БАЛАДА МІТРАФАНА ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКАГА |
БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА МІТРАФАНА ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКАГА (14.06.1867—30.09.1934)
Народ, які меў сваю дзяржаўнасць, мусіць мець яе зноў… М. Доўнар-Запольскі
Крыжамі нашых продкаў нашы землі Пазначаны і гэта—назаўжды. У курганах былое наша дрэмле Так, як у Храмах дух жыве святы.
І іншае зямлі для нас не трэба, І тут нам жыць, і тут нам паміраць, І ў мора беларускае—у неба Глядзець, паліць касцёр і сумаваць Па тым, што ўжо не вернецца нічога З таго, што страчана, не збераглі.
І ты ідзеш і прад табой дарога Да могілак, нібы на край зямлі, Які пазначаны крыжамі продкаў І пройдзе час – пазначыцца й тваім.
Цячэ рака, плыве па хвалях лодка Праз туманы, як праз стагоддзяў дым, З якога бачыцца краіна-маці Прыгожая, бы ў Храме абразы. І ты шчаслівы, бо ты бачыш шчасце У Беларусі праз агонь слязы…
|