БАЛАДА АНТОНА ЛУЦКЕВІЧА (29.01.1884—23.03.1942)
У вечнасці не губіцца нічога. І кожны крок твой, як у вечнасць крок, Каб Беларусь была, нібы да Бога Дарога, а—не на вятрах лісток, Які ляціць туды куды вятры Яго нясуць пакуль ён не загіне. І Вільня наша, наша да пары Пакуль у сэрцах, сэрцы ж у краіне, Што ў вечнасці не губіцца зямной, Дзе ты—змагар і сын паўстанца годны, Каб слова роднае жывой вадой Было і не знікала ў краі родным, Дзе людзі найпрыгожыя жывуць, Што беларусамі даўно завуцца, Бо беларусы, і яны ідуць У вечнасць за табою, каб вярнуцца У вершах, у карцінах, у святле, Што ў сэрцах беларускіх, як святыя, Як Беларусь, якая ў нас жыве І без якой мы будзем нежывыя…
|