Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 469 госцяў анлайнРАМАНАЎ Еўдакім |
Раманавіч (11.9.1855— 20.1.1922)
Этнограф, фалькларыст i археолаг. Нарадзіўся ў мяст. НоваБеліца (цяпер у межах Гомеля) у сям'і мяшчан. Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рускай мовы i гісторыі (1872). Працаваў настаўнікам (з 1872), інспектарам народных вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай i Магілёўскай губ. (1886—1906), членам Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай бібліятэкі i музея (1906—16). На працягу 1897—1903 працаваў рэдактарам у газеце «Могилевские губернские ведомости», з 1910 — загадчыкам секцыі этнаграфіі i археалогіі ПаўночнаЗаходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства. 3 1917 жыў у Стаўрапалі. Р. вывучаў матэрыяльную i духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, сямейны побыт, народныя абрады, вераванні, дзіцячыя гульні, нар. каляндар i медыцыну. Аўтар больш як 200 прац па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі, археалогіі i мове беларусаў, сабраў i надрукаваў больш як 10 тыс. фальклорных твораў. Галоўная фальклорнаэтнаграфічная праца Р. «Беларускі зборнік» (вып. 1—9, 1886—1912) з'яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй побыту i культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу. У 1886—94 вёў археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Магілёўскай i Віцебскай губ. Ён склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай i Гродзенскай губ., сабраў звесткі пра больш за 1000 гарадзішчаў на Беларусь выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага рна Р. адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень. У 1900 Р. выдаў зборнік «Тарас на Парнасе i іншыя беларускія вершы» (дапоўненае выданне выйшла ў 1902), у 1901 апублікаваў (ca скарачэннямі) працу A.Afeepa «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». Папулярызаваў творы В.ДунінаМарцінкевіча, Ф.Багушэвіча. За вялікі уклад у развіццё навукі Р. быў выбраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства (1886), таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі i этнаграфіі (1888), Маскоўскага археалагічнага таварыства (1890), Віцебскага статыстычнага камітэта (1891) i інш.
Тв.: Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898; Могилевская старина. Вып. 1—3. Могилев, 1900—03; Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904; Материалы по этнографии Гродненской губернии. Вып. 1—2. Вильна, 1911—12; Первоисточники для истории Могилевского края. Вып. 1. Одесса, 1916; Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.Р.Раманава). Мн., 1962. Літ.: Бандарчык В.К. Е.Р.Раманаў. Мн., 1961. В.К.Бандарчык. |