БАРОЎСКІ Лявон

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 93 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.4%UNITED STATES UNITED STATES
26.7%CHINA CHINA
5.6%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
2.9%CANADA CANADA
2.8%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.7%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
БАРОЎСКІ Лявон

(27.6.1784—4.4.1846)

 

 

Літаратуразнавец, тэарэтык паэзіі i красамоўства, педагог, крытык i публіцыст. Нарадзіўся на Піншчыне. Скончыў Пастаўскую гімназію, потым вучыўся ў Віленскім універсітэце. У 1803 атрымаў вучоную ступень кандыдата філасофіі, працаваў сакратаром, бухгалтерам універсітэта (1801—07). У 1807—11 настаўнік рыторыкі i паэтыкі Свіслацкай, а пазней Віленскай гімна­зій. 3 1814 выкладаў літаратуразнаўства i красамоўства ў Віленскім універсітэце. Там атрымаў вучоную сту­пень магістра філасофіі (1816), званне экстраардынарнага (1821), ардынарнага (1823) прафесара. Доўгі час быў цэнзарам польскіх выданняў у Вільні. Пасля закрыцця універсітэта (1831) стаў прафесарам гісторыі літаратуры i гамілетыкі (навукі пра асновы прапаведніцкага мастацтва) Віленскай духоўнай акадэміі (1833—42). У маладыя гады быў членам таварыства шубраўцаў, а потым уступіў у масонскую ложу.

Сучаснікі характарызавалі Б. як паслядоўніка памяркоўнай асветніцкай ідэалогіі, праціўніка цемрашальства, фанатызму i забабонаў. Як i ўсе віленскія масоны, ён верыў у свабоду i роўнасць усіх людзей. Быў бліскучым лектарам, аўтарам шэрагу прац па педагогіцы. Пераклаў на польскую мову камедыі Мальера «Скупы» i «Жанчыныфілосафы», фрагменты з твораў У.Шэкспіра, Дж.Мільтана i Дж.Байрана; выдаў паэму І.Красіцкага «Манахамахія» са сваімі навуковымі каментарыямі. У 1815—26 супрацоўнічаў у час. «Dziennik Wileсski» («Віленскі веснік»), дзе ўпершыню друкавалася яго асноўнае даследаванне «Заўвагі аб паэзіі i рыторыцы ў сэнсе ix падобнасці i розніцы» (асобным выданнем выйшла ў 1820 у Вільні). Аўтар падручніка «Рыторыка ў пытаннях i адказах для павятовых школ» (Вільня, 1824), біяграфіі Э.Славацкага.

Выхоўваўся на літаратурных густах 18 ст. Быў знаёмы з нямецкай класічнай эстэтыкай А.Баўмгартэна, І.Канта, Ф.Шылера і, магчыма, I.Геге­ля, хоць у яго «Заўвагах аб паэзіі i ры­торыцы...» няма прамых спасылак на ix працы, але ў агульнай канцэпцыі адчуваецца ўплыў гістарызму, прыкметнага ў Шылера i І.Гердэра, а пазней распрацаванага Гегелем. Сваім гісторыкапараўнальным аналізам двух класічных відаў «мастацтва слова» Б. завяршыў традыцыйную для Беларусі i Літвы школьную рыторыку i паэтыку i амаль цалкам пераадолеў ix, наблізіўшы сваю працу да жанру праблемнага гісторыкатэарэтычнага даследавання. Развіццё навуковай i мастацкай творчасці, на думку Б., абумоўлена геаграфічным асяроддзем i сацыяльнапалітычнай структурай грамадства. Ка­лі не прама, то ўскосна ён прызнаваў важную ролю эканамічных фактараў у гэтым працэсе. Пра тое сведчыць яго інтэрпрэтацыя змешчанага ў дыялогу Платона «Пір» міфа пра нараджэнне мастацтва ад шлюбу Багацця i Патрэбы: менавіта чалавечыя патрэбы абумовілі назапашванне матэрыяльных багаццяў, выкарыстаных пазней для стварэння навук i мастацтваў. У эстэтыцы i літаратурнамастацкай крытыцы займаў пазіцыю паміж класіцызмам i рамантызмам. Ад класіцызму, відаць, застаўся ў яго толькі пэўны тып густаў, арыентаваных на ўзоры класічнага мастацтва. Рашучы адыход ад нарматыўнасхаластычных уяўленняў позняга класіцызму найперш адбіўся на даследчым метадзе Б.: мастацкую культуру ён разглядаў не ў статычнай форме раз i назаўсёды дадзенай сістэмы відаў i жанраў, а як гістарычны працэс, ступені якога абумоўлены сацыяльнымі i культурнымі дамінантамі пэўных гістарычных эпох.

У першабытным грамадстве, адзначаў Б., паэзія i красамоўства яшчэ знаходзіліся ў сінкрэтычным адзінстве. Так званы «натуральны» стан жыцця людзей быў, на яго думку, «уласна паэтычным» перыядам гісторыі, калі нічым не стрыманая фантазія стварала міфы i слоўныя вобразы. Чалавецтва ў сваім гістарычным развіцці ведала некалькі тыпаў мастацкай культуры, i кожнаму з ix адпавядала свая марфалогія, у залежнасці ад якой мяняліся суадносіны паміж паэзіяй i красамоўствам. Пад красамоўствам Б. разумеў не толькі вусную прамову, але i розныя жанры мастацкай прозы, публіцыстыкі, навуковай літаратуры. Ва ўсе перыяды гісторыі, на яго думку, вядучым відам ма­стацтва была паэзія, бо яе выяўленчыя сродкі практычна бязмежныя i заўсёды «пазычаліся» іншымі відамі мастацтва. Старажытнаўсходнія цывілізацыі стварылі яскравыя ўзоры паэзіі i нічога не далі для аратарскага мастацтва, бо пануючыя там дэспатьгчныя формы кіравання не дапускалі свабоднага абмеркавання дзяржаўных спраў. Гарманічных суадносін паміж паэзіяй i красамоўствам дасягнула антычнасць, калі чалавецтва, на думку Б., уступіла ў росквіт сваіх творчых сіл. Шматграннасць эстэтычных пачуццяў тады выявілася не толькі ў мастацтве слова

i скульптуры, але i ў іншых галінах творчасці, якая стала моцным падмуркам для духоўнага прагрэсу ўсіх наступных эпох. Старажытнагрэчаскі эстэтызм, адзначаў Б., быў запазычаны Рымам, але не стаў сутнасцю   яго   культуры,   бо   рымскаму генію было больш характэрна «памужчынску прысвойваць, чым ствараць». Дамінантай рымскай душы былі ваяўнічасць i дзяржаўная воля з тэндэнцыяй да утылітарызму i функцыянальнасці. Рымскія паэты па сваёй сутнаці хутчэй гісторыкі, a драматургі — аратары; рымскае красамоўства падпарадкавала паэзію. У імператарскую эпоху паэзія дасяг­нула найвышэйшай ступені чыста вонкавай вытанчанасці i паступова занепадала, ператвараючыся ў сродак для школьных практыкаванняў i падхалімства перад уладай, у забаўку пустой публікі. Дэспатычныя імператары лічылі сябе вялікімі паэтамі, аратарамі i артыстамі, акружалі сябе бяздарнымі алілуйшчыкамі, якія дыскрэдытавалі мастацтва, асуджалі сапраўдныя таленты на пагібель. Састарэлы рымскі свет маглі пераўтварыць толькі новыя, незаняволеныя народы, якіх фанабэрысты рымскі натоўп называў «варварамі».

Насуперак тэарэтыкам класіцызму, якія бачылі ў сярэднявеччы толькі заняпад культуры, Б. ўслед за рамантыкамі здолеў разгледзець у ім прагрэс у паступальным развіцці грамадства. У сярэдневяковай паэзіі, адзначаў ён, узніклі новыя, не характэрныя антычнасці рысы — дух рыцарст­ва, псіхалагізм, высакароднае схіленне перад жаночай прыгажосцю. Пад уплывам хрысціянства ўзмацніўся маральны змест мастацтва. Але ўсё ж сапраўдны густ i прыгажосць адрадзіліся толькі ў эпоху Рэнесанса: яе мастацкая культура разглядалася Б. як сінтэз антычнага эстэтызму i хрысціянскай маральнай узнёсласці, духоўнай напружанасці.

Да тагачаснай мастацкай культуры, у якой пануючым кірункам быў класіцызм, Б. ставіўся вельмі крытычна. Адзначаў, што яна сфарміравалася на аснове наследавання i кіравалася нарматыўнадагматычнай эстэтыкай. Гэтай штучнасцю i неарыгінальнасцю яна істотна адрознівалася ад антычна­га мастацтва, якое арганічна вырасла з міфалогіі, народней творчасці i мастацкавобразнай язычніцкай рэлігіі. Творы сістэматызатара старажытнагрэчаскай літаратурнамастацкай думкі Арыстоцеля, адзначаў ён, садзейнічалі развіццю густаў новага часу, але нарматыўная эстэтыка Буало i іншых тэарэтьгкаў класіцызму, якая ўзнікла на ix аснове, «стрымлівала свабоду творчага таленту». Эстэтыка, або навука пра добры густ, пісаў Б., павінна пазбягаць павярхоўных вызначэнняў творчага таленту, арыентавацца на розум i прыроду, «таму што творчая фантазія, калі яна верыць найвышэйшаму закону красы, можа далека выйсці за межы мастацкіх форм не толькі італьянскіх i французскіх, але i грэчаскіх» («Заўвагі аб паэзіі...» С. 69—70). Асветніцкі светапогляд Б. выявіўся ў прызнанні неабмежаваных правоў розуму i «нату­ральных законаў», да якіх прыраўнаваны законы мастацтва. Акцэнт жа на творчую фантазію i безумоўную арыгінальнасць мастацкага таленту збліжае яго з рамантызмам. Таму зусім не выпадкова два таленавітыя яго вучні Ю.Славацкі i А.Міцкввіч сталі пазней заснавальнікамі подьскага рамантызму. Прадстаўнікі ранняга беларускага рамантызму — Ян Чачот, Ян Баршчэўскі i іншыя таксама многаму навучыліся ў Б. Магчыма, В.Каратынскі, В.ДунінМарцінкевіч, А.ВярыгаДарэўскі i іншыя пачынальнікі бе­ларускай літаратуры вывучалі эстэтыку i літаратуразнаўства па кнігах.

 

Літ.: К о н о н В.М. Просветительская эстетика в Белоруссии в XVIII — первой половине XIX в. // Историкофилософские исследования: Ежегод. Мн., 1991. Вып. 1.

У.М.Конан.