БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА ЯЎГЕНА КУЛІКА (31.10.1937—12.01.2002)
…Ты замкі аднаўляеш на паперы, Нібы ў былое адчыняеш дзверы. А там агонь і кроў там на траве, І чорны дым… Ды Беларусь жыве. І ты ідзеш сярод людзей, якім Ніколі ты не зробішся чужым, Бо і яны народжаны былі, Каб беларускім край быў на зямлі Не краем цёмным у чужой краіне, А раем тым хто гінуў і загіне За Беларусь, якая ёсць і будзе… Ідзеш і вецер б’ецца ў твар і грудзі І нельга прыпыніцца і сказаць, Што я знямогся і хачу спакою, Бо на цябе з крыжоў дзяд глядзяць І бусел белы кружыць над табою, Нібы анёл, што Беларусь ратуе І ўсё ніяк не можа ўратаваць Ад мёртвых душ, дзе наша смерць начуе. У душах нашых сонцу начаваць! І будзе так, бо нават на паперы Для ворагаў заўжды замкнуты дзверы У нашых замкаў і гасцінных хат. І будзе Беларусь, як божы сад, Дзе ў квецені пчаліны гуд не тоне, Дзе сонца ў небе, нібы шчыт з Пагоняй…
|