БАЛАДА ЭЛІЗЫ АЖЭШКІ (06.06.1841—1910)
Магілы паўстанцаў травой заплываюць І Нёман не спіць між сівых берагоў, Дзе сумныя людзі тутэйшага краю У сэрцах хаваюць да краю любоў,
Якому і ты па крыві не чужая, Бо ты нарадзілася тут і жывеш І лепшае долі сабе не жадаеш, Як—лепшага сонца, што ў небе плыве
Над мілаю сэрцу шляхетнай Гародняй, Дзе замкі і Храмы, дзе ціша і тлум, Дзе думкам, як птушкам у небе, свабодна, Дзе самы гаючы бярозавы шум,
Якім ацяляюцца душы людскія, Што мараць аб волі на роднай зямлі, Дзе слёзы і кроў, над якімі воўк вые, Нібыта ўсіх моліць, каб людска жылі
І не адракліся ад песень і казак, Якія прыйшлі праз стагоддзі да нас, Якія й пра нас праз стагоддзі раскажуць, Калі захаваем мы іх у наш час.
І ты, каралева народнага слова, Збіраеш не золата, золата—тло, А песні і казкі тутэйшаю мовай, У мове тутэйшай жывое святло,
Што дадзена Богам і не забярэцца Нікім і ніколі, бо тут—ёсць народ, І ён хто тут свой, хто чужы разбярэцца, Калі не цяпер, дык праз тысячу год.
І, нібы з нябыту, з травы паўсплываюць Магілы паўстанцаў, курганні дзядоў. Не будзе нідзе прыгажэйшага краю, Чым край, да якога спазнана любоў...
|