Беларускі нацыянальны пантэон

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 592 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.7%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Беларускі нацыянальны пантэон
Нацыянальны пантэон


Старадарожскі нацыянальна-мастацкі музей — з’ява ўнікальная і разам з тым зусім заканамерная. Другога такога ў Беларусі (ды ці толькі ў Беларусі) няма. Музей цалкам нацыянальны як па тэматыцы экспанатаў, так і па іх змесце. Прычым абсалютная большасць твораў прысвечана гістарычным асобам і дзеячам культуры Беларусі.
Некалі старажытныя грэкі і рымляне для ўшанавання сваіх багоў будавалі храмы. Іх называлі пантэонамі. Калі заходзіш у музей, то быццам пападаеш у такі храм — пантэон. Тут цэлая галерэя партрэтаў выбітных асоб нашай сярэднявечнай дзяржавы, дзесяткі бюстаў, барэльефаў. Адных медалёў з выявамі знакамітых продкаў ад Усяслава Чарадзея і Еўфрасінні Полацкай і да знакавых постацяў нашага часу, такіх як Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Мікола Ермаловіч, Мікола Улашчык, блізу сямі сот.
Перавага аддадзена персаналіям зусім не выпадкова. Без ушанавання памяці тых, хто любіў Беларусь, верыў у яе, працаваў і, ахвяруючы сабой, змагаўся за яе, нельга пабудаваць дзяржаву еўрапейскага кшталту, нельга ісці ў будучыню.
Музей прыватны. А іншым ён у сённяшняй Беларусі і не можа быць. І не будзе да таго часу, пакуль існы рэжым не перастане чапляцца за міфалагемы кшталту тых, што жамоцкія феадалы заваявалі беларускія землі, што дзяржаўнасць беларусам падаравалі бальшавікі-ленінцы, пакуль рэжым не прызнае, што тэрор расейскіх бальшавікоў у трыццатыя гады быў генацыдам супраць беларускага народа, а наступ на беларускую культуру ў пасляваенны час — звычайны этнацыд. На жаль, этнацыд не аслабеў і сёння.
Зусім відавочна, што ні бальшавікі-камунякі (сталінцы-ленінцы), ні іх сённяшнія спадкаемцы зусім не збіраліся (не збіраюцца) будаваць беларускую нацыянальную дзяржаву. Быў прыдуманы нават новы этнас савецкі народ”. Але вось развалілася савецкая імперыя і ад гэтага этнасу і следу не засталося. А якую магутную дзяржаўную падтрымку ён меў. Беларускі ж этнас, яго культура, жывуць і развіваюцца нягледзячы ні на што. Як тое дрэва, якому час ад часу падразаюць галіны ледзве не да самага ствала. Здаецца, яно ўжо мёртвае. Яго крона ўжо ніколі не зашуміць зялёнай лістотай. Але наступіць вясна, і карані, адчуўшы цяпло, пагоняць уверх жывыя сокі роднай зямлі, на галінах з’явяцца маладыя адросткі, абазначыцца форма кроны.
Выдатныя творцы нашы заўжды працавалі ў піку існаму рэжыму. І сёння творы апазіцыйных аўтараў вызначаюць стан нашай культуры, а не тых, хто прадаўся, пасунуўся абслугоўваць ідэалогію расійскага шавіністычнага па сваёй сутнасці рэжыму. Ужо з самага пачатку так павялося, што нашы выдтныя дзеячы культуры былі апазіцыянерамі. Вось задуменна глядзіць на нас зробленая з метала Еўфрасіння Полацкая. Яна, князёўна, кідае выклік свайму часу, адмаўляецца ад свецкага жыцця, насуперак бацьку, родзічам становіцца манашкай, фундатаркай узвядзення новага храма, займаецца асветніцтвам. Няўжо гэта адно толькі з рэлігійных памкненняў. А вось некалькі скульптурных выяў Францішка Скарыны. Ён, адукаваны, таленавіты, энергічны, бярэцца за не толькі новую, але і вельмі працаёмкую, за справу, якая прынесла яму столькі клопату, але ад якой ён не адступіўся, якой аддаў усё сваё жыццё. А вось белы бюст Францішка Багушэвіча, чалавека, які наважыўся пісаць мастацкія творы на мове простых сялян, якая была на той час мала ўнармаванай, да таго ж яшчэ і забароненай. А на што спадзяваўся Кастусь Каліноўскі, калі падымаў народ на барацьбу за волю? Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў, Мікола Ермаловіч… Што вяло іх па жыцці? Што надавала ім мужнасці? Чаму не саступілі з аднойчы абранага шляху? Таму што гэты шлях быў іхні, таму што яны любілі Беларусь. “Як жыць — дык жыць для Беларусі. А без яе — зусім не жыць”. Таму што гэта былі Асобы. Яны бачылі, што так, як ёсць — не мусіць быць, а мусіць быць так, як павінна быць. У Беларусі, іх і нашай каханай Айчыне.
Раней гэтыя творы перахоўваліся ў майстэрнях, кватэрах, падвалах, розных сутарэннях. Яны былі вядомыя вузкаму колу спецыялістаў. Маглі згубіцца (з асобнымі так і здарылася). Сёння ж, уратаваныя, сабраныя ў адно месца, яны вельмі шмат гавораць удумліваму гледачу, бо ўяўляюць сабой тысячагадовую гісторыю беларускага народа ў асобах. Знявераным вяртаюць веру, абуджаюць патрыятычныя пачуцці, гонар за прыналежнасць да свайго беларускага роду. Тут, на сядзібе музея, прыгадаліся словы, сказаныя Уладзімірам Караткевічам на юбілейнай вечарыне ў яго гонар: “Я дзякую Вялікаму беларускаму народу”. Менавіта тут, у беларускім нацыянальным музеі-пантэоне, многія прыйдуць да той высновы, што і ў дзяржаўным будаўніцтве, і ў сферах рэлігійна-духоўнай і светскай прафесійнай і народнай культур беларусы ўжо сцвердзілі сябе як Вялікі еўрапейскі народ. Уладзімір Караткевіч зразумеў гэта раней, але на тое ён і Караткевіч. Гэта ісціна, якую трэба давесці ўсяму цывілізаванаму свету, а найперш самім сабе. І гэта адна з галоўных задач Старадарожскага музея-пантэона, створанага воляй і нястомнай працай аднаго чалавека. Імя яго — Анатоль Белы. Цяжка нават уявіць сабе, што адзін чалавек змог сабраць, класіфікаваць і пашпартызаваць больш за паўтары тысячы экспанатаў. Але гэта так. Бо і спадар Анатоль з той кагорты беларусаў, якія ад сваёй мэты не адступаюць. А мэта ў яго высокая: Беларусь павінны ведаць у свеце такой, якой яна сапраўды ёсць.
Прыйдзе час, калі Беларуская дзяржава ўзвядзе светлы, прасторны храм для ўшанавання ўсіх славутых сваіх сыноў і дачок. І называцца ён будзе —  Беларускі нацыянальны пантэон. І няхай мастацкія творы гэтага Пантэону будуць другімі, будуць поўнасцю абноўленымі, стануць больш велічныя, грандыёзныя, уражлівыя, самасцвярджальныя, высокамастацкія, бо таго патрабуе ўнутраная логіка развіцця гэтай галіны духоўнай дзейнасці чалавецтва. Але тыя імёны, якія ўвасоблены ў Пантэне на сядзібе музея Анатоля Белага захаваюцца і ў новым дзяржаўным Беларускім нацыянальным пантэоне. Бо Анатолю Беламу ўдалося здзейсніць канцэпцыю для развіцця і сцвярджэння Беларусаў, як Вялікага беларускага народа.

Яўген ЛАЎРЭЛЬ,
сябра клуба “Спадчына”
 

Нацыянальны пантэон