БАЛАДА МІХАСЯ РАМАНЮКА (3.01.1944—4.09.1997)
Твой саламяны капялюш, нібыта німб, Над беларускімі дарогамі плыве Туды, дзе хат гасціннае святло, агні Кастроў, крыжы, што на касцёле і царкве, І на магілах беларусаў, што ў траве Не зніклі без пары, бо Беларусь жыве. І кожны крок твой, як да прадзедаў зварот, У душах светла адклікаецца людскіх. Ёсць Беларусь, а значыць быў і ёсць народ І будзе тут, тут на зямлі, зямлі для ўсіх Хто любіць беларускае жыццё, як мы, Чыёй крывёй напоены лясы, трава І сонца адзінокае, нібыта Бог, Якому сінагога і касцёл, царква— Адна дарога вечная з усіх дарог Да Бога, у якога наша Беларусь жыве І будзе вечна жыць, як валуны ў траве, З якіх збудуецца вялікі белы Храм, Дзе будзе Бог, дзе будзеш ты і месца-- нам…
|