БАЛАДА ТАМАША ГРЫБА (19.03.1895—25.01.1938)
Рыцар беларускае свабоды... Польскіх турмаў неспакойны вязень... З Залатою Прагай—назаўсёды, Хоць не думаў ты памерці ў Празе.
Ты ж хацеў, каб і твая Айчына Стала еўрапейскаю краінай, У якую можаш ты вярнуцца І не знікнуць, як знікае дзень У нябёсах, быццам у вадзе Чорнай, дзе русалкі не вядуцца, А жыве ўсялякая брыдота, І Айчына, як у дождж балота, Колькі год табе, нібы чужая, Ды травінкай кожнаю жывая, Родная, а родную з балотам Параўнаць—патрэбна абармотам Урадзіцца ці зрабіцца ім...
Па-над Прагай хмары, нібы дым, І глядзіш ты ў хмары і там бачыш Беларусь, з якой ты сёння плачыш Па людзях, якія да свабоды Не дайшлі, ды з намі назаўсёды Засталіся, як з табой Айчына Засталася, каб не стаць чужынай.
|