Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 99 госцяў анлайнКІПРЫЯН |
(каля 1330—1406)
Мітрапаліт Кіеўскі i ўсяе Русі. Па паходжанні серб або балгарын. Рэлігійнае служэнне пачаў на Афоне. Сваёй набожнасцю i адукаванасцю прыцягнуў увагу канстанцінопальскага патрыярха Філафея. У 1373 патрыярх накіраваў яго ў Вялікае княства Літоўскае як свайго ўпаўнаважанага прадстаўніка з надзеяй, што К. як славянін здолее прымірыць i аб'яднаць духавенства КіеваЛітоўскай мітраполіі i мітрапалітаў Масквы, якія прэтэндавалі на валоданне кіеўскай мітрапаліцкай кафедрай. Яшчэ раней, у 1364, каб прымірыць мітрапаліта мас коўскага Алексія i вялікага князя літоўскага Альгерда i зацвердзіць адзінства рускай мітраполіі, патрыярх адмовіў у назначэнні асобнага мітрапаліта для Вялікага княства Літоўскага, г. зн. фактычна скасаваў Літоўскую мітраполію. Прыбыўшы на месца i азнаёміўшыся з сітуацыяй, К. прыйшоў да высновы, што праваслаўныя Вялікага княства Літоўскага i Галіччыны не павінны залежаць ад маскоўскага рэлігійнага цэнтра. Свой пункт погляду ён выказаў Альгерду i паабяцаў давесці яго да ведама патрыярха канстанцінопальскага. Вялікі князь станоўча паставіўся да пазіцыі К. i прапанаваў яму заняць месца літоўскага мітрапаліта. У Канстанцінопаль было накіравана адпаведнае хадайніцтва, у якім мелася i пагроза, што калі i на гэты раз патрыярх адмовіць, то Альгерд будзе прасіць мітрапаліта ў рымскакаталіцкай царквы. Супраціўляючыся падзелу рускай мітраполіі, патрыярх у 1375 пасвяціў К. як «мітрапаліта Кіева i Літвы», а Канстанцінопальскі сабор пастанавіў «быць яму пасля смерці свяціцеля Алексія мітрапалітам усяе Русі». Асталяваўшыся ў Навагрудку, мітрапаліт К. разгарнуў дзейнасць па ўмацаванні ролі Літоўскай мітраполіі ў рэлігійным жыцці ўсходніх славян. Але маскоўскія іерархі i велікакняжацкі двор адмовіліся прызнаць яго мітрапалітам «усяе Русі». У выніку інтрыг i націску Масквы патрыяршы сінод надаў К. тытул «мітрапаліта Малой Русі i Літвы». Калі ў 1377 памёр Альгерд, яго пераемнік Ягайла, каб заняць польскі престол, заключыў з Польшчай у 1385 дынастычную унію, згодна з якой сам прыняў каталіцтва i абавязваўся схіліць да гэтай веры сваіх падданых. У выніку хрышчэння літоўцаўязычнікаў каталіцтва было абвешчана дзяржаўнай рэлігіяй. Праваслаўная царква, пазбаўленая апекі вялікага князя, пачала траціць сваё пануючае становішча ў дзяржаве. Мітрапаліт К. па меры сіл супраціўляўся такому павароту ў рэлігійным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Не маючы магчымасці процістаяць экспансіі заходняй царквы, ён выехаў у Канстанцінопаль. Пасля смерці ў 1389 маскоўскага мітрапаліта Пімена К. прыбыў у Маскву як першасвяшчэннік. У тым жа годзе ён зноў
Застаўка да рукапісу з творамі Кіпрыяна. 14 ст.
прыехаў у Літоўскую мітраполію. Аналіз палітычнай i рэлігійнай сітуацыі ў Вялікім княстве Літоўскім i перагаворы з Ягайлам пераканалі яго ў неабходнасці шукаць рэлігійнага кампрамісу. К. не адхіліў царкоўную унію, але вырашэнне гэтага пытання лічыў правам канстанцінопальскага патрыярха. У сваіх лістах патрыярху i Ягайлу К. ухваляў ідэю аб'яднання цэркваў. Шмат увагі аддаваў ён духоўнай асвеце насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Вядомы яго працы па перакладзе i распаўсюджванні тут богаслужэбных кніг. Да нашых дзён дайшлі аўтографы некаторых яго прамоў, якія сведчаць пра высокую філалагічную i багаслоўскую культуру аўтара. У сваіх пастырскіх пасланнях К. заклікаў народ да маральнага i рэлігійнага ўдасканалення, сцвярджаў веліч i выратавальную сілу хрысціянскай веры, абараняў спіртуалістычныя пачаткі хрысціянства. Літ.: Словарь книжников и книжности Древней Руси. Вып. 2 (вторая пол. XIV— XVI в.). Ч. 1. Л., 1988. В.П.Оргіш. |