БАЛАДА ФЕРДЫНАНДА РУШЧЫЦА |
БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА ФЕРДЫНАНДА РУШЧЫЦА (10.12.1870--30.10.1936)
Варшаваю і Вільняю паміж Багданава—нібы на Храме крыж, Куды вяртацца, на які маліцца. У лёсных травах сцежак бліскавіцы, Знікаючы, з’яўляюцца ізноў. І кветкі ў лузе, як спакою кроў, Віднеюцца і не даюць спакою. І ты ідзеш з тутэйшаю душою Чужы і свой, да плачу закаханы У гэты край, што Богам быў абраны, Але забыты да пары да часу. І сонцу ранкам не ўзысці адразу, Як і табе адразу не прыйсці Дамоў, дзе ў клёна залатым лісці І золата тваё таксама ёсць, Як снег і дождж, і чорная зямля. Было ўсё тут і будзе ўсё пасля, Як вернешся здарожаны дамоў Да затравелых на кладах крыжоў, Дзе ты ляжыш ля жонкі і бацькоў, Дзе ты мастак і гэты родны свет-- Як твой, пакінуты з карцінаю, мальберт...
|