БАЛАДА АЛЕСЯ АДАМОВІЧА (3.09.1927—26.01.1994)
Не думаць пра сябе нідзе, ніколі І роднае нікому не аддаць. Айчына ёсць, калі ў яе ёсць воля, Нібыта жыватворная вада.
Не спіш ізноў-- баліць душа і плача, Што ўсё не так і сіл не маеш ты, Каб перайначыць люд, які ты бачыш. А люд, як лёд, халодны, не святы, Але святым, каб быў ён тут-- не трэба.
Героі-- мёртвыя, ім не да нас І мы глядзім на іх і бачым неба, Дзе сонца, нібы залаты абраз У храме нашым, у якім ты вечны, Як і малітвы ўсе за родны край, Каб быў, як сонца ў небе, незалежны, І лепшага не знойдзеш, не шукай Такога краю анідзе, ніколі. Ты ў ім застаўся, як у жылах кроў Жывога воя, што жыве і волю Нясе ў сабе, бо з воляю прыйшоў…
|