
Крыжы, нібы раcкінутыя крылы,
Спакойна зарасталіся травой…
Паэты адыходзяць маладымі
Сцяжынамі сваімі залатымі,
Каб мы прайшлі сваё выпрабаванне,
Нібыта не праспалі тое ранне,
Калі патрэбна будзе ўстаць, прызнацца,
Што мы сваіх паэтаў забывацца
Зарана пачалі, нібыта ў вечнасць
Свае ўпісалі дробныя імёны,
І свечак тонкіх белыя калоны
Пад рыфмы вершаў асвятляюць вечар
Паненкам гожым, для якіх таксама
Паэзія, нібы анёльскі замак,
Куды паэты адлятаюць маладымі
Не для таго, каб мы ў цыгарным дыме
За пляшкаю самотнага віна
Пра іх забытыя магілы й вершы
Ноч напралёт маўчалі давідна…



БАЛАДА ВАСІЛЯ ГАДУЛЬКІ
(17.05.1946—15.06.1993)


Нібы воран ляцеў над палямі,
Нібы воўк тут шукаў воўчы след,
Вершаванымі плакаў слязамі
Адзінокі, як неба, паэт,
У якога ёсць вецер і ціша,
У якога агонь і трава,
І сцяжына, якую калыша
Беларускае жыта...
                              Царква
Адзінока чакала паэта
І паэт, як малітва без слоў,
Праз маўчанне, нібы праз край свету
Да царквы і да нас не прыйшоў,
А застаўся, як неба над намі,
Як прад намі агонь і трава,
Дзе мы плачам паэта слязамі,
Дзе адвечнай слязою царква.



БАЛАДА МІКОЛЫ СЕЛЯШЧУКА
(4.08.1947—25.09.1996)


З прыгожай і роднай самотнай краіны
Паехаць да мора і там—патануць...

Праз дождж па дарогах, дзе плачуць рабіны,
Самотныя людзі самоту вязуць.

І дрэвы губляюць апошняе лісце,
І следам лятуць за машынай вятры,
І ты ўжо не можаш спыніць іх і выйсці,
Каб з лесам, каб з рэчкаю пагаварыць.

Ты едзеш не ў хату, ты едзеш пад крыж,
Дзе вечнасць чакае цябе на пагосце,
Таму так балюча і шчыра маўчыш...

Зноў мора чужое далёкае сніцца,
Дзе чорныя хвалі, як чорны пажар.
І раптам на бераг
                            вады бліскавіца,
І падае неба—
                           пад хвалямі
                                               хмар...

І ціха ізноўку, і светла, бы ў Храме,
І свечкі, як зоркі ў сусвеце, гараць.
І маці страчае...
                          І што скажаш маме,
І што тут Айчыне сказаць?..


БАЛАДА МІКОЛЫ ТРУХАНА
(18.08.1947—20.03.1999)


На сцэну выйсці і на ёй застацца,
Як застаюцца зоры над зямлёй,
Каб разам з намі плакаць і смяяцца,
І падаць на дарогу прад сабой,
Нібы на вогнішча, якое гіне
У цемры, дзе вятры, снягі, дажджы…
Жывём—пакуль патрэбныя Айчыне,
Айчына ж вечная, як і глыжы
На тых грудах, дзе нашы спяць героі
Забытыя, якія ўсё ж—былі,
Як—на абрыве залатыя хвоі,
Што падалі ў раку і ў свет плылі,
Каб расказаць аб Беларусі далям…
І ты на сцэну выйшаў, каб сказаць,
Што Беларусь—не край балот і жалю,
А край любові светлай, як сляза
Каханай над магілай інсургента,
З крыві якога пачаліся мы
Не для таго, каб век па свеце швэндаць,
А—берагчы  бацькоўскія дамы
І слова роднае, што тут спрадвеку
Было і будзе тут пакуль жывём
І зоры адлюстроўваюцца ў рэках,
Бо зоры нашым поўняцца святлом,
Як вочы беларускія анёлаў,
Што ў нашы душы праз вякі глядзяць
І бачаць наша маладое Ўчора
І наша Заўтра, дзе не сумаваць…



БАЛАДА ЯЎГЕНІІ ЯНІШЧЫЦ
(20.11.1948—25.11.1988)


Жыццё кароткае, як ноч, што забівае,
І вечнае, як верш, які з душы ўсплывае,
Як з неба зорка, да якой ісці
Па вострых травах, залатым лісці
І быць сабой, як ластаўцы ў палёце,
Як водсвету агню на тонкім лёдзе,
Што ў лістападзе, як лязо нажа
Блішчыць і, як матыль, імкне душа
Ягонай наталіцца адзінотай,
Нібы агонь—апалаю лістотай…
Жыццё, нібыта геніяльны верш,
Кароткае і ў вершы ты жывеш,
Які ты нам, самотным, прысвячала,
Нібыта з неба зорку даставала,
Каб без цябе застаўшыся адны
Праз ноч змаглі дайсці мы да вясны,
Дзе зразумець, што ластаўка ў палёце,
Як водсветы агню ў анёльскім лёдзе…


БАЛАДА УЛАДЗІМІРА БУДНІКА
(28.04.1949-- 8.08.2007)


Сваю душу напоўніўшы вятрамі,
А музыкай, нібы душою, Храм,
Трымаць ты ўзяўся неба па-над намі
Сваім  крыжом, каб пажылося нам
Яшчэ пад гэтым небам, дзе з бусламі
Анёлы нашы ткуць для нас святло,
Якое нам не бачыцца вачамі,
А сэрцам адчуваецца…
                                         Было
І ты не верыў, што далёка тыя
Вясёлыя дзянькі і залатыя,
Калі і музыка, і слова наша
У нас пачуюцца не толькі намі…
Нябёсы чорныя, нібыта сажа
Ад свечак, што без нас згарэлі ў Храме
У час малітвы за цябе й мяне,
Бо ты, душу напоўніўшы вятрамі,
А музыкай, нібы малітвай, час,
Трымаць узяўся неба па-над намі
Сваім крыжом, не запытаўшы нас…



БАЛАДА ВАСІЛЯ САХАРЧУКА
(10.07.1953—27.01.2003)


Цябе няма, але ты ёсць— адсутны
На час, які ўжо знаеш толькі ты.
Цяпер ты пэўны: ісціна і сутнасць—
Як у віне, у свеце нематы,
З якога не вяртаюцца дадому,
Каб расказаць, дзе быў і што рабіў,
Каб зразумелым стала тут любому,
Што ты жыццё, не больш віна, любіў…
Цябе няма, як нас няма ў тым свеце,
Якога мы не ведаем яшчэ.
Ты светам стаў, які самотна свеціць
У ціхае слязіне на шчацэ
У той адной, што сёння зразумела—
Цябе няма і ўжо не будзе тут,
Дзе пад крыжом тваё, як кокан, цела
Ляжыць, не помнячы зямных пакут,
З якіх душа ляпілася, як з гліны
Небачнае небачны той сасуд,
З якога п’е жыццё і сэнс Айчына
І кожнаму дае для шчасця кут…
Цябе няма і хутка нас не будзе
На час, якога мы не знаем тут.
Не будзе нас, нібы віна ў сасудзе,
І будзем свет, як без віна сасуд…



БАЛАДА АЛЕСЯ АСТАШОНКА
(1.06.1954—6.09.2004)


Учора—бяздоннае мора,
Куды адплываем штохвілі.
І нельга вярнуцца з Учора,
Калі човен твой разбурылі,
Спалілі ў самотнай далечы.
Твой попел прынеслі дамоў,
Нібыта сказалі, што вечны
Адзін толькі попел. Любоў—
Віно, і яно ў час вясёлы
І п’ецца і льецца ракой,
І круцяцца жорны і колы,
Ды словы, як лісце зімой,
Звіняць на вятры адзінока
Пад небам, нібыта пад шклом,
Дзе месяц, як д’яблава вока,
Гарыць спакушальным агнём
Вярнуцца хоць попелам стылым,
Хоць снегам, што ў ноч на дамы
Зляціць з-пад аблок белакрыла,
Каб раптам успомнілі мы,
Што Ўчора—бяздоннае мора,
Куды адплываем штохвілі,
І нельга вярнуць нам з Учора
Нічога, што ўчора любілі.



БАЛАДА АЛЕСЯ ПІСЬМЯНКОВА
(25.02.1957—26.04.2004)


                Ведайце: калі мяне не стане—
                Я ў сваю дывізію пайшоў.
                                              Аляксей ПЫСІН


Мы ідзём праз спёку і снягі,
Праз надзею, веру і любоў.
Як раку трымаюць берагі,
Мы жывём душою між сяброў.

І ніхто не ведае, хто з нас
Першым скажа вечнае: “Бывай...”
Нібы смерць, ляціць за намі час,
Як жыццё, прад намі родны край.

Ты гаворыш: “Будзем доўга жыць,
Як жывуць надзея і любоў…”
Ды за намі, як трава, крыжы
Прабіваюцца з зямлі сярод крыжоў.

Нечаканасць, як агонь, як стрэл,
Праз цябе—і ўжо цябе няма,
Толькі дождж і кветкі на дварэ,
Холад, бы вярнулася зіма.

На пытанне, што гучыць прыцішана:
“Дзе паэт? Дзе Саша Пісьмянкоў?”
Чуецца з нябёс узвышана:
“Ён да Аляксея Пысіна
У яго дывізію пайшоў…”



БАЛАДА АНАТОЛЯ СЫСА
(26.10.1959—4.05.2005)


І
...А для паэта, як і для паяца,
Віно—не вежа, у якой схавацца.
Віно—агонь, і на яго ляцім,
Каб узлятаць, аб хмары разбівацца
І плыць над светам, як цыгарны дым
У бары, дзе віно, нібыта вежа,
Куды хаваеш, як агонь, душу,
Што любіць снегу белае бязмежжа
І адзіноту чорную дажджу,
Што, як манах, прыходзіць і малітву
Табе зноў шэпча ля твайго вакна,
Што, нібы неба, што на крыж прыбіта,
Дзе сонца ўжо няма, нібы віна,
Нібы крыві, што шчэ цячы жадае
У гэтым свеце, дзе любоў, як сон,
Які, як толькі спіш, тады й бывае,
Калі ж няма віна, знікае й ён,
Як і жыццё, з якога не схавацца,
Як матылю ў агні, табе ў віне,
І сонца адыходзіць, каб з’яўляцца
У небе чыстым, быццам у вакне,
Дзе бачыць нам паэта і паяца
З тутэйшым крыжам на спіне...

ІІ

...Пад кашуляй белай, белай, вышыванай,
Цела пачарнелае, як тая ноч,
Што сышла апошняй з хаты непрыбранай,
У якой ты плакаў... Слёзы гостра з воч,
Быццам воск са свечак, да крыві сцякалі,
Да віна і сонца, больш якога ты
Не спазнаеш, бо анёлы прашапталі,--
Ты ўжо ў гэтым свеце, як Каўчэг, пусты,
І ляжыш ты адзінока ў дамавіне,
Нібы ў русле перасохлым і прамым,
У кашулі вышыванай, як Айчыне
Верш апошні, што табой яшчэ жывым
Быў прысвечаны, асвечаны крывёю,
Ды ніхто яго не прачытае тут,
Бо драўляныя нябёсы над табою,
Як крыло, якім закрыўся ад пакут
Ты цяпер, каб заўтра закапалі ў гліну
На Палессі, на тваёй святой зямлі,
Верш твой, што аднойчы прарасце рабінай
Сумнай, як мы ўсе, што тут з табой былі...

Толькі зарэгістраваныя карыстачы могуць пакідаць каментары!
+/- Каментары

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."