КАРАГОДНЫЯ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 556 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.8%UNITED STATES UNITED STATES
25.7%CHINA CHINA
5.4%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
КАРАГОДНЫЯ

 

236. Гілевіч, 1974, с. 128—129. Зап. Р. Куслевіч у в. Вялікі Бор Чэрвеньскага р. ад В. Калека, 67 г.

 

Ды хадзіў карагод

Каля нашых варот.

Ой, люлі, ой, люлі,

Каля нашых варот. [Прыпеў “Ой, люлі, ой, люлі” паўтараецца з другім радком кожнай страфы.]

 

Я чула, бачыла,

Не паспела сказаць,

 

Карагодам назваць

Ды у хату пазваць,

 

Ды у хату пазваць

I віном частаваць.

 

237. АІМЭФ, ф. 8, воп. 77, спр. 142, сш. 1, л. 3, № 1. Зап. Л. М. Салавей у 1977 г. у в. Азяраны Рагачоўскага р. ад С. У. Бондаравай, 1910 г. н. “Ранняй вясной, як толькі згоніць снег, яшчэ да Вялікадня, выходзяць дзеўкі на вуліцу, бяруцца за рукі і, ходзячы ў карагодзе, пяюць песню «Лука”. Яна першая, а потым ідуць розныя, якія прыдумаюць».

 

Лука мая,

Лука мая зялёная,

Эй, трава мая шаўковая!

 

Трава мая,

Трава мая шаўковая,

А хто ж цябе таптаць будзе?

 

А хто ж цябе,

А хто ж цябе таптаць будзе?

Эй, дзевачкі цябе топчуць.

 

Топчуць,

Дзевачкі цябе топчуць,

Эй, казловымі чаравічкамі.

 

Чаравічкамі,

Казловымі чаравічкамі,

Эй, хлопчыкі цябе стопчуць.

 

Стопчуць,

Хлопчыкі цябе стопчуць

Лутовымі лапцішчамі.

 

238. Тэраўскі У. Беларускі лірнік, с. 76.

 

Завілася пчолка над варатамі.

Гэй, люлі, гэй, люлі. [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Красна сонца заіграла над людзьмі.

— Што ж ты, вясна наша красна, прынясла?

— Прынясла цёпла летца дзеля вас,

Малым дзеткам па яечку,

Старым бабкам па кіёчку,

Красным дзеўкам па вяночку,

Маладушкам па сярпочку.

Стары бабкі чапцы шыці,

Красны дзеўкі вянкі віці,

Маладушкі жыта жаці.

Красны дзеўкі на вулачку,

Маладушкі за люлечку,

Красны дзеўкі гулі ды гулі,

Маладушкі люлі ды люлі.

 

239. Радченко, 1888, с. 39. Зап. у Гомельскім п.

 

Васіль, васіль, васіль, васіль-васілёчак,

Ты, мой баравы цвяточак,

Калі ты рос, калі вырас?

Первым часам, первым часам я цябе садзіла,

Другім часам палівала,

Трэцім часам сарывала.

Сарву цвяток, саўю вянок да й пайду ў танок,

А ў тым танку мой нялюбы, мой нялюбы ў кобзу грае.

Яго кобза лубяная, яго струны мачоныя,

Яго смычок — свінны лычок.

Ён на мяне мой нялюбы паглядае —

На мне вянок павядае.

Сарву цвяток, саўю вянок да й пайду ў танок,

А ў тым танку да мой мілы, мой мілы ў кобзу грае.

Яго кобза залатая, яго струны сярэбраны,

Яго смычок — шоўкаў лычок.

Ён на мяне паглядае —

Ва мне сэрца заіграе.

 

240. Радченко, 1888, с. 41 — 42. Зап. у Гомельскім п.

 

Пажары гараць, журавы крычаць,

Ох і я леле, журавы крычаць.

Канюхі свішчуць, трох каней ішчуць,

Ох і я леле, каней ішчуць.

— Ох вы, дзевачкі-сястрычкі, ці не бачылі конікаў?

Ох і я леле, конікаў.

Нашы конікі вараністыя, знакамістыя,

Ох і я леле, знакамістыя.

У Васількова коніка калясом грыва,

Ох і я леле, калясом грыва.

У Іванькава коніка і ва лбе звязда,

Ох і я леле, і ва лбе звязда.

У Міхалкова коніка залаты капыт,

Ох і я леле, залаты капыт.

Іванька едзе — царэўну вязе,

Васілька едзе — папоўну вязе,

Міхалка едзе — старчыху вязе.

Царэўна плача — жупаноў хоча,

Папоўна плача — праскуркі хоча,

Старчыха плача — сухароў хоча.

Іванька кажа: «Каня прадам, жупаноў куплю».

Васілька кажа: «Каня прадам, праскурку куплю».

Міхалка кажа: «Сто рублёў за каня вазьму — сухароў куплю».

 

241. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 70, сш. 1, л. 17, № 8. Зап. А. С. Фядосік у 1973 г. у в. Коўрын Бабруйскага р. ад С. Е. Хараневіч, 1904 г. н., С. С. Сямёнавай, 1913 г. н., У. М. Парахневіч, 1904 г. н., А. I. Архіпенка, 1900 г. н., Т. П. Пракопчык, 1909 г. н., Г. А. Зарубы, 1911 г. н., Р. П. Дашкоўскай, 1903 г. н.

 

Як пушчу стралу

Па ўсяму сялу, [Кожная страфа паўтараецца.]

 

Ды ідзі, страла,

Да уздоўж сяла,

 

Да зайдзі, страла,

К добру молайцу,

 

Да убі, страла,

Добра молайца.

 

Да й што па молайцу

Некаму плакаці:

 

Матка старая,

Сястра малая,

 

А жана молада

Жыве каля горада.

 

Ой, дзе конік бяжыць,

Там зямля дрыжыць,

 

Дзе сястра жыве,

Ручаі плывуць,

 

А дзе жонка жыве,

Пажары гараць.

 

242. АІМЭФ, ф. 20, воп. 78, ст. 18, № 4. Зап. Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў і I. I. Крук у 1978 г. у вв. Калюды і Фошнае Краснагорскага р. Бранскай вобл. ад М. Я. Казловай, Я. I. Хандошкінай, Т. В. Палянок, Г. С. Чулковай, Д. П. Церашковай, М. Ц. Каралёвай.

 

Ой,.ляці, страла,

Пасярод сяла,

 

Ой лі, ой, люлі,

Пасярод сяла. [Прыпеў “Ой лі, ой, люлі” паўтараецца з другім радком кожнай страфы.]

 

Ой, убі жа, страла,

Вутку селязня,

 

Вутку селязня,

Чорнага ворана,

 

Чорнага ворана

Да добрага молайца.

 

Што й па том па ворану

Да некаму кракаці,

 

Да па добру молайцу

Да некаму плакаці.

 

243. Kuba, с. 233, № 104. Зап. у в. Данькава Смаленскага п. і губ. «Духаўская».

 

А ў бару сасна калыхалася,

Ай, люлі-лялё, калыхалася. [Прыпеў “Ай, люлі-лялё” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Дачка к мамушцы сабіралася

Тромі мыламі умывалася.

Каторая мамушка лепей жалеець:

Ой, ці родная да ці хросная,

Ой, ці тая ж то да й багданая?

Родная паб'ець да й пажалеець,

Свякрова паб'ець да й з двара сашлець:

— Ты ідзі, шэльма, са майго двара!

Ты майму двару не работніца

Да й дзіцям маім не прыгледчыца,

Ты й гасцям маім не прыветчыца.

 

244. АІМЭФ, ф. 8, воп. 77, спр. 128, сш. 5, л. 42, № 45. Зап. Л. П. Барабанава ў 1977 г. у в. Новы Крыўск Рагачоўскага р. ад П. Е. Вусавай, 1915 г. н.

 

Як на першы дзень, на Вялікадня,

Вой лі, вой, люлі, на Вялікадня. [Прыпеў “Вой лі, вой, люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Як прыйшоў ка мне да мой міленькі,

А мой міленькі, чарнабрывенькі.

Як прынёс ён мне а тры радасці ж:

Первая радасць — ліцо белае ж,

Другая радасць — бровы чорныя ж,

Трэцяя радасць — слёзы горкія ж.

Слёзы горкія з вачэй коцяцца ж,

А мне, моладзе, гуляць хочацца ж.

А я ‘дпрадуся,нагуляюся ж:

Цераз вулачку серай вутачкай,

Цераз праселца перапёлачкай,

К свайму міламу краснай дзевачкай.

 

245. АІМЭФ, ф. 8, воп. 75, спр. 95, сш. 2, л. 11, № 7. Зап. Г. А. Барташэвіч і Л. П. Барабанава ў 1975 г. у в. Языль Старадарожскага р. ад сясцёр А. Г. Касцель, 1902 г. н., і В. Г. Шпілені, 1905 г. н.

 

Каля майго двара, каля шырокага,

Ой, сіняе ж возера разліваецца. [Другі радок кожнай страфы паўтараецца.]

 

Шчука з карасём трапяталіся,

Госці баяр'я паз'язджаліся,

 

Госці баяр'я паз'язджаліся,

Нашаму дзівачку дзіваваліся.

 

Нашаму дзіву да й дзіўненькаму,

Нашаму Іванку маладзенькаму.

 

Да й у садзе вішанья, чорнае насенне,

Гэта табе, Ганначка, на русую косачку.

 

Ціха было хадзіці, а не горда расці,

Ждаць было Іванка із чужое воласці.

 

246. Радченко, 1911, с. 26, № 57. Зап. З. Радчанка ў в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага п. «Карагодная”.

 

— А мы ляда капалі, капалі,

Зеляна наша дуброва, дуброва!

 

— А мы проса сеялі, сеялі,

Зеляна наша рутачка, жоўты цвет!

 

— А мы коней іспусцім, іспусцім,

Зеляна наша дуброва, дуброва!

 

— А мы коней пабярэм, пабярэм,

Зеляна наша рутачка, жоўты цвет!

 

— А за коней сто рублей, сто рублей,

Зеляна наша дуброва, дуброва!

 

— Мы не хочам сто рублей, сто рублей,

Зеляна наша рутачка, жоўты цвет!

 

— Ой, дайце нам дзеўчыну-паненку,

Зеляна наша дуброва, дуброва!

 

— За паненку слова нет, слова нет!

Зеляна наша рутачка, жоўты цвет!

247. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 10, л. 10—11. Зап. Г. I. Цітовіч у 1946 г. у в. Казловічы Слуцкага р. ад В. I. Якімовіч, 1896 г. н. «Веснавая благавесная. Ею вясну завём”. Да песні даецца наступнае апісанне: «Пяючы, вадзілі кружок вакол трох дзяўчынак, а на хутарах, дзе малых дзяўчат не было, калкі ўбівалі і каля іх хадзілі».

 

Да на высокай сосанцэ,

Сосанцэ, сосанцэ,

 

Там пчолачка роіцца,

Роіцца, роіцца,

 

Там дзевачка строіцца,

Строіцца, строіцца.

 

Да ўзышоў месяц над варата,

Варата, варата,

 

Да прыехаў бацька з Ноўгарада,

Ноўгарада, Ноўгарада.

 

Я ж, малада, не чула,

Не чула, не чула

 

I да ў святліцы заснула,

Заснула, заснула.

 

Каб я, малада, учула,

Учула, учула,

 

Я бы коніка выпрагла,

Выпрагла, выпрагла.

 

Да завяла б каня ў стайніцу,

Стайніцу, стайніцу,

 

Свайго бацюхну ў святліцу,

Святліцу, святліцу.

 

Да дала б каню аброку,

Аброку, аброку,

 

Свайму бацюхну збан мёду,

Збан мёду, збан мёду.

 

248. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 99а, сш. 4, л. 15 – 17. Зап. Г.А.Барташэвіч у 1973 г. у в. Бокшыцы Слуцкага р. ад М.Н. Шэлег, 1910 г.н. “На Благавешчанне”.

 

I да раілася пчолачка,

Пчолачка, пчолачка

 

Да у вяршэчку сосанкі,

Сосанкі, сосанкі.

 

Да вылятала ластаўка,

Ластаўка, ластаўка

 

Сы-пад сіняга возера,

Возера, возера.

 

Сы-пад белага каменя,

Каменя, каменя.

 

— Пытайцеся, дзеўкі, ў ластаўкі,

Ў ластаўкі, ў ластаўкі,

 

Што ў Заполлі дзеецца,

Дзеецца, дзеецца.

 

— Семсот гарадоў селіцца,

Селіцца, селіцца,

 

Семсот малайцоў жэняцца,

Жэняцца, жэняцца.

 

— I пытайцеся, дзеўкі, ў ластаўкі,

Ў ластаўкі, ў ластаўкі,

 

Што у Васілінках дзеецца,

Дзеецца, дзеецца.

 

— Семсот гарадоў згарэла,

Згарэла, згарэла.

 

Семсот малайцоў заўдавела,

Заўдавела, заўдавела.

 

249. Гарэцкі, Ягораў, с. 71—72, № 162. Зап. М. Гарэцкі ў 1926 г. у в. Багацькаўка Мсціслаўскага р. Аршанскай акр. ад сваёй маці Просі Гарэцкай.

 

Каб і ў вуліцы, а ў ваколіцы,

Ай, лёлі-лёлі, а ў ваколіцы [Прыпеў “Ай, лёлі-лёлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Б'юцца, дзяруцца ды два голубы

За галубачку ды й за сізую.

— Вы й не біцеся, разляціцеся,

Аднаму каму я й застануся:

Калі голубу — дык галубачка,

Калі сокалу — дык саколачка.

Каб у Шымані ды й на рыначку

Б'юцца, дзяруцца ды й два малойцы

За дзевачку, за красную.

— Вы й не біцеся, разыйдзіцеся,

Аднаму каму я й застануся:

Калі мескаму — дык мяшчаначка,

Калі сельскаму — дык сяляначка.

 

250. Радченко, 1888, с. 42, № 12. Зап. З. Радчанка ў в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага п. «Карагодная».

 

Ох вы, купчыкі, пераедзьце к нам,

Ох і я, ляле, пераедзьце к нам. [Прыпеў “Ох і я ляле” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

У нас хлопчыкі дзяшовы тавар:

Што за Сямёнку — да мех паловы,

А за Якаўку — да куль саломы,

А за Паўлічка — чарапок дзёгцю.

Ох вы, купчыкі, пераедзьце к нам,

У нас дзевачкі дарагі тавар:

Што за Мар'ечку — да тры тысячы,

А за Ганначку ,- да й таго болей,

А за Парасачку — да й таго няма.

 

251. Чуркін, 1949, с. 170, № 156, ноты, с. 79. Тэкст зап. М. Я. Грынблат, мелодыю — М. М. Чуркін у 1947 г. у в. Рудня Сталбуноўская Свяцілавіцкага р. ад А. Гулевіч, 42 г. Да песні даецца тлумачэнне: «Другі ўзор карагоднай песні, якая раней выконвалася пры абрадзе «пахавання стралы”.

 

Ў майго татачкі

Двор над гарою,

Вох і, вой і, ой і да люлі,

Двор над гарою. [Прыпеў “Вох і, вой і, ой і да люлі” паўтараецца з другім радком кожнай страфы.]

 

Двор над гарою,

Сад над вадою.

 

— Пусці, татачка,

Ў сад пагуляці,

 

Я й не буду тваіх

Вішанек ламаць.

 

Хоць і выламлю

Вінаградачку,

 

Свайму татачку

На парадачку.

252. Радченко, 1888, с. 48—49.

 

Ды рынула вада з Дуная,

З Дуная ціхага, з беражка крутога.

Там тры конюхі да коней паілі.

Ды рынула вада з Дуная,

З Дуная ціхага, з беражка крутога.

Там тры дзевачкі да ваду бралі.

Да рынула вада з Дуная,

З Дуная ціхага, з беражка крутога.

Іваначка кажа: «Я Ганначку люблю,

Я Ганначку люблю і за сябе вазьму».

Да рынула вада з Дуная,

З Дуная ціхага, з беражка крутога.

Васілька кажа: «Я Кулінку люблю,

Я Кулінку люблю і за сябе вазьму».

Да рынула вада з Дуная,

З Дуная ціхага, з беражка крутога.

Міхалачка кажа: «Я Алёну люблю,

Я Алёну люблю і за сябе вазьму».

Да рынула вада з Дуная,

З Дуная ціхага, з беражка крутога.

 

253. Гілевіч, 1973, с. 42. Зап. А. Лашук у в. Альсевічы Мядзельскага р. ад Ганны Хілы і Тэклі Хілы.

 

— Устань рана, перапёлачка,

Устань рана, маладзенькая.

— Я ж устала, мае дзевачкі,

Я ж устала, мае сястрыцы.

— Умыйся бела, перапёлачка,

Умыйся бела, маладзенькая.

— Я ўмылася, мае дзевачкі,

Я ўмылася, мае сястрыцы.

— Учашыся слізка, перапёлачка,

Учашыся слізка, маладзенькая.

— Я ўчасалася, мае дзевачкі,

Я ўчасалася, мае сястрыцы.

— Надзень сукенку, перапёлачка,

Надзень сукенку, маладзенькая.

— Я ж надзела, мае дзевачкі,

Я ж надзела, мае сястрыцы.

— Прывяжы каралькі, перапёлачка,

Прывяжы каралькі, маладзенькая.

— Я ж прывязала, мае дзевачкі,

Я ж прывязала, мае сястрыцы.

— Надзень панчошкі, перапёлачка,

Надзень панчоііікі, маладзенькая.

— Я ж надзела, мае дзевачкі,

Я ж надзела, мае сястрыцы.

— Абуй чаравічкі, перапёлачка,

Абуй чаравічкі, маладзенькая.

— Я ж абула, мае дзевачкі,

Я ж абула, мае сястрыцы.

— Прытанцуй нам, перапёлачка,

Прытанцуй нам, маладзенькая.

 

254. ІРЛІ, ф. 40, спр. 2, л. 63, № 55. Зап. М. Ю. Зубаў у 1906 г. у в. Мікулічы Клімавіцкага п. ад Акуліны. «Вясну гукаюць”.

 

Што ж ты, канапелька, ў полі зеляненька,

Ай, люлі-люлі, у полі зеляненька. [Прыпеў “Ай, люлі-люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Не даў ёй вецер болей пастаяць,

Зялёным веццікам памахаць,

Рассыпаў канапельку па сырой зямлі,

Раздуў перыйка па чыстым полі.

Што ж ты, Рыпінка, да ты, маладзенька,

Не даў ёй Архіп болей пагуляць,

Русыя косы з дзеўкамі паплятаць,

Расплёў косачку да па белых плячах,

Разліў слёзачкі па румянаму ліцу.

 

255. Радченко, 1888, с. 37 — 38, № 6. Зап. З. Радчанка ў в. Новыя Дзятлавічы: Гомельскага п.

 

— Чом вы, канапелькі, не зелены стаіце?

Ой, люлі-люлі, не зелены стаіце. [Прыпеў “Ой, люлі-люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка”.]

— Як жа нам, канапелькам, зялёным стаяці:

Зверху канапелькі клююць вераб’і,

З ісподу канапелькі вада падмыла,

А ўсярэдзіне канапелькі хваля зламіла.

— Чом ты, дзевачка, не вясёлая ў танку?

— Як жа мне вясёлаю ў танку стаяці:

Бацюшка кажа — за князя аддаць,

Мамачка кажа — ў чорныя чарнушкі.

Ой, стукаў, пагрукаў ва цясовыя варота.

Мне бачыцца, мой бацька з князьмі, з баярамі,

Аж то мая мамка з чорнымі чарнушкамі:

«Скідай, мая дзетка, цвятное плацце,

Надзявай, дзіця маё, чорную расу,

Пакідай, дзіця маё, дзявоцкую красу».

256. Гарэцкі, Ягораў, с. 72 — 73, № 163. Тэкст зап. М. Гарэцкі, мелодыю — А. Ягораў у 1926 г. у в. Багацькаўка Мсціслаўскага р. Аршанскай акр. ад Просі Гарэцкай, 66 г. «Вясну гукаюць”.

 

Вір, вір, калодзеж,

Ды вады нетуці,

Ай, лёлі-лёлі,

Ды вады нетуці. [Прыпеў “Ай, лёлі-лёлі” паўтараецца з другім радком кожнай страфы”.]

 

Пан, пан Іванька,

Ды жаны нетуці.

 

Я паеду ў Маскву

Ды маскоўку вазьму;

 

Я паеду ў Вільню

Ды вілянку вазьму;

 

Я паеду на места

Ды мяшчанку вазьму;

 

Я паеду ў сяло

Ды сялянку вазьму.

 

Ды маскоўка-шэльма,

Ды гатуй вячэру;

 

Ды вілянка-шэльма,

Ды вячэру паднасі;

 

Ды мяшчанка-шэльма,

Ды сцялі пасцелю;

 

Ды сялянка-душка,

Ды кладзісь са мною.

 

257. Гілевіч, 1974, с. 130. Зап. Е. Нямыцька ў Бялыніцкім р. ад Н. Бурносавай, 45 г.

 

Пойдзем мы, пойдзем мы, дзевачкі,

А за мора ў красачкі,

А за мора, а за мора ў красачкі,

У сінія васілёчкі,

У сінія, у сінія васілёчкі,

Баравыя цвяточкі.

Аглянемся, аглянемся, дзевачкі,

Хто за намі гоніцца.

Гоніцца, гоніцца за намі

А стары да нядужы.

Возьмем мы, возьмем мы, дзевачкі,

Старога за рэбры,

Кінем мы, кінем мы, дзевачкі,

Старога ў крапіўку.

Калодаю, калодаю закоцім,

Мятлою замяцем.

Мятлою, мятлою замяцем,

Самі ў красачкі пойдзем.

Пойдзем мы, пойдзем мы, дзевачкі,

А за мора ў красачкі,

А за мора, за мора ў красачкі,

У сінія васілёчкі,

У сінія, сінія васілёчкі,

Баравыя цвяточкі.

Аглянемся, аглянемся, дзевачкі,

Хто за намі гоніцца.

Гоніцца, гоніцца за намі

Малады ды прыгожы.

Возьмем мы, возьмем мы, дзевачкі,

Маладога пад ручкі,

Маладога, маладога пад ручкі,

Кінем яго ў падушкі.

Пярсцёнкам, пярсцёнкам закоцім,

Хусцінкай замяцем,

Хусцінкай, хусцінкай замяцем,

Самі ў красачкі пойдзем.

 

258. Гарэцкі, Ягораў, с. 71, № 161. Тэкст зап. М. Гарэцкі, мелодыю — А. Ягораў у 1926 г. у в. Багацькаўка Мсціслаўскага р. Аршанскай акр. ад Просі Гарэцкай, 66 г. “Вясну гукаюць”.

 

Стаялі, свяцілі месячкі чатыры,

Ай, лёлі-лёлі, месячкі чатыры, [Прыпеў “Ай, лёлі-лёлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка”.]

Над нашым сялцом, ўсё над Слаўнавым:

Первы месячык — малады Іванька,

Другі месячык — малады Стахванька,

Трэці месячык — малады Максімка,

Чацвёрты месячык — малады Касцюшка.

Стаялі, свяцілі зорачкі чатыры

Над нашым сялцом, ўсё над Слаўнавым:

Первая зорка — маладая Марутка,

Другая зорка — маладая Ляксутка,

Трэцяя зорка — маладая Вуллянка,

Чацвёртая зорка — маладая Настулька.

Марутка-зорка — Іванькава жонка.

Іванька едзіць ды Марутку вязець

У малінавым вазочку, ў пярловым вяночку.

Вяночак ззяіць, Марутка плачыць.

Ляксутка-зорка — Стахванькава жонка.

Стахванька едзіць ды Ляксутку вязець

У малінавым вазочку, ў пярловым вяночку.

Вяночак ззяіць, Ляксутка плачыць.

Вуллянка-зорка — Максімкава жонка.

Максімка едзіць ды Вуллянку вязець

У малінавым вазочку, ў пярловым вяночку.

Вяночак ззяіць, Вуллянка плачыць.

Настулька-зорка — Касцюшку жонка.

Касцюшка едзіць ды Настульку вязець

У малінавым вазочку, ў пярловым вяночку.

Вяночак трасецца, Настулька смяецца.

 

259. ІРЛІ, ф. 40, спр. 2, л. 63, № 60. Зап. М. Ю. Зубаў у 1906 г. у в. Мікулічы Клімавіцкага п. ад Матроны. «Вясну гукаюць”.

 

Ля калодзезя, ля сцюдзёнага,

Лёлі-лёлёшкі, ў полі дым-дымненька! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Чатыры панічы конікаў паілі,

Чатыры паненкі ваду бралі.

Первы панічок — малады Міхайла,

Другі панічок — малады Уладзімір,

Трэці панічок — малады Канстанцін,

Чацвёрты панічок — малады Мікалай.

Першая паненка — маладая Танечка,

Другая паненка — маладая Машачка,

Трэцяя паненка — маладая Дунечка,

Чацвёртая паненка — маладая Наташачка.

 

260. ІРЛІ, ф. 40, спр. 2, л. 53, № 45. Зап. М. Ю. Зубаў у 1906 г. у в. Мікулічы Клімавіцкага п. ад Акуліны. “Вясну гукаюць (у Вялікім посце)».

 

Не лятай ты, павухна, рана на зары,

Ой, лёлюшкі-люлюшкі, рана на зары. [Прыпеў “Ой, лёлюшкі-лёлюшкі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Не ездзі ты, бацюшка, часта й а ў піры,

Не прапі ты, бацюшка, мяне, малады.

Прапі, прапі, бацюшка, варанога каня,

Й а варанога коніка за год выкупіць,

Мяне, маладзенькую, ў век не выручыць.

За варанога коніка ды трыста рублей,

За мяне, маладзенькую, й шчоту няма.

 

261. ІРЛІ, ф. 40, спр. 2, л. 50—51, № 43. Зап. М. Ю. Зубаў у 1906 г. у в. Мікулічы Клімавіцкага п. ад Хрысціны. “Вясну гукаюць (у Вялікі пост)».

 

Ай, лесам, лесам ды сабакі брэшуць,

Ай, люлі-люлі, ды сабакі брэшуць. [Прыпеў “Ай, люлі-люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Сабакі брэшуць, купчыкі едуць,

Купчыкі едуць да румяна вязуць,

Румяна вязуць мікулінскім дзевачкам.

Нашто ім румяна, яны й так красненькі.

Ай, лесам, лесам ды сабакі брэшуць,

Сабакі брэшуць, купчыкі едуць,

Купчыкі едуць ды бяліла вязуць,

Бяліла вязуць мікулінскім дзевачкам.

Нашто ім бяліла, яны й так беленькі.

Ай, лесам, лесам ды сабакі брэшуць,

Сабакі брэшуць, купчыкі едуць,

Купчыкі едуць, чарніла вязуць,

Чарніла вязуць мікулінскім мальчыкам.

Нашто ж ім чарніла, яны й так чорненькі.

Ай, лесам, лесам ды сабакі брэшуць,

Сабакі брэшуць, купчыкі едуць,

Купчыкі едуць ды красіла вязуць,

Красіла вязуць мікулінскім мальчыкам.

Нашто ж ім красіла, яны й так красненькі.

 

262. АІМЭФ, ф. 20, воп. 74, ст. 36, № 4. Зап. Н. М. Маркава ў 1974 г. у в. Бярэжцы Жыткавіцкага р. ад В. К. Семянюк, 77 г. «Гульня на Вялікдзень”.

 

Пастаўлю й свечу проціў месяца,

Ціха йдзе.

Да вада па каменю, да вада па беламу

Ціха йдзе.

 

Да не будзе свёкарка, як мой бацюхна,

Ціха йдзе.

Да вада па каменю, да вада па беламу

Ціха йдзе.

 

Да не будзе свёкраўка, як мая маманька,

Ціха йдзе.

Да вада па каменю, да вада па беламу

Ціха йдзе.

 

Да не будзе залвіца, як мая сястрыца,

Ціха йдзе.

Да вада па каменю, да вада па беламу

Ціха йдзе.

 

Да не будзе дзеверка, як мой браціхна,

Ціха йдзе.

Да вада па каменю, да вада па беламу

Ціха йдзе.

 

263. Радченко, 1888, с. 50, № 30. Зап. З. Радчанка ў 1874 г. у в. Бярэжцы Гомельскага п.

 

Што няма красы, замуж выйшаўшы,

Ой, люлі-люлі, замуж выйшаўшы.

Толькі е краса, як у дзевачак,

Ой, люлі-люлі, у малодзенькіх.

Я прыйду к татку і ў гадок разок,

Ой, люлі-люлі, на вялікі дзень,

На вялікі дзень, на Вялікадне,

Ой, люлі-люлі, на Вялікадне.

Прынясу к татку да тры радасці,

Ой, люлі-люлі, тры вясёлыя:

Первая радасць — мой свёкар ліхі,

Ой, люлі-люлі, мой свёкар ліхі.

Другая радасць — мой муж-п'яніца,

Ой, люлі-люлі, мой муж п'яніца.

Трэцяя радасць — свякруха ліхая,

Ой, люлі-люлі, свякруха ліхая.

 

264. Гарэцкі, Ягораў, с. 70—71, № 160. Тэкст зап. М. Гарэцкі, мелодыю — А. Ягораў у 1926 г. у в. Багацькаўка Мсціслаўскага р. Аршанскай акр. ад Просі Гарэцкай, 66 г. «Вясну гукаюць».

 

Як па мору, мору сіняму,

Лялеіць і мора, лялеіць, [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А плывець, плывець да вуцей стада,

А паперадзе ды малая чырка.

Адкуль узяўся сізы селязенька.

А узяў вутачку за правае крыльцо,

За правае крыльцо, за сізаё пярцо.

Па ёй вутачкі ўсе закракалі.

— Не кракайце, вутачкі, не кракайце, серыя,

Калі бог судзіць, і вам гэта будзець.

 

Як і ў вуліцы, а ў ваколіцы,

Чырвоная рожа ў гародзе, [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

А ішло, прайшло да дзявок танок,

А паперадзе малая Марута.

Адкуль узяўся малады Грышута.

А узяў Мар'ечку за правую ручку,

За правую ручку, за мезіны пальчык,

За мезіны пальчык, за залаты персцень.

Па ёй дзевачкі ўсе заплакалі.

— Не плачце вы, дзеўкі, не плачце вы, красны,

Калі бог судзіць, усім гэта будзець.

 

265. Шырма, 1, с. 148, № 89. Зап. Р. Р. Шырма ў 1929 г. на хутары Мель Смаргонскага р. ад К. Чартовіча.

 

Там рачулачка бяжала,

Люлі-люлі!

Там дашчулачка ляжала,

Люлі-люлі!

 

Да ніхто там не хадзіў,

Люлі-люлі!

I нікога не вадзіў,

Люлі-люлі!

 

Толькі хлопец перайшоў,

Люлі-люлі!

I дзяўчыну перавёў,

Люлі-люлі!

 

А ў дзяўчыны слёзы льюцца,

Люлі-люлі!

А ён яе усцішае,

Люлі-люлі!

 

А ён яе усцішае,

Люлі-люлі!

Хусткай вочкі выцірае,

Люлі-люлі!

 

— Ціха, не плач, мая міла,

Люлі-люлі!

Як я з службы адслужуся,

Люлі-люлі!

 

Як я з службы адслужуся,

Люлі-люлі!

Дык з табою ажанюся,

Люлі-люлі!

 

266. Гілевіч, 1974, с. 129—130. Зап. Н. Брыль у Карэліцкім р. ад Уліты Брылевіч, 71 г.

 

Царэўна-каралеўна

Па-за гародам хадзіла,

Вароты адпірала,

Жаніхоў выбірала.

Адчыніцеся, вароты,

Адчыніцеся, шырокі.

Выйдзі, выйдзі ў карагод,

Стань тут — падапрыся,

Каго любіш — пакланіся,

Харошанька прытанцуй,

Каго любіш — пацалуй.

 

267. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 92, сш. 2, л. 5, № 3. Зап. Г. А. Барташэвіч у 1974 г. у в. Абчуга Крупскага р. ад X. М. Мясаедавай. Спявачка тлумачыць: «Выстрайваюцца два рады, адзін супраць другога: рад дзевак і рад мальцаў. Царэўна стаіць з дзеўкамі. Пры апошніх словах крайнюю забіраюць. Кожны хлопец выбірае сабе дзяўчыну. Гуляюць, пакуль усіх дзевак перабяруць”.

 

— Царэўна, добры вечар.

— Баяры, на здароўе.

— Царэўна, пусці ў горад.

— Баяры, чаго ў горад?

— Царэўна, дзевак сватаць.

— Баяры, дзеўкі малы.

— Царэўна, перарослі.

— Баяры, рушнічкоў не ткалі.

— Царэўна, ўжо ў трубачках.

— Баяры, каторую?

— Сярэдняя не ўмывалася,

Крайняя падабалася.

268. Чуркін, 1949, с. 166, № 147. Зап. у 1923 г. у г. Мсціслаўлі ад наст. А. Лукашэнка. «Карагодная песня”.

 

Пасеялі дзеўкі лён, [Першы радок кожнай страфы паўтараецца.]

Дзеўкі лён, дзеўкі лён,

Пасеялі дзеўкі лён.

 

Пасеяўшы, палолі,

Палолі, палолі,

Пасеяўшы, палолі.

 

Белы ручкі калолі,

Калолі, калолі,

Белы ручкі калолі.

 

Унадзіўся сівы конь,

Сівы конь, сівы конь,

Унадзіўся сівы конь.

 

Пацёр, памяў дзеўкін лён,

Дзеўкін лён, дзеўкін лён,

Пацёр, памяў дзеўкін лён.

 

269. ІРЛІ, ф. 40, спр. 2, л. 11, № 11. Зап. М. Ю. Зубаў у 1906 г. у в. Мікулічы Клімавіцкага п. Магілёўскай губ. ад Акуліны. «Веснавая».

 

— Мядуніца, мядуніца лугавая,

Ай, лугавая,

Чом не пахнеш, чом не пахнеш на ўсём лугу,

Ой, на лужочку?

— Як мне пахнуць, як мне пахнуць на ўсём лугу,

Ой, на лужочку?

Стары бабы, стары бабы прысядзелі,

Прысядзелі,

Маладухі, маладухі прыстаялі,

Прыстаялі,

Красны дзеўкі, красны дзеўкі прыскакалі,

Прыскакалі.

 

270. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 14, сш. 6, л. 5—6, № 4. Зап. студ. БДУ Г. I. Серадзіна ў 1967 г. у в. Аўсямірава Столінскага р. ад Г. С. Пупёнак. «Веснавая”.

 

— Аўсяміраўскае сяло, ой, чаму не весяло?

Ой, гаю, гаю, чаму не весяло?

 

— Ой, як жа мне вясёламу быць?

Ой, гаю, гаю, вясёламу быць?

 

Што былі пташачкі, усе ў вырай паляцелі,

Ой, гаю, гаю, у вырай паляцелі.

 

А адна пташачка ды й прызустала,

Ой, гаю, гаю, ды й прызустала.

 

Да й тую хочуць арлове ўзяць,

Ой, гаю, гаю, арлове ўзяць.

 

Арлове ўзяць, сакалам аддаць,

Ой, гаю, гаю, сакалам аддаць.

 

Арлам на рукі, сакалам навекі,

Ой, гаю, гаю, сакалам навекі.

 

Ой, адна дзяўчына ды й прызустала,

Ой, гаю, гаю, ды й прызустала.

 

Да й тую хочуць сватове ўзяць,

Ой, гаю, гаю, сватове ўзяць.

 

Сватове ўзяць, жаніхам аддаць,

Ой, гаю, гаю, жаніхам аддаць.

 

Сватам на рукі, жаніхам навекі,

Ой, гаю, гаю, жаніхам навекі.

 

271. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 72, сш. 2, л. 48, № 47. Зап. Л. М. Салавей і Н. М. Маркава ў 1973 г. у в. Кіпячы Быхаўскага р. ад А. Маскалёвай, 1896 г. н. «Ранняя вясна, карагод”.

 

Возера, возера,

Шырокае возера. [Другі радок кожнай страфы паўтараецца.]

 

Плавалі, плавалі

Шэры гусі стадамі.

 

Наляцеў, наляцеў

Шызы арол над вадой.

 

Выхваціў, выхваціў

Гусачку за крылушка.

 

Ўдарылі, ўдарылі

Шэры гусі ў крылушкі:

 

— Хто ж у нас, хто ж у нас

Папярод вадзіць будзе,

 

Хто ж у нас, хто ж у нас

Крычаць-пачынаць будзе?

 

Вуліца, вуліца,

Шырокая вуліца.

 

Хадзілі, гулялі

Дзеўкі карагодамі.

 

Наехаў, наехаў

Панічак на коніку.

 

Выхваціў, выхваціў

Дзевачку за ручачку.

 

Ўдарылі, ўдарылі

Дзевачкі ў ладонечкі:

 

— Хто ж у нас, хто ж у нас

Папярод хадзіць будзе,

 

Хто ж у нас, хто ж у нас

Песні пачынаць будзе?

 

272. АІМЭФ, ф. 13, воп. 9, спр. 16, л. 19. Даслала ў 1960 г. Т. А. Андрушкевіч з в. Беліца Жлобінскага р. “Карагодная веснавая”. «Гэту песню я навучылася ад сваёй маці ў 1908 г

 

Што й па вуліцы ды й па шырокай,

Па мураўцы ды й па зялёнай,

Ой, там дзевачкі карагод водзяць,

Маладзенькія карагод водзяць,

Свет Раманаўна папярод ходзіць,

Маладзенькая папярод ходзіць.

Ой, адкуль узяўся свет Васільевіч,

Адкуль узяўся маладзенечкі.

Ён усім дзевачкам нізка кланяўся,

Усім маладзенькім нізка кланяўся,

Ой, Раманаўну ды й за ручку ўзяў,

Маладзенькую ды й за ручку ўзяў.

Ён павёў яе к роднай матухне,

Павёў яе к родну батухне,

Каб пазволілі павянчацца з ёй,

Назваць яе маладой жаной.

 

273. Шырма, 1, с. 65, № 31. Зап. у 1935 г. у в. Вялікія Грынкі Ваўкавыскага п. ад дзяўчат.

 

Зялён гай падмяцён

Зялёнаю мяткаю,

Дробненькаю руткаю

Высыплён.

 

Хто ж яго падмятаў?

Падмятала дзеванька,

Падмятала малада

Сама адна.

 

Хто ж да яе прыхадзіў?

Прыхадзіў малойчычак,

Прыхадзіў маладзенькі

Сам ён адзін.

 

Што ж ён прынасіў?

Прынасіў чаравічкі,

Прынасіў невялічкі

Сам ён адзін.

 

Як жа ён ёй дараваў?

Ой, знімаў ён шапачку

Ды да ножак кланяўся –

Так дараваў.

 

274. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 34, сш. 5, л. 43, № 57. Зап. А. Я. Васілеўская ў 1950 г. у в. Чамярысы Брагінскага р. ад Е. З. Пяхоты, 77 г. «Веснавы дзявочы карагод”, «у любін гуляюць”. Мелодыю зап. Г. I. Цітовіч у в. Зарэчча Брагінскага р.

 

Як пайду я да да любіна

Да палюблю я сабе дзевачку.

Э-ей! Маладзец! Ціхі перабор, сем баёр! [Прыпеў “Э-ей! Маладзец! Ціхі перабор, сем баёр!” паўтараецца пасля кожнай страфы.]

 

Вот гэта будзе мая дзевачка,

Вот гэта будзе да мой цесцюхна,

 

А гэта будзе мая цешчухна,

А гэта будзе да мой шур'янка,

 

А гэта будзе мая свацюхна,

А гэта будзе мая дудачка.

 

Вот ты, дзеўка, да хадзем да мяне,

А ты, цесцюхна, па гарэлку ідзі,

 

А ты, цешчухна, да пячы бліны,

А ты, шур'янка, коніка сядлай.

 

275. Гілевіч, 1974, с. 130—131. Зап. X. В. Бандаровіч у в. Ячнае Стаўбцоўскага р. ад Ніны Сошка, 1912 г. н.

 

Ды на гары мак, мак

Салавейка топча,

Ой, люлі, палюлі,

Салавейка топча. [Прыпеў “Ой, люлі, палюлі” паўтараецца з другім радком кожнай страфы.]

 

Салавейка топча,

Паляцеці хоча.

 

Паляцеў салавей

На сіняе мора

 

Да сеў і слухае,

Як паненкі плачуць,

 

За старога ідучы,

Белу ложку сцелючы:

 

— Бадай гэта ложа

У агні згарэла!

 

Як мне із старэнькім

Ночачка дадзела.

 

Распасцёр ён бараду

Па маёй падушцы,

 

Па маёй падушцы,

Ды не к маей душцы.

 

276. Радченко, 1888, с. 15—16, № 42. Зап. З. Радчанка ў в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага п. «Вяснянка».

 

Як ад кута да парога

Да ўсё жаніхі.

— Скажы, Насця, скажы, дзеўка,

А дзе ж твой?

— Сядзіць на ўслонцы да ліча чырвонцы —

От то ён.

Як ад кута да парога

Да ўсё жаніхі.

— Скажы, Праня, скажы, дзеўка,

А дзе ж твой?

— Ой, сядзіць на куце, як рожа, цвіце —

От то ён.

Як ад кута да парога

Да ўсё жаніхі.

— Скажы, Пракседа, скажы, дзеўка,

А дзе ж твой?

— Ой, сядзіць на куце да лапці пляце —

От то ён.

Як ад кута да парога

Да ўсё жаніхі.

— Скажы, Васіліна, скажы, дзеўка,

А дзе твой?

— Ой, лезе з-пад лаўкі, вочы-булаўкі —

От то ён.

Як ад кута да парога

Да ўсё жаніхі.

— Скажы, Домна, скажы, дзеўка,

А дзе ж твой?

— Ой, лезе із грушы, ў гразі па вушы —

От то ён.

 

277. Радченко, 1888, с. 36—37, № 5. Зап. З. Радчанка ў в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага п.

 

Як вазьму я казла да за рожачкі,

Да павяду казла за вароцечкі,

Да прывяжу казла к дубоваму тыну,

Да накажу казлу— сукінаму сыну:

— Скажы, скажы, козлю, як дзеўкі скачуць?

— Ой так, так дзеўкі скачуць,

От так, памалесеньку,

От так, так, паціхесеньку.

 

Да вазьму я казла да за рожачкі,

Да павяду казла за вароцечкі,

Да прывяжу казла к дубоваму тыну,

Да накажу казлу — сукінаму сыну:

— Скажы, скажы, козлю, як бабы скачуць?

— От так, так бабы скачуць,

От так, памалесеньку,

От так, так, паціхесеньку.

 

Як вазьму казла біці, ругаці,

Да стану я у казла праўды пытаці:

— Скажы, скажы, козлю, як хлопцы скачуць?

— От, так, так хлопцы скачуць,

От так, памалесеньку,

От так, так, паціхесеньку.

 

Да вазьму я казла біці, ругаці,

Да стану я у казла пытаці:

— Скажы, скажы, козлю, як дзяды скачуць?

— От так, памалесеньку,

От так, так, паціхесеньку.

 

278. АІМЭФ, ф. 8, воп. 78, спр. 144, сш. 1, л. 39, № 20. Зап. Л. П. Барабанава ў 1978 г. у в. Барсукі Кармянскага р. ад А. С. Кавалёвай, 1914 г. н., і Ю. С. Анішчанка, 1917 г. н.

 

Пойдзем, дзевачкі, на вулку,

На вулку, дзевачкі, на вулку.

Запяём песенку навую,

Навую, дзевачкі ж, навую.

Перву песенку на расход,

На расход, дзевачкі, на расход.

Другу песенку ж на субор,

На субор, дзевачкі, на субор.

Сабяром субор ў рашато,

Да ў рашато, дзевачкі, ў рашато.

Паставім рашато ж на вербу,

На вербу, дзевачкі, на вербу.

Адкуль узяўся ж верабей,

Верабей, дзевачкі, верабей.

Скінуў рашато дадолу,

Дадолу, дзевачкі, дадолу.

Пойдзем, дзевачкі ж, дадому,

Дадому, дзевачкі, дадому.

А ты, Ганулька, астанься ж,

Астанься, дзевачкі, астанься,

Прыйдзе Іванька, звянчайся,

Звянчайся, дзевачкі, звянчайся.

 

279. Горбачевский // Витеб. губерн. ведомости, 1896, № 89. Зап. у Лепельскім п.

 

Дуброва мая зялёная,

Я ж па табе пахадзіла,

Я ж у табе заблудзіла.

Клікаў татка — не пачула,

Па галасочку не пазнала,

Родным татанькам не назвала.

Дуброва мая зялёная,

Я ж па табе пахадзіла,

Я ж у табе заблудзіла.

Клікала мамка — я й не пачула,

Роднай мамкаю не назвала.

Дуброва мая зялёная,

Я ж па табе пахадзіла,

Я ж у табе заблудзіла.

Клікаў брацетка — я не пачула,

Па галасочку не пазнала,

Родным брацеткам не назвала.

Дуброва мая залёная,

Я ж па табе пахадзіла,

Я ж у табе заблудзіла.

Клікаў мілы — я й пачула,

Па галасочку яго пазнала,

Мілым дружком яго назвала.

 

280. АІМЭФ, ф. 20, воп. 78, сш. 50, № 55. Зап. А. С. Ліс у 1978 г. у в. Бакшты Іўеўскага р. ад А. Авіжыч. “Веснавая».

 

— Лясы мае, лясы,

Зялёныя мае,

 

А хто вас зеляніў,

А хто вас весяліў?

 

— Зеляніў нас дробны дожджык,

Весяліў нас салавей.

 

Дробны дожджык крапляючы,

Салавейка спяваючы.

 

281. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 72, сш. 6, л. 26. Зап. Н. Маркава ў 1973 г. у в. Усце Клічаўскага р. ад А. Харлап.

 

Ой, дуб дуброве даўно кажа: [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

— Не спадзявайся, дубровачка,

З мяне лісту шырокага

I карэннейка глыбокага.

Дзяцінка кажа свайму татку:

— Не спадзявайся, мой татачка,

З чужога сяла нявехначку.

Ёсць каля боку суседачка,

Яна будзе твая нявехначка,

Яна ж будзе табе пасцель слаці,

Яна будзе цябе таткам зваці,

Пасцельку бялюсеньку,

А будзе таткам зваць ціхусенька.

 

282. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 84, сш. 3, л. 32. Зап. Л. Салавей у в. Жорнаўка Бярэзінскага р. ад З. Мурашка. У пост.

 

А нуце, нуце, каровачкі,

Каровачкі,

Пара вам будзе дамовачкі,

Дамовачкі.

А напіліся, наеліся,

Наеліся,

А наеліся муражочку,

Муражочку,

А напаіліся у лужочку,

У лужочку.

Ідуць дамоўкі мукаючы,

Мукаючы,

Гаспадынечак гукаючы,

Гукаючы.

А гаспадынькі-паненачкі,

Паненачкі,

А бярыце ж вы даёначкі,

Даёначкі,

Ідзіце даіць каровачак.

 

283. Шейн. Материалы, с. 131. Зап. у Гомельскім п.

 

Веснавы вецер павявае,

У каморы дзверы адчыняе,

Свёкар нявехну прабуджае:

— Устань, нявехна маладая!

Ужо каровы у дуброве,

Вараное стада ў чыстым полі,

А палеечкі ў гародзе.

Ідуць каровы рыкаючы,

Вараное стада брыкаючы,

А палеечкі спяваючы,

А ты, маладая, спіш

У каморы рыгаючы.

 

284. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 43, л. 46. Зап. К. Кузняцова і М. Малочка ў 1959 г. у в. Некрашы Багушэўскага р. ад В. Задоры, 1914 г. н., і А. Корзун, 1917 г. н.

 

Ты дуброва, ты дуброва,

Ты зялёная была. Ой-ой!

Ты зялёная была.

Па табе ж я хадзіла,

Заблудзіла была. Ой-ой!

Заблудзіла была.

Я думала, ты дуброва,

Што лясок невысок. Ой-ой!

Што лясок невысок.

Не даходзіць, не даносіць

Да татулькі галасок. Ой-ой!

Да татулькі галасок.

 

285. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 83, сш. 1, л. 30. Зап. А. Ліс у 1974 г. у в. Яцкава Валожынскага р. ад М. Пашкоўскай.

 

Лятала пава па сенажаці,

То ж была пава харашуха,

Збірала пава траякае зелле,

То ж была пава харашуха,

Звіла пава да тры гняздзечкі,

То ж была пава харашуха,

Знесла пава да й тры яечкі,

То ж была пава харашуха,

Выседзела пава да й тры сакалочкі,

То ж была пава харашуха.

Першы сакалочак — малады Іванка,

То ж была пава харашуха.

Другі сакалочак — малады Васілька,

То ж была пава харашуха.

Трэці сакалочак — малады Сымонка,

То ж была пава харашуха.

Жаніўся Іванка з маладой Гэлечкай,

То ж была пава харашуха.

Жаніўся Васілька з Янечкай,

То ж была пава харашуха.

Жаніўся Сымонка з Волечкай,

То ж была пава харашуха.

 

286. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 57, сш. 2, л. 9. Зап. А. Ліс у 1972 г. у в. Забор'е Шаркоўшчынскага р. ад Чаславы Трубіла.

 

У майго татулькі

Сад над ракою,

Сад над ракою,

Двор на даліне.

Пусці, татулька,

У сад пагуляці,

Не буду тваіх

Вішань шчыпаці,

Толькі вышчыпну

Вінаградзінку,

Занясу матульцы

На парадзінку.

— Парай, матулька,

Што мне рабіць:

Ці замуж ісці,

Ці дома быць?

Замуж зайшоўшы —

Вялікае гора,

Дзеўкай старэці —

Людская размова.

 

287. ЦНБ АН ЛітССР, ф. 21, воп. 1, спр. 981, л. 58. Зап. А. Салагуб у 1923 г. у в. Зарудзічы Ашмянскага п.

 

Цераз шчырыя бары шэры гусі ляцелі,

Шэры гусі ляцелі, летучы гаварылі:

— Няма лепшай ягадкі,

Як у бары брушнічанька,

Няма лепшай вадзіцы,

Як у новай крыніцы,

Няма лепшай гасціцы,

Як дачушка ў мамачкі.

У раскошы вырасла,

За Дунай замуж пайшла,

За Дунай замуж пайшла,

Ні у чым волі не мела.

Толькі адну волечку —

Сцюдзёну вадзіцу

З крыніцы насіці.

 

288. Киркор А. Заметки о западной части Гродненской губернии // Этнограф. сб. СПб., 1858, вып. 3, с. 93.

 

Бяжыць рэчка ад мельнічка, ой, рана! [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

А другая ад Дуная, ой, рана!

На той рэчцы човен плыве, ой, рана!

Бел маладзец красны Стасенька, ой, рана!

Стружа стрэлкі з калінанькі, ой, рана!

Што прасцейшы, ў човен кладзе, ой, рана!

Што крывейшы, на Дунай мяце, ой, рана!

Плыньце, стрэлкі, да мае дзеўкі, ой, рана!

Мая дзеўка крывічанка, ой, рана!

Мая дзеўка Касюленька, ой, рана!

Няхай прадзе на падаркі, ой, рана!

Няхай прадзе ценюсенька, ой, рана!

Няхай беліць белюсенька, ой, рана!

 

289. Цітовіч. Анталогія, с. 58. Зап. Г. Цітовіч у 1932 г. у в. Рэчкі Шаркоўшчынскага р. ад Прузыны Цітовіч, 90 г. Вяснянка.

 

Ды што ў садзе лялеіцца,

Ці не бель там бялеіцца?

 

Ой, не бель то бялеіцца,

Не макоўка чырванеіцца.

 

Дачка ў мамкі красуецца,

Па зялёным садзе ходзючы.

 

Па зялёным садзе ходзючы,

Чысту росу збіраючы.

 

Той расою умывалася,

Каб мілому падабалася.

 

Ой, не бель то бялеіцца,

Не макоўка чырванеіцца.

 

290. Гілевіч, 1974, с. 72. Зап. у Вілейскім р.

 

Рад салавейка: даждаў вясны, рана.

Прыляцела зязюленька, рана,

Добра будзе палятаці, рана.

Яна сама маленькая, рана,

Яе пер'е шарэнькае, рана.

Добра будзе палятаці, рана,

I зязюльцы кукаваці, рана.

Рад Міколка: даждаў цешчы, рана,

Не так цешчы, як Манечкі, рана.

Добра будзе мілаваці, рана.

Яна сама міленькая, рана,

Яе лічка бяленькае, рана.

Добра будзе мілаваці, рана.

 

291. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 82, сш. 1, л. 18. Зап. Г. А. Барташэвіч у 1963 г. у в. Лебедзева Маладзечанскага р. ад Л. С. Сарока, 72 г. «Вясною».

 

Борка, борка, пры борку

Рабіў малойчык каморку

I з нізенькімі акнамі,

I з маленькімі вугламі.

Ішла дзевачка тудою.

— Божа да помач, малойчык,

Божа да помач, малойчык,

Каморку рабіць з акнамі,

Каморку рабіць з акнамі,

Каб салаўі прыляталі,

Каб салаўі прыляталі,

Нас, маладых, пабуджалі.

Нас матулечка не пабудзе,

Выйдзе на вулку – абсудзе:

«Ляніва нявестка, ляніва,

Кудзелечку прала – драмала,

Кудзелечку прала – драмала,

Красёнцы ткала — заснула,

Красёнцы ткала — заснула,

Прыехаў міленькі – не чула».

 

292. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 92а, л. 132. Зап. М. П. Гваздзёў у 1961 г. у в. Тонеж Лельчыцкага р. ад Г. Кондзік, 35 г. “Спяваюць дзяўчаты, жанчыны старэйшага і сярэдняга ўзросту”.

 

— Ой ты, зязюлька баравая,

Ой, не куй рана на дуброве,

Ой, не будзі мяне, младую,

У мяне, маладое, не свой бацька,

Не свой бацька, чужа маці,

Кладуць мяне позна спаці.

Ой, кладуць мяне пазнесенька,

А будзяць ранесенька:

— Уставай, нявехна, чужо дзіця,

Бо ужо таварац паўганялі,

Ужо таварац паўганялі,

А касарыкі на дуброве,

А ратаікі ў чыстым полі,

А мая нявехна спіць у каморы.

— Шчэ й таварац не ўганялі,

Ратаікі не аралі,

А касарыкі не касілі,

А маю свякруху чэрці насілі.

 

293. Бычко-Машко, с. 46. № 40. Зап. I. Е. Бычко-Машко ў пачатку XX ст. у пас. Калюга-Камарна Кобрынскага п. «Высэння пісня”.

 

Чэраз тое сельца

Вязёна дзярэўца. [Другі радок кожнай страфы паўтараецца.]

 

Я з таго дзярэўца

Свяцёлку збудую,

 

Свяцёлку збудую,

Наўкола ўмалюю.

 

Ой, вымалювала

Тры месяцы ясных,

 

Тры месяцы ясных,

Тры малойцы красных.

 

Ой, вымалювала

Тры зоранькі ясных,

 

Тры зоранькі ясных,

Тры дзеванькі красных.

 

294. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 75, сш. 2, л. 36. Зап. П. П. Альхімовіч у 1973 г. у в. Іскань Быхаўскага р. ад А. М. Глусцовай, 1900 г. н., і Р. Ц. Глусцова, 1899 г. н. «Вясна».

 

Шлі пажары па дуброве,

Ой, па дуброве.

Салаўёва гняздзечка,

Ой, абсмаляла.

Як паляцеў салавейка,

Ой, да сінічкі.

— Ой, сінічка-сястрычка,

Ой, падай раду.

— Ці я табе не казала,

Ой, мой браточак.

Ды не ві ж ты гняздзечка,

Ой, пры дарозе,

А саві ж ты гняздзечка,

Ой, ў цёмным лузе,

Дзе канюшкі-пастушкі,

Ой, не ганяюць,

Салаўёва гняздзечка,

Ой, не шукаюць.

 

295. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 87, сш. 41, л. 2 адв, 7. Зап. студ. Магілёўскага пед. ін-та В. Маслава ў 1973 г. у в. Бабічы Чачэрскага р. ад Е. Н. Турмасавай, 1911 г. н. «Вясенняя».

 

Не стой, вербачка, над вадою,

Над вадою,

Горка вадзіца пад табою,

Пад табою.

Штодзень вадзіца прыбывае,

Прыбывае,

Тваё карэнне размывае,

Размывае.

Свёкар нявехну разбуджае,

Разбуджае:

— Уставай, нявехна маладая,

Маладая.

Ужо каровы ў дуброве,

Ў дуброве,

А ўжо авечкі каля грэчкі,

Каля грэчкі,

А серы гусі на сінім моры,

Сінім моры.

А малада нявехна спіць у каморы,

У каморы.

 

296. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 115, сш. 2, № 3. Зап. К. П. Кабашнікаў у 1976 г. у в. Пазнякова Полацкага р. ад Е. А. Вальковай, 1900 г. н., Т. I. Барсуковай, 1908 г. н. «Вясенняя, Вялікім пастом».

 

Як я, млада, маладзенька, [Кожны радок паўтараецца.]

Ў поле гусей праганяла,

Праганяла й гаварыла:

— Эй вы, шэрыя гусі,

Прывыкайце к вадзіцы,

Да к сцюдзёнай расіцы,

Да к зялёнай травіцы.

Як я й, млада, маладзенька,

Я і к свёкру прывыкала,

Я і к свёкру, к свякроўцы,

Я і к дзеверу, к залоўкам.

 

297. Шырма, 3, с. 34, № 20. Зап. Р. Р. Шырма ў 1937 г. у в. Замошша Пастаўскага п. ад У. Шаблыкі.

 

Вылятала галачка, вылятала,

Выбівала аконца, выбівала,

Каб матулька дачушку пабуджала:

— Устань, дачушка, бела ўмыйся,

Вазьмі грабянёчак учашыся,

Ідзі ў камору прыбярыся.

А выйдзі на вулачку агляніся!

Правадзіла мамка дачку, правадзіла

Праз высокія горы — з капачамі,

А праз цёмныя бары — з агнямі,

Праз вялікія сёлы — з скрыпкамі.

Дзе матуля із дачушкай сядзела,

Там вырасла мята-рута, лілея,

Дзе матуля із дачушкай стаяла,

Там вырасла яблынька чудавая,

Дзе матуля із дачушкай рассталася,

Слязлівая рэчка разлілася.

 

298. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 79, сш. 8, л. 29. Зап. Л. I. Павецьева ў 1963 г. у в. Завер'е Браслаўскага р. ад А. С. Катары, 67 г. «Вясна».

 

Ясна сонца за лес коціцца,

Ка мне ў хатку не заходзіцца.

Уся дружыначка расходзіцца,

Мая мамка дамоў строіцца.

А я, млода, прапускаць пайду

Трыма гарамі гарыстымі,

Трыма сцежкамі камяністымі,

Трыма рэчкамі быстрымі,

Трыма кладачкамі гібкімі.

Зайшла мамка да на кладачкі,

Сярод кладачкі спатыкнулася,

Назад мамка аглянулася.

— Чаго, дзіцяці, засталася,

Ці ў травіцу заплуталася,

Ці ў расіцу замачылася?

— Не ў травіцу я заплуталася,

Не ў расіцу замачылася.

Заплутала чужа старана,

Замачылі дробны слёзачкі.

 

299. Gawrońska, с. 38—39, № 20. Зап. Бр. Руткоўскі ў в. Камаі Свянцянскага п. Віленскай губ. «Песня веснавая, спявалі на Юр'я».

 

Не гарох я сею,

Не гарох я сею

Да па шчырым бару,

 

Да па шчырым бару,

Да па шчырым бару,

Да па жоўтым пяску.

 

Паехаў каролька,

Паехаў каролька

З Юрычком на вайну,

 

З Юрычком на вайну,

З Юрычком на вайну,

На чужую зямлю.

 

А за ім матулька,

А за ім родная

Так жалосна плачыць:

 

— Доля ж мая, доля,

Доля нешчасліва,

Доля нешчасліва.

 

— Ты не плач, матулька,

Ты не плач, родная,—

Я табе прывязу,

 

Я табе прывязу

Я табе служачку,

А сабе жоначку.

 

300. Можейко, 1983, с. 80. Зап. у 1968 г. у с. Краснае Возера Салігорскага р. ад Л. Лагун, А. Берніковіч і А. Мацюкевіч.

 

Ой, у нядзельку й парану

Убіраецца кроль на войну,

Кроль на войну.

— Ой, кролю, кролю, не йдзі на войну,

Не йдзі на войну,

Бо твая міла дочку родзіць,

Дочку родзіць.

— Ой, калі дочку, то не вярнуся,

Не вярнуся...

Дачка ўзрасце, замуж пойдзе,

Замуж пойдзе —

Мая й магіла забыта будзе.

Ой, у нядзельку параненьку

Убіраецца кроль на войну,

Кроль на войну.

— Ой, кролю, кролю, не йдзі на войну,

Не йдзі на войну,

Бо твая міла сына родзіць,

Сына родзіць.

— Ой, калі сына, то вярнуся,

То вярнуся...

Ой, сын вырасце, ў войска пойдзе,

У войска пойдзе —

Мая магіла чытана будзе.

 

301. Шырма, 3, с. 106, № 60. Зап. Р. Р. Шырма ў 1929 г. на хутары Мель Вілейскага п. ад дзяўчат.

 

Ой, тонка, тонка сасонка,

А затым тонка, што ў бары,

 

А затым тонка, што ў бары.

Служыў Юрачка каралю,

 

Служыў службу тры гады,

Выслужыў сабе коніка,

 

А пры коніку сядзельца,

А пры сядзельцы востры меч,

 

Пры вострым мячы — тры свячы.

Ехаў да цёшчы з поўначы,

 

Ехаў да цёшчы з поўначы,

Найшоў паненку не спячы,

 

Найшоў паненку не спячы,

На новым ганку седзячы,

 

На новым ганку седзячы,

З шоўку кашульку шыючы.

 

302. Шырма. Беларускія народныя песні, загадкі, прыказкі. Мн., 1947, с. 16. Зап. у 1937 г. у в. Замошша Пастаўскага п. ад У. Шаблыкі.

 

Пры лужку бела бярозка зашумела,

Пра людску нядолечку песні пела.

А пад вечар яна ціханька стаяла,

У захад сонца мілага госцечка ждала.

К ёй прыязджаў бел малойчык начаваці,

Яму ж была бярозка, як родная маці.

Няма мамкі ў яго роднай, ні куточка,

Толькі белая бярозка ля лужочка.

I з радасцю малойчыка прынімала,

Між карэння на лісточку пасцель слала.

Рання зорка ўжо на небе патухала,

Ўжо бярозка малойчыка будзіць стала:

— Уставай жа, мой саколік, досыць спаці,

Пара коні вараныя з лугу браці,

Бо твой татка не родненькі раскрычыцца,

Твая мамка не родная зажурыцца!

Пакланіўся бел малойчык на зямельку,

Падзякаваў бярозачцы за пасцельку:

— Я паслаўся ў бярозачкі на карэнні,

Як у роднай матулечкі на калені,

Я выспаўся ў бярозачкі на лісточку,

Як у роднай матулечкі ў прыпалочку.

 

Народны каляндар

<<  Красавіка 2022  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
      1  2  3
  4  5  6  7  8  910
11121314151617
18192021222324
252627282930