БАЛАДА ЯЎГЕНА ГЛЕБАВА (10.09.1929—13.01.2000)
Мара пра мора музыкай вечнаю стала. Птушкі, як ноты, светла да сонца ўзляцелі Па-над курганнем, дзе Беларусь начавала, Па-над шляхамі, што без пары затравелі. І ажыло ўсё тое, што людзям належыць, І зазвінелі звонка званы на званіцах, І зарыкалі ў ранак зубры ў Белавежы, І забурлілі нашы стагоддзі ў крыніцах, І пачалося наша святое вяртанне Да Беларусі, што беларускаю будзе. Музыка—гэта наша любоў і каханне, Музыка—гэта свята святое і будзень, Дзе не знікае, а ажывае, як мора, Мара твая і кожнага вечная мара, Каб было заўтра лепей усім, чым учора, Каб не прапала сонца чаканае ў хмарах Па-над курганнем, дзе Беларусь начавала, Па-над шляхамі, што без пары затравелі, Па-над хацінай, дзе нарадзіўся Купала, Па-над той песняй, што мы з табой не дапелі…
|