БАЛАДА ІГНАТА БУЙНІЦКАГА (22.08.1861--22.09.1917)
Ад роднай вёскі ў Вільню доўгая дарога, Але дарога гэта-- быццам бы да Бога, І ты па ёй ідзеш з акторамі няспешна. Для вас сур’ёзна ўсё, камусьці гэта смешна, Што мова родная для нас усіх святая І што нідзе без мовы роднай не бывае Народ народам, бо душа народа-- мова…
І ўжо са сцэны роднае жывое слова Гучыць, нібы званы з высокае званіцы Штодня звіняць аб тым, што толькі чужаніцы На нашае зямлі нас пазбаўляюць права, Каб, нібы Бог, былі ў нас гонар, годнасць, слава… І ружы падаюць на шлях акторскі ў Вільні, І ты ідзеш з сябрамі па дарогах пыльных Айчыны, і па Пецярбургу, і Варшаве. Але не золата і срэбра ў вашай славе, А наша годнасць беларуская, якая І праз стагоддзі вынішчэння не знікае. І верыш ты, што ёй не знікнуць з нас ніколі, Як камяням і васількам на жытнім полі…
|