25 год клюбу СПАДЧЫНА

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 475 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.7%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
25 год клюбу СПАДЧЫНА


У сакавіку 1984 г. у Менску групай адраджэнцаў на чале з Анатолем Белым быў створаны Беларускі грамадскі культурна-асветны клуб “Спадчына”. Мэтай дзейнасці чальцоў клубу была абвешчана прапаганда і папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі. Ужо 25 гадоў актыўна дзеёнічае гэтая грамадская арганізацыя, якая працавала і працуе на ніве беларускай культуры і гісторыі раней, чым палітычнаыя партыі і іншыя грамадскія арганізацыі ў Беларусі. Кіруе ўсімі справамі “Спадчыны” яе рада на чале са сваім мтаршынёй Анатолем Белым, які і быў арганізатарам клубу. Усе пасяджэнні ад самага пачатку вяліся на беларускай мове.

 

Цяпер цяжка паверыць, як А. Беламу і яго аднадумцам удалося згуртавацца і працаваць у часы панавання камуністычнага рэжыму. Хоць рэжым ужо хістаўся і з’явіліся прызнакі яго слабасці, аднак усё ж ён меў дастаткова сіл, каб перашкаджаць дзейнасці беларусаў-адраджэнцаў. Клуб “Спадчына” зведаў пераслед і пільны кантроль за яго дзейнасцю яшчэ да пачатку перабудовы савецкага грамадства і падчас гэтай перабудовы. Ад пачатку дзейнасці клубу прайшоў некаторы час, пачалася перабудова. Стварыліся новыя грамадскія і палітычныя арганізацыі, клубы, суполкі. Многія з іх існавалі толькі некалькі гадоў і спынілі сваё існаванне. На пачатку 90-х гадоў ХХ ст. пачалі стварацца палітычныя партыі на Беларусі. Не ўсе яны захаваліся. А клуб “Спадчына” выстаіў і па-ранейшаму працягвае сваю актыўную дзейнасць. Дзякуючы галоўнаму арганізатару і нязменнаму старшыні рады клуба “Спадчына” Анатолю Беламу, вядомаму па-за межамі Беларусі грамадска-культурнаму дзеячу і калекцыянеру, і групе яго паплечнікаў, што складаюць ядро клуба, клуб “Спадчына” выстаяў і працягвае сваю патрыятычную грамадскую дзейнасць.
Ад самага пачатку сваёй працы на пасяджэнні клуба запрашаліся беларускія навукоўцы, якія стаялі на патрыятычных пазіцыях, літаратары, грамадскія дзеячы, абмяркоўваліся іх навуковыя паведамленні і даклады. Чальцы клуба адзначаюць выдатныя падзеі ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі, праводзяць мастацкія выставы, адзначаюць юбілеі навукоўцаў і пісьменнікаў. Клуб “Спадчына” значна пашырыў першапачатковую сваю задачу і займаецца прапагандай беларускай культуры і гісторыі, знаходзячы новыя накірункі ў сваёй дзейнасці. Чальцы клуба, акрамя ўжо традыцыйных пасяджэнняў з абмеркаваннем новых твораў навукоўцаў і пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, удзельнічаюць у падрыхтоўцы плакатаў-календароў на гістарычныя тэмы, альманахаў “Спадчыны” з артыкуламі, апавяданнямі, вершамі, успамінамі з дзейнасці свайго клуба. Пры клубе быў створаны фальклорны гурт, які праводзіць мастацкія вечарыны і фальклорныя святы (гуканне вясны, Купалле, Каляды).
Асабліва трэба адзначыць і выдавецкую дзейнасць клуба. На дарачынныя сродкі клуб “Спадчына” выдае і прэзентуе альманахі з назвай клуба. Пералічваць усё выдадзенае клубам за гэтыя 25 гадоў цяжка. Можна згадаць альманахі “Спадчына “Спадчыны” (1994), “Скрыжамі “Спадчыны” (1996, 1998, 2002, 2006, 2007), кнігу А. Белага і Л. Лыча (Прымалі закон аб мовах” (1995), плакаты-календары “Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў” (1995), “Уладары старажытнай Беларусі” (1996), “Карта старажытнай Беларусі часоў Вітаўта Вялікага” (1996) і іншыя.
Старшыня клуба “Спадчына” Анатоль Белы спрычыніўся да выдання ў ЗША беларускага гісторыка-культуралагічнага часопіса “Полацак”, які выдаваўся ў Кліўлендзе ў 1991—1997 гг. і рэдактарам якога была дачка Анатоля Белага Святлана. У гэтым часопісе змяшчаліся артыкулы як амерыканскіх беларусаў, так і даследчыкаў і грамадскіх дзеячаў з Беларусі, што паслужыла яднанню беларусаў ЗША і Бацькаўшчыны.
Клуб “Спадчына” быў арганізатарам выставаў у Беларусі, Расіі і ЗША. Дастаткова згадаць выставы: “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 г. на Беларусі” (у Менску і Магілёве, 1990 і 1991 гг.), “Францішак Скарына” (у Менску, Яраслаўлі і ЗША, 1985—1991), “Максім Багдановіч” (Менск, 1993), “Уладары старажытнай Беларусі” (Менск, 1996), “Дзеячы беларускага замежжа” (Менск, 1994, 1996) і інш.
На ахвяраванні і дабрачынныя сродкі клуб зрабіў і устанавіў помнікі: у Яраслаўлі помнік Максіму Багдановічу (1994, аўтар С. Вакар) і там жа шыльда на будынку, дзе ў 1915—1918 гг. дзейнічаў у эвакуацыі Менскі настаўніцкі інстытут (1995, аўтар А. Шатэрнік), у Менску — помнікі Ф. Скарыне (1998, аўтар С. Адашкевіч), М. Гусоўскаму (1998, аўтар У. Панцялееў), у Халопенічах — бюст Адаму Багдановічу (1998, аўтар. У. Лятун), у Менску і Полацку — помнікі Ефрасінні Полацкай (1999, 2000, аўтар І. Голубеў) і інш.
Пры клубе “Спадчына” ў пачатку 1997 г. быў створаны грамадскі “Камітэт ушанавання” для ганаравання грамадзянаў Беларусі ордэнам “Гонар Айчыны”, срэбным пярсцёнкам з выявай герба “Пагоні”, памятным медалём з выявай “Пагоні” і іншымі медалямі — з уручэннем адпаведнага дыплому і занясеннем у спецыяльную кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь” і з графічным партрэтам узнагароджанага. Узнагародамі з’яўляюцца таксама ганаровыя кубкі з імёнамі ўзнагароджаных.
Узнагароджанні ажыццяўляюцца чальцоў 25 сакавіка — у дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай Рэспублікі. Узнагародны надаюцца па розных намінацыях, у тым ліку за плённую грамадска-палітычную і культурна-асветніцкую дзейнасць, за выдатныя дасягненні ў галіне літаратуры, дэмакратычнай журналістыкі, выяўленчага, тэатральнага мастацтва, за вялікі ўнёсак у адраджэнне беларускай мовы і школы, культуры і гістарычнай памяці народа.
“Камітэт ушанавання” быў створаны для ўшанавання лепшых прадстаўнікоў беларускай нацыі, давядзення іх імёнаў, дзейнасці і ўчынкаў да свядомасці нашага народа. Стварэнне “Камітэта ўшанавання” было выклікана неабходнасцю актыўнага супраціву антыбеларускай палітыцы ўлады краіны, скіраванай на вынішчэнне ўсяго нацыянальнага беларускага.
“Камітэт ушанавання” ўзначаліў Анатоль Белы, яго заступнікамі сталі Анатоль Грыцкевіч і Леанід Лыч, сябрамі камітэту Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Мікола Ермаловіч, Георг Штыхаў, Язэп Юхо, сакратаром Надзея Сармант.
З часу ўтварэння “Камітэту ўшанавання” вышэйшыя ўзнагароды атрымалі дзесяткі людзей, а пярсцёнкі і медалі сотні беларусаў. Узнагароды будуць прызначацца да таго часу, калі ў Беларусі ўстановіцца сапраўдная беларуская улада, якая будзе ганараваць беларусаў-патрыётаў дзяржаўнымі ўзнагародамі.
Асобна трэба адзначыць і стварэнне прыватнага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах, дзе сабраныя музейныя прадметы, старыя і новыя кнігі, прысвеачныя беларускай культуры і гісторыі, створана карцінная галерэя, убольшасці з партрэтаў дзеячаў беларускага адраджэння, беларускіх палітычных дзеячаў, а таксама навукоўцаў. Перад сядзібай музея А. Белага ўстаноўлены помнікі дзеячам беларускай культуры, а на валунах перад музеям — шыльды з увекавечаннем гістарычных падзей з гісторыі беларускага народа.
25 гадоў актыўнай дзейнасці клуба “Спадчына” і нястомнай грамадскай і арганізацыйнай працы яго кіраўніка Анатоля Белага заслугоўваюць падзякі беларускага грамадства. Зычу далейшых поспехаў сябрам клуба “Спадчын” і яго старшныі Анатолю Яўхімавічу Беламу ў іх шляхетнай справе беларускага Адраджэння.
Жыве Беларусь!

Анатоль ГРЫЦКЕВІЧ,
ганаровы сябра клуба “Спадчына”

20 сакавіка 2009 г.

 

 

 


У сувязі з юбілеем клуба “Спадчына” рэдактар аддзела «Беларускага
гістарычнага часопіса» Сымон Вікенцьевіч Барыс сустрэўся са старшынёй клуба Анатолем Яўхімавічам Белым і папрасіў яго адказаць на шэраг пытанняў.


С.Б. Паважаны Анатоль Яўхімавіч! Што стала штуршком для стварэння клуба “Спадчына”? З чаго гэта пачалося? Чаму ўзялі такую назву?
А.Б. Справа ў тым, што яшчэ з маладых гадоў я актыўна займаўся калекцыяніраваннем, спачатку графічных твораў, а потым медальнага мастацтва і жывапісу. Да 1970-х гг. у мяне склаліся даволі добрыя калекцыі. І як кожнаму калекцыянеру мне захацелася не толькі паказаць іх людзям, але расказаць аб ролі мастацтва ў духоўным жыцці краіны. Свае першыя крокі ў гэтым кірунку я пачаў рабіць, калі працаваў выкладчыкам філасофіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Менавіта жаданне праводзіць не эпізадычныя выстаўкі калекцый, а мець пастаянную сістэматызаваную экспазіцыю аб гісторыі Беларусі, аб рэвалюцыйным змаганні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшкі і пра іншых дзеячаў, прывяла мяне да думкі атрымаць памяшканне, каб зрабіць там цікавую экспазіцыю. Спачатку меў намер паказваць яе па месцу жыхарства школьнікам і студэнтам. А пасля захацелася арганізаваць гурток аднадумцаў і разам з імі праводзіць мэтанакіраваную дзейнасць па вывучэнню і прапагандзе нашай багатай спадчыны, якая ў тыя часы, як заўважыў мастак Яўген Бусел, была “Совершенно секретной” не толькі для простых людзей Беларусі, а нават для большай часткі творчай інтэлігенцыі. Мне ўдалося ажыццявіць сваю задуму напярэдадні «гарбачоўскай перабудовы». У той час я быў для уладных органаў чалавек лаяльны — выкладчык марксісцка-ленінскай філасофіі, таму змог расказаць даволі цікава  раённаму і гарадскому начальству аб сваёй мастацкай калекцыі і паказаць некаторыя экспанаты. Удалося зацікавіць чыноўнікаў Партызанскага райвыканкама, і ў сакавіку 1984 г. яны далі дазвол і нават выдзелілі памяшканне пры ЖЭСе на вуліцы Мендзялеева для арганізацыі, якая ўвайшла ў гісторыю беларускага нацыянальнага адраджэння як клуб “Спадчына”.
“Спадчынай” назвалі таму, што мы — нашчадкі беларускай спадчыны. Імкнемся яе захаваць і адрадзіць.
С.Б. Якія асноўныя мэты дзейнасці клуба “Спадчына”?
А.Б. У канцы 1980-х гадоў у Мінску мы ўдзельнічалі ў правядзенні народных свят: гуканне вясны, Купалле, калядаванне і інш.
Фактычна з часу стварэння пачалася і мэтанакіраваная дзейнасць клуба па ўшанаванню спадчыны нашага народа. Яна ажыццяўлялася шляхам узвядзення помнікаў выдатным дзеячам Беларусі. Нагадаю, што за ўсе гады існавання БССР камуністычныя ўлады дазволілі Міністэрству культуры паставіць толькі 8 помнікаў праслаўленым дзеячам нашай культуры — Францішку Скарыне, Алаізе Пашкевіч (Цётцы), Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Францішку Багушэвічу, Максіму Багдановічу і Кастусю Каліноўскаму (на яго радзіме ў райцэнтры Свіслач). Гэта сведчыць аб нежаданні камуністычнага кіраўніцтва спрыяць фарміраванню  нацыянальнай свядомасці беларускага народа.
С.Б. Вы гаворыце пра дзейнасць чыноўнікаў ад культуры, а вы раскажыце, каму з дзеячаў беларус-кай культуры ўдалося паставіць помнікі?
А.Б. Сябры клуба “Спадчына” паставілі помнікі: Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі, Адаму Ягоравічу Багдановічу (бацьку паэта) у Халопенічах. У падворку Беларускага дзяржаўнага універсітэта ўстанавілі 6 помнікаў — Францыску Скарыне, Міколу Гусоўскаму, Ефрасінні Полацкай, Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму, Кірылу Тураўскаму. Аўтары іх: Сяргей Адашкевіч, Уладзімір Панцялееў, Ігар Голубеў, Аляксандр Прохараў. Тут вялікую дапамогу нам аказаў на той час рэктар універсітэта Аляксандр Казулін. Тым самым флагман беларускай навукі набыў выгляд старэйшых еўрапейскіх універсітэтаў.
Дзякуючы намаганням сяброў клуба ўдалося паставіць помнік Ефрасінні Полацкай у Полацку, Ларысе Геніюш у Зэльве, Кірылу Тураўскаму ў двары Мінскай епархіі. Але найбольш плённай была дзейнасць па ўстаноўцы помнікаў на сядзібе музея ў Старых Дарогах.
С.Б. А чаму музей створаны менавіта ў Старых Дарогах?
А.Б. Гэта мая радзіма. Тут бацькоўскі дом, які я прыстасаваў як памяшканне для музея. На сённяшні дзень тут усталяваны дзесяткі помнікаў дзеячам нашай гісторыі, культуры, змагарам за беларускае нацыянальнае Адраджэнне. Тут упершыню ў гісторыі нашай культуры ствараецца Беларускі нацыянальны Пантэон.
С.Б. Хто дапамагаў матэрыяльна ў стварэнні помнікаў?
А.Б. Стварэнне кожнага помніка — гэта вельмі індывідуальная справа, і кожны з іх мае сваю даволі цікавую гісторыю. Магчыма, калісьці ў мяне з’явіцца вольны час і я пастараюся напісаць пра гэтую даволі цікавую работу. Дарэчы, усе цывілізаваныя народы Еўропы маюць распрацаваную гісторыю сваёй культуры, дзе даецца падрабязнае апісанне таго, кім і як ствараліся тыя ці іншыя помнікі. У нас жа, на вялікі жаль, гэтага няма.
Паспрабую тут коратка раскрыць “кухню” стварэння помніка Ларысе Геніюш у Зэльве. Я неаднаразова звяртаўся ў друк з просьбай аказання дапамогі. Адгукнуліся энтузіясты, за што я ім вельмі ўдзячны.
Таксама я звярнуўся да беларусаў, якія жывуць за межамі Беларусі. Удалося сабраць 500 долараў. Гэта хапіла толькі на адліўку помніка. Спатрэбілася яшчэ 200 долараў, якія перадала мне дачка Святлана, якая жыве ў ЗША. Камень для пастамента перадаў прадпрымальнік Віталь Каляда, маці яго была сябрам клуба “Спадчына”, мастацкі калектыў Браніслава Скрамблевіча апрацаваў яго. Віталь Каляда даставіў помнік у Зэльву. Яўген Ладуцька і Станіслаў Суднік дапамаглі ўстанавіць яго каля царквы. Варта адзначыць дабрачынную дзейнасць скульптара Міхаіла Інькова, матэрыяльную дапамогу гісторыка Міхася Чарняўскага. Хачу ўстанавіць на пастаменце помніка шыльду з імёнамі тых, хто спрычыніўся да гэтай святой справы, але тут ёсць пытанні, вырашэнне якіх ад клуба “Спадчына” не залежыць.
Грошы на выраб помніка Ф.Скарыне аплаціў рэдактар газеты “Частный детектив” Алесь Усеня, мой зямляк. Транспарціроўку помніка ажыццявіў мой добры знаёмы, які працаваў у адным з міністэрстваў высокім чыноўнікам. На помнік Міколу Гусоўскаму даў грошы адзін з прадпрымальнікаў. Пакуль яго імя я не назаву.
Эскіз помніка Кастусю Каліноўскаму распрацаваў мастак Анатоль Крывенка. Выразаў скульптуру народны майстар Міхась Небышынец. Транспарт даваў Ігар Курыцын. Міхась Белы і Міхась Небышынец усталёўвалі гэты помнік на 5-метровай вышыні (на франтон музея). Усё гэта рабілася бясплатна талакой. Вось так ствараліся многія помнікі. Дабрачыннасць і ахвярнасць патрыётаў — аснова іх стварэння.
Хачу прывесці яшчэ адзін выпадак. Сябар клуба мастак Мікола Несцярэўскі стварыў каля 100 медальёнаў, на якіх змешчаны выявы ўладароў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дзеячаў беларускага Адраджэння. І ўсе гэтыя творы ён перадаў у музей без адзінага рубля. На адліўку ў метале гэтых медальёнаў не пашкадавала грошай Святлана. Камяні для помнікаў расшукаў на тэрыторыі раёна. Дастаўку іх ажыццявілі дырэктары некаторых старадарожскіх прадпрыемстваў і камандзіры вайсковых часцей, якія размяшчаліся ў Старых Дарогах. Устанавілі адлітыя ў метале медальёны на вялікіх камянях мой стрыечны брат Міхаіл і яго сын Ягор Белыя. Яны таксама працавалі за «дзякуй».
Некалі ў адной з газет я заявіў, што калі б мне далі свабоду дзеянняў і адпаведны дазвол, я змог бы ў кожным горадзе ўстанавіць помнік іх  знакамітаму земляку. Такая заяўка выклікала недавер у некаторых журналістаў. А калі ўлады Маладзечна мне далі дазвол па ўстаноўцы ў цэнтры горада помніка праслаўленаму земляку — гісторыку Міколу Ермаловічу, дык сябры клуба “Спадчына” на дабрачыннай аснове ўсталявалі такі помнік.
У некаторых людзей склалася ўражанне, што Белы знайшоў крыніцу, з якой бярэ грошы для сябе. Для такіх людзей я хачу прывесці гістарычны прыклад. Звярніце ўвагу на гісторыю фарміравання нацыянальнай самасвядомасці чэхаў і развіццё чэшскай культуры, на самаахвярнасць чэшскага народа, які захацеў скінуць з сябе ярмо каланіяльнай нямецкай залежнасці. І змог гэта зрабіць. Вось чаму нам, беларусам, не трэба хныкаць і скардзіцца, што не хапае грошай і грантаў, а навучыцца самім рабіць усё на аснове дабрачыннай працы.
І не трэба думаць, што ў Беларусі энтузіяст Анатоль Белы толькі адзін. У вёсцы Гудзевічы Мастоў-скага раёна стварыў літаратурна-краязнаўчы музей Алесь Белакоз. У горадзе Ветка ў 1978 годзе заснаваны музей народнай творчасці на аснове прыватнай калекцыі Фёдара Шклярава, які стаў першым дырэктарам адкрытага ў 1987 годзе музея. А колькі помні-каў паставіў інжынер-электрык Анатоль Рогач у Вілей-скім раёне! Ён разам з архітэктарам Анатолем Капцюгом ушанавалі памяць многіх сваіх славутых землякоў. У горадзе Ліда некалькі помнікаў зрабіў скульп-тар Рычард Груша.  І ніхто ім грошы з казны не даваў.
Вопыт клуба “Спадчына” сведчыць аб тым, што можна рабіць вялікія справы нават поўнасцю на дабрачыннай аснове. Дзеля гэтага патрэбна моцнае жаданне, самаахвярнасць, падтрымка аднадумцаў і дапамога сяброў. Вось дзеля гэтага і ствараўся клуб “Спадчына”, каб у ім былі не толькі слухачы і наведвальнікі, а аднадумцы, якія заклапочаны лёсам захавання нашай спадчыны, нашай нацыянальнай культуры.
С.Б. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра помнік Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі. Як Вам удалося паставіць яго? Хто дапамагаў?
А.Б. Каб ажыццявіць задуманае, мне спатрэбіліся тры гады клопатаў. Маю прапанову падтрымалі сябры клуба, Музей Максіма Багдановіча ў Мінску, Беларуская праваслаўная царква, фірма “Дайнова”, выдавецтва “Хата”, рэдакцыя газеты “Частный детектив”, беларусы Амерыкі. У 1991 годзе я пачаў збор грошай на пабудову помніка. Істотную дапамогу мне аказала Святлана і беларускі паэт доктар Анатоль Бярозка з ЗША. Помнік каштаваў на той час толькі 800 савецкіх рублёў. Ён быў адліты ў чэрвені 1992 г. і дастаўлены на сядзібу клуба “Спадчына” ў горадзе Мінску, па вуліцы Адоеўскага, 18. Я спадзяваўся, што Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь дапаможа перавезці помнік у Яраслаўль, але там мне сказалі, што ў Яраслаўлі не хочуць прыняць помнік. У канцы красавіка 1994 года патэлефанаваў мэру горада Яраслаўля Віктару Валанчунасу, і той сказаў, што наша Міністэрства культуры чамусьці ўжо 6 месяцаў вязе яго. У нас 28 мая 1994 г. праводзіцца свята горада, і мы хочам адкрыць гэты помнік. Аказалася, што мяне ў міністэрства культуры падманвалі. Я ведаў, што Мінскі аўтазавод завозіць маторы з Яраслаўля і для гэтага накіроўвае туды свой транспарт. Звярнуўся да Міколы Лавіцкага, які працаваў намеснікам старшыні прафкама МАЗа. І той згадзіўся дапамагчы. Толькі тады Міністэрства культуры напісала афіцыйную просьбу да кіраўніцтва МАЗа аб дастаўцы помніка. І калі ў Яраслаўль адвозілі забракаваныя рухавікі, адначасна я завёз і помнік Максіму Багдановічу. Чыноўнікі з Міністэрства культуры прыехалі толькі на ўрачыстае адкрыццё і то амаль што спазніліся.
Пра помнік Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі я падрабязна пісаў у адным з альманахаў “Скрыжалі “Спадчыны”, у часопісе “Полацак” і іншых выданнях.
С.Б. Як адносіцца да вашай дзейнасці жонка Ала Мікалаеўна? Дзе Вы з ёй пазнаёміліся? Ці дапамагае яна Вам?
А.Б. Са сваёй жонкай Алай Мікалаеўнай Белай (Сур’янінавай) я пазнаёміўся ў 1965 г. у Старых Дарогах, дзе яна вучыла дзяцей у музычнай школе. Яна закончыла Растоўскае музычнае вучылішча ў Яраслаўскай вобласці і ў Старых Дарогах працавала па накіраванню. Ала Мікалаеўна мой сябар і дарадца па музею, клубу, хатніх справах. Яна як чалавек творчы тонка разумее мастацтва не толькі музычнае, але і выяўленчае, у час маёй адсутнасці можа правесці экскурсію па залах музея. Таму я лічу, што з жонкай мне проста пашчасціла, бо, будучы рускай па нацыянальнасці, яна поўнасцю падзяляе ідэі і памкненні беларускага адраджэння і па сваіх магчымасцях дапамагае іх ажыццявіць і рабіць гэта шчыра і нават самаахвярна.
С.Б. Напэўна, Ваша калекцыя медальёнаў і кар-цін стала асновай для стварэння музея ў Старых Дарогах? Як ён ствараўся?
А.Б. Сапраўды ў аснову музея была пакладзена мая асабістая калекцыя. Ствараўся ён паступова на працягу 10 гадоў. Нараджэнне нечага новага, да гэтага невядомага — заўсёды цяжкі працэс. Тут здараецца шмат нечаканасцей, падвохаў і нават здрады. Тут трэба самаахвярная праца. Патрабуецца і тонкая дыпламатыя, і ўменне пераконваць людзей, і знаходзіць аднадумцаў, адкінуць па магчымасці ўсе свае непатрэбныя амбіцыі. Не заўсёды ў мяне ўсё гэта атрымлівалася. Але ўсё ж Бог быў ласкавы да мяне і задуманую справу дапамог вырашыць.
Урачыстае адкрыццё музея адбылося 11 снежня 1999 года, на другі дзень пасля майго 60-годдзя. Здарылася так, што да свайго дня народзінаў, якія ніколі не меў моды ўрачыста адзначаць, падарыў сабе і ў першую чаргу роднаму гораду музей. Думаю, гэта добры падарунак. Аднак мала хто ведае, калі пачалося будаўніцтва музея, я ў прэсе аб’явіў, што яго адкрыццё будзе прымеркавана на пачатак снежня. Прызнаюся, што гэта было зроблена наўмысна. Справа ў тым, што я даўно падштурхоўваў улады Старадарожскага раёна да стварэння ў раёне музея. Дзеля гэтага падарыў гораду больш за 100 твораў графікі, 17 медалёў, цікавы помнік Францыску Скарыне, а тутэйшы народны майстар Ігар Лізура — 50 сваіх твораў. І пасля такой аб’явы кіраўніцтва раёна вырашыла апярэдзіць мяне. Кіраўнікі раёна паехалі да сястры мастака Івана Стасевіча (нашага земляка, ужо нябожчыка), дамовіліся з ёй аб перадачы яго твораў у фонд будучага музея, і аддзел культуры паспешліва пачаў работу па стварэнню музея. Адкрыццё раённага краязнаўчага музея адбылося за тры дні да намечанай мною даты. На ўрачыстасці, прысвечанай адкрыццю яго, старшыня райвыканкама з нейкім асабістым гонарам сказаў мне: “А мы ўсё ж такі наш музей адкрываем раней за ваш”. Я толькі адказаў: “І слава Богу. Бо каб я вас не падштурхнуў, вы б доўга яшчэ марудзілі з гэтай справай. А цяпер у горадзе будуць два музеі”.
Толькі шкада, што дзяржаўныя ўстановы не змаглі наладзіць нармальнае функцыянаванне свайго музея, і ён хутка спыніў дзейнасць. Цяпер яны выношваюць новую задуму. Паколькі горад мае назву Старыя Дарогі, то трэба стварыць музей дарог. Што з такой задумкі атрымаецца, пакажа час. Тым больш, што ў Мінску такі музей ужо існуе.
С.Б. Што сёння ўяўляе сабой Старадарожскі музей?
А.Б.Тая колькасць мастацкіх твораў, якая захоўвалася ў запасніках (а гэта амаль 4 тысячы), патрабавала новых экспазіцый і дадатковых залаў, а гэта значыць новых будынкаў. І я пачаў будаваць новыя памяшканні.
Цяпер музей уяўляе сабой 4 будынкі па 2 паверхі, 8 залаў агульнай экспазіцыйнай плошчай да 500 м2. Будынкі злучаны ў адзін комплекс, па якім наведвальнікі могуць прайсці па ўсіх залах не выходзячы на падворак. У экспазіцыі экспануецца да 1 700 твораў жывапісу, графікі, скульптуры. Зусім нядаўна я правёў поўную пашпартызацыю твораў медальернага мастацтва. Іх аказалася больш за 770. Гэта адна з унікальных у Беларусі калекцый твораў такога жанру.
Праведзена пашпартызацыя экспанатаў. Яны запісаны ў асобныя кнігі-каталогі і сфатаграфаваны на звычайныя фотаплёнкі і лічбавыя носьбіты. Усе  фотаздымкі размешчаны на сайтах у Інтэрнеце. Вядзецца  пашпартызацыя матэрыялаў, якія ёсць у запасніках і іх уключэнне ў агульны сайт музея. Гэта надзвычай адказная і працаёмкая работа. Такую работу яшчэ толькі пачынаюць мастацкія музеі Беларусі.
С.Б. Вы свой музей называеце Фонд Анатоля Белага, я яго называю Белка ці Бялоўка. А як ён называецца афіцыйна?  Творы якіх беларускіх жывапісцаў захоўваюцца ў ім?
А.Б. У Энцыклапедыі гісторыі Беларусі пра яго змешчаны артыкул “Старадарожскі мастацкі музей”. Такая вось назва. У музеі ёсць карціны мастакоў Гаўрылы Вашчанкі, Віталя Цвіркі, Аляксея Марачкіна, Пятра Драчова, Леаніда Шчамялёва, Яўгена і Генрыха Ціхановічаў, Барыса Аракчэева, Анатоля Крывенкі, Алеся Цыркунова і іншых.
С.Б. Вы гаварылі, што Ваша дачка Святлана дапамагае музейнай працы, а таксама дапамагаюць і прадстаўнікі беларускай дыяспары. Раскажыце больш падрабязна пра гэта.
А.Б. Трэба адкрыта прызнаць, што без дапамогі Святланы мне было б вельмі і вельмі цяжка, бо многія фінансавыя і тэхнічныя праблемы выдатна вырашае менавіта яна. Напрыклад, фінансуе пабудову музея, стварэнне экспазіцый, адліццё тых ці іншых скульптурных твораў. Прывозіць мне навейшую камп’ютэрную электронную тэхніку, без чаго немагчыма ствараць сайты, весці пашпартызацыю твораў музея.
Некаторыя палітычныя і грамадскія дзеячы Беларусі прапагандуюць думку, што я нават прадаў многія творы ў Амерыку. Кожны з іх і тых мастакоў, хто прэзентаваў свае творы, можа прыехаць у музей і пераканацца, што яго творы захоўваюцца тут. Гэта можна зрабіць нават седзячы ў сваёй кватэры, праглядаючы сайты музея, бо на іх падаюцца творы і імёны аўтараў. А наконт уяўлення пра багацці беларусаў Амерыкі, то яно надзвычай перабольшанае. Няхай яны спачатку вырашаць праблему фінансавання сваёй газеты “Беларус”, выпуск якой часта прыпыняецца па той жа адвечнай праблеме — недахопу грошай на выданне.
С.Б. Ці можна параўноўваць дзейнасць Анатоля Белага з дзейнасцю іншых беларускіх  калекцыянераў і мецэнатаў?
А.Б. Пытанне надзвычай цікавае, але адказваць на яго мне цяжка. Варта нагадаць, што ў Беларусі зборам старажытных рэчаў і мастацкіх твораў займаліся і да мяне. У Лагойску браты Тышкевічы стварылі музей старажытнасцей, Радзівілы ў Нясвіжы — карцінную галерэю, Храптовічы ў Шчорсах — добрую бібліятэку. Аляксандр Ельскі — Музей старажытнасцей і бібліятэку ў Замосці. Варта адзначыць і тое, што нават у ХІХ стагоддзі ўсё нацыянальнае лічылася другарадным, нізкага гатунку, нечым плебейскім. У савецкі час Міністэрства культуры закупляла для сваіх музеяў толькі творы “сацрэалістычнага” кірунку. Аддавалася перавага “ўдарнай працы”, заможнаму калгаснаму жыццю, гераічным дзеянням Чырвонай Арміі і партызан. Усё астатняе лічылася лішнім, мала патрэбным. Маю першую выстаўку, прысвечаную Францыску Скарыне і адкрытую ў Палацы прафсаюзаў у 1986 г., Мінскі гаркам КПБ забараніў. А калі я зрабіў выстаўку “Князі і палкаводцы Беларусі” ў гістарычным музеі, то яе забараніла Міністэрства культуры БССР. Цяпер мая калекцыя налічвае каля 5 тысяч твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага мастацтва. Зразумела, кошт карцін, напрыклад, Траццякоўскай галерэі нашмат вышэйшы, чым твораў Старадарожскага мастацкага музея. Але справа тут больш глыбінная, а менавіта ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці беларускага народа.
С.Б. Як да Вас і музея ставяцца мясцовыя ўлады?
А.Б. Па-праўдзе кажучы, я хацеў бы, каб яны да мяне ніяк не ставіліся, а проста не чапалі мяне. Ад іх я не залежу, дапамогі яны мне не аказваюць, а вось выкарыстоўваць імя музея ім удаецца добра. Няхай выкарыстоўваюць. Абы толькі не перашкаджалі мне. Але такое паняцце як талерантнасць для іх мабыць невядомае. Прывяду прыклады. Просяць як спецыяліста дапамагчы стварыць раённы музей на дабрачыннай аснове. Пагаджаюся і прашу толькі аднаго — стварыце аргкамітэт па гэтай справе і афіцыйна ўключыце мяне як яго члена. Адказ цікавы: “Не, не будзем”. “Чаму?” — пытаюся. Адказу няма.
Робяць фотаальбом горада. Усё ёсць, а здымка сядзібы музея з прылягаючымі мастацкімі помнікамі не падаюць. Ствараюць кнігу “Літаратурная Старадарожчына”. Яе ўкладальнік просіць мяне падаць свае творы, бо я член Саюза беларускіх пісьменнікаў і напісаў некалькі кніг. Але прапануе ў самую апошнюю хвіліну, а потым мяне выкідвае з выдання па невядомай для мяне прычыне. І такіх прыкладаў шмат. А калі горад наведваюць вялікія госці, то просяць прыняць іх і правесці экскурсіі. Як трэба нейкая кансультацыя па гістарычнай тэме — ідуць да мяне. Вось так і жывём са сваімі мясцовымі ўладамі.
С.Б. Ці часта да Вас у музей прыходзяць школьнікі? Колькі каштуе білет?
А.Б. Наведванне майго музея бясплатнае. Яго ахвотна наведваюць не толькі тутэйшыя школьнікі, але цэлыя калектывы з розных гарадоў Беларусі, Мінска, Слуцка, Салігорска, Асіповічаў, Бабруйска, Магілёва, Вільні, прыезджыя госці з ЗША, Аўстраліі, Італіі і іншых гарадоў і краін. Нават з Далёкага Усходу прыязджалі нашыя землякі, бо бачылі гэты музей па тэлебачанні і, напоўненыя пачуццём гонару і годнасці, вырашылі абавязкова пабачыць яго.
Але калі звычайныя беларусы імкнуцца наведаць музей, каб самім дакрануцца да сівой гісторыі Беларусі, дык гэтага не скажаш пра кіраўнікоў сучасных партый і грамадскіх арганізацый. На словах яны вельмі клапоцяцца аб развіцці нацыянальнай культуры Беларусі. Паслухаеш гэтых цыцэронаў і змагароў за нашую культуру і самаму становіцца неяк няёмка, што так мала змагаюся за сваю культуру. Аднойчы я публічна запрасіў аднаго такога цыцэрона наведаць музей і самаму паглядзець яго экспазіцыі. Дык гэтаму дацэнту Мінскага універсітэта культуры і мастацтва, які выкладае гісторыю культуры Беларусі, аказваецца, няма часу наведваць такія ўстановы. Другому “вялікаму змагару” за лепшае жыццё “працоўнага народа” я прапанаваў сярод 200 партрэтаў дзеячаў беларускага нацыянальнага Адраджэння назваць і паказаць хоць бы 10 чалавек, якіх ён ведае. Канечне, “змагар” сціпла прамаўчаў. Гэта шмат аб чым гаворыць, і кожны з гэтых фактаў можна тлумачыць па-свойму. Але відавочна, што нашым дзеячам трэба вучыцца і падцягваць свой інтэлектуальны ўзровень, і музей ім мог бы добра дапамагчы.
Нездарма вядомы гісторык, археолаг, прафесар Георгій Штыхаў, наведаўшы музей, заявіў, што па экспазіцыі гэтага музея можна смела вывучаць гісторыю Беларусі. Дык чаму ж не выкарыстоўваюць такія вялікія і дзейсныя магчымасці нашы грамадска-палітычныя дзеячы? На гэта пытанне ніхто не атрымае адказу. Ёсць пытанне і да эліты беларускага грамадства — беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх я магу пералічыць на пальцах тых, хто наведаў гэты музей. Магу адкрыта заявіць, што сярод вялікай кагорты нашых пісьменнікаў толькі некаторыя (Вольга Іпатава, Яўген Гучок, Анатоль Валахановіч) разумеюць ролю выяўленчага мастацтва ў жыцці грамадства. Прафесійная зайздрасць і фанабэрыстасць не дазваляюць многім па-сапраўднаму ацаніць гэтую з’яву.
С.Б. Сябры клуба “Спадчына” вядуць шырокую асветніцкую дзейнасць праз перыядычны друк. Раскажыце пра гэта.
А.Б. Асветніцкую дзейнасць сяброў клуба я разглядаю ў кантэксце агульнай нашай нацыянальнай культурнай работы. І ў нас многа сапраўдных энтузіястаў, такіх як Анатоль Валахановіч, Мікола Лавіцкі, Мікола Савіцкі, Уладзімір Содаль, Яўген Гучок, Алесь Цыркуноў, Анатоль Грыцкевіч, Леанід Лыч і шмат іншых. Некаторы раз возьмеш газету “Наша слова”, і ўсе артыкулы там напісаны сябрамі клуба. Гэтыя артыкулы я выразаю, сістэматызую, складаю ў папкі і захоўваю ў аддзеле музея, прысвечанага гісторыі клуба “Спадчына”. У Музеі існуе асобная зала клуба “Спадчына”, дзе змешчаны алейныя і медальённыя партрэты яго сяброў, стэнды, дзе размешчаны іх творы (кнігі, газетныя артыкулы, фотаздымкі, дакументы і іншыя цікавыя рэчы). Калі-небудзь гэта спатрэбіцца нашай гісторыі.
С.Б. Вы мелі свае перыядычныя выданні? Якія і калі?
А.Б. Клуб “Спадчына” з 1994 года пачаў выдаваць альманахі навуковых, літаратурных і публіцыстычных твораў сваіх сяброў. Першы з іх меў назву “Спадчына “Спадчыны”. Другі і ўсе астатнія “Скрыжалі “Спадчыны”. Ужо выйшла пяць нумароў і тры асобныя зборнікі, дзе расказвалася пра падзеі, звязаныя з дзейнасцю клуба “Спадчына”, даецца  храналогія дзейнасці клуба і імёны тых, каго Камітэт ушанавання ўзнагароджваў медалямі, кубкамі, сярэбранымі пярсцёнкамі і ордэнам “Гонар Айчыны”, а гэта больш за 300 чалавек. Цяпер мы заканчваем энцыклапедычны даведнік клуба, які называецца “Дыяруш клуба “Спадчына”. На сайце клуба ўжо змешчана шмат матэрыялаў. Спа-дзяёмся, што да канца года мы яго завершым.
С.Б. Вы займелі свае сайты ў Інтэрнеце. Раскажыце пра іх.
А.Б. Інтэрнет — гэта вялікая патэнцыяльная сіла, якую неабходна пастаянна выкарыстоўваць у мэтах вывучэння і прапаганды нашай нацыянальнай культуры, гісторыі, мовы. Менавіта такую задачу мы паставілі, калі ў 2005 годзе пачалі ствараць свой першы сайт “Спадчына”. У пачатку 2007 г. гэты сайт быў уведзены ў Інтэрнет. У першага сайта хосцінг быў маскоўскі: www.spadchina.narod.ru. Хутка мы пачалі рабіць новы сайт “Пакутнікі Беларусі”: www.pakutniki.narod.ru. Пасля яго завяршэння пачалася сумесная работа над новым сайтам “Адраджэнцы Беларусі”, дзе размясцілі да 400 біяграфій выбітных сыноў і дачок Беларусі і падалі звесткі пра амаль 700 мастацкіх твораў, прысвечаных гэтым дзеячам: www.adradjency.narod.ru. Калі ў 2008 г. гэтая работа была завершана, у нас узнікла жаданне стварыць Беларускія вялікія Мінеі-Чэцці (кніга для паўсядзённага чытання), дзе падаваліся б на кожны дзень года біяграфіі і мастацкія партрэты ўсіх знакамітых людзей зямлі Беларускай, пачынаючы з сівой даўніны. Дзякую Вам, Сымон Вікенцьевіч, што Вы выканалі маю просьбу і ў красавіку гэтага года напісалі “Дзень у гісторыі Беларусі” (інакш Беларускія вялікія Мінеі-Чэцці). У такі своеасаблівы каляндар трапіла больш за 600 прозвішчаў выбітных дзеячаў Беларусі. Цяпер сябры клуба “Спадчына” актыўна працуюць над гэтай праграмай. Вялікая частка сабранага матэрыялу ўжо змешчана ў новым сайце: www.spadczyna.org, другая знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.
Адначасова сябры клуба пачалі распрацоўку сайта “Родная мова” (“Мова — душа народа”): www.rodnamova.narod.ru. Па нашых задумках, гэта павінен быць грандыёзны сайт са своеасаблівай электроннай энцыклапедыяй роднай мовы. Яго ўжо можна наведаць(www.test.spadchyna.org). Там змешчаны Катэхізіс навукі аб беларускай мове, больш за 500 вершаў на роднай мове, да 100 артыкулаў выдатных дзеячаў нашай гісторыі, культуры і літаратуры. Тут прозвішчы і біяграфіі змагароў за родную мову, мастацкія партрэты і шмат іншага. Мы марым стварыць на гэтым сайце своеасаблівы форум усіх прыхільнікаў і змагароў за родную мову. Гэта зверхзадача і трэба яшчэ шмат працаваць.
Самае галоўнае, што нашы сайты ўжо заўважаны і іх актыўна наведваюць не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Я ўжо казаў, што Міністэрства культуры не стварыла мажлівасці для рэпрэзентацыі выяўленчага мастацтва Беларусі ў сусветнай электроннай сетцы. Гэтую місію нясе наш сайт “Спадчына”, які рэпрэзентуе мастацтва нашай краіны. Добра гэта ці не — не мне судзіць. Але праблема існуе.
С.Б. Анатоль Яўхімавіч, што Вам не ўдалося здзейсніць? Якія былі перашкоды пры ажыццяўленні задуманага?
А.Б. Здзейснілі сябры клуба шмат, але маглі зрабіць намнога больш, каб дапамагалі тыя, хто сёння многа гаворыць, што ратуюць і дбаюць пра беларускую культуру, беларушчыну, нашу спадчыну. А калі яны былі пры ўладзе, то больш думалі пра сябе.
С.Б. Што здарылася з памяшканнем, якое Вы атрымалі ад Партызанскага райвыканкама?
А.Б. 6 ліпеня 1986 года сябры клуба адзначылі Купалле ў Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы. Адразу пасля нас пазбавілі памяшкання. Але я змог атрымаць другое на вуліцы Адоеўскага, 18. Пасля таго, як рэзка павялічылі арэндную плату, мы мусілі ад яго адмовіцца. Памяшкання клуб не мае. Збіраемся, дзе давядзецца. Наш свет не без добрых людзей.
С.Б. Ці бываюць выбары старшыні клуба? Ці ў вас дзейнічае прынцып правадырства па-беларуску?
А.Б. Выбары старшыні бываюць. Але паколькі я стваральнік гэтага клуба і першы старшыня, мне замены няма. Ды каму хочацца браць на сябе лішнія клопаты!? Не такая ўжо ганаровая гэтая пасада. За яе грошы не плацяць, а клопатаў не дай Бог. Цягну, пакуль ёсць здароўе. Мой прынцып: рабіць для сваёй краіны Беларусь сёння тое, што можна зрабіць. Вось хоць бы адказы на Вашы пытанні.
С.Б. Анатоль Яўхімавіч, дзякую за шчырую гутарку. Віншую сяброў клуба “Спадчына” з 25-й гадавінай грамадскай дзейнасці! Зычу здароўя і плённай дзейнасці Вам і сябрам клуба.

 

Наш люстрадзён

<<  Красавіка 2024  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
  1  2  3  4  5  6  7
  8  91011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

 

 

 

 

Народны каляндар

<<  Красавіка 2024  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
  1  2  3  4  5  6  7
  8  91011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

Банеры