Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 447 госцяў анлайнСЯМАШКА Іосіф |
(25.12.1798—1868)
Царкоўны дзеяч, мітрапаліт літоўскі. Нарадзіўся ў в. Паўлаўка Ліпавецкага павета (Украіна) у сям'i небагатага двараніна, які потым стаў уніяцкім святаром. Атрымаўшы хатнюю адукацыю, вучыўся ў Няміраўскай гімназіі. У 1816 ад Луцкай уніяцкай епархіі накіраваны ў Галоўную семінарыю Віленскага універсітэта. Вярнуўшыся ў Луцк (1821), пасвячоны ў святары i стаў членам духоўнай кансісторыі. У 1822 С, які добра ведаў рускую мову i заканадаўства, накіраваны ад епархіі ў Пецярбург прысутнічаць ва уніяцкім дэпартаменце рымскакаталіцкай духоўнай акадэміі. Там ён хутка стаў адыгрываць кіруючую ролю, падтрымліваў меры па заснаванні духоўных семінарый для адукацыі уніяцкага духавенства i па скасаванні базыльянскіх кляштараў. Дакументальна вывучыўшы гісторыю уніяцтва былой Рэчы Паспалітай, С. склаў запіску пра свой намер аб'яднаць уніятаў. Гэта запіска i пратакол аб патрэбах уніяцкай царквы ў Расіі былі ўхілены. Паводле царскага загаду ад 22.4.1828 пры ўдзеле С. былі заснаваны самастойныя грэкауніяцкая калегія, некалькі духоўных семінарый для уніяцкага духавенства, паменшана колькасць уніяцкіх епархій, перафарміраваны склад уніяцкіх кансісторый, базыльяне пастаўлены пад кантроль епархіяльнай улады, католікам прапанавана пакінуць базыльянскі ордэн. У 1829 С. пасвячоны ў сан епіскапа Мсціслаўскага i вікарыя Беларускай епархіі, прызначаны старшынёй Беларускай кансісторыі. У 1832 С. стаў архіепіскапам літоўскім i разгарнуў актыўную дзейнасць па падрыхтоўцы да аб'яднання уніяцкай царквы з праваслаўнай. У 1835 С. прызначаны членам асобага сакрэтнага камітэта, створанага для кіравання уніяцкімі справамі, i членам камісіі духоўных вучылішчаў, якой падпарадкоўваліся ўсе уніяцкія духоўнаадукацыйныя ўстановы. Сваімі дзеяннямі С. дасягнуў таго, што ў 1837 уніяцкая царква была падпарадкавана оберпракурору Сінода, a ў сак. 1839 на Полацкім саборы далучана да праваслаўнай царквы. У 1840 С. нададзены сан архіепіскапа Літоўскага i Віленскага. Перасяліўшыся ў 1844 з Пецярбурга ў Жыровіцы, ён выклапатаў устанаўленне другога вікарыяцтва Літоўскай епархіі i перавёў у Вільню літоўскае праваслаўнае епархіяльнае ўпраўленне разам з семінарыяй. Каб умацаваць пазіцыі на землях былога Вялікага княства Літоўскага, ён насаджаў тут «праваслаўнауніяцкі элемент», апраўдваючы тэта намерам пазбегнуць магчымасці новага польскага паўстання, процідзейнічаў увядзенню ў прыходскіх школах (тут існавала больш за 200 царкоўнапрыходскіх школ i вучылішчаў) польскай, беларускай i літоўскай моў. Ён аказваў матэрыяльную падтрымку праваслаўнаму духавенству, якое пацярпела ў час паўстання 1830—31, аднавіў i пабудаваў некалькі цэркваў. За шчырую антыуніяцкую дзейнасць узнагароджаны ордэнам св. Уладзіміра II ступені. Памёр i пахаваны ў Вільні. У сваіх «Запісках» (т. 1—3, 1883) акрамя ўласнага жыццеапісання даў ацэнку пераломнаму моманту ў адносінах паміж уніяцкай, праваслаўнай i каталіцкай канфесіямі, апісаў свой удзел у падзеях 1839, даў характеристику многім тагачасным дзеячам, з якімі яго зводзіў лес. Да «Запісак» прыкладзены i дакументы, што тычацца гісторыі праваслаўнай i уніяцкай цэркваў.
Літ.: Православная богословская энциклопедия. Спб., 1906. Т. 7. Киприанов и ч Г.Я. Жизнь Иосифа Семашко, митрополита литовского... Спб., 1893; К о я л о вич М. О почившем митрополите литовском Иосифе. Спб., 1869. |