БАЛАДА АЛЬГЕРДА АБУХОВІЧА (6.08.1840--22.08.1898)
Усё аддаў людзям і толькі кнігі З сабой забраў, каб на кватэры жыць У Слуцку, да пары да часу ціхім, І памяці вуголле варушыць. І апякацца дымнымі вятрамі Шляхоў паўстанскіх, па якіх і ты Прайшоў, губляючы сяброў, з сябрамі, Каб потым у Сібіры маладым Сівець, не праклінаючы нікога І не шкадуючы багаццяў тых, Што ад бацькоў, бо тое, што ад Бога, Жыве ў табе з крывёй дзядоў тваіх, Якіх у Княстве і Еўропе зналі. І пішаш ты пра родную зямлю, Дзе парассыпаны, нібы каралі, Азёры, ля якіх тваё “люблю” Пад сонцам залацістымі пяскамі У травах не губляецца сівых. І вучыш ты дзяцей, каб заўтра самі Яны маглі адрозніць ад чужых Сваіх людзей, якім патрэбна воля І кнігі, у якіх наш край жыве І вырванай старонкаю ніколі Яму не быць, не знікнуць у жарстве…
|