Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 458 госцяў анлайнМЯРЖЫНСКІ Сяргей |
Канстанцінавіч (1870 — 29.3.1901)
Дзеяч рэвалюцыйнага руху, адзін з першых марксістаў на Беларусь Нарадзіўся ў Мінску ў сям'і чыгуначнага служачага, двараніна з Ігуменскага павета. Скончыўшы рэальнае вучылішча ў Мінску, у 1891—95 вучыўся ў Кіеўскім універсітэце. Тут ён вёў рэвалюцыйную прапаганду сярод студэнтаў, быў у ліку заснавальнікаў марксісцкай студэнцкай арганізацыі (1891—92), уступіў у Кіеўскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа», выступаў супраць народніцтва, змагаўся з «эканамістамі». Адным з пашыраных відаў дыскусіі з народнікамі было абмеркаванне рэфератаў, з якімі найбольш часта выступаў М. як прызнаны тэарэтык. Ён актыўна прапагандаваў навінкі марксісцкай літаратуры i матэрыялы практычнай дзейнасці падпольных арганізацый. Паводле сведчання ўкраінскага рэвалюцыянера І.Н.Машынскага, у Кіеў М. прывёз «гэта апошняе слова грамадскай думкі з паўночнага захаду, з Мінска». Не скончыўшы зза хваробы (туберкулёз) універсітэт, у 1895 вярнуўся у Мінск. Працаваў у Мінскай кантрольнай палаце, потым памочнікам кантралёра ў аддзеле кантролю ЛібаваРоменскай чыгункі. Дарэчы, там жа працаваў i П.В.Румянцаў — гаспадар кватэры, на якой у 1897 адбыўся I з'езд РСДРП. У 1895 ён узначаліў адзін з гурткоў чыгуначных рабочих, заснаваны С.Грусевічам у 1894. Пазней увайшоў у кіруючае ядро Мінскай сацыялдэмакратычнай арганізацыі. У перыяд станаўлення рабочага руху М. быў актыўным прапагандыстам твораў К.Маркса i Ф.Энгельса. Выкарыстоўваючы службовае становішча чыгуначнага служачага, ён наладзіў практычную работу па сувязі Мінскага i Кіеўскага падполляў, шырокія сувязі i дружалюбныя адносіны з кіеўскімі сацыялдэмакратамі, што было дзейсным фактарам супрацоўніцтва беларускіх i ўкраінскіх рэвалюцыянераў. Асобнай старонкай яго біяграфіі з'яўляецца знаёмства (ліп. 1897) з украінскай паэтэсай Лесяй Украінкай, з якой ён падтрымліваў дружалюбныя адносіны да канца жыцця i на творчасць i ідэйную эвалюцыю якой аказаў вялікі ўплыў. Яна неаднойчы прыязджала да М. ў Мінск. Два апошнія месяцы яна правяла ля ложка паміраючага сябра i ў дзень яго смерці напісала сваю паэму «Апантаная». Імем М. ў Мінску названы вуліца i завулак.
Літ.: И о с ь к о М.И. К.Маркс, Ф.Энгельс и революционная Белоруссия. 2 изд. Мн., 1985. С. 243—265.
|